БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 4 / 2001

БЕЛАРУСКАЯ ГІСТАРЫЯГРАФІЯ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА

Сацыяльна-тэрытарыяльныя супольнасці ў Беларусі 14 – 18 ст.: стан навуковай распрацаванасці праблемы

Валянцін Голубеў
(Менск)

    Найбольш вядомымі формамі сацыяльна-тэрытарыяльных супольнасцяў у Беларусі ў эпоху феадалізму былі веча ў горадзе і абшчына (грамада) ў вёсцы. Веча існавала ў беларускіх гарадах прыблізна да канца 13 – пачатку 14 ст. як орган гарадскога самакіравання, народны сход, а пазней і орган дзяржаўнай улады (разам з князем) у асобных княствах[1]. Пасля ўваходжання беларускіх земляў у склад Вялікага Княства Літоўскага веча паступова страціла сваё значэнне і ў 14 – 15 ст. як орган дзяржаўнай улады паступова было заменена соймам. Прыблізна ў гэты ж час у беларускіх гарадах адбывалася замена даўняй гарадской абшчыны з вечам на агульнапрынятую ў Еўропе арганізацыю гарадскога самакіравання, г.зв. “магдэбурскае права”.

Магдэбурскім правам карысталіся паўнапраўныя жыхары горада, сябры гарадской абшчыны. Асноўныя прынцыпы жыцця гарадоў з самакіраваннем на тэрыторыі Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага ўпершыню былі разгледжаныя яшчэ ў 19 ст. М.Ф.Уладзімірскім-Буданавым[2]. Больш дэталёва функцыянаванне беларускіх гарадоў з магдэбурскім правам даследаваў З.Ю.Капыскі[3]. Пытанні жыцця гарадоў Беларусі без магдэбурскага права вывучаў А.П.Грыцкевіч[4]. Аднак у беларускай гістарыяграфіі яшчэ не было даследавання, якое б паказала ўсе асаблівасці арганізацыі жыцця гарадскіх абшчынаў у Беларусі 14 – 18 ст., іх адрозненне ад агульнаеўрапейскага стандарта і магчымыя сувязі з даўнім вечам ці сельскай грамадой, у склад якой у свой час уваходзіў і горад. Сельская абшчына (грамада) як эканамічна-вытворчая і сацыяльная адзінка прайшла на беларускіх землях доўгі шлях эвалюцыі ад першабытна-родавай арганізацыі з калектыўнай формай уласнасці да тэрытарыяльнай (валасной) грамады з сямейна-індывідуальнай уласнасцю і саслоўна-эканамічнай дыферэнцыяцыяй насельніцтва. Вядома, што дзейнасць грамады, асабліва ў сельскай мясцовасці, аказала вялікі ўплыў на захаванне гаспадарчых, юрыдычных і культурных традыцый беларусаў, на фармаванне пэўных своеасаблівасцяў беларускага этнасу. Таму зразумела, што без грунтоўнай распрацоўкі праблемы функцыянавання грамады як сацыяльна-тэрытарыяльнай, этнакультурнай і эканамічнай супольнасці ў Беларусі да яе інкарпарацыі ў склад Расійскай імперыі, немагчыма поўнае і ўсебаковае асвятленне сацыяльна-эканамічных, палітычных, прававых, культурных і інш. аспектаў гісторыі Беларусі за часы яе існавання ў якасці Вялікага Княства Літоўскага.

    Неабходна канстатаваць, што пытанне аб функцыянаванні абшчыннай арганізацыі ў Беларусі ў 14 – 18 ст. не стала ў сучаснай гістарыяграфіі асновай не толькі спецыяльнага даследавання, але часта неапраўдана выпадала з работ, прысвечаных самым розным бакам жыцця беларускага грамадства названага перыяду. Разам з тым, даследаванне менавіта гэтага перыяду беларускай гісторыі з’яўляецца даволі актуальным, зважаючы ў тым ліку і на неабходнасць стварэння фундаментальных працаў па гісторыі фармавання беларускай народнасці і нацыі. Несумненна, што без даследавання ролі і месца грамады ў гэтым працэсе, згаданую праблему вырашыць дастаткова складана. Адзначым, што механічнае перанясенне абшчынных традыцый рускай вёскі на гістарычную глебу Беларусі неправамоцна, паколькі беларуская грамада фармавалася на ўласнай прававой, эканамічнай і культурнай аснове і выконвала (па меншай меры да канца 18 – пачатку 19 ст.) спецыфічныя для Вялікага Княства Літоўскага сацыяльныя, эканамічныя і іншыя функцыі.

    Аналіз стану навуковай распрацаванасці праблемы сведчыць не толькі пра адсутнасць спецыяльных даследаванняў па гісторыі грамады ў сучаснай беларускай гістарыяграфіі, але паказвае і асноўныя прычыны гэтага: адносную нешматлікасць гістарычных крыніцаў са звесткамі пра грамаду, размяшчэнне іх у складзе самых розных матэрыялаў, а адсюль і цяжкасці ў выяўленні і ўвядзенні іх у навуковае абарачэнне.

    Першыя даследаванні сялянскай абшчыны на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага былі зробленыя прадстаўнікамі г.зв. “кіеўскай школы”, у большасці вучнямі У.Б.Антановіча ў канцы 19 – пачатку 20 ст. Так, М.В.Доўнар-Запольскі не толькі прыводзіў звесткі пра грамаду ў сваіх працах[5], але ў 1897 г. апублікаваў першае ў айчыннай гістарыяграфіі даследаванне на гэтую тэму[6]. У працы, якая мела назву “Западно-русская сельская община в ХVІ в.”, аўтар на аснове даволі вялікай колькасці крыніцаў, якія тычыліся ў асноўным гаспадарскіх Падняпроўскіх валасцей, паказаў абшчынную арганізацыю сялянства на гэтых тэрыторыях: парадак збору і раскладкі даніны ўнутры грамады, формы абшчыннага самакіравання, зямельныя і павіннасныя адносіны ў грамадзе і інш. Даследчык зрабіў выснову аб тым, што на тэрыторыі Беларусі абшчына насіла назву “грамада”[7] і падкрэсліў, што сляды абшчыннай арганізацыі на гэтых землях былі вельмі заўважнымі нават пасля правядзення аграрнай рэформы 16 ст.

М.В.Доўнар-Запольскі прааналізаваў даволі вялікую колькасць вядомых на той час матэрыялаў са звесткамі пра абшчыну, і яго праца да сённяшняга дня з’яўляецца найбольш значным даследаваннем праблемы адносна 16 ст. На жаль, праца абмежаваная як тэрытарыяльна, так і храналагічна, што не дазваляе скласці больш-менш поўнае ўяўленне аб дзейнасці абшчыны на беларускіх землях на працягу ўсяго часу існавання ВКЛ.

    Звярталі ўвагу на існаванне і дзейнасць абшчыннай арганізацыі ў беларускай вёсцы 16 ст. пры даследаванні самых разнастайных праблемаў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і іншыя даследчыкі. Так, Ф.І.Леантовіч[8] і М.К.Любаўскі[9] адзначалі існаванне сельскай валасной абшчыны на беларускіх землях з выразнымі прыкметамі абшчыннага землеўладання. Пра факты абшчыннага землеўладання і землекарыстання (у некаторых выпадках нават перабольшваючы іх) пісаў і М.Ф.Уладзімірскі-Буданаў у сваіх працах па гісторыі сялянскага землеўладання[10].

    Несумненна важнасць зробленага вышэй названымі аўтарамі. Разам з тым, неабходна адзначыць, што ўсе яны карысталіся ў асноўным аднымі і тымі ж крыніцамі, якія тычыліся гаспадарскіх Падняпроўскіх валасцей сярэдзіны – другой паловы 16 ст. Аб’ектам даследавання стала абшчынная арганізацыя дзяржаўных сялян-даннікаў усходніх абласцей Беларусі са сваёй спецыфікай. Роля і месца абшчыны ў іншых відах феадальнага землеўладання (прыватнага і царкоўнага) не разглядаліся, як выпадалі з вывучэння цэнтральны і заходні рэгіёны краіны. Храналагічна рамкі даследаванняў звычайна абмяжоўваліся 16 ст. Азначанае паказвае, што інфармацыя і высновы, прыведзеныя ў вышэй згаданых працах, не дазваляюць скласці ўяўлення пра дынаміку абшчыны ў Беларусі 14 – 18 ст., убачыць асаблівасці яе функцыянавання ў розныя гістарычныя перыяды і ў розных рэгіёнах краіны.

    На жаль, праблема не атрымала належнага асвятлення і ў сучаснай гістарыяграфіі. Праблема сялянскай абшчыны знайшла пэўнае адлюстраванне толькі ў працах украінскага даследчыка Д.Л.Пахілевіча, які займаўся гісторыяй сялянства ў Вялікім Княстве Літоўскім[11]. Ён адзначаў, што ў 17 і 18 ст. абшчына захавала свае землі агульнага карыстання, практыкавала раскладкі ці “разрубы” пры выплаце рознага роду падаткаў[12]. Па назіраннях Д.Л.Пахілевіча, у 18 ст. фіскальныя інтарэсы “штурхалі ўласніка на шлях пашырэння функцый абшчыны. Абшчына рабіла расклад цяжараў з улікам эканамічнага становішча сваіх сяброў”. Гэта, на яго думку, змягчала ўзровень абцяжарвання беднаты і тармазіла дыфферэнцыяцыю сялянства[13].

    Цікавасць уяўляе спецыфічны суд грамады – копны суд, даследаванне якога зрабіў у канцы 19 ст. І.Спрогіс[14]. Адзначым і дзейнасць Віленскай археаграфічнай камісіі, якая том 18 сваіх “Актаў” поўнасцю прысвяціла матэрыялам аб копных судах[15]. У наш час да разгляду дзейнасці суда грамады звяртаўся Я.А.Юхо[16]. Але даследаванне копнага суда, як і іншых формаў дзейнасці грамады ў комплексе, на сённяшні дзень становіцца проста неабходным.

    Спробы падагуліць звесткі аб арганізацыі беларускага сярэднявечнага грамадства і абшчынных адносінах зрабіў калектыў беларускіх этнографаў у складзе С.Ф.Цярохіна, І.У.Чаквіна і У.С.Гуркова ў калектыўнай працы “Грамадскі быт і культура сельскага насельніцтва Беларусі”[17]. Гэтая праца пэўным чынам падагульняе даследаванні па арганізацыі жыцця беларускай вёскі ад старажытнасці да 1990-х г., але разглядаемая намі праблема не вырашаецца на новых крыніцах альбо высновах і таму можа ацэньвацца толькі як чарговы этап вывучэння дзейнасці грамады ў Беларусі.

    Спробы разгляду некаторых пытанняў дзейнасці сялянскай грамады ў дзяржаўных, прыватных і царкоўных уладаннях Беларусі на працягу 16 – 18 ст. былі зроблены В.Ф.Голубевым у працы, прысвечанай сялянскаму землеўладанню і землекарыстанню[18] і шэрагу артыкулаў[19]. Аўтарам былі выказаныя меркаванні пра павышэнне ролі грамады падчас эканамічных разбурэнняў, падтрымку яе дзейнасці ў гэтыя перыяды з боку феадалаў. Па назіраннях В.Ф.Голубева, найбольш моцныя абшчынныя арганізацыя сялянства захоўваліся ў буйных дзяржаўных, царкоўных і некаторых прыватных уладаннях. Аўтарам зроблена выснова, што арганізацыя сялянскай абшчыны (грамады) на захадзе Беларусі значна адрознівалася ад традыцыйнай, валасной-абшчыннай структуры на ўсходзе, якую падтрымлівала дзяржава. У вёсках захаду Беларусі абшчына рэдка ператваралася ў інструмент феадала-ўласніка па збору падаткаў ці выкананню павіннасцяў, а часцей існавала як самаарганізацыя сялянства для абароны сваіх інтарэсаў.

    Напрыканцы можна зрабіць выснову пра тое, што праблема функцыянавання як гарадскіх абшчынаў, так і сялянскай абшчыны-грамады на тэрыторыі Беларусі ў 14 – 18 ст., уплыву яе дзейнасці на фармаванне беларускай народнасці і нацыі, на афармленне правілаў і традыцый жыцця беларусаў патрабуе правядзення спецыяльнага, больш поўнага і глыбокага комплекснага даследавання.



[1] Марыскін А.В. Веча // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 2. Мінск, 1994. С. 258 -259.

[2] Владимирский-Буданов М.Ф. Немецкое право в Польше и Литве. Санкт-Петербург, 1868.

[3] Копысский З.Ю. Социально-политическое развитие городов Белоруссии в ХVІ- первой половине ХVІІ в. Минск, 1975.

[4] Грыцкевіч А.П. Кіраванне прыватнаўласніцкіх гарадоў Беларусі без магдэбурскага права (ХVІ-ХVІІІ стст.) // Весці АН БССР. Сер. грам. навук. 1974. № 4; Ён жа. Частновладельческие города Белоруссии в ХVІ-ХVІІІ вв.: (соц.-экон. исслед. истории городов). Минск, 1975.

[5] Довнар-Запольский М.В. Очерки по организации западнорусского крестьянства в ХVІ в. Киев, 1905.

[6] Довнар-Запольский М.В. Западно-русская сельская община в ХVІ в. Санкт-Петербург, 1897.

[7] Довнар-Запольский М.В. Западно-русская сельская община в ХVІ в. Санкт-Петербург, 1897. С. 20.

[8] Леонтович Ф.И. Крестьянский двор в Литовско-Русском государстве. Санкт-Петербург, 1897; Ён жа. Областное управление в Великом княжестве Литовском до и после Люблинской унии // Юридические записки, изданные Демидовским юридическим лицеем. 1908. Вып. 2; 1909. Вып. 1-2; 1910. Вып. 1; Ён жа. Крестьяне Юго-Западной России по литовскому праву ХV и ХVІ столетий. Киев, 1863.

[9] Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского статута 1529 г. Москва, 1982.

[10] Владимирский-Буданов М.Ф. Крестьянское землевладение в Западной России до половины ХVІ в. Киев, 1892; Ён жа. Формы крестьянского землевладения в Литовско-Русском государстве ХVІ в. // Киевский сборник в помощь пострадавшим от неурожая. Киев, 1892.

[11] Похилевич Д.Л. Крестьяне Белорусии и Литвы в ХVІ-XVІІІ вв. Львов, 1957; Ён жа. Селянська громада в західних воеводствах Великого князівства Литовсьского після аграрноі реформи Сігізмунда-Августа // Навукові записки Львівского державного університету імені Івана Франка. Сер. історічна. Львів, 1948. Т. 10. Вып. 3.

[12] Похилевич Д.Л. Крестьяне Белорусии и Литвы в ХVІ – XVІІІ вв.; Ён жа. Селянська громада в західних воэводствах ... C. 161-162.

[13] Похилевич Д.Л. Королевские экономии Белоруссии и Литвы в 70-80-х гг. ХVІІІ в. // Ежегодник по аграрной истории Восточной Европы 1963 г. Вильнюс, 1964. C. 360.

[14] Спрогис И. Древний народный копный суд в Северо-Западной Руси. Витебск, 1895.

[15] Акты, издаваемые Виленскою комиссиею для разбора древних актов (АВАК). Т. 18. Акты о копных судах. (1522-1707 гг.). Вильна, 1891.

[16] Юхо И.А. Правовое положение населения Белоруссии в ХVІ в. Минск, 1978.

[17] Грамадскі быт і культура сельскага насельніцтва Беларусі. Мінск, 1993.

[18] Голубеў В.Ф. Сялянскае землеўладанне і землекарыстанне на Беларусі ХVІ-ХVІІІ стст. Мінск, 1992.

[19] Голубев В.Ф. Город и деревня в составе волостной общины в Белоруссии ХVІ- первой половины ХVІІ вв. // Взаимосвязи города и деревни в их историческом развитии. Москва, 1989; Ён жа. Община в системе социально-экономических отношений белорусской феодальной деревни // Сельская гаспадарка і сялянства Беларусі. Мінск, 1991; Ён жа. Абшчына // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 1, Мінск, 1993; Ён жа. Сялянская абшчына ў заходнебеларускай вёсцы ХVІ-ХVІІІ ст. // Этнасацыяльныя і культурныя працэсы ў заходнім рэгіёне Беларусі: гісторыя і сучаснасць. Гродна, 1998.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія