Юры Гардзееў (Кракаў)
Літаратура і крыніцы
Першыя даследаванні, прысвечаныя гісторыі масонскага руху
на землях былога Вялікага Княства Літоўскага, былі праведзеныя на мяжы 19 - 20
стст. Адной з першых гэтую праблематыку закранула Фелікса Эгер, якая асвятліла
старонкі мінулага “вольных муляроў” Рэчы Паспалітай, паказваючы гэты ліберальны
ў сваёй істоце рух у абсалютна чорных колерах[1]. Адначасова з працамі Эгер пытанне гісторыі масонаў
узняў Станіслаў Залэнскі[2]. Аднак пачынальнікам доследаў гісторыі масонскіх ложаў ВКЛ другой паловы 18 - пачатку
19 стст. трэба лічыць С.Дабранскага[3], які ў сваіх працах засяродзіў увагу на пытаннях адносінаў грамадскай
думкі да руху франкмасонаў, іх стаўлення да праблемы аднаўлення незалежнасці Рэчы
Паспалітай, адмены прыгоннага права, да спробаў масонскіх рэформаў Якуба
Шымкевіча. Нягледзячы на відавочны недахоп дакументальных матэрыялаў, Дабранскі
паспрабаваў высвятліць пытанне адносінаў гарадзенскіх масонаў да рэфармавання дзейнасці масонскага руху на
пачатку 19 ст.[4] Пытанне гісторыі масонаў у Рэчы Паспалітай уздымаў Станіслаў
Малахоўскі-Лэмпіцкі. Асаблівую каштоўнасць маюць змешчаныя ў яго працах цікавыя дадзеныя аб складзе
гарадзенскай масонскай арганізацыі пачатку 19 ст.[5] Пытаннем гісторыі гарадзенскіх масонаў займаўся таксама Юзаф
Ядкоўскі[6]. Малалікія, але досыць важныя звесткі па вышэйзгаданай
тэматыцы можна напаткаць у працах Людвіка Хас[7]. Урэшце гісторыю гарадзенскіх масонаў раскрыў Вячаслаў
Швед[8].
Нешматлікасць захаваных крыніц па гісторыі гарадзенскіх
масонаў, на жаль, не дазваляе на разгорнутую характарыстыку гэтай цікавай старонкі
мінулага Гародні. Таму ў прадстаўленым матэрыяле ўвага будзе засяроджана
галоўным чынам на пытаннях заснавання, дзейнасці, структуры і ўнутраным складзе
гарадзенскіх масонскіх ложаў.
Масонскі рух
ў Рэчы Паспалітай і гарадзенскія масоны 18 ст.
Як вядома, рух “вольных муляроў” нарадзіўся на брытанскіх
астравах у першай чвэрці 18 ст. Адсюль масонскія ідэі праніклі на еўрапейскі
кантынент, а першая ложа ў Рэчы Паспалітай была заснавана ў Варшаве ў 30-х
гадах 18 ст.[9] У склад ложаў спачатку ўваходзіла пераважна арыстакратыя[10]. Папулярнасць масонскіх ідэяў значна пашырылася ў часы
гаспадарання Станіслава Аўгуста. Ложы прапагандавалі і рэалізавалі ліберальныя
прынцыпы палітычнай і рэлігійнай талеранцыі, свабоды, роўнасці, разумовага
развіцця грамадства, якія былі “выяўленнем асветніцкай
веры ў розум і прагрэс”[11].
У 1781-1784 гг. сфармаваўся Вялікі Ўсход Каралеўства
Польскага і Вялікага Княства Літоўскага[12]. Факт з’яўлення гэтай структуры сведчыць пра тое, што
масонскія погляды даволі хутка распаўсюдзіліся на тэрыторыі ВКЛ, напярэдадні канчатковага фармавання
Вялікага Ўсходу[13]. Масонскія павевы не абмінулі Гародню, якая ў другой
палове 18 ст. была важным асяродкам палітычнага жыцця ВКЛ. Тут збіраліся сеймы,
сваю працу праводзіў Літоўскі Трыбунал і Літоўская Асэсорыя. Таму абсалютна
заслужана падарожнік Уільям Кокс назваў яе галоўным горадам Літвы[14].
Пра гарадзенскіх масонаў канца 18 ст., як зрэшты пра
большасць іншых ложаў ВКЛ, захаваліся надзвычай рэдкія звесткі. Малахоўскі-Лэмпіцкі
тлумачыць гэта знікненнем архіваў ложаў гэтага часу[15].
Першае
ўпамінанне пра з’яўленне масонаў у Гародні адносіцца да 1779 г., калі сюды з
мэтаю заснавання “loge de deputation” быў накіраваны суддзя Гурке з віленскай
ложы “Добры Пастыр”[16]. Прыезд
віленскага сябра наводзіць на думку пра тое, што ў фармаванні сеткі масонскіх
ложаў галоўная роля належала ложам вышэйшай інстанцыі. Таму, каб больш поўна
асвятліць ход з’яўлення ложы “вольных муляроў” у Гародні, варта нагадаць пра
характар арганізацыйнай структуры масонаў у Рэчы Паспалітай. Паводле масонскай канстытуцыі 1784 г. вялікапольскую, малапольскую і
літоўскую правінцыі масонаў узначальвалі намеснікі Вялікага Майстра. У 1786 г.
намеснікам літоўскай правінцыі быў Людвік Гутакоўскі, майстар кафедры ў Гародні[17].
Кожная правінцыя мела правінцыйную ложу, якая карысталася правам заснавання
сімвалічных ложаў (ці структураў ніжэйшай інстанцыі) і нагляду за ложамі ў
сваёй правінцыі. У 1781 г. правы правінцыйнай атрымала
вялікая ложа “Дасканалая Лучнасць”[18]. У гэтым жа годзе была заснавана гарадзенская ложа “L’hereuse Delivrance”[19]. Малахоўскі-Лэмпіцкі інфармаваў, што першым майстрам
ложы ў Гародні быў Людвік Гутакоўскі, а потым каралеўскі дарадчык Аўгуст Бэкю. Аднак
вядома, што апошні нарадзіўся ў 1771 г., а ў 1787 г. скончыў Галоўную Літоўскую
Школу. А таму ў 1784 г. ён не мог займаваць пасаду майстра гарадзенскай ложы[20]. Можна меркаваць, што на чале арганізацыі стаяў Ян
Людвік Бэкю, вядомы дзеяч адміністрацыйнага апарата на Гарадніцы і асяроддзя падскарбія надворнага
літоўскага Антонія Тызенгаўза.
У невялікай ступені раскрыць гісторыю гарадзенскай ложы
канца 18 ст. дазваляе адшуканы масонскі прывілей, датаваны чэрвенем 1781 г.,
які падае яе персанальны склад. Паводле зместу дакумента ложа “L’hereuse Delivrance” перадала паўнамоцтвы свайго прадстаўніцтва перад вышэйпастаўленымі
масонскімі інстанцыямі Антонію Гадэну, майстру кафедры віленскай ложы “Добры
Пастыр”. Дакумент багата аздоблены масонскай сімволікай: калонамі, цыркулямі і
г.д.
Склад гарадзенскай ложы ў пач. 80-х
гадоў 18 ст.[21]
|
1.
Жан Эмануэль Жільбер
|
майстар кафедры
|
батанік і прафесар медыцыны з Ліёна, заснавальнік
Медычнай Акадэміі на Гарадніцы[22]
|
|
2.
Якуб Бэкю
|
майстар рытуалаў
|
кіраўнік працы гарадніцкіх мануфактураў і дырэктар
мануфактурнага кантару (бюро) (1780 г.), наглядальнік мануфактур на Гарадніцы
(1780-1787 гг.)[23]
|
|
3.
Ян Людвік Бэкю
|
скарбнік
|
бухгалтар мануфактурнага кантару (1771 г.), дыспанент
гандлёвага кантару на Гарадніцы (1776 г.), кантралёр Літоўскай Скарбавай
Камісіі (1778 г.), дырэктар мытнай каморы ў Гародні[24]
|
|
4.
Францішак Нарвайш
|
прамоўца
|
былы езуіт, у 1769-1772 гг. кіраваў працамі па
ачышчэнню рэчышча Нёмана, прафесар Віленскай Акадэміі, праводзіў
астранамічныя доследы і меў стаць дырэктарам гарадзенскай астранамічнай
абсерваторыі[25]
|
|
5.
Фрыдэрык Шрайбэр
|
сакратар
|
харунжы надворнай міліцыі Антонія Тызенгаўза[26]
|
|
6.
Гэмбоўскі
|
майстар рытуалаў
|
|
|
7.
Ян Гімель
|
першы дазорца
|
паручнік Шавельскага гарнізону[27]
|
|
8.
Й. Х. Мюнц (Müntz)
|
другі дазорца
|
праўдападобна, служыў у Тызенгаўза[28]
|
|
9.
Ян Вірыён
|
захавальнік пячаткі
|
|
|
10.
Караль Готліб
|
|
|
|
11.
Эфраім Готліб[29]
|
|
|
|
12.
Хрысціян Эрнест
Фэхнер
|
|
купец з Эльбланга, каторы ў 1788 г. атрымаў
гарадзенскае грамадзянства[30]
|
|
13.
Ян Гадэфрой
Вальтэр
|
|
бухгалтар гандлёвага кантару на Гарадніцы[31]
|
|
14.
[Тадэуш] Юрэвіч
|
|
ксёндз, прэфект гарадзенскай школы Эдукацыйнай Камісіі
|
|
15.
Юзаф Сака
|
|
архітэктар, гарадзенскі гараднічы, з 1774 г. працаваў у
Тызенгаўза[32]
|
|
16.
Захары Бютнэр
|
|
уладальнік нерухомасці, касір гарадзенскай эканоміі[33]
|
|
17.
Зігфрыд Шмідт
|
|
адзін з кіраўнікоў фабрыкі золата на Гарадніцы
|
|
18.
Людвік
Вянзоўскі
|
|
каралеўскі
маёр[34]
|
Як бачым,
майстрам кафедры гарадзенскай ложы ў 1781 г. быў добра вядомы доктар Жан
Эмануэль Жыльбер, а да сяброў ложы належалі асобы, блізка звязаныя з Антоніем
Тызенгаўзам, а таксама гарадзенскія мяшчане пераважна нямецкага паходжання.
Страта незалежнасці Рэчы Паспалітай прычынілася да
закрыцця ложаў. Усе капіталы і масонскія архівы зніклі[35]. Таму ўявіць сабе формы дзейнасці масонаў у 18 ст. даволі няпроста. Не выключана, што яны складаліся з
традыцыйных дабрачынных ініцыятываў: падтрымкі адкрыцця шпіталяў, бязплатнага
раздавання супа і супрацьінфекцыйных прывіўкаў. Гарадзенскія масоны не маглі абмінуць падобных чыннасцяў. Сябрамі ложы была
тагачасная эліта з асяроддзя Антонія Тузенгаўза: дактары, архітэктары,
прамыслоўцы, вайскоўцы і гарадзенскія мяшчане. Менавіта дзякуючы некаторым з іх
у другой палове 18 ст. узнікла і даволі дынамічна развівалася гарадзенскае
прадмесце Гарадніца.
Л. Хас, пішучы пра дзейнасць масонаў у Гародні, упамінае аб працах у
80-х гадах 18 ст. “нерэгулярнай ложы [...] св. Яна” (St. Jacques de la parfaite
Egalite)[36]. Інфармацыя гэтая падаецца даволі сумніўнай, таму што існаванне ложы, якая б не ўваходзіла ў склад структуры французскага Вялікага Ўсходу, пакуль што дакументальна не пацверджана.
Масонская ложа ў Гародні ў
1817-1821 гг. Заснаванне.
Адраджэнне масонскага руху на землях былога ВКЛ распачалося на пачатку
19 ст. Заснаванне новых ложаў адбылося са згоды расейскага імператара
Аляксандра I, які таксама быў масонам. Дадатковым
фактарам, які спрыяў вышэйзгаданаму працэсу, стала існаванне розных
патрыятычных арганізацыяў, такіх як “Саюз Сяброў” у Варшаве, мэтай якога была
рэстаўрацыя Рэчы Паспалітай ў межах 1772 г., шубраўцаў ці Таварыства Філаматаў
у Вільні[37].
У 1816 г. утварыліся ложы “Паходня Поўначы” у Менску і
“Добры Пастыр” у Вільні, а ў 1817 г. пачалі сваю дзейнасць яшчэ тры ложы:
“Вузел Лучнасці” у
Наваградку, “Палемон” у Расенях і “Сябры Чалавецтва” у Гародні[38].
Першыя крокі гарадзенскай ложы былі наступныя. 5
красавіка 1817 г. правінцыйная ложа “Дасканалая Лучнасць” выдала “дыплом” пра стварэнне
ложы ў Гародні[39]. У наступным месяцы, а дакладней 20 мая, правінцыйная
ложа атрымала ад гарадзенскіх “вольных муляроў” просьбу пра зацверджанне ложы. Зварот
пачынаюць словы: “Мы, майстар, чыноўнікі і работнікі той ложы сведчым гэтым
лістом, што WW\ вольныя муляры на Ўсходзе Гародні
сабраныя ў дастатковай колькасці, звярнуліся да Нас з патрабаваннем, каб мы
[...] выдалі Дыпламат законнай Канстытуцыі пра заснаванне новага храма на тым жа Ўсходзе пад назвай “Сябры
Чалавецтва”[40].
Структура
ложы
Галоўным ініцыятарам і стваральнікам ложы, а таксама яе
першым майстрам, быў маршалак берасцейскага павету Калікст Межаеўскі[41]. Заснавальнікамі ложы сталі: палкоўнік былога літоўскага войска Ігнацы
Ляхніцкі[42], доктар Бернард Міхельсон, вядомы грамадскі дзеяч Ігнацы
Эманіель Ляхніцкі[43]. Да ліку заснавальнікаў арганізацыі належалі: асэсар
Гарадзенскага Губернскага Ўпраўлення Грыгоры Бялоцкі, сакратар Гарадзенскай
Шляхецкай Палаты Міхал Вітаноўскі, дарадчык Віленскай Скарбавай Палаты Ануфры
Крыдэль, капітан былога польскага войска Юзаф Бжазіна і гарадзенскі злотнік
Філіп Майне.
Унутраная структура гарадзенскай сімвалічнай ложы
складалася з трох узроўняў: вучня, чалядніка і майстра. Акрамя таго існаваў
падзел на дзейсных і ганаровых сяброў. Штогод 1 сакавіка адбываліся перавыбары
на ўсе пасады. Крыніцы паведамляюць пра асабовы склад ложы “Сябры Чалавецтва”
1819 i 1821 гг. Функцыі кіраўнікоў былі
наступныя:
1) майстар кафедры
займаўся адміністрацыяй і фінансамі. Першым майстрам ложы “Сябры Чалавецтва”,
як вядома, быў Калікст Межаеўскі[44], а ў 1819 г. - гарадзенскі грамадзянскі губернатар Міхал
Бутаўт Анджэйковіч (1812-1824 гг.)[45].
2) намеснікам майстра былі: рэгент
Галоўнага гарадзенскага суда Вінцэнты Яноўскі (1819 г.) і прэзідэнт 2-га
дэпартаменту гэтага ж суда Антоні Елец.
3) дазорцы
дапамагалі майстру праводзіць “працы” ў ложы. Першым дазорцам у 1819 г. стаў Міхал Вітаноўскі, а
потым дарадчык Гарадзенскай Скарбовай Палаты Вінцэнты Стычынскі (1821 г.). Другім
дазорцам ў гэтых гадах быў выбраны прэзідэнт г. Гародні Казімір Крэйбіх[46].
4) у склад ложы ўваходзіў прамоўца, у функцыі якога ўваходзіла архівізацыя матэрыялаў
паседжанняў і абвяшчэнне рашэнняў па асабліва складаных справах. Гэтую пасаду
займалі асэсар Галоўнага Гарадзенскага Суду Дамінік Вітаноўскі (1819 г.) і
адвакат Бенэдыкт Паўлоўскі, бацька пісьменніцы Элізы Ажэшкі (1821 г.).
5) падскарбі
кіраваў фінансамі. З захаваных крыніцаў вядома пра Рыгора Бялоцкага (1819 г.) і скарбніка
гарадзенскага Камітэту Грамадскай Апекі Юзафа Нелюбовіча (1821 г.).
6) суддзя рыхтаваў прысуды
вінаватым братам. Яго функцыі выконвалі Антоні Елец (1819 г.) і Вінцэнты
Яноўскі (1821 г.).
7) ялмужнік займаўся
фінансамі, прызначанымі для ўбогіх, наведваў хворых сяброў ложы і размяркоўваў
грашовую міластыню без абавязку фінансавай справаздачы. Ялмужнікам гарадзенскай
ложы былі скарбнік гарадзенскага павета Ян Заха (1819 г.) і суддзя Рамуальд
Данкевіч (1821 г.).
8) пасады сакратара,
які рэдагаваў рабочыя пратаколы,
займалі Бенедэкт Паўлоўскі і пісар магістрата Гародні Антоні Жышкевіч
(1819-1821 гг.).
9) майстрамі
рытуалаў, якія кантралявалі рассаджванне братоў у ложы паводле іх ступеняў,
былі падкаморы гарадзенскага павету Юзаф Эйсмант і Станіслаў Далінскі
(1819-1821 гг.).
10) сцюарт дапамагаў
ялмужніку ў правядзенні дабрачынных справаў і майстру рытуалаў падчас банкетаў.
Першым сцюартам ў 1819 г. быў Філіп Майне, потым у 1821 г. Мікалай Робі (у 1819
г. ён з’яўляўся другім сцюартам). У 1821 г. другім сцюартам быў гарадзенскі мяшчанін Ян Міхаэліс[47].
11) асоба, якая захоўвала пячатку (захавальнік
пячаткі).
12) архівіст
вёў архіў і ўсялякія рэестры. Гэтую пасаду займалі сакратар Гарадзенскага
Губернскага Праўлення Казімір Сядлецкі (1819 г.) і судовы рэгент Ян Нелюбовіч
(1821 г.).
13) будаўляны
рахмістр правяраў усе спісы (1819 г. - Антоні Жышкевіч, 1821 г. - палкоўнік
былога польскага войска Ян Згурскі)[48].
Агульная колькасць сяброў ложы перавышала 150 чалавек[49]. Раз у год складалася справаздача, якая высылалася да
сімвалічнай ложы. Ложа мела ўласны суд. Парушэнне масонскага статута каралася спагананнем з сяброў грашовай кары, якая
папаўняла дабрачынную касу.
Гарадзенскія масоны праводзілі паседжанні ложы ў “гмаху масонскай ложы”,
размешчанай ва ўсходняй частцы Гародні. Пазней гэты будынак быў перададзены гарадскому
Таварыству Дабрачыннасці[50]. Сустрэчы адбываліся таскама ў маёнтку мясцовага
губернатара Анджэйковіча ў Бобры, пабудаваным у 1818 г. Паасобныя элементы
двара (“святы вяз” з унутранай капліцай, лямус, які не функцыянаваў як
гаспадарчы аб’ект) мелі выконваць месца рытуальных чыннасцяў[51]. Нешматлікія актавыя матэрыялы дазваляюць сцвярджаць,
што Будаўнічыя Кнігі і іншыя дакументы складаліся па-польску і па-нямецку[52].
Дзейнасць.
У этычна-маральны кодэкс сяброў сімвалічных ложаў былі
залічаныя наступныя якасці характару: давер, шчырасць, міласэрнасць, паслухмянасць, рахманасць, адвага i маўчанне. На кожным паседжаннні шмат часу прысвячалася пытанню фінанасавых выдаткаў
на дабрачынныя мерапрыемствы. Таму з дзейнасцю масонаў можна звязваць некаторыя
філантрапійныя акцыі пачатку 19 ст., звяртаючы асаблівую ўвагу на асобу
гарадзенскага губернатара Міхала Бутаўта-Анджэйковіча і іншых актыўных
вольнамуляроў.
Масоны напэўна прычыніліся да заснавання ў Гародні 12
снежня 1820 г. Таварыства Дабрачыннасці. Гарадзенскі грамадзянскі губернатар
Міхал Анджэйковіч, які, як вядома, быў майстрам ложы “Сябры Чалавецтва”,
загадаў размясціць Таварыства ў будынку былога шпіталя св. Духа на
Дамініканскай (даўняй Віленскай) вуліцы[53]. У 1824 г. у адпаведнасці з распараджэннем Анджэйковіча быў складзены праект перабудовы часткова знішчанага шпітальнага будынку, прызначанага пад Дом дабрачыннасці. Напярэдадні рамонтных работ архітэктар Юзаф Міхаэліс
павінен быў праверыць тэхнічны стан гмаху[54].
Гарадзенскія масоны ахвяравалі і збіралі дабрачынныя фундушы. У 1820 г. Анджэйковіч
ахвяраваў на часопіс “Dzieje Dobroczynności” 100 рублёў. Фінансавую падтрымку гэтаму выдавецтву
аказалі таксама такія вядомыя гарадзенскія масоны як Ігнацы Ляхніцкі і Юзаф Бжазіна. У 1818 г. прэзідэнт Гародні
Казімір Крэйбіх для тых жа мэтаў сабраў даволі значную суму 509,2 злотых і 130 рублёў
асігнацыямі. Здаралася, што масоны былі пасрэднікамі ў справе выдаткавання фінансавых
сродкаў на дабрачынныя мерапрыемствы. Такім чынам былі выдаткаваныя 200 рублёў
асігнацыямі, прысланыя жыхаркай Гародні Хацішэўскай на імя гарадзенскага
пракурора Юзафа Гарыгляда[55].
Масоны прыймалі
ўдзел у працы кіраўнічага органа гарадзенскага Таварыства Дабрачыннасці. У 1820 г. сярод 13 вылучаных
кандыдатаў на кіруючыя пасады 6 належала да ложы “Сябры чалавецтва”. На пасаду прэзідэнта таварыства кандыдатуру высунуў губернатар Анджэйковіч, сяброў – чыноўнікі губернскіх установаў Юзаф Гарыгляд, Антоні Елец, Дамінік і Міхал Вітаноўскія і Казімір
Крейбіх[56].
У дабрачынных акцыях прыймалі ўдзел не толькі самыя
вольныя муляры, але таксама і іх родныя. Тагачасная прэса інфармуе пра дабрачынны канцэрт
11-гадовай дачкі губернатара Анджэйковіча Меланіі, які адбыўся ў доме яе бацькі. Меланія “...у час цяперашняга карнавала і шляхецкіх
выбараў дала
фартэпіянны канцэрт, з прымеркаваннем даходу на гарадзенскі дом дабрачыннасці...”[57]. Пасля канцэрту было сабрана 57 чырвоных
злотых, 232 рублёў і 10 капеек серабром, 195 рублёў асігнацыямі.
Адносіны гарадзенскіх масонаў да
рэформы Якуба Шымкевіча. Крызіс і закрыццё ложаў.
У 1816 г. Вялікі Ўсход
працаваў над рэформай канстытуцыі 1784 г. Аднак разнастайныя падыходы і меркаванні прычыніліся да
таго, што рэформа расцягнулася на чатыры гады. Асабліва гэта тычылася літоўскай
правінцыі. Рэфарматараў тут узначальваў Якуб Шымкевіч, які прадставіў салідную
праграму пераўтварэння ложаў ў навукова-філантрапійныя таварыствы[58]. Становішча масонскіх стуктураў значна ўскладнілася. 16 сакавіка 1818 г. на
паседжанні віленскай ложы “Руплівы Літвін” Шымкевіч паведаміў прысутным пра тое, што літоўская правінцыя налічвае 10
ложаў (дакладна іх было 12), а колькасць сябраў дасягае лічбы 700. Шымкевіч прапанаваў радыкальным
чынам змяніць механізмы функцыянавання масонскай арганізацыі. Згодна яго меркаванню,
канспірацыя ўскладняе
далейшае існаванне і прыносіць празмерную шкоду масонству, якое не можа разлічваць на патрымку як
народу, так і ўраду. Таму Шымкевіч прапанаваў аздаравіць адносіны ў масонскім асяроддзі
наступнымі крокамі: правядзеннем падзелу масонаў на незалежныя таварыствы без абавязковых
сяброўскіх складак, выдаткаванне якіх у масонаў не кантралявалася. Ложы павінны функцыянаваць
легальна, а кожная з іх будзе мець асобны статус і самастойна праводзіць грамадскую
дзейнасць, якая падлягае справаздачы. Трэба дазволіць братам з іншых ложаў прымаць удзел у паседжаннях кожнай ложы