20
стагоддзе паставіла перад даследчыкамі задачу асэнсавання сацыяльна-эканамічных
і грамадска-палітычных працэсаў, якія адбываліся ў Беларусі на працягу ста
гадоў. Мінулае стагоддзе было для беларусаў багатым на падзеі: адбыліся тры
рэвалюцыі, тры вайны, шмат разоў мяняўся ўклад грамадскага жыцця. Гэта быў час
утварэння беларускай дзяржавы, станаўлення яе на рэйкі сувярэннага развіцця.
Названыя падзеі не маглі не накласці адбітак на развіццё культуры. Яны ў той ці
іншай меры знайшлі адлюстраванне ў беларускай гістарыяграфіі, аб чым пойдзе
далей размова.
Вядома, што 20 ст. пачыналася з пераадолення
вялікіх цяжкасцяў у развіцці ўсіх нацыянальных культур, у тым ліку і
беларускай. Царскі ўрад працягваў палітыку русіфікацыі. З такім становішчам не
маглі мірыцца лепшыя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі. Ад пачатку стагоддзя
набіраў моц нацыянальны рух, які выступаў за развіццё дзяржаўнасці і поўнай
незалежнасці Беларусі, пераадоленне эканамічнай і культурнай адсталасці. Гэтыя
дзеянні ўступалі ў супярэчнасць з асновамі нацыянальнай палітыкі царызму,
скіраванай на ўмацаванне Расійскай імперыі шляхам гвалтоўнай дэнацыяналізацыі і
русіфікацыі народаў.
Праблемы нацыянальна-культурнага
развіцця Беларусі ў канцы 19 –пачатку 20 ст. знайшлі адлюстраванне ў работах
беларускіх гісторыкаў, якія вярнуліся “з небыцця”. У 1992 г. была перавыдадзена
праца Вацлава Ластоўскага,
упершыню ўбачыўшая свет у 1910 г. У пятай частцы кнігі (“Беларусь пад Расіяй”)
канспектыўна паказваецца гісторыя Бацькаўшчыны ў 19 і на пачатку 20 ст., да
1905 г. Аўтар засяроджвае ўвагу на палітыцы русіфікацыі, якую праводзіў царскі
ўрад у Беларусі. Трэба адзначыць таксама працу Усевалада Ігнатоўскага,
якая ахоплівае гісторыю Бацькаўшчыны ад старажытных часоў да 1924 г., калі
адбылося першае ўзбуйненне тэрыторыі БССР. На працягу 1919-1926 гг. убачылі
свет чатыры выданні кнігі. Пятае выданне выйшла ў 1992 г. “Кароткі нарыс
гісторыі Беларусі” значны час з’яўляўся школьным падручнікам.
Багаты фактычны матэрыял па праблемах
культуры канца 19 – пачатку 20 ст. утрымліваецца ў рабоце вядомага гісторыка
Мітрафана Доўнар-Запольскага.
Трагічным быў лёс гэтай працы, завершанай у сярэдзіне 20-х гадоў. 6 лютага 1926
г. па палітычных меркаваннях адказны работнік ЦК КП(б)Б, будучы акадэмік АН
БССР Віталь Сербента даў адмоўную рэцэнзію на рукапіс. Абгрунтоўвалася гэта
“памылковым асвятленнем гістарычных фактаў і свайго роду здзекам над практычным
правядзеннем дыктатуры пралетарыяту і савецкай уладай”.
Пасля забароны да друку рукапіс быў схаваны ў спецыяльных фондах былога
партархіва Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ. Толькі ў 1994 г. работа была
надрукаваная.
Развіццю культуры ў кнізе прысвечаны
тры главы: “Беларуская народнасць і яе культура да эпохі нацыянальнага
адраджэння”, “Нацыянальны накірунак падрыхтоўкі да адраджэння”, “Літаратура
эпохі адраджэння”. Акрэсліваючы значэнне культуры ў развіцці беларускага
этнасу, М.В.Доўнар-Запольскі робіць наступную выснову, якая гучыць запаветам
для нашчадкаў: “Адным са шляхоў, магчыма, найважнейшым, да адраджэння
беларускага народа, да яго самаразвіцця, да культурнага жыцця з’яўляецца
развіццё нацыянальнай культуры і роднай мовы”.
Новы этап у развіцці культуры звязаны з
прыходам да ўлады бальшавікоў. Пачалася рашучая ломка ўкладу папярэдняга жыцця,
усяго таго, што было зроблена раней.. Бальшавіцкія лідэры заняліся тэарэтычнай
распрацоўкай культурнай палітыкі. Гэтымі праблемамі займаліся Уладзімір Ленін,
Анатоль Луначарскі, Мікалай Бухарын, Надзея Крупская і інш. Асноўнай ідэяй
з’яўлялася палажэнне аб існаванні ў грамадстве дзвюх культур – буржуазнай і
пралетарскай. Гэта было грубай памылкай. Культура не можа быць ні буржуазнай,
ні пралетарскай. Яна – з’ява агульначалавечая. Не можа быць мастацтва класавым. Класавай была
ідэалогія бальшавікоў у адносінах да культуры. Пралетарыят бачыўся бальшавіцкім
лідэрам адзіным класам, які ўвасабляў духоўны і маральны прагрэс, накіраванасць
на будучыню. Ігнараваліся духоўныя дасягненні папярэдніх часоў, старая,
непралетарская інтэлігенцыя, якая нібыта з’яўлялася носьбітам буржуазнай
культуры. У.Ленін заклікаў крытычна адносіцца да яе: “[…] Толькі дакладным веданнем культуры,
створанай усім развіццём чалавецтва, толькі перапрацоўкай яе можна будаваць
пралетарскую культуру”.
Тым не менш 20-я гады характарызаваліся
правядзеннем палітыкі беларусізацыі. Асноўнымі яе накірункамі з’яўляліся:
стварэнне сістэмы нацыянальнай адукацыі; перавод на беларускую мову
справаводства партыйнага і дзяржаўнага апаратаў; развіццё беларускай
літаратуры, мастацтва, тэатра, кіно; стварэнне ўмоваў для развіцця культураў
нацыянальных меншасцяў, што пражывалі на тэрыторыі Беларусі.
Беларусізацыя абудзіла да свядомага
нацыянальнага жыцця шырокія слаі беларускага насельніцтва. Народ пачаў будаваць
сваё жыццё на нацыянальнай глебе з улікам эканамічных і духоўных традыцый. За
некалькі гадоў было створана столькі, колькі многія нацыі выпрацоўвалі
дзесяцігоддзямі.
Палітыка партыйна-дзяржаўных органаў
Беларусі 20-х гадоў у галіне нацыянальна-дзяржаўнага і нацыянальна-культурнага
будаўніцтва знайшла адлюстраванне ў зборніках матэрыялаў і дакументаў.
20-я гады азнаменаваліся з’яўленнем першых працаў, прысвечаных развіццю
культуры і навукі, узнікненню
і дзейнасці вышэйшых навучальных установаў.
Характарызуючы ў цэлым літаратуру 20-х гадоў, трэба адзначыць такую яе рысу, як
папулярызатарскі характар. У той жа час яе адрознівалі шматварыянтнасць ідэй,
барацьба думак, дыскусійны падыход да праблемаў выбару шляхоў культурнага
будаўніцтва, формаў і метадаў кіраўніцтва гэтымі працэсамі.
Складаным перыядам у развіцці культуры
з’явіліся
30-я гады, час усталявання і ўмацавання таталітарнага рэжыму. Яго асаблівасцю
з’яўляўся кантроль за ўсімі сферамі жыцця, уключаючы і культуру. Органы
Галоўліта правяралі ўсё, пачынаючы ад тэксту абгорткі для цукерак і заканчваючы
спектаклямі, кнігамі і газетамі. Усталяванне таталітарнага рэжыму ў сярэдзіне
30-х гадоў не магло не адбіцца на гістарычных працах. Ва ўмовах рэпрэсій
гісторыкам лепш было маўчаць. Работ было выдадзена мала.
Працы С.Вальфсона, І.Ільюшына і іншыя насілі агітацыйна-прапагандысцкі
характар, таму гаварыць аб іх навуковым узроўні не прыходзіцца. У работах
вялася грубая барацьба з рэшткамі “схаваўшыхся нацыянал-дэмакратаў”. Асаблівая
ўвага надавалася паказу дасягненняў у культурным будаўніцтве, узвышэнню асобы
І.Сталіна ў гэтай сферы. Да сярэдзіны 50-х гадоў паказ геніяльнай ролі “бацькі
народаў” у развіцці беларускай культуры стаў дамінантай гістарычных
даследаванняў.
Пад прыцэлам сталіншчыны гістарычная
навука Беларусі заставалася і ў пасляваенны перыяд. Гэта было звязана з тым,
што тэрыторыя рэспублікі знаходзілася пад фашысцкай акупацыяй і насельніцтва
даведалася шмат новага з гістарычнага мінулага народа. Паўстала задача
скіраваць нацыянальную самасвядомасць у рэчышча інтэрнацыяналізму. Задачы
гістарычнай навукі ў новых умовах былі вызначаны ў пастанове ЦК УКП(б) “Аб
рабоце ЦК КП(б) Беларусі”, прынятай 25 студзеня 1947 г., дзе адзначалася, што
ЦК КП(б)Б не арганізаваў распрацовак па гісторыі БССР, не забяспечыў стварэнне
бальшавіцкіх навуковых працаў па гісторыі беларускага народа. Ва ўмовах
сталінскага ўціску гэта і немагчыма было зрабіць. Прапаноўвалася накіраваць
намаганні навукоўцаў на распрацоўку “найбольш актуальных пытанняў гісторыі і
культуры беларускага народа”.
Ставілася задача “рашуча развенчваць варожую дзейнасць буржуазных
нацыяналістаў”.
На працягу ўсіх пасляваенных гадоў
беларуская гістарыяграфія развівалася ў накірунку фальсіфікацыі мінулага.
Падыходы да асвятлення гісторыі Бацькаўшчыны, яе культуры вызначаліся тэзісамі
“Аб асноўных пытаннях гісторыі БССР”,
распрацаваных па заданню ЦК КП(б)Б. Яны мелі на мэце “выкласці ў
сістэматызаваным выглядзе важнейшыя пытанні гісторыі беларускага народу,
кіруючыся марксісцка-ленінскім разуменнем працэсу гістарычнага развіцця”.
На справе гэта азначала падмену нацыянальных аспектаў у гісторыі беларускага
народа класавымі, афіцыйнае пацвярджэнне тэзісу пра наяўнасць дзвюх культураў у
кожнай нацыянальнай культуры. Такімі падыходамі вызначалася двухтомная
“Гісторыя Беларускай ССР”.
У першым томе, прысвечаным гісторыі беларускага народу са старажытных часоў да
1917 г., утрымліваецца матэрыял, прысвечаны развіццю беларускай культуры з 19
ст. У духу партыйных дырэктываў тут сцвярджалася, што нацыянальны рух пачатку
20 ст. з’яўляўся нацыяналістычным, такі ж характар мела БСГ. Органам беларускіх
буржуазных нацыяналістаў абвяшчалася газета “Наша ніва”.
У спецыяльнай главе другога тома
асвятлялася развіццё “сацыялістычнай” культуры ў БССР у гады савецкай улады
(1917-1958 гг.). Для вялікай навуковай працы, якая ўтрымлівае багаты фактычны
матэрыял, характэрны безканфліктны паказ культурнага будаўніцтва за 40 гадоў.
Асноўнай навуковай высновай быў паказ клопатаў і вызначальнай ролі бальшавіцкай
партыі ў павышэнні культурнага і агульнаадукацыйнага ўзроўню насельніцтва,
развіцці мастацкай культуры.
Беларуская гістарыяграфія пасляваеннага
дзесяцігоддзя не налічвае ў сваім арсенале значных індывідуальных працаў,
прысвечаных культурнаму будаўніцтву ў БССР. Трэба адзначыць работы П.Саевіча,
С.Умрэйкі і П.Лютаровіча.
Усе яны носяць не навуковы, а агітацыйна-прапагандысцкі характар, вызначаюцца
тэндэнцыйным падыходам, усхваленнем савецкай сістэмы адукацыі і культуры.
Смерць І.Сталіна паклала пачатак новаму
этапу ў развіцці культуры, які ўвайшоў у гісторыю як перыяд палітычнай
“адлігі”, звязанай з прыходам да вяршынь партыйнага і дзяржаўнага алімпу Мікіты
Хрушчова. Яго заслугай стала выкрыццё культу асобы і злачынстваў І.Сталіна,
пачатак рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсій, ажыццяўленне мерапрыемстваў,
накіраваных на пэўную дэмакратызацыю грамадскага жыцця. Была знята “жалезная”
заслона ў міжнародных адносінах, пашыраліся кантакты ў галіне культуры.
У другой палове 50 – 60-я годы
павялічылася колькасць гістарычных даследаванняў, прысвечаных развіццю культуры
Беларусі. Гэтаму спрыяў ХХ з’езд КПСС, дзе была зробленая спроба
пераасэнсавання некаторых пытанняў нацыянальна-культурнага будаўніцтва ў 20 –
40-я годы, ролі ў гэтай справе І.Сталіна, некаторых партыйна-дзяржаўных
дзеячаў, якія былі рэпрэсаваныя, а затым рэабілітаваныя ў пасляз’ездаўскі час.
Паглыбленню разгляду пытанняў культурнага і духоўнага жыцця беларускага народу
садзейнічала пашырэнне доступу да архіўных і некаторых іншых дакументальных
матэрыялаў, зробленае ў гады палітычнай “адлігі”. Убачылі свет работы
П.Сіліванчыка,
І.Ільюшына, С.Умрэйкі, З.Пастуховай, Р.Кісялёва.
М.Красоўскі прысвяціў сваю працу развіццю вышэйшай школы Беларусі[20].
Як адзін з галоўных накірункаў
ідэалагічнай работы КП(б)Б разглядалі палітыку ў сферы культуры А.Пейсаховіч,
Р.Платонаў, М.Лебедзеў, І.Царук, К.Цэлікава, К.Грак.
У гэтых і іншых работах утрымліваецца вялікі фактычны матэрыял, які
характарызуе развіццё розных накірункаў культурнага будаўніцтва ў першыя
дзесяцігоддзі савецкай улады. Нягледзячы на пэўную лібералізацыю палітычнага
жыцця, беларуская гістарыяграфія другой паловы 50 – 60-х гадоў не змагла ў
поўным аб’ёме паказаць складанасці культурнага будаўніцтва. Пад уціскам
ідэалагічных стэрэатыпаў даследчыкамі былі абыдзеныя такія праблемы, як
беларусізацыя, рэпрэсіі супраць інтэлігенцыі, барацьба з “нацыянал-дэмакратамі”
і інш.
На працягу 70-х – пачатку і сярэдзіны
80-х гадоў пашыраўся маштаб даследаванняў па гісторыі культуры Беларусі.
Характэрнай асаблівасцю для большасці работ з’яўляецца тое, што яны нясуць на
сабе адбітак свайго часу. Працы пісаліся пад уплывам нараджанай у суслаўскай
ідэалагічнай лабараторыі канцэпцыі “савецкага народа” як новай гістарычнай
супольнасці. Усе работы замоўчвалі існаванне рэлігійнай культуры, не ўлічвалі
літаратурную, мастацкую, навуковую спадчыну, якая трымалася ў спецыяльных
сховішчах, архівах.
Партыйны кантроль за культурным
будаўніцтвам у пасляваенныя гады стаў прадметам даследавання С.Лукашова.
У рабоце цалкам праігнаравана палітычная сітуацыя ў грамадстве пасля Вялікай
Айчыннай вайны. Такі падыход характэрны і для іншых працаў.
Вялікая ўвага надавалася паказу
ўзаемауплываў, узбагачэнню і збліжэнню культураў народаў СССР.
Такі падыход знайшоў сваё адлюстраванне ў штучнай “інтэрнацыяналізацыі”
нацыянальных культураў. У працах праводзілася думка, што беларуская культура ва
ўзаемадзеянні з моцнымі культурамі іншых рэспублік толькі развівала і дапаўняла
свае важнейшыя элементы. У такіх умовах аналіз сутнасці і прыроды нацыянальнай
культуры ставіўся на другі план. Замоўчваўся крызісны стан беларускай мовы,
працяг працэсу русіфікацыі. Сцвярджалася, што ўплыў рускай мовы на беларускую
садзейнічае словаўтваральнай актыўнасці апошняй[24].
У даследаваннях асаблівая ўвага
надавалася паказу ролі ўстановаў культуры ў ідэйна-палітычным і
маральна-эстэтычным выхаванні людзей.
Выклікае цікавасць праца С.Ганцовай, у якой аўтар паказвае работу
культурнаасветных установаў БССР з 60-х да сярэдзіны 80-х гадоў.
Станаўленне і развіццё сродкаў масавай
інфармацыі, сістэмы мастацкай культуры, дзейнасць мастацкіх і
культурна-асветных установаў па эстэтычнаму выхаванню працоўных асвятляецца ў
манаграфіях С.Марцалева.
Ідэалагічная і арганізацыйная дзейнасць КП(б)Б па станаўленню і развіццю ў
рэспубліцы кінамастацтва разглядаецца ў працы В.Смаля.
Пытанні культурнага будаўніцтва на вёсцы, выхавання сялянства ў духу
сацыялістычнай ідэалогіі даследуюцца ў работах В.Сафонавай, М.Касцюка,
К.Маскоўкінай.
Параўнальны аналіз сацыяльна-культурнага развіцця БССР з іншымі рэспублікамі
даследуе Л.Лыч. У гэтых і
іншых работах
утрымліваецца багаты фактычны матэрыял па розных накірунках культурнага
будаўніцтва ў першыя дзесяцігоддзі савецкай улады. Характэрным для іх
з’яўляецца прапаганда станоўчага вопыту і абмежаваны паказ праблемаў,
супярэчнасцяў, складанасцяў культурнага развіцця, асабліва калгаснай вёскі. У
гэтыя гады працягвалася работа па вывучэнню розных аспектаў дзейнасці вышэйшай
і агульнаадукацыйнай школы.
Гэтай галіне культуры прысвечаны манаграфіі М.Красоўскага, У.Навіцкага і
Я.Новіка, Л.Дразда, Н.Васілеўскай, Н.Красновай, М.Мінкевіча, П.Лапца і інш. Ва
ўказаных працах грунтоўна даследуецца працэс стварэння і развіцця савецкай
сістэмы адукацыі, дзейнасць КП(б)Б, савецкіх органаў, камсамола ў гэтай сферы.
Тым не менш многія пытанні раскрываюцца спрошчана, без аналізу праблемаў,
цяжкасцяў і дапушчаных памылак, з пазіцый класавага падыходу і прынцыпу
партыйнасці.
Праблемы культурнага развіцця знайшлі адлюстраванне
ў абагульняючых працах, прысвечаных гісторыі беларускага народу. У 3-5 тамах
абагульняючай пяцітомнай працы “Гісторыя Беларускай ССР”
на багатым фактычным матэрыяле раскрываецца работа, якая праводзілася ў
рэспубліцы ў 20-30-я гады па ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці
насельніцтва, стварэнню і дзейнасці савецкай сістэмы адукацыі. Значнае месца
адведзена даследаванню пытанняў развіцця літаратуры і мастацтва. Але складаны і
супярэчлівы працэс культурнага будаўніцтва не выходзіў за межы афіцыйна
зацверджанай метадалогіі, суправаджаўся штампамі-высновамі, якія былі
характэрныя як для беларускай, так і ўсёй савецкай гістарыяграфіі. У
прыватнасці, адзначаючы поспехі ў культурным будаўніцтве за гады перадваенных
пяцігодак, рабілася выснова, што “БССР наблізілася да завяршэння культурнай
рэвалюцыі. Яе найбольш важныя задачы да 1941 г. у асноўным былі выкананыя. У
выніку творчага засваення лепшых дасягненняў мінулага і стварэння новых
духоўных каштоўнасцяў склалася новая, сацыялістычная культура, ідэйнай асновай
якой стаў марксізм-ленінізм. Стаўшы на пазіцыі метаду сацыялістычнага рэалізму,
паспяхова развівалася беларуская літаратура і мастацтва”.
Яшчэ большай ідэалагізаванасцю характарызаваліся сюжэты культурнага будаўніцтва
ў калектыўных работах, прысвечаныя гісторыі КПБ, прафсаюзаў, камсамола[34].
Якасна новым асэнсаваннем праблемаў
нацыянальна-культурнага развіцця азнаменаваўся канец 80-х – 90-я гады.
Пачынаючы з канцэпцыі “дэфармацыі сацыялізму”, беларуская гістарыяграфія ў
далейшым адышла ад старых догмаў і стэрэатыпаў пры ацэнцы развіцця грамадства ў
савецкія гады. Даследчыкі зыходзілі з таго, што з канца 20-х гадоў у СССР, у
тым ліку і Беларусі, пачалося фармаванне таталітарнага палітычнага рэжыму, які
канчаткова ўсталяваўся ў пачатку 30-х гадоў. Ён выключаў свабоднае развіццё
культуры шляхам ідэалагічнага ўціску, дэкларавання права партыйнага кіраўніцтва
літаратурай і мастацтвам.
Значны ўклад у распрацоўку праблемаў
фармавання і развіцця беларускай культуры на працягу дзесяці стагоддзяў, у тым
ліку і ў гады савецкай улады, унесла работа Л.Лыча і У.Навіцкага.
Выкарыстоўваючы новыя архіўныя матэрыялы, выданні беларускай эміграцыі,
упершыню ў айчыннай гістарыяграфіі зроблена спроба паказаць складанасць і
супярэчлівасць працэсаў нацыянальна-культурнага развіцця, прааналізавана
ідэйна-палітычная барацьба, якая ў канцы 20-х гадоў вылілася ў жорсткі кантроль
у сферы культуры. Умяшанне партыйна-дзяржаўных структураў у творчы працэс
прывяло да жорсткага ідэалагічнага ўціску, рэпрэсій супраць інтэлігенцыі, якія
набылі асабліва жахлівы характар у сярэдзіне 30-х гадоў.
Поспехі нацыянальна-культурнага
адраджэння 20-х гадоў, прычыны яго скасавання, разгортванне палітыкі
русіфікацыі ў наступныя перыяды развіцця савецкага грамадства разглядаюцца ў
работах Л.Лыча[36].
Спецыяльная калектыўная манаграфія
прысвечана ролі Інбелкульта ў правядзенні палітыкі беларусізацыі.
Аўтары падкрэсліваюць, што першая нацыянальная навуковая ўстанова ў сваёй
дзейнасці вывучала асаблівасці гістарычнага развіцця беларускага народу, яго
традыцыі, культуру, ступень навуковай распрацаванасці мовы. З 1 студзеня 1929
г. Інбелкульт быў рэарганізаваны ў Беларускую Акадэмію навук (БАН). Асаблівасці
яе развіцця ў перадваенны час даследуюцца М.Токаравым.
Стан навукі ў пасляваенны перыяд, падрыхтоўка навуковых кадраў асвятляецца ў
работах Г.Карзенкі.
Фармаванне мастацкай інтэлігенцыі БССР у 20-30-я гг., складанасці яе
ўзаемаадносінаў з уладай знайшлі асвятленне ў манаграфіі Э.Яршовай.
Падрыхтоўка кадраў з пазіцый новых падыходаў у гістарычнай навуцы даследуецца ў
работах, прысвечаных гісторыі асобных ВНУ.
Дзейнасць інтэлігенцыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны раскрываецца ў
манаграфіі У.Кузьменкі[42].
Новым накірункам даследаванняў гісторыі
культуры, правядзенне якіх стала магчымым пасля зыходу з палітычнай арэны
КПСС-КПБ, сталі палітычныя рэпрэсіі 20 – 50-х гадоў. Механізм уздзеяння
сталінскага рэпрэсіўнага рэжыму на нацыянальна свядомую, незалежна думаючую
інтэлігенцыю пад сцягам барацьбы з “нацыянал-дэмакратызмам” раскрываецца ў даследаваннях
У.Адамушкі і У.Міхнюка,
калектыўных работах, прысвечаных гэтай праблеме.
Разам з тым, у беларускай постсавецкай гістарыяграфіі робіцца спроба абяліць
антычалавечую дзейнасць сталінскага таталітарнага рэжыма. Гэта ў першую чаргу
тычыцца манаграфіі А.Залескага.
На яго думку, “у 1937-1938 гг. была разгромлена апошняя буйная
бухарынска-рыкаўская апазіцыя ў УКП (б). Наступныя жалобныя ўрокі гісторыі
паказалі, што поўным разгромам антысацыялістычнай апазіцыі І.В.Сталін
забяспечыў далейшае істотнае развіццё савецкага ладу ў нашай краіне яшчэ больш
чым на пяцьдзесят гадоў”.
З кожным годам беларуская постсавецкая
гістарыяграфія папаўняецца работамі, прысвечанымі прадстаўнікам беларускай
культурнай эліты, якія прымалі актыўны ўдзел ў распрацоўцы і ажыццяўленні
нацыянальна-культурнай палітыкі 20-х гадоў. Палітычная і грамадская дзейнасць
вядомых дзяржаўных і палітычных дзеячоў, работнікаў культуры, імёны якіх былі
невядомыя некалькім пакаленням беларусаў, асвятляецца ў калектыўным выданні,
работах І.Ігнаценкі і А.Караля, А.Мяснікова, Н.Васілеўскай, Я.Янушкевіча,
П.Брыгадзіна і І.Мацяс, М.Ількевіча[48].
Палітычнае і культурнае жыццё БССР у
20-30-я гг. знайшло адлюстраванне ў працах Р.Платонава.
Апроч змястоўных матэрыялаў яны змяшчаюць унікальныя архіўныя дакументы, што
надае гэтым работам крыніцазнаўчы характар.
Культурная палітыка савецкай улады ў
першыя гады НЭПа даследуецца ў манаграфіі М.Бяспалай.
Насуперак стэрэатыпу беларускай гістарыяграфіі аўтар робіць вывад, што новая
культурная палітыка бальшавікоў не ўспрымалася вяскоўцамі па прычыне адыходу яе
ад агульначалавечых духоўных і маральных каштоўнасцяў, ад устойлівых формаў
традыцыйнай культуры. Яна насаджалася мітынгамі, сходамі, лекцыямі,
разнастайнымі масавымі кампаніямі[51].
Моўная палітыка ў БССР, а затым у
Республіцы Беларусь раскрытая ў зборніку,
куды ўвайшлі артыкулы, даследаванні, дакументальныя матэрыялы. Яны распавядаюць
аб гаротным стане беларускай мовы, які склаўся ў цывілізаванай еўрапейскай
краіне ў канцы 20 ст. Даследаванню эвалюцыі дзяржаўнай культурнай палітыкі ў
другой палове 20 ст., раскрыццю асноўных тэндэнцый развіцця міжнародных
культурных сувязяў Беларусі з краінамі Цэнтральнай і Заходняй Еўропы прысвечана
манаграфія В.Шадурскага[53].
Аб’ектыўнасцю вызначаецца даследаванне,
прысвечанае гісторыі канфесій на Беларусі з канца 18 ст. да сучаснасці.
Плённая праца з першакрыніцамі дазволіла аўтарам абвергнуць такія штампы, як
“рэлігія адмірае ў сацыялістычным грамадстве”, “у СССР існавала сапраўдная
свабода сумлення” і інш. У аўтарскіх высновах адзначаецца, што свабода
веравызнанняў у бальшавіцкім разуменні – гэта ўмяшанне ў канфесійныя справы,
гвалтоўнае закрыццё храмаў, рэпрэсіі супраць святароў і вернікаў, прымітыўная і
прымусовая атэістычная прапагада.
Беларуская гістарыяграфія 90-х гадоў папоўнілася
шэрагам калектыўных работ, у якіх разглядаецца культурнае жыццё беларускага
народа ў 20 ст. Багаты матэрыял па развіццю культуры і навукі пачатку 20
стагоддзя ўтрымліваецца ў калектыйнай манаграфіі “Очерки истории науки и
культуры Беларуси ІХ – начало ХХ в.”
Новымі падыходамі да асвятлення
праблемы вызначаюцца “Нарысы гісторыі Беларусі”.
Аўтарам удалося аб’ектыўна паказаць развіццё культуры 20 ст. Аналізуюцца недахопы, пралікі, складанасці, і, у
першую чаргу, палітычныя рэпрэсіі супраць беларускай інтэлігенцыі. Да
грамадскасці была даведзена падвіжніцкая дзейнасць шэрагу прадстаўнікоў навукі
і культуры, імёны якіх доўгія гады замоўчваліся па прычыне залічэння да
“ворагаў” народа.
У іншым ключы гэтыя складаныя праблемы
разглядаюцца аўтарскім калектывам дапаможніка для студэнтаў вышэйшых
навучальных установаў “Гісторыя Беларусі”.
Прычыны рэпрэсіяў супраць “інтэлекта нацыі” аўтарамі бачацца не ў сталінскай
тэорыі абвастрэння класавай барацьбы па меры прыбліжэння да сацыялізму, не ў
стварэнні “троек” і спецыяльных нарадаў, вяршыўшых суд над ахвярамі, не ў
дзейнасці шырокай сеткі лагераў для зняволеных пад кіраўніцтвам сумнавядомага
ГУЛАГа, а ў паводзінах людзей, якія не вытрымліваючы ідэалагічнага ўціску,
рабілі ўсё дзеля таго, каб застацца жыць. “Да цяперашняга часу не выяўлены
сапраўдныя прычыны рэпрэсій, - адзначаецца ў дапаможніку. - Амаль нічога не
гаворыцца (ці гаворыцца мала) пра даносы, паклёпы, бесчалавечнасць, кар’ерызм
вельмі многіх дзеячаў культуры…”
З гэтага вынікае, што прычынай рэпрэсій з’яўляліся даносы, паклёпы, якія
запаланілі грамадскае жыццё 30-х гадоў. Але на самой справе, гэта была не
прычына, а наступствы вакханалій, якія разгарнуліся з пачатку 30-х гадоў пад
кіраўніцтвам І.Сталіна.
Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі
адкрыла новы этап у даследаванні яе гісторыі і культуры за мяжой. Устанаўленне
дыпламатычных адносінаў, адкрыццё пасольстваў узмацніла цікавасць да Беларусі з
боку дзяржаўных і палітычных структураў, навуковай грамадскасці замежных
дзяржаваў. У англамоўнай літаратуры сярод даследчыкаў беларускай праблематыкі
найбольш вядомы ўраджэнец Беларусі Янка Запруднік, які пражывае ў ЗША. У 1993
г. у гэтай краіне выйшла з друку яго кніга “Беларусь на гістарычных
скрыжаваннях”. У 1991 г. яна была перакладзеная на беларускую мову[59].
Актыўна фармуецца навуковая школа па
праблемах беларускай гісторыі ў Германіі і ў Аўстрыі. Па гэтай тэматыцы
працуюць больш 10 даследчыкаў. Прадстаўляе цікавасць работа навуковага
супрацоўніка універсітэта ў Канстанцы (ФРГ) Райнера Лінднера[60].
Узмацнілі работу па даследаванню
культуры Беларусі беларускія навукоўцы з Польшчы. У першую чаргу трэба
адзначыць працы Гелены Глагоўскай
і Яўгена Мірановіча[62].
Такім
чынам, гісторыкамі Беларусі зроблена вялікая праца па вывучэнню гісторыі
культуры 20 ст. Тым не менш, патрэбная арганізацыя навуковай працы па пашырэнню
і паглыбленню даследаванняў, стварэнню задзелаў для напісання ў будучым
шматтомнай гісторыі культуры Беларусі, як гэта робіцца на Украіне, іншых
краінах былога СССР. Давядзецца дэталёва акрэсліць асноўныя этапы культурнага
развіцця, іх характэрныя асаблівасці. Чакаюць даследавання такія праблемы, як
структурная паўната беларускай культуры па тых ці іншых этапах гістарычнага
развіцця, асаблівасці беларускай культуры, нацыянальная псіхалогія і
менталітэт, уклад беларускай культуры ў скарбонку еўрапейскай і святовай
культуры.