БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 4 / 2001

ПРАБЛЕМЫ ГІСТАРЫЧНАЙ АДУКАЦЫІ Ў БЕЛАРУСІ

Праблемы вывучэння грамадска-палітычнага жыцця на землях Беларусі (1772 – 1863)

Вячаслаў Швед
(Гародня)

Пад тэрмінам “грамадска-палітычнае жыццё” мы разумеем падзеі грамадскага жыцця (палітычныя і непалітычныя), палітыку ўрада, дзейнасць органаў дзяржаўнай улады і кіравання, дзейнасць патаемных, паўпатаемных арганізацый і грамадзянскіх груповак, палітычную барацьбу, нацыянальна-вызваленчы рух[1]. Такое вызначэнне не пярэчыць поглядам, прынятым іншымі расійскімі[2], беларускімі[3], польскімі[4] сучаснымі даследчыкамі ўзнятых намі праблемаў.

   На наш погляд, грамадска-палітычнае жыццё на землях Беларусі ішло па трох напрамках: польскім, рускім і ліцвінскім. Першы падтрымліваўся польскім нацыянальна-вызваленчым рухам, другі – рускай урадавай палітыкай і рускім рэвалюцыйным рухам, трэці сілкаваўся “рэчпаспалітаўскім” рухам. Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух знаходзіўся ў зародкавым стане, быў “рухам у сабе” і нараджаўся ў барацьбе з польскім і рускім уплывамі.

Пры распрацоўцы дадзенай праблемы, трэба вырашаць наступныя задачы:

·      выявіць механізм падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння земляў Беларусі да Расійскай імперыі;

·      вызначыць перыяды эвалюцыі ўрадавай палітыкі ў адносінах да земляў Беларусі і даць ім характарыстыку;

·      даследаваць працэс уладкавання агульнаімперскай сістэмы кіравання і суда;

·      высвятліць палітычную ролю польскай і рускай сістэмаў адукацыі;

·      разглядзець галоўныя арганізацыйныя формы грамадска-палітычнага жыцця (патаемныя і паўпатаемныя таварыствы і арганізацыі);

·      прааналізаваць дзейнасць польскай палітычнай эміграцыі і яе эмісараў на землях Беларусі;

·      высвятліць месца і ролю земляў Беларусі ў рэвалюцыйных рухах Расіі і Польшчы;

·      даць характарыстыку першага этапу беларускага нацыянальна-вызваленчага руху (1794-1863 гг).

·      паказаць выпрацоўку асноватворных ідэяў і паняццяў грамадзянскай супольнасці ў працэсе грамадска-палітычнага жыцця земляў Беларусі.

   Звернемся да гістарыяграфічнага аналізу з мэтаю выяўлення стану даследавання пералічаных праблемаў і вызначым задачы, якія стаяць перад сённяшнімі даследчыкамі грамадска-палітычнага жыцця на землях Беларусі перыяду ад падзелаў Рэчы Паспалітай да Студзенскага паўстання 1863 – 1864 гг. Спынімся на працах канцэптуальнага характару. Расійскія гісторыкі Ф.Е.Еленеў, М.В.Каяловіч, А.Вінаградаў, Г.А.Паўскі, І.І.Лапо спрабавалі даказаць, што Заходняя (ці Паўночна-Заходняя) Русь ніякая не искони польская па духу и национальности, а спрадвеку руская, бо край гэты насяляюць миллионы русских граждан[5]. Тэрмін Заходняя Русь выкарыстоўваўся імі ў дачыненні да тэрыторый Літвы і Беларусі. Еленеў пісаў, што Кацярына аднавіла Расію ў тых межах, якія ўказаны ёй боскай воляй, указаны ўсёю нашай гісторыяй, пачынаючы ад святога Уладзіміра і Яраслава I[6]. Народ Заходняга краю, на яго погляд, не мае нацыянальнага вышэйшага класу, адарваны ад разумовага і грамадскага руху сваёй Айчыны[7].

Найбольш паслядоўным западно-русистом быў Міхаіл Каяловіч. У адрознeнні ад іншых ён вельмі любіў гэты край і з замілаваннем сэрца пісаў пра беларусаў: Гэта старадаўняе племя, якога і паходжанне, і дзяржаўнасць пакрыты цемрай старажытнасці […] Але пачніце глядзець на яе хаця б з таго часу, калі шмат чаго відаць ясна, напрыклад, з часу татарскага іга. Вы тады ўбачыце, што і дзяржаўнасць, і грамадскасць тут больш развіты, чым у Маларосіі. Заходнерускае заканадаўства, літаратура, брацтва разгортваюцца тут перш усяго і паказваюць сваю моц[8]. Але Каяловіч лічыў, што не ўсялякая народнасць павінна складаць асобную дзяржаву[9], і, што беларусы, маларосы, вялікаросы – рускія людзі генетычна, матэрыяльна і духоўна. Беларусь, Украіна, Расія – часткі адзінай цывілізацыі, таму пасля падзелаў Рэчы Паспалітай адбылося аб’яднанне спрадвечных пачаткаў Заходняй і Усходняй Русі[10]. Величайшим благом Каяловіч лічыў обрусение Беларусі: папаўненне шэрагаў адукаваных чыноўнікаў і духоўных асобаў за кошт мясцовых рускіх праваслаўных людзей, будаўніцтва праваслаўных храмаў і царкоўна-прыходскіх школаў, аднаўленне праваслаўных царкоўных брацтваў, развіццё нацыянальнай свецкай адукацыі[11].

А.Вінаградаў лічыў, што распаўсюджаны погляд рускіх на “Заходні край як на Польшчу “ўжо не раз саслужыў у іх гісторыі смутную службу і ў той жа час ворагам рускай народнасці і праваслаўя даў зачэпку абвінавачваць нас не толькі ў захопе краю, але як бы і ў прыгнечанні яго прыродных нацыянальных памкненняў[12]. І.І.Лапо ў сваёй кнізе Западная Россия и её соединение с Польшей в их историческом прошлом адносіў да Заходняй Расіі Віленскую, Віцебскую, Гарадзенскую, Менскую, Магілёўскую губерні, а часам і Смаленскую. Ён быў упэўнены, што будучае Заходняй Русі знаходзілася цалкам у руках рускага ўрада, без таго ці іншага ўплыву грамадства на яго палітыку. І.Лапо слушна лічыў, што Рэч Паспалітая – гэта федэратыўны саюз дзвюх дзяржаваў (ВКЛ і Польшчы), што ВКЛ ніколі не ўваходзіла ў Польшчу, а польскія патрыёты хочуць уключыць яе ў адраджаемую новую Польшчу ад мора да мора[13].

У кнігах В.Ю.Ластоўскага[14], У.М.Ігнатоўскага[15], У.І.Пічэты[16], М.В.Доўнар-Запольскага[17], М.Ільяшэвіча[18] гісторыя Беларусі разглядалася з нацыянальных пазіцый і з падкрэсліваннем глыбокіх каранёў беларускай дзяржаўнасці. Супрацьлеглы погляд мелі аўтары падручнікаў История Белорусской ССР і История БССР[19], але на багатай факталогіі часам і яны рабілі даволі слушныя высновы па асобных праблемах палітычнага развіцця земляў Беларусі пасля іх уваходу ў склад Расійскай імперыі. Сучасны погляд на гісторыю зямель Беларусі пасля падзелу Рэчы Паспалітай выказалі беларускія гісторыкі А.Кіштымаў і Я.Анішчанка. А.Кіштымаў доказна напісаў у сваім артыкуле Аб характары становішча Беларусі, што зводзіць гісторыю Беларусі канца 18 – пачатку 19 ст. да схемы “Беларусь – калонія” нельга, бо “не ўсялякае заваяванне і захоп – каланіяльная экспансія”, якая “не існуе ў адрыве ад капіталізму і капіталістычнай сусветнай сістэмы”. Аўтар даказвае, што Беларусь не стала аб’ектам каланіяльнай экспансіі, бо 1) палітыка насаджэння на Беларусі рускага землеўладання поспеху не мела; 2) размяшчэнне асноўнага эканамічнага патэнцыялу ў сельскай мясцовасці з’яўляецца трывалай рысай беларускай эканомікі; 3) “разбор шляхты” супярэчыць метадам класічных каланізатараў, якія імкнуцца захаваць у калоніях мясцовую “туземную” ўладу, каб з яе дапамогай эксплуатаваць падпарадкаванае насельніцтва; 4) праводзілася палітыка уніфікацыі, збліжэння, зліцця ў адзінае цэлае, а не падзелу на метраполію і калонію (роўнасць беларускай шляхты ў правах з рускім дваранствам, скасаванне уніі, русіфікацыя адміністрацыйнага кіравання і адукацыі); 5) рэпрэсіі насілі часовы характар[20]. Я.Анішчанка ў кнізе “Беларусь часоў Кацярыны II” асвяціў старонкі гісторыі беларускіх зямель пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай і слушна заявіў, што праведзеная царскім урадам вернападданая прысяга “стварыла ідэалагічную падставу для існавання трывалай канцэпцыі аб добраахвотным уз’яднанні Беларусі з Расіяй”[21].

Польскія гісторыкі Т.Мараўскі[22], У.Касякевіч[23], Г.Масціцкі[24], М.Кукель[25] разглядалі такія пытанні, як: падзелы Рэчы Паспалітай, паўстанні 1794 і 1830 – 1831 гг, вайна 1812 г. і адносіны Напалеона да Польшчы, развіццё адукацыі, яе ўплыў на фармаванне патрыятычнай моладзі, дзейнасць польскай эміграцыі, польскае пытанне, палітыка расійскіх уладаў у адносінах да Польшчы і Літвы, рэлігійныя справы, арганізацыя і дзейнасць органаў кіравання і суда. Усе яны разглядаюць гісторыю земляў былога ВКЛ, як частку гісторыі Польшчы і ацэньваюць падзеі скрозь прызму барацьбы за адраджэнне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. У гісторыі ВКЛ іх найбольш цікавяць праявы польскасці. Ад гэтай нацыянальнай пазіцыі не адышлі і сучасныя польскія гісторыкі: С.Кеневіч[26], Ю.Кальбушэўскі[27], П.Ясяніца[28] і інш.

Па праблемах падзелу Рэчы Паспалітай даследаваліся такія пытанні, як становішча Беларусі падчас падзелаў, рашэнне дысідэнцкага пытання, знешнепалітычныя падзеі, прычыны падзення дзяржавы. Але да гэтага часу не выяўленыя механізм далучэння земляў Беларусі да Расійскай імперыі, не акрэсленыя наступствы інкарпарацыі, не выяўлены характар сувязі Беларусі з Расійскай імперыяй. Аб палітыцы царызму ў адносінах да земляў Беларусі фрагментарна пісалі былыя і сучасныя рускія, польскія і беларускія даследчыкі. Яны закранулі такія пытанні, як паланізацыя і барацьба з ёю, ход “рускай справы”, эвалюцыя палітыкі на далучаных землях, перабудова адміністрацыйнай сістэмы, ліквідацыя уніяцтва і паступовы наступ праваслаўя, прадваранская сутнасць расійскай палітыкі. Аднак нягледзячы на шматлікую літаратуру, комплекснага і ўсебаковага аналізу царскай палітыкі на землях Беларусі няма. Асабліва мала даследаваныя такія пытанні, як: ссылка, дэпартацыя, канфіскацыя, секвестр у палітыцы расійскага ўрада ў дачыненні да жыхароў Беларусі. Няма даследаванняў па фармаванню і дзейнасці палітычнай паліцыі на землях Беларусі, не абгрунтаваны перыяды ў эвалюцыі расійскай палітыкі ў Беларусі, ніхто не параўнаў апошнюю з палітыкай іншых захопнікаў земляў Рэчы Паспалітай.

Сярод праблемаў усталявання новай сістэмы суда і кіравання даследаваны пытанні ўладкавання новага гарадскога кіравання пасля скасавання магдэбурскага права беларускіх гарадоў, функцыяванне мясцовага апарату кіравання і суда, склад чыноўніцтва ў 1830 – 50-я гады. Але ўладкаванне агульнаімперскай сістэмы кіравання і суда, як сродка русіфікацыі і уніфікацыі земляў Беларусі з цэнтральнымі рэгіёнамі Расіі не разглядалася, не выдзелены перыяды гэтага працэсу, не падкрэслена розніца ў адносінах царскага ўрада да заходніх і усходніх земляў Беларусі, не даследаваны выбары ў органы мясцовага самакіравання як сродак палітыкі і склад чыноўніцтва, як кадравая палітыка царызму.

Пытанні адукацыйнай палітыкі самадзяржаўя на землях Беларусі разглядаюцца фрагментарна ў шматлікай польскай, рускай і беларускай літаратуры па праблемам развіцця адукацыі: дзейнасць Віленскай навучальнай акругі, распаўсюджванне расійскай і польскай сістэмаў адукацыі (у тым ліку колькасныя характарыстыкі). На сённяшні дзень няма даследаванняў аб ролі расійскай сістэмы адукацыі ў русіфікацыі беларускай моладзі, а польскай - у паланізацыі, не паказаныя ўстановы адукацыі, як арэна палітычнай барацьбы паміж польскай і рускай сістэмамі адукацыі, не выдзелены сродкі гэтай барацьбы і не звернута ўвага на палітычную ролю выхавання.

Польскае пытанне, як праблема, па сутнасці з’яўляецца асноўным зместам амаль усіх публікацый польскіх гісторыкаў аб падзеях палітычнага жыцця краіны пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай. Звернута ўвага на тое, што палітычнымі памкненнямі польскіх патрыётаў было адраджэнне дзяржавы ў межах 1772 г., вызначаны этапы і сродкі барацьбы за вырашэнне гэтай задачы, даследавана значэнне “польскай карты” у планах Аляксандра І і Напалеона, а таксама ваенныя падзеі франка-рускай вайны 1812 г. Толькі ў апошнія гады намеціўся паварот да даследавання такіх праблемаў, як планы адраджэння ВКЛ напярэдадні вайны, ВКЛ 1812 г., удзел літоўска-беларускага войска ў вайне на баку Напалеона. Але комплексна і з прыцягненнем польскіх крыніцаў і архіўных матэрыялаў яны не вывучаліся. Роля земляў Беларусі ў “польскім пытанні” не вызначаная, месца і значэнне іх у пытанні аб адраджэнні Рэчы Паспалітай не паказанае. Літаратуры, прысвечанай ролі асобнага Літоўскага корпусу ў “польскім пытанні” няма. Толькі даследчыкі руху дзекабрыстаў і дзейнасці Патрыятычнага таварыства звярнулі ўвагу на яго ролю ў перамовах 1824 і 1825 гг.

Няма таксама літаратуры па палітычнай эміграцыі з Беларусі. Фрагментарныя факты, падзеі сустракаюцца ў польскіх працах (хвалі эміграцыі, погляды эміграцыйных цэнтраў на землі былога ВКЛ, дзейнасць асобных эмісараў), але разглядаюцца яны як частка польскай гісторыі. Не выўлены сувязі польскай эміграцыі з землямі Беларусі, хвалі і адрасы беларускай эміграцыі, не вывучана дзейнасць Таварыства Літоўскіх і Рускіх земляў. Пэўныя дасягненні ёсць ў даследаванні дзейнасці патаемных таварыстваў шубраўцаў, філаматаў і філарэтаў, прамяністых, Навуковага, Маральнага, Заранаў”, Згодных братоў, Таварыства ваенных сяброў і іншых. Наяўнасць літаратуры дазваляе ўзняць пытанне пра стварэнне агульнай комплекснай карціны грамадска-палітычнага жыцця на землях Беларусі ў форме патаемных таварыстваў і аналізу іх дзейнасці, сувязяў паміж сабой. Неабходна падкрэсліць зацікаўленасць сяброў гурткоў і таварыстваў беларускасцю, выправіць памылкі ў датах іх існавання, удакладніць колькасць сяброў і інш.

У гістарыяграфіі паўстанняў 1794 г. і 1830-1831 гг. беларускія землі згадваюцца толькі як месца баявых падзеяў і тэрыторыя, якая павінна быць у складзе адроджанай Рэчы Паспалітай. Фрагментарна разгледжаная дзейнасць паўстанцкіх уладаў у Беларусі і Літве. Наяўнасць літаратуры дазваляе вырашаць пытанні комплекснага паказу сепаратызму, радыкалізму і якабізму паўстання 1794 г. на тэрыторыі былога ВКЛ, дзейнасці ліцвінскіх органаў паўстання, ролі і значэнні земляў Беларусі ў рэчпаспалітаўскім” паўстанні. Патрэбна зрабіць аналіз дакументаў рэвалюцыйнай улады і вызначыць ролю і значэнне земляў Беларусі ў Лістападаўскім паўстанні, паказаць партызанскі рух, ахарактарызаваць дзейнасць Віленскага цэнтральнага паўстанцкага камітэта і Цэнтральнага польскага Часовага ўрада ў Літве, дзейнасць рэгулярных польскіх войскаў у Беларусі.

Па праблемах масонства ў даследуемы час значныя працы напісаныя польскімі і рускімі даследчыкамі (у першую чаргу С.Малахоўскім-Лемпіцкім і С.Дабранскім), якія ўтрымліваюць матэрыялы пра дзейнасць масонскіх ложаў на землях Беларусі, у т.л. няпоўныя спісы братоў, раскрываюць палітычныя погляды масонаў, іх уплыў на стварэнне палітычных арганізацый і патаемных таварыстваў. Звярнулі ўвагу на масонства беларускія гісторыкі С.Рыбчонак, М.Рыбко, С.Куль-Сяльверстава. Сёння ўпершыню ёсць магчымасць з выкарыстаннем набыткаў літаратуры і новых крыніцаў напісаць комплексную гісторыю літоўска-беларускіх ложаў польскага і рускага масонства, вызначыць ролю братоў у грамадска-палітычным жыцці, іх сувязі з ложамі Расіі і Польшчы. Неабходна паказаць барацьбу апошніх за ўплывы ў Беларусі.

   Да выхаду нашай кнігі Беларускія старонкі гісторыі дзекабрыстаўінск, 1998) не было комплекснага даследавання беларускіх старонак дзекабрысцкага руху. Засталіся не разгледжанымі пытанні аб месцы земляў Беларусі ў нацыянальных праграмах дзекабрыстаў і польскага Патрыятычнага таварыства, беларускі ўплыў на маскоўскую змову дзекабрыстаў у 1817 г., месца Беларусі ў перамовах дзекабрыстаў і сяброў Патрыятычнага таварыства ў 1824 і 1825 гг.

Апошняя праблема закранае першы этап беларускага нацыянальна-вызваленчага руху. Але пакуль найбольшая ўвага звернутая на развіццё ў канцы 18 – першай палове 19 ст. беларускай літаратуры, мовы, фальклору, этнаграфіі. Дадзеная характарыстыка носьбітаў беларускасці (ліцвінскасці), паказаны ўзровень фармавання беларускай самасвядомасці. Цяпер патрэбная распрацоўка канцэпцыі першага этапу беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, выдзяленне цэнтраў беларускага інтэлектуальнага жыцця, даследаванне ліцвінскасці адраджэнцаў новай беларускай літаратуры і мовы і “ліцвінскага рэгіяналізму” польскамоўных літаратараў-выхадцаў з Беларусі, вызначэнне ролі уніяцкіх святароў, ацэнка прычынаў замаруджанага нацыянальнага развіцця беларусаў у перыяд 1794 – 1863 гг.

   У агульным падсумаванні трэба адзначыць, што праведзены гістарыяграфічны аналіз паказвае, што на сённяшні дзень адсутнічае комплекснае даследаванне праблемы “Грамадска-палітычнае жыццё на землях Беларусі (1772 – 1863 гг.)”. Фрагментарна, часам без дастатковага ведання дакументальнай базы, аднабакова разгледжаныя такія пытанні, як падзелы Рэчы Паспалітай, уладкаванне агульнаімперскай сістэмы кіравання і суда, лёс Беларусі ў 1812 г. і паўстаннях 1794 г. і 1830 – 1831 гг., першы этап беларускага нацыянальна-вызваленчага руху. Не вырашанымі засталіся праблемы расійскай урадавай палітыкі на землях Беларусі, яе месца ў планах дзекабрыстаў, рускае і польскае масонства на беларускай тэрыторыі. Не былі аб’ектам даследавання ў беларускай гістарыяграфіі такія праблемы, як палітычная роля расійскай і польскай сістэмаў адукацыі, месца і роля Беларусі ў “польскім пытанні”, дэпартацыя і ссылка з земляў Беларусі, “польская” палітычная эміграцыя і яе эмісары ў Беларусі, стварэнне асобнага Літоўскага корпусу як кроку да перадачы тэрыторыі былога ВКЛ Каралеўству Польскаму, планы адраджэння ВКЛ у 1810 – 1815 гг. На даследуемыя намі праблемы трэба глядзець праз прызму беларускасці, бо рускія, савецкія, польскія даследчыкі пісалі са свайго пункту гледжання, часам замоўчваючы сапраўдныя факты і падзеі, ствараючы міфы.



[1] Пугачёв В.П., Соловьёв А.И. Введение в политологию. Москва, 1995. С. 8, 9, 11, 12; Наумова С.А. Что нужно знать о политике. Минск, 1997. С. 12-13; Политология: Энциклопедический словарь. Общ. ред. и сост. Ю.И.Аверьянов. Москва, 1999. С. 255.

[2] История России ХІХ-начала ХХ в. Под ред. В.А.Фёдорова. Москва, 1998. С. 87-104, 208-230.

[3] Ковкель И.И., Ярмусик Э.С. История Беларуси с древнейших времён до нашего времени. Минск, 1998. С. 106, 115; Гісторыя сялянства Беларусі. У 3 т. Т.1 Пад рэд. В.І.Мялешкі і інш. Мінск, 1997. С. 259; Нарысы гісторыі Беларусі: У 2-х ч. Ч.1. Мінск, 1994. С. 280, 288; Каўка А.К. Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.1. Мінск, 1993. С. 443.

[4] Kieniewicz S. Historia Polski. 1795-1918. Warszawa, 1997. S. 28-30, 100-113.

[5] Цыт па: Ігнатоўскі У.М. Гісторыя Беларусі ў ХІХ пачатку ХХ ст. Мінск,1925. С. 79.

[6] Цыт па: Ігнатоўскі У.М. Гісторыя Беларусі ў ХІХ – пачатку ХХ ст. Мінск,1925. С. 59.

[7] Цыт па: Ігнатоўскі У.М. Гісторыя Беларусі ў ХІХ – пачатку ХХ ст. Мінск,1925. С. 81.

[8] Кояловіч М.О. Ответ г. Костомарову на его статью в № 118 газеты «Голос». Санкт-Петербург, 1864. С. 23.

[9] Кояловіч М.О. Об этнографической границе между Западной Россией и Польшею // Сборник статей, разъясняющих польское дело в отношении к Западной России. Вильна, 1885. Вып. 1. С. 105.

[10] Коялович М.О. Чтение по истории Западной России. Санкт-Петербург, 1884. С. 301.

[11] Коялович М.О. Чтение по истории Западной России. Санкт-Петербург, 1884. С. 289-290.

[12] Виноградов А.А. Значение царствования императрицы Екатерины ІІ для Северо-Западного края: Крат. историч. очерк. Вильно, 1904. С. 3.

[13] Лаппо И.И. Западная Россия и её соединение с Польшей в их историческом прошлом. Прага, 1924. С. 16, 20-21.

[14] Ластоўскі В.Ю. Кароткая гісторыя Беларусі. Мінск, 1992.

[15] Ігнатоўскі У.М. Гісторыя Беларусі ў ХІХ-пачатку ХХ ст. Мінск, 1925; Ігнатоўскі У.М. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. Мінск, 1991.

[16] Пичета В.И. История белоруского народа // Курс белорусоведения. Москва, 1920; Пичета В.И. Основные моменты исторического развития Западной Украины и Западной Белоруссии. Москва, 1940.

[17] Доўнар-Запольскі М.В. Асновы дзяржаўнасці Беларусі. Мінск, 1994.

[18] Ільяшэвіч М. Расейская палітыка на землях былога Беларуска-Літоўскага гаспадарства за панаванне Кацярыны ІІ і Паўла І (1772-1801). Вільня, 1933.

[19] История Белорусской ССР. В 5 т. Т.1. /Л.С.Абецедарский, В.Н.Перцев, К.И.Шабуня. Минск, 1961; История БССР. В 2-х ч. Ч.1. Под ред. В.В.Чепко, А.П.Игнатенко. Минск, 1981.

[20] Кіштымаў А. Аб характары становішча Беларусі ў складзе Расійскай імперыі // Настаўніцкая газета. 10 лютага 1996 г. С. 3.

[21] Анішчанка Я.К. Беларусь у часы Кацярыны ІІ (1772-1796 г.) Мінск, 1998. С. 35.

[22] Morawski T. Dzieje narodu polskiego w krótkosci zebrane... T. 6. Polska pod obcуm panowanem. Poznań, 1872.

[23] Kosiakiewicz W. Historja Polski porozbiorowej na tle ruchu światowego: Fakty. Daty. Sądy. 1795-1917. Warszawa, 1917.

[24] Mościcki H. Dzieje porozbiorowe Litwy i Rusi. T.1. 1772-1800. Wilno, 1919; Mościcki H. Litwa i Korona w epoce porozbiorowej. Warszawa, 1920.

[25] Kukel M. Dzieje Polskie porozbiorowej 1795-1921. Wyd. 4. Paris, 1984.

[26] Kieniewicz S. Historia Polski. 1795-1918. Warszawa, 1997.

[27] Kolbuszewski J. Kresy. Wrocław, 1995.

[28] Jasenica P. Rzeczpospolita Obojga Narodów. Cz.III. Dzieje agonii. Warszawa, 1972.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія