БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 4 / 2001

ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ 20 СТ.

Праблемы даследавання працэсаў фармавання сучаснай беларускай нацыі

Сяргей Токць
(Гродна)

Да ліку найбольш важных праблемаў сучаснай беларускай гістарыяграфіі належыць даследаванне працэсаў этнагенэзу і фармавання нацыянальнай свядомасці беларусаў. Актуальнасць азначаных навуковых пытанняў на сённяшні дзень абумоўлена ў вялікай ступені самім працэсам станаўлення маладой беларускай дзяржаўнасці, які працякае надзвычай складана. Гэта ў сваю чаргу выклікана несфармаванасцю, размытасцю пачуцця нацыянальнай саматоеснасці ў большасці жыхароў Рэспублікі Беларусь. Натуральна, што гісторыкі, адчуваючы існуючыя ў грамадскай свядомасці запатрабаванні, спрабуюць знайсці, так бы мовіць, кропку апоры, высветліць і растлумачыць прычыны замаруджанасці развіцця працэсу фармавання сучаснай беларускай нацыі і адставання ад бліжэйшых суседзяў.

Азначаная праблематыка закранаецца ў той ці іншай ступені практычна ва ўсіх сінтэтычных працах, прысвечаных гісторыі Беларусі 19 – 20 стст. Аднак тэарэтычны ўзровень адказаў на акрэсленыя пытанні не можа задавальняць удумлівага чытача. Адсутнасць належнага метадалагічнага інструментарыя прымушае гісторыкаў альбо абмінаць найбольш вострыя аспекты, альбо даваць залішне простае тлумачэнне вельмі складаных з’яваў і працэсаў. Гэта, на нашу думку, вынікае з тае прычыны, што беларускімі даследчыкамі вельмі недастаткова выкарыстоўваюцца тэарытычныя напрацоўкі заходніх аўтараў, прысвечаныя праблемам фармавання сучасных нацый. А ў заходнееўрапейскай і паўночнаамерыканскай гістарыяграфіі і блізкіх да яе гуманітарных навуках існуе на сённяшні дзень багата літаратуры па названаму пытанню. Дастаткова грунтоўна распрацавана яно ў польскай навуцы. Але і працы нашых суседзяў, дасягальныя нават з пункту гледжання практычнай адсутнасці моўнага бар’еру, вельмі мала выкарыстоўваюцца айчыннымі даследчыкамі. Добрым выключэннем тут з’яўляюцца публікацыі ў Беларускім гістарычным аглядзе ў перакладзе на беларускую мову артыкулаў люблінскага сацыёлага Рышарда Радзіка[1]. У гэтых адносінах, напрыклад, украінскія гісторыкі больш актыўна выкарыстоўваюць набыткі святовай навукі. Тут у першую чаргу неабходна назваць даследаванне Яраслава Грыцака, прысвечанае праблеме фармавання мадэрновай украінскай нацыі[2].

Параўнанне працэсу фармавання нацыянальнай сядомасці беларусаў з іншымі еўрапейскімі народамі дазваляе пераглядзець многія, стаўшыя ўжо звыклымі погляды, і пазбавіцца ад шматлікіх комплексаў. У дадзеным артыкуле намі не ставілася задача больш ці менш падрабязнага агляду заходняй ці польскай гістарыяграфіі акрэсленай праблематыкі. Адзначым толькі, што найбольш папулярнай сярод даследчыкаў з 50-х гадоў 20 ст. з’яўлялася мадэрнісцкая плынь ці школа. Паводле поглядаў прыхільнікаў гэтай школы ўсе сучасныя еўрапейскія нацыі сфармаваліся ў 19 – 20 стст. у выніку працэсаў распаду традыцыйнага аграрнага грамадства і паўставання на яго руінах грамадства індустрыяльнага, капіталістычнага. Зараджэнне і развіццё сучаснай нацыянальнай свядомасці было абумоўлена, на іх думку, бурнымі палітычнымі, эканамічнымі і сацыяльнымі зменамі ў жыцці еўрапейскіх супольнасцяў ці, іншымі словамі, кардынальнай мадэрнізацыяй усёй еўрапейскай цывілізацыі: “Працэс фармавання нацыі суправаджаўся зрынаннем праўна санкцыянаваных грамадскіх бар’ераў, узрастаннем гарызантальнай і вертыкальнай грамадскай мабільнасці, распаўсюджаннем адукацыі і, такім чынам, значным павелічэннем прытоку інфармацыі і грамадскіх ідэй. Станавыя сувязі былі заменены больш слабымі класавымі[3]. Для шырокіх масаў прадстаўнікоў ніжэйшых саслоўяў засваенне нацыянальнай свядомасці з’яўлялася спосабам далучэння да новага грамадства і набыццём новай сістэмы каардынатаў пасля распаду феадальна-саслоўных структураў і ментальнасці. Некаторыя даследчыкі, у першую чаргу Эрнэст Гельнер, дастаткова радыкальна трактавалі ўзаемазалежнасць нараджэння сучасных нацый і працэсаў мадэрнізацыі грамадства, нават адмаўляючы часам сувязь сучасных нацый з народнасцямі феадальнай эпохі: Нацыяналізм – гэта не абуджэнне народаў да самасвядомасці: ён знаходзіць народы там, дзе яны не існавалі[4]*.

Такі падыход выклікаў рашучыя пярэчанні з боку гісторыкаў, якія абаранялі тэзу аб старажытным паходжанні сучасных еўрапейскіх народаў і адсутнасці прынцыповых адрозненняў у этнічнай самасвядомасці на працягу многіх стагоддзяў. Аднак, як справядліва заўважыў польскі даследчык Фларыян Знанецкі: “[…] У канцы 18 ст. большасць жыхароў розных рэгіёнаў Італіі ад П’емонту да Сіцыліі, не ўсведамлялі сабе факту, што ўсе яны з’яўляюцца італьянцамі. Аналагічна людзі, што жылі на тэрыторыі, якая разлеглася ад Прусаў да Рейнскай вобласці і ад Гановеру да паўднёвай Баварыі, не лічылі сябе немцамі. Нават у 20 ст. сяляне некаторых еўрапейскіх абшараў не мелі паняцця, што належаць да якой-небудзь этнічнай супольнасці больш шырокай, чым лакальная супольнасць”[5].

З 70-х гадоў 20 ст. можна гаварыць пра зараджэнне такой навуковай плыні ў даследаванні нацыянатворчых працэсаў як постмадэрнізм. Апошнім часам вялікай папулярнасцю карыстаецца даследаванне Бенедыкта Андэрсэна “Уяўленыя супольнасці”[6]. У гэтым і іншых падобнага плану работах акwэнт пераносіцца з аналізу сацыяльна-эканамічных прычынаў утварэння нацыі на аналіз спосабаў фармавання нацыянальнай ідэнтычнасці і ідэалогіі.

Працэсы станаўлення і развіцця нацыянальнай свядомасці мелі істотныя адрозненні ў розных рэгіёнах Еўропы. На думку польскага даследчыка Юзафа Хлебовчыка, у Заходняй Еўропе вызначальную ролю ў нацыятворчых працэсах адыгрывала пачуццё дзяржаўна-рэлігійных сувязяў. Фактычна там існавала ідэнтыфікацыя паняццяў дзяржава і народ. Менавіта дзяржавы праз свае інстытуты, найперш школу, армію, судовую сістэму і г.д. праводзілі палітыку уніфікацыі літаратурнай дзяржаўнай мовы і пашыралі сярод масаў насельніцтва дзяржаўную ідэалогію, грунтаваную на гістарычных нацыянальных міфах[7]. Ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе, на думку Ю.Хлебовчыка, існаваў шэраг істотных адрозненняў ад Заходняй Еўропы. Нацыянальная свядомасць большасці народаў паўставала тут не дзякуючы дзяржаўнай палітыцы, а часта – насуперак ёй. Большасць цэнтральнаеўрапейскіх народаў – чэхі, славакі, славенцы і г.д. – мусілі ствараць уласныя нацыянальныя ідэі і развіваць сваю культуру насуперак магутным асіміляцыйным хвалям. Галоўнай задачай для гэтых народаў з’яўлялася задача набілітацыі сваёй плябейскай мовы. Такім чынам, у працэсах станаўлення цэнтральна-ўсходнееўрапейскіх нацый моўна-культурны фактар адыгрываў надзвычай важную ролю, што дае падставы некаторым даследчыкам называць гэтыя нацыі моўна-этнічнымі (культурнымі) ў супрацьстаўленне палітычна-дзяржаўныv, якія дамінуюць на захадзе нашага кантынентf[8].

Першы этап нацыятворчага працэсу адносна “сялянскіх” народаў належыць амаль выключна да моўна-культурнай сферы. Наступны чыннік – нараджэнне пачуцця супольных лёсаў у мінулым ці рэканструкцыя ўласнага мінулага. “Гісторыя ёсць першая кніга народу. У ёй ён бачыць сваё мінулае, сучаснасць і будучае. Народ без гісторыі з’яўляецца проста варварскім людам і бяда люду, які загубіў рэлігію сваіх успамінаў”[9], – так пісаў дзеяч румынскага нацыянальнага руху Нікола Бальчэску. Для пераадолeння характэрнага для “плябейскіх” народаў комплексу культурнай ніжэйшасці нацыянальнымі дзеячамі звычайна стваралася ідэя аб унікальнай “цывілізацыйна-культурнай місіі” дадзенага народу. Так, на грунце пашырэння ўсведамлення прыналежнасці да актуальнай моўна-этнічнай супольнасці, звязанай агульнымі лёсамі і спадчынай мінулага, утвараецца нацыянальная повязь як ідэалагічная катэгорыя ў супрацьпастаўленні да чыста тэхнічнай ролі моўнай повязі на пачатковай фазе нацыянальнага руху. Новая нацыянальная група ламае рамкі пануючай да таго часу рэгіянальнай свядомасці. Мацнее пачуццё нацыянальнай салідарнасці. Напачатку зараджаецца ідэя культурнай аўтаноміі, потым мясцовага самакіравання і, нарэшце, імкненне да поўнага суверэнітэту на пэўнай тэрыторыі. На гэтай глебе амаль непазбежны канфлікт паміж “сялянскім” народам, які становіцца нацыяй, і шматэтнічнай дзяржавай, звычайна імперыяй.

Галоўным выклікам “сялянскаму” народу, які спрабуе стварыць уласную элітарную ці “высокую” культуру і пашырыць нацыянальную свядомасць сярод сялянскага насельніцтва, з’яўляецца праблема асіміляцыі. Асіміляцыйныя памкненні пануючай нацыі звычайна падмацоўваліся магутнай падтрымкай дзяржаўна-бюракратычнага апарату. Любая спроба сацыяльнага авансу для прадстаўнікоў сялянскага этнасу звязвалася з неабходнасцю засваення культуры пануючай нацыі.

Вынікам асіміляцыйных уплываў становіцца такая з’ява як культурная “гібрыдызацыя”, калі прадстаўнік “сялянскага этнасу” часткова засвойваў культурныя стэрэатыпы пануючай нацыі. Асіміляцыйны выклік становіцца галоўным выпрабаваннем для народу на шляху станаўлення нацыянальнай культуры.

Ю.Хлебовчык падзяляў нацыятворчы працэс на 2 асноўныя фазы: культурна-моўная і палітычная[10]. Галоўная задача першай фазы – стварэнне і стандартызацыя літаратурнай мовы этнічнай супольнасці. Зместам другой фазы з’яўляецца пашырэнне нацыянальнай ідэі і гістарычнай свядомасці сярод простага народу, а вынікам – самавызначэнне і, у ідэале, набыццё сувярэнітэту. Хаця схема Ю.Хлебовчыка распрацавана найперш у дачыненні да народаў Цэнтральнай Еўропы, яе можна прымяніць і да нацыятворчых працэсаў на заходніх ускраінах Расійскай імперыі, улічваючы істотныя асаблівасці палітычных умоваў.

Безумоўна, што нацыятворчы працэс адносна кожнага народу меў свае індывідуальныя асаблівасці і адрозненні. У сілу розных прычынаў, умовы для фармавання беларускай нацыі былі значна больш неспрыяльнымі ў параўнанні з нашымі суседзямі. Тым больш карысным і надзённым было б правядзенне параўнальных даследанняў. Гэта асабліва датычыць нашых самых блізкіх суседзяў – украінцаў і літоўцаў. У цэлым жа, на нашу думку, фармаванне мадэрновай беларускай нацыі адбывалася паводле падобнай да іншых цэнтральна- і ўсходнееўрапейскіх народаў мадэлі. Аднак шэраг асаблівасцяў, выкліканых найперш геапалітычным становішчам Беларусі, вельмі ўскладніў ход гэтага працэсу, што істотным чынам паўплывала на навейшую гісторыю нашай краіны. Навуковае вырашэнне гэтай праблемы на належным метадалагічным узроўні ўяўляецца нам важным заданнем для беларускіх гісторыкаў.



[1] Радзік Р. Ад этнічнага згуртавання да нацыянальнай супольнасці // Беларускі гістарычны агляд. Т. 5. Сш. 2 (9). 1998. С. 291-327.

[2] Грицак Я. Нарис історії України: формування модерної україньскої нації ХІХ-ХХ століття. Кіїв, 1996.

[3] Радзік Р. Ад этнічнага згуртавання да нацыянальнай супольнасці // Беларускі гістарычны агляд. Т. 5. Сш. 2 (9). 1998. С. 316.

[4] Gellner E. Thought and Chahge. Wejdenfeld and Nicholson. London, 1964. S. 169; Gellner E. Narody i nacjonalizm. PIW, 1991.

* Тут і далей па тэксту пераклады цытатаў на беларускую мову зроблены аўтарам артыкула.

[5] Znanecki F. Współczesne narody. Warszawa, 1990. S. 123.

[6] Andersen B. Współnoty wyobrażone. Warszawa, 1997.

[7] Chlebowczyk J. Procesy narodotwórcze we wschodniej Europie Środkowej w dobie kapitalizmu (od schyłku XVIII do początków XX w.). Warszawa, 1975. S.18.

[8] Радзік Р. Ад этнічнага згуртаванняС. 325.

[9] Цыт. па: Chlebowczyk J. Procesy narodotwórcze… S. 32.

[10] Chlebowczyk J. Procesy narodotwórcze… S. 56.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія