БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 4 / 2001

БЕЛАРУСКАЯ ГІСТАРЫЯГРАФІЯ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА

Да пытання пра навуковасць новай беларускай медыевістыкі

Ігар Марзалюк
(Магілёў)

Пасля набыцця незалежнасці беларускія гісторыкі атрымалі магчымасць поўнай свабоды выбару сваёй дзейнасці. Зніклі ідэалагічныя табу, абавязковая для ўсіх марксісцкая метадалогія. Аднак, нягледзечы на безумоўны прагрэс, які адбыўся за апошняе дзесяцігоддзе ў гістарычнай навуцы Беларусі, з сумам прыходзіцца канстатаваць адсутнасць якаснага прарыву ў пытаннях, звязаных з вывучэннем сярэднявечнай гісторыі нашай краіны.

Да нашага сораму, на сённяшні дзень мы не маем ніводнай навуковай сінтэзнай працы па гісторыі ВКЛ. Больш таго, скразныя даследаванні, у якіх бы аналізаваліся важнейшыя аспекты палітычнага жыцця і сацыякультурнае развіццё дзяржавы, таксама не існуюць. Не пабаюся сказаць, што сацыякультурная гісторыя як з’ява ў беларускай медыевістычнай гістарыяграфіі адсутнічае. Многія тэмы, надзвычай важныя для разумення развіцця беларускага грамадства ў сярэднявеччы, цалкам аддадзеныя на “водкуп” філосафам, рэлігіязнаўцам ды мастацтвазнаўцам. У першую чаргу гэта датычыць вывучэння сацыяльна-палітычнай думкі, канфесійнай гісторыі, пытанняў, звязаных з такімі важнымі сацыякультурнымі зменамі ў жыцці грамадства як Рэнесанс. Мала працаў па комплекснаму вывучэнню гістарычных рэгіёнаў. Амаль адсутнічаюць даследаванні па мікрагісторыі.

 Неабходна адзначыць даволі высокі ўзровень палітызаванасці беларускай медыевістыкі. У першую чаргу гэта тычыцца адэкватнасці навуковай тэрміналогіі, якую мы ствараем і ўжываем. Апошняе знаходзіць адлюстраванне ў “вынаходніцтве” новых формаў імёнаў і прозвішчаў гістарычных асобаў, неадэкватнасці перадачы гістарычных тапонімаў, замены гістарычных тэрмінаў (у тым ліку і этнонімаў) на неадэкватна іх перадаючыя і мадэрнізуючыя. У выніку мы атрымліваем гістарычную дэфармацыю, а не навуковы тэкст.

Гістарычны факт – гэта фрагмент рэальнасці, а не мастацкі вобраз ці мроя ў галаве даследчыка, таму крыніцазнаўчая карэктнасць мусіць быць важнейшым момантам для кожнага з нас. Глыбока перакананы ў неабходнасці выкарыстоўваць у навуковых даследаваннях адэкватную гістарычную тэрміналогію і гістарычную лексіку, а не ўласныя новатворы, хай сабе і прадыктаваныя самымі патрыятычнымі пачуццямі. Яшчэ можна змірыцца з ужываннем такой мадэрнізаванай анамастыкі, як Кастусь Астрожскі і Іван Жахлівы ў папулярызатарскіх дзіцячых часопісах, кшталту “Бярозкі”. Але, калі тое ж самае робіцца прафесійнымі гісторыкамі ў навуковых публікацыях, то, прынамсі, карціць запытацца ў якой старабеларускай крыніцы яны “знайшлі”, што Канстанціна Астрожскага хто небудзь зваў “Кастусём” ці Івана Грознага “Жахлівым”? Апошняга ў эпісталярных крыніцах беларуская шляхта называла альбо Маскоўскім, альбо Тыранам, але нідзе – Жахлівым. У поўнай ступені тое ж самае тычыцца пасмяротнага выпісвання “нацыянальных” пашпартаў гістарычным асобам, прыпісванне ім сваіх думак, пачуццяў і меркаванняў, якія ніякім чынам не падмацоўваюцца крыніцамі.

Асобна хочацца сказаць пра стан нашага навуковага крыніцазнаўства і археаграфію. На сённяшні дзень ён можа быць акрэслены толькі адным словам – ніякі. Мы не маем археаграфічнага інстытута. За 10 гадоў так і не здолелі падрыхтаваць ніводнага (!) навуковага археаграфічнага зборніка. Грунтоўнае выданне 28 кнігі запісаў Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага ў 2000 г.[1] выглядае як выключэнне з правілаў.

Падобная сітуацыя ў нашай медыевістыцы напрамую звязаная з сучаснай сістэмай падрыхтоўкі кадраў для гістарычнай навукі, найперш гэта тычыцца вучэбных праграмаў курсаў па якіх вучацца студэнты гістфакаў ВНУ нашай краіны. Не пабаюся сказаць, што па колькасці гадзінаў на базавыя дысцыпліны, а таксама па тэматыцы спецкурсаў і спецсемінараў, ніводны вучэбны план, ніводная вучэбная праграма беларускіх універсітэтаў, у тым ліку БДУ, не ідзе ні ў якае параўнанне з сучаснымі вучэбнымі праграмамі, напрыклад, Віленскага універсітэту[2]. Натуральна, што ў вучэбных планах Віленскай “Alma Mater” няма месца такой колькасці “агульнаадукацыйных” дысцыплінаў, як у нас. У выніку, на жаль, мы атрымліваем спецыяліста “шырокага профілю з вузкімі ведамі па спецыяльнасці”.

Здаецца, што без вырашэння гэтых і ім падобных праблемаў беларуская медыявістыка яшчэ доўга не будзе здольная адэкватна рэагаваць на “выклікі” гістарыяграфій нашых бліжэйшых суседзяў і ствараць навукова кандыцыйную прадукцыю, якая б карысталася попытам і прызнаннем не толькі ў Беларусі.

 

Пытанні да выступоўцы і ягоныя адказы.

Станіслаў Рудовіч (Менск): Вы казалі пра праблему адэкватнасці. Але існуе яшчэ і праблема адаптацыі гістарычнай тэрміналогіі. Дык можа нам трэба пісаць мовай дакументаў 16 ст., а не карыстацца сучаснай беларускай мовай?

Ігар Марзалюк: Я казаў не пра мову, а пра адэкватнасць гістарычных тэрмінаў і тэрміналогіі. Натуральна, што заўсёды мае месца адаптацыя. І заўсёды паўстае праблема, звязаная з кабінетнай гістарычнай тэрміналогіяй. Ужыванне новых тэрмінаў дзеля пазначэння формаў дзяржаўнай арганізацыі, сацыяльных структураў магчыма, калі падобная тэрміналогія адсутнічае ў гістарычных дакументах.

А вось гістарычных персанажаў трэба называць так, як называлі іх сучаснікі. Мне здаецца гэта найбольш навуковым падыходам. Я не кажу пра часопіс “Бярозку”, ці пра кніжкі для дашкольнікаў, якія выхоўваюць нацыянальную свядомасць. Натуральна, што ў гэтых выданнях, як і ў падручніках для школаў ёсць пэўныя спрашчэнні. Але і яны павінны мець межы. Адной з такіх межаў з’яўляецца сумленнасць і карэктнасць даследчыка. Інакш паўстае пытанне пра гістарычную набліжанасць. Ці ёсць яна ўвогуле?

Андрэй Кіштымаў (Менск): Продолжая эту тему, хочу сказать, што это проблема не только средневековья. Мы, бывает, повторяем вслед за российской историографией “польское государство”, “русско-польская война” и т.д. Но как только мы начинаем говорить “Речь Посполитая”, сразу же меняется понимание всех этих событий. Тоже самое можно проиллюстрировать понятиями “Российская империя” и “Россия” для 19 в.



[1] Метрыка Вялікага Княства Літоўскага. Кніга запісаў 28. Мінск, 2000.

[2] Vilnius university. Faculty of history. ECTS Information Package 1997-1999 .


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія