|
ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ 20 СТ.
Антысавецкія ваенна-паліцэйскія фармаванні на тэрыторыі Беларусі ў другой сусветнай вайне: Стан і перспектывы даследавання
Аляксей Літвін (Менск)
Праблема супрацоўніцтва савецкіх людзей і насельніцтва акупаваных фашыстамі краінаў са службамі і ведамствамі гітлераўскай Германіі, як і праблема калабарацыянізму ўвогуле да сённяшняга часу з’яўляецца адной з самых складаных у навейшай гісторыі. Дыскусіі выклікае не толькі сам феномен супрацоўніцтва, але і навуковыя вызначэнні, якімі карыстаюцца даследчыкі пры яго вывучэнні. Відавочна, што па шэрагу прычын разглядаемая намі тэма не атрымала, ды па сутнасці і не магла атрымаць, належнага навуковага асвятлення ў савецкай гістарыяграфіі. Галоўнай прычынай было тое, што яна адносілася да ліку забароненых. Савецкая гістарыяграфія падзеяў Другой сусветнай вайны тлумачыла іх з пэўных ідэалагічных пасылак, і там не знаходзілася месца для паказу такіх з’яваў, як калабарацыянізм і ўдзел насельніцтва ў антысавецкіх ваен-ных фармаваннях, а тым больш не дазвалялася гаварыць аб наяўнасці антысавецкага руху ці шырокіх антысавецкіх настрояў сярод насельніцтва часова захопленых гітлераўцамі тэрыторый. Для таго, каб зразумець з’яву калабарацыі, супрацоўніцтва савецкага насельніцтва з нямецкімі захопнікамі, яе прычыны, характар, маштабы і ролю, неабходна ўлічваць як палітычныя, так і духоўныя фактары нацыянальнага гістарычнага працэсу, сацыяльна-класавыя і псіхалагічныя перадумовы фармавання рускага, украінскага, беларускага, літоўскага, латышскага і іншых нацыянальна-вызваленчых рухаў.
Адной з галоўных прычынаў закрытасці гэтай праблемы для савецкіх даследчыкаў было тое, што для савецкай улады яна з’яўлялася перш за ўсё праблемай палітычнай. Рабілася ўсё магчымае, каб усяляк яе прыхаваць і прадставіць праціўнікаў рэжыму як звычайных здраднікаў, пераўтварыць гэтую праблему ў крымінальную. Імя Уласава і яго паплечнікаў у савецкіх пасляваенных публікацыях з моманту абвесткі пра суд і вынясенне смяротнага прысуду дванаццаці здраднікам Радзімы “за актыўную шпіёнскую, дыверсійную і тэрарыстычную дзейнасць” не ўпаміналася да сярэдзіны 50-х гадоў. Дастаткова адзначыць, што нават у выдадзенай у час хрушчоўскай адлігі афіцыйнай гісторыі Вялікай Айчыннай вайны толькі адным радком сказана аб баязлівасці і здрадзе Уласава, якія прывялі да знішчэння 2-й Ударнай арміі на Волхаўскім фронце[1], і ні слова – пра існаванне антысавецкіх ваенных і паліцэйскіх фармаванняў у складзе нямецкай арміі.
Сітуацыя пачала змяняцца ў сярэдзіне 50-х гадоў, калі па амністыі 1955 г. з лагераў былі выпушчаны тыя, хто служыў у гэтых фармаваннях[2]. Лінія партыі па пытанню далейшага абыходжання з “власовщиной” была выкладзена 27 кастрычніка 1959 г. у артыкуле “Именем солдата” галоўнага рэдактара “Литературной газеты” С.С.Смірнова. Артыкул, хоць ацэнкі і вызначэнні “ўласаўцаў” адпавядалі ў ім агульна прынятым клішэ (“РОА – банда здраднікаў, падонкі без гонару і сумлення”), цікавы прызнаннем Смірнова, што ў сваёй большасці яны былі непрымірымымі ворагамі “нашего строя и нашего государства”[3]. Гэта было, па сутнасці, першым прызнаннем іх палітычнымі праціўнікамі сістэмы, прызнаннем уласаўскага руху палітычнай праблемай. І таму ў далейшым было зроблена ўсё магчымае, каб ачарніць Уласава, Рускі Вызвольны Рух[4], а таксама нацыянальныя рухі, якія існавалі ў гады вайны (украінскі, беларускі, польскі, літоўскі, латышскі, эстонскі і г.д.). Актывізацыя гэтай працы была вельмі “актуальнай” у сувязі з пашырэннем актыўнасці замежнай публіцыстыкі па асвятленню “ўласаўскага руху” і нацыянальных рухаў, з распаўсюджваннем у замежнай гістарыяграфіі тэзы аб г.зв. “рускім шанцы”, аб “трэцяй сіле”, аб Рускім Вызвольным Руху, аб дзейнасці на баку немцаў шэрагу антысавецкіх фармаванняў. Інфармацыя пра гэтыя публікацыі (часам і самыя публікацыі) рознымі шляхамі прасочвалася ў краіну. Найбольш давераныя маглі пазнаёміцца з імі ў спецсховішчах. З’яўленне “Архіпелага ГУЛАГ” А.Салжаніцына[5] было сапраўднай “мінай запаволенага дзеяння”, якая ўзарвала ўсе звыклыя дасюль клішэ. Савецкія людзі даведваліся пра змест рамана па перадачах “варожых галасоў” і са шматлікіх адказаў “літаратурнаму ўласаўцу”[6].
Каб паказаць “сапраўдны твар” здраднікаў, было дадзена слова савецкай юрыспрудэнцыі. У 60 – 70 гады былі надрукаваны чатыры дакументальныя матэрыялы пра суд над Уласавым[7], у якіх праводзілася думка, што Уласаў прадаўся немцам, што ўласаўскі рух не што іншае, як звычайная здрада сваёй Бацькаўшчыне, якая не можа быць даравана[8]. Зразумела, што інфармацыя па гэтых пытаннях насіла накіраваны і дазіраваны характар. Наступны ўсплеск публікацыі дакументальных сведчанняў па праблеме адбыўся ў канцы 80-х - пачатку 90-х г., калі ў “Ваеннагістарычным часопісе” была змешчаная серыя публікацый з мэтай паказаць, абапіраючыся на архіўныя матэрыялы следства і суда, у адпаведным свеце Уласава і Рускі Вызвольны Рух[9], а таксама дзейнасць нацыянальных антысавецкіх фармаванняў на баку Германіі[10].
На пачатку 90-х гадоў, у сувязі з развалам СССР рэзка змяніліся акцэнты ў ацэнцы гістарычнага месца і ролі Рускага Вызвольнага Руху, нацыянальных памкненняў прадстаўнікоў нацый і народнасцяў былога СССР падчас Другой сусветнай вайны. У прыбалтыйскіх рэспубліках былыя легіянеры былі фактычна рэабілітаваныя. Тое ж самае адбылося з АУН-УПА на Украіне. Вялізная колькасць літаратуры аб РОА і ўласаўскім руху, дзейнасці казацкіх і нацыянальных фармаванняў у складзе Вермахта з’явілася ў расійскім друку[11]. Адначасова пачалі з’яўляцца публікацыі дакументаў і матэрыялаў, навуковыя артыкулы і кнігі, у якіх уласаўскі рух разглядаецца як частка Рускага Вызвольнага Руху (РОД). Факты, якія прыводзіліся ў публікацыях, нярэдка былі супярэчлівыя, а спектр ацэнак выявіў розныя погляды і падыходы: ад звыклых традыцыйна адмоўных, выкрывальна-абвінаваўчых да спробаў паставіць пад сумненне ўстойлівыя стэрэатыпы і ўхвалення дзейнасці тых, хто ваяваў супраць савецкай сістэмы.
Сярод найбольш значных працаў гэтага накірунку па даследуемай намі праблеме неабходна адзначыць калектыўную працу “Материалы по истории Русского освободительного движения”, якая прадстаўляе сабой серыю зборнікаў артыкулаў, дакументаў і ўспамінаў, падрыхтаваных грамадскай арганізацыяй “Архівам РОА” пад агульнай рэдакцыяй А.В.Акарокава. Ужо выйшла чатыры выпускі[12]. Цікавы матэрыял утрымліваюць публікацыі маладога даследчыка з Санкт-Пецярбурга К.М.Аляксандрава[13]. Праблема стала асвятляцца і ў афіцыйных расійскіх выданнях, дзе ўпершыню зроблена спроба даць новую ацэнку прычынаў таго, чаму савецкія людзі бралі такі актыўны ўдзел у супрацоўніцтве з захопнікамі. У гэтай сувязі неабходна адзначыць фундаментальную абагульняючую працу расійскіх гісторыкаў “Великая Отечественная война 1941-1945. Военно-исторические очерки.”[14]. Як бачым, нават кароткі агляд сучаснай расійскай гістарыяграфіі паказвае, што ў ёй прысутнічае шырокі спектр поглядаў на праблему калабарацыі і супрацоўніцтва насельніцтва СССР з нямецкімі захопнікамі, якія адлюстроўваюць, як пазіцыі супрацьлеглых бакоў, так і ў пэўнай ступені погляды на яе трэцяга боку.
Пэўныя напрацоўкі ў даследаванні гісторыі антысавецкіх ваенных і паліцэйскіх фармаванняў былі і ў беларускай савецкай гістарыяграфіі. Першым “гісторыкам” гэтай праблемы на Беларусі быў Л.С.Цанава, які змясціў главу “Беларускія буржуазныя нацыяналісты – злейшыя ворагі беларускага народу”[15] ў сваёй працы аб усенароднай партызанскай вайне, якая выйшла з друку на рускай и беларускай мовах ў 1949-1951 гг.[16] Хутка пасля выхаду кніжкі Л.Цанава быў арыштаваны. Была забаронена і знікла ў спецсховішчах і яго праца. Аднак ідэалагічныя адзнакі, дадзеныя ў кнізе, яе агульны тон за малым выключэннем захоўваюцца ў айчыннай гістарыяграфіі фактычна да сённяшняга часу.
На працягу 50 – 80-х гадоў у шматлікіх навуковых і мемуарных выданнях па гісторыі Беларусі перыяду Вялікай Айчыннай вайны сталі з’яўляцца асобныя новыя звесткі пра стварэнне і дзейнасць Беларускай Народнай Самапомачы, пра Беларускую Самаахову, Беларускі Саюз Моладзі, Беларускую Цэнтральную Раду (БЦР) і Беларускую Краёвую Абарону, пра дзейнасць у Беларусі брыгады Гіль-Радзівонава, Рускай Нацыянальна-Народнай Арміі (РННА, Асінторф)[17], РОНА[18], беларускіх, украінскіх і літоўскіх паліцэйскіх, уласаўцах і інш. Звесткі гэтыя насілі ў большасці выпадковы характар і не выходзілі за межы абазначаных Л.Цанавам падыходаў[19]. Найбольш значны ўклад у асвятленне тэмы ўносяць працы В.Ф.Раманоўскага[20] . Самай значнай яго працай па даследуемай намі праблеме з’яўляецца манаграфія “Саўдзельнікі ў злачынствах”, якая выйшла ў 1964 г. Як і праца Цанавы, даследаванне В.Ф.Раманоўскага мае акрэслены спецыфічны кантэкст выкрыцця беларускага нацыяналізму, хаця ў ім ужо адсутнічаюць асобныя штампы сталінскага часу[21]. Кніга В.Раманоўскага ўзняла на новы ўзровень барацьбу з беларускім нацыяналізмам, якая працягвалася на саюзным і рэспубліканскім узроўнях таксама і ў 70 – 80-я гады[22]. Асобна трэба адзначыць раздзел “Без рода и племени” ў кнізе “Война в тылу врага” (Вып. 1), якая выйшла ў Маскве ў 1974 г.
Вянцом намаганняў беларускіх савецкіх гісторыкаў па вывучэнню гісторыі Беларусі перыяду Другой святовай вайны з’явілася фундаментальная трохтомная праца “Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны”, якая выйшла з друку ў першай палове 80-х гадоў. Аднак па разглядаемай намі праблеме ў працы пададзены добра вядомы і “ідэалагічна вытрыманы” матэрыял, які не выходзіць за рамкі пануючай лініі. У кнізе нічога не гаворыцца пра ўласаўцаў, пра “ўсходнія” і паліцэйскія батальёны, пра тое, што партызанам у большасці прыходзілася весці барацьбу з казакамі, украінскімі, літоўскімі, латышскімі, беларускімі і іншымі паліцэйскімі і г.зв. “усходнімі” батальёнамі. Усе яны схаваныя ў працы за агульнымі назвамі “немцы”, “гітлераўцы”, “фашысты”, “карнікі” і г.д.
Падводзячы кароткі агляд беларускай савецкай гістарыяграфіі, можна зрабіць выснову, што па ідэалагічным прычынам тэма калабарацыі, супрацоўніцтва насельніцтва СССР з акупантамі або замоўчвалася або асвятлялася аднабакова і тэндэйцыйна. Гэта праяўлялася ў жаданні схаваць маштабы супрацоўніцтва і яго прычыны, сацыяльны і нацыянальны склад удзельнікаў, а таксама ў імкненні паказаць, што ўсё, што адбывалася, было інспіравана немцамі. Сам тэрмін калабарацыянізм (калабарацыя, калабарант) прымяняўся толькі пры аналізе гэтай з’явы на Захадзе[23]. Трэба мець на увазе, што сам тэрмін “калабарацыянізм” не ёсць ні навуковым, ні юрыдычным, ні нават паліталагічным тэрмінам. Ён не мае дакладнага тлумачэння, што спрыяе яго адвольнаму ўжыванню[24].
У той час, калі савецкая гістарыяграфія ўсяляк імкнулася замаўчаць факт існавання шырокага антысавецкага і антысталінскага руху, на Захадзе, у асяроддзі расійскай і савецкай эміграцыі, сярод гісторыкаў і публіцыстаў была іншая тэндэнцыя. Яны імкнуліся ўзняць яго “на шчыт”, паказаць яго палітычны характар, як масавага выступлення супраць савецкай сістэмы. Яшчэ падчас вайны ў эміграцыйным асяроддзі ўзніклі спрэчкі адносна існавання апазіцыі сталінскаму рэжыму сярод савецкага насельніцтва, якое апынулася пад нямецкай акупацыяй. Сярод выдадзеных у 50 – 80-я гады на захадзе навуковых працаў, у якіх у той ці іншай ступені закраналіся асобныя аспекты нашай тэмы, перш за ўсё неабходна адзначыць працу амерыканскага гісторыка Аляксандра Даліна[25]. Тэзіс аб “згубленым рускім шанцы”, аб наяўнасці так званай “трэцяй сілы”, аб “неразумнай акупацыйнай палітыцы Гітлера”, існаванні на акупаванай тэрыторыі групаў насельніцтва, якія не хацелі прызнаваць ні савецкай улады, ні нямецкіх акупантаў, атрымаў развіццё ў працах Дж.Рэйтлінджэра[26], Д.Карова[27], Н.Вакара[28], К.-Г.Клітмана[29], К.Цэнтнера[30], В.Брокдорфа[31].
Аднак найбольш значнымі па даследуемай намі праблеме з’яўляюцца працы Іахіма Хофмана аб усходніх легіёнах[32] і ўласаўскай арміі[33]. Аўтар, на наш погляд, даволі аб’ектыўна паказаў гісторыю Уласава і ўласаўскага руху, адносіны да гэтай з’явы савецкага боку. Ён адзін з першых заходніх гісторыкаў разглядаў яго, як сам пісаў, “з прынцыпова новых пазіцый”[34]. У кантэксце савецкай гісторыі аўтар разглядаў і Нацыянальны рускі рух. Разам з тым неабходна адзначыць, што да прац І.Хофмана, як і да іншых, якія былі надрукаваны ў час “халоднай” вайны, неабходна адносіцца ўважліва, таму што яны не пазбаўленыя пэўнай палітызаванасці і наяўнасці асобных недакладнасцяў, якія, на жаль, паўтараюцца іншымі аўтарамі. Так, І.Хофман, пісаў пра 120-ы полк данскіх казакоў палкоўніка І.Н.Конанава і сцвярджаў, што ва Усходні запасны полк “Цэнтр” (УЗП) уваходзілі батальёны “Бярэзіна”, “Днепр”, “Дзясна”, “Прыпяць”, “Волга”[35]. На самай справе кавалерыйскі эскадрон (батальён) І.Н.Конанава меў спачатку парадкавы нумар 102. У верасні 1942 г. быў перайменаваны ў 600 батальён. Названыя батальёны не ўваходзілі ва Усходні запасны полк “Цэнтр”. Карысныя звесткі, але вельмі кароткія звесткі пра стварэнне і далейшы лёс[36] ўсходніх фармаванняў ёсць у працы Г.Тэсіна[37]. Асобныя факты аб стварэнні і дзейнасці ў складзе нямецкіх войскаў мясцовых фармаванняў, у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі, мы знаходзім у працах Б.Мюлера-Хілебранда[38], Ю.Торвальда[39], Э.Хессэ[40], гісторыкаў былой ГДР Н.Мюлера, Х.Кюнрыха[41], сучасных нямецкіх гісторыкаў Б.К’яры[42], Гартмунда Руса[43], Ленхарда Хармута[44]. Асобна трэба адзначыць кнігу К.Герлаха, прысвечаную нямецкай палітыцы знішчэння насельніцтва Беларусі, у якой аўтар аналізуе спробы стварэння “абарончых вёсак”, а таксама разглядае пытанні аб пасяленнях узброеных фармаванняў Камінскага, казакаў і каўказцаў на тэрыторыі Беларусі[45].
Неабходна адзначыць, што амаль не знайшла адлюстравання ў гістарыяграфіі дзейнасць на тэрыторыі Беларусі латышскіх паліцэйскіх фармаванняў. Коратка згадвалася толькі аб удзеле латышоў у Асвейскай трагедыі. Аналіз архіўных матэрыялаў паказаў, што ў 1942-1944 гг. на тэрыторыі Беларусі дзейнічала адна латышская дывізія (15-я), 2 латышскія паліцэйскія палкі (2-і і 3-і), 1 латышскі памежны полк, 26 латышскіх паліцэйскіх батальёнаў (Schutzmmanschaft b-n)[46]. Дакументы партызанскай разведкі гавораць таксама аб латышскіх гарнізонах і гарнізонах, у складзе якіх былі латышы[47].
Сярод працаў замежных гісторыкаў, якія хоць і не адносяцца напрамую да нашай тэмы, аднак дазваляюць больш глыбока асэнсаваць падзеі ваеннага часу, неабходна адзначыць грунтоўную працу “Фашызм і акупацыя” польскага гісторыка Ч.Мадайчыка, у якой зроблены агляд заходняй калабарацыі і яе складнікаў[48], а таксама працу В.Рынгса[49]. Шмат цікавых звестак пра асобных беларускіх эмігрантаў, іх дзейнасць ў час акупацыі Беларусі, абставінах іх прыезду і жыцця ў ЗША ўтрымліваюцца ў кнізе амерыканскага юрыста Дж.Лофтуса[50], якая выйшла ў 1982 г. у Нью-Йорку[51].
Асаблівай увагі заслугоўваюць пасляваенныя публікацыі былых удзельнікаў ваенных і паліцэйскіх фармаванняў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі. Цікавыя звесткі пра стварэнне і дзейнасць Рускай Народнай Нацыянальнай Арміі (РННА) і РОА мы знаходзім ва ўспамінах немцаў, якія служылі ва ўсходніх фармаваннях і РОА, капітана В.Штрык-Штрыкфельда[52], С.Фроліха[53], рускіх – генерала Б.Хольмстон-Смыслоўскага[54], палкоўніка К.Р.Краміадзі[55]. Асобная інфармацыя аб РОА і іншых фармаваннях, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі ёсць у працах А.Г.Алдана[56], В.П.Арцем’ева[57], Ф.П.Багатырчука[58], А.С.Казанцава[59], А.К.Ленівава[60], В.В.Пазнякова[61], М.В.Шатава[62], протаіярэяў Дзмітрыя Канстанцінава[63] і Аляксандра Кісялёва[64], у мемуарах кіраўнікоў нямецкіх спецслужбаў А.Гелена[65] і В.Шэленберга[66], а таксама ў біяграфіі Уласава, напісанай нямецкім журналістам Свенам Стэенбергам[67]. Аб стварэнні і дзейнасці першага казацкага фармавання (600-га казацкага батальёна (палка)), які дзейнічаў у Беларусі з восені 1941 г., маюцца звесткі ў кнізе К.С.Чаркасава пра генерала І.Н.Конанава[68].
У замежжы друкаваліся таксама артыкулы і ўспаміны беларускіх эмігрантаў. Шэраг з іх у апошняе дзесяцігоддзе былі надрукаваныя ў Беларусі. Для нас найбольшую цікавасць прадстаўляюць працы Р. Астроўскага[69], К. Акулы[70], А. Вініцкага[71], Л. Галяка[72], Л. Геніюш[73], А. Калубовіча[74], Я. Кіпеля[75], В. Кіпеля[76], Ф. Кушаля[77], Я. Найдзюка і І. Касяка[78] , Я.Малецкага аб падзеях на тэрыторыі Беларусі і аб спробах стварэння беларускага войска падчас Другой сусветнай вайны[79]. У дадзены працах паказаныя адрозныя ад савецкага пункту гледжання погляды на падзеі мінулай вайны. Найбольшую цікавасць для нас прадстаўляюць працы пра спробы стварэння беларускага нацыянальнага войска адным з актыўных дзеячаў беларускай вайсковай калабарацыі Ф.Кушалем[80].
Многія факты і звесткі, якія ёсць у мемуарах былых удзельнікаў гэтых падзеяў не толькі ў значнай ступені дапаўняюць архіўныя, але часам з’яўляюцца бадай ці не адзінай крыніцай[81]. Завяршаючы агляд апублікаванай літаратуры неабходна адзначыць, што на сённяшні дзень зроблена значная праца вялікай колькасці людзей па ўвядзенню ў навуковы зварот мноства фактаў свядомага і вымушанага ўдзелу савецкіх людзей у антысавецкіх фармаваннях, іх адносінаў да акупантаў і савецкай улады, да Беларусі і былой Расіі, працэсу пошукаў шляхоў вырашэння з дапамогай акупантаў нацыянальна-дзяржаўных задачаў (стварэнне новай Расіі, Беларусі, Украіны, Прыбалтыкі), краху спадзяванняў і палітычных мрояў, што, несумненна, спрыяе больш глыбокаму разуменню сутнасці гістарычнага працэсу, развіцця падзей на тэрыторыі Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны.
Гарбачоўская перабудова, падзеі, што адбываліся ў другой палове 80-х – пачатку 90-х гадоў, далі небывалы імпульс для пераасэнсавання нашай гісторыі, аднаўлення нацыянальнай свядомасці і грамадзянскай годнасці людзей. Тут неабходна адзначыць дзве кнігі К.І.Дамарада[82], працу А.К.Салаўёва[83], падрыхтаваную на аснове, як адзначыў аўтар, матэрыялаў закрытых фондаў архіваў. На жаль, праца А.К.Салаўёва, нягледзячы на дакументальны матэрыял архіваў дзяржбяспекі, напісаная з пэўных ідэалагічных пазіцый і фактычна нічога не дадае новага да звестак, якія былі вядомы з працаў Цанавы і Раманоўскага.
З пазіцый вострага публіцыстычнага “выкрыцця” беларускага нацыяналізму напісаны працы А.М.Бадуліна[84], што, несумненна, зніжае іх навуковую вартасць.
Этапнай падзеяй для разумення беларускім чытачом працэсаў, якія праходзілі на Беларусі падчас Другой сусветнай вайны, з’явіўся выхад на беларускай мове кнігі польскага даследчыка беларускага паходжання Юры Туронка “Беларусь пад нямецкай акупацыяй”[85]. Галоўная думка гэтай і шэрагу іншых працаў, выдадзеных Ю.Туронкам на польскай[86] і нямецкай[87] мовах, заключаецца ў тым, што падчас вайны ў Беларусі існавалі дзве крайнія плыні – камуністычная і нацыяналістычная, якія развіваліся ў вострай ідэалагічнай і ўзброенай барацьбе, што вызначыла працэс палітычнай палярызацыі беларускага грамадства.
З пачатку 90-х гадоў пасля развалу СССР і стварэння незалежных самастойных дзяржаваў пачаўся новы перыяд у асвятленні падзей гісторыі Беларусі перыяду Другой сусветнай вайны. Па разглядаемай намі праблеме найбольшую цікавасць прадстаўляюць працы В.В.Барабаша, Г.А.Болсун, У.І.Гуленкі, С.У.Жумара, Э.Г.Іофэ, А.А.Кавалені, К.І.Козака, У.К.Коршука, А.А.Мігуновай, Я.С.Паўлава, Р.П.Платонава, Я.С.Розенблата, М.Я.Саванякі, Р.А.Чарнаглазавай, М.Ф.Шумейкі, І.Э.Яленскай і інш.[88]
Актыўную распрацоўку шэрагу пытанняў акупацыйнага рэжыму ў гэты час праводзіў і аўтар дадзенага даследавання. На пачатку 90-х гадоў, у асобных артыкулах[89] , у выступленні на Першым Усебеларускім кангрэсе гісторыкаў[90], у вучэбным дапаможніку для вайскоўцаў “Гісторыі Беларусі” і ў 2-й частцы “Нарысаў па гісторыі Беларусі”[91] была зроблена першая спроба вызначэння метадалагічных падыходаў пры даслеаванні калабарацыі ў Беларусі. Неабходна адзначыць, што дадзены паыход, прыняты зараз у новых падручніках для ВНУ па гісторыі Белаусі[92], атрымаў развіццё ў працах маладых беларускіх гісторыкаў[93].
Такім чынам, на сённяшні дзень зроблена значная праца вялікай колькасці людзей па асэнсаванню праблемаў гісторыі акупацыйнага рэжыму. Разам з тым, ацэньваючы дасягненні айчыннай гістарыяграфіі, і, не адмаўляючы каштоўнасці многіх публікацый, мы вымушаныя канстатаваць, што стан навуковай распрацоўкі даследуемай праблемы не адпавядае патрабаванням часу. Фрагментарнае асвятленне атрымалі толькі яе асобныя моманты. Тэма “Антысавецкія ваенна-паліцэйскія фармаванні на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны” да сённяшняга часу не была прадметам спецыяльнага даследавання як у айчыннай, так і ў замежнай гістарыяграфіі. Не даследаваліся таксама пытанні арганізацыйнай пабудовы, колькаснага складу, матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, парадку падпарадкавання, масава-прапагандысцкай працы сярод фармаванняў, іх функцыянальнага выкарыстання, эфектыўнасці баявой дзейнасці супраць партызанаў. Патрабуюць таксама ўвагі пытанні вайсковай уніформы і стратаў ад баявой дзейнасці і дызертырства.
Праблемы антысавецкага супраціву, нацыянальна-вызвольнага руху, як і праблемы здрадніцтва, калабарацыі, супрацоўніцтва з’яўляюцца вельмі складанымі для асэнсавання і вывучэння па прычынах перш за ўсё аб’ектыўнага парадку. Па гэтай жа прычыне навуковы вынік будзе залежыць ад сумесных намаганняў гісторыкаў, юрыстаў, ваенных псіхолагаў, а, магчыма, і медыкаў-псіхіатраў. Не менш складаныя задачы па асэнсаванню гэтай з’явы стаяць і перад майстрамі літаратуры і мастацтва, каб з дапамогай мастацкіх сродкаў не толькі адцяніць “дыфузную шэрую зону акупаванага грамадства”, але і паказаць бездань трагічнага і гераічнага, усяго, што перажыў наш народ у змрочныя часы нацысцкай акупацыі.
1 История Великой Отечественной войны Советского Союза. В 6-ти т. Т. 2. Москва, 1961. С. 470.
2 Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 17.09.1955 г. аб амністыі савецкіх грамадзянаў, якія ў час вайны супрацоўнічалі з немцамі. Здраднікамі фактычна лічыліся і ваеннапалонныя, але амністыя іх не датычылася. І толькі праз год, 29 чэрвеня 1956 г. ЦК КПСС і Савет Міністраў СССР прынялі пастанову “Об устранении последствий грубых нарушений законности в отношении бывших военнопленных и членов их семей”.
3 Смирнов С. Именем солдата // Литературная газета. 27 октября 1959.
4 Гл.: Хоффман И. История власовской армии. Париж, 1990. С. 263-314.
5 Солженицын А. Архипелаг ГУЛАГ. Париж, 1974.
6 Гл.: Жилин П. Как Солженицын воспел предательство власовцев // Известия. 29 января 1974.
7 Гл.: Титов Ф. «Дело Власова и других» // На страже социалистической законности. Москва, 1968. С. 372-390; ён жа. Клятвопреступники // Неотвратимое возмездие. Москва, 1973. С. 214-234; 2-е изд. Москва, 1979. С.180-196; Тишков А.В. Предатель перед Советским судом // Советское государство и право. 1973. № 2. С. 89-98; Самойлов Д.М. Суд над предателями // Верховный суд СССР. Москва, 1974. С. 371-380; Чистяков Н.Ф. На страже социалистической законности. Москва, 1968.
8 “Судебный процесс над Власовым и его соучастниками по тягчайшим преступлениям перед Родиной обнажил все убожество тех, кто из тщеславия, карьеристских побуждений или по трусости, ради шкурных интересов ревностно служил лютому врагу человечества – германскому фашизму, залившему кровью советского народа нашу священную землю. Советский суд наказал отступников сурово, но справедливо. Изменники Родины, поднявшие руку на свой народ в годы суровых испытаний, не имеют права на жизнь” (Неотвратимое возмездие. Москва, 1973. С. 214-234; 2-е изд. Москва, 1979. С. 196.).
9 Катусев А.Ф., Оппоков В.Г. Иуды. Власовцы на службе у фашизма // Военно-исторический журнал (ВИЖ). 1990. № 6. С. 68-81; Яны ж. Движение, которого не было, или история власовского предательства // ВИЖ. 1989. № 4. С. 18-28; № 7. С. 12-20; № 9. С. 45-51; № 12. С. 31-41; Решин Л.Е.” Wlassow-Aktion”, или Как германское командование пыталось разложить Советскую Армию и ее тыл в 1941-1945 гг. (По материалам и документам вермахта, СС и СД) // ВИЖ. 1992. № 3. С. 22-25; Решин Л.Е. Степанов В.С. Судьбы генеральские… // ВИЖ. 1992. № 10-12; 1993. № 1-3, 5.
10 Алов Г.Г. Палачи // ВИЖ. 1990. № 12. С. 18-21; Литвин Г.А. Крымско-татарские формирования: документы третьего рейха свидетельствуют // ВИЖ. 1991. № 3. С. 89-95; Семин Ю.Н., Старков О.Ю. Кавказ. 1942-1943 годы: героизм и предательство // ВИЖ. 1991. № 8. С. 35-43; Крикунов В.П. Под угрозой расстрела или по доброй воле? О формировании в годы войны немецко-фашистским командованием национальных частей из числа военнопленных РККА и изменников Родины // ВИЖ. 1994. № 6. С. 41-44; Ямпольский В.П. «Мусульманская плаха» для России // ВИЖ. 1996. № 5. С.24-31 і інш.
11 Ермаченков С.В., Почтарев А.Н. Последний поход власовской армии // Вопросы истории. 1998. № 2. С. 94-104; Пальчиков П.А. История генерала Власова // Новая и новейшая история. 1993. № 2. С. 123-144; Раманичев Н.М. Власов и другие // Вторая мировая война: Актуальные проблемы. Москва, 1995. С. 292-312.
12 Материалы по истории Русского Освободительного Движения 1941-1945 гг. (Статьи, документы, воспоминания). Под общей ред. А.В.Окорокова. Вып.1. Москва 1997; Вып. 2. Москва, 1998; Вып. 3. Москва, 1998; Вып. 4. Москва, 1999.
13 Александров К.М. Казачество России в 1941-1943гг.: неизвестные страницы истории // Новый часовой. 1995. № 3. С. 76-95; Ён жа. Восточные войска Вермахта и Вооруженные Силы Комитета Освобождения народов России. ( К истории разведывательных и контрразведывательных служб) // Клио. 1999. № 2(8). С. 171-187.
14 Великая Отечественная война.1941-1945. Военно-исторические очерки. В 4-х кн. Москва, 1998-1999.
15 Цанава Л.С. Всенародная партизанская война в Белоруссии против фашистских захватчиков. Ч.ІІ. Мінск, 1951. С. 642-852.
16 Вядома, што па заданню Цанавы кнігу рыхтавала да друку група супрацоўнікаў КДБ. Гл.: М.Ф.Шумейка. Арганізацыя навуковых даследаванняў па гісторыі Беларусі перыяду Вялікай Айчыннай вайны ў 40-я - 90-я гады // Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны: Праблемы гістарыяграфіі і крыніцазнаўства. Мінск, 1999. С.15.
17 Першымі аб іх дзейнасці расказалі былы начальнік БШПР П.З.Калінін і былы начальнік аператыўнага аддзела БШПР А.І.Бруханаў. Гл.: Калинин П.З. Участие советских воинов в партизанском движении Белоруссии // ВИЖ. 1962. № 10. С. 24-40; Ён жа. Партизанская республика. Москва, 1964; ён жа: Партизанская республика. 3-е перераб. и доп. изд. Минск, 1973; У 1964 г. быў надрукаваны артыкул былога камандзіра партызанскай брыгады «Жалязняк» І.Ф.Ціткова аб пераходзе на бок партызан брыгады Гіля-Радзівонава. (Гл.: Титков И. Выбор оружия: записки партизана // Простор. 1964. №. 4. С. 66-86; № 5. С.78-98). Ціткоў даў вельмі спрошчаную і суб’ектыўную гісторыю гэтага фармавання. Гэта выклікала незадавальненне былога партызанскага чэкіста, беларускага гісторыка К.І.Дамарада, які выступіў з рэцэнзіяй у “Военно-историческом журнале”. Гл.: Доморад К. Так ли должны писаться военные мемуары? // ВИЖ. 1966. № 11. С. 82-93; С.П.Шмуглевский. Рядовые подполья. Минск, 1971.
18 Лобанок В.Е. В боях за Родину. Минск, 1964; ён жа. Партизаны принимают бой. Минск, 1976.
19 Краўчанка І. Падпольны бальшавіцкі друк у Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Мінск, 1950; ён жа. Формы и методы политической работы Компартии Белоруссии в тылу немецко-фашистских зах-ватчиков // Из истории борьбы белорусского народа за Советскую власть и победу социализма. Минск, 1957. С. 200-234; Аблова Р. Это было в Белоруссии (Из истории борьбы молодежи в партизанских отрядах и подполье). Москва, 1957; Партызанская барацьба беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Мінск, 1959; Лобанок В.Е. В боях за Родину. Минск, 1964; ён жа. Партизаны принимают бой. Минск, 1976; С.П.Шмуглевский. Рядовые подполья. Минск, 1971; Мачульский Р. Страницы бессмертия. Минск, 1972; Калинин П.З. Партизанская республика. Минск, 1973; Сачанка І. Беларускія пісьменнікі супраць буржуазных нацыяналістаў // Полымя. 1974. № 10; ён жа. “Хто такія беларускія “патрыёты”? Мінск, 1975; ён жа. Война и публицистика. Мінск, 1980; Дамарад К.І. Зрыў нямецка-фашысцкай мабілізацыі ў Беларускую краёвую абарону // Гісторыя Беларускай ССР. Т. 4. Мінск, 1975, С. 382-388.
20 Романовский В.Ф. Немецко-фашистская оккупационная политика и её крах в Белоруссии (1941-1944 гг.). Автореф. дис… докт. ист. наук. Минск, 1974; ён жа. Преступления германского фашизма в Белоруссии // Вторая мировая война. Материалы научной конференции, посвящённой 20-й годовщине победы над фашистской Германией. В 3-х книгах. Кн. 1. Общие проблемы. Москва, 1966. С. 331-336; ён жа. Против фальсификации истории Белоруссии периода Великой Отечественной войны. Минск, 1975; ён жа. Правда истории против фальсификаторов. Минск, 1985; ён жа. Забвению не подлежит. Минск, 1985.
21 Пісьменнік Іван Чыгрынаў расказваў аўтару, што гэта быў спецыяльны заказ, у якім прапаноўвалася ўдзельнічаць яму і яшчэ камусьці з пісьменнікаў, але ён адмовіўся.
22 Гл.: Националисты” – пособники гитлеровцев. Вильнюс. 1970 (На литовском языке)
23 Гл.: Виллер Ж. Странная война и предательство Виши /Перевод с фр./ Москва, 1962; Гренье Ф. Герои Шатобриана /Перевод с фр./ Москва, 1960.
24 Гл.: Март Нут. Калябарацыянізм // Спадчына. 1996. № 4. С. 210-218.
25 Dallin A. German Rule in Russia 1941-45. A study in Occupation Policiec. London, 1952; 2-e выд. London, 1981.
26 Reitlinger G. A The House Built on sand. The Conflicts of German Policy in Russia 1939-1945. London, 1960. S. 244.
27 Д.Каров. Партизанское движение в СССР в 1941-1945 гг. Мюнхен, 1954. С. 9, 18, 26, 43-45, 80-83, 94.
28 Vakar N.P. Belorussia: the Making of a Nation. A case study. Cambridge, 1956. S.199-200.
29 Klietman K.-G. Die Waffen – SS. Osnabruck, 1965. S. 391.
30Zentner K. Illustrierte Geschichte des Zweiten Wiederstandes in Deutschland und Europa 1933-1945. München, 1966. S. 273-282.
31 Brockdorff W. Geheimkommandos des Zweiten Weltkrieges. München, 1967. S. 267-268.
32 Hoffman J. Deutche und Kalmyken 1942-1945. Freiburg, 1974; Ibid. Die Ostlegionen 1941-1943. Freiburg, 1976.
33 Hoffman J. Die Geschichte der Wlassow Armee. Freiburg., 1984. У 1990 годзе кніга выдадзена ў Пары-жы на рускай мове; Ibid. Kaukasien 1942/1943. Das Deutche Heer und Orientvolker der Sowjetunion. Freiburg, 1991.
34 Хоффман Й. История власовской армии. Париж, 1990. С. 4.
35 Хоффман Й. История власовской армии. Париж, 1990. С. 264-265.
36 У працы прыведзены даты перадыслакацыі батальёнаў на Захад і названыя месцы і злучэнні, дзе яны працягвалі службу, а таксама даты іх расфармавання.
37 Georg Tessin. Verbande und Truppen der deutchen Wermacht und Waffen SS im Zweiten Weltkrieg 1935-1945. Band XІІ. Osnabruck, 1975. С. 263-278. (Аўтар удзячны беларускаму гісторыку С.Я.Новікаву за прадстаўленую ксеракопію працы).
38 Мюллер-Гиллебранд Б. Сухопутная армия Германии 1933-1945. Т.1. Москва, 1956; Müller-Hillebrand B. Das Heer 1933-1945. Frankfurt am Main, 1966. Bd. 3. S. 135.
39 Thorwald J. Wen sie verderben wollen: Bericht des grossen verrats. Stuttgart, 1952.
40 Hesse E. Der sowjetische Partisanenkrieg. 1941-1944. Zurich, Frankfurt, 1969.
41 Мюллер Н. Вермахт и оккупация. (1941-1944). Москва, 1974; Kühnrich H. Der Partisanenkrieg in der Sowjetunion. Berlin, 1963.
42 Chiari B. Alltag hinter der Front. Besatzung, Kollaboration und Wiederstand in Weißrußland 1941-1944. Düsseldorf, 1998; ён жа. Nationale Renaissance, Belorussifizierung und Sowjetisierung: Erziehungs- und Bildungspolitik in Weißrußland 1922-1944, in: JfGO, 42 (1994); ён жа. Deutsche Zivilverwaltung in Weißrußland 1941-1944. Die lokale Perspektive der Besatzungsgeschichte, in: MCM, 52 (1993) S. 67-89; ён жа. Гісторыя як паслядоўнасць катастроф. Беларускі рэгіен як акупаванае грамадства: 1939-1944/47 // Беларускі гістарычны агляд. 1996. Т. 3. Сш. 2. С. 199-211.
43 Рус Г. СД у Баранавічах (1941-1943) у кантэксце лакальнага акупацыйнага рэжыму // Беларускі гістарычны агляд. 1998. Т. 5. Сш. 1(8).
44 Хармут Л. Жизненное пространство на Востоке: Немцы в Белоруссии, 1941-1944 // Неман. 1993. №5. С. 119-160.
45 Gerlach Ch. Kalkulierte Morde: die deutsche Wirtschafts- und Vernichtungspolitik in Wejßrußland 1941 bis 1944. Hamburg, 2000. S. 1036-1052.
46 Litvin A. The Latvian Police Battalions in Byelorussia in 1941-1944 // International Conference «Latvia in The World War». Coference reports June 14-15, 1999. Riga. S. 51-54.
47 НАРБ. Ф. 3500, воп. 1, ад.з.. 858, а. 23.
48 Madajсzуk Cz. Faszyzm i okupacjа. 1938-1945. Poznań, 1984. S. 335-390.
49 Rings W. Life with the Enemy. Collaboration and Resistance in Hitlers Europe 1939-1945. N.Y., 1982.
50 Loftus J. The Belarus secret. Ed.by N.Michers. New York, 1982.
51 Лофтус Дж. Сакрэт брыгады «Беларусь» Пер. з англ. Машынапіс. С. 52.
52 Штрик-Штрикфельд В. Против Сталина и Гитлера. Франкфурт-на-Майне, 1970.
53 Frolich S. General Wlassow: Russen und deutsche zwischen Hitler und Stalin. Köln, 1987.
54 Хольмстон-Смысловский Б. Избранные статьи и речи. Буэнос-Айрес, 1953.
55 Кромиади К.Г. За землю, за волю. На путях русской освободительной борьбы. 1941-1947 гг. Сан-Франциско, 1980.
56 Алдан А.Г. «Армия обреченных». Нью-Йорк, 1969.
57 Артемьев В.П. Первая дивизия РОА. Лондон-Онтарио, 1974.
58 Богатырчук Ф.П. Мой жизненный путь к Власову и Пражскому Манифесту. Сан-Франциско, 1978.
59 Казанцев А.С.Третья сила. Россия между нацизмом и коммунизмом. 3-е изд. Москва, 1994.
60 Ленивов А.К. Под казачьим знаменем 1943-1945. Материалы и документы. Мюнхен, 1970.
61 Позняков В.В. Андрей Андреевич Власов. Сиракузы, 1973.
62 Шатов М.В. Материалы и документы ОДНР в годы 2-й Мировой войны. Нью-Йорк, 1966.
63 Константинов Д. Записки военного священника. Санкт-Петербург, 1994
64 Киселев А. Облик генерала Власова. Нью-Йорк, 1980.
65 Гелен А. Война разведок. Тайные операции спецслужб Германии. 1942-1971. Москва, 1999.
66 Шеленберг В. Лабиринт. Мемуары гитлеровского разведчика. Москва, 1991.
67 Стеенберг С. Власов. Мельбурн, 1974.
68 Черкасов К.С. Генерал Кононов: Ответ перед историей за одну попытку. Мельбурн, 1963. Гл. таксама: Александров К.М. Казачество России в 1941-1943 гг.: неизвестные страницы истории // Новый часовой. 1995. № 3; Литвин А.М. Казачий стан в Беларуси 1941-1944 // Неман. 1996. № 12.
69 Ostrowski R. Fragments from historie Byelorus. London, 1957; Другi Усебеларускi Кангрэс: Матэрыялы, сабр. i апр. на падставе пратакол. запiсаў камiс. БЦР пад рэд. Р.А.Астроўскага. Мюнхен, 1954; За Дзяржаўную Незалежнасць Беларусі. Дакументы і матэрыялы сабраны і падрыхтаваны для публікацыі І.Касяком. Лёндан. 1960.
70 Акула К. Змагарныя дарогі. Мінск, 1994.
71 Вініцкі А. Матэрыялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939-1951 гг. Мінск, 1994.
72 Галяк Л. Успаміны: У 2 т. Б.м., 1982.
73 Геніюш Л. Споведзь. Падр.тэкста, прадм. і камент. М.Чарняўскага. Мінск, 1993.
74 Калубовіч А. Крокі гісторыі: даследаванні, артыкулы, успаміны. Беласток-Вільня-Менск, 1993.
75 Кіпель Я. Эпізоды. Нью Ёрк., 1998.
76 Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мінск, 1993.
77 Кушаль Ф. Спробы арганізацыі беларускага войска пры нямецкай акупацыі Беларусі // Беларускі гістарычны агляд. 1994. Т. 1. Сш. 1; 1995. Т. 2. Сш. 2; 1997. Т. 4. Сш. 1-2; 1998. Т. 5. Сш. 1(8); Кушаль Ф. Спробы стварэння беларускага войска. Мінск, 1999.
78 Найдзюк Я., Касяк І. Беларусь учора і сёньня: Папулярны нарыс з гісторыі Беларусі. Мінск, 1993.
79 Малецкі Я. Пад знакам пагоні. Успаміны. Таронта, 1976.
80 Аўтар меў адносіны да публікацыі працаў Ф.Кушаля ў Беларусі. Гл. каментарыі і ўступны артыкул // Беларускі гістарычны агляд. 1994. Т. 1. Сш. 1. С. 110-118; 1995. Т. 2. Сш. 1. С. 91-94; 1997. Т. 4. Сш. 1-2. С. 202-204, а таксама Пасляслоўе // Кушаль Ф. Спробы стварэння беларускага войска. Мінск, 1999. С.146-158.
81 Яны могуць быць крыніцай як праўдзівай, так і не вельмі дакладнай інфармацыі. Так, у кнізе Героя Савецкага Саюза Р.Н.Мачульскага шмат напісана аб пераходзе на бок партызанаў роты батальёна “Днепр” на чале з яе камандзірам М.В.Сорвіным. (Гл.:Мачульский Р. Вечный огонь. Партизанские записки. Изд. 3. Минск, 1978. С.119-124). На самай справе гэта была рота батальёна “Бярэзіна”. На жаль гэтая памылка паўторана і ў працы беларускага гісторыка К.І.Дамарада. (Гл.: Доморад К.И. Разведка и контрразведка в партизанском движении Белоруссии.1941-1944 гг. Минск, 1995. С. 99).
82 Доморад К.И. Разведка и контрразведка в партизанском движении Белоруссии. 1941-1944 гг. Минск, 1995; Партийное подполье и партизанское движение в Минской области. 1941-1944. Минск, 1992.
83 Соловьев А.К. Белоруская Центральная рада: создание, деятельность, крах. Минск, 1995.
84 Бадулин А. Германские нацисты залили нашу землю кровью. Сегодня немецкий народ кается за грех. Белорусские нацисты возводятся в ранг святых. Кощунство! // Советская Белоруссия. 4 октября 1995 г. С. 3; ён жа. “”Второй белорусский конгресс’’. Под Борисовом уже проходили советские пушки, а в Минске кучка негодяев строила замки на песке // Советская Белоруссия. 27-28 июня 1995 г. С. 3; ён жа. Националист - это человек, сделавший уверенный шаг к фашизму // Советская Белоруссия. 20 июня 1996 г.; ён жа. Германские наци создали «Белорусскую краевую оборону» для уничтожения людей // Советская Белоруссия. 25 августа 1995 г. С. 3; ён жа. Фашиствующие националисты из белорусской «рады доверия» на деле были слугами палачей из СС, такова правда // Советская Белоруссия. 9 августа 1995 г. С. 3; ён жа. Попытки создания «Белорусской народной самопомощи» еще раз показали как далеки были интересы гитлеровских приспешников - местных националистов - от чаяний белорусского народа // Советская Белоруссия. 18 ноября 1995 г. С. 3; ён жа. Германские нацисты и белорусские фашисты создали СБМ, чтобы развратить молодежь // Советская Белоруссия. 6-10 июня 1995 г.
85 Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. Мінск, 1993. Неабходна адзначыць, што асобныя раздзелы кнігі ў 1991 годзе друкаваліся на старонках газеты “Чырвоная змена” (№ 33-43), а таксама з нашай прадмовай ў часопісе “Неман”. (1991. № 10. С. 133-160).
86 Turonek E. Wacław Iwanowski i odrodzenie Białorusi. Warszawa, 1992; Status Białorusi w Komisariatie Rzeszy Ostland // Studia z dziejów ZSRR i Europy Środkowej. 1984. T. XX.; Geneza i działalność Białoruskej Centralnej Rady (grudzeń 1943-czerwiec 1944) // Studia z dziejów ZSRR i Europy Środkowej. 1985. T. XX1.
87 Turonek E. Weissruthenien: Zweifrontenkrieg der Ideologien // Aprassung, Kollaboration, Wiederstand. Kollektiwe Reaktionen auf die Okkupation. Berlin, 1996.
88 Барабаш В.В. Поляки в антифашистской борьбе на территории Беларуси (1941-1944 гг.) Автореф. дис... канд. ист. наук. Минcк, 1999; Болсун Г.А. Противостояние немецкой и советской пропаганды на оккупированной территории Беларуси (1941-1944 гг.). Автореф. дис... канд. ист. наук. Минск, 1999; Гуленко У. Полеская сеч украінскай паўстанцкай арміі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 5. Мінск, 1999; Гуленко В.И. ОУН-УПА и Армия Крайова в Беларуси. К вопросу о деятельности и взаимоотношениях // Старонкі ваеннай гісторыі Беларусі. Вып. I. Мінск, 1992. С. 174-182; Гуленко У. “Акаўцы”, “бульбаўцы”, “аўнаўцы”… Ці былі ў Беларусі антыфашысцкія і адначасова антысавецкія партызанскія фарміраванні або арганізацыі // Звязда. 11 лютага 1993 г.; Жумарь С.В. К вопросу об изучении белорусской антисоветской периодической печати периода Великой Отечественной (1941-1944 гг.) // 1941 год: трагическое и героическое. Минск, 1991. С. 215-218; Жумарь С.В. Оккупационная периодическая печать на территории Беларуси в годы Великой Отечественной войны. Минск, 1996; Иоффе Э.Г. К вопросу о роли коллаборационистов в катастрофе на белорусской земле // Евреи Беларуси. История и культура. Вып. III-IV. Минск, 1998. С.164-178; Каваленя А.А. Прагерманскія саюзы моладзі на Беларусі 1941-1944. Вытокі. Структура. Дзейнасць. Мінск, 1999; Ён жа. Усталяванне акупацыйнага рэжыму: палітыка германскіх улад адносна моладзі // Беларусь у гады Другой сусветнай вайны (1939-1945 гг.). Мінск, 1996. С. 24-42; Каваленя А.А., Мацко А.Н. Национально-демографические процессы в Беларуси (1939-1945) // Нацыянальна-дэмаграфічныя працэсы на Беларусі. Мінск, 1998. С. 30-57; Мігунова А.А. Прапагандысцкая і культурна-асветніцкая дзейнасць нямецкай акупацыйнай улады ў генеральнай акрузе Беларусь. Автореф. дис... канд. ист. наук. Мінск, 1999; Розенблат Е.С Нацистская политика геноцида в отношении еврейского населения на территории западных областей Беларусі. Автореф. дис... канд. ист. наук. Минск, 1999; Чарнаглазава Р.А. Беларуская паліцыя //Беларусь у гады Другой сусветнай вайны: урокі гісторыі і сучаснасць. Мінск, 1995. С. 73-75; Яленская І. Арганізацыя самадапамогі на тэрыторыі Брэсчыны (1941-1944) // Весці Акад. навук Беларусі. Сер. гуманітар. навук. 1998. № 1. С. 66-74; Еленская И.Э. Документы немецко-фашистских оккупационных органов управления и учреждений как исторический источник (по материалам Госархива Брестской области). Автореф. дис... канд. ист. наук. Минск, 1998.
89 Литвин А. К вопросу о восточных воинских формированиях на Беларуси в годы Великой Отечественной войны (1941-1944) // Старонкі ваеннай гісторыі. Вып. 1. Минск, 1992. С. 163-173; ён жа. Белорусская Краёвая оборона. К вопросу о создании белоруского национального войска в годы второй мировой войны // Неман. 1994. № 4. С. 170-191; ён жа. Время ли подводить итоги? // Неман. 1994. № 4. С. 170-190. Ён жа. Беларуская самаахова: да пытання стварэння і дзейнасці // Старонкі ваеннай гісторыі. Вып. 2. Мінск, 1998. С. 39-72; ён жа. Гiсторыя кожным пакаленнем перапiсваецца нанава альбо флiрт багiнi Клiо, да якой трэба прывыкнуць // Лiтаратура i мастацтва. 22 мая 1992 г.; ён жа. Да пытання аб вывучэнні праблемы калабарацыянізму ў вузаўскім курсе сусветнай і айчыннай вайны // Обществоведение в системе современного высшего образования: новые концепции, подходы в теории, методологии и методике преподавания. Тезисы докладов Республиканской научной конференции 23 апреля 1999. Ч. 2. Минск, 1999. С. 88-90 і інш.
90 Калабарацыя на Беларусi ў час Вялiкай Айчыннай вайны // Усебеларуская канферэнцыя гiсторыкаў. Минск, 1993. Ч. I. С. 195-197.
91 Гісторыя Беларусі. Кароткі нарыс. Вучэбны дапаможнік для вайскоўцаў Узброенных Сіл Рэспублікі Беларусь. Частка 5. Мінск, 1993. С. 23-65; Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Ч.2. Пад рэд. М.П.Касцюк, І.М.Ігнаценка і інш. Мінск, 1995. С. 300-302
92 Гісторыя Беларусі: У 2-х ч. Ч. 2. Люты 1917-1997 г.: Вучэбны дапам. Пад рэд. Я.К.Новіка і Г.С.Марцуля. Мінск, 1998. С. 240-244; Ковкель И., Ярмусик Э. История Беларуси с древнейших времен до нашего времени. Минск, 1998. С. 525
93 Сервачынскі І.Ю. Калабарацыянізм на акупаванай тэрыторыі Беларусі (1941-1944) // Весці Беларускага Дзяржаўнага педагагічнага універсітэта. Серыя 3. 1997. № 3. С. 11-14.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"
|