|
ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ 20 СТ.
Праблемы тэрміналогіі ў беларускай гістарыяграфіі
Яўген Мірановіч
(Беласток, РП)
Нягледзячы на вялікія намаганні беларускіх гісторыкаў адарвацца ад савецкай
школы даследавання гістарычных працэсаў, у шматлікіх працах назіраюцца
элементы, якія сведчаць пра шматгадовую ізаляванасць ад святовай навуковай
літаратуры. Асабліва гэта відаць у галіне тэрміналогіі. Такія паняцці, як,
напрыклад, “прагрэс”, “дэмакратыя”, “лібералізм”, “нацыяналізм”, “фашызм” ці
“калабарацыя” ў савецкай гістарыяграфіі найчасцей азначалі штосьці іншае, чым у
еўрапейскіх гуманітарных навуках. Гэта не магло
не паўплываць на стан сучаснай беларускай гістарыяграфіі.
Гісторык, які піша навуковы
артыкул пра лібералізм у Беларусі ў другой палове 19 ст., самой тэмай выклікае
пытанне, якім
чынам, у цалкам феадальнай краіне, паўстала такая ідэалогія. Ужо на пачатку працы ён выклікае здзіўленне чытача
тэзісам, што “ў Беларусі асноўным носьбітам лібералізму была больш заможная шляхта”. Беларускі гісторык называе лібераламі шляхецкіх
рэвалюцыянераў, польскіх канспіратараў і ўсялякіх вольнадумцаў. Але лібералізм
у той час абазначаў цалкам абгрунтаваную канцэпцыю палітычнага, эканамічнага і
грамадскага парадку, прапанаваную мяшчанскай элітай, якая на пачатку 19 ст.
стала галоўнай альтэрнатывай для кансерватыўнай феадальнай ідэалогіі. У
Беларусі па прычыне адсутнасці мяшчанства як істотнай эканамічнай і палітычнай
фармацыі лібералізм у яскасці ідэалогія ніколі не існаваў. Цяжка ўявіць шляхту,
якая б успрымала сваіх падданых у ролі раўнапраўных партнёраў у эканамічным ці
грамадскім жыцці. Дарэчы цяжка дашукацца праяваў лібералізму ва ўсёй Усходняй і
Сярэдняй Еўропе. Канкурэнцыю дамінуючай тут кансерватыўнай ідэалогіі пачалі
ствараць толькі сацыялісты напрыканцы 19 ст.
Яшчэ больш пытанняў выклікае выкарыстанне ў
беларускай гістарыяграфіі тэрміну “калабарацыя”. Пад гэтым словам найчасцей разумеецца супрацоўніцтва з
нямецкімі акупантамі падчас Другой святовай вайны на шкоду сваёй дзяржаве і
свайму народу. Для тых, хто лічыў Савецкі Саюз сваёй Бацькаўшчынай, справа даволі простая – калабарантамі былі ўсе, хто супрацоўнічаў з немцамі.
Праблема аднак у тым, што калі адныя беларусы змагаліся за вяртанне
Бацькаўшчыны, па сутнасці, у расейскі Савецкі Саюз, то другія імкнуліся да
пабудовы нейкай марыянеткавай беларускай дзяржавы ў саюзе з Нямеччынай. Іншыя
змагаліся ў радах Арміі Краёвай за вяртанне “рыжскай мяжы”. Невядома, чаму
толькі прыхільнікаў пранямецкай арыентацыі называюць калабарантамі, асабліва,
калі ўлічваць, што яны ў адрозненні, напрыклад, ад савецкіх фармаванняў
дзейнічалі з мэтай стварэння беларускай дзяржавы. Часам нават гісторыкі, якія
прытрымліваюцца савецкай школы даследавання навейшай гісторыі, маюць клопаты з
вызначэннем пазіцыі беларускіх дзеячоў, што супрацоўнічалі з немцамі. Аляксей
Літвін звярнуў увагу на Вінцука Гадлеўскага, які супрацоўнічаў з фашыстамі, але
перш за ўсё праводзіў працу на беларускай ніве, за што трапіў у польскія і
савецкія спісы на знішчэнне. За дзейнасць
на карысць беларускай справы ён быў закатаваны немцамі. Тым часам амаль ва ўсіх выданнях па гісторыі Беларусі, якія былі напісаныя ўжо ў сувярэннай дзяржаве, В.Гадлеўскі
паказваецца як адзін з галоўных калабарантаў, здраднік беларускага народу.
Не заўсёды адпаведным спосабам выкарыстоўваюцца тэрміны “фашызм” і “камунізм”. У савецкай палітызаванай
гістарыяграфіі на самой справе няма добрай аналітычнай працы пра еўрапейскі
фашызм. Найчасцей ён прадстаўляўся як крайняя форма капіталістычнай фармацыі,
цалкам рэакцыйны ў галіне грамадскіх справаў. Але нават еўрапейскія сацыялісты не
пярэчаць, што як італьянскі, так і нямецкі фашызмы ўвабралі ў сябе шмат чаго з сацыялістычнай
ідэалогіі. Сацыяльную ахову рабочых у дзяржаве Бэніта Мусаліні
можна смела параўноўваць з эпохай Леаніда Брэжнева ў Савецкім Саюзе. Гэта зусім
не значыць, што сацыялістычны характар фашызму робіць яго менш злачынным.
А вось камунізм на практыцы быў вяртаннем у напрамку да феадалізму. Найбольшай
грамадскай групе - сялянам – па сутнасці было накінутае прыгоннае права ў выглядзе пазбаўлення
зямлі і пашпартоў, прымусовай і дармовай працы на калгасным фальварку,
адсутнасці свабоднага выбару месца знаходжання. Ніколі нават у царскую эпоху,
калі пры ўладзе былі дзеячы кансерватыўнай і рэакцыйнай арыентацыі, мільёны
людзей – сялянаў і рабочых – не ператвараліся ў нявольнікаў дзеля рэалізацыі
мэтаў, прыдуманых “найбольш прагрэсіўнымі сіламі савецкага грамадства”.
Не надта добрай формай асвятлення
айчыннай гісторыі лічу акрэсліванне цывілізацыйных працэсаў у Беларусі
тэрмінамі, якімі карыстаюцца гісторыкі для апісання сітуацыі ў Заходняй Еўропе.
Напрыклад, рызыкоўным крокам лічу называць другую палову 19 ст. у Беларусі
эпохай урбанізацыі. У Заходняй Еўропе ў гэты перыяд гарадское насельніцтва
павялічылася ў 3-4 разы. А ў Беларусі – толькі на 14%. Урбанізацыя сюды прыйшла
толькі праз сто гадоў. Нельга характарызаваць гэтым тэрмінам працэсы канца 19
ст., хаця зрухі як у галіне эканомікі, так і ў грамадскай структуры былі
відавочнымі.
Гісторыя як навука патрабуе для
апісання фактычнага стану не меншай дакладнасці чым фізіка ці матэматыка. Калі
гісторык пра гэта забываецца, то ён пачынае ствараць фантастыку, а ў лепшым
выпадку публіцыстыку.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"
|