|
АГУЛЬНЫЯ ПРАБЛЕМЫ ГІСТАРЫЧНАЙ НАВУКІ Ў БЕЛАРУСІ
Гісторыя Беларусі ў раннім сярэднявеччы: стан і перспектывы нацыянальнай гістарыяграфіі
Генадзь Семянчук
(Гародня)
Да пачатку Другой святовай вайны
сфармаваліся два накірункі ў айчыннай гістарыяграфіі па праблемах сярэднявечнай
гісторыі Беларусі: нацыянальны (Вацлаў Ластоўскі, Усевалад Ігнатоўскі, Мітрафан
Доўнар-Запольскі) і марксісцка-ленінскі (Уладзімір Пічэта, Васіль Шчарбакоў,
Іосіф Лочмель і інш.). У гэты час былі закладзены метадалагічныя і
канцэптуальныя асновы абодвух накірункаў.
Першы, нацыянальны накірунак, грунтаваўся на лепшых здабытках
папярэдняй (19 – пачатак 20 ст.) расейскай, украінскай і, часткова, польскай
гістарыяграфіі. На жаль, прадстаўнікі гэтага накірунку не стварылі спецыяльных
манаграфічных даследаванняў (на гэта ёсць шэраг прычынаў), а пакінулі пераважна
навукова-папулярную і вучэбную літаратуру.
Розныя па палітычных поглядах і прафесійнай падрыхтоўцы В. Ластоўскі,
Ус.Ігнатоўскі і М.Доўнар-Запольскі аб’ядноўваюцца ў сваіх падыходах да
мінуўшчыны беларускага народа. Народ разглядаецца імі як суб’ект гістарычнага
працэсу, г.зн. як творца гісторыі.
Зыходзячы з адзначаных пазіцый,
прадстаўнікі нацыянальнага накірунку канстатавалі, што беларускі народ меў: 1)
сваю адметную ад суседзяў гісторыю; 2) культурныя, этнаграфічныя і моўныя
адрознені ад суседніх народаў, а таксама адметны псіхалагічны склад.
Прытрымліваючыся традыцый тагачаснай гістарыяграфіі, яны ў сваіх кнігах
аддавалі перавагу даследаванням падзеяў палітычнай і сацыяльнай гісторыі, якія
аналізаваліся з пазіцый суб’екта. Гэта
дазволіла выявіць шэраг важных фактараў, якія ўплывалі на фармаванне беларусаў
у сярэднявечны перыяд: 1) летапісныя плямёны на тэрыторыі Усходняй Еўропы не
ўяўлялі сабою адзінага этнаграфічнага цэлага, мелі свае спецыфічны рысы, што
адлюстравалася ў гістарычных і культурных традыцыях; 2) у раннім сярэднявеччы
на беларускіх землях паўстала і функцыянавала самастойная дзяржава – Полацкая Русь,
са сваёй знешняй і ўнутранай палітыкай; 3) самастойныя дзяржаўныя ўтварэнні на
тэрыторыі Усходняй Еўропы часова аб’ядноўваліся супраць знешніх ворагаў і дзеля
сумесных гандлёвых аперацый альбо сілай падпарадкоўваліся Кіеву; 4) у 13 ст.
Літва і рускія землі Беларусі аб’ядналіся ў адну дзяржаву на чале з
князямі-літоўцамі. У гэтай дзяржаве кожная частка мела поўную раўнапраўнасць,
што прыносіла ўзаемную карысць.
Ужо В.Ластоўскі, гісторык-самавук, выказаў шэраг важных і актуальных у
метадалагічным і канцэптуальным сэнсе думак па гісторыі беларускага народа. Ён
першым заўважыў, што тысячагадовая нацыянальная спадчына беларусаў хаваецца за
нерасшыфраванымі з часоў сярэднявечча тэрмінамі “рускі” і “літоўскі”. А гэта
ўводзіць у зман недасведчаных людзей і нават прафесійных гісторыкаў. Вацлавам Ластоўскім упершыню
была пастаўлена тэза пра рэлігійнае
значэнне назваў “РУСЬ, РУСКІ” і ролі
працэсу хрысціянізацыі ў пашырэнні
гэтых назваў з Кіева на ўсю ўсходнеславянскую прастору.
Нацыянальны накірунак працягвалі ў сваіх папулярызатарскіх кнігах Язэп Найдзюк,
Вацлаў Пануцэвіч, Паўла Урбан, Янка Запруднік[3].
Першую лагічную канцэпцыю раннесярэднявечнай гісторыі Беларусі пабудаваў у
сваіх працах Мікола Ермаловіч.
Менавіта канцэпцыю, а не проста выказаў адзінкавыя арыгінальныя думкі,
меркаванні альбо тэзы, як увесь час сцвярджаюць некаторыя беларускія
даследчыкі. Іншая справа, што канцэпцыя Ермаловіча адрозніваецца ад
агульнапрынятых, створаных пераважна пад палітычным і ідэалагічным уціскам.
Сярэднявечную гісторыю Беларусі Мікола Ермаловіч падзяляе на тры перыяды, якія
атрымалі назву па галоўных палітычных цэнтрах: Полацкі (9 – першая палова 13
ст.); Новагародскі (сярэдзіна 13 – першыя дзесяцігоддзі 14 ст.); Віленскі
(1316-1385 гг.). Ужо ў пачатковых пытаннях генезісу беларускага народу Мікола
Ермаловіч прытрымліваўся канцэпцыі славяна-балцкага сінтэзу. Масавая славянская
каланізацыя тэрыторыі Беларусі на мяжы 6-7 ст., папярэдне заселенай балтамі,
выклікала, на думку М.Ермаловіча, “своеасаблівую этнічную рэвалюцыю”, што, ў
сваю чаргу, з’явілася пачаткам “самазараджэння беларускага народа і яго
самаразвіцця”, які хутчэй за ўсё трэба лічыць “аславяненымі балтамі”, чым
“збалтызаванымі славянамі”.
На беларускіх землях да канца І тыс. н.э. сфармаваліся тры
ўсходнеславянскія этнічныя супольнасці: крывічы, дрыгавічы і радзімічы. Яны
мелі свае тэрыторыі і ў сацыяльна-палітычным сэнсе ўяўлялі сабою саюзы
плямёнаў. Менавіта ўзаемапранікненне і змешванне дрыгавічоў, крывічоў і
радзімічаў з’явілася самай значнай падзеяй ў этнагенезе беларусаў і фармаванні
іх тэрыторыі.
У прынцыповых пытаннях раннесярэднявечнай гісторыі
Усходняй Еўропы - генезіс феадальных адносінаў, утварэнне і прырода дзяржавы
Кіеўская Русь, этнакультурная характарыстыка насельніцтва гэтай дзяржавы -
Мікола Ермаловіч займаў прагрэсіўныя пазіцыі. У адрозненні ад савецкіх
марксісцка-ленінскіх гісторыкаў ён быў перакананы, што феадалізм на тэрыторыі
Усходняй Еўропы сфармаваўся дастаткова позна, у канцы 11 – 12 ст., таму
Кіеўскую Русь цяжка лічыць феадальнай дзяржавай. Больш таго, гэтая дзяржава
нагадвала імперыю Карла Вялікага і была штучным і нетрывалым
ваенна-адміністратыўным аб’яднаннем. Зразумела, што ў дадзенай сітуацыі не
магла сфармавацца і існаваць агульная этнічная супольнасць, якая сярод савецкіх
гісторыкаў атрымала назву “старажытнарускай народнасці” і прызнаецца імі як
бясспрэчны факт. Ён адным з першых у сваіх працах развіў думку аб самастойным
дзяржаўным існаванні Полацкага княства на працягу амаль усёй яго гісторыі.
Менавіта палітычная гісторыя Полацкай, Тураўскай, Смаленскай земляў і
панёманскіх гарадоў падрабязна і грунтоўна разглядаецца ім як вызначальная для
беларускага народа. Таму полацкія князі (Рагвалод, Брачыслаў, Усяслаў) або
тураўскія ці панёманскія характарызуюцца М.Ермаловічам больш аб’ектыўна, чым
бачылі іх кіеўскія альбо наўгародскія
летапісцы. А з другога боку, ваенныя паходы кіеўскіх, наўгародскіх,
смаленскіх і галіцка-валынскіх князёў на беларускія землі з’яўляюцца
захопніцкімі актамі агрэсіі.
Апошнія дзесяць гадоў з нацыянальных пазіцый праблемы раннесярэднявечнай
гісторыі беларускага народа разглядае
прафесар Георгі Штыхаў і частка яго вучняў: Сяржук Тарасаў, Генадзь
Семянчук, Ігар Марзалюк, Генадзь Сагановіч, Алесь Краўцэвіч і інш.
Другі накірунак беларускай гістарыяграфіі па праблемах ранняга сярэднявечча
грунтаваўся на пастулатах ідэалогіі марксізму-ленінізму. Падставай для
фармавання марксіцкага тлумачэння храналогіі і сутнасці сярэднявечнай гісторыі
народаў Усходняй Эўропы стаў шэраг публіцыстычных і палітычных выказванняў Уладзіміра
Леніна пра феадалізм на Русі: 1) “... крепостничество может удержать и веками
держит миллионы крестьян в забитости (например, в России с ІХ по ХІХ век...)”.
Сярод савецкіх гісторыкаў гэта адразу вызначыла 9 ст. як пачатак феадалізма на
тэрыторыі Усходняй Еўропы, Расейскай імперыі часоў Леніна. 2) Да 11 ст. (да
часоў Рускай Праўды) Ул. Ленін адносіў запрыгоньванне свабодных смердаў,
станаўленне на Русі феадальных адносінаў. Па гэтай прычыне савецкія гісторыкі
вызначалі 11 ст. як час канчатковага фармавання двух антаганістычных класаў –
феадалаў-землеўладальнікаў і прыгонных сялянаў; існавання феадальнай дзяржавы,
якая прыціскала народ на карысць эксплуататараў. 3) характарыстыка дзяржавы як “машины для поддержания господства одного класса над
другим”, дазволіла савецкім гісторыкам кожны сацыяльны пратэст 10-13 ст.
разглядаць як класавую барацьбу эксплуатуемых супраць эксплуататараў.
Па праўдзе кажучы, у Беларусі да сённяшняга дня развіваецца і
прапагандуецца пераважна марксісцка-ленінская канцэпцыя вывучэння сярэднявечнай
гісторыі, створаная і замацаваная ў навуцы і адукацыі ў 30-я гады 20 ст.
Барысам Грэкавым і яго прыхільнікамі. Сутнасць яе ў тым, што нібыта на
тэрыторыі Усходняй Еўропы ўжо ў 9 ст. склаўся феадальны спосаб вытворчасці, што
прывяло да ранняга падзелу грамадства на два класы – эксплуататараў (князі,
баяры, царква, багатае купецтва) і эксплуатуемых (пераважна прыгонныя сяляне і
залежныя рамеснікі), утварэння дзяржавы эксплуататараў Кіеўскай Русі (пазней яе
назвалі “Старажытнай Руссю”) з монаэтнічным “старажытнарускім народам”, у якой
назіраецца перманентная класавая
барацьба прыгонных сялянаў у саюзе з бяднейшай часткай гараджанаў супраць сваіх
эксплуататараў. Замацаванне грэкаўскай канцэпцыі адбывалася не толькі шляхам
акадэмічных дыскусій, але і праз палітычнае і фізічнае знішчэнне апанентаў. Яно
было нічым іншым як падмацаваннем гістарычнай навукай тагачаснай палітычнай і
ідэалагічнай сітуацыі, створанай Іосіфам Сталіным з хаўруснікамі.
У 30-я гады 20 ст. канцэпцыя Барыса Грэкава была перанесеная на сярэднявечную
гісторыю беларусаў і ўкраінцаў, як партыйныя і палітычныя рэкамендацыі па
інтэрпрэтацыі мінуўшчыны.
На Беларусі гэтыя рэкамендацыі
паспяхова выканалі ўжо ў сярэдзіне 30-х гадоў. У 1934 г. пабачылі святло дзве
кнігі акадэміка В.Шчарбакова: “Нарыс гісторыі Беларусі. Ч. І.” і “Класавая
барацьба і гістарычная навука на Беларусі (гістарыяграфічныя нарысы)”; у
1938 г. калектыўны артыкул пад
редакцыяй акад. М.М.Нікольскага “Проблемы древней истории Белоруссии”, надрукаваны ў
часопісе Вестник древней истории, № 1; у 1941 г. падрыхтаваныя “Нарысы па
гісторыі Беларусі” пад кіраўніцтвам У.Пічэты. Названыя
“творы” зафіксавалі ідэалагічную перамогу вульгарнага марксізму (бальшавізму) ў
гістарычнай навуцы савецкай Беларусі. Гэтая перамога была замацаваная таксама фізічным знішчэннем
апанентаў (самазабойства Ус.Ігнатоўскага, рэпрэсаваны В.Ластоўскі і інш.) і
нават аднадумцаў (рэпрэсіі супраць Ул.Пічэты, А.Ляўданскага і інш.).
Аўтары названых вышэй “нарысаў” і “калектыўнага артыкула” сфармулявалі, так
сказаць “беларускую візію” гістарычнага працэсу на беларускіх землях у
сярэднявечны перыяд. Квінтэсэнцыяй яе з’яўляюцца пастулаты: 1) аб вечным
адзінстве беларускага народа з расейскім, якія разам з украінцамі стваралі
“старажытнарускую народнасць” з агульным лёсам і мэтамі барацьбы супраць
эксплуататараў і іншаземных захопнікаў; 2) прыгнечанасці простага насельніцтва
Беларусі, якое разам з рускім народам ужо ў сярэднявеччы свядома змагалася
супраць эксплуататараў за “светлую будучыню”, 3) заваяванне беларусамі
дзяржаўнасці з’яўляецца вынікам Вялікай кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі.
І далей усё як ў Б.Грэкава. Пад чуйным кіраўніцтвам КПБ даная гістарычная
канцэпцыя была развітая ў працах Л.Абэцэдарскага, а сёння замацаваная ў
манаграфіях і вучэбнай літаратуры аўтарства Я.Новіка і Г.Марцуля,
Э.Загарульскага, В.Бандарчыка, П.Лысенкі, І.Коўкеля і Э.Ярмусіка[12].
У гэтых працах аўтары з пазіцый
гісторыкаў-марксістаў займаюцца прыстасаваннем да беларускай фактуры галоўных
палажэнняў па гісторыі Усходняй Еўропы 9-13 ст., распрацаваных у 30-50-х гадах
Барысам Грэкавым, яго паслядоўнікамі і вучнямі. Праўда, часам беларускія аўтары
карэктуюць пэўныя тэзы поглядамі і меркаваннямі Л.Чарапніна, М.Ціхамірава,
Б.Рыбакова, У.Маўродзіна, якія ў сваіх канцэпцыях адышлі недалёка ад Б.Грэкава.
Нельга не адзначыць, што з гэтага таварыства вылучаецца Э.Загарульскі. Ён
глыбока і дасканала ведае летапісны і актавы матэрыял часоў Кіеўскай Русі,
з’яўляецца адным з вядучых беларускіх археолагаў-сярэднявечнікаў, выказаў у
сваіх працах шэраг самастойных арыгінальных і цікавых думак па праблемах
беларускай гісторыі, да якіх варта прыслухацца.
Даробак сучасных лаяльных да
ўладаў беларускіх аўтараў хоць і пазбаўлены цытатаў класікаў
марксізму-ленінізму, вельмі моцна палітызаваны і ідэялагізаваны. Ужо ў назве
кнігі Э.Загарульскага “Заходняя Русь ІХ-ХІІІ стст.” выкарыстаны штучны тэрмін,
які быў характэрны для расейскай гістарыяграфіі 19 ст., а пазней пераняты
савецкай. Такім чынам, расейская ідэалогія спрабавала чарговы раз падкрэсліць
адзінства сярэднявечнай Русі, якая з 50-х гадоў 20 ст. пачала называцца
“Старажытная Русь”. Менавіта, вылучэнне адзінства ўсходніх славянаў, як нечага
асаблівага, якія аб’ядналіся ў адзіную дзяржаву (“Старажытную Русь”) і ўтварылі
адзіны этнас (“старажытнарускую народнасць”) чырвонай лініяй праходзіць праз
кнігі большасці афіцыйных гісторыкаў. Такая пазіцыя аўтараў выразна праяўляецца
ў іх антынарманізме, антылітоўскасці і антыпольскасці, славянафільстве і
“западноруссизме”.
Гэтыя аўтары ўвесь час старанна падкрэсліваюць сваё
марксісцкае (матэрыялістычнае) разуменне гістарычнага працэсу. Сімбіёз
“заходнерусізму” і марксізму – характэрная рыса ідэалогіі савецкіх і сучасных
лаяльных беларускіх гісторыкаў. Дэкларуючы ў сваіх працах аб’ектыўнасць, сумленнасць
і дакладнасць, яны на самой справе падганяюць факты, высоўваюць дапушчэнні і
ствараюць гіпотэзы, якія адпавядаюць пануючай ў дзяржаве палітычнай ідэалогіі.
Трэба прызнаць, што шматлікім і разнастайным праблемам гісторыі беларускага
народу 9 – 13 ст. у мінулым стагоддзі было прысвечана вельмі мала спецыяльных
працаў. Гэта пераважна вынікі даследаванняў археолагаў Г.Штыхава, Я.Звяругі,
П.Лысенкі, Э.Загарульскага, Т.Каробушкінай і інш. Па прычыне спецыфічнасці галоўнага корпусу крыніцаў
гэтыя даследаванні не змаглі шырока прадставіць малюнак сярэднявечнага жыцця
беларускага народа. Пісьмовыя крыніцы ў гэтых працах
выконвалі другасную функцыю (стварэнне фону і падмацаванне пэўных высноваў). Зыходзячы
з марксісцка-ленінскіх метадалагічных асноваў феадалізму на тэрыторыі Усходняй
Еўропы, распрацаваных савецкімі медыявістамі, аўтары добра і грунтоўна
раскрывалі нам пэўныя спецыфічныя рысы гістарычнага працэсу на беларускіх землях, праўда, пераважна на падставе
археалагічных дадзеных, г.зн. праз сферу сацыяльна-эканамічнай, матэрыяльнай культуры і ў меншай ступені праз духоўную культуру. Па-за ўвагай засталіся праблемы
палітычнай, вайсковай, этнасацыяльнай і этнакультурнай гісторыі. З другога боку,
склалася сітуацыя, калі па палітычным матывам у
Беларусі самастойна не распрацоўваліся праблемы сярэднявечнай гісторыі, а
безкрытычна прымаліся як “руководство
к действию”,
маскоўскія, часам кіеўскія і пецярбургскія канцэпцыі і погляды. Па гэтай прычыне да канца 80-х – пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя беларуская савецкая гістарыяграфія
не можа пахваліцца адмысловымі працамі па раннесярэднявечнаму перыяду.
З
пазіцый сённяшнага стану айчыннай гістарычнай навукі першачарговымі праблемамі
пры даследаванні раннесярэднявечнай гісторыі Беларусі з’яўляюцца наступныя:
·
сутнасць
феадальнай сістэмы для тэрыторыі Усходняй Еўропы (і беларускіх земляў у
прыватнасці) альбо сацыяльная, грамадская і гаспадарчая сітуацыя (гісторыя);
·
этнічная
сітуацыя (гісторыя) на беларускіх землях у раннім сярэднявеччы; этнічныя
працэсы, праблема “старажытнарускай
народнасці” і этнічнай свядомасці;
·
палітычная
сітуацыя (гісторыя), дзяржаваўтваральныя працэсы, унутраная і знешняя палітыка
полацкіх, тураўскіх і панёманскіх князёў;
·
культурна-рэлігійная
сітуацыя (гісторыя), сутнасць хрысціянскай культуры, хрысціянства contra паганства.
Штыхаў Г. Насельніцтва зямель Беларусі ў ІХ – ХІІІ ст. (вытокі
беларускай народнасці) // З глыбі
вякоў. Наш край. Гісторыка-культуралагічны зборнік. Мінск, 1992. С. 15-40; ён жа. Шматукладнае
грамадства ІХ – ХІ стст. і пытанні перыядызацыі раннесярэднявекавой гісторыі
Беларусі // Актуальныя пытанні гісторыі Беларусі ад старажытных часоў да нашых
дзён. Мінск, 1992. С. 41-53; ён жа. Ранняе сярэднявечча. Пачатак пераходу да класавага
грамадства. Узнікненне беларускай дзяржаўнасці (VІ – першая палова ХІІІ стст.) // Нарысы
гісторыі Беларусі. У 2-х частках. Ч.1. Мінск, 1994; Тарасаў С. Полацкае княства ў ХІ
ст. (станаўленне і барацьба за дзяржаўную незалежнасць) // Старонкі гісторыі Беларусі. Мінск, 1992; ён жа. Узнікненне
дзяржавы і царквы на Беларусі ў Х – ХІІІ стст. // Гістарычная навука і
гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь. Новыя канцэпцыі і падыходы. У 2-х
частках Мінск, 1994. Частка 1. Гісторыя Беларусі. С. 34-38; Семянчук Г.
Полацкая зямля ў сістэме палітычных адносін Усходняй Еўропы ІХ – ХІ стст. //
Беларусіка 6. Беларусь паміж Усходам і Захадам. Частка 2. Мінск, 1997. С. 10-15; ён жа. Княства
Усяслава Брачыславіча “Чарадзея” // Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай
зямлі. Полацк, 1998. С. 281-291; Марзалюк Ігар. Да пытання аб
этнічнай і палітычнай свядомасці ўсходнеславянскага насельніцтва ў 10 –13 стст.
// Гістарычны альманах. Гародня. 1998. № 1. С. 4-12.
Ленин В.И. Полн.собр.соч. Т. 39. С. 73.
Абэцэдарскі Л. У святле неабвержаных фактаў. Минск, 1969;
Ковкель И.И., Ярмусик Э.С. История Беларуси с древнейших времён до ХХ в. Минск,
1998; Загарульскі Э.М. Заходняя Русь ІХ – ХІІІ стст. Мінск, 1998; Гісторыя
Беларусі. У 2-х частках. Частка 1. Ад старажытных часоў – па люты 1917 г. Пад
рэд. праф. Я.К.Новіка і Г.С.Марцуля. Мінск, 1999; Бандарчык В.К. Гісторыя
этналагічнага вывучэння // Беларусы: У 8 т. Мінск, 1999. Т.3.; Лысенко П.Ф.
Туровская земля ІХ – ХІІІ вв. Минск, 1999.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"
|