БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 4 / 2001

ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ 20 СТ.

З гісторыі вывучэння мінулага і сучаснага стану культуры Беларусі ў беларускай савецкай гістарыяграфіі 1920-х гадоў

Уладзімір Калаткоў
(Менск)

Гісторыя культуры Беларусі – адна з галоўных і важнейшых праблемаў айчыннай гістарычнай навукі. Артыкулы, брашуры, манаграфіі, абмеркаванне розных пытанняў культуры на канферэнцыях і ў дыскусіях, стварэнне навуковых цэнтраў па вывучэнні культуры – усё гэта сфармавала асобны кірунак у даследаваннях гісторыі беларускага грамадства.

Па дадзенай праблеме напісана шмат працаў. Пры гэтым вялікая сума гістарычных ведаў пра мінуўшыну нацыянальнай культуры была назапашана за час існавання Беларускай ССР (1919 – 1991 гг.).

Пачатак (першы этап) гістарыяграфічнага вывучэння пытанняў гісторыі культуры прыйшоўся ў Савецкай Беларусі на міжваенны перыяд (1920 – 1941 гг.). Асабліва актыўна і найбольш плённа гісторыка-культуралагічныя праблемы даследаваліся ў 1920-я гады, калі ў рэспубліцы на дзяржаўным узроўні праводзілася палітыка беларусізацыі і разам з эканамічнай лібералізацыяй (НЭП) партыйныя і савецкія органы дапускалі пэўны плюралізм у грамадска-палітычнай і ідэалагічнай сферах, у тым ліку на “гістарычным фронце”.

У такіх умовах вучоныя-грамадазнаўцы мелі некаторыя магчымасці для фармавання нацыянальна-дзяржаўнай канцэпцыі гісторыі Беларусі. Нацыянальна-дзяржаўны падыход выкарыстоўваўся ў 20-я гады (асабліва ў першай палове дзесяцігоддзя) і ў даследаваннях па гісторыі беларускай культуры, пакуль у гістарычнай навуцы БССР канчаткова не запанаваў узведзены ў абсалют марксісцкі (сацыяльна-класавы) падыход.

Ужо ў 1920-я гады з’явіліся першыя гістарыяграфічныя агляды, у якіх закраналіся пытанні як мінулага, так і сучаснага стану культуры Беларусі. Так, першы рэктар Белдзяржуніверсітэта прафесар Уладзімір Пічэта метадалагічна слушна заўважыў, што “пытанне аб культурных уплывах – адна з найбольш складаных сацыялагічных праблем і патрабуе з боку даследчыка вялікай асцярожнасці ў сваіх назіраннях і высновах. Пры дагматычным вывучэнні пытання з’яўляецца зусім немагчымым навукова-аб’ектыўнае вывучэнне настолькі цікавай і ў той жа час важнай праблемы”[1].

У сярэдзіне 1920-х гадоў апублікаваны вялікі (43 старонкі) гістарыяграфічны артыкул У.Пічэты пра беларускага першадрукара і асветніка Францішка Скарыну[2]. Аўтар прааналізаваў расійскую, беларускую, украінскую, чэшскую і польскую навуковую літаратуру аб жыцці і дзейнасці Скарыны. У гістарыяграфічным вывучэнні дадзенага пытання Пічэта вылучыў два перыяды: 1) 1776 г. – канец 1880-х гадоў; 2) канец 1880-х г. – 1926 г. Этапнай працай, якая абумовіла храналагічную мяжу паміж перыядамі, з’явілася, на думку вучонага, абагульняючая манаграфія расійскага гісторыка літаратуры Пятра Уладзімірава “Доктар Францыск Скарына, яго пераклады, друкаваныя выданні і мова” (Санкт-Пецярбург, 1888, на рускай мове).

Кароткі пералік працаў па праблемах літаратуры, мастацтва, культурнага будаўніцтва ў БССР змясціў у сваім артыкуле Сямён Вальфсон[3]. Ён жа прывёў і марксісцкае разуменне айчыннай культуры: “Пранікнавеньне дыялектыка-матар'ялістычных прынцыпаў у нашу навуку ёсьць важнейшы фактар у справе барацьбы за нацыянальную па форме і пралетарскую па зьместу культуру, у процівагу шматлікім хітраваньням і спробам стварыць замаскаванымі прыёмамі савецкую па форме і нацыянальную па зьместу культуру”[4]. У пацвярджэнне свайго палажэння С.Вальфсон спаслаўся на словы аднаго з тагачасных партыйных кіраўнікоў рэспублікі Вільгельма Кнорына: “[...] Беларуская культура можа расьці і разгортвацца толькі як культура шырокіх рабочых мас і беднага сялянства, як культура пралетарская па сваім зьмесце, інакш яе зусім ня будзе”[5]. Разам з тым Сямён Вальфсон канстатаваў “бурны рост беларускай літаратуры і мастацтва” на працягу 1918 – 1928 гг.[6], што сапраўды адпавядала рэчаіснасці. За згаданы перыяд, паводле падлікаў даследчыка, аб’ём публікацый, прысвечаных пытанням літаратуры і культурнага будаўніцтва, склаў 16 друкаваных аркушаў, а агульны памер гістарычнай “навуковай марксыцкай літаратуры” – 274 друкаваныя аркушы[7].

У падобным палітычным падтэксце разглядаў беларускую культуру гісторык-марксіст М.Югаў. Паводле яго, “ва ўсялякай нацыянальнай рэспубліцы барацьба за нацыянальную форму культуры ўскладняецца яшчэ спробай пэўных груп весці пад гэтым флагам і барацьбу за змяненне зместу нацыянальнай паводле формы культуры і часта – у Беларусі нават вельмі часта – з’яўляецца прамой службовай зброяй усіх тых груповак, якія, магчыма, і не аформіўшыся арганізацыйна, спадзяюцца адыграць у будучым самастойную палітычную ролю”[8]. Такая выснова аўтара – прадукт неспрыяльнай для нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі палітыкі згортвання беларусізацыі (контрбеларусізацыі) з канца 20-х – пачатку 30-х гадоў. У гэтай сувязі М.Югаў не лічыў 15 16 стагоддзі “залатым векам” беларускай культуры[9].

Яшчэ адзін кароткі, але даволі змястоўны гістарыяграфічны агляд, які зрабіў У.Пічэта, выйшаў з друку ўжо пасля пачатку вайны нацысцкай Германіі супраць Савецкага Саюза. Аўтар справядліва зазначыў, што “XVI стагоддзе было... векам значнага развіцця беларускай феадальнай культуры. Ужо раней гэтыя пытанні часткова закраналі П.У.Уладзіміраў і М.В.Доўнар-Запольскі”[10]. На думку вучонага, “беларускае адраджэнне XVI ст. выйшла з нетраў горада, які эканамічна развіваўся. Па сваёй сутнасці яно ўяўляла сабой разнавіднасць агульнаеўрапейскага культурнага гарадскога руху, вядомага пад назвай Адраджэння. Агульнакультурны ўздым Беларусі перш за ўсё адбіўся на шырокім развіцці друкарскай справы ў XVI і пачатку XVII ст.” Як першага беларускага адраджэнца Пічэта адзначыў Францішка Скарыну, а таксама звярнуў увагу на тое, што пытанні літаратурнага ўздыму ў Беларусі ў 16 ст. былі аб’ектамі даследавання вучоных-славістаў Мікалая Янчука і Яўхіма Карскага[11].

Што датычыць уласна гістарыяграфіі айчыннай культуры, створанай у БССР у 1920-я гады, то асноўным відам публікацыі тут з’яўляліся артыкулы ў часопісах і зборніках, а таксама брашуры і нарысы. Манаграфічных даследаванняў было яшчэ мала. Як бачна з прыведзеных вышэй звестак пра гістарыяграфічныя агляды, у 20-я гады навукоўцы рэспублікі ў значнай ступені звярталіся да мінуўшчыны беларускай культуры перыяду сярэднявечча (асабліва яе “залатога веку”), а таксама новага часу. Даследаваліся асобныя пытанні гісторыі асветы[12], літаратуры і друку[13], дойлідства[14], тэатра[15] і інш. Раздзелы або інфармацыя па гісторыі айчыннай культуры прыведзеныя і ў першых абагульняючых працах па гісторыі Беларусі, створаных у 20-я гады[16].

Гісторыкі Беларускай ССР у 1920-я гады найбольш звярталіся да апісання розных аспектаў нацыянальна-культурнага будаўніцтва рэспублікі. Сярод аўтараў, якія з’яўляліся сучаснікамі, сведкамі і ўдзельнікамі тагачасных падзеяў у сферы культуры (асабліва, асветы), былі дзяржаўныя дзеячы БССР і навукоўцы Антон Баліцкі, Зміцер Жылуновіч (Цішка Гартны), Усевалад Ігнатоўскі, Алесь Чарвякоў, Язэп Каранеўскі, Сцяпан Некрашэвіч і многія іншыя. Іх артыкулы былі надрукаваныя ў часопісах “Школа и культура Советской Белоруссии, Вестник Народного Комиссариата Просвещения ССРБ, “Полымя”, “Асьвета”, “Наш край” і інш., а таксама ў зборніку “Беларусь” (Менск, 1924). Пытанні культуры часткова асветленыя і ў зборніках “Нацыянальнае пытаньне і комуністычная партыя” (Менск, 1924), “Практычнае вырашэнне нацыянальнага пытаньня ў БССР. Ч. 1. Беларусізацыя” (Менск, 1928). Разам з тым у акрэслены перыяд выйшаў і шэраг спецыяльных працаў, у тым ліку калектыўных[17].

Такім чынам, у 1920-я гады была закладзена пэўная аснова гістарыяграфіі БССР па праблемах айчыннай культуры. На жаль, у наступнае дзесяцігоддзе многае з таго пазітыўнага, што было назапашана ў маладой гістарычнай навуцы рэспублікі па палітычных матывах не атрымала далейшага развіцця. Тым не менш працы 20-х гадоў па гісторыі культуры Беларусі, якія змяшчаюць значны факталагічны матэрыял, могуць быць карысныя і для сучасных даследчыкаў.



[1] Пичета В. Новые работы по истории Белоруссии // Вестник Народного Комиссариата Просвещения. 1921. № 2. С. 19.

[2] Пичета В. Scoriniana (1776—1926) // Чатырохсотлецьце беларускага друку. 1525-1925. Менск, 1926.

[3] Вольфсон С.Я. Марксыцкая навуковая работа ў БССР за 10 гадоў (1918-1928) // Марксыцкі Зборнік. № 1. Менск, 1929. С. 12-13, 16.

[4] Вольфсон С.Я. Марксыцкая навуковая работа ў БССР за 10 гадоў (1918-1928). С. 20.

[5] Вольфсон С.Я. Марксыцкая навуковая работа ў БССР за 10 гадоў (1918-1928). С. 20.

[6] Вольфсон С.Я. Марксыцкая навуковая работа ў БССР за 10 гадоў (1918-1928). С. 19.

[7] Вольфсон С.Я. Марксыцкая навуковая работа ў БССР за 10 гадоў (1918-1928). С. 17.

[8] Югов М. Положение и задачи исторического фронта в Белоруссии // Историк-марксист. 1930. Т. 17. С. 41.

[9] Югов М. Положение и задачи исторического фронта в Белоруссии. С. 42.

[10] Пичета В.И. История Белоруссии в советской историографии // Двадцать пять лет исторической науки в СССР: Сборник. Москва-Ленинград, 1942. С. 184.

[11] Пичета В.И. История Белоруссии в советской историографии // Двадцать пять лет исторической науки в СССР: Сборник. Москва-Ленинград, 1942. С. 185.

[12] Савич А. Школьная реформа в Польско-Литовском государстве в конце XVIII века // Вестник Народного Комиссариата Просвещения ССРБ. 1922. № 7-8, 11-12; Ігнатоўскі У. З гісторыі асьветы на Беларусі ў пачатку 19 сталецьця // Полымя. 1923. № 7-8; Пічэта У.І. Пытаньне аб вышэйшай школе на Беларусі ў мінулым. Менск, 1928.

[13] Янчук Н.А. Нарысы па гісторыі беларускае літаратуры. Старадаўны пэрыад. Менск, 1922; Шапавалаў М. Ф. Скарына, яго дні ды друк на Беларусі: Да 400-лецьця друку на Беларусі. Менск, 1925; Чатырохсотлецьце беларускага друку. 1525-1925. Менск, 1926; Піотуховіч М.М. Нарысы гісторыі беларускай літаратуры. Ч. 1. Агляд літаратурна-ідэолёгічных плыняў ХІХ і пачатку ХХ в. Менск, 1928.

[14] Шчакаціхін М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва. Т. 1. Менск, 1928; Запіскі аддзелу гуманітарных навук. Кн. 6. Працы камісіі гісторыі мастацтва. Т. 1. Сш. 1. Менск, 1928.

[15] Бядуля З. Беларускі тэатр. (Нарысы і артыкулы) // Вестник Народного Комиссариата Просвещения ССРБ. 1922. № 3-4, 5-6, 11-12.

[16] Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. Менск, 1919 (2-е і 3-е выд. 1921, 4-е выд. 1926); ён жа. Белоруссия: Территория, население, экономика, важнейшие моменты истории. Минск, 1924. (2-е выд. 1925; 3-е выд. 1926, разам з А.Смолічам); ён жа. Гісторыя Беларусі ў ХІХ і ў пачатку ХХ сталецьця. Менск, 1923 (2-е выд. 1926, 3-е выд. 1928); Пічэта У. Гісторыя Беларусі. Ч. 1. [да Люблінскай вуніі 1569 г.]. Масква-Ленінград, 1924.

[17] Інстытут беларускае культуры (Інбелкульт). Гісторыя ўзьнікненьня. Сучасная структура. Навукова-дасьледчая дзейнасьць. Менск, 1926; Беларускі Дзяржаўны Унівэрсытэт, 1921-1927: Да 10-й гадавіны Кастрычнікавай рэвалюцыі. Менск, 1927; Гарэцкі М. Маладняк за пяць гадоў, 1923-1928. Менск, 1928 і інш. 


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія