Як вядома,
да адкрыцця Белдзяржуніверсітэту (1921) і Інбелкульта (1922), навуковыя
даследаванні па ўсеагульнай гісторыі ў Беларусі не праводзіліся амаль 90 гадоў.
Пасля гвалтоўнага закрыцця царскімі ўладамі Віленскага ўніверсітэту выконваць
падобную навуковую працу ў нашым краі стала немагчыма. Як пісаў у свой час
прафесар Уладзімер Пічэта: “Дзякуючы палітыцы расійскага ўраду, які ўвесь час
знаходзіўся пад уплывам і ўражаннем паўстання 1830 і 1863 гадоў, Беларусь,
застаўшыся без вышэйшае навуковае ўстановы, уяўляла з сябе краіну, заняпаўшую
як у культурных адносінах, так і ў эканамічных. Беларуская вучнёўская моладзь
была прымушана ехаць вучыцца за межы Беларусі – у Пецярбург і Маскву. Такі
адрыў ад роднае краіны рабіў тое, што культурныя сілы, якія выходзілі з
Беларусі, прымушаны былі працаваць не на Беларусі. Дзякуючы гэтаму Беларусь не
магла мець ні сваёй уласнае інтэлігенцыі, ні сваёй навукі…”.
Парадаксальна, але факт! Гісторыкаў беларускага паходжання магчыма было
спаткаць ва ўсіх кутках Расійскай імперыі, але радзей за ўсё ў сваім краі.
Сацыяльныя
катаклізмы, якія адбыліся пасля 1917 г., пачалі змяняць гэтую сумную сітуацыю ў
лепшы бок, а адкрыццё БДУ і ІБК стала пачаткам вырашэння даўно наспелай
праблемы, аднаўленнем гістарычнай справядлівасці. Аднак, трэба адзначыць, што ў
гэты перыяд станаўлення беларускай гістарычнай навукі прыярытэт надаваўся
вывучэнню ўласных сюжэтаў, як пісаў вядомы савецкі гістарыёграф А.Вайнштэйн:
“[…] Нацыянальная думка, якая вырвалася з дарэвалюцыйных кайданоў, прагавіта
шукае крыніцу і падставу свайго культурнага адраджэння не ў чужой, а ў сваёй
нацыянальнай гісторыі”.
Дзеля
стварэння і развіцця навуковых і навучальных асяродкаў у галіне замежнай
гісторыі ў Беларусь прыбылі спецыялісты з расійскіх і ўкраінскіх універсітэтаў
– У.Дзьякаў, М.Нікольскі, У.Перцаў, У.Пічэта і інш. Ужо досыць сталыя і вядомыя
навукоўцы пачалі ствараць свае кафедры, аддзелы і секцыі. Так у 1921/22 навучальным
годзе ў БДУ на факультэце грамадскіх навукаў былі адчынены дзве кафедры
замежнай гісторыі – Усеагульнай гісторыі (заг. праф. У.Перцаў) і
Заходнееўрапейскага побыту і культуры (заг. праф. У.Дзьякаў). У ІБК з 1925 г.
пры адмысловым Польскім аддзеле дзейнічала гістарычная камісія начале з праф.
Я.Віткоўскім. Крыху пазней у складзе класа гісторыі была заснаваная кафедра
ўсеагульнай гісторыі, якой
кіраваў праф. А.Ясінскі.
Паступова
кадравы патэнцыял гістарычнай навукі рос. У нашым выпадку, напрыклад, у дадатак
да існуючых у 1929 г. універсітэт атрымаў кафедру гісторыі Захаду (20 ст.).
Загадчыкам стаў 28-мі гадовы дацэнт І.Рыўлін. Да пачатку 30-х гг. ў ВНУ
існавала і кафедра Польскай гісторыі і літаратуры. З 1931 г. гістарычныя
кафедры з’яўляюцца ў Менскім вышэйшым педінстытуце. Свой унёсак зрабіла
існаваўшая з 1925 па 1932 гг. кафедра гісторыі Захаду Камунуніверсітэту
Беларусі (заг. І.Рыўлін). У структуры Акадэміі Навук існавала секцыя гісторыі
Захаду, гістарычная камісія Інстытута польскай пралетарскай культуры, Камісія
па вывучэнню Заходняй Беларусі. У складзе Гістпарта пры ЦК КП(б)Б дзейнічаў
Заходні Сектар.
Гэткім
чынам, ужо практычна праз дзесяць гадоў беларуская ўсеагульная гісторыя
дасягнула адносна значных поспехаў і мела пэўную інфраструктуру, напрыклад,
пяць навуковых асяродкаў у галіне найбольш “папулярнай” – найноўшай гісторыі. У
іх у розны час працавалі звыш сотні навукоўцаў. Аднак у выніку разбуральных
працэсаў наступных гадоў (вульгарызацыя і сацыялагізацыя гісторыі, прызнанне
цэлых перыядаў гісторыі (сярэднявечча) “неактуальнымі” для вывучэння, закрыццё
існуючых гістарычных кафедраў, ідэалагізацыя і палітызацыя навукі, рэпрэсіі
супраць навукоўцаў) у 1933/34 навучальным годзе БДУ не меў ніводнага выкладчыка
па гістарычных дысцыплінах.
Усё гэта прывяло да таго, што на 1934 г. – моманту афіцыйнай рэабілітацыі
гістарычнай навукі, у азначанай галіне не засталося ніводнага навуковага
асяродка. Напрыклад, толькі праз 3 гады, у 1937 быў утвораны адзіны даследчы
асяродак у галіне новай і найноўшай гісторыі – кафедра Новай гісторыі БДУ (заг.
дацэнт Л.Шнэерсон). Яна налічвала тры чалавекі, якія, зразумела, былі не ў
стане праводзіць шырокую і грунтоўную навуковую працу.
Падобная
сітуацыя склалася і ў гістарыяграфіі. Аналіз яе становішча ў 20-х гг. у параўнанні
з 30-мі выяўляе працэс хуткай ідэалагізацыі і палітызацыі навукі. Адбыўся
пераход ад рознабаковых, шматтэмных даследаванняў да штучнай абмежаванасці
тэматыкі ў выніку “адмовы” ад распрацовак “некласавых тэмаў” і засяроджванні
ўвагі выключна на гісторыі класавай барацьбы, рэвалюцыйнага і
нацыянальна-вызвольнага руху, ад шырокай палітры навуковых метадаў да гвалтоўна
насаджанай “адзіна слушнай” марксісцкай метадалогіі, што знізіла навуковую і
нават стылёвую якасць кнігаў і артыкулаў. Пэўныя пазітыўныя зрухі, якія пачалі
адбывацца ў 1938-41 гг., былі яшчэ вельмі кволымі і праходзілі ўжо ва ўмовах
жорсткага падпарадкавання навукі бальшавіцкай партыі. Яны пачалі даваць вынікі
толькі ў другой палове 50-х гг.
Натуральна,
што даваенная гісторыя развіцця беларускай гістарыяграфіі замежжа можа даць нам
немала цікавых і карысных урокаў. На наш погляд, тут магчыма вызначыць некалькі
пазіцыяў:
1. Плённае
развіццё гістарычнай навукі ў цэлым і ўсеагульнай у прыватнасці абсалютна
немагчыма ва ўмовах жорсткага кантролю з боку дзяржаўна-палітычных установаў.
2. Усеагульная
гісторыя павінна прысутнічаць у даследчых планах акадэмічных установаў, як было
да канца 30-х гг., а не толькі ў спецыфічных умовах ВНУ.
3. Паспяховае
даследаванне замежнай гісторыі патрабуе існавання дастатковай колькасці
вузкапрофільных кафедраў і аддзелаў. На сённяшні дзень у некаторай ступені гэта
мае толькі БДУ. Тут магчыма нават стварэнне асяродкаў па ўсходняй гісторыі,
вайсковай гісторыі, гісторыі Еўропы.
4. Выключнае
значэнне для навуковага прагрэсу маюць міжнародныя кантакты розных формаў і
ступеняў.
Акрамя таго, пажадана было б
стварыць спецыялізаваныя структуры па вывучэнню гісторыі сумежных Беларусі
краінаў. Так, да вайны ў Акадэміі Навук існаваў Інстытут пралетарскай культуры
нацменшасцяў, дзе вывучалася польская, латышская, літоўская гісторыя,
друкаваліся спецыялізаваныя навуковыя выданні, працавалі навуковыя суполкі.
Неабходна захоўваць імёны беларускіх гісторыкаў-замежнікаў, якія працавалі ў
ранейшы перыяд. Несумненна, патрэбны цэлы комплекс мерапрыемстваў, намаганні
навуковых калектываў, таварыстваў, нават кожнага гісторыка асабіста, каб узняць
вывучэнне ўсеагульнай гісторыі на Беларусі на належны еўрапейскі ўзровень, каб
даследаванні па замежнай гісторыі занялі сваё пачэснае месца ў гарманічным комплексе
складнікаў беларускай гістарычнай навукі.
Пічэта У.І. Пытанне аб вышэйшай школе на Беларусі ў мінулым. Мінск, 1991. С.
24.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"