БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 5 / 2001

НАВУКОВАЯ ХРОНІКА

Навуковая хроніка

Навуковыя канферэнцыі

У Л е т у в і с к і м   к у л ь т у р н ы м, асветным і інфармацыйным цэнтры ў в. Рымдзюны Астравецкага р-ну, Гарадзенскай вобласці 27-28 красавіка 2001 г. адбыўся міжнародны навуковы семінар “Культурная спадчына Вялікага Княства Літоўскага і яе значэнне для сённяшніх Беларусі і Літвы, узаемаразумення ў Еўропе”. Удзел у семінары бралі беларускія, польскія, летувіскія навукоўцы. Арганізатарамі выступілі: Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф.Скарыны, Міжнародная асацыяцыя беларусістаў, Летувіскі культурны, асветны і інфармацыйны цэнтр, Польскі Інстытут у Вільні і Польскі Інстытут у Менску.

Гэты навуковы збор праходзіў пад духовым патранатам прадстаўнікоў люблінскага асяродку, прадставіўшых свае выступы пра ВКЛ у кантэксце канцэпцыі агульнай гісторыі Сярэдне-Усходняй Еўропы, якая прадугледжвае рацыі стану усіх яе народаў. Прафесары Ежы Клачоўскі і Генрык Гапскі выступілі з дакладам “Спадчына шматэтнічнай Рэчы Паспалітай і яе значэнне для грамадства Вялікага Княства Літоўскага”. Іхнія калегі д-р Ян Скарбек і праф. Ганна Дылянгова апавялі, адпаведна, пра праект гістарычнага атласу ВКЛ і пра “Праблемы ВКЛ у першыя дзесяцігоддзі 20 ст.”

Найбольш колькасна прадстаўленыя беларускія навукоўцы гаварылі пра беларускі погляд на ВКЛ (праф. Анатоль Грыцкевіч), “Асэнсаванне спадчыны ВКЛ дзеячамі беларускай культуры” (д-р Сяргей Токць), асветніцкую эстэтыку на пач. 19 ст. у Беларусі, Літве, Польшчы (праф. Уладзімір Конан), пра беларускую, летувіскую і агульную часткі спадчыны ВКЛ (праф. Адам Мальдзіс), пра фармаванне беларускага народу ў ВКЛ (праф. Аляксандар Краўцэвіч). Некалькі асобаў у тым ліку д-р Віталь Скалабан і сп. Аляксандар Груша выступілі ў дыскусіі.

Семінару не хапала саліднасці па прычыне слабага прадстаўніцтва летувіскіх калегаў – прыехалі толькі два гісторыкі – д-р Артурас Дубоніс (распавёў пра выданне Літоўскай Метрыкі) і д-р Юозас Тумеліс (ВКЛ з летувіскага пункту гледжання). Матэрыялы семінару плануецца выдрукаваць.

Аляксандар Краўцэвіч

7 - 9 ч э р в е н я 2 0 0 1 г. ў Мельніку на Падляшшы адбылася навуковая канферэнцыя “Вялікае Княства Літоўскае і этнагенэз беларусаў”, арганізаваная Беларускім Гістарычным Таварыствам у Польшчы (старшыня - д-р Алег Латышонак) і прымеркаваная да 500-х угодкаў Мельніцай уніі і атрымання Мельнікам магдэбургскага права.

Адмыслова складзеная праграма забяспечыла магчымасць шырокай дыскусіі і абмену думкамі паміж гісторыкамі з некалькіх краінаў: Польшчы, Беларусі, Летувы і нават Вялікабрытаніі. Дыскусіяй суправаджаўся практычна кожны даклад, часам яна станавілася гарачай, як у выпадку з двумя вядомымі спецыялістамі па генеалогіі праф. Тадэвушам Васілеўскім (Варшава) і праф. Янам Тэнгоўскім (Торунь).

Акрамя дакладаў з шырокай тэматыкай як “Рускія княствы на беларускіх землях напярэдадні і ў часе фармавання ВКЛ” (д-р Генадзь Семянчук з Гародні), “Рускі” народ у гістарычных крыніцах ВКЛ” (праф. Георгі Галенчанка з Менску), “Беларусь і ВКЛ. Узаемадачыненні этнасу і дзяржавы” (праф. Аляксандар Краўцэвіч з Гародні), “Этнаканфесыйная самаідэнтыфікацыі насельніцтва Беларусі ў 13-16 стст.” (д-р Ігар Марзалюк з Магілёва), адбыліся выступы на больш канкрэтныя тэмы. Д-р Яраслаў Нікодэм (Познань) прачытаў даклад “Прычыны забойства Жыгімонта Кейстутавіча”; сп. Андрэй Янушкевіч (Менск) – пра уплыў Лівонскай вайны на ўнутраную палітыку ВКЛ; д-р Аляксей Шаланда (Гародня) – “Генеза Пагоні як дзяржаўнага герба ВКЛ”; д-р Рыта Трыманене (Шаўлы) – “Ягелонская палітыка і фармаванне літоўскага палітычнага народу ў канцы 15 і першай палове 16 ст.”; д-р Альбіна Семянчук (Гародня) – “Роля рымскай легенды у фармаванні дзяржаўнай ідэалогіі ВКЛ”; маг. Мажэна Лідке (Беласток) – пра рэфармацыйную актыўнасць рускай шляхты ВКЛ у першай пал. 16 ст.; д-р Юры Гардзеў (Кракаў) – пра грамадскую стратыграфію Гародні ў першай пал. 16 ст. Цікавасць, найперш сярод беларускіх удзельнікаў, выклікаў даклад д-ра Генутэ Кіркіене (Вільня), у якім паказвалася беларускае паходжанне роду Хадкевічаў.

Непасрэдна з мясцінамі, дзе адбывалася імпрэза, былі звязаныя выступы: аспіранта Гарадзенскага універсітэта Валеры Шэйфера, які распавёў пра Мельніцкую унію 1501 г. і унутраны канфлікт у ВКЛ; д-ра Дароты Міхалюк (Торунь) – “Пра магчымасць даследавання этнічнай структуры насельніцтва Падляшша ў 16 ст.”; маг. Андрэя Радамана (Менск) – “Ураднікі земскіх судоў падляшскіх паветаў у час рэформаў 1560 гадоў”.

Многія выступы і дыскусія выклікалі вялікую цікавасць мясцовых жыхароў, асабліва школьнікаў з гістарычнага гуртка, для якіх канферэнцыя ў іх горадзе стала першым непасрэдным кантактам з прафесыйнай навукай.

Канферэнцыя завяршылася падарожжам па цікавейшых мясцінах Падляшша. Мы пастаялі на адхоне замкавай гары ў Драгічыне над неверагоднай прыгажосці краявідам з Бугам на пярэднім плане і наведалі праваслаўную святыню – Гарбарку.

Матэрыялы канферэнцыі будуць надрукаваныя ў наступных 16 і 17 нумарах “Беларускага Гістарычнага Зборніка”.

Аляксандар Краўцэвіч

1 3 - 1 4 в е р а с н я  ў  Б е л а с т о к у адбылася традыцыйная крыніцазнаўчая і гістарыяграфічная канферэнцыя “Стан даследаванняў і крыніцы гісторыі польска-летувіска-беларускага пагранічча”. Удзел у яе падрыхтоўцы ўзялі некалькі салідных навуковых інстытуцый, а галоўным арганізатарам выступіў як заўсёды нястомны і актыўны, нягледзячы на паважны ўзрост, д-р Генрык Маецкі з Беластоку.

Гісторыкі з Польшчы, Летувы і Беларусі дзяліліся сваім новымі гістарыяграфічнымі напрацоўкамі, вынікамі архіўных пошукаў і адкрыццяў. Матэрыялы канферэнцыі цалкам будуць апублікаваныя ў некалькіх нумарах часопісу “Беласточчына”.

Да агульных уражанняў ад канферэнцыі можна аднесці заўважальную адсутнасць цікавасці да яе з боку буйнейшага мясцовага гістарычнага асяродку – Інстытуту Гісторыі Беластоцкага Універсітэта, хоць некаторыя ягоныя супрацоўнікі бралі ўдзел у імпрэзе. Здзівіла таксама “састарэласць” тэрміналогіі з некаторых выступаў у дачыненні да міжваеннай гісторыі Заходняй Беларусі. Напрыклад, асіміляцыйная палітыка тагачасных польскіх уладаў адносна беларусаў называлася “тварэннем польскасці”. Альбо усе без выключэння помнікі гісторыі і культуры з міжваенных спісаў у Заходняй Беларусі названыя польскімі і да т.п. Пад час некаторых выступаў часам складвалася адчуванне, як быццам тут у Беластоку затрымаўся гістарычны час.

Гэтае ўражанне, аднак, цалкам знікла падчас прэзентацыі ў дні канферэнцыі другога нумару беластоцкага часопіса “Бюлетэнь гісторыі пагранічча” (Biuletyn Historii Pogranicza), галоўным рэдактарам якога з’яўляецца доктар Ян Ежы Мілеўскі. Часопіс адмыслова створаны для ўзаемнага абмену інфармацыяй, дыялогу, выпрацоўкі агульных поглядаў на нашую сумесную гісторыю гісторыкаў з краінаў былой Рэчы Паспалітай, найперш Беларусі, Летувы і Польшчы.

Аляксандар Краўцэвіч

Т р э ц і я   м і ж н а р о д н ы я   н а в у к о в ы я  Доўнараўскія чытанні, якія адбыліся ў Рэчыцы 14-15 верасня 2001 г., сабралі болей за 40 удзельнікаў з Беларусі, Украіны, Расеі, Польшчы і Ізраіля. Упершыню на чытаннях працавалі дзве секцыі – “Жыццёвы і навуковы шлях М.В.Доўнар-Запольскага” і “З гісторыі Рэчыцкай зямлі”. Таксама ўпершыню актыўны ўдзел прынялі апроч гісторыкаў эканамісты, этнографы і філолагі.

Над канферэнцыяй вітаў навуковы дух. Яе ўдзельнікі сабраліся не спяваць чарговыя дыфірамбы славутаму даследчыку, а аналізаваць яго творчасць і паспрабаваць адказаць на многія пытанні, звязаныя з жыццёвым і навуковым лёсам М.Доўнар-Запольскага. Трэба адзначыць выступленні Валянціны Лебедзевай (“Аб юнацкіх гадах М.В.Доўнар-Запольскага”), Алены Глагоўскай (“Канцэпцыя ўтварэння беларускага універсітэта Мітрафана Доўнар-Запольскага”), Віталя Скалабана (“Краязнаўчая спадчына М.В.Доўнар-Запольскага і перспектывы развіцця сучаснага беларускага краязнаўства”), Міхаіла Шумейкі (“Археаграфічная дзейнасць М.В.Доўнар-Запольскага і Зм.Даўгялы”), Валянціна Голубева (“М.Доўнар-Запольскі як даследчык сялянскай абшчыны-грамады”), Юрыя Мыцыка (“З гісторыі Рэчыцы ў гады нацыянальна-вызвольнай барацьбы украінскага народа 1648-1654 гг.”), Ніны Стужынскай (“Малая грамадзянская вайна” на Усходнім Палессі (20-я г. 20 ст.)”) ды інш.

Бурную дыскусію выклікала пытанне пра герб г.Рэчыцы. Удзельнікі чытанняў прапанавалі гарадскім уладам зацвердзіць герб з выявай сцягу з “Пагоняй”.

Варта адзначыць прысутнасць на канферэнцыі маладых навукоўцаў. Адзін з іх (Дзмітры Казлоў, аспірант ГДУ імя Ф.Скарыны) завяршае працу над кандыдацкай дысертацыяй, прысвечанай М.Доўнар-Запольскаму як эканамісту. Гэта будзе першае ў рэспубліцы дысертацыйнае даследаванне, цалкам звязанае з навуковай творчасцю нашага славутага суайчынніка. Эканамісты, як бачым, апярэдзілі гісторыкаў.

Доўнараўскія чытанні значна актывізавалі вывучэнне творчай спадчыны славутага даследчыка. У гэтым годзе выйшаў з друку бібліяграфічны паказальнік друкаваных працаў М.В.Доўнар-Запольскага і публікацый, прысвечаных яго творчасці, падрыхтаваная да новага выдання “История Белоруссии” (1926 г.), рыхтуецца том у серыі “Беларускі кнігазбор”.

У якасці арганізатараў чытанняў выступілі Рэчыцкі гарадскі выканаўчы камітэт і Гомельскі Дзяржаўны універсітэт імя Ф.Скарыны. Асноўную падрыхтоўчую працу ў чарговы раз выканала В.Лебедзева. У арганізацыі наступнай канферэнцыі (2003 г.) плануецца ўдзел Беларускага Гістарычнага Таварыства.

Алесь Смалянчук

2 4 - 2 5  т р а ў н я 2 0 0 1 г. у В і л ь н і ў Інстытуце гісторыі Літвы адбылася міжнародная навуковая канферэнцыя “Біскуп Мацеюс Валанчус і яго час”. Асоба вядомага рэлігійнага (з 1849 па 1875 г. ён узначальваў Жмудскую дыяцэзію) і грамадскага дзеяча, падзеі канфесійнай і палітычнай гісторыі ХІХ ст. сталі прадметам абмеркавання гісторыкаў з Літвы, Беларусі і Польшчы.

Выступленні першага дня канферэнцыі датычылі пераважна постаці М.Валанчуса. Біскуп Ёнас Борута (Літоўская каталіцкая Акадэмія навук) ва ўступным слове падкрэсліў важнасць разумення матываў актыўнай грамадскай дзейнасці М.Валанчуса. На думку выступоўцы, літоўскасць жмудскага біскупа ў большай ступені была звязаная з яго адносінамі да сялянскага пытання, а менавіта з імкненнем далучыць літоўскіх сялянаў да грамадскага жыцця, зрабіць іх часткай тагачаснага грамадства, чым з нацыянальнымі імкненнямі. Бронюс Гензяліс паспрабаваў намаляваць партрэт М.Валанчуса як палітыка. Паводле прафесара Універсітэта Вітаўта Вялікага біскупа-палітыка адрознівала ўменне хутка арыентавацца ў сітуацыі, падтрымліваць адносіны з расійскімі ўладамі, захоўваючы ўласную годнасць, здольнасць падтрымліваць разумны баланс паміж легальнай і нелегальнай дзейнасцю. Дарэчы, безумоўнай заслугай М.Валанчуса выступоўца лічыў тое, што біскуп здолеў нелегальную дзейнасці перавесці на легальныя “рэйкі”. Б.Гензяліс выказаў думку пра двайную матывацыю дзейнасці біскупа, калі рэлігійныя імкненнні спалучаліся з сацыяльнымі. Рома Бочкутэ (Клайпедскі універсітэт) падрабязна спынілася на сустрэчы аднаго з “піянераў” літоўскага нацыянальнага Адраджэння Сімонаса Даўкантаса з М.Валанчусам. Верагодным вынікам гэтай сустрэчы (1842 альбо 1844 г.) яна лічыла напісанне біскупам псалма на літоўскай мове.

Д.Маскуленене (Шаўляйскі універсітэт) спынілася на шматфункцыянальным характары прозы М.Валанчуса. А.Пацявічус (Віленскі універсітэт) паспрабаваў вызначыць месца біскупа ў кніжнай культуры 19 ст. Э.Шэнавічэне (Інстытут гісторыі) прааналізавала праект М.Валанчуса па стварэнню Малой Варнянскай семінарыі. Р.Барткутэ (Інстытут філасофіі і сацыялогіі Літвы) зрабіла сацыялагічную ацэнку “Лістоў цвярозасці” М.Валанчуса. В.Ёгела (Інстытут гісторыі) распавёў пра характарыстыку біскупа ў “Гісторыі Жмудскай дыяцэзіі” Вінцэнтаса Юзумаса. В.Варэйкіс (Клайпедскі універсітэт) спыніўся на адносінах М.Валанчуса да жыдоўскай грамадскасці. На яго думку, пэўныя антыжыдоўскія выказванні біскупа тлумачыліся не тэалагічнымі альбо ідэалагічнымі падыходамі, а крытычным стаўленнем М.Валанчуса да некаторых гаспадарчых і маральных аспектаў жыцця і дзейнасці г.зв. “літвакаў”.

Рэферат Сяргея Токця (Гарадзенскі універсітэт) ужо не датычыў непасрэдна асобы біскупа. Сябра Беларускага гістарычнага таварыства прааналізаваў ролю каталіцкага духавенства ў фармаванні нацыянальнай свядомасці на беларуска-літоўска-польскім памежжы на рубяжы 19-20 стст. Ксёндз прафесар Тадэвуш Крагель (Беластоцкая духоўная семінарыя) прысвяціў сваё выступленне рэпрэсіям царскіх уладаў супраць каталіцкага духавенства падчас і пасля Студзеньскага паўстання. Па ягоных падліках, чатырох святароў прысудзілі на смерць (аднаму замянілі смяротнае пакаранне катаргай), 17 – былі пакараныя катаржнымі працамі (адзін з іх памёр у турме, а яшчэ аднаму замянілі катаргу на ссылку), 84 – адпраўленыя на пасяленне ў Сібір. Апроч таго болей за 70 святароў прайшло праз расійскую турму і было шмат пакараных грашовымі штрафамі. Дарус Сталюнас (Інстытут гісторыі) паспрабаваў вызначыць аўтара ананімнага праекта ўтварэння новай уніяцкай царквы на тэрыторыі г.зв. “Паўночна-Заходняга краю”. На думку літоўскага даследчыка, найбольш верагодным кандыдатам на аўтара з’яўляецца Адам Кіркор.

Алесь Смалянчук спыніўся на спробах расійскіх уладаў у 60-70-я г. 19 ст. правесці г.зв. “дэпаланізацыю” касцёла на беларускіх землях. Яго галоўным накірункам было ўвядзенне расійскай мовы ў дадатковае набажэнства. Улады прыцягнулі да гэтай “дэпаланізацыі” частку каталіцкага духавенства, сярод якога вылучалася постаць Фердынанда Сенчыкоўскага. Прыкрываючыся заявамі пра тое, што беларускае насельніцтва не разумее польскай мовы, ксёндз Ф.Сенчыкоўскі гвалтам і прымусам спрабаваў увесці ў касцёл расійскую мову, якую, дарэчы, беларусы таксама не разумелі. Менавіта яму суджана было стаць галоўнай зброяй у палітыцы русіфікацыі каталіцкага касцёла ў Беларусі. Крах гэтай палітыкі стаў асабістым крахам Ф.Сенчыкоўскага. А.Кацюліс і В.Жалтаўскайтэ (абодва Інстытут гісторыі) закранулі праблему адукацыі каталіцкага духавенства ў Каралеўстве Польскім і на тэрыторыі гістарычнай Літвы.

Напрыканцы канферэнцыі адбылася дыскусія, прысвечаная праблеме расійскай палітыкі па “літоўскаму пытанню”. Дыскусію, у якой прынялі актыўны ўдзел не толькі ўдзельнікі, але і госці канферэнцыі, вёў вядомы даследчык Эгідыюс Аляксандравічус.

Варта адзначыць атмасферу добразычлівасці, якая суправаджала абмеркаванне ўсіх спрэчных пытанняў, і рабіла ўдзел у канферэнцыі не толькі карысным з навуковага пункту погляду, але і прыемным.

У ролі арганізатараў канферэнцыі выступілі Інстытут гісторыі Літвы, Літоўская каталіцкая Акадэмія навук і Універсітэт Вітаўта Вялікага. Фінансавую падтрымку яе правядзенню аказала Міністэрства культуры Літоўскай Рэспублікі і Літоўская каталіцкая Акадэмія навук.

Алесь Смалянчук

Анатацыі

Лазько Р.Р. Перад патопам. Еўрапейская палітыка Польшчы (1932-1939). Мінск: БДУ, 2000. - 354 с.

У цэнтры ўвагі беларускага даследчыка апынуліся наступныя праблемы: выяўленне асаблівасцяў становішча Польскай Рэспублікі ў версальскай сістэме міжнародных адносінаў; ацэнка геапалітычнай сітуацыі Польшчы; характарыстыка ролі саюзаў Польшчы з Францыяй і Румыніяй у польскіх спробах аслаблення “германа-савецкіх ціскоў”; аналіз палітыкі “роўнавагі” Польшчы паміж Германіяй і СССР пасля падпісання пагадненняў з гэтымі дзяржавамі ў 1932 і 1934 гг.; вызначэнне вытокаў і палітычных функцый вялікадзяржаўнай ідэалогіі Польшчы ў 1930-я г.; выяўленне ролі Польшчы ў палітычнай барацьбе ў Еўропе вясной і летам 1939 г.; вызначэнне прычын непрыняцця Польшчай капітулянцкай палітыкі ў адносінах да Германіі і адначасовага адхілення патэнцыйнай дапамогі з боку СССР ды інш.

Кніга гомельскага даследчыка Рыгора Лазько з’яўляецца істотным укладам ў беларускую гістарычную паланістыку. Аўтар упершыню ў айчыннай гістарыяграфіі зрабіў спробу “навуковай рэканструкцыі палітычнай барацьбы Польскай Рэспублікі <...> за прызнанае і бяспечнае месца сярод еўрапейскіх дзяржаў і народаў ва ўмовах паглыблення крызісу версальскай сістэмы міжнародных адносін і яе развалу (1932-1939)” (с.7). Сярод тых праблемаў, якія апынуліся ў цэнтры ўвагі гісторыка, варта адзначыць асаблівасці становішча Польскай Рэспублікі ў версальскай сістэме міжнародных адносінаў; ролю саюзаў Польшчы з Францыяй і Румыніяй ў яе палітыцы аслаблення германа-савецкіх геапалітычных “ціскоў”; намаганні польскіх палітыкаў дзеля стварэння блоку дзяржаў у Балтыйска-чарнаморскім міжмор’і; месца Польшчы ў палітычнай барацьбе ў Еўропе ўвесну і летам 1939 г.; прычыны непрыняцця Польскай Рэспублікай капітулянцкай палітыкі ў адносінах да Германіі і адначасовага адхілення ею патэнцыяльнай дапамогі з боку СССР ды інш. Рыгор Лазько спрабуе разглядаць еўрапейскую палітыку Польшчы 30-х г. як сферу выяўлення польскіх нацыянальных інтарэсаў.

Кніга складаецца з кароткіх уводзінаў, сямі раздзелаў (“Месца ў Еўропе”, “Праз Маскву ў Берлін”, “Палітыка “раўнавагі” супраць палітыкі калектыўнай бяспекі”, На заходнім фронце”, “Міражы вялікадзяржаўнай палітыкі”, “Расія выпхнута з Еўропы...”, “Апошні год”), заключэння і заўвагаў, якія ўтрымліваюць спасылкі на цытаваную літаратуру і крыніцы даследавання.

Алесь Смалянчук

Марозава С.В. Уніяцкая царква ў этнакультурным развіцці Беларусі (1596-1839 гады). Гродна: ГрДУ, 2001. – 352 с.

Манаграфія Святланы Марозавай, па яе ўласнаму прызнанню, з’яўляецца пэўным адказам на той усплеск цікавасці да уніяцкай праблематыкі, які выразна адчуваецца не толькі ў Беларусі. Праца беларускай даследчыцы прысвечана этнакультурным аспектам Берасцейскай уніі. Галоўнай мэтай даследавання стала вызначэнне і характарыстыка праяваў уніяцтва ў культуры і этнічным абліччы беларускага народа (с.2). Храналагічныя межы манаграфіі нават выходзяць за пазначаны ў назве тэрмін, бо аўтар прааналізаваў перадумовы уніі і постунійную рэчаіснасць. Фактычна даследаванне распачынаецца падзеямі апошняй трэці 16 ст. і завяршаецца амаль пачаткам 20 ст.

У першым раздзеле асвятляецца гістарыяграфія пытання і крыніцы даследавання. Другі раздзел (“Набліжэнне Беларусі да заходнееўрапейскай культурнай прасторы праз унію”) уключае разгляд такіх праблемаў як заключэнне Берасцейскай уніі ў кантэксце рэлігійна-палітычнай і этнакультурнай сітуацыі ў Еўропе; сінтэз візантыйскай культурнай спадчыны, усходнеславянскіх традыцый і заходніх уплываў у беларускім уніяцтве; стварэнне царквой уласнай сістэмы адукацыі; кніжная культура царквы; сакральнае мастацтва; рэлігійная пераарыентацыя Беларусі ў канцы 18 – першай трэці 19 ст. і лёс культурнай спадчыны уніяцкай царквы. У апошнім раздзеле (“Уніяцтва ў этнаканфесійнай самасвядомасці беларусаў”) разглядаліся такія пытанні як уніяцкая царква ў моўных працэсах канца 16 – першай паловы 19 ст.; этнаканфесійная ідэнтыфікацыя уніятаў; дэфармацыя этнічнай самасвядомасці ўніятаў у сувязі са скасаваннем іх веры; праявы нацыянальнага і рэлігійнага патрыятызму ў адказ на злом уніяцкай традыцыі ды інш.

На думку аўтара, спецыфіка гістарычнага развіцця Беларусі ў мінулым, у т.л. у канфесійнай сферы ў вялікай ступені вызначалася яе геапалітычным становішчам. Вельмі важна сёння разглядаць Беларусь не ў якасці аб’екта інтарэсаў іншых дзяржаў, а ў якасці “паўнацэннага і сувярэннага суб’екта гісторыка-цывілізацыйнага працэса”, а Берасцейскую унію як адзін з варыянтаў пошуку свайго канфесійнага “я” ва ўмовах супрацьстаяння і ціску Усхода і Захада, “як спробы займець сваё месца ў еўрапейскім рэлігійна-культурным хрысціянскім раскладзе” (с. 4).

Таксама варта адзначыць, што спіс крыніцаў і літаратуры ўключае 1475 пазіцый.

Алесь Смалянчук

Рудовіч С. Час выбару: Праблема самавызначэння Беларусі ў 1917 г. Мінск: “Тэхналогія”, 2001. – 201 с.

Аўтар вядомы сваімі ранейшымі грунтоўнымі публікацыямі па праблемах гісторыі беларускага нацыянальнага руху. “Час выбару...” можна разглядаць як падсумаванне пэўнага этапу даследаванняў. На канкрэтным гістарычным матэрыяле Станіслаў Рудовіч аналізуе тыя суб’ектыўныя і аб’ектыўныя фактары, якія падчас рэвалюцыі 1917 г. зрабілі актуальным пытанне пра будучы дзяржаўна-палітычны і нацыянальна-культурны статус Беларусі. Рэвалюцыйныя падзеі разглядаюцца праз прызму беларускіх нацыянальных інтарэсаў. Аўтар таксама прасочвае эвалюцыю беларускай палітычнай думкі ад аўтанамісцкіх праектаў да ідэалу незалежнай і непадзельнай Беларускай дзяржавы.

Манаграфія складаецца з уводзінаў, трох раздзелаў (“Падзенне расійскага царызму і Беларусь”; “Грамадска-палітычная барацьба ў Беларусі па нацыянальным пытанні ў лютым-кастрычніку 1917 г.”; “Кастрычніцкае паўстанне і пытанне пра лёс Беларусі”), заключэння і паказальніка імёнаў.

У цэнтры ўвагі даследчыка знаходзяцца галоўным чынам палітычныя аспекты “беларускай праблемы” ў перыяд Расійскай рэвалюцыі 1917 г. Адпаведна “беларускае пытанне” выступае як пытанне пра дзяржаўную прыналежнасць этнічнай тэрыторыі беларусаў, пра нацыянальна-культурную ідэнтыфікацыю і самаідэнтыфікацыю беларускага этнасу, пра яго палітычна-дзяржаўнае самавызначэнне (с. 6).

Алесь Смалянчук

Стужынская Н. Беларусь мяцежная. З гісторыі ўзброенага антысавецкага супраціву. 20-я гады ХХ стагоддзя. Вільня, 2000. – 255 с.

Манаграфія Ніны Стужынскай выканана ў межах праекту “Гісторыя, якой няма ў падручніках”. Яна прысвечаная Слуцкаму паўстанню і дзейнасці антысавецкай партызанкі 20-х г. 20 ст. У апошнім сюжэце галоўнае месца адведзена ваенна-палітычнай арганізацыі “Зялёны дуб”. Аўтар спрабуе высвятліць прычыны сялянскага ўзброенага супраціву Савецкай ўладзе. Паводле Ніны Стужынскай, сялянская партызанка была накіраваная супраць “чужынцаў”. Сялянскі паўстанец, партызан-зялёнадубавец гэта, у першую чаргу, абаронца сваёй малой Радзімы, вёскі, дома, маёмасці. Яго ворагам былі тыя, хто рабіў на гэта замах. Са зброяй у руках ён змагаўся супраць захопнікаў (с. 4).

Кніга з’яўляецца свайго роду навуковай рэабілітацыяй тых, каго савецкая гістарыяграфія ўслед за карнымі органамі акрэсліла “бандытамі”.

Асобна трэба адзначыць “дадатак”, які складаецца са спіса ўдзельнікаў Слуцкага паўстання, справаздачаў Слуцкага уездрэўкама, дакументаў Беларускай сялянскай партыі “Зялёны дуб”, запісак і мастацкіх абразкаў Вячаслава Адамовіча і фотадакументаў.

Алесь Смалянчук

Гарбачова В.В. Паўстанне 1830-31 гг. на Беларусі. Мінск: БДУ, 2001. – 186 с.

Першае ў беларускай гістарыяграфіі манаграфічнае даследаванне паўстання 1830-31 гг. заснаванае на шырокай базе крыніцаў. Гэта матэрыялы Расійскага Дзяржаўнага ваенна-гістарычнага архіва, Літоўскага Дзяржаўнага гістарычнага архіва (LVIA), НГАБ у Менску, НГАБ у Гародні, Галоўнага архіва старажытных актаў у Варшаве (AGAD), аддзела рукапісаў Дзяржаўнай публічнай гістарычнай бібліятэкі Расіі, мемуары польскіх вайскоўцаў, паслоў замежных краінаў, непасрэдных удзельнікаў падзяў у Беларусі (І.Дамейка, Ю.Шчалінскі, І.Клюкоўскі), перыядычны друк ды інш.

Манаграфія складаецца з “Уводзінаў”, у якіх змешчаны гістарыяграфічны аналіз і крыніцазнаўчы агляд, чатырох раздзелаў і заключэння. Першы з іх (“Перадумовы паўстання на Беларусі”) прысвечаны палітычнаму і сацыяльна-эканамічнаму становішчу Беларусі ў канцы 18 – першай трэці 19 ст. Таксама аўтар аналізуе пачатак паўстання ў Каралеўстве Польскім і месца ВКЛ у планах паўстанцкага ўрада. Уласна ход паўстання асвятляецца ў раздзеле “Паўстанне і ход ваенных дзеянняў”. Трэці раздзел прысвечаны сацыяльнаму складу ўдзельнікаў паўстання ў Беларусі. У апошнім Вольга Гарбачова аналізуе вынікі і наступствы падзеяў 1830-1831 гг.

Вольга Гарбачова паспрабавала пераадолець ранейшую гістарыяграфічную тэндэнцыю, характэрнай рысай якой было вывучэнне паўстання па-за межамі нацыянальнай гісторыі. Даследчыца ахарактарызавала падзеі 1830-31 гг. у Беларусі як “антыімперскае вызваленчае паўстанне”.

Алесь Смалянчук

Швед В.В. Паміж Польшчай і Расіяй: грамадска-палітычнае жыццё на землях Беларусі (1772-1863). Гродна: ГрДУ, 2001. – 415 с.

У манаграфіі даследуецца грамадска-палітычнае жыццё на беларускіх землях ад першага падзелу Рэчы Паспалітай да студзеньскага паўстання 1863 г. На падставе аналізу шырокага кола дакументальных і апавядальных крыніцаў, працаў айчынных і замежных даследчыкаў гісторык прыйшоў да высновы, што ў грамадска-палітычным жыцці разглядаемага перыяду дамінавалі тры плыні: “руская (імперская і апазіцыйная), польская (“рэчпаспалітаўская”) і ліцвінская (беларуская), якія адлюстраваліся ў розных арганізацыйных формах і грамадскіх рухах” (с. 349). Першая, на думку аўтара, праявілася, ў палітыцы самаўладдзя і спробах апазіцыйных сілаў прыцягнуць жыхароў Беларусі да барацьбы з ім. Польская плынь увасобілася ў польскім масонскім і нацыянальна-вызваленчым рухах. Апошняя “праявілася ў рэчышчы рэчпаспалітаўскай плыні як ліцвінскі сепаратызм (аўтанамізм) і ліцвінскі патрыятызм”. (с. 349).

Праца гарадзенскага даследчыка значна паглыбляе разуменне складаных падзеяў грамадска-палітычнага жыцця Беларусі пасля далучэння яе да Расійскай імперыі і правакуе сур’ёзную навуковую дыскусію.

Алесь Смалянчук


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія