Мэта гэтай
працы – прапанаваць новую перыядызацыю апошніх двух з паловай стагоддзяў гісторыі
Беларусі. Называю гэты перыяд “эпохай
мадэрнізацыі”, паколькі ў маім перакананні ў гэты час асноўнай тэндэнцыяй
гісторыі Беларусі была менавіта мадэрнізацыя
грамадства. У гэты час таксама аднаўляецца
беларускі нацыянальны працэс, спынены ў сярэдзіне 17 ст.
Аўтар першай гісторыі Беларусі О.Турчыновіч лічыў, што ўласна гісторыя
Беларусі спыняецца ў канцы 17 ст. Паводле даследчыка, яна “вычэрпвалася гісторыяй Польшчы і
Расіі”. Як можна меркаваць, для О.Турчыновіча “ўласна гісторыя” гэта гісторыя, у якой
краіна з’яўляецца не аб’ектам, а суб’ектам. Пад гісторыяй, згодна ўяўленням сучасных даследчыкаў, ён разумеў палітычную гісторыю.
Аўтар першай гісторыі Беларусі на беларускай мове Вацлаў Ластоўскі падзяліў
яе на пяць частак, з якіх дзве апошнія назваў: “Ад Люблінскай Уніі (1569 г.) да раздзелу
Польшчы” і “Беларусь
пад Расеяй”.
Аналагічна зрабіў Усевалад Ігнатоўскі, які згаданыя перыяды назваў “польскім” і “расейскім”. У.Ігнатоўскі першы вылучыў савецкі перыяд у гісторыі
Беларусі (“Беларусь
пасля звяржэння царызму”).
Мітрафан Доўнар-Запольскі не спакусіўся падзяліць сваёй “Гісторыі Беларусі” на вялікія
эпохі і вылучыў толькі кароткія перыяды. Але са зместу раздзелаў можна меркаваць, што асноўную
цэзуру ў 19 ст. ён звязваў з пачаткам 60-х гадоў.
У 30-я гады 20 ст. заходнебеларускі вучоны М.Шкялёнак прыйшоў да высновы,
што асновай перыядызацыі гісторыі Беларусі павінна быць эвалюцыя ўласна беларускай
дзяржаўнасці. Паводле аўтара, з канца 17 ст. пачаўся перыяд упадку беларускай дзяржаўнасці, які
доўжыўся да 30-х г. 20 ст. Такім чынам, М.Шкялёнак вярнуў
перыядызацыю О.Турчыновіча ў ключавым пункце.
На М.Шкялёнка спасылаецца Язэп Найдзюк, які ў раздзелах сваёй папулярнай
працы,
выдадзенай пад нямецкай акупацыяй, вылучае перыяды ад Люблінскай уніі да канца 18 ст., 18
ст. і, услед за В.Ластоўскім, “Беларусь пад Расіяй”. У адрозненне ад В.Ластоўскага і У.Ігнатоўскага ён
вылучыў асобныя раздзелы, у якіх апісаў беларускі нацыянальны рух ад пачатку 20
ст. да Першай святовай вайны і ад вайны да Рыжскага трактата 1921 г. У
наступных раздзелах аўтар прадставіў жыццё беларусаў “пад Польшчай”, у БССР і ў іншых
краінах. Абмяжоўваючы
перыяд “пад
Расіяй” канцом 19 ст., аўтар у якасці цэзуры вылучыў з’яўленне “першых беларускіх палітычных
арганізацый”, а менавіта Беларускай рэвалюцыйнай грамады ў 1902 г.
Пасля Другой святовай вайны аб’ёмістыя сінтэзы і падручнікі пісаліся
выключна ў БССР. Калектыў аўтараў выдадзенай у сярэдзіне 50-х гадоў “Гісторыі Беларускай ССР” пазбег вылучэння вялікіх перыядаў апрача асноўнага
падзелу на перыяд да Кастрычніцкай рэвалюцыі ўключна (т. І) і пасля яе (т. ІІ).
З часам у беларускай савецкай гістарыяграфіі стала абавязковай агульная
схема фармацыйнага падзелу гісторыі Расіі, Украіны і Беларусі згодна з якой да 1861 г. трываў перыяд
феадальнага грамадства, з 1861 г. па 1917 г. – перыяд капіталізму і з 1917 г. – эпоха сацыялізму.
Дасавецкія традыцыі працягваў на эміграцыі П.Рагач, аўтар сціплага
школьнага падручніка, які ўсё ж такі адыгрываў важную ролю кампедыі несавецкай
гісторыі Беларусі і неаднойчы перавыдаваўся. Для П.Рагача перыяд заняпаду Вялікага Княства
Літоўскага пачынаецца з часоў Люблінскай і Берасцейскай уніяў і завяршаецца
падзеламі Рэчы Паспалітай. Цэзурай у 19
ст. П.Рагач лічыў паўстанне 1863 г. Перыядызацыя часоў пасля 1863 г. прынцыпова
не адрознівалася ад прапанаванай Я.Найдзюком.
Аўтар адзінай поўнай “Гісторыі Беларусі” на польскай мове Марцэлі Косман закончыў перыяд Рэчы Паспалітай падзеямі 1795 г. Адносна
19 ст. ён выкарыстаў савецкія клішэ “змярканне феадалізму” і “пачаткі капіталізму”, але ў дачынені да савецкай перыядызацыі зрабіў
характэрную карэктуру: перыяд “змярканне феадалізму” ў яго ахопліваў паўстанне 1863 г., якое такім чынам сталася цэзурай. Наступныя
перыяды ў працы Космана такія: 1914 – 1920, 1921 – 1941, 1941 – 1945 і
перыяд пасля Другой святовай вайны.
У 1993 г. у ЗША выйшла кніжка беларускага гісторыка і публіцыста Яна
Запрудніка “Беларусь
на гістарычных скрыжаваннях”. Аўтара як публіцыста цікавіла перш за ўсё сучаснасць. Старажытную
гісторыю Беларусі ён прадставіў сціпла. Прычым упор быў зроблены на гісторыю
дзяржаўнасці і нацыянальнага руху. Я.Запруднік вылучыў перыяд “Ад дзяржаўнасці да заняпаду і
паняволення”, які ахоплівае гісторыю Беларусі ажно да падзелаў Рэчы Паспалітай.
Пасля ідзе перыяд “Узнікнення і ўвасаблення беларускай нацыянальнай ідэі” (ад пачатку ХІХ ст.
да 1921 г.). Чарговыя раздзелы ахопліваюць перыяды: 1921 – 1941, 1941 – 1985, 1986 –1992 гг.
У 90-я гады 20 ст. разам з узнікненнем незалежнай Рэспублікі Беларусь стала
перасэнсоўвацца яе гісторыя і ў межах самой краіны.
У 1993 г. Леанід і Тамара Лойкі выказаліся за перыядызацыю, у якой асноўным
крытэрыем з’яўляюцца рысы грамадскага стану і дзяржаўнасці беларускіх земляў. На практыцы гэта азначала вяртанне да перыядызацыі
У.Ігнатоўскага, паколькі Леанід і Тамара Лойкі вылучылі як апошнія перыяды “Беларусь у складзе Рэчы
Паспалітай (1569 – 1795 гг.)”, “Беларусь
у складзе Расіі (канец XVIII ст.-1917
г.)” і савецкі перыяд (кастрычнік 1917 – 1991 гг.).
Аўтары першай вялікай апрацоўкі гісторыі Беларусі, зробленай у незалежнай
рэспубліцы (“Нарысы гісторыі Беларусі”), недалёка адышлі ад савецкай схемы.
Адносна эпохі, якая нас цікавіць, яны вылучаюць перыяд “Войнаў і
ўнутрыпалітычных канфліктаў сярэдзіны XVII – XVIII ст.” і “Крызіса
феадальна-прыгонніцкай сістэмы (канец XVIII – першая палова ХІХ ст.)”. Абодва раздзелы часткова перакрываюцца
храналагічна. У апошнія здарэнні, апісаныя ў першым з іх, трапіў трэці падзел
Рэчы Паспалітай, а другі перыяд пачаўся апісаннем палітыкі расійскіх уладаў на
землях далучаных да Расіі ў выніку першага падзелу. Чарговы раздзел, згодна з
савецкай схемай, пачынаецца “адменай прыгоннага права” і мае загаловак “Станаўленне
буржуазнага грамадства”. Гэты перыяд
ахоплівае стварэнне Беларускай рэвалюцыйнай грамады. У наступным раздзеле
апісваюцца падзеі ад рэвалюцыі 1905 г. да Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. Гэтай
рэвалюцыяй канчаецца першая частка “Нарысаў”. Другая частка прысвечаная савецкаму перыяду і падзеленая наступным чынам: “Беларусь напярэдадні і ў першыя
гады савецкай улады (1917 – 1921 гг.)”, перыяд НЭПу (1921 – канец 20-х гг.), 30-я гады. Асобна вылучана гісторыя Заходняй Беларусі. Храналагічныя
рамкі гэтага раздзелу акрэсленыя як 1921 – 1939 гг., але выкладанне падзей
даведзена да 1941 г. У асобны раздзел вылучана “Вялікая Айчынная вайна”. У чарговых
раздзелах пасляваенная гісторыя Беларусі падзелена на перыяды: 1945 – сярэдзіна 50-х гг., другая палова 50-х – першая палова 80-х гг., ад другой
паловы 80-х гг. – да ўзнікнення незалежнай Беларусі.
У 1995 г. калектыў гісторыкаў, які распрацаваў новую канцэпцыю школьнай
адукацыі, прапанаваў і новую перыядызацыю гісторыі Беларусі. Згодна з гэтай канцэпцыяй, з 16 ст. у гісторыі Беларусі пачаўся Новы час, які завяршыўся ў 1918 г. Пасля наступіў сучасны
перыяд альбо найноўшая гісторыя. Гэтая перыядызацыя неаднародная, бо тут зблытаныя цывілізацыйны падыход з
крытэрыем дзяржаўнасці. Спасылкі на згаданую перыядызацыю знаходзім у
выдадзеных пасля падручніках, але на практыцы амаль ніхто яе не
прытрымліваецца.
Аўтарскі калектыў “Дапаможніка па гісторыі Беларусі” падзяліў эпоху якая нас цікавіць на
наступныя перыяды: другая палова 17 – 18 ст., канец 18 – сярэдзіна 19 ст. Гэтыя перыяды часткова накладаюцца, паколькі першы з іх канчаецца
трэцім падзелам, а другі – пачынаецца пасля першага. Выкладанне падзеяў
чарговага перыяду (другая палова 19 – пачатак 20 ст.) пачынаецца з паўстання
1863 г. Потым аўтары вяртаюцца да праблемаў сялянскай рэформы, пачаўшы з 50-х г. 19 ст. Як
відаць, мела месца спроба перанесці цэзуру з увагі на гісторыю нацыянальнага
руху. Аднак з пункту гледжання кампазіцыі працы яе нельга прызнаць удалай. Наступны
перыяд пачынаецца з выбуху Першай святовай вайны і канчаецца ўзнікненнем БНР. Далей ідзе
перыяд 1919 – 1939 гг. Два апошнія перыяды: 1941 – 1991 гг. і 1991 – 1995
гг.
Аўтары “Гісторыі
Беларусі ў двух частках” ва Уводзінах вылучылі Новы час (16 – пачатак 20 ст.) і Найноўшы (ад 1918 г. – да нашых
дзён). Новы час падзяляецца на два этапы: афармленне
феадальнай сістэмы і выспявання яе крызісу (15 – канец 18 ст.) ды генезіс і
станаўленне капіталізму, выспяванне крызісу буржуазнага грамадства (канец 18
ст. – 1917 г.). Насуперак логіцы гэтай перыядызацыі праца падзеленая на дзве
часткі, з якіх першая канчаецца Лютаўскай рэвалюцыяй 1917 г., а другая
пачынаецца пасля гэтай рэвалюцыі, а не з 1918 г. Вылучаны ва Уводзінах перыяд канца 18 ст. – 1917 г. у тэксце дзеліцца на два падперыяды:
канец 18 – першая палова 19 ст. і другая палова 19 ст. – люты 1917 г.
Раздзел, у якім выкладаецца першы са згаданых падперыядаў, мае загаловак “Беларусь у складзе Расійскай
імперыі. Крызіс феадальна-прыгонніцкай сістэмы”. З загалоўка вынікае, што
Беларусь толькі тады была ў складзе Расійскай імперыі, бо ў загалоўку
наступнага раздзелу пра Расійскую імперыю ўжо не згадваецца. Да таго ж крызіс
феадальна-прыгонніцкай сістэмы прыходзіцца на перыяд, калі адпаведна Уводзінам адбываецца генезіс
капіталізму. Пад першай паловай 19 ст. падразумеваецца перыяд да канца 50-х гг.
Такім чынам, наступны перыяд пачынаецца згодна савецкай перыядызацыі з адмены
прыгоннага права. У другой частцы выкладанне ідзе паводле перыядаў: 1917 – 1920, 1921 – 1939 (асобны раздзел прысвечана Заходняй Беларусі), 1939 – 1945, 1946-1985, 1985-1997 гг.
Іван Коўкель і Эдмунд Ярмусік наогул не вылучаюць вялікіх перыядаў апрача
перыяду 1569 – 1795
гг. Як можна меркаваць са зместу раздзелаў, пад першай паловай
19 ст. яны разумеюць перыяд да канца 50-х гг. гэтага стагоддзя і бачаць як
цэзуру пачатак 60-х гг. (1861 – 1863). У гісторыі БССР аўтары вылучаюць перыяд 1921 – 1928 і 1928 – 1939 гг. Асобна разглядаюць Заходнюю Беларусь у 1921 – 1939 гг. У пасляваеннай гісторыі вылучаюць перыяды: 1944 – 1955 гг., сярэдзіна 50-х – сярэдзіна
80-х гг. і сярэдзіна 80-х – сярэдзіна 90-х гг. 20 ст.
Аўтарскі калектыў навучальнага дапаможніка па гісторыі Беларусі. вылучыў
перыяды “У складзе Рэчы Паспалітай” і “У складзе Расійскай імперыі”, які заканчываецца гадамі Першай святовай вайны. У
далейшым выдзяляюцца кароткія перыяды: сакавік 1917 – люты 1918 гг. і 1918 – 1920 гг. Наступныя: 1921 – 1927, 1928 – 1939, 1939 – 1945, 1945 – сярэдзіна 50-х гг., сярэдзіна 50-х гг. – сярэдзіна 80-х гг.,
сярэдзіна 80-х – пачатак 90-х гг.
Калектыў аўтараў самага новага падручніка па гісторыі Беларусі праводзіць
ва Уводзінах
перыядызацыю, у якой як асноўны крытэрый прымаецца працэс фармавання
беларускага народу. Вылучаюцца чатыры этапы этнічнай гісторыі Беларусі, з
якіх апошні ахоплівае перыяд з канца 14 ст. да нашага часу. Гэты этап
акрэсліваецца як “час станаўлення, развіцця і ўздыму беларускай народнасці, які змяніўся
перыядам яе размывання паланізацыяй і русіфікацыяй”. На жаль, не ўстаноўлена
цэзура паміж згаданымі перыядамі. Вылучаюцца таксама перыяды 1917 – 1991 гг. і ад 1991 г.
Выйшла з друку толькі першая частка гэтай працы,
завершаная трэцім падзелам Рэчы Паспалітай. Палітычная і сацыяльна-эканамічная
гісторыя 18 ст. падаецца па паловах гэтага стагоддзя, але гісторыя культуры,
літаратуры і мастацтва асвятляецца ў перыяд з другой паловы 17 ст. па 18 ст.
Разгледзім цяпер перыядызацыю паасобных галінаў гісторыі Беларусі –
эканомікі, дзяржавы і права, культуры і літаратуры – у выбраных працах.
Аўтарскі калектыў “Эканамічнай гісторыі Беларусі” ва Уводзінах дэкларатыўна вылучае Новы (16 – пач. 20 ст.) і Найноўшы час (з 1914 г. па
сённяшні дзень). Тым не менш перыядызацыя выкладання зусім іншая.
Перыяд “Развіццё і ўмацаванне феадальнай
гаспадаркі” пачынаецца ў другой палове 13 і канчаецца ў першай палове 17 ст.
Пасля ідуць перыяды “позняга феадалізму” (другая
палова 17 – 18 ст.) і “разлажэння
феадальна-прыгонніцкага ладу і зараджэння капіталістычных адносін” (першая
палова 19 ст.). Далей выкладаецца “станаўленне
капіталістычнай эканомікі Беларусі” ў другой палове 19 ст., але вылучаецца
асобны перыяд “народная” (sic!) гаспадарка
Беларусі ў паслярэформенны перыяд”. Наступныя перыяды – 1900 – 1913, 1921 – 1927, 1928 – 1941
(асобна разглядаецца эканоміка Заходняй Беларусі), 1941 – 1945, 1946 – 1950, 50 – 60-я гг., 70-я – першая
палова 80-х гг., другая палова 80-х – 90-я гг. 20 ст.
Язэп Юхо,
аўтар “Кароткага нарысу гісторыі дзяржавы
і права Беларусі”, вылучыў перыяд “існавання
Рэчы Паспалітай” 17 – 18 ст.,
хаця 17 ст. пачалося ў яго працы з Люблінскай уніі. Наступныя перыяды – “Разлажэнне прыгонніцтва і развіццё капіталістычных
адносін” (першая палова 19 ст.) і перыяд
капіталізму (1861-1917 гг.).
Як відаць, крытэрыем перыядызацыі Я.Юхо лічыць падзеі ў галіне гісторыі
дзяржавы і права.
Аляксей
Вішнеўскі і Іван Саракавік у далучанай да асноўнага тэксту працы “Праграме гісторыі дзяржавы і права Беларусі” вылучылі
перыяды “У складзе Рэчы Паспалітай (XVII – XVIII ст.)”, “У
складзе Расійскай імперыі (канец XVIII – 1917 г.)”, “Утварэнне Беларускай Дзяржаўнасці (1917 – 1921)”, 20 – 30-я
гг. (асобна БССР і Заходняя Беларусь), 40 – 80-я гг., 1990 – 1996 гг.
Ігар
Кузняцоў і Валянціна Шалкапляс дзеляць сваю “Гісторыю дзяржавы і права Беларусі” на “дакастрычніцкі” і „паслякастрычніцкі” перыяды. У канцы дакастрычніцкага
перыяду яны вылучылі перыяды “У складзе
Рэчы Паспалітай” (16 – другая (sic!) палова 18
ст.) і “У складзе Расійскай імперыі” (канец
18 – пачатак 20 ст.). У другой частцы былі вылучаныя
перыяды 1917 – 1921 гг.,
1920 – 1930-я гг. Асобна, па-за
храналагічныя рамкі працы, вынесены перыяд масавых рэпрэсіяў 1930 – 1950-х гг. Далей ужо храналагічна ідуць перыяды 1941 – 1944 гг., 1950 –1980-я гг., 1990-я гг.
Аўтары “Гісторыі культуры Беларусі” Леанід Лыч і Уладзімір
Навіцкі вылучылі перыяды: “Рэчы Паспалітай” (1569 – 1795), “У складзе
Расійскай імперыі” (1795 – 1917). Як відаць, перыядызацыя тут праведзена з увагі на пазакультурныя
крытэрыі. Далей ідуць перыяды: 1917 –
пачатак 30-х гг., 30-я – пачатак 40-х гг., 40-я – сярэдзіна 50-х гг., другая
палова 50-х – першая палова 80-х гг., 1985 – 90-я гг.
Аўтарскі
калектыў “Гісторыі беларускай
дакастрычніцкай літаратуры” вылучыў перыяды 17 – 18 ст., 19 ст., пачатак 20 ст.
У “Гісторыі беларускай савецкай
літаратуры” вылучаны перыяды: 20-х гг., 30-х гг. (асобна асвятляецца літаратура
Заходняй Беларусі), “Вялікай Айчыннай вайны” і
пасляваенны, у якім, як можна меркаваць з яго зместу, вылучаецца яшчэ перыяд,
які пачынаецца з другой паловы 50-х гг.
Падагульняючы гэты агляд, трэба заўважыць, што пераважная
большасць гісторыкаў вылучае “доўгае” 19
ст. Практычна ва ўсіх перыядызацыях яно пачынаеца пасля трэцяга падзелу Рэчы
Паспалітай. Але пры апісанні расійскай палітыкі ў Беларусі аўтары амаль усіх
перыядызацый пачынаюць з падзеяў 1772 г. Такім чынам, на самой справе менавіта
гэты год трэба лічыць пачаткам “доўгага” 19
ст. Канец гэтага стагоддзя вызначаецца па-рознаму – 1914, 1917 і 1918 гг. Але
звычайна разам з падзеямі згаданых гадоў разглядаюцца падзеі 1919, 1920 і 1921
гг. да Рыжскага дагавора ўключна.
Такім чынам
самае “кароткае” 19 ст. вызначаецца гадамі 1895 – 1914. Але часцей яно атрымліваецца вельмі “доўгім” з уступным перыядам 1772 – 1795 гг. і канцавым 1914 – 1941 гг.
Гэтай
мадэлі тэарэтычна супрацьстаіць савецкая перыядызацыя, якая ўстанаўлівае
асноўную цэзуру на 1861 г. Савецкія гісторыкі прымаюць перыяды: (1772)1795 –
другая палова 19 ст. (да канца 50-х гг.) і 1861 – 1917 гг. З другога боку, шмат
несавецкіх гісторыкаў цэзурай лічыць 1863 г. такім чынам, калі назваць цэзуру нейтральна “пачатак 60-х гг. 19 ст.”, аказваецца, што нягледзячы на ідэалагічную
афіліяцыю гісторыкаў, практычна ўсе яны складаюць
перыядызацыю гісторыі Беларусі
аднолькава. Нават гісторыкі паасобных галінаў наогул не спрабуюць вызначаць
уласныя крытэрыі.
На агульным фоне вылучаюцца толькі О.Турчыновіч і М.Шкялёнак, якія асноўную цэзуру ў
гісторыі Беларусі бачылі ў канцы 17 ст., але гэтым самым яны выходзяць па-за храналагічныя межы гэтага разгляду.
Даволі
простай прадстаўляецца мадэль перыядызацыі падзеяў пасля 1921 г. Усе гісторыкі
вылучаюць перыяд 1921 – 1939 (1941), які яшчэ падзяляецца на 20-я і 30-я гады. Далей прынята
вылучаць перыяд 1939(1941) – (1944)1945 гг. Потым найчасцей вылучаюцца перыяды: 1945 – сярэдзіна 50-х гг., сярэдзіна 50-х – сярэдзіна 80-х гг.,
сярэдзіна 80-х гг. – сярэдзіна 90-х гг. Вылучаюцца і іншыя перыяды, у тым ліку
90-х гг., але розніцы тут непрынцыповыя.
Мадэль
выглядае мэтазгоднаю толькі вонкава, паколькі вынікае не з тэарэтычных
меркаванняў, а з неахайнасці і бездапаможнасці асобных аўтараў. Невядома, што
рабіць з перыядам 1772 – 1795 і 1914 – 1921 гг. Як унутраная цэзура могуць быць прызнанымі 1861 або
1863 г., але нельга лічыць 1861 г фармацыйнай мяжой. Надзяленне сялянаў воляй і
зямлёй – гэта гістарычны крок, але ж не адразу з феадалізму ў капіталізм. Яшчэ
менш сур’ёзна выглядае 1917 г. як мяжа паміж капіталізмам і сацыялізмам у
Беларусі. Ніякага сацыялізму ў 1917 г.
у Беларусі не было. Трэць краіны знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. Потым
яшчэ тры гады ішлі ваенныя дзеянні, а трэць беларусаў не ведала сацыялізму яшчэ
цэлае пакаленне.
Механічнае
ўзгадненне перыядызацыі гісторыі Беларусі толькі з адной з магчымых заходнееўрапейскай перыядызацыяй (адлік Новага часу з
16 ст.) падвергнуў знішчальнай крытыцы Генадзь Сагановіч.
Услед за нямецкімі гісторыкамі Л.Баўэрам і Г.Матысам ён гатовы лічыць, што Новы
час “выяўляе пераход ад натуральнай да
грашовай гаспадаркі, ад аграрна-становага грамадства да індустрыяльнай
грамадзянскай супольнасці, ад сярэднявечнай формы дзяржавы (патрыманіяльнай
манархіі) да сучаснай, сацыяльнай”. Наогул Г.Сагановічу самая блізка канцэпцыя “працяглага Сярэднявечча” Жака Ле Гофа. Адносна
Беларусі Г.Сагановіч гатовы прадоўжыць гэтае Сярэднявечча ў 19 ст. ды нават да
нашых дзён.
Безумоўна,
сялянская цывілізацыя існавала ў
Беларусі да 20 ст. На рубяжы 19 і 20 ст.
вясковае насельніцтва складала звыш 80% усяго насельніцтва і звыш 90%
беларускамоўнага. Такі стан практычна не змяніўся і ў першай палове 20 ст.
Аднак гэтая цывілізацыя, нягледзячы на свой кансерватызм, не была нязменнай.
Даволі выразна вымалёўваецца, напрыклад, перыяд фармавання
фальварачна-прыгоннай гаспадаркі. З гэтага часу ў гаспадарцы Беларусі не было
сістэмных пераменаў да 19 ст.
Хаця
савецкая і постсавецкая гістарыяграфія разважаюць пра крызіс
феадальна-прыгоннай сістэмы ў першай палове 19 ст., іх фактаграфія не надта пераканаўчая. Эканамічны заняпад у гэты час можна тлумачыць і
страшным спусташэннем краю ў вайну 1812 г. і марудным экстэнсіўным аднаўленнем
гаспадаркі. Ежы Ахманскі адносна крыху больш эканамічна развітай этнічнай Літвы
сцвярджаў, што “ў сярэдзіне 19 ст. у
сельскай гаспадарцы выступіў нават крызіс, паколькі ўпала пагалоўе быдла,
свіней і авечак, паменшыўся таксама ўраджай. А гэта было не праявай крызісу
феадальнай сістэмы а толькі наступствам неўраджаяў і паморкаў быдла ў 1840 – 1841, 1844 – 1845, 1852 – 1855 гг.” Эканамічны крызіс у Беларусі выглядаў больш цяжкім, чым
у этнічнай Літве і суправаджаўся зніжэннем колькасці насельніцтва. Тым не менш
ён не быў горшым за ранейшыя, якія былі пераадоленыя традыцыйнымі метадамі.
Такім
чынам, можна сумнявацца, ці была сялянская рэформа вынікам крызісу феадальнай
сістэмы, прынамсі на Беларусі. (Таксама як сумняваюцца некаторыя амерыканскія
гісторыкі ў крызісе плантацыйна-нявольніцкай сістэмы ў паўднёвых штатах ЗША
напярэдадні вызвалення неграў федэральнымі ўладамі).
Гістарычным
фактам з’яўляецца тое, што сялянскую рэформу ў
Беларусі ініцыявала расійская дзяржава ў асобе імператара Мікалая І. Рэформа
1861 г. была толькі самым важным звяном у доўгім
ланцугу рэформаў: кісялёўскай, аляксандраўскай,
сталыпінскай і прышчэпаўскай. Перыяд гэтай “працяглай” сялянскай рэформы рэзка супрацьстаіць як усёй папярэдняй, так
і наступнай гісторыі жыцця беларускай сельскай ваколіцы.
Перыяд НЭПу
можна далучыць да перыяду сялянскай рэформы, бо з аднаго боку камісарам сельскай гаспадаркі Зміцерам Прышчэпавым
працягвалася сталыпінская рэформа, а з другога – была канфіскаваная вялікая
землеўласнасць. Трэць гэтай зямлі перадалі сялянам, а астатнюю частку – грамадзе. Гэты крок можна трактаваць, і так звычайна робіцца,
як уступ да калектывізацыі. Але, калі адступіць ад дэтэрмінізму, што
калектывізацыя павінна была наступіць, і разглядаць перадачу зямлі грамадзе ў катэгорыях тыпалагізацыі, дык яе можна лічыць чарговым этапам
аляксандраўскай рэформы, якая на ўсходзе Беларусі была праведзена такім самым
чынам.
Толькі
калектывізацыя азначае безумоўную тыпалагічную змену, прычым працэс
калектывізацыі доўжыўся з 30-х да пачатку 50-х гадоў 20 ст. Нягледзячы на тое,
ці назавем калектывізацыю ўвядзеннем сацыялізму ў сельскую гаспадарку, рэфеадалізацыяй ці
пераходам да азіяцкага спосабу вытворчасці, яна абазначала рашучую змену
накірунку шматвяковага працэсу, але з захаваннем прынцыпу мадэрнізацыі.
Змены ў
сельскай гаспадарцы не абмяжоўваліся толькі сістэмнымі зменамі. Д ўвагі трэба прыняць змену спосабу і роду прадукцыі.
Асноўная змена наступіла ў 80 – 90-я гады 19 ст., калі ў выніку сусветнага аграрнага крызісу заняпала шматвяковая збожжавая гаспадарка Беларусі.
Адбывалася пераарыентацыя гаспадаркі Беларусі. Новая спецыялізацыя ўключала
вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі, перш
за ўсё малочнай, льна- і бульбаводства, агародніцтва і садоўніцтва. Памешчыцкія
гаспадаркі ўводзяць машынную
тэхніку ў вялікім, як на Расійскую імперыю, маштабе. У гэты час паскорыліся і
змены маёмасных адносінаў у сельскай гаспадарцы. З аднаго боку ўзмацнілася
частка памешчыцкіх гаспадарак, з другога –
ламаўся працэс выкупу вялікай землеўласнасці сялянамі і адбывалася маёмасная
дыферэнцыяцыя сялянскіх гаспадарак.
Індустрыяльнае
грамадства нараджалася ў Беларусі вельмі марудна. Першая мануфактура з’явілася
тут у 20-я гг. 18 ст., першая паравая машына праз сто гадоў. Наогул прынята
лічыць, што ў першай палове 19 ст. Беларусь уступіла ў фазу прамысловага
перавароту і перыяду зараджэння капіталізму (у мануфактурнай вытворчасці). Але змены ў спосабах
і адносінах прамысловай вытворчасці не могуць схаваць нікчэмнасці ролі прамысловасці ў жыцці грамадства Беларусі ў перыяд “капіталізму”. Вядома,
што ў 1879 г. у Беларусі было ўсяго 7 800 (!) прамысловых работнікаў.
Паскарэнне
развіцця прамысловасці наступіла толькі ў другой палове 80-х гг. На развіццё
эканомікі ў апошняе дваццацігоддззе 19 ст. прыкметна паўплывала развіццё чыгункі, а таксама банкаўскай справы. Наогул, у гэты час
адбывалася фармаванне сацыяльна-эканамічнага краявіда, на фоне якога нараджаўся
сучасны беларускі нацыянальны рух. Гэты “краявід” існаваў даволі доўга, да пачатку 50-х гг. 20 ст. З
таго часу пачынаецца інтэнсіўная індустрыялізацыя і урбанізацыя. Наступае
сапраўды новы час у гісторыі Беларусі.
З пункту
гледжання гісторыі дзяржавы і права безумоўнай цэзурай з’яўляецца заключэнне
Люблінскай уніі 1569 г. Але лічыць падобнай цэзурай падзел Рэчы Паспалітай ужо
складана. Падзелы былі працэсам, а не адзінкавым здарэннем. На гэтым факце звычайна спатыкаюцца гісторыкі, якія перыяд Рэчы
Паспалітай заканчываюць 1795 г., а перыяд Расійскай імперыі пачынаюць з 1772 г.
Ёсць і
іншая прычына ставіць гэту цэзуру пад пытаннем. Як заўважыў Генадзь Кісялёў: “Звычайна кажуць, што пачатак уз’яднання Беларусі з
Расіяй быў дадзены ў 1772 г. у выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай. Наогул гэта
так, але мы не павінны забываць, што больш за сто гадоў раней, у 1654 г. разам са Смаленскам Расіі дастаўся танюткі краёк
беларускай зямлі”.
Дадам, што немагчыма разглядаць гісторыю дзяржавы і права Беларусі без уліку
Смаленска, паколькі сённяшняя Рэспубліка Беларусь спасылаецца на традыцыю БССР,
заснавальніцкі міф якой звязаны менавіта са Смаленскам.
Што тычыцца
падзелаў Рэчы Паспалітай, дык варта памятаць і аб тым, што першаму падзелу папярэднічала ліквідацыя шляхецкай аўтаноміі Смаленшчыны ў 1768 г.
І пасля другога падзелу ліквідацыя адметнасці Смаленшчыны была актуальнай
праблемай для Кацярыны ІІ.
Першы
падзел Рэчы Паспалітай звычайна трактуецца, як маргінальная падзея. Але гэта была падзея маргінальная ў гісторыі Рэчы Паспалітай,
але не Беларусі. У выніку гэтага падзелу амаль палова беларускага насельніцтва Рэчы Паспалітай і самыя
вялікія беларускія гарады Магілёў, Віцебск ды Полацк апынуліся ў складзе Расіі.
Калі лічыць яшчэ і Смаленшчыну (з беларускай часткай Гетманшчыны), дык можна
сцвердзіць, што з 1772 г. большасць беларускіх земляў і насельніцтва
знаходзілася ў іншай дзяржаве. На гэтай тэрыторыі праводзілася палітыка, якая атрымала свой працяг на беларускіх земляў і ў 19 ст.
Беларуская “стыхія” на землях,
якія засталіся ў складзе Рэчы Паспалітай, была вельмі аслабленая. Паскорана
ішла паланізацыя, замацаваўся падзел на
заходнюю “Літву” і ўсходнюю “Беларусь”. Да таго ж
ліквідацыя дзяржаўнасці Вялікага Княства Літоўскага праводзілася пасля першага
падзелу і з боку Польшчы. Гэтую дзяржаўнасць практычна ліквідавала канстытуцыя 3 мая 1791 г. і толькі дзякуючы “Узаемнаму заручэнню абедзвюх нацый” ВКЛ захавала
аўтаномны статут.
Падзелы
Рэчы Паспалітай не закончылі перыяд зменаў межаў і дзяржаваўтварэнняў на
беларускіх землях. Да 1807 г. у склад Прусіі ўваходзіла Беласточчына. Паўднёвае
Падляшша найперш захапіла Аўстрыя. Пасля яно ўвайшло ў Варшаўскае герцагства
(1807 г.) і Польскае каралеўства (1815 г.).
Апроч гэтага ў 1812 г. на кароткі час
было адноўлена Вялікае Княства Літоўскае на тэрыторыі Віленскай, Гарадзенскай і
Менскай губерняў. Таксама было створанае Часовае
по