У поліэтнічных грамадствах (з якіх пераважна і складаецца
агульначалавечая супольнасць) існуе відавочная сувязь паміж этнічнасцю і
палітыкай. Гэтая сувязь выяўляецца: 1) ва ўплыве этнічнай прыналежнасці людзей
на іх палітычныя арыентацыі і паводзіны; 2) у наяўнасці палітычных партый і
арганізацый, якія апелююць да пэўных этнічных супольнасцяў, імкнуцца выказваць
іх групавыя інтарэсы; 3) у ажыццяўленні дзяржавай, яе ўладнымі структурамі
мэтанакіраваных захадаў па стварэнні спрыяльных (ці неспрыяльных)
палітыка-прававых і культурна-сацыяльных умоваў для захавання, жыццядзейнасці і
развіцця таго або іншага этнасу. Уся сукупнасць узаемадачыненняў паміж
этнічнасцю і палітыкай абазначаецца ў грамадазнаўстве тэрмінам “этнапалітыка”.
Палітычная гісторыя краіны, разгледжаная скрозь прызму ўздзеяння на яе
этнічнага фактару, будзе, такім чынам, уяўляць сабой “этнапалітычную гісторыю”.
Натуральна, што адзначаны ракурс даследавання цалкам дастасоўны і да гісторыі
шматэтнічнай Беларусі. Ні ў якім разе не замяняючы іншыя вымярэнні гістарычнага
працэсу (эканамічнае, дэмаграфічнае, сацыяльна-класавае, канфесійнае,
гісторыка- псіхалагічнае і г.д.), такое бачанне дазваляе заўважыць тыя аспекты
і спружыны грамадска-палітычнага жыцця, якія могуць быць нераспазнавальныя з
іншых назіральніцкіх пазіцый.
Асаблівую цікавасць у плане этнапалітычнай гісторыі
ўяўляюць першыя два дзесяцігоддзі 20 ст., калі Беларусь разам з усёй
Цэнтральна-Усходняй Еўропай перажывала адну з вызначальных стадый працэсу
мадэрнізацыі. Выкліканы гэтым феномен г.зв. палітызацыі этнічнасці выяўляўся ў
інтэнсіўных пошуках насельнікамі рэгіёну сваёй нацыянальнай тоеснасці;
узмоцненых памкненнях этнічных супольнасцяў да нацыянальна-дзяржаўнага
самасцвярджэння. Вывучэнне канкрэтна-гістарычнай спецыфікі дадзеных з’яваў у
Беларусі дапамагае больш глыбокаму разуменню шляхоў пабудовы і лёсу беларускай
дзяржаўнасці ў 20 ст.
Зразумела, што ў савецкія часы (за выключэннем, хіба,
1920-х гг.) гістарычная навука не мела магчымасці засяродзіцца на даследаванні
названых сюжэтаў. Пры манапольным дамінаванні класавага падыходу, калі палітычная
гісторыя фактычна зводзілася да барацьбы бальшавіцкай партыі за захоп і
ўтрыманне ўлады, прысутнасць этнічнага фактару ў палітыцы магла быць засведчана
толькі вельмі своеасаблівым чынам. Напрыклад, у даследаваннях кшталту
манаграфіі А.Хацкевіча аб удзеле польскіх левых радыкалаў (“польскіх
інтэрнацыяналістаў”) ва ўсталяванні на Беларусі савецкай улады. Тым не менш і пад прэсам афіцыйнай ідэалогіі ў
публікацыях найбольш праніклівых і добрасумленных навукоўцаў знаходзілі
праўдзівае адлюстраванне некаторыя аспекты этнапалітычнай гісторыі. Класічным
прыкладам тут можа служыць праца М.Біча па гісторыі сацыял-дэмакратычнага руху
ў Беларусі ў 1883-1903 гг. Насуперак тагачасным ідэалагічным схемам, аўтар
устанавіў перавагу Бунда ў сацыял-дэмакратычных арганізацыях беларускіх
губерняў на мяжы 19 – 20 ст. і тым самым дэ-факта канстатаваў уплыў этнічнага
чынніка на адпаведны фрагмент палітычнай рэчаіснасці.
Уключэнне этнапалітычных аспектаў часам было непазбежным,
яно дыктавалася самой логікай даследавання некаторых тэмаў: барацьбы вакол
выбараў у Дзяржаўную думу Расіі і ў земствы (К.Шабуня, М.Марцюхова, М.Забаўскі), гісторыі палітычных партый краю, большасць якіх
фармавалася на этнанацыянальнай аснове. (А.Малашка, Э.Ліпецкі, У.Салашэнка,
М.Сташкевіч), станаўлення беларускай нацыі і ажыццяўлення
нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва (Я.Карнейчык, Н.Каменская, І.Ігнаценка,
В.Круталевіч).
Аднак у савецкія часы даследчыкі былі пазбаўленыя
магчымасці наўпрост ставіць і вырашаць пытанні аб ролі этнічных супольнасцяў Беларусі
як аб’ектаў, так і суб’ектаў гісторыі.
Распад Савецкага Саюза фактычна па лініях нацыянальных
падзелаў рэзка абвастрыў цікавасць да этнапалітычнай праблематыкі. З утварэннем
Рэспублікі Беларусь увага гісторыкаў найперш засяродзілася на гісторыі яе тытульнага
этнасу – беларусаў. Адно з прыярытэтных месцаў у айчыннай гістарыяграфіі заняло
вывучэнне беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, беларускіх партый, жыцця і
дзейнасці іх лідэраў, працэсу станаўлення беларускай дзяржаўнасці (М.Біч,
І.Ігнаценка, Р.Платонаў, М.Сташкевіч, А.Сідарэвіч, У.Міхнюк, М.Забаўскі,
В.Мазец, А.Багдановіч, Н.Глушакова і многія іншыя).
Напрацоўкі названых і іншых аўтараў дазволілі запоўніць
шматлікія лакуны ў гісторыі барацьбы беларусаў за самавызначэнне. Разам з тым
варта заўважыць, што гэтыя сюжэты вывучаліся хаця і дэталёва, але часам без
дастатковай увязкі з іншымі працэсамі ў краі і вакол яго. Асобныя факты і
падзеі з гісторыі беларусаў нярэдка разглядаліся ізалявана, не на ўсю моц
выкарыстоўваліся магчымасці гістарычнай кампаратывістыкі, у прыватнасці, у
плане параўнання феноменаў палітычнай мабілізацыі тытульнага і іншых этнасаў.
Паказальна, аднак, што з уздымам беларускага адраджэння ў
пачатку 1990-х гг. аднавіліся навуковыя штудыі і над гісторыяй астатніх
этнічных супольнасцяў краю, якія былі спыненыя ў 1930-х гг. разам са
згортваннем беларусізацыі.
У плане вывучэння этнічнай гісторыі пачатку 20 ст., бадай, найбольш
пашанцавала палякам Беларусі. Дзякуючы інтэнсіўнай распрацоўцы гэтай тэмы
А.Смаленчуком айчынная гістарыяграфія ўзбагацілася цэлым комплексам
даследаванняў, якія ўвенчаныя манаграфіяй пра польскі рух у Беларусі і Літве
напярэдадні і ў перыяд Першай расійскай рэвалюцыі.
Аўтар раскрывае палітыку царызму ў адносінах да польскага і каталіцкага
насельніцтва; аналізуе грамадска-палітычную, гаспадарчую і культурніцкую
дзейнасць мясцовых польскіх землеўласнікаў, інтэлігенцыі, касцёла; прасочвае і
па-новаму ацэньвае палітычную дыферэнцыяцыю ў асяроддзі польскай грамадскасці
краю; паказвае ўтварэнне і дзейнасць польскіх партый і органаў друку; асвятляе
выбарчыя кампаніі сярод палякаў Беларусі і Літвы ў Дзяржаўную думу Расіі;
разглядае працу польскіх дэпутатаў у Думе і Дзяржаўным савеце і г.д. Прынцыпова
важна тое, што даследчык пераадольвае традыцыйнае для беларускай гістарыяграфіі
“канфрантацыйнае” бачанне месца і ролі палякаў у гісторыі краю, падкрэслівае
моманты паразумення і супрацоўніцтва паміж польскім, беларускім і літоўскім
этнапалітычнымі рухамі. Хаця ў апошнія гады ўбачылі свет некалькі прац і іншых
аўтараў – пра польскі грамадска- палітычны рух у Беларусі і Літве на мяжы 19 –
20 ст. (кандыдацкая дысертацыя Р.Літвінёнак),
арганізацыі ППС на Беларусі (І.Яцкевіча, Ю.Кітуркі)
– публікацыі А.Смаленчука застаюцца на сённяшні дзень пэўным узорам для
даследавання палітычнай гісторыі не толькі польскай, але і іншых этнічных
супольнасцяў Беларусі.
Яўрэйская тэматыка, у адрозненне ад польскай, распрацоўваецца ў апошняе
дзесяцігоддзе значна большым колам айчынных даследчыкаў. У Віцебску выходзіць
часопіс беларускіх яўрэяў “Мишпоха”. Выключна цікавыя марэтыялы, у т.л.
грунтоўнейшыя бібліяграфічныя падборкі, друкуюцца ў навуковых зборніках “Евреи
Беларуси: история и культура” (вып. 1-5, 1997-2000). Вялікі навукова-папулярны
нарыс гісторыі беларускіх яўрэяў выдаў Э.Іофе.
Ю.Функ паспрабавала зрабіць комплекснае даследаванне прававога, эканамічнага,
сацыяльна-культурнага становішча яўрэйскай супольнасці ў канцы 19 – пачатку 20
ст..
Гэтыя ж аспекты гісторыі яўрэяў разглядаюцца ў асобных публікацыях В. Бацяева,
С.Кузняевай, Э.Савіцкага, І.Герасімавай, А.Кіштымава, Л.Смілавіцкага, А.Скіра,
В.Зайкі і іншых аўтараў.
Што датычыць палітычнай гісторыі беларускага яўрэйства, то яна выглядае менш
распрацаванай. Так, з дзесятка яўрэйскіх партый, што дзейнічалі ў краі на
пачатку 20 ст., увагу даследчыкаў па-ранейшаму прыцягвае толькі Бунд. Яго
гісторыі прысвечаны капітальны зборнік дакументаў і матэрыялаў,
а таксама працы Я.Розенблата, І.Яцкевіча.
У публікацыях М.Шчаўлінскага і М.Сяменчыка робіцца спроба прааналізаваць
палітыку Бунда і іншых яўрэйскіх арганізацый па нацыянальнаму пытанню ў гады
Першай святовай вайны і Расейскай рэвалюцыі 1917 г.
У цэлым, аднак, вывучэнне працэсу палітычнай мабілізацыі яўрэйскіх масаў
Беларусі, у т.л. ступені іх удзелу ў нацыянальным руху за адрадженне яўрэйскай
дзяржавы ў Палестыне (сіянізме), пакуль што чакае свайго даследчыка.
Як ні парадаксальна, роля рускай (вялікарускай) дыяспары ў
грамадска-палітычным жыцці пачатку 20 ст. вывучана яшчэ слабей. Часткова гэтае
пытанне закранаецца ў навучальным дапаможніку П.Чыгрынава.
У артыкулах Г.Каспяровіч даецца этнадэмаграфічная характарыстыка рускіх на
Беларусі. У.Конанам і С.Кузняевай ракрываюцца механізмы вялікарускай культурнай
экспансіі. В.Зайка асэнсоўвае супярэчнасці фармавання рускай нацыянальнай
свядомасці ў краі на мяжы 19 – пач. 20 ст.
Бадай, толькі В.Міхедзька падыходзіць да праблемы палітычнай арыентацыі
перасяленцаў з Расіі, звяртае ўвагу на абумоўленасць гэтых арыентацый як
сацыяльна-эканамічнымі, прававымі, адміністрацыйнымі дэтэрмінантамі, так і
соцыякультурнымі, этнаканфесійнымі, ментальнымі чыннікамі[18].
Адносна малыя па колькасці этнічныя групы Беларусі – украінцы, латышы,
літоўцы, немцы – прадстаўлены ў сучаснай айчыннай гістарыяграфіі публікацыямі
Г.Курыловіч, В.Лукіна, У.Тугая, С.Токця, В.Цітова, А.Кіштымава.
Як правіла аўтары засяроджваюцца на сацыяльна-эканамічных, дэмаграфічных,
культурна-побытавых баках жыцця пералічаных этнасаў. Толькі І.Канапацкім
зроблена спроба паказаць удзел у палітычных падзеях Беларусі, Літвы і Польшчы
прадстаўнікоў такой самабытнай этнаканфесійнай групы як беларускія
татары-мусульмане[20].
Беглы агляд сучасных айчынных публікацый па этнапалітычнай гісторыі
Беларусі пачатку 20 ст. сведчыць пра нязменную цікавасць навукоўцаў да гэтай
праблематыкі. Разам з тым аналіз стану навуковай распрацоўкі дадзенага
тэматычнага блоку высвечвае нявырашаныя праблемы і падказвае напрамкі далейшых
творчых пошукаў.
Так, даследчыкі сутыкаюцца са значнымі цяжкасцямі пры вызначэнні этнічнай
структуры насельніцтва Беларусі на мяжы 19 – 20 ст., асабліва пры падліках
абсалютнай колькасці і ўдзельнай вагі славянскіх этнасаў (а без гэтага
праблематычна весці прадметную гаворку пра ролю кожнага з іх у
грамадска-палітычным жыцці). Цяжкасці абумоўлены не толькі спецыфікай
тагачасных крыніцаў, але і адсутнасцю адназначных крытэрыяў для
этнанацыянальнай ідэнтыфікацыі пэўных групаў насельніцтва (беларускамоўных
каталікоў, праваслаўных жыхароў беларуска-ўкраінскага і беларуска-рускага
памежжаў). Таму, безумоўна слушным з’яўляецца пажаданне А.Смаленчука калегам
“распачынаць даследаванне нацыянальнай структуры насельніцтва з вызначэння
паняцця “нацыянальнасць” для розных гістарычных перыядаў. Але пытанне, што ёсць
нацыя, - канстатуе далей аўтар, - звычайна застаецца без адказу”.
Нельга не заўважыць, што выразнага адказу не ўтрымлівае і манаграфія самога
А.Смаленчука, хаця тэрмін “нацыя” і вытворныя ад яго (“нацыянальнасць”,
“нацыянальная прыналежнасць”, “нацыянальная свядомасць”) а таксама паняцце
“палітычная нацыя” шырока выкарыстоўваюцца ў тэксце.
Дадзены прыклад паказвае на неабходнасць надання больш сур’ёзнай увагі
тэарэтыка-метадалагічным асновам даследавання этнапалітычных працэсаў, сведчыць
пра неабходнасць удасканалення нашага катэгарыяльнага апарату.
І яшчэ
адзін момант. Паралельна з нарошчваннем ведаў аб палітычнай гісторыі кожнай
этнічнай супольнасці паасобку паўстае задача вывучэння ўзаемадзеяння,
узаемаўплываў, узаемасувязяў розных “этнапалітычных патокаў” у маштабе ўсёй
Беларусі, трактуемай як складанаарганізаваны, шматаблічны, але цэласны суб’ект
гісторыі. Асабліва цікавым і актуальным выглядае даследаванне адносінаў з боку
тутэйшых дыяспараў да беларускай ідэі, беларускага нацыянальнага руху і
ўтварэння беларускай дзяржаўнасці. Як і наадварот: аналіз стаўлення тытульнага
этнасу і яго грамадска-палітычных інстытутаў да нацыянальнага абуджэння іншых
этнічных супольнасцяў краю. Патрэба ў такіх даследаваннях ужо добра
ўсведамляецца гісторыкамі, пра што сведчаць тэмы шэрагу дакладаў на навуковых
форумах 2000 г.: “Яўрэі Беларусі і праблемы беларускай дзяржаўнасці ў канцы
1917-1918 гг.” (В.Мазец) і “Яўрэйскае пытанне і палітыка ўрада БНР у 1918-1923
гг.” (І.Герасімава) – на канферэнцыі “Яўрэйская цывілізацыя Усходняй і
Цэнтральнай Еўропы” (студзень 2000 г., Менск), “Ідэя яўрэйскай
культурна-нацыянальнай аўтаноміі ва ўрадзе БНР у 1920 – 1923 гг.”
(І.Герасімава) – на канферэнцыі “Змаганне за беларускую дзяржаўнасць у ХХ ст.”
(кастрычнік 2000 г., Беласток), “Польская грамадскасць Меншчыны і беларускі
нацыянальны рух 1917-1918 гг.” (А.Смалянчук) і “Беларуская справа ў поглядах
мінскіх палякаў у перыяд з лютага 1917 да сакавіка 1918 г.” (Д.Тарасюк) – на
2-й сесіі ІІІ міжнароднага кангрэса беларусістаў (снежань 2000 г., Менск).
Можна
спадзявацца, што вынікам агульных даследчыцкіх намаганняў будзе комплекснае, поўнае
ўзнаўленне ўсёй складанай і супярэчлівай панарамы этнапалітычных працэсаў у
Беларусі на пачатку 20 ст., у адзін з пераломных, лёсавызначальных перыядаў
супольнай гісторыі.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"