|
ПРАБЛЕМЫ ГІСТАРЫЧНАЙ АДУКАЦЫІ Ў БЕЛАРУСІ
Гістарычная адукацыя – аснова ідэалогіі беларускага дзяржаўнага патрыятызму
Павел Лойка
(Менск)
У час адраджэння Беларусi i беларушчыны цiкавасць да мiнулага, да глыбiнных вытокаў беларускага народа надзвычайная. Менавiта асэнсаванне сваёй выключнасцi, а разам з тым еўрапейскай агульнасцi, далучаюць як беларусаў-тубыльцаў, так i прадстаўнiкоў iншых нацый, што маюць беларускае грамадзянства, да разумення годнасцi i адказнасцi за гiсторыю i сучаснасць Бацькаўшчыны.
Дасягнуць падобнай мэты з найменшымi часавымi i iдэалагiчнымi выдаткамi найбольш верагодна з дапамогай пашырэння гiстарычнай адукацыi. Прыкладам таму стала гiсторыя Полацкага княства ў часы Усяслава i Вялiкага Княства Лiтоўскага, Рускага, Жамойцкага 15 – 16 ст. ды iншых краiнаў, у тым лiку Расiйскай iмперыi 18 ст.
Гiстарычная адукацыя павiнна адпавядаць гiстарычным рэалiям. У гэтым напрамку беларуская гiстарычная навука i грамадская свядомасць павiнна пераадолець шэраг гiстарычных фальсiфiкацыяў i непаразуменняў. Спынiмся на неабходнасці змывання стэрэатыпаў, якiя механiчна ўбiвалiся i ўбiваюцца ў свядомасць пры выкладаннi курсу гiсторыi. Найперш, гэта пастулат аб нібыта бездзяржаўнасцi Беларусi да 1 студзеня 1919 г. У праўрадавых вучэбных дапаможнiках даводзiцца, быццам бы Кiеўская дзяржава аб’ядноўвала ўсе ўсходнеславянскiя землi. Але ў 10 ст. ужо iснавала першае дзяржаўнае ўтварэнне на тэрыторыi Беларусi – Полацкая зямля – княства, якое “трымаў” і дзе “валадарыў i княжыў” князь Рагвалод. Часовае падпарадкаванне Полацка Кiеву доўжылася толькi да пачатку 11 ст., а росквiту Полацкае княства-дзяржава дасягнула пры князi Усяславе Брачыслававiчу. I больш за палову сённяшнiх беларускiх земляў складала Полацкую дзяржаву.
Пасля драматычнага ўдзельнага перыяду беларускiя землi ўваходзяць (у разуменнi большасцi грамадства, паглынаюцца) у Вялiкае Княства Лiтоўскае, потым – у Рэч Паспалiтую. У сувязi з гэтым быццам бы назiраецца “рымска-каталiцка-польская экспансiя”. Але ўваходжанне беларускiх земляў у склад Княства Лiтоўскага, на самой справе, было працэсам стварэння полiэтнiчнага Вялiкага Княства Лiтоўскага, Рускага, Жамойцкага, якое ў сваiх пачатках i аснове было ўсходнеславянскай дзяржавай. Асаблiва яскрава яго праўсходнеславянская накiраванасць выявiлася падчас княжання вялiкага князя Альгерда (1345—1377), калi Вiльня становiцца цэнтрам аб’яднання ўсiх усходнеславянскiх земляў. Вялiкае Княства ўбiрае ў сябе Падзвiнне, Падняпроўе, Валынь, Кiеўшчыну, Падонне, Чарнiгава-Северскiя землi, Смаленшчыну, Пскоўшчыну.
Нельга просталiнейна i адназначна трактаваць Люблiнскую унiю 1569 г. як паглынанне Польшчай Вялiкага Княства Лiтоўскага i ўжываць штампы накшталт “прыгнёт польскiх феадалаў”, “апалячванне” i г.д. Згодна Люблiнскаму акту за Вялiкiм Княствам захоўвалiся адмiнiстрацыйны апарат, асобнае ад Польшчы заканадаўства i судовая арганiзацыя, тытул i пячатка, войска. Прычым у Статуце Вялiкага Княства Лiтоўскага 1588 г. меўся артыкул 12 раздзела III, згодна з якім “iншаземцы i суседзi” не мелi права займаць у гэтай дзяржаве нiякiя адмiнiстрацыйныя пасады i мець ва ўласнасцi зямельныя ўладаннi. “[...] Тo всё [...] великие князи литовские давати будем только Литве, Руси, Жомойти, родичом старожитным и уроженцам Великого князства [...]”. У складзе канфедэрацыi, якая мела назву Рэч Паспалiтая, Княства праiснавала да канца 18 ст., калi дзяржава была падзеленая памiж Расiйскай iмперыяй, Аўстрыяй i Прусiяй.
Iншая рэч, што Польшча на той час была ў лепшым палiтычным i эканамiчным становiшчы i таму валодала ўнутрыпалiтычнай iнiцыятывай у Рэчы Паспалiтай. Яна магла ажыццяўляць вялiкадзяржаўную палiтыку ў дачыненнi да ўсходнеславянскага насельнiцтва Вялiкага Княства. Але неабходна пераадольваць гiстарычныя стэрэатыпы, якiя ўкладваюцца ў сентэнцыi тыпу “барацьба беларускага народа супраць польскай экспансii”, “паланiзацыя беларускага краю”. Нельга катэгарычна сцвярджаць, што падобнага ўвогуле не назiралася. Але ўзнiкае пытанне, хто i ў якiх формах вёў антыпольскую вайну? Калi пад “народам” разумець г.зв. “народныя масы” (сялянства, мяшчанства), то сярод гэтых пластоў насельнiцтва якраз рэзкiх антыпольскiх выступаў, накшталт украiнскай хмяльнiччыны, не было. Адзначаецца ўсплеск антыунiяцкага руху ў канцы 16 – першых дзесяцiгоддзях 17 ст., але адназначна антыпольскiм яго назваць нельга. Паланiзацыя, якая назiралася на землях Вялiкага Княства Лiтоўскага, была шляхецка-элiтарнай i шырокi народны пласт у 17 – 18 ст. яна не закранала. А калi гаварыць пра барацьбу, што мела антыпольскiя адценнi, то яе якраз вялi ў перад- i непасрэдна паслялюблiнскi перыяд прадстаўнiкi шляхецкага саслоўя. Вялi да таго часу, пакуль у Рэчы Паспалiтай (прыкладна ў 30 – 40-я гг. 17 ст.) не скансалiдавалася пэўная палiтычная супольнасць – “польскi народ шляхетны”.
Трэба заўважыць, што пры ўсiм драматызме гiсторыi беларускага народа ў 17 – 18 ст., звязаным з раздзiраннем нашай Бацькаўшчыны памiж Варшавай i Пецярбургам, памiж каталiцтвам i праваслаўем, нам няможна выракацца здабыткаў нашых продкаў. Няма рацыi ў тым, каб прылiчваць да нацыянальнага толькi тое, што было створана на беларускай мове. Няма падставаў дарыць суседзям альбо каму iншаму каштоўнасцi нашай беларускай культуры, створаныя на польскай, рускай, лацiнскай мовах.
Наогул, для Беларусi як даўняй, гэтак i сучаснай, характэрная полiэтнiчнасць, полiлiнгвiзм. Грамадства павiнна ведаць культурна-гаспадарчае жыццё нацыянальных меншасцяў (татараў, габрэяў, палякаў, рускiх, летувiсаў, латышоў), iх прыязныя стасункi з дамiнуючым беларускiм насельнiцтвам. Гэтаксама ў выкладаннi курса гiсторыi належнае месца павiнна заняць адлюстраванне агрэсiўна-асiмiляцыйнай палiтыкi расiйскiх уладаў, пачатак якой паклаў Iван IV. Пасля захопу Полацка ў лютым 1563 г. ён загадаў перапiсаць “и шляхту, и мещан и з женами, и с детьми”, а потым перасялiць iх “в свою отчину к Москве”. У Полацку ж займелi жыхарства перасяленцы з вялiкарускiх тэрыторыяў. Толькi першы “полон” з Вялiкага Княства Лiтоўскага налiчваў больш за 11 тыс. чалавек, бальшыня з якiх загiнула. Асаблiва трагiчнай для беларусаў была вайна памiж Расiяй i Рэччу Паспалiтай 1654 – 1667 гг. За гэты час колькасць насельнiцтва на беларускiх землях скарацiлася з 2,9 млн. чалавек да 1,4 млн. Беларусы гiнулi не толькi ад голаду i зверстваў з боку войскаў, але i прымусова перасялялiся са сваёй Радзiмы ў Расiйскую дзяржаву: пад Маскву, у Цэнтральную Расiю, а часцей за ўсё – у Паволжа i Сiбiр. Паводле няпоўных звестак у ваеннае лiхалецце былi выведзеныя каля 300 тыс. беларусаў, якiя ўжо нiколi не вярнулiся на Бацькаўшчыну. Прычым палiтыка перасяленняў была арганiзаваная на дзяржаўным узроўнi.
Тут неабходна адзначыць, што беларускi народ не быў “быдлам” для акупантаў-захопнiкаў, а змагаўся з ворагам, як гэта было ў 11 – 17, 20 ст. Iнакш можна стаць на заганную пазiцыю, якая прыводзiць да культывацыi жывучых мiфаў аб спрадвечнай цярпiмасцi беларусаў, іх заўсёднай бесканфлiктнасцi, талерантнасцi. Гэта не зусiм так. Дакладней, зусiм не так! Мы – нармальны народ! Калi былi моцнымi, то далёка не талерантна здымалi званы з ноўгарадскай Сафii (1066 г., Усяслаў), бралi салiдную кантрыбуцыю з Масквы (1372 г., Альгерд), наводзiлi свае парадкi ў Масковii (1604 – 1612 гг., Iлжэдзiмiтрыяда). Яну Вiслiцкаму беларусы часоў Грунвальда ўяўлялiся “сеючымi смерць”. А цi ж можна гаварыць аб канфесiйнай бесканфлiктнасцi за часы дынастычнай барацьбы Альгердавiчаў, грамадзянскай вайны 30-х гадоў 15 ст., мяцяжу Глiнскага? Так, разважаць аб талерантнасцi беларусаў 16 – 20 ст. слушна, але абавязкова адзначаць, што талерантнасць – гэта такi стан грамадства, калi карэннае насельнiцтва з’яўляецца гаспадаром на сваёй дзяржаўнай тэрыторыi i дазваляе iншаземцам, iншаверцам валодаць i карыстацца тымi ж правамi, што i самi. Тая ж знакамiтая цярпiмасць беларусаў (яна бачыцца вынiкам страшэнных ваенных катаклiзмаў на беларускiх землях у 17 – 20 cт.) часцяком нагадвае прынiжанасць, беспрынцыпнасць i палiтычную мiмiкрыю.
Такiм чынам, калi палiтычная элiта краiны ставiць за мэту выпрацоўку ў грамадстве iдэалогii дзяржаўнага патрыятызму, то без згубы часу ёй неабходна звярнуцца да выкарыстання здабыткаў мiнуўшчыны, якiя дапамогуць насельнiцтву Беларусi спасцiгнуць велiч i непаўторнасць Бацькаўшчыны. Адсюль тая адказнасць, якая ўскладаецца ў сучасны момант развiцця беларускага грамадства на гiсторыкаў. Ад iх патрабуецца далейшы перагляд застарэлых, схематычных, iдэалагiзаваных канцэпцый, выйсце на новы ўзровень дыялогу з грамадствам. Да людзей неабходна данесцi ўсё багацце беларускай гiсторыi. Беларусь павiнна заняць адпаведнае, пачэснае еўрапейскай месца, якое яна займала ў сярэднявечнай Еўропе.
Пытанні да выступоўцы і ягоныя адказы.
Валянцін Голубеў (Менск): Ці не лічыце Вы, што ў Рэспубліцы ў дзяржаўных маштабах праводзіцца палітыка па згортванню выкладання гісторыі Беларусі ў навучальных установах?
Павел Лойка (Менск): Не магу сказаць за ўсю дзяржаву. У Беларускім Дзяржаўным універсітэце гэтага не адбываецца.
Генадзь Семянчук (Гародня): Гарадзенскі дзяржаўны універсітэт атрымаў два варыянты вучэбнага стандарту на 2001 г. Першы выйшаў з БДУ, другі – з МДПУ імя М.Танка. І сёння распачалася ломка таго, што ўжо было створана. Ідзе рэзанне па-жывому. Ці ўдзельнічалі Вы ў распрацоўцы гэтых стандартаў?
І другое пытанне. Чаму БДУ і, у прыватнасці, гістарычны факультэт не ўстае на абарону такой структурнай адзінкі як кафедра беларускай культуры?
Павел Лойка (Менск): У распрацоўцы стандартаў я не ўдзельнічаў. Што датычыць кафедры, то мы гатовыя выступіць у абарону, але да нас ніхто не звяртаўся.
Валянцін Голубеў (Менск): Ці не лічыце Вы, што нам самім трэба выступіць з ініцыятывай выкладання гісторыі Беларусі ў кантэксце гісторыі Еўропы або свету? Да гэтага часу гісторыя Еўропы выкладаецца сама па сабе, гісторыя Беларусі – сама па сабе.
Павел Лойка (Менск): Цалкам згодны. Наш (з Г.Галенчанкам) падручнік па гісторыі Беларусі для 10 класа сярэдняй школы накіраваны менавіта на гэтую ідэю. А той падручнік, які ляжыць у рэдакцыі “Народнай адукацыі”, не трактуе нас як еўрапейскую дзяржаву.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"
|