БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 4 / 2001

ПРАБЛЕМЫ ГІСТАРЫЧНАЙ АДУКАЦЫІ Ў БЕЛАРУСІ

Актуальныя праблемы вывучэння культуры Беларусі

Святлана Куль-Сяльверстава
(Гародня)

Кожны этап у развіцці грамадства выстаўляе новыя патрабаванні да гістарычнай навукі, ставіць пытанні, якія раней маглі здавацца неактуальнымі або маргінальнымі. Здаецца, што і цяпер мы знаходзімся ў пачатку такога новага этапу, калі адбываецца не толькі пераасэнсаванне гістарычнага шляху чалавецтва, але змяняюцца самыя прынцыпы падыходу да яго вывучэння.

Эвалюцыя гістарычнай навукі за апошнія два стагоддзі працякала ад захаплення палітычнай гісторыяй (18 – першая палова 19 ст) да глыбокай цікавасці эканамічнай гісторыяй (другая палова 19 – першая палова 20 ст.). У канцы мінулага стагоддзя вызначылася тэндэнцыя да паглыбленага вывучэння развіцця чалавечай думкі, гісторыі духоўнага жыцця чалавецтва. Можна прагназаваць, што праз паўстагоддзя падручнікі гісторыі будуць мець цалкам іншую, чым цяпер, прапорцыю размеркавання матэрыялу. Большая і найважнейшая частка звестак будзе датычыць гісторыі культуры, гісторыі чалавечай думкі і грамадскіх адносінаў, меншая – гісторыі эканомікі, палітычнай гісторыі, якія будуць разглядацца як складовая частка гісторыі чалавечай цывілізацыі. Ці існуе сёння ў беларускай гістарычнай навуцы належны падмурак, на якім у будучым можна пабудаваць новыя падыходы да асэнсавання гісторыі нашага народу? І што належыць зрабіць, каб не апынуцца перад новым сацыяльным заказам з “пустымі рукамі”?

 Сучасны стан беларускай гістарычнай навукі, а дакладней гісторыка-культурных даследаванняў у большасці ўяўляе сабой стракатую мазаіку, у якой асобныя “палі” запоўнены дастаткова густа, іншыя толькі пазначаныя, трэція ніяк не ўпісаныя ў агульную карціну. Уяўляецца, што беларуская гістарычная навука, пакідаючы вывучэнне культуры мастацтвазнаўцам, літаратуразнаўцам, тэатразнаўцам і інш., так і не выпрацавала спецыяльнай метадалогіі даследавання гісторыка-культурнай праблематыкі. Пакуль што гісторыкі займаюцца не столькі працэсамі, колькі з’явамі. Прычым гэтыя з’явы ў большасці стасуюцца да вобласці інстытуцыянальнай пабудовы культуры ці да персаналій. У абагульняючых работах па гісторыі Беларусі, як правіла, раздзелы, прысвечаныя гісторыка-культурнай праблематыцы, напісаныя па прынцыпу пабудовы факталагічнага раду, калі ідзе пералік асобных з’яваў культуры і прозвішчаў. Аналіз яе тыпалагічных рысаў, працэсаў, якія ў ёй адбываліся, у лепшым выпадку прадстаўлены ў якасці дадатку да асноўнага зместу[1].

   Стан распрацаванасці гісторыка-культурнай праблематыкі ў айчыннай гістарыяграфіі добра ілюструе тэрміналагічны і паняційны апарат, якім карыстаюцца навукоўцы. Без перабольшвання яго можна назваць інструментарыем, прызначаным для выпускніка сярэдняй школы. Такія паняцці, як “тыпалогія“, “субкультура“, “семантыка культуры“, якія сёння шырока ўжываюцца ўсходнімі і заходнімі калегамі беларускіх гісторыкаў пры аналізе гісторыка-культурнага працэсу і без якіх цяжка ўявіць паўнавартаснае даследаванне ў галіне культуры, толькі зрэдку можна спаткаць у работах айчынных аўтараў. Вялікая колькасць тэрмінаў ужываецца без належнага абгрунтавання ці без вызначэння іх зместу, што часам прыводзіць да памылак. Красамоўным прыкладам гэтага можа служыць тэрмін “асветніцтва“. Да цэнтраў асветніцтва, напрыклад, далучаюць манастыры не толькі часоў сярэднявечча ці барока, але таксама эпохі Асветніцтва і рамантызму, калі секулярызацыя культуры стала вызначальнай тыпалагічнай рысай гісторыка-культурнага працэсу, а сакральныя ўстановы не столькі “асвятлялі“, сколькі стрымлівалі распаўсюджванне асветы.

Падобная карціна назіраецца і з тэрмінам “інтэлігенцыя“. Часам да інтэлігентаў далучаюць магнатаў і шляхцічаў, якія вызначыліся на ніве культуры, не зважаючы на сацыяльнае значэнне гэтага тэрміну і атаясамліваюць яго з тэрмінам “інтэлектуал“[2]. Нераспрацаванасць і недакладнасць тэрміналогіі і паняційнага апарату не можа не здзіўляць. Патрэба ў распрацаваным інструментарыі гісторыка-культурных даследаванняў узнікае у тым выпадку, калі праводзяцца глыбокія распрацоўкі праблемы, калі неабходны аналіз працэсаў, а не простая канстатацыя фактаў. Магчыма, новае пакаленне беларускіх гісторыкаў, якое з меншай пагардай ставіцца да гісторыка-культурных даследаванняў, увядзе ў трывалы навуковы зварот тэрміналагічны і паняційны апарат, які распрацаваны нашымі суседзямі-гісторыкамі, а таксама замежнымі і айчыннымі культуролагамі, адаптуе яго для патрэбаў беларускай гістарычнай навукі і пашырыць.

   Занядбанасць гісторыка-культурнай праблематыкі ў айчыннай гістарыяграфіі прыводзіць да становішча, калі гісторыка-культурныя даследаванні грунтуюцца на геаграфічных межах і перыядызацыі, вызначанай падзеямі палітычнай і эканамічнай гісторыі. У сувязі з гэтым, напрыклад, ва ўжо згаданых “Нарысах гісторыі Беларусі” перыяд барока (17 ст.) і частка перыяда класіцызму (18 ст.) трапілі ў адзін раздзел, што не адпавядае логіцы выкладання гісторыка-культурнага матэрыялу. Памылковай трэба таксама лічыць практыку вызначэння дакладнай даты пры перыядызацыі. Дакладнасць храналагічнай мяжы ў гісторыі культуры – надзвычай рэдкая з’ява. Культура схільная да эвалюцыйнага развіцця, таму перыяды яе гісторыі не толькі паступова перацякаюць адзін у другі, але вельмі часта суіснуюць не толькі ў часе, але ў адной геаграфічнай прасторы і нават у творчасці аднаго майстра. Так, узаемаперапляценнем рэнесансу і барока пазначаны перыяд ад другой паловы 16 да пачатку 17 ст. Класіцызм, сентыменталізм, рамантызм наогул суіснуюць побач на працягу амаль паловы стагоддзя, прычым класіцызм захоўвае вельмі моцныя пазіцыі ў шэрагу галінаў культуры (архітэктура, скульптура) і пасля “перамогі“ рамантызму.

У гісторыі культуры, як падаецца, лепей карыстацца не тэрмінамі “мяжа” і “храналагічная рыса”, а тэрмінам, які яшчэ ў 19 ст. быў ва ўжытку ў гісторыкаў і цяпер яшчэ не забыты даследчыкамі старой школы – цэзура. У адрозненні ад мяжы, цэзура не аддзяляе, а толькі вылучае нейкі адрэзак часу ці працэсу. Айчынная гістарыяграфія культуры павінна яшчэ ўдакладніць, перагледзець ці абгрунтаваць уласную перыядызацыю, дзе будуць не толькі новыя прынцыпы падыходу да вызначэння перыядаў, але таксама абгрунтаванне тэрміналогіі, якой карыстаюцца для іх азначэння [3].

   На працягу апошніх дзесяцігоддзяў 20 ст. азначыўся паварот да лепшага ў акрэсленні геаграфічных межаў гісторыка-культурных даследаванняў. Цяпер ужо Вільня і Беласточчына трывала ўвайшлі ў сферу зацікаўленасці беларускіх навукоўцаў. Спарадычна з’яўляюцца ў тэкстах таксама Дынабург (Дзвінск, Даўгаўпілс), Веліж, Невель і г.д. Прынцыпы ўключэння гэтых тэрыторый у сферу ўвагі беларускіх навукоўцаў па-ранейшаму грунтуюцца ці на палітычных межах, якія адпавядаюць акрэсленаму перыяду ў гісторыі Беларусі ці на мапе Я.Карскага. Але палітычныя межы не заўсёды адпавядаюць межам арэалу, на якім фармуецца ці развіваецца акрэслены этнакультурны працэс. Што ж датычыць мапы Я.Карскага, то яна не з’яўляецца універсальнай, бо акрэслівае толькі мяжу распаўсюджання беларускага этнасу на працягу некалькіх стагоддзяў і не ўлічвае “транскультурныя“ ці полікультурныя з’явы, такія, напрыклад, як культура Вялікага Княства Літоўскага ці літвінская культурная традыцыя 19 ст. Можна ўзгадаць тут падыходы, выпрацаваныя да геаграфічных межаў гісторыка-культурнага даследавання М.Шчакаціхіным, які зыходзіў не з палітычных ўтварэнняў, а з прынцыпа тыпалагічнага падабенства культурных з’яваў[4]. Дарэчы, гэтым жа прынцыпам здаўна карыстаюцца нашыя польскія калегі. Яны не лічаць нацыяналізмам уключэнне ў гісторыка-культурнае даследаванне ўсяго абшару Рэчы Паспалітай ці нават Смаленска, у выпадку, калі гэтыя тэрыторыі ўваходзілі ў адзіную культурную прастору[5].

   Найбольшай праблемай айчыннай гістарыяграфіі культуры, безумоўна, з’яўляецца метадалогія. Пакуль што базы для стварэння ўласнай метадалогіі гісторыка-культурнага даследавання ў айчыннай гістарычнай навуцы няма. Адзіны шлях выйсця з такога становішча – вучыцца ў замежных калегаў. Варта было б паспрабаваць “накласці” ўжо існуючыя метадалогіі гісторыка-культурнага пошуку на “беларускі матэрыял” і паглядзець, як яны “працуюць”. Найбольш перспектыўным на сучасным этапе развіцця айчыннай гістарыяграфіі культуры падаецца сістэмны комплексны падыход, які распрацоўваецца расійскімі навукоўцамі. Метадалагічныя падставы яго створаныя культуралагічнай школай М.Кагана[6]. У гэтым рэчышчы працаваў таксама Ю.Лотман, працуюць Л.Сафронава, І.Свірыда і іншыя расійскія навукоўцы. Падыход дае магчымасць асэнсаваць культуру як сістэму, якая мае ўласныя законы функцыянавання, адметную структуру, прынцыпы злучэння асобных яе частак, а таксама спецыфічныя стасункі з іншымі галінамі жыцця чалавечага грамадства і прыроды. Вельмі перспектыўным уяўляецца цывілізацыйны падыход да гісторыка-культурных даследаванняў, але пры яго выкарыстанні належыць вельмі дакладна вызначыць дэфініцыі, у першую чаргу, само паняцце “культура”, а таксама такія, як “Усход”, “Захад”, “еўрапейская цывілізацыя” і інш. Апошні падыход дае магчымасць падключыць гісторыю культуры Беларусі да еўрапейскага інфармацыйнага поля, “упісаць” яе ў сусветныя цывілізацыйныя працэсы. І першая, і другая метадалогіі патрабуюць ад даследчыка энцыклапедычных ведаў, якія датычаць не толькі гісторыі беларускай і сусветнай культуры (у значэнні гісторыі духоўнага жыцця), але таксама гісторыі вытворчых сілаў, сацыяльнай і палітычнай гісторыі, культуралогіі і інш.

   Набалелым пытаннем айчыннай гістарыяграфіі культуры, як, зрэшты, і ўвогуле гістарыяграфіі, з’яўляецца праблема гістарычных міфаў. Шэраг з іх сёння ствараецца і адыгрывае дастаткова канструктыўную ролю ў працэсе выспявання нацыянальнага самавызначэння беларусаў. Але большасць замаруджвае ці перакрэслівае фармаванне арыгінальнай гістарыяграфіі культуры. Дзеля прыкладу згадаем міф аб “польскай” культуры шляхты беларуска-літоўскіх земляў у часы Рэчы Паспалітай і ў першыя дзесяцігоддзі пасля яе заняпаду. Міф пра польскасць шляхты беларуска-літоўскіх земляў адыграў дэструктыўную ролю ў фармаванні нацыянальнай культурнай спадчыны беларусаў. З поля зроку беларусаведаў выключалася цэлая скіба культуры, якая была польскай толькі па мове, ды і мова, улічваючы апошнія даследаванні польскіх калегаў, не была па вялікаму рахунку польскай[7]. Даследчыкі шукаюць беларускую культуру, бяруць пры гэтым галоўнымі крытэрыямі мову і саманазву. Паводле гэтага прынцыпу ў спадчыну беларускай культуры трапляюць Ян Баршчэўскі, Ян Чачот, Вінцук Дунін-Марцінкевіч і не трапляе Адам Міцкевіч. Такі прынцып з’яўляецца мадэрнізацыяй, паколькі адбываецца перанясенне сучаснага разумення тэрмінаў “беларуская культура” і “польская культура” ў часы, калі яны яшчэ толькі фармаваліся і ўключалі ў сябе розныя сацыяльныя і нават этнічныя скібы, у тым ліку, літвінскую культурную традыцыю, беларускую сялянскую культуру і інш. Гэтыя тэрміны мелі не столькі этнічнае, сколькі сацыяльна-палітычнае, геаграфічнае, канфесійнае значэнне.

Неабходна зрабіць рэвізію ўсёй спадчыны культуры беларуска-літоўскіх земляў часоў Рэчы Паспалітай і 19 ст. на падставе новых падыходаў да выяўлення вытокаў і крыніцаў фармавання беларускай нацыянальнай культуры. Асобную ўвагу, як выдаецца, належыць звяртаць на семантыку культурных з’яваў, шукаць карэнні асобных стэрэатыпаў, сюжэтаў, формаў, аналізаваць каштоўнасную арыентацыю культуры і іншыя яе элементы, якія замацаваліся і ў далейшым увайшлі ў культурны код нацыянальнай беларускай культуры.

Бадай што, найбольш балючай праблемай айчыннай гісторыка-культурнай навукі з’яўляецца праблема навуковых кадраў. Даследчык культуры павінен мець энцыклапедычныя веды. Дзеля высвятлення фактараў, якія ўплывалі на фармаванне культурнага асяроддзя, належыць валодаць гісторыяй эканомікі, фактурай палітычнай гісторыі, у тым ліку, не толькі беларускай, але і сусветнай. Гісторык павінен мець добрую культуралагічную падрыхтоўку, веды з галіны сусветнай культуры. Магчыма, менавіта гэта адштурхоўвае ад заняткаў гісторыяй культуры маладых даследчыкаў. Выйсце з гэтай сітуацыі ляжыць у стварэнні гісторыка-культурнай школы, фармаванні аспірантуры па гэтай спецыяльнасці і забеспячэнні вучобы для маладых спецыялістаў у школах, якія маюцца па гэтых праблемах у Польшчы, Расіі. Важным выдаецца таксама стварэнне механізму цеснага ўзаемадзеяння айчынных культуролагаў і гісторыкаў. Пакуль што канферэнцыі, семінары і іншыя навуковыя імпрэзы спецыялістаў гэтых галінаў ведаў адбываюцца аўтаномна. Неабходна злучыць іх у адной праграме і вызначыць прыярытэтныя кропкі ўзаемных намаганняў.



[1] Гл., напр.: Нарысы гісторыі Беларусі. У 2-х ч. Ч.1 Пад рэд. М.П.Касцюка і інш. Мінск, 1994. С. 104-113, 259-266, 290-302. (Выключэннем з гэтага пераліку можа быць у некаторай ступені раздзел, прысвечаны культуры эпохі Рэнесансу, напісаны Г.Я.Галенчанкам. С. 192-200.)

[2] Змест паняцця “інтэлігенцыя“ на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў з’яўляецца прадметам дыскусіі ў польскай і расійскай гістарыяграфіі. У выніку яе склаліся ўжо дастаткова акрэсленыя крытэрыі вызначэння інтэлігента як прадстаўніка пэўнай сацыяльнай групы. Гл., напр.: Kieniewicz S. Historyk a świadomość narodowa. Warszawa, 1982. S. 13-31; Лейкина-Свирская В.Р. Русская интеллигенция в 1900-1917 годах. Москва, 1981; Zieńkowska K. O prekursorach inteligencji polskiej uwag kilka // Inteligencja Polska XIX i XX w. Stud. 5. Warszawa, 1987. S. 9-30 і інш.

[3] Пакуль яшчэ беларускія даследчыкі пры акрэсленні этапаў развіцця культуры вымушаныя ставіць ў адзін тыпалагічны рад такія рознаўзроўневыя з’явы, як Адраджэнне, Асветніцтва, барока, рамантызм, сярэднявечча і г.д. Аб нестасоўнасці і нелагічнасці такой практыкі пісаў яшчэ ў 1980 г. Мальдзіс А. (На скрыжаванні славянскіх традыцый: Літаратура Беларусі пераходнага перыяду (другая палова ХVІІ-ХVІІІ ст.) Мінск, 1980. С. 19-20.)

[4] Шчакаціхін М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва. Мінск, 1993.

5Słownik artystów polskich i obcych w Polsce działających. T. 1-6 . Wrocław, 1971-1996; Słownik biograficzny teatru polskiego. 1765-1965. Warszawa, 1973; Raszewski Z. Krótka historia teatru polskiego. Warszawa, 1990; Tazbir J. Kultura szlachecka w Polsce. Rozkwit, upadek, relikty. Warszawa, 1979 і інш.

[6] Каган М.С. Философия культуры. Санкт-Петербург, 1996; Художественная культура в докапиталистических формациях. Структурно-типологическое исследование. Под ред. М.С.Кагана. Ленинград, 1984 і інш.

[7] Kurzowa Z. Język polski Wileńszczyzny i kresów północno-wschodnich XVI-XX w. Warszawa-Kraków, 1993.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія