|
СВЯТОВАЯ ГІСТОРЫЯ Ў БЕЛАРУСІ
Усеагульная гісторыя ў Беларусі: дасягненні, праблемы, перспектывы
Пётр Шупляк
(Менск)
У апошнія 10 гадоў, менавіта ў 1990-я гады, у нашай краіне адбываліся гарачыя спрэчкі аб ролі і магчымасцях гістарычнай навукі і гістарычнай адукацыі ў справе нацыянальна-культурнага адраджэння нашай Бацькаўшчыны. Спрэчкі і дыскусіі выйшлі далёка за межы прафесійных гісторыкаў. Яны закранулі большую частку нашай інтэлігенцыі, сталі прыкметнай з’явай грамадска-палітычнага жыцця. Сёння няма сэнсу аналізаваць змест гэтых дыскусій і пазіцыі іх удзельнікаў. Яны добра вядомыя. Хацелася б звярнуць увагу толькі на адну акалічнасць, якая відавочна праявілася ў гэты перыяд: гісторык падчас грамадска-палітычных узрушэнняў не можа абмяжоўваць сваю дзейнасць чыста прафесійнымі рамкамі даследчыка ці выкладчыка. Само жыццё вымушае яго заняць пэўную грамадскую пазіцыю. Пры гэтым гаворка ідзе зусім не пра абслугоўванне інтарэсаў той ці іншай палітычнай партыі. Маецца на ўвазе ў першую чаргу пазіцыя ў адносінах да нацыянальна-культурнага Адраджэння нашай краіны, да яе незалежнасці і суверэнітэту, да яе развіцця на агульнапрынятых прынцыпах дэмакратыі. А пазіцыя гісторыка не носіць вузка асабістага характару. Яна рэхам адгукаецца ў шырокіх колах грамадства: сярод тых, хто вывучае гісторыю або проста цікавіцца мінулым, сочыць за публікацыямі на гістарычныя тэмы. Пры гэтым, калі размова ідзе пра гісторыю і гісторыкаў, маецца на ўвазе не толькі айчынная гісторыя, але і тое, што мы называем звыкла сусветнай ці ўсеагульнай гісторыяй. Нельга зразумець гісторыю свайго народа, сваёй краіны, не ведаючы гісторыі сваіх суседзяў ды і ўсяго чалавецтва. На жаль, у дыскусіях і спрэчках 90-х гадоў у гэтых адносінах існаваў яўны перакос. У цэнтры ўвагі знаходзіліся выключна праблемы беларускай гісторыі. Гэтую тэндэнцыю, дарэчы, можна нярэдка заўважыць і сёння. Калі зыходзіць з чыста эмацыйных пазіцый, то такое становішча можна ўспрыняць і зразумець. Але цвярозы аналіз падзей паказвае, што адзначаны падыход у многім быў памылковым і не адпавядаў патрабаванням часу.
Усеагульная гісторыя, як прадмет даследавання і вывучэння, а таксама як сістэма падрыхтоўкі новых навуковых кадраў сфармавалася ў Беларусі ў савецкі час. Працэс фармавання быў па вядомых прычынах вельмі складаным, цяжкім, а падчас драматычным і нават трагічным. Аднак, нягледзячы на гэта, былі і пазітыўныя вынікі. Галоўны з іх заключаўся ў тым, што ўсеагульная гісторыя стала ў Беларусі адной з галоўных складовых частак гістарычнай навукі і адукацыі.
Ужо ў пачатку 1920-х гадоў у розных падраздзяленнях навуковых і навучальных устаноў пачынаецца вывучэнне гісторыі некаторых замежных краінаў, а таксама тых ці іншых праблемаў міжнародных адносінаў. Аднак, сістэматычны падыход да выкладання і даследавання ўсеагульнай гісторыі пачаў складвацца пасля адкрыцця ў 1934 г. гістарычнага факультэта БДУ і фармавання яго кафедраў. Паступова гістарычны факультэт БДУ становіцца прызнаным цэнтрам вывучэння ўсеагульнай гісторыі ў Беларусі і гэтыя пазіцыі ён захоўвае да сённяшніх дзён.
У 1934 г. на факультэце была створаная кафедра гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў, якую ўзначаліў адзін з самых вядомых тады гісторыкаў Мікалай Міхайлавіч Нікольскі. Яго навуковая дзейнасць была звязаная з даследаваннем праблемаў гісторыі народаў старажытнага Усходу і гісторыі рэлігіі. Менавіта Нікольскі М.М. стаў у Беларусі заснавальнікам школы гісторыкаў старажытнага свету. У гэтай школе паступова фармуюцца тры асноўныя накірункі: 1) антычная гісторыя, 2) гісторыя народаў старажытнага ўсходу, 3) гісторыя рэлігіі. У галіне старажытнай гісторыі многа і плённа працавалі і працуюць прафесар Нечай Ф.М., прафесар Ліўшыц Г.М., прафесар Корзун М.С., прафесар Фядосік В.А., прафесар Рэвяка К.А., дацэнты Даўгяла Г.І., Ханкевіч В.І., Прохараў А.А. і інш. Сярод важнейшых напрамкаў даследаванняў у гэтай галіне можна назваць праблемы Рымска-італійскай федэрацыі, афінскай дэмакратыі, сацыяльна-палітычнай барацьбы ў Рыме, Пунічных войнаў, хетскай духоўнай культуры, ранняга хрысціянства і г.д.
Ля вытокаў беларускай медыявістыкі стаяў выдатны вучоны- гісторык Уладзімір Мікалаевіч Перцаў, які пасля ўтварэння БДУ стаў адным з яго першых прафесараў, узначальваў кафедру гісторыі сярэдніх вякоў, а потым кафедру гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў. Ён даследаваў такія праблемы сярэднявечча, як абшчынная ўласнасць на зямлю ў германцаў, пачаткі італьянскага гуманізму, дзейнасць Тэўтонскага ордэна і г.д. Ён таксама працаваў ў галіне сярэдневяковай гістарыяграфіі. Значны ўклад у развіццё беларускай медыявістыкі ўнёс прафесар Ліўшыц Г.М., асабліва ў галіне гісторыі каталіцкай царквы і рэфармацыі. Доктар гістарычных навук Івонін Ю.Я. шмат зрабіў у вывучэнні праблемаў міжнародных адносінаў у Еўропе ў канцы 15 – пачатку 17 ст., гісторыі Англіі і Свяшчэннай Рымскай імперыі таго часу. Прадметам даследавання Н.А.Гусаковай была сярэдневяковая гісторыя Чэхіі і пытанні, звязаныя з пачатковым перыядам Вялікіх геаграфічных адкрыццяў. Дацэнт Сушкевіч Л.П. паспяхова займаецца даследаваннямі працэсаў Адраджэння, гісторыі Польшчы і Візантыі, дацэнт Смірнова А.Дз. вывучае сярэдневяковы побыт. Духоўная культура, ментальнасць раннесярэднявечнага грамадства стаяць у цэнтры ўвагі дацэнта Еўтухова І.А.
Праблемы сярэднявечча паспяхова даследуюцца ў некаторых іншых ВНУ краіны. У Мінскім педагагічным інстытуце з уласнымі арыгінальнымі канцэпцыямі па шэрагу кардынальных праблем медыявістыкі выступіла прафесар Вера Іванаўна Гарамыкіна. Галоўная праблематыка яе даследаванняў звязана з пытаннямі генэзісу феадалізму ў Еўропе і сацыяльна-эканамічным і палітычным ладам варварскіх каралеўстваў. У БДПУ сярэднявечнай гісторыяй паспяхова займаюцца маладыя вучоныя А.І.Малюгін і А.М.Сурта. У Магілёўскім дзяржаўным універсітэце ў галіне медыявістыкі працуе прафесар Рыер Я.Г. Сфера яго інтэрэсаў – праблемы сацыяльна-эканамічных адносінаў у Цэнтральнай Еўропе. Прафесар Нечухрын А.М. (Гарадзенскі дзяржаўны універсітэт) паспяхова даследуе гістарыяграфію гісторыі сярэдніх вякоў, а таксама праблемы метадалогіі медыявістыкі.
Беларускі дзяржаўны універсітэт таксама стаў цэнтрам гісторыка-славісцкіх даследаванняў у Беларусі. Пачынальнікам гэтай справы быў вядомы савецкі гісторык-славіст, першы рэктар БДУ Уладзімір Іванавіч Пічэта. Пазней праблемы славянскай гісторыі даследавала Н.А.Гусакова, Д.Б.Мельцар. Паспяхова працуюць у гэтай галіне дацэнты Салькоў А.П., Сімакова В.А., Царук Н.А., Сушкевіч Л.П., Міхайлоўская Л.Л. і інш. У 90-я гады да катэгорыі ўсеагульнай гісторыі былі аднесеныя гісторыя Расіі і Украіны як усходнеславянскіх краінаў. Даследаваннем і выкладаннем расійскай і украінскай гісторыі актыўна займаюцца прфесар Аржахоўскі І.В., дацэнты Яноўскі А.А., Менькоўскі В.І., Пазняк С.У., Сергеенкава В.В., Блашкоў Ю.А., Літвіноўскі І.А. На гістарычным факультэце БДУ дзейнічаюць дзве кафедры, якія ажыццяўляюць даследаванне і выкладанне славянскай гісторыі. Гэтымі праблемамі займаюцца таксама выкладчыкі іншых навучальных устаноў. Напрыклад, Т.А.Бадзюкова ў Гарадзенскім універсітэце.
Пачатак даследавання праблемаў новай гісторыі ў БДУ быў закладзены В.Н.Перцавым, які займаўся праблемамі гісторыі Германіі, Англіі і Францыі гэтага перыяду. Аднак сістэма ў даследаванні і выкладанні новай і навейшай гісторыі ў Беларусі сфармавалася пасля адкрыцця ў 1937 г. на гістарычным факультэце БДУ адпаведнай кафедры. Галоўнымі накірункамі ў навукова-даследчай рабоце кафедры сталі міжнародныя адносіны і гісторыя Германіі. У галіне міжнародных адносінаў паспяхова працаваў першы загадчык кафедры прафесар Л.М.Шнеерсон. Ён даследаваў праблемы дыпламатычнай барацьбы ў Еўропе ў сувязі з аўстра-прускай вайной 1866 г. і франка-прускім канфліктам 1867 г. Пытанні міжнародных адносінаў навейшага часу знаходзіліся ў цэнтры ўвагі прафесара Клімоўскага Д.С. Дацэнт Сініца В.І. вывучае балканскую праблематыку, звязаную з падзеямі другой паловы 18 ст. Асабліва шмат увагі ўдзялялася на кафедры даследаванню розных аспектаў германскай гісторыі. У гэтай вобласці плённа працуюць прафесар Трухноў Г.М., дацэнт Радзькова В.Р., Елісееў М.Г., Шупляк П.А., Пісараў В.М. і інш. У апошнія гады на кафедры вядзецца даследаванне некаторых праблемаў гісторыі Францыі (дацэнт Колб Я.Г.), ЗША (Шумскі І.І.), Англіі (Арлова Н.Я.). Прафесар Кошалеў У.С. доўгі час працуе ў галіне гісторыі Егіпта.
Пытанні новай і навейшай гісторыі актыўна даследуюцца і ў іншых ВНУ Беларусі. Прафесар Космач Г.А. (БДПУ) займаецца германскай гісторыяй навейшага часу, дацэнты Лазько Р.Р. і Бабкоў А.М. (Гомельскі дзяржаўны універсітэт) – пытаннямі міжнародных адносінаў, М.В.Стралец (Бярэсце) – гісторыяй ФРГ.
Такім чынам, за савецкі час у Беларусі была створана школа даследчыкаў і выкладчыкаў усеагульнай гісторыі, сфармавалася сістэма яе даследавання і выкладання, былі падрыхтаваныя вучоныя і педагогі вышэйшай кваліфікацыі. Гэта, безумоўна, быў значны крок наперад, вялікае дасягненне ў галіне гістарычнай навукі і гістарычнай адукацыі.
Спецыфікай даследавання ўсеагульнай гісторыі ў Беларусі стала тое, што ўся работа ў гэтым напрамку была сканцэнтравана ў вышэйшых навучальных установах. Інстытут гісторыі АН Беларусі гэтымі праблемамі не займаўся і не займаецца, калі не лічыць кароткачасовай дзейнасці сектара гісторыі еўрапейскіх сацыялістычных краінаў. Такое становішча звужае магчымасці даследавання святовай гісторыі ў Беларусі і павінна быць зменена, асабліва цяпер, ва ўмовах незалежнасці нашай краіны.
Разам з тым, характырызуючы савецкі перыяд, нельга забывацца пра тую атмасферу, у якой адбываліся працэсы фармавання сістэмы вывучэння ўсеагульнай гісторыі. Гэта была атмасфера татальнага і паўсядзённага кантролю, абмежавання і ўціску з боку партыйна-дзяржаўных уладаў. Жорсткімі метадамі ажыццяўляліся працэсы ідэалагізацыі, палітызацыі, тэматычнага абмежавання ў даследаванні і выкладанні гісторыі. Гістарычная навука і адукацыя не толькі не былі незалежнымі, але і выконвалі у многіх выпадках прапагандысцкія функцыі. Гісторыкам (ды і не толькі гісторыкам) была навязаная адзіная марксісцка-ленінская ідэалогія, панаваў класавы прынцып і партыйны падыход у ацэнцы падзеяў. Абсалютызавалася класавая барацьба як механізм грамадскага прагрэсу. Галоўнай мэтай гістарычнай навукі і адукацыі было ідэалагічнае абгрунтаванне існуючага ладу, крытыка ўсіх ідэалагічных плыняў і тэорый, якія супрацьстаялі камуністычнай ці не адпавядалі ёй ў найбольш прынцыповых палажэннях. Развіццё грамадства з часу яго ўзнікнення павінна было адлюстроўвацца такім чынам, каб пацвердзіць пануючы погляд на гэты працэс. Адыход ад гэтых прынцыпаў мог закончыцца рэпрэсіямі і забаронай займацца навуковай ці выкладчыцкай работай. У выніку гэтых жорсткіх умоваў зніжалася якасць навуковай працы, гісторыя даследавалася скажона і аднабакова. Гістарычная навука аказалася нездольнай даць аб’ектыўную карціну развіцця грамадства. Гэта значыць, што яна апынулася ў крызісным стане.
Сітуацыя змянілася карэнным чынам у 90-я гады. Крах камуністычнага рэжыму, распад СССР, незалежнасць Беларусі прывялі да грамадскага ўздыму. На хвалі нацыянальна-культурнага адраджэння значныя перамены адбыліся і ў галіне гістарычнай навукі і адукацыі. Была пераадолена метадалагічная абмежаванасць, ліквідаваны прынцып партыйнасці і класавы падыход, гісторыкі сталі вольнымі ў выбары тэмаў і метадаў даследавання. Шырокае распаўсюджанне атрымліваюць падыходы, якія грунтуюцца на агульначалавечых каштоўнасцях. У атмасферы грамадска-палітычнага і нацыянальна-культурнага ўздыму прайшлі дзве Усебеларускія канферэнцыі гісторыкаў, была створаная Беларуская асацыяцыя гісторыкаў.
Такім чынам, адбыліся падзеі можна сказаць рэвалюцыйнага характару. Аднак, пачынаючы з сярэдзіны 90-х гадоў, становяцца ўсё больш відавочнымі тэндэнцыі зусім іншага характару. Кансерватыўныя сілы пасля часовай разгубленасці актывізуюць сваю дзейнасць і паступова пераходзяць у наступленне. Пры гэтым яны абапіраюцца на тую частку грамадства, у тым ліку і гісторыкаў, якія стаяць на пазіцыях абыякавасці. Усе гэтыя працэсы адлюстроўваюцца і ў развіцці сістэмы гістарычнай навукі і адукацыі. Тут, як і ў грамадстве ў цэлым, яны носяць негатыўны характар. Негатывізм праяўляецца ў некаторых кадравых пераменах і пэўных абмежаваннях прамога ці ўскоснага характару, у афіцыйнай падтрымцы кансерватыўных тэндэнцый у гістарычнай навуцы і адукацыі і іх прадстаўнікоў. Аднак спакойны і цвярозы аналіз паказвае, што нічога катастрафічнага не адбылося, і асноўныя набыткі першай паловы 90-х гг. захаваліся: гэта плюралізм меркаванняў і метадалагічных падыходаў, вольнасць вучонага пры выбары тэмаў і метадаў даследаванняў і шмат іншага. Сёння афіцыйныя колы змянілі свой погляд на многія гістарычныя працэсы і факты. Але гэта не павінна перашкаджаць гісторыкам з іншымі поглядамі працягваць даследаванні і мець сваю пазіцыю. Іншая справа, што і сярод гісторыкаў нямала такіх, для якіх сваёй з’яўляецца толькі афіцыйная пазіцыя. Але так было і будзе заўсёды. Сёння афіцыйныя ўлады падтрымліваюць кансерватыўную лінію ў сістэме гістарычнай навукі і адукацыі. Але ж для гісторыкаў з іншымі поглядамі не забаронены доступ у бібліятэкі і архівы і не ліквідавана магчымасць надрукаваць вынікі сваіх даследаванняў. Іншая справа, што прыходзіцца працаваць без прызнання з боку афіцыйных колаў. Але ж і гэта не навіна. Можна і неабходна працаваць, прытрымліваючыся сваіх поглядаў, у адпаведнасці са сваёй грамадзянскай пазіцыяй.
У сваёй прафесійнай дзейнасці гісторыкі Беларусі сутыкаюцца з цэлым шэрагам праблемаў паўсядзённага характару. Гэта аслабленне сувязяў і кантактаў са сваімі калегамі з суседніх краінаў пасля распаду СССР, значна больш складаныя магчымасці доступу ў бібліятэкі і архівы гэтых краінаў, цяжкасці з атрыманнем замежных навуковых перыядычных выданняў. Сур’ёзнай праблемай у навучальным працэсе ВНУ Беларусі з’яўляецца недахоп падручнікаў, вучэбных дапаможнікаў, хрэстаматый і іншых вучэбных матэрыялаў. Асабліва актуальныя гэтыя праблемы для ўсеагульнай гісторыі. Ці не з’яўляецца праблемай нашая беднасць, якая вымушае шукаць дадатковыя заробкі, каб мець магчымасць купіць якую-небудзь кніжку, замест таго каб займацца навуковай работай, якая ніякім чынам матэрыяльна не падтрымліваецца. Усе гэтыя праблемы могуць знайсці сваё вырашэнне толькі ў выніку змянення адносінаў дзяржавы да сістэмы гістарычнай навукі і гістарычнай адукацыі.
Цяжкасці, якія сёння больш чым відавочныя, не павінны, аднак, перашкаджаць развіццю гістарычнай навукі і адукацыі. Перад гісторыкамі Беларусі, якія працуюць у галіне ўсеагульнай гісторыі, сёння стаяць новыя задачы, пастаўленыя часам і абставінамі грамадскага развіцця. Яны звязаныя з вывучэннем у першую чаргу гісторыі асобных рэгіёнаў, найбольш актуальных і важных для Беларусі падзеяў міжнародных адносінаў, важнейшых тэндэнцый гістарычнага развіцця, сутнасці тых ці іншых палітычных падзеяў і сілаў.
На першым месцы павінна стаяць вывучэнне гісторыі нашых суседзяў і разам з гэтым міжнародных адносінаў у Еўропе для разумення месца Беларусі ў барацьбе еўрапейскіх дзяржаў за сферы ўплыву на кантыненце. Мы павінны вызначыцца для сябе ў тым, хто ёсць хто. І вось тут ізноў хочацца вярнуцца да ідэі “беларускага погляду на ўсеагульную гісторыю”. Гэты падыход, выказаны на першай Усебеларускай канферэнцыі гісторыкаў, быў успрыняты неадназначна. Некаторыя ўбачылі ў ім абмежаванасць, местачковасць і г.д. Не згодны. Беларускі погляд на ўсеагульную гісторыю гэта не спроба перапісаць яе ў чарговы раз, не спроба адмовіцца ад таго, што зроблена. Гэта толькі імкненне паглядзець на святовую гісторыю вачыма беларуса, вызначыць, хто і як у гэтай гісторыі аказваў уплыў на лёс беларускага народа. Гістарычная навука і гістарычная адукацыя (у тым ліку і ўсеагульная гісторыя) – гэта частка нацыянальнай культуры беларускага народа, яна павінна быць нацыянальнай па-свайму характару.
Зразумела, што беларускі погляд не павінен быць нейкім новым універсальна-абавязковым метадам у даследаванні і выкладанні ўсеагульнай гісторыі. Гэта хутчэй маральная катэгорыя, якой павінен карыстацца ў сваёй дзейнасці нацыянальна арыентаваны гісторык, асабліва цяпер, на пачатковым і вельмі складаным этапе незалежнасці Беларусі. Беларускі погляд – гэта падыход у першую чаргу да вывучэння гісторыі нашых суседзяў, вялікіх еўрапейскіх краінаў, гісторыя якіх так ці інакш перапляталася з нашай. На жаль, сёння ў нас няма ні адной кнігі беларускага аўтара, якая давала б поўную карціну гістарычнага развіцця той ці іншай краіны з ліку нашых суседзяў. А чаму б не падрыхтаваць і не выдаць такія, напрыклад, кнігі, як “Гісторыя Расіі” ці “Гісторыя Польшчы”, зыходзячы з беларускага погляду. А калі б гэта кніжка была не вельмі аб’ёмнай, навукова-папулярнай, разлічанай на шырокае кола чытачоў, яна б мела шырокі грамадскі рэзананс, была б рэальнай дапамогай настаўніку і задаволіла цікавасць дзесяткаў тысяч беларусаў, якія не абыякавыя да мінулага нашай краіны і яе сучаснасці.
Такія ж функцыі маглі б несці і навукова-папулярныя выданні з актуальнай сёння (да хутчэй за ўсё і заўтра) тэматыкай. Напрыклад, “Крах імперый – аб’ектыўны шлях развіцця грамадства”, “Дыктатура і дэмакратыя: сутнасць і гістарычная тэндэнцыя развіцця”. Цікавай і патрэбнай магла б стаць работа, прысвечаная г.зв. “славянскаму адзінству”. У ёй можна было б даць адказ на пытанне, што ляжыць у аснове гэтай час ад часу актыўна прапагандуемай ідэі: культурныя, эканамічныя, псіхалагічныя карані ці палітычная каньюнктура, чаму пры кожнай кампаніі змяняюцца аб’екты славянскага адзінства.
Чакаюць свайго асвятлення і праблемы інтэграцыі. Асаблівую цікавасць выклікае пытанне аб тым, у якім накірунку развіваюцца інтэграцыйныя працэссы на постсавецкай прасторы. Ці яны бліжэй да шляхоў еўрапейскіх краінаў, якія аб’ядналіся ў Еўрапейскі саюз, ці больш нагадваюць працэс трансфармацыі, напрыклад, Брытанскай імперыі?
А вазьміце палітычныя партыі. Пачытаеш у прэсе артыкулы партыйных функцыянераў і становіцца відавочным, што далёка не ўсе з іх разумеюць, чым адрозніваюцца лібералы ад кансерватараў, і якія прынцыпы характэрныя для сацыял-дэмакратыі. Што ж казаць пра тысячы простых грамадзянаў, якія павінны рабіць свой выбар. Усе гэтыя пытанні патрабуюць адказаў, а іх могуць даць толькі прафесійныя гісторыкі. Зразумела, што праца ў гэтым напрамку можа разглядацца як адыход у нейкай ступені ад чыстай навукі. Але ж папулярызацыя навуковых даследаванняў мае вялікае значэнне для развіцця самой навукі. А галоўнае, што сучасны стан грамадскіх працэсаў патрабуе дзейнасці менавіта ў гэтым накірунку. Гэтая задача кладзецца ў першую чаргу на плечы маладога пакалення гісторыкаў. Яны павінны прыняць выклік часу і даць на яго належны адказ.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"
|