БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 4 / 2001

СВЯТОВАЯ ГІСТОРЫЯ Ў БЕЛАРУСІ

Новыя ацэнкі польска-лiтоўскіх адносінаў у літоўскай гістарыграфіі 90-х г. 20 ст.

Алесь Смалянчук
(Гародня)

Праблема ацэнкі месца і ролі палякаў і Польшчы ў гісторыі Літвы з’яўляецца адной з найбольш складаных і важных у літоўскай гістарыяграфіі. Працяглы час у ёй непадзельна дамінавала пазіцыя, сфармуляваная яшчэ Сымонасам Даўкантасам на пачатку 19 ст., які лічыў палякаў і Польшчу галоўнай крыніцай усіх бедаў літоўскай гісторыі. Крэўскую унію ён ацэньваў як пачатак канца Літвы. На заўвагу Яўхіма Лелявеля, што гэта менавіта Польшча апранула Літву ў аддзенне цывілізацыі, С.Даўкантас адказаў, што літоўцы даволі прывабныя і без яго[1]. У апошніх працах С.Даўкантаса, як і ў працах яго паслядоўнікаў з 19 ст., ворагамі Літвы лічыліся амаль усе яе польскамоўныя жыхары.

У 20-х г. 20 ст. у літоўскай гістарыяграфіі распачалася палеміка пра значэнне паўстаняў 1794, 1830 і 1863 гг. у адраджэнні Літвы. Падчас палемікі сфармаваліся дзве падставовыя канцэпцыі, якія іншым разам акрэсліваюцца як рамантычная і рэалістычная[2]. “Рэалісты” (Вінцас Трумпа, Ё.Татарайціс, П.Шлежас), як прадаўжальнікі ідэй С.Даўкантаса, сцвярджалі, што на працягу ўсяго 19 ст. сапраўдныя літоўскія патрыёты не мелі нічога агульнага з антырасійскім рухам. Шляхта былога ВКЛ змагалася падчас паўстанняў не за Літву, а за яе далучэнне да Польшчы. А гэтая пазіцыя не адпавядала інтарэсам літоўскай нацыі. “Рамантыкі” (Міхал Ромэр, браты Вацлавас і Міколас Біржышкі) лічылі, што менавіта сумесная польска-літоўская барацьба супраць тыраніі з Усходу прычынілася да ўтварэння ў 1918 г. літоўскай дзяржавы. Погляды апошніх не атрымалі значнага пашырэння, тым не менш гэта была першая спроба адыходу ад канцэпцыі С.Даўкaнтаса. 

Адным з сучасных прадаўжальнікаў традыцыi С.Даўкантаса з’яўляецца Зыгмас Зынкявічус. Яго кніга “Усходняя Літва ў мінулым і ў сучасным” (Восточная Литва в прошлом и настоящем. Vilnius, 1996) стала яскравым прыкладам літоўскай “патрыятычнай” гістарыяграфіі. 

Польскую прысутнасць аўтар трактаваў выключна ў рэчышчы нацыянальнай канфрантацыі. Паланізацыя, якая тлумачыцца толькі як прымусовая асіміляцыя, успрымаецца ў якасці аднаго з галоўных няшчасцяў літоўскай гісторыі. Аднак яе пачатак, у адрозненні ад С.Даўкантаса, З.Зынкявічус звязаў з Гарадзельскай уніяй (1413)[3]. Даследчык адзначыў працэс інтэнсіўнай паланізацыі этнічных літоўцаў у перыяд Рэчы Паспалітай. Галоўнымі сродкамі гэтага працэсу ён лічыў касцёл, маёнтак і школу. На пачатку 19 ст. пасля разделаў Рэчы Паспалітай, на думку З.Зынкявічуса, паланізацыя яшчэ больш узмоцнілася: “Пра супрацьстаўленне польскай моўнай экспансіі ў Літве не магло быць і гаворкі. Вільня хутка стала больш ваяўнічай за Варшаву ў пытаннях абароны польскіх нацыянальных інтарэсаў”[4]. Нават гаворачы пра сумесную польска-літоўскую барацьбу супраць прыгнёту расійскага царызма ў 19 ст., аўтар падкрэсліў, што палякі не столькі дапамагалі літоўцам, колькі імкнуліся да іх асіміляцыі[5].

Падзеі кастрычніка 1920 г., калі дывізія генерала Люцыяна Жэлігоўскага захапіла Вільню, З.Зынкявічус ацаніў як адну з найвялікшых трагедый літоўскага народа. “Акупацыя ўсходняй Літвы” (термін З.Зынкявічуса) суправаджалася “нечувана жорсткім і гвалтоўным апалячваннем літоўцаў. Дзеля гэтай мэты выкарыстоўваліся дзяржаўныя ўстановы, школа, касцёл, друк, фармавалася адпаведнае грамадскае меркаванне... Выкарыстоўваўся фізычны гвалт. Шматлікія літоўцы былі сасланыя ў канцэнтрацыйныя лагеры, кінутыя ў турмы”[6] і г.д. Нават дзейнасць кіраўнікоў польскага руху ў Літве на пачатку 90-х г. ацэньвалася як антыдзяржаўная прарасійская або прапольская інтрыга. Варта дадаць, што прадмову да кнігі напісаў тагачасны дырэктар Інстытута гісторыі АН Антанас Ціла.

Кніга З.Зынкявічуса з’яўляецца прыкладам гістарыяграфіі, якую вядомы дзеяч літоўскай культуры Томас Венцлова звязваў са страхам перад “ліхім чужынцам”, з прагай да помсты, узаемнай падазронасцю, тэндэнцыяй да абмежавання г.зв. “чужога”. Усе гэтыя рысы, на яго думку, былі характэрныя для Літвы пачатку 90-х г. 20 ст. “З Вялікім Княствам Літоўскім, якое было Бацькаўшчынай Міцкевіча, сучасная Літва мае агульную сталіцу, некалькі гістарычных рэліквій, але больш нічога”, - пісаў літоўскі інтэлектуал у 1991 г.[7]

Аднак у другой палове 90-х г. у літоўскай гістарычнай навуцы пачалі з’яўляцца цалкам іншыя ацэнкі ролі палякаў і Польшчы ў літоўскай гісторыі. Напрыклад, Антанас Кулакаўскас у нарысе прысвечаным этнапалітычнаму развіццю Літвы ў 19 – пачатку 20 ст., адзначыў, што ў другой палове мінулага стагоддзя менавіта русіфікацыйная палітыка царызму паспрыяла паланізацыі гарадскога насельніцтва этнічнай Літвы і сялянства Віленшчыны. Пры гэтым даследчык прывёў лічбы, якія сведчаць, што ў другой палове 19 ст. колькасць літоўскамоўнага насельніцтва скарацілася з 35% (падлікі А.Відугірыса і П.Гаўчаса) да 17% (паводле перапісу 1897 г.)[8].

Ён жа прызнаў, што ў польска-літоўскім нацыянальным канфлікце і  літоўскі рух “не заўсёды паводзіў сябе разумна”. Даследчык сцвярджаў, што за паходам Л.Жалігоўскага хавалася імкненне Юзафа Пілсудскага прымусіць Літву згадзіцца на унію з Польшчай, запэўніць за польскай мовай у Літве статус другой дзяржаўнай мовы і г.д. Аднак антыпольскія настроі ў літоўскім грамадстве дасягнулі такой ступені, што Літва была гатовая страціць і Вільню і ўсю Усходнюю Літву, але не прымаць прапановы аб уніі[9]. Безумоўнай заслугай А.Кулакаўскаса з’яўляецца і тое, што ён адным з першых літоўскіх даследчыкаў адзначыў фактар падвоенай польска-літоўскай свядомасці большай часткі былой шляхты ВКЛ у 19 ст. Ролю польскамоўнай шляхты ў развіцці літоўскага руху падкрэсліў Эгідыюс Александравічус[10].

Выразнаму перагляду апошнім часам падверглася разуменне паняцця “паланізацыя” ў сэнсе выключна прымусовага апалячвання. У працах Эдвардаса Гудавічуса і Альфрэдаса Бумбляўскаса сцвярджаецца, напрыклад, што паняцце “паланізацыі” (прымусовай асіміляцыі) не з’яўляецца адэкватным для разумення культурных працэсаў перыяду ВКЛ. Даследчыкі заяўляюць пра дамінаванне працэсу самапаланізацыі (спантаннай асіміляцыі), які быў вызначаны параўнальна больш высокім узроўнем польскай культуры. Таксама і Рымантас Мікныс сцвярджаў, што магнатэрыя і шляхта Вялікага Княства Літоўскага паланізаваліся “натуральна, без гвалту”[11]. У якасці этапу, які папярэднічаў самапаланізацыі і паланізацыі, А.Бумбляўскас вылучыў таксама перыяд “прыняцця элементаў польскай культуры”[12].

Менавіта паланізацыя паспрыяла далучэнню Літвы дa дасягненняў еўрапейскай цывілізацыі. Яна ж выступіла ў ролі каталізатара фармавання еўрапейскай мадэлі культуры літоўцаў. Э.Гудавічус сцвярджаў, што Літва не адставала ад Еўропы настолькі, каб не здолець выкарыстаць гэты каталізатар, але ўжо не магла абысціся без яго [13].

На думку Э.Гудавічуса, Польшча была не толькі адзіным геапалітычным шансам для Літвы, яна з’яўлялася адзіным шляхам да заходнееўрапейскай цывілізацыі[14]. У сярэдзіне 16 ст. палітычная эліта ВКЛ прыняла польскую мадэль шляхецкай культуры. Дзякуючы гэтай мадэлі адбывалася еўрапеізацыя грамадства. У адносінах уласнасці сфармавалася леннае права, у сацыяльна-эканамічнай структуры – фальварак, у сацыяльна-палітычнай сферы – шляхецкае саслоўе і саслоўная манархія, у гарадской гаспадарцы – цэхі, у ідэалагічнай галіне – рэфармацыя і контррэфармацыя і г.д. Грамадства Вялікага Княства Літоўскага засвойвала неабходны мінімум еўрапейскай цывілізацыі, каб пазней дзейнасцю Казіміра Семяновіча, Альберта Каяловіча, Жыгімонта Лаўксміна ды інш. прычыніцца да яе далейшага развіцця. А.Бумбляўскас сцвярджае існаванне самабытнай цывілізацыі (культуры) ВКЛ, якая, праўда, у 17-18 ст. знаходзілася ў такіх самых адносінах да польскай культуры, як лацінаамерыканская – да іспанскай[15]. Культуру ліцвінаў свядомасці gente Lithuanus, natione Polonus даследчык лічыць польска-літоўскай.

Ацэньваючы значэнне канцэпцыі, якую прапанаваў Э.Гудавічус, А.Бумбляўскас заўважыў, што яна ўпершыню ў літоўскай гістарычнай навуцы прызнае цывілізацыйную ролю Польшчы ў адносінах да Літвы, дае магчымасць без асаблівых эмоцый разглядаць канцэпцыі палякаў пра цывілізацыйную місію на Усходзе. Яна ж дазваляе сучасных палякаў Літвы разглядаць як вынік складаных цывілізацыйных працэсаў і адначасова як інтэгральную частку сучаснага літоўскага грамадства[16].

Сучасныя літоўскія даследчыкі звяртаюць увагу і на працэс літуанізацыі палякаў. Яны ўслед за польскім гісторыкам Хенрыкам Віснерам спрабуюць растлумачыць такую з’яву гісторыі ВКЛ, як свядомасць тыпу gente Polonus, natione Lithuanus.

Ужо згаданы Томас Венцлова заявіў пра неабходнасць цалкам адмовіцца ад традыцый С.Даўкантаса: “Унія (з Польшчай – А.С.) увяла Літву ў сферу цывілізаванага Захаду. <…> Без уніі не было б ні архітэктуры Вільні, <…> ні Віленскага універсітэту, ні нават той каталіцка-вясковай цывілізацыі, якую мы схільныя атаясамляць з літоўскасцю. Нарэшце толькі пасля уніі ў Літве пачало пашырацца заходняе разуменне палітычных правоў, нягледзячы на абмежаванні і эксцэсы вядомыя кожнаму, хто хоць нешта чуў пра Рэч Паспалітую абодвух народаў”[17]. На яго думку, ідэолагі літоўскага нацыянальнага руху здолелі тагачасны польска-літоўскі канфлікт перанесці на гістарычную глебу. Менавіта палітычныя і ідэалагічныя інтарэсы, а не гістарычныя крыніцы, сталі падставай сцвярджэнняў, што палякі свядома і мэтанакіравана знішчалі літоўскую мову, пачынаючы ад Люблінскай і нават Крэўскай уніі[18].

Закранаючы праблему прыналежнасці Вільні на пачатку 20-х г., Томас Венцлова адзначыў, што Польшча сапраўды не мела ніякіх правоў на гэты горад. Аднак, па яго меркаванню, права на яго мелі польскамоўныя віленцы (як, зрэшты, і літоўскамоўныя)[19]. Дарэчы, менавіта ў перапісцы Томаса Венцловы і Чэслава Мілаша быў упершыню ў літоўскай і польскай літаратуры сфармуляваны погляд на Вільню як на полікультурную тэрыторыю і на адзін з культурных цэнтраў Еўропы[20]. 

Некаторыя навуковыя і публічныя выступленні згаданых навукоўцаў і інтэлектуалаў ўспрымаюцца літоўскім грамадствам як сапраўдная ерась. Прыкладам можа служыць заява А.Бумбляўскаса аб неабходнасці паступовага ўключэння Юзафа Пілсудскага ў літоўскую гістарычную свядомасць. Гісторык не без пэўнай правакацыі заявіў, што без Пілсудскага не было б і Літоўскай рэспублікі, бо Варшаўская бітва, у якой ён адыграў выключную ролю, вырашыла лёс не толькі Польшчы, але і ўсёй Цэнтральна-Усходняй Еўропы[21]. Ён таксама ўпэўнены, што т.зв “Litwa Środkowa” мела права на існаванне.

Новыя ацэнкі польска-літоўскіх адносінаў знайшлі адлюстраванне ў кнізе вядомага даследчыка Мечыславасa Ючыса “Lietuvos ir Lenkjos unija (XIV a. vid - XIX a.pr.) (Vilnius, 2000).

З’яўленне ў літоўскай гістарычнай навуцы новых ацэнак гісторыі польска-літоўскіх дачыненняў сведчыць пра спробу, па меньшай меры, часткі даследчыкаў маладога пакалення пазбавіцца ідэалагічных і палітычных стэрэатыпаў, якія амаль цалкам падпарадкавалі сабе галіну гісторыі нацыянальных адносінаў. Сёння ўжо відавочна, што аднабаковасць пры аналізе складаных гістарычных падзей з’яўляецца істотнай перашкодай як для разумення мінулага, так і для паразумення сучасных народаў. Альфрэдас Бумбляўскас упэўнены, што даследчык мінулага павінен абапірацца на прынцып грунтоўнай талеранцыі, для якой характэрна спроба стаць на пазіцыю свайго апанента: “Літовец няхай паспрабуе “ўлезці ў скуру” паляка, паляк – “у скуру” літоўца... Сучасная гістарычная навука імкнецца не толькі адказаць на пытанне, як было, але таксама зразумець, чаму дамінуе тая, а не іншая інтэрпрэтацыя фактаў, чаму фармуюцца тыя або іншыя стэрэатыпы, тыя або іншыя погляды”[22].

Па прызнанню Томаса Венцловы, у нацыі, як і ў асобе, ён жадаў бы бачыць спакойную годнасць, адказнасць і памяць, пазбаўленую страху, у якой месцяцца не толькі ўласныя крыўды, але таксама разуменне сваёй віны і сваіх абавязкаў[23]. Падобна, што фармаванню якраз такой гістарычнай памяці і спрыяюць новыя ацэнкі польска-літоўскіх адносінаў у літоўскай гістарыяграфіі. Можна сцвярджаць, што гістарычная навука ў Літве выходзіць на ўзровень усебаковага аналізу польска-літоўскіх дачыненняў. Можа калі-небудзь прыйдзе чарга і на літоўска-беларускія адносіны. Але апошняе не можа быць зроблена ў аднабаковым парадку.



[1] Bumblauskas A. Polsko-litewskie stosunki cywilizacyjne // Przegląd wschodni. 1999. T.V. Z. 4(20). S. 747.

[2] Александравічус Э. За нашу і вашу волю... // Наша Ніва. 1993 № 11.

[3] Зинкявичюс З. Восточная Литва в прошлом и настоящем. Vilnius, 1996. C. 82.

[4] Зинкявичюс З. Восточная Литва в прошлом и настоящем. Vilnius, 1996. С. 138.

[5] Зинкявичюс З. Восточная Литва в прошлом и настоящем. Vilnius, 1996. С. 166.

[6] Зинкявичюс З. Восточная Литва в прошлом и настоящем. Vilnius, 1996. С. 199-201.

[7] Вецлова Т. Повернення до ріднаго краю // Культура (Кіїв) 1991 № 7-8. С. 14.

[8] Кулакаўскас А. Ад Вялікага Княства да Рэспублікі: нарыс этнапалітычнага разьвіцьця Літвы ў ХІХ ст. //Наша Ніва. 1995. № 2.

[9] Кулакаўскас А. Ад Вялікага Княства да Рэспублікі: нарыс этнапалітычнага разьвіцьця Літвы ў ХІХ ст. // Наша Ніва. 1995. № 2.

[10] Александравічус Э. За нашу і вашу волю... // Наша Ніва. 1993. № 11.

[11] Miknys R. Wilnomiasto wielonarodowe i punkt zapalny w stosunkach polsko-litewskich // Tematy polsko-litewskie. Historia. Literatura. Edukacja. Olsztyn, 1999. S. 86.

[12] Bumblauskas A. Polonizacja Litwy jako problem w historiografii // Lithuania. 1999. № 1/2 (30/31). S. 45.

[13] Gudavičius Е. Jak pojawił się model europejskiej kultury Litwinów // Lithuania. 1999. № 1/2 (30/31). S. 50.

[14] Bumblauskas A. Polsko-litewskie stosunki cywilizacyjne // Przegląd wschodni. 1999. T.V. Z. 4(20). S. 758.

[15] Bumblauskas A. Polsko-litewskie stosunki cywilizacyjne // Przegląd wschodni. 1999. T.V. Z. 4(20). S. 760.

[16] Bumblauskas A. Polsko-litewskie stosunki cywilizacyjne // Przegląd wschodni. 1999. T.V. Z. 4(20). S. 760.

[17] Venzlova T. Litwo, Ojczyzna nasza // Tematy polsko-litewskie. Historia. Literatura. Edukacja. Olsztyn, 1999. S.151.

[18] Venzlova T. Litwo, Ojczyzna nasza // Tematy polsko-litewskie. Historia. Literatura. Edukacja. Olsztyn, 1999. S.149.

[19] Venzlova T. Litwo, Ojczyzna nasza // Tematy polsko-litewskie. Historia. Literatura. Edukacja. Olsztyn, 1999. S.155.

[20] Милош Ч., Венцлава Т. Вильнюс как форма. Диалог в письмах // Европейское время. 1993. № 5; Милош Ч. Город юности // Дружба народов. 1993. № 6.

[21] Rozmowa Jana Sawickiego z Alfredasem Bumblauskasem // Lithuania. 3 (32)  1999. S. 52.

[22] Rozmowa Jana Sawickiego z Alfredasem Bumblauskasem // Lithuania. 3 (32)  1999. S. 52.

[23] Venclova T. Histeria pamięci // Gazeta wyborcza. 7-8 pażdziernika 2000 r.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія