БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 5 / 2001

ДЫСКУСІЯ

ДЫСКУСІЯ ЦІ СВАРКА? 
Пра магчымасць дыялогу паміж беларускімі і летувіскімі гісторыкамі

Аляксандар Краўцэвіч
(Гародня)

Рэцэнзія Артураса Дубоніса на маю манаграфію “Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага” ў “Гістарычным Альманаху” надрукавана ў перакладзе з англамоўнай версіі, якая з’яўляецца трохі змененай формай летувіскага арыгіналу. У арыгінале рэцэнзыйны артыкул называецца “Навейшы тупік беларускай гістарыяграфіі” і пачынаецца сказам: “Найноўшая беларуская канцэпцыя стварэння Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) абвешаная ўсімі найгоршымі атрыбутамі нацыяналізму”[1]; і г.д.

Ужо першыя заўвагі рецэнзента выклікаюць недаўменне. Напрыклад, ён нагадвае пра перанос Міколай Ермаловічам гістарычнай Літвы да верхняга і сярэдняга Нёмана і сцвярджае, што “Краўцэвічу спадабаліся гэтыя высновы”. Аднак менавіта лакалізацыя Літвы 12-13 стст. Ермаловічам выклікала найбольшую крытыку з майго боку (с. 118-121[2]) Гэтая лакалізацыя, на маю думку, памылковая і з’яўляецца адной з найслабейшых частак ягонай працы (с.62).

Дубоніс адразу прыпісвае мне палітызацыю даследавання ці жаданне даказаць нейкія зараней зададзеныя тэзы. Такую метадалогію лічу недапушчальнай у навуковай працы, яна больш падыходзіць да публіцыстыкі. Маё даследаванне будавалася па агульнапрынятаму прынцыпу: спачатку вывучэнне крыніцаў і гістарыяграфіі, а потым – высновы на падставе сабранай і апрацаванай інфармацыі. Найперш, пасля некалькіх гадоў вывучэння крыніцаў і існуючай гістарыяграфіі генезы ВКЛ, стала зразумела, што практычна ўсе рэканструкцыі гэтага працэсу - то варыянты адной і той жа версіі, падставай якой з’яўляецца аксіёма пра балта-славянскую канфрантацыю на тэрыторыі Панямоння. Дзве галоўныя тэзы гэтай версіі: 1. Узнікненне раннефеадальнай летувіскай дзяржавы ў выніку эвалюцыі летувіскага грамадства. 2. Пераўтварэнне гэтай дзяржавы ў ВКЛ праз заваёву (далучэнне) суседніх усходнеславянскіх (рускіх) земляў. Не аспрэчваючы гэтых маіх высноваў, Дубоніс сцвярджае, што я ўжываю выраз “афіцыйная савецкая”, “савецка-летувіская канцэпцыя” “каб паставіць пад сумненне даставернасць канцэпцыі этнічнай літоўскай дзяржавы”. Але ж застаецца фактам, што апошні варыянт летувісацэнтрысцкай канцэпцыі генезы ВКЛ (дарэчы, адрозны ад традыцыйнага расейскага) быў распрацаваны савецкім (па месцу жыхарства і ўжыванай метадалогіі) гісторыкам Уладзімірам Пашутам і прысутнічаў ва ўсіх афіцыйных савецкіх падручніках, а сёння надалей выступае ў летувіскіх працах. Тое, што рэцэнзент у выразе “савецка-летувіская канцэпцыя” бачыць негатыўны сэнс, не падважвае тэрміналагічную дакладнасць такога акрэслення. Гэтаксама каму-небудзь можа не спадабацца выраз “беларусацэнтрысцкая канцэпцыя Ермаловіча”. Гэтая версія ўтварэння ВКЛ, здавалася б, процілеглая балтацэнтрысцкай, таксама грунтуецца на тэзе-аксіёме балта-славянскай канфрантацыі і адрозніваецца толькі вызначэннем пераможцы. 

Галоўным штуршком да ўзнікнення маёй працы сталі вынікі паваенных комплексных даследаванняў працэсу балта-славянскх кантактаў, праведзеныя мовазнаўцамі, археолагамі і этнолагамі, якія абверглі тэзіс пра спрадвечную балта-славянскую канфрантацыю на тэрыторыі пачатковага ядра дзяржавы. Гэтыя даследаванні, прадстаўленыя дзесяткамі манаграфіяў і сотнямі артыкулаў, сцвярджаюць, што балта-славянскія кантакты на тэрыторыі Панямоння, як і на ўсёй Беларусі, мелі мірны характар. Адсюль вынікае выснова, што рэканструкцыі генезы ВКЛ, абапёртыя на тэзу канфрантацыі, з’яўляюцца недакладнымі і патрабуюць перагляду. Мая праца стала спробай такога перагляду і распрацоўкі новай рэканструкцыі генезы ВКЛ, адпаведнай сучаснаму стану гістарычных ведаў. Не настойваю на яе дасканаласці і завершанасці, але не магу пагадзіцца з той, катэгарычна выказанай у рэцэнзіі Дубоніса, адмовай самой неабходнасці распрацоўкі новай канцэпцыі.

Можна спрачацца наконт інтэрпрэтацыі шмат якіх звестак, невыразна пададзеных у крыніцах, але нельга адмаўляць відавочных фактаў ці браць з крыніцаў тое, чаго ў іх няма. Напрыклад, цытуючы летапіс пра жорсткасць Вайшэлка падчас пачатку кіравання ў Наваградку, рэцэнзент дадае ад сябе, што гэта адбывалася пасля заваёвы ім Наваградка. Між тым у летапісе няма ні слова пра гэтую заваёву. Такое “дапаўненне” крыніцы не з’яўляецца навуковым і не робіць гонару яго аўтару.

Яшчэ прыклад. У маёй кнізе выказваецца дапушчэнне, што Міндоўг, стараючыся перад папай аб каранацыі свайго пераемніка (імя ягонае крыніцы не падаюць), не меў на ўвазе Вайшэлка, бо той быў манахам. Рэцэнзент успрымае гэтае дапушчэнне-меркаванне як даказаны  факт і сцвярджае, што гэты “факт” наносіць удар па маіх высновах.

На элементарнай памылцы грунтуюцца сцверджанні рэцэнзента пра “пастку” для аўтара кнігі, звязаную з ваеннай актывізацыяй летапісных літоўцаў у 1180-я гады. Маўляў, літоўцы пачынаюць атакаваць Панямонне, што супярэчыць тэзе Краўцэвіча пра існуючы тут балта-славянскі сімбіёз. Элементарнасць памылкі заключаецца ў тым, што рэцэнзент не робіць розніцы паміж асобнымі землямі летапіснай Русі і ўсе іх лічыць агульным палітычным арганізмам. Між тым, усе зафіксаваныя крыніцамі напады літоўцаў на землі Русі ні аднаго разу не датычылі тэрыторыі Панямоння. (Дарэчы, пры ўсім старанні я не знайшоў звестак пра літоўскія напады і на іншыя беларускія землі.) Рэцэнзент таксама не называе ніводнага такога факту, а ўжывае недазволены прыём: прыводзіць маё выказванне пра тое, што успышка ваяўнічасці літоўскіх плямёнаў не парушыла стабільнасці панямонскай сістэмы, але апускае ягоны працяг, менавіта: “ваяўнічы рух балтаў быў накіраваны за межы сваёй панямонскай сістэмы” (с. 129, другое выданне – с. 135).

Рэцэнзент сцвярджае, што пасля раскопак, праведзеных Фрыдай Гурэвіч, шэраг беларускіх аўтараў пачаў перабольшваць важнасць Наваградскага краю. Аднак гэтую важнасць цяжка перабольшыць, бо большых і багацейшых гарадоў на ўсім Панямонні ў 13 ст. ад пачаткаў і да вусця Нёмана не было. Таксама пасля буйных раскопак у панямонскіх гарадах сучаснай Беларусі стала несумненным іх усходнеславянская (беларуская) прыналежнасць. Што датычыць Вільні, то не толькі археалагічныя раскопкі Галубовічаў, але і пісьмовыя крыніцы 14 ст. сведчаць пра беларускае насельніцтва ў гэтым горадзе[3]. 

Мае сцвярджэнні пра сімбіёз балцкіх і славянскіх насельнікаў Панямоння і пра большую шчыльнасць балцкага насельніцтва на поўначы, а славянскага – на поўдні кантактнай зоны, не з’яўляюцца супярэчлівымі, як сцвярджае рэцэнзент, паколькі  тэрмін “сімбіёз” не азначае раўнамернае перамешванне. Рэцэнзент убачыў на карце лінеарную балта-славянскую этнічную мяжу, але не звярнуў увагі на неаднаразовае падкрэсліванне ў кнізе меркавання майго і іншых даследчыкаў пра адсутнасць такой мяжы і што ўсе межы паказаныя на мапах – ўмоўныя. Напрыклад, знакамітая лінія Сафарэвіча, то “мяжа адноснай перавагі назваў на –ішкі. Мяжа па канфесыйнаму крытэрыю паказвае перавагу адной канфесіі над другой”[4].   

Рэцэнзент сцвярджае, што я не прызнаю сучасныя заходнія беларускія землі старымі этнічнымі літоўскімі тэрыторымі. Цэлы раздзел у маёй працы прысвечаны працэсу балта-славянскіх кантактаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі, які паводле археалагічных і лінгвістычных даследаванняў распачаўся каля 6 ст. н.э. Мяжа паміж балтамі і славянамі праходзіла ў той час прыблізна па рацэ Прыпяці, што не раз адзначаецца ў маёй працы. Іншая рэч, што ўсіх балтаў, якія жылі тут ў сярэднявеччы не выпадае называць летувісамі, як усіх тагачасных русінаў – насельнікаў Кіеўскай Русі, нельга называць расейцамі. На сучасных заходніх землях Беларусі жылі пераважна яцвяжскія, а не літоўскія плямёны.

Тут будзе дарэчы заўвага наконт ўжывання ў маёй працы терміну “летувісы” і “Летува” ў адносінах да сучаснага народу і краіны замест ”літоўцы” і “Літва”. Пасля прачытання рэцэнзіі Артураса Дубоніса я яшчэ раз пераканаўся ў апраўданасці такой розніцы тэрмінаў, якая дапамагае дакладна аддзяліць розныя па тэрытарыяльнаму і этнічнаму напаўненню паняцці гістарычнай Літвы і сучаснай Летувы і такім чынам перадухіліць спекуляцыі на атаясамленні гэтых паняццяў. Дарэчы, рэцэнзент цалкам абыходзіць адну з найважнейшых праблемаў - лакалізацыю і этнічную характарыстыку Літвы – ядра, цэнтральнай вобласці ВКЛ. Сёння ў гістарыяграфіі няма спрэчак адносна яе абсягу: то Наваградчына, Віленшчына і Гарадзеншчына, г.зн. большую частку гістарычнай Літвы – цэнтра і ядра дзяржавы, складалі этнічна беларускія землі. У сваёй кнізе я паказваю працэс замацавання за гэтай тэрыторыяй назвы “Літва” (с. 104-128). Прывядзенне нейкіх адасобленых прыкладаў, як тое робіць рэцэнзент адносна крывічскага Наваградка ў 1314 г. з Хронікі Прусіі Дзюзбурга, ніякім чынам не праясняе справу. Напрыклад, у іншай прускай хроніцы - Віганда з Марбурга пад 1383 г. згадваецца Вільня як “рускі горад”.

Не згодны, што мае разважанні ўскладняюцца хрышчэннем Міндоўга ў каталіцтва (дарэчы ў маёй працы не ўжываецца выраз “лацінская ерась” – гэта словатвор рэцэнзента). Наступнікі Міндоўга, пачынаючы ад Гедыміна, не раз дэкляравалі жаданне прыняцця каталіцтва, якраз у часы найбольшай напругі вайны з Тэўтонскім ордэнам, каб пазбавіць апошняга ідэалагічнай падставы для агрэсіі супраць ВКЛ. Аднак сутнасці дзяржаўнай арганізацыі падобныя дэклярацыі, а пасля і рэальнае хрышчэнне Ягайлам апошніх у Еўропе язычнікаў не змянялі, як і не змянілі ў ВКЛ афіцыйную старабеларускую мову на летувіскую. Дарэчы, Артурас Дубоніс адносіцца да тых летувіскіх гісторыкаў, якія пазбягаюць ужывання тэрміну “старабеларуская мова” і называе яе “заходнерускай”[5]. 

Месцамі ўражвае адназначнасць і хуткасць выказаных рэцэнзентам ацэнак, якія з-за гэтага не выглядаюць пераканаўча. Напрыклад, гістарыяграфічны агляд у маёй працы не займае амаль яе палову, як сцвярджае Дубоніс, а трохі больш пятай часткі. Падобны ж прыклад падазронай хуткасці высноваў – акрэсленне маёй асобы як “сур’ёзнага археолага” толькі па загалоўках артыкулаў у бібліяграфіі.

Знаёмства нават з прыгладжаным, прызначаным для паказу шырокаму свету, варыянтам рэцэнзіі пакідае цяжкае ўражанне найперш па прычыне яе агрэсіўнасці. Да таго ж відавочны нізкі ўзровень культуры навуковай дыскусіі, менавіта, некарэктнае цытаванне рэцэнзуемай працы, прыпісванне аўтару матывацыі, думак, меркаванняў, высноваў, якіх ён у працы не выказваў, часам яўнае элементарнае неразуменне тэксту кнігі (магчыма, па прычыне цяжкасцяў з беларускай мовай). Усё гэта, па-першае, выводзіць даную рэцэнзію яўна ніжэй за дапушчальны ўзровень навуковай дыскусіі; па-другое, адбівае ахвоту ў падобнай дыскусіі ўдзельнічаць. Аднак, публікацыя рэцэнзіі Дубоніса на Беларусі (гэтаксама як і адказ на яе) бачыцца патрэбнай па некалькіх прычынах. Па-першае, погляды Дубоніса як і форма іх выказвання не з’яўляюцца індывідуальнай адметнасцю гэтага аўтара, а характэрныя і для іншых летувіскіх гісторыкаў, у чым я пераканаўся падчас дыскусіяў з імі на міжнародных навуковых канферэнцыях. Таму можна казаць пра іх тыповасць у Дубоніса. Па-другое, погляды гэтыя слаба вядомыя на Беларусі па прычыне штучнага раздзялення нашых гістарыяграфіяў яшчэ ад савецкіх часоў і моўнага бар’еру (неяк у Навуковай Бібліятэцы НАН Беларусі я не змог знайсці слоўніка летувіскай мовы, бо яго там ўвогуле не было. Прынамсі тут заўвага Дубоніса цалкам справядлівая – я дрэнна ведаю летувіскую мову, патрэбныя тэксты чытаю са слоўнікам і з вялікай цяжкасцю.) Па-трэцяе, беларускія і летувіскія гісторыкі асуджаныя на наладжванне дыялогу па праблемах вывучэння нашага агульнага мінулага, хоць бы з той прычыны, што мы ўсё-такі бліжэйшыя суседзі.

Сёння відавочна, што нашыя летувіскія калегі (прынамсі, пэўная іх частка) такога дыялогу не хочуць. На пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі на Беларусі праходзілі працэсы дэмакратызацыі і адбудовы незалежнасці, гісторыкі Летувы ішлі насустрач гэтаму дыялогу. Пра тое сведчылі тыя сумесныя “круглыя сталы” (у Менску і Гервятах), вынікі якіх у канцы 90-х Дубоніс здзекліва параўнаў з дырэктывамі Камуністычнай партыі.

Сённяшняя страта цікавасці да размовы з беларускімі калегамі выклікана, падобна, міжнароднай ізаляцыяй Беларусі і яе аддаленнем ад Еўропы. Тым не менш, рэжым Лукашэнкі не вечны, а гістарычная навука застанецца. Перакананы, чым хутчэй лаянка, якая чуецца з боку нашых паўночных суседзяў, пяройдзе ў спакойную размову, тым хутчэй і больш выйграе навука, прычым не толькі яна.


Краўцэвіч Аляксандар
Нар. 13.09.1958 г. у в. Лупачы Мастоўскага р-ну на Гарадзеншчыне
Доктар гістарычных навук, рэдактар “Гістарычнага Альманаху”
Асноўны кірунак даследаванняў:
Гісторыя Беларусі і ВКЛ 13-16 стст.
Адрас:
В. Таўлая 44-145
230005 Гародня


[1] Artūras Dubonis. Naujosios baltarusių istoriografijos aklavietė // Mūsų praeitis. Vilnius. 1999. T. 6. P. 207-213.

[2] Усе спасылкі і цытаты з маёй кнігі прыводзяцца па яе апошняму выданню: Краўцэвіч А.К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. Жэшаў, 2000.

[3] Краўцэвіч А.К. СтварэннеС. 96.

[4] Краўцэвіч А.К. СтварэннеС. 90.

[5] Артурас Дубонис. Литовская Метрика. Книги № 1 и № 25 // Новости Литовской Метрики. Вильнюс, 1999. № 3. С. 7.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія