БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 5 / 2001

ДЫСКУСІЯ

Краўцэвіч А.К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. Мінск: Беларуская навука, 1998. 208 с., 5 карт. ISBN 985-08-0249-9 *

Артурас Дубоніс
(Вільня)

У апошнія гады даволі вялікая колькасць працаў беларускіх аўтараў была прысвечана ўтварэнню Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) ці літоўскай дзяржавы. Аднак тыя праблемы, пра якія ідзе гаворка ў працах беларускіх навукоўцаў, а таксама іх тэзісы, пастулаты і заключэнні, як правіла ашаламляюць і выклікаюць сур’ёзныя пярэчанні[1]. Сапраўды, што можна сказаць, даведаўшыся, што літоўцы ўтварыліся ад жамойтаў у перыяд паміж 19 і 20 ст., што гістарычныя літоўцы (з 13 па 18 ст.) то продкі сучасных беларусаў і што сучасная Літва з’яўляецца палітычнай структурай, створанай аўкштайтамі і жамойтамі толькі ў 20 ст.?

Праца Алеся Канстанцінавіча Краўцэвіча напоўнена такімі адкрыццямі. Вывучыўшы гістарыяграфію ўтварэння ВКЛ і яго развіцця паміж сярэдзінай 13 і пачаткам 14 ст., ён сцвярджае, што, у агульным, праблема стварэння Літоўскай дзяржавы вырашаная ўсюды, за выключэннем Беларусі. Маўляў, Мікола Ермаловіч паглядзеў на гэта па-новаму, як на вынік міжпляменных сувязяў паміж балтамі і ўсходнімі славянамі, ён перасунуў Літву, цэнтр яе дзяржаўнасці, да верхняга і сярэдняга цячэння ракі Нёман (с. 4). Краўцэвічу спадабаліся гэтыя высновы. Вось вынікі ягоных даследаванняў (с. 172-174). На думку Краўцэвіча, галоўнымі версіямі, якія маюць адносіны да ўтварэння Літоўскай дзяржавы і сёння дамінуюць, з’яўляюцца наступныя: пасля векавой канфрантацыі са славянамі этнічная літоўская дзяржава захапіла частку славянскіх земляў і перарасла ў ВКЛ; літоўцы, якія складалі меншасць, тым не менш заставаліся дамінуючай нацыяй. Краўцэвіч сцвярджае, што гэтая тэза памылковая – ніякай канфрантацыі не было. Цэнтр (ядро) дзяржавы – верхняе і сярэдняе цячэнне Нёмана – стала тэрыторыяй мірных балта-славянскіх кантактаў. Менавіта тут нарадзілася дзяржава. Кантакты былі надзвычай мірнымі; не было зарэгістравана ніводнага канфлікту. Балта Міндоўга (існаванне гэтага этнічнага ўтварэння з’яўляецца агульнапрызнаным!) падтрымлівалі славянскія гарады, размешчаныя ўздоўж Нёмана ў сучаснай Беларусі. Балцкая кіруючая дынастыя не перашкаджала асіміляцыі балтаў (вынікам такіх адносінаў сталі “ліцвіны”), яна нават спрыяла гэтаму працэсу, узяўшы ўходнеславянскія ўзоры для палітычнай арганізацыі, старабеларускую мову ў якасці дзяржаўнай. Паколькі балцкая канцэпцыя ўтварэння Літоўскай дзяржавы ўтрымлівае занадта шмат непрымірымых супярэчнасцяў, то яе “трэба” выкінуць. Патрэба фармулявання новай канцэпцыі, адпаведнай сучаснай гістарыяграфіі, прымусіла Краўцэвіча ўзяцца за работу. Ён даказвае што: 1) ВКЛ з’явілася ў кантактнай зоне паміж балтамі і славянамі (у верхнім і сярэднім цячэнні Нёмана) у сярэдзіне 13 ст.; 2) прычынай утварэння дзяржавы была пагроза з боку Залатой Арды і Тэўтонскага ордэна; 3) існаванне пераддзяржаўнай канфедэрацыі балцкіх земляў з’яўляецца міфам; 4) пачатак стварэння дзяржавы трэба аднесці да 1248 г. калі усходнеславянскі горад Наваградак увайшоў у саюз з балцкім нобілям Міндоўгам; 5) ВКЛ з самага пачатку было “біэтнічнай балта-усходнеславянскай дзяржавай, у якой перавагу меў славянскі кампанент”.

Давайце разгледзім instrumenta працы Краўцэвіча. У першую чаргу надзвычай відавочная ягоная палітызацыя праблемы. Спадчына ВКЛ здаецца аўтару вялікім пірагом, які да сёння застаецца непадзеленым. На яго думку, апісанне ўтварэння дзяржавы ў гістарыяграфіі было звязана з барацьбой нацыянальных палітычных сілаў за падзел спадчыны ВКЛ. Гэта пачалося ў сярэдзіне 19 ст. (с. 28). Амаль палова кнігі прысвечана гістарыяграфічнаму агляду (с. 27-75). Усё вельмі проста. Пасля паўстання 1863 г. руская гістарычная навука пачала даказваць, што Літва з’яўляецца адвечна рускай тэрыторыяй і Літоўская дзяржава была проста разнавіднасцю рускай дзяржаўнасці – русско-литовское государство”. Нешта падобнае было ад самага пачатку. Палякі, аднак, зрэагавалі без прамаруды: Літва з’явілася як этнічна літоўская дзяржава і пашырыла сваю тэрыторыю шляхам заваёвы аслабленых рускіх земляў. Польскія тэзісы былі ўдасканалены і ўзмоцнены Уладзімірам Пашутам, аўтарам савецкай канцэпцыі ВКЛ. Даваенная літоўская гістарыяграфія грунтавалася на польскай аснове, а потым савецкая літоўская гістарычная навука была развіццём поглядаў Пашуты. Каб падважыць даставернасць канцэпцыі этнічнай літоўскай дзяржавы, Краўцэвіч называе яе сінанімічна “афіцыйная савецкая” (с.65) і савецка-летувіская канцэпцыя (с. 94). У такой форме гэтую канцэпцыю можна знайсці ў працах літоўскіх гісторыкаў. Але ці добра знаёмы з гэтымі работамі беларускі аўтар? Ён цытуе літоўскіх гісторыкаў але ён не ведае літоўскай мовы: ад формы слова ў родным склоне адзінкавага ліку Lietaukos ён не здолеў утварыць назоўны склон адзінкавага ліку Lietauka (с. 99). Таму не дзіўна, што праца Юозаса Стакаускаса здаецца яму проста папулярнай (с. 48). Між тым, па меркаванню Краўцэвіча, Мікола Ермаловіч хоць і з некаторымі памылкамі зрабіў сур’ёзную працу. Некаторыя з тэзісаў Ермаловіча выводзяцца з беларускай гістарычнай навукі (с. 59-60, 67). З дапамогай павярхоўнага гістарыяграфічнага агляду Краўцэвіч спрабуе адкінуць 150-гадовую агульнапрызнаную гістарыяграфію ўтварэння Літоўскай дзяржавы і прапанаваць фальшывую, затое ўласна апрацаваную канцэпцыю. У дзеянне прыведзены нават дырэктывы (але не Камуністычнай партыі). Яны ўзятыя з міжнароднага “круглага стала” з 1992 г., на якім была адзінадушна прынятая рэзалюцыя, якая сцвярджала, што беларуская дзяржава існавала ў верхнім цячэнні Нёмана (с. 62). Аўтар змагаецца за гэтую рэзалюцыю ў сваёй кнізе, як быццам адзін з рыцараў Круглага Стала караля Артура.

Пасля раскопак, праведзеных Фрыдай Гурэвіч, Краўцэвіч і шэраг іншых беларускіх аўтараў пачалі перабольшваць важнасць Наваградскага краю. Краўцэвіч піша, што яго тэрыторыя дасягала верхняга і ніжняга цячэння Нёмана, якая ў сапраўднасці была населеная змешаным насельніцтвам балтаў (літоўцы і яцвягі) і ўсходнімі славянамі яшчэ з 10 ст. На яго думку, славяне асімілявалі балтаў і новая этнічная агульнасць – беларусы, з’явілася там у 13 ст. Адначасова гэты раён атрымаў назву Літва. Ён прасціраўся да Менску і Вільні. На гэтай кантактнай тэрыторыі Літвы усходнія славяне заснавалі гарады Гародню, Наваградак, Ваўкавыск, Слонім, Астрэю, Вевярэск… і магчыма Вільню (с. 80). Спачатку аўтар сумняваецца ў адносінах Вільні, але пазней таксама адносіць яе да славянаў. Што тут выклікае пярэчанні… Выкарыстаныя раскопкі Галубовічаў** (с. 91). Славянскія гарады знаходзіліся на тэрыторыі балтаў. Адтуль балты атрымалі старабеларускую мову ў якасці дзяржаўнай, а таксама палітычную арганізацыю, формы кіравання і іншыя атрыбуты цывілізацыі. У той жа час у сваіх сцверджаннях аўтар сам сабе супярэчыць. Хоць насельніцтва  тэрыторыі Літвы з’яўлялася сімбіятычна змешаным, але было відавочна, што нават у 13 ст. балтаў было больш на поўначы, а славянаў – на поўдні (с. 126); насельніцтва Наваградка было славянскім, у той час як насельніцтва яго наваколля паходзіць з этнічнай Літвы (с. 128). Нават можна правесці выразную этнічную мяжу паміж балтамі (Літва) і ўсходнімі славянамі на карце (с. 198, № 5). Аўтар у цэлым адвяргае гэта і апявае сімбіоз, кантактную зону і яе беларускае насельніцтва – новую этнічную супольнасць (с. 96). Аўтар блукае паміж сасной і елкай і сцвярджае, што ён знаходзіцца ў змешаным лесе. Гэта была мірная тэрыторыя. Паміж балтамі і усходнімі славянамі не было канфрантацыі. Там не было ні этнічных літоўцаў, ні заваёваў з іхняга боку. “Няма афіцыйных запісаў пра напады на Наваградак”, сцвярджае Краўцэвіч (с. 95). Няма неабходнасці вучыць аўтара ці называць крыніцы і літаратуру па гэтаму пытанню – “савецкія творы” яго не цікавяць. Тым не меньш, сітуацыя ў Наваградку пасля яго заваёвы сынам Міндоўга Вайшэлкам красамоўна апісана ў Іпацьеўскім летапісе: “Вайшэлк пачаў кіраваць Наваградкам, хоць быў усё яшчэ язычнікам; і ён пачаў праліваць шмат крыві, забіваючы кожны дзень трох ці чатырох чалавек; калі за дзень ён не забіваў ні аднаго чалавека, ён быў смутны; ён быў шчаслівы калі забіваў”. Далейшыя каментары лішнія[2].

Але чаму беларусы, новая этнічная агульнасць сімбіёзнай тэрыторыі Літва не мелі ўласнай дынастыі? У 1230-х гадах Літвой кіраваў славянін Ізяслаў Наваградскі. У наступныя дзесяцігоддзі ён быў змешчаны Міндоўгам і Вайшэлкам. Суседні балцкі нобіль з’явіўся падобна deus ex machina як правіцель тэрыторыі Літва. Гэта ўяўляла сабой пачатак балцкай дынастыі. Краўцэвіч сцвярджае, што Міндоўга запрасілі кіраваць. Аўтара цікавіць ці быў ён больш варагам чым балтам (с. 125, 133-135).

Як бы тое ні было, сцверджанні Краўцэвіча ўскладняюцца баптызмам Міндоўга – ён не быў ахрышчаны у адпаведнасці з усходнеславянскім абрадам, а як рыма-католік (лацінская ерась). Гэтую сітуацыю цяжка асэнсаваць, калі браць пад увагу дамінаванне старабеларускай мовы, веры і культуры. Аўтар кнігі ўхіляецца ад гэтага пытання, сцвярджаючы, што хрысціянства Міндоўга было звыклай палітычнай гульнёй (с. 151-152). Арыстакрат Міндоўг працягвае гуляць і раздорваць цэнтр краіны, кантактную тэрыторыю Літву, па словах аўтара, аж да тэрыторыі Галіча-Валыні (с. 149-150). На думку Краўцэвіча, Міндоўг кіраваў у верхнім цячэнні Нёмана, у той час як славянская частка належала Раманавічам (с. 150). Другі ўдар па высновах Краўцэвіча звязаны з “сімбіёзам” намаганняў Міндоўга атрымаць карону для свайго пераемніка, прычым не для артадокса Вайшэлка. Аўтар знаходзіць адказ: апошні быў манахам, таму як ён мог кіраваць? (с. 153). Правалы, падобныя гэтым, частыя ў разважаннях Краўцэвіча.

Новая канцэпцыя азмрочаная прысутнасцю літоўцаў, якія ўсё яшчэ існуюць як суседзі беларусаў. У 20 ст. усё ясна – яны летувісы. Яны з’явіліся ў 19 і пачатку 20 ст., развіваючыся як новы этнас з жамойтаў (с. 119). Летува не мае нічога агульнага са старой “Літвой”. Тое ж і ў адносінах – летувісы, Літва, літвіны, нягледзячы на існаванне балцкай “Літвы”, якая была беларусазавана на кантактнай тэрыторыі паміж 10 і 12 ст. Паводле аўтара, тая ж назва “Літва” таксама акрэслівала частку балтаў як і беларусаў – новую этнічную агульнасць. Паўночныя кантактныя раёны – літоўскія землі на поўнач ад ракі Нярыс (Вілія –Рэд.) – былі населеныя разнавіднасцю балтаў - старой “Літвы”; яны былі не жамойтамоўнымі аукштайтамі, якія стварылі культуру ўсходнелітоўскіх курганаў (с. 81). Нечакана Краўцэвіч трапляе ў пастку. У 1180-х гадах, калі басейн ракі Нёман быў заняты ўжо славянізаванай сімбіатычнай “Літвой”, яшчэ адна балцкая “Літва” пачала яе атакаваць. Аўтар рады, што яна не змагла разбурыць палітычную сістэму ў басейне Нёмана (с. 129). Ён прызнае тое, што адвяргае ва ўсёй сваёй кнізе, менавіта, канфлікт паміж балтамі і славянамі. Такая інтэлектуальная напруга можа прывесці да двухсэнсоўнасці – аўтар не ўдаецца ў падрабязнасці, якія датычаць уздыму другой “Літвы”. Балцкая частка Літвы –Аўкштайты былі не ў стане збудаваць горад, заснаваць дзяржаву і ўсталяваць дзяржаўныя структуры. Усё запазычалася з кантактнай славянізаванай (беларускай) тэрыторыі. Увесь час (уключаючы 20 ст.) балты гублялі сваю нацыянальную ідэнтычнасць, яны славянізаваныя, беларусізаваныя, іх дзяржаўнай мовай з’яўляецца старабеларуская. Яны – карэннае насельніцтва, але … усходнія славяне нешта ад іх узялі (с. 125).

Што патрэбна было для стварэння такой неаэтнічнай тэорыі? Па-першае, перакруціць як толькі магчыма многія вядомыя даныя. Напрыклад, у сваім лісце да яго вялікасці рымскага імператара Жыгімонта Люксембургскага у 1420 г. Вітаўт пісаў пра жамойтаў, аукштайтаў, Літву і літоўскую мову. Гэта добра вядомы ліст і няма неабходнасці заглыбляцца ў дэталі. Краўцэвічу не падабаецца, што ў ім Літва ўпамінаецца як сінонім Аукштайтыі, што яна складаецца з жамойтаў і аўкштайтаў, і што на літоўскай мове гавораць як у Літве, так і ў Жамойці (с. 108-109). Ён сцвярджае, што Вітаўт забыўся ўпамянуць славянізацыю Літвы і што ён у сваім лісце не ідэнтыфікуе Літву і Жамойць. Магчыма, Вітаўт ужо ў свой час ведаў тое, што аўтар ведае цяпер. І хто як не вялікі князь стварыў савецкую канцэпцыю ўтварэння літоўскай дзяржавы летувісаў? Гэта падобна на сапраўдную змову. Па-другое, “адэпты балта-летувіскай канцэпцыі” (с. 130) выявілі дадзяржаўную літоўскую арганізацыю ў дамове 1219 г. (с. 130-131). Гэта не пацвярджаецца хронікай Генрыха Латвійскага і асабіста Краўцэвічам – саюзу літоўскіх земляў не існавала. Быў толькі саюз правадыроў для дасягнення акрэсленай часовай мэты (с. 132). Па-трэцяе, дзяржавы этнічных літоўцаў не існавала. Гэта патрэбна было пацвердзіць чатырохкротна: “міфічная дзяржава” (с. 16), “летувіская дзяржава – міф, мроя” (с. 67), “міфічная балцкая дзяржава”(с. 138), “раннефеадальнае балцкае дзяржаўнае ўтварэнне ўяўляецца міфам”(с. 174). Па-чацвёртае, кожны ў думках можа дадаць яшчэ ўласны аргумент.

Дэталёвае вывучэнне кнігі даказвае, што аўтар схільны апускаць нязручныя факты, адбіраць тыя, якія яму падыходзяць і тэндэнцыйна іх каментаваць. Варта спыніцца на адносінах Наваградскай зямлі і земляў Літвы. Усе гістарычныя крыніцы выразна раздзяляюць гэтыя дзьве палітычныя, этнічныя і тэрытарыяльныя адзінкі. Аўтар таксама гэта разумее (с. 120). Тым не менш ягоны каментар зусім іншы. Інфармацыя з Хронікі Прусіі Пятра Дзюзбурга Краўцэвічам ігнаруецца, нічога не ўпамінаецца пра напад ў 1314 г. на наваградскіх крывічоў (не на Літву). Храніст таксама не гаворыць пра Гародню як пра літоўскую зямлю, а лічыць яе асобнай тэрыторыяй. Землі літоўскага караля пачынаюцца за гэтай тэрыторыяй. Сведкі тых падзеяў не адносяць ніводны з гарадоў да кантактнай зоны “Літва. Летапісец Тэўтонскага ордэна з’яўляецца непажаданым для Краўцэвіча, таму ён пазбягае гэтую працу, толькі канстатуе, што яна ўтрымлівае факты ваеннага і геаграфічнага характару (с. 17). Выкарыстоўваючы лінгвістычныя працы Яна Атрэмбскага, Казіс Кузавініс і Зігмас Зінкевічус ясна паказалі працэс пераходу літоўскага слова Lietuva/Leituva ва усходнеславянскае Литьва, аўтар наіўна мармыча пра гэтыя эквіваленты. Тут як і ў многіх іншых месцах кнігі ўсё пастаўлена з ног на галаву.

Метадалогія Краўцэвіча простая. Цэнтр дзяржаўнасці Літвы перасунуты з земляў літоўскіх плямёнаў да верхняга цячэння Нёмана. Такім чынам узмоцнена значэнне Наваградка і іньшых гарадоў на гэтай тэрыторыі. Літоўскія плямёны ануляваныя, а пазней такі лёс прыпадае літоўскаму народу. Яны падмяняюцца загадкавымі псеўдаэтнасамі, якія раней з’яўляліся ў працах беларускіх эмігрантаў, а цяпер таксама практыкуюцца навукоўцамі.Для таго каб падтрымаць гэтыя тэзісы ў адну канцэптуальную кучу скідваюцца палітычныя, гістарыяграфічныя, гістарычныя, этнічныя і іньшыя віды фактаў. Калі гістарычныя крыніцы супярэчаць тым тэзісам, яны “не заўважаюцца” аўтарам. Так ствараецца “рэальная” гісторыя ўтварэння Літоўскай дзяржавы. Этнічныя летувісы ператвораныя ў нязначную перыферыю грандыёзных працэсаў. Дарэчы, яны зусім не існавалі ў 13 ст. Гэта самае няўдалае “адкрыццё”. Яго канцэпцыя з’яўляецца разнавіднасцю царскай рускай тэорыі “русско-литовского государства”. Паводле апошняй, літоўцы стварылі сваю этнічную дзяржаву, заваяваўшы рускія землі, яны страцілі сваю нацыянальную ідэнтычнасць і пертварыліся ў литовскую русь. Новая беларуская канцэпцыя нават больш рэакцыйная. Рускія навукоўцы так далёка не заходзілі – яны не знішчалі літоўскі этнас і прызнавалі сучасныя заходнія беларускія землі старымі этнічнымі літоўскімі тэрыторыямі.

Мяркуючы па бібліяграфіі ў кнізе, можна заўважыць, што Краўцэвіч – гісторык археалагічнага накірунку. Ён даследаваў мясцовасці ўздоўж Нёмана у Беларусі і быў сур’ёзным археолагам. Тым не менш ён напісаў слабую гістарычную кнігу, уводзячы беларускую гістарыяграфію ў яшчэ адзін тупік. Фінансавую падтрымку “інавацыённым” даследаваням Краўцэвіча аказалі некалькі салідных арганізацыяў: Фонд дапамогі незалежнай літаратуры і навуцы (Парыж), Каса імя Мяноўскага (Варшава), Фонд фундаментальных навуковых даследаванняў Рэспублікі Беларусь, Фонд імя братоў Яна і Енджэя Сьнядэцкіх (Кракаў).

Дубоніс Артурас
Нар. У 1962 г.
Доктар гуманітарных навук, супрац. Інстытута Гісторыі АН Летувы (Вільня)
Асноўны кірунак даследаванняў:
Гісторыя Летувы 13-16 стст. Даследаванне і выданне крыніцаў гэтага перыяду.


* Рэцэнзія друкуецца ў перакладзе з ангельскай мовы з выдання: Artūras Dubonis,  А.К.Краўцэвіч. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. Мінск: Беларуская навука, 1998. 208 с., 5 карт. ISBN 985-08-0249-9 [A.K.Krautsevich. Formation of the Grand Duchy of Lithuania. Minsk: Belaruskaia navuka. 1998. Pp. 208, 5 maps.] // Lithuanian Historical Studies. Vol. 4. Vilnius, 1999. P. 151-157. Пераклала з ангельскай мовы Галіна Навіцкая - Рэд.  

[1] Гл.: Gudavičius E. Following the Tracks of a Myth // Lithuanian Historical Studies. Vol. 1. Vilnius, 1996. P. 38-58.

** Археолагі Алена і Уладзімір Галубовічы, якія праводзілі ў міжваенны час даследаванні на тэрыторыі Вільні і Віленшчыны, маюць дрэнную рэпутацыю ў Летуве, яны трактуюцца там як фальсіфікатары, верагодна таму, што знаходзілі там славянскія старажытнасці. Такой ацэнкі гэтых археолагаў відавочна прытрымліваецца і А.Дубоніс, але яе не падзяляюць даследчыкі з іншых краінаў.

[2] Дакладная цытата з летапісу: «Воишелкъ же нача княжити в НовЂгородцЂ,въ поганьст†буда, и нача проливати крови много: убивашеть бо на всякъ день по три четыри; которого же дни не убьяшеть кого, печаловашеть тогда, колиже убьяшеть кого, тогда веселъ бяшеть.» – Полное собрание русских летописей. Саннкт-Пет., 1843. Т. 2. С. 201. – Рэд.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія