|
ПРАБЛЕМЫ ГІСТАРЫЧНАЙ АДУКАЦЫІ Ў БЕЛАРУСІ
Гісторыя Беларусі эпохі Вялікага Княства Літоўскага: рэгіянальны падыход
Васіль Варонін
(Менск)
На сённяшні дзень пры вывучэнні
гістарычнага мінулага Беларусі сярэдзіны 13 – сярэдзіны 16 ст. (як, дарэчы, і
іншых перыядаў) у айчыннай гістарыяграфіі вылучаюцца два геаграфічныя падыходы.
Згодна з першым, для даследавання тых ці іншых аспектаў гістарычнага развіцця
абіраецца ўся тэрыторыя сучаснай Рэспублікі Беларусь. Такі падыход мае
найбольшую папулярнасць. Паводле другога, аб’ектам вывучэння становіцца пэўны рэгіён
Беларусі. Абодвы гэтыя падыходы, безумоўна, маюць права на існаванне. Кожны з
іх мае свае перавагі і недахопы. Аднак хацелася б звярнуць увагу на магчымасці
другога падыходу, які, на жаль, выкарыстоўваецца ў нас вельмі рэдка і налічвае
ўсяго некалькі працаў[1].
Як вядома, у эпоху Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ)
Беларусі як геапалітычнай рэальнасці не існавала. (Пры гэтым належыць мець на
ўвазе, што ў разглядаемы гістарычны перыяд пераважнай большасці краін свету, у
тым ліку і многіх еўрапейскіх, у іх сённяшніх межах і як самастойных дзяржаў
таксама яшчэ не было). Таму, вывучаючы гісторыю ўсёй тэрыторыі сучаснай
беларускай дзяржавы для сярэдзіны 13 – сярэдзіны 16 ст., даследчык вымушаны
праводзіць межы, якія ў тую эпоху не існавалі ці існавалі толькі часткова. Гэтым
самым навуковец умешваецца ў гістарычны кантэкст, задае свае правілы, што не
можа не паўплываць на вынікі яго працы.
У той жа час вывучэнне гісторыі
Беларусі на рэгіянальным узроўні ўяўляецца вельмі перспектыўным, хоць і далёка
не беспраблемным. Перш за ўсё, падзел Беларусі на рэгіёны мае некалькі варыянтаў.
Выбар таго ці іншага з іх мусіць быць абумоўленым у першую чаргу канкрэтнымі
мэтамі і задачамі даследавання. Сярод варыянтаў у беларускай гістарыяграфіі
пэўную распаўсюджанасць атрымала вылучэнне рэгіёнаў па басейнах буйных рэкаў
(Падняпроўе, Падзвінне, Панямоннне, Пасожжа, Пабужжа і г.д.). З той прычыны,
што рэкі былі надзвычай важнымі транспартнымі шляхамі, яны сапраўды выконвалі
вельмі істотную ролю ў фармаванні рэгіёнаў у плане перш за ўсё блізкіх
гаспадарчых інтарэсаў, эканамічнага развіцця. Таму такі падзел на рэгіёны
найчасцей ужываецца пры вывучэнні сацыяльна-эканамічных праблемаў. Яшчэ адным
варыянтам раяніравання з’яўляецца вылучэнне такіх геаграфічных частак краіны,
як Паўночная, Усходняя, Заходняя, Цэнтральная і Паўднёвая Беларусь. Блізкія
адпаведнікі першага і апошняга паняццяў – Паазер’е і Палессе. Такі падзел
таксама прымальны і даволі зручны, тым больш, што мае пад сабой
гісторыка-этнаграфічныя падставы.
Мінусам абодвух варыянтаў з’яўляецца пэўная неакрэсленасць межаў рэгіёнаў.
Нарэшце, дзяленне на рэгіёны, звязанае
з тагачасным адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзелам Беларусі. На працягу
ўказанага перыяду ён, канешне, спазнаў некаторыя змены: мяняўся статус
адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, у шэрагу выпадкаў мяняліся межы і г.д.
Тым не менш, нельга не прызнаць, што ён быў досыць стабільны. Некаторыя рэгіёны
Беларусі перыяду ВКЛ (княствы, намесніцтвы, ваяводствы) генетычна ўзыходзілі да
вельмі старадаўніх дзяржаўных і адміністратыўна-тэрытарыяльных утварэнняў, якія
існавалі яшчэ ў старажытнарускую эпоху. Да іх
ліку можна аднесці, напрыклад, Полаччыну і Віцебшчыну. Вылучэнне іншых
адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак на беларускіх землях у эпоху ВКЛ
таксама, відаць, нярэдка мела пад сабой гістарычныя падставы. Таму адміністрацыйна-тэрытарыяльныя
адзінкі, на якія падзялялася тэрыторыя Беларусі ў сярэдзіне 13 – сярэдзіне
16ст., у большасці выпадкаў былі гістарычна склаўшыміся, стабільнымі рэгіёнамі.
На карысць гэтага сведчыць і тая, напрыклад, акалічнасць, што яны ў практычна
нязменным выглядзе праіснавалі аж да канца 18 ст. Такім чынам, вывучэнне
кожнага з такіх рэгіёнаў (як буйных, так і невялікіх) паасобку ўяўляецца не
толькі магчымым, але і вельмі перспектыўным.
Даследаванне рэгіёнаў Беларусі,
вылучаных на падставе тэрытарыяльна-адміністратыўнага падзелу, мае цэлы шэраг
важных перавагаў. Па-першае, дакладна вызначаныя
геаграфічныя межы. Па-другое, ужо само выдзяленне пэўнай тэрыторыі ў адміністратыўную адзінку
абумоўлівала некаторую адметнасць яе развіцця. Напрыклад, кожнае ваяводства ці павет мелі ўласную сістэму
мясцовых органаў улады і кіравання, якая пэўным чынам развівалася, жылі сваім
уласным грамадска-палітычным жыццём і г.д. Значны інтарэс могуць уяўляць як раз
заканамернасці развіцця гэтай сістэмы, суадносіны мясцовага і
агульнадзяржаўнага грамадска-палітычнага жыцця, узаемаадносіны мясцовых і
цэнтральных органаў улады, кіравання і г.д. Канешне, гэтая адасобленасць і
своеасаблівасць становішча і развіцця рэгіёнаў магла быць неаднолькавай у
розных сферах.
Храналогія
і аспекты даследавання могуць быць самыя розныя. Заслугоўваюць уважлівага
разгляду працэсы тэрытарыяльнага, дэмаграфічнага, эканамічнага, сацыяльнага,
грамадскага, палітычнага, ваеннага, культурнага развіцця, рэлігійныя адносіны і
інш. Можа вывучацца як кожная з пералічаных сфераў самастойна, так і ў комплексе, з
даследаваннем узаемных уплываў праз параўнанне з іншымі рэгіёнамі і г.д.
Рэгіянальны
падыход дае магчымасць падрабязна і дэталёва разгледзець з’явы, працэсы і
факты, якія цікавяць даследчыка, атрымаць важныя канкрэтна-гістарычныя
матэрыялы, прасачыць развіццё рэгіёну ў гістарычнай перспектыве. Толькі на
падставе такіх дадзеных могуць быць зробленыя трывалыя і надзейныя
абагульненні.
Асаблівую
ўвагу хацелася б звярнуць на магчымасці рэтраспектыўнага метаду даследавання.
Як ужо адзначалася, некаторыя беларускія рэгіёны ў складзе ВКЛ захавалі
практычна нязменнымі межы, якія склаліся ў ранейшы перыяд. Уваходжанне ў склад
ВКЛ нярэдка не вяло да кардынальных зменаў у іх унутраным развіцці. Апошнія
даследаванні паказваюць,
што шэраг архаічных рысаў захаваўся і ў іх палітычным ды адміністратыўным
ладзе, сацыяльных і эканамічных стасунках, рэлігійным жыцці. Гэта тым больш
важна, калі ўлічыць, што дакументальныя крыніцы па гісторыі Беларусі раней за
15 ст. вельмі нешматлікія і да таго ж фрагментарныя, а новыя архіўныя знаходкі
такіх матэрыялаў выключна рэдкія. У такой сітуацыі рэтраспектыўны комплексны
аналіз матэрыялаў 15 – 16 ст., а магчыма і пазнейшых, можа даць вельмі
каштоўныя вынікі. Зразумела, што адначасова патрэбна распрацоўваць і
ўдасканальваць методыку такіх даследаванняў, бо простая экстрапаляцыя сітуацыі
15 ці 16 ст. на ранейшы перыяд наўрад ці прымальная.
На заканчэнне варта
падкрэсліць, што два названыя падыходы не супярэчаць і не выключаюць адзін
аднаго. Наадварот, адбываецца ўзаемнае дапаўненне і ўзбагачэнне. Пры гэтым
вельмі важна, каб вяліся актыўныя даследаванні ўсіх рэгіёнаў Беларусі. У
далейшым гэта дало б магчымасць звесці іх вынікі ў адну агульнабеларускую
карціну і, з аднога боку, больш выразна вызначыць спецыфіку розных беларускіх
рэгіёнаў, а з другога – прасачыць супольныя рысы іх развіцця. Было б таксама
вельмі карысна, каб увагу айчынных даследчыкаў прыцягнулі суседнія з Беларуссю
рэгіёны, такія як Віленшчына, Падляшша, Смаленшчына, гістарычны лёс якіх цесна
звязаны з гістарычным лёсам Беларусі і беларускага народу. Трэба ўлічваць і тую
акалічнасць, што гісторыкі суседніх, ды і не толькі суседніх краінаў таксама
праяўляюць інтарэс да вывучэння ВКЛ і іншых дзяржаваў Цэнтральнай і Ўсходняй
Еўропы на рэгіянальным узроўні. Гэта дае добрыя магчымасці для супрацоўніцтва
(асабліва ў выпадках, калі, напрыклад, колішні рэгіён ВКЛ уваходзіць у склад
розных дзяржаваў) у вывучэнні рэгіёнаў, а таксама для правядзення
параўнальна-гістарычных даследаванняў.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"
|