Гістарыяграфія як раздзел гістарычнай навукі
з’яўляецца падсумаваннем усяго зробленага гісторыкамі, падставай для метадалагічнага
аналізу, гісторыясофскіх і ідэалагічных разважанняў. Такім чынам яна ўплывае на генерацыю маладых навукоўцаў, фармуе
праблематыку іх даследаванняў, сістэму каштоўнасцяў, эталоны аналізу і сінтэзу
гістарычных фактаў. Нездарма веданне гісторыі праблемы часам амаль цалкам
супадае з веданнем гістарыяграфіі. На нашу думку, вельмі істотную ролю ў
працэсе падрыхтоўкі гісторыкаў-прафесіяналаў у беларускіх ВНУ адыгрывае не
толькі фармаванне ведаў па гісторыі нацыянальнай гістарыяграфіі, але і складванне цэласнага ўяўлення па ўсёй сукупнасці даследаванняў.
Парадаксальна, але беларуская гістарычная навука,
якая паводле сваёй асноўнай функцыі павінна даваць адказ на пытанне, што такое
мінулае нашага народа, сама з цяжкасцямі ўздымаецца да асэнсавання ўласнага гістарычнага
шляху. Адзначым, што заганы айчыннай гістарычнай навукі нідзе так яскрава не
выяўляюцца, як у працэсе выкладання курса гістарыяграфіі гісторыі Беларусі.
Дадзены матэрыял з’яўляецца спробай акрэсліць некаторыя праблемы гістарыяграфіі
гісторыі Беларусі як навучальнай дысцыпліны.
Цэнтральнай праблемай гістарыяграфіі гісторыі
Беларусі, як навучальнай дысцыпліны з’яўляецца адсутнасць элементарнай
навучальна-метадычнай базы: падручнікаў і дапаможнікаў. Бадай адзіны наяўны
савецкі навучальны дапаможнік З.Ю.Капыскага і В.У.Чапко
маральна састарэў ужо на мяжы 1980-х і 90-х гадоў і можа быць выкарыстаны
толькі фрагментарна. Цалкам абысці ў працэсе выкладання гэтае выданне нельга,
што само па сабе спараджае пэўны дыскамфорт, бо часам кніга з’ўляецца адзінай крыніцай
ведаў для студэнтаў (зразумела па-за лекцыямі), асабліва ў
правінцыйных ВНУ. Лепшае выйсце з такой сітуацыі – гэта
зварот да асобных артыкулаў і манаграфічных даследаванняў. На жаль, нельга
гаварыць пра шырокі спектр сінтэзных прац, прысвечаных гістарыяграфіі гісторыі
Беларусі. Але нават лепшыя сярод адпаведных манаграфій
патрабуюць дадатковых каментароў і пераасэнсавання з улікам значных зменаў.
Частка працаў (дысертацыі) знаходзіцца ў неапублікаваным стане,
таму яны аўтаматычна выпадаюць з поля зроку. Падборка артыкулаў, прысвечаных
асобным гістарыяграфічным праблемам гісторыі Беларусі, толькі часткова
кампенсуе інфармацыйны вакуум. Найбольш канцэптуальныя абагульненні па развіцці
беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі зроблены толькі ў 90-я гады мінулага стагоддзя. У першую чаргу гэта працы
гарадзенскага гісторыка Д.Карава, сярод якіх вылучаецца манаграфія,
апублікаваная ў “Нашым Радаводзе” ў 1993 г.
Гэтае даследаванне прысвечанае
палітыцы царызму і фармаванню гістарычнай навукі Беларусі канца 18 –
пачатку 20 ст. Практычныя вынікі даследавання сам аўтар
бачыць у стварэнні на базе працы “шэрагу спецкурсаў на гістарычных і
філалагічных спецыялізацыях ВНУ Беларусі”.
Пры ўсёй каштоўнасці аўтарскага аналізу і біблія- і біяграфічнай інфармацыі
даследаванне з’яўляецца аглядным (са спасылкамі 160 старонак), але здольна
закрыць прабел у літаратуры па развіцці айчыннай гістарыяграфіі за перыяд канец
18 – пачатак 20 ст. Шырокае ўжыванне працы ў навучальным працэсе абмежавана
хіба толькі з тэхнічнага боку. Кніга
выдадзена накладам у 300 асобнікаў.
“Энцыклапедыя гісторыі Беларусі”, 5 тамоў якой
выйшла ў 1993-1999 гг., стала значным этапам у падвядзенні вынікаў вывучэння
гісторыі Беларусі. Пры адсутнасці іншых крыніцаў яна фактычна з’яўляецца для
студэнтаў самым неабходным даведнікам пры вывучэнні гістарыяграфіі гісторыі
Беларусі, у першую чаргу дзякуючы наяўнасці зводнага артыкула па нашай праблеме
і шматлікім біяграфічным
матэрыялам, прысвечаным
гісторыкам, якія вывучалі мінулае Беларусі.
Па зразумелых прычынах па-за навучальным працэсам і
недасягальнай для шырокага кола спецыялістаў-гісторыкаў застаецца пакуль самая
ўдалая сінтэза гісторыі станаўлення беларускай гістарыяграфіі, створаная
нямецкім гісторыкам Райнерам Лінднерам.
Аб’ём кнігі без скарачэнняў і спіса літаратуры дасягае 484 старонак. Пераклад
гэтай працы, прысвечанай нацыянальнаму будаўніцтву і гістарычнай палітыцы ў
Беларусі ў 19 і 20 ст., можа і павінен стаць падмуркам для фармавання ў
студэнтаў-гісторыкаў ведаў па гісторыі айчыннай гістарычнай навукі. Не ў
апошнюю чаргу кніга Р.Лінднэра ілюструе новыя для айчыннай гістарыяграфіі
аспекты і ракурсы аналіза. Нават выбарачны пералік раздзелаў: “Спаборніцтва
міфаў: Нацыянальная гісторыя versus Cавецкай
гістарыяграфіі”, “Гісторыкі і партыя”, “Гісторыя як прапаганда”, ”Партызанскі
міф у гісторыі і літаратуры” і іншыя, дазваляе адзначыць, што хуткае давядзенне яе да айчыннай аўдыторыі стане наступнай па значнасці падзеяй
пасля перакладу на беларускую мову кнігі Юры Туронка “Беларусь пад
нямецкай акупацыяй”.
У бліжэйшы час наўрад ці трэба
чакаць з’яўлення на Беларусі блізкіх па тэматыцы і аб’ёму даследаванняў. Тым не
менш, справай прэстыжу для айчыннай гістарыяграфіі павінна стаць стварэнне хаця
б нарысаў па гістарыяграфіі Беларусі, патрэбных для студэнцтва.
Таксама трэба адзначыць, што да сённяшняга часу
існуе відавочная блытаніна ці падмена паняццяў “беларуская гістарыяграфія” і
“гістарыяграфія гісторыі Беларусі”. Фактычна гэта можна прасачыць на прыкладзе
адпаведных артыкулаў 3 тома “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі”.
Зразумела, што гэтыя паняцці шмат у чым супадаюць, але існуе і пэўная розніца.
Паняцце “гістарыяграфія гісторыі Беларусі” нам падаецца больш шырокім. Пад
“беларускай гістарыяграфіяй” трэба разумець па сутнасці гісторыю станаўлення айчыннай гістарычнай
навукі, пошук гістарычнай неперарыўнасці працэсу фармавання памяці пра
мінуўшчыну беларускага народа. У адпаведнасці з гэтым, паняцце “беларуская
гістарыяграфія” атаясамліваецца са станаўленнем нацыянальнай гістарыяграфіі.
Прыклады абагульняючых працаў такога характару ёсць як у айчыннай гістарычнай
навуцы (у першую чаргу, гэта даследаванні Д.Карава), так і замежнай (самай
грунтоўнай пазыцыяй з’яўляецца манаграфія нямецкага гісторыка Р.Лінднэра).
Комплекснага даследавання, якое б ахоплівала гісторыю беларускай і замежнай
гістарыяграфіі Беларусі няма.
Наступная праблема з’яўляецца па сутнасці працягам
папярэдніх. Гісторыя Беларусі прама ці ўскосна цікавіла і працягвае цікавіць
навукоўцаў замежжа. На сённяшні дзень рэдкі даследчык мінулага Беларусі абмяжоўваецца
толькі вынікамі працы айчынных гісторыкаў. Можна адзначыць, што беларуская
гістарычная навука, на станаўленне якой самым непасрэдным чынам паўплывала
супрацьстаянне польскай і рускай гістарыяграфій, не пазбавілася моцнай
залежнасці ад апошніх. З’яўленне беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі стала
значным фактарам, але ў сілу розных гістарычных абставінаў яна была вымушана
абмяжоўвацца і тэматычна, і метадалагічна. Менавіта гэта, як і традыцыйна
шчыльныя гістарычныя сувязі з суседнімі краінамі, абумовіла наяўнасць тут
шырокага спектру актуальных даследаванняў. Асаблівае месца належыць польскай гістарыяграфіі другой паловы 19 і 20 ст. І калі рэальна нельга
абысці пры вывучэнні праблемаў беларускай медыевістыкі
даследаванні Г.Лаўмянскага, А.Прахазкі, Л.Каланкоўскага і іншых гісторыкаў, то
ўключыць аналіз іх творчасці ў курс гістарыяграфіі гісторыі Беларусі нам
бачыцца неабходнай задачай. Наяўныя матэрыялы, на жаль, храналагічна
абмежаваныя. Звядзенне і
агляд нават часткі асноўных працаў польскіх гісторыкаў па беларускай
праблематыцы для многіх маладых гісторыкаў адкрыла б новыя
перспектывы. Вывучэнне беларускай і блізкай да яе праблематыкі ў рускай
савецкай гістарыяграфіі 20 ст., нягледзячы на тое, што ў межах СССР пераважна
беларусам адводзілася роля даследчыкаў уласнай гісторыі, мае, як паказваюць
прыклады, перспектывы.
Крыху дзіўнавата выглядае тое, што ў “Энцыклапедыю гісторыі Беларусі”
ўвайшоў толькі адзін артыкул, прысвечаны суседняй гістарыяграфіі: “Расійская
гістарыяграфія гісторыі Беларусі ў 19 – пачатку 20 ст.” Не менш каштоўным уяўляецца стварэнне скразнога агляду
літоўскай гістарыяграфіі, хаця б на базе артыкулаў польскіх гісторыкаў.
Аналагічную фільтрацыю трэба зрабіць з украінскай, нямецкамоўнай і іншымі
гістарыяграфіямі. Паралельнае вывучэнне беларускай, польскай, рускай, літоўскай
і іншых гістарыяграфічных традыцый дазволіла б запоўніць прабелы ў айчыннай
гістарычнай навуцы і навучальным працэсе.
Свае складанасці мае праблема перыядызацыі
гістарыяграфіі гісторыі Беларусі. Існуе савецкая перыядызацыя гістарыяграфіі
Беларусі феадальнага перыяду, якая падзяляецца на дарэвалюцыйныю, савецкую
даваенную і пасляваенную.
Агульнай перыядызацыі гістарыяграфіі гісторыі Беларусі за перыяд 12 – пачатак
20 ст. няма. Тая ж “Энцыклапедыя гісторыі Беларусі” прапаноўвае артыкулы
“Гісторыя Беларусі ў летапісах і хроніках” (Г.Штыхаў), “Гістарыяграфія гісторыі
Беларусі ў 16 – пачатку 20 ст.” (Д.Караў), “Расійская гістарыяграфіі гісторыі
Беларусі ў 19 – пачатку 20 ст.” (З.Капыскі, Г.Штыхаў), “Станаўленне
нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі” (М.Біч).
Наколькі слушны такі падзел матэрыялаў, пакажа час.
Зрабіць перыядызацыю на падставе артыкулаў можна з
вялікімі нацяжкамі, бо тут не ўлічваюцца асаблівасці і ўмовы некаторых
перыядаў. Падзел не з’яўляецца да канца лагічным. Д.Караў вылучыў у развіцці
беларускай гістарыяграфіі канца 18 – пачатку 20 ст. два перыяды: 1. Канец 18 –
сярэдзіна 19 ст. 2. 1861 – 1917 гг.
Менш за іншыя павінна выклікаць прэтэнзіі перыядызацыя
гістарыяграфіі гісторыі Беларусі 20 ст., але і тут ёсць разыходжанні. На
працягу 20 ст. Д.Караў вылучыў чатыры этапы развіцця беларускай гістарыяграфіі
(20-я гады, 30 – 50-я гады, сярэдзіна 50-х –сярэдзіна 80-х, сярэдзіна 80-х – пачатак
90-х).
У “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі” працы гісторыкаў 1920-1990-х г. падзелены
таксама на чатыры перыяды: гістарыяграфія старажытнага перыяду (да 13 ст.), гістарыяграфія 14 – 18 ст., гістарыяграфія 19 – пачатку 20
ст., гістарыяграфія савецкага перыяду. Да таго ж асобна вылучаецца
раздзел “Гісторыя Беларусі ў даследаваннях беларускай эміграцыі”.
Р.Лінднер групуе матэрыял па 20 ст. у трох вялікіх раздзелах: “Нацыя і
гісторыя пры сталінізме. 1921 – 1944”,
“Гістарычная палітыка паміж сусветнай вайной і адлігай. 1944 – 1954”,
“Нацыянальнае будаўніцтва і гістарычная палітыка познесавецкага і постсавецкага
часу”.
Праблемы гістарыяграфіі
айчыннай гісторыі як навучальнай дысцыпліны адлюстроўваюць сучасны стан
гістарычнай навукі ў Беларусі. Наяўныя на сённяшні дзень працы толькі часткова
адпавядаюць патрабаванням часу і мала чым дапамагаюць студэнтам-гісторыкам.
Вырашэнне праблемаў гістарыяграфіі гісторыі Беларусі магчыма толькі на падставе
сінтэзу даследаванняў айчынных і замежных гісторыкаў.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"