БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 5 / 2001

ГІСТОРЫЯ

Нескарыстаная альтэрнатыва развіцця Берасцейскай і Кобрынскай эканомій у другой палове 18 ст.

Ірына Кітурка (Гародня)

Праблема неабходнасці рэфармавання дзяржаўных уладанняў неаднойчы паўставала ў Рэчы Паспалітай у сярэдзіне 18 ст. Падчас сеймавых дэбатаў 1746, 1748 і 1752 гг. гучала шмат крытыкі наконт раздавання каралеўшчын* у трыманне і дрэннага гаспадарання ў іх[1]. Аднак агульны парламенцкі крызіс часоў панавання Аўгуста ІІІ (1733–1763 гг.) не садзейнічаў станоўчаму вырашэнню гэтага пытання. Пачатак эфектыўнай рэфарматарскай дзейнасці быў пакладзены толькі на канвакацыйным сейме 1764 г., сярод галоўных пастановаў якога для земляў Вялікага Княства Літоўскага можна вылучыць заснаванне Эканамічнай Рады Літоўскага скарбу (Скарбавай камісіі ВКЛ), а таксама рашэнне аб правядзенні рэвізіі і навядзенні парадку ў каралеўшчынах[2].

Канстытуцыйнымі пастановамі канвакацыйнага форуму шмат увагі надавалася сталовым эканоміям**, як асноўнай крыніцы даходаў каралеўскага скарбу. З мэтай атрымаць "дасканалую вядомасць аб стане каралеўскіх эканомій" у іх былі прызначаны камісары з Сенату і ад рыцарскага (шляхецкага) стану, у абавязкі якіх уваходзіла фіксацыя ўсіх даходаў у эканоміях, высвятленне агульнага іх стану ("ці ёсць якія недахопы і разбурэнні і ў чым дапамога была б патрэбная"), праверка правоў і прывілеяў пасэсараў[3].

Аналагічныя пастановы прымаліся і раней, напрыклад, на сеймах 1717, 1736 гг.[4] Але ніколі яшчэ каралеўская ўлада не ўскладала такіх спадзяванняў на даходы са сталовых маёнткаў, як пасля абрання каралём Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Паводле польскага даследчыка Вітальда Кулі, павелічэнне даходаў каралеўскага скарбу для яго сапраўды з'яўлялася пытаннем "быць альбо не быць"[5]. Паколькі распараджэнне прыбыткамі ад саляных шахтаў, выкарыстанне гіберны і іншых дзяржаўных падаткаў рэгулявалася законамі, якія дазвалялі ўжываць гэтыя грошы толькі на дзяржаўныя патрэбы, то сталовыя эканоміі, па сутнасці, заставаліся адзінай крыніцай, якая магла даць грашовыя паступленні ўласна каралю. Таму відавочна, што ў выпрацоўцы новых падыходаў да эканамічнага развіцця быў зацікаўлены асабіста кароль, які імкнуўся да павелічэння даходаў і хуткага атрымання грошай.

На развіццё каралеўскіх сталовых добраў у другой палове 18 ст. выключнае значэнне, безумоўна, аказала рэформа, аўтарам і арганізатарам якой выступіў надворны падскарбій ВКЛ, генеральны адміністратар эканомій Антоні Тызенгаўз. Яго дзейнасць па арганізацыі каралеўскіх мануфактураў, аднаўленню фальваркаў у эканоміях і пераводу сялянаў з чыншу на паншчыну атрымала асвятленне ў працах польскіх і айчынных гісторыкаў[6]. Але пад увагу даследчыкаў не трапіў іншы, альтэрнатыўны праект рэформы, які быў складзены каморнікам Віленскага ваяводства Людвікам Кройцам (Ludwik Kreutz) і датычыўся Берасцейскай і Кобрынскай эканомій.

Наогул згадку пра гэтую асобу ўдалося знайсці толькі ў працы вядомага польскага даследчыка Станіслава Касцялкоўскага "Антоні Тызенгаўз. Падскарбій Надворны Літоўскі": "Рэвізію ў Берасцейска-Кобрынскай і Шавельскай эканоміях (у 1765 г. – І. К.) праводзіў каморнік Я[го] К[аралеўскай] М[ілас]ці Людвік Кройц, відаць, чалавек інтэлігентны і кемлівы, які напрыканцы 1769 г., калі бліжэй пазнаёміўся з тэрыторыяй сваёй працы, склаў цікавы мемарыял пад назвай "Данясенне пра стан Шавельскай эканоміі Я[го] К[аралеўскай] М[ілас]ці". Ведаем, што ў 1772 г. ён зрабіў і прадставіў эканамічнай адміністрацыі карту Шавельскай эканоміі, на якой адзначыў фарбамі межы гарадскіх, шляхецкіх грунтаў і ключоў у той эканоміі. У 1773 г. ужо не жыў"[7].

 Выяўленыя намі ў фондах Галоўнага архіва старажытных актаў у Варшаве дакументы сведчаць пра тое, што рэфарматарскія планы ў Кройца існавалі значна раней. Так, 5 сакавіка 1765 г. Скарбавая камісія ВКЛ склала данясенне каралю, з якога вынікае, што каморнік Віленскага ваяводства Людвік Кройц заявіў перад ёй, што "без усялякага абцяжарвання падданых" Берасцейская і Кобрынская эканоміі, якія зараз даюць даходу 135 000 тынфаў, могуць прыносіць 324 383 тынфы[8]. Камісары Скарбавай камісіі, у функцыі якіх уваходзіў нагляд за эканамічным становішчам, у тым ліку і ў сталовых добрах, прапанавалі Кройцу скласці і прадставіць свой праект у пісьмовым выглядзе, што і было зроблена апошнім 5 сакавіка 1765 г.

Прадстаўлены каморнікам Віленскага ваяводства праект умоўна можна падзяліць на тры часткі. У першай, якая пачынаецца са звароту да караля, тлумачыцца неабходнасць пераўтварэнняў і іх асноўны змест. Па словах самаго Кройца, "фундаментам гэтага праекту з'яўляецца адмена павіннасцей, якія абцяжарваюць падданых, а замест таго — павелічэнне агульнага чыншу"[9]. Сваю прапанову Кройц абгрунтаваў тым, што ў Берасцейскай і Кобрынскай эканоміях "падданства вельмі размножылася, а недахоп грунтаў часта прымушае іх (сялянаў — І. К.) выходзіць у земскія добры"[10]. Таму, згодна з праектам, прапаноўвалася неадкладна ліквідаваць усе фальварачныя грунты і раздаць іх падданым. З першых радкоў свайго праекта Кройц хацеў пераканаць караля, што ў выніку правядзення гэтага мерапрыемства каралеўскі скарб "ніколі страты цярпець не будзе"[11].

Далейшы аналіз дакумента паказвае, што яго аўтар добра ведаў становішча ў згаданых эканоміях і ўжо некаторы час сур'ёзна займаўся распрацоўкай праекта, аднак прадставіў яго толькі вясною 1765 г., "жадаючы зразумець яшчэ некаторыя звесткі, якіх мне (Кройцу — І. К.) не хапала". У сувязі з гэтым для ўдакладнення і ўдасканалення свайго праекту ён ускладаў вялікія надзеі на веснавую рэвізію 1765 г. у сталовых добрах. Таму другая частка праекту толькі схематычна паказвае магчымую колькасць атрымання гатовых грошай у выніку яго рэалізацыі. Кройц падлічыў суму даходаў з кожнага ключа Берасцейскай і Кобрынскай эканомій, улічыўшы колькасць валок, арэнду з воласці і горада, а таксама пратаксаваўшы іншыя інвентарныя падаткі. Дадзеныя прадстаўлены ў выглядзе двух табліц.

Табліца 1. Магчымая сума даходаў скарбу з Берасцейскай эканоміі ў выніку рэалізацыі гаспадарчага праекту Л. Кройца

 

Эканомія

 

Ключы

 

Колькасць валок

 

Чынш (тынф.)

Арэнда з воласці

(тынф.)

Чынш і

арэнда з

горада

(тынф.)

Інвентарныя падаткі

(тынф.)

Агульная

сума

(тынф.)

Берасцейская

Рэчыцкі

280

13 900

5 000

6 500

25 400

 

Рудскі

511

20 440

8 000

3 000

4 000

35 440

 

Крыва-

вербскі

153

7 650

5 000

1 000

2 000

15 650

 

Ламазскі

241

12 050

5 000

403

17 453

 

Воінскі

383

19 150

5 000

3 000

3 000

30 150*

Падсума-ванне Берасцейскай эканоміі

 

5

 

1 568

 

73 190

 

28 000

 

13 903

 

9 000

 

124 093

Табліца складзена аўтарам паводле AGAD, Archiwum Kameralne, III/26, a. 238–239.

 

Адзначым, што ў 1765 г. у склад Берасцейскай эканоміі ўваходзіла 7 ключоў. Кройц выключыў са свайго праекта Кіявецкі і Мялечыцкі ключы, якія на той час знаходзіліся ў трыманні па кантракту, аднак пры гэтым заўважыў, што калі б іх падданыя былі пераведзены на чынш, то прыбытак з гэтых ключоў склаў бы 40 000 тынфаў пры цяперашніх 25000[12].

                                            

Табліца 2. Магчымая сума даходаў скарбу з Кобрынскай эканоміі ў выніку рэалізацыі гаспадарчага праекту Л. Кройца

 

Эканомія

 

Ключы

 

Колькасць

валок

 

Чынш

(тынф.)

Арэнда з воласці

(тынф.)

Чынш і

арэнда з

горада

(тынф.)

 

Агульная

сума

(тынф.)

Кобрын-

ская

Кобрынскі

360

14 520

5 000

10 000

29 520

 

Чараваціцкі

427

17 080

6 000

23 080

 

Вяжэцкі

314

12 560

7 000

19 560

 

Пружанскі

553

22 120

15 000

37 120

 

Гарадзецкі

185

7 400

4 000

2 000

13 400

Падсума-ванне Кобрын.

эканоміі

 

5

 

 

1 839

 

73 680

 

21 000

 

27 000

 

122 680

Табліца складзена аўтарам паводле даных Л. Кройца: AGAD, Archiwum Kameralne, III/26, a.239.

 

Гэтыя падлікі праводзіліся Кройцам у адпаведнасці з даўнейшымі (больш 20 гадоў таму) інвентарамі эканомій. Аднак аўтар праекту быў упэўнены ў тым, што новы перамер грунтаў абавязкова пакажа большую колькасць ворыўнай зямлі, чым гэта было засведчана ў апошнім інвентары 1742 г. Так, ён лічыў, што ў Берасцейскай эканоміі такіх "новых" валок будзе 573, якія на палегчаным чыншу (30 тынфаў з валокі) дадуць дадаткова 17 190 тынфаў прыбытку, а ў Кобрынскай эканоміі — 521 валока пры чыншы па 20 тынфаў прынясе ў каралеўскі скарб 10 420 тынфаў[13].

 На жаль, недахоп звестак пра самаго Людвіка Кройца, пра яго сувязь з эканоміямі не дазваляе нам зразумець, адкуль ён чэрпаў гэтую інфармацыю. Але праўдзівасць яе часткова была пацверджана ў Генеральным табелі Берасцейскай і Кобрынскай эканомій, складзеным камісарам Грушэўскім у снежні 1765 г. Згодна гэтаму дакументу, колькасць валок у пяці ключах Берасцейскай эканоміі па выніках рэвізіі складала 2262,25, а ў Кобрынскай —  1988 валок[14]. Такім чынам, агульная колькасць ворыўнай зямлі, згодна з "Табелем" Грушэўскага, складала 4250,25 валокі, што, праўда, было менш за разлікі Кройца (4501 валока).

І нарэшце, для павелічэння даходаў каралеўскага скарбу Кройц прапанаваў браць кварту з данатарыюшаў*: "У тых абедзьвух эканоміях данатарыюшы найменш 80 000 тынфаў інтраты трымаюць. Калі, Найяснейшы Кароль, Рэч Паспалітая са старостваў бярэ кварту, то і ад іх, В[аша] К[аралеўская] М[іла]сць, справядліва яе выбіраць можаш", што склала б 20 000 тынфаў[15].

Такім чынам, паводле падлікаў аўтара праекту, сума даходаў з эканомій павінна быць наступнай:

з Берасцейскай эканоміі               124 093 тынфы;

з Кобрынскай эканоміі                 122 680 тынфаў;

з новага перамеру грунтаў    27 610 тынфаў;

ад данатарыюшаў                           20 000 тынфаў

                                                     ———————————

               агульны даход                               294 383 тынфы

 

З 1742 г. гэтыя две эканоміі знаходзіліся ў трыманні графа Юрыя Флемінга. Згодна з астатнім кантрактам, яны давалі арэнды ўсяго 110 000 тынфаў. Таму, відавочна, што Кройц прапаноўваў каралеўскаму скарбу дадаткова 184 383 тынфаў прыбытку.

У заключнай частцы свайго праекту Людвік Кройц палічыў сваім абавязкам даказаць, што вызначаны ім чынш з валокі не з'яўляецца вельмі цяжкім для падданых. У прыватнасці, ён адзначыў, што "паводле астатняга інвентара, падданыя павінны былі з кожнай валокі ад досвітку да змроку з чым скажуць штотыдзень паншчыну ў фальварках адбываць, што складала на год 208 дзён (4 дні ў тыдзень — І. К.) і дадаткова яшчэ два тынфы in parates** заплаціць, старожы і іншыя павіннасці па чарзе адбываць. Калі палічыць кожны дзень паншчыны па 15 грошаў, то атрымаецца 116 злотых, або больш за 50 тынфаў" [16]. Таму ачыншаванне скарбавых сялянаў Кройц лічыў найбольш мэтазгодным з пункту гледжання як эфектыўнасці гаспадарання, так і адносінаў падданства да гэтага мерапрыемства. Напрыканцы ён з надзеяй звяртаўся да караля, падкрэсліваючы, што ў выніку зацікаўленасці  даным праектам, не адкладваючы дэталёва апіша спосаб яго правядзення.

Зразумела, што любыя эканамічныя ідэі і праграмы цесна звязаны з сацыяльна-эканамічным характарам эпохі і з'яўляюцца тэарэтычным асэнсаваннем яе супярэчнасцей. Хутчэй за ўсё Л. Кройц быў прыхільнікам найбольш распаўсюджанай эканамічнай тэорыі другой паловы 18 ст. — тэорыі фізіякратаў. У яе аснову быў пакладзены наступны тэзіс Франсуа Кенэ: "Гаспадар і народ ніколі не павінны забываць, што зямля ёсць адзіная крыніца багацця і што адно толькі земляробства памнажае апошнія"[17]. Згодна з вучэннем фізіякратаў, "чысты прадукт" або дадатковая вартасць ствараецца толькі сельскагаспадарчай працай і знаходзіцца не ў сферы звароту, а ў сферы вытворчасці. Фізіякраты шмат увагі надавалі паляпшэнню земляробства, развіццю фермерства, адмене ўсялякай рэгламентацыі гандлю і прамысловасці з боку дзяржавы[18]. Вядома, што гэтыя погляды падзяляў і сам кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст, таму на яго падтрымку і разлічваў Людвік Кройц.

Іншыя дакументы, якія знаходзяцца ў фондах Варшаўскага архіва старажытных актаў, паказваюць, які рэзананс выклікаў гэты праект і дазваляюць прасачыць яго далейшы лёс. Ужо 18 сакавіка Скарбавая камісія накіравала на імя караля яшчэ адно данясенне, з якога становіцца зразумелым, што праект Віленскага каморніка абурыў графа Флемінга. Апошні, як асоба зацікаўленая (у праекце Кройца ўтрымліваліся наступныя радкі: "Такога прыбытку пан граф Флемінг ніякім спосабам пры найлепшым гаспадарстве даць не зможа, а таму ад кантракту трэба адступіць"[19]), 14 сакавіка 1765 г. паклаў на стол Скарбавай камісіі паперу, у якой спрабаваў пераканаць камісараў і караля ў тым, што рэалізацыя праекту Кройца немагчымая. Падмацоўваючы свае словы апошнім інвентаром Берасцейскай і Кобрынскай эканомій за 1742 г., Флемінг вызначыў стан развіцця даных каралеўшчын як вельмі нізкі. Асноўныя яго аргументы тычыліся наяўнасці ў кожным ключы валок, непрыдатных для ўжывання; няздольнасці падданых выплочваць такія вялікія чыншы і самае галоўнае — немэтазгоднасці скасавання паншчыны, паколькі "ў цэлай эканоміі рэдка ў якой вёсцы не засталося пустога грунту, а калі рабацізну скасаваць, то і той, які ўжываюць фальваркі, парожнім застанецца"[20]. Паказальным для развіцця каралеўшчын наогул быў той факт, што часта падчас доўгатэрміновага трымання пасэсары не былі зацікаўленыя ў складанні новых інвентароў, з прычыны чаго скарб губляў частку даходаў. Так было і ў выпадку з графам Флемінгам, які намаляваў Скарбавай камісіі карціну развіцця эканомій не на 1765 г., а як мінімум дваццацігадовай даўнасці.

Ужо 21 сакавіка 1765 г. Кройц даў грунтоўны адказ на заўвагі Флемінга, дзе паказаў сябе больш дасведчаным у гаспадарчым стане Берасцейскай і Кобрынскай эканомій, чым іх арандатар. Ён прывёў факты, якія паказвалі неадпаведнасць інвентара 1742 г. рэальнаму стану эканомій. Наконт заявы Флемінга, што "вёскі чыншу ніколі больш за 20 тынфаў не плацілі і падвышаць яго нельга"[21], Кройц з некаторай доляй іроніі заўважыў: "Калі той чынш з валокі 20 або 25 тынфаў быў устаноўлены ў 1679 годзе, то ўжо 86 гадоў прайшло, а ўсе пазнейшыя інвентары да старых устаў звяртаюцца. Праект жа, пададзены мною, вызваляе ад усялякай паншчыны і павіннасцей, якія з валокі пры чыншу [падданыя] павінны выконваць"[22]. Пры гэтым аўтар праекту падкрэсліў, што падданыя эканомій, якія ў земскія добры павінны наймацца на работу, "за вольнасць"[23] (выдзелена намі — І. К.) і больш заплацяць. Пад вольнасцю ў даным выпадку Кройц разумеў адмену паншчыны. Таксама ён паставіў пад сумненне і вялікую, па словах Флемінга, колькасць пустых валок у эканоміях. Гэта ж пацвердзіў і згаданы ўжо "Табель" Грушэўскага, які паказаў, што з агульнай колькасці валок 4250,25 пустымі заставаліся 180,5 валокі (4,3 %), з іх выключная большасць знаходзілася ў Пружанскім ключы — 141,5 валокі, а Рэчыцкі, Рудскі, Ламазскі, Воінскі ключы Берасцейскай эканоміі і Кобрынскі і Вяжэцкі ключы Кобрынскай эканоміі наогул пустых грунтаў не мелі[24].

Гэты адказ Флемінгу з'яўляецца важным дакументам, паколькі больш дакладна тлумачыць некаторыя працэдурныя моманты прапанаванай рэформы, якія адсутнічаюць у першапачатковым схематычным праекце. Так, аўтар звярнуў увагу, што "як у некаторых вёсках з-за подласці грунтаў чынш павінен быць зменшаны, так у іншых, бяручы пад увагу добрасць грунтаў, чынш павінен быць павялічаны. І нідзе без слушнай рацыі падвышэнне або памяншэнне рабіць не будзем"[25].

Важным падаецца і той факт, што Кройц прапанаваў спачатку правесці апрабацыю праекту. Ён лічыў мэтазгодным прызначыць Генеральную камісію на 1 чэрвеня 1765 г. і па яго разліках ужо да Святога Яна (24 чэрвеня) была б вядома рэзалюцыя — "або праект, або даўнім звычаем кіраваць павінны"[26]. Паказальна, што напрыканцы дакумента віленскі каморнік, аддаючы даніну традыцыі, падкрэсліў, што сваім дакументам ён нічога новага не прыдумляе, бо "гэты праект у названых эканоміях ужо практыкаваўся". З наступных радкоў вынікае, што для пацверджання гэтых слоў Кройц прыклаў Уставу 1657 г., якая вызваляла ад усялякіх павіннасцяў вёскі Карасцінку, Дабрынку і Дамбровіцу: "Павінны былі тыя людзі з ласкі найяснейшага караля Яна Казіміра ў найвышэйшым пашанаванні плаціць з кожнай валокі толькі 43 тынфы"[27]. У даным выпадку Кройц звяртаўся да мэтанакіраванай палітыкі дзяржавы па пераводу сялянаў сталовых эканомій з адпрацовачнай рэнты на грашовую ў другой палове 17 ст.[28] Яна ў многім выратавала эканоміку дзяржавы ад канчатковага разбурэння падчас "патопу" і спрыяла аднаўленню гаспадаркі падданых. Паколькі аснову эканомікі Рэчы Паспалітай складала сельская гаспадарка, Людвік Кройц не сумняваўся, што менавіта перавод скарбавых сялянаў на "голы чынш", які заўсёды разглядаўся падданымі як вольнасць і не выклікаў адмоўнай рэакцыі, прынясе больш карысці і прыбытку ў каралеўскі скарб.

Відавочна, што і Скарбавая камісія, і кароль зацікавіліся прапановамі віленскага каморніка. У маі 1765 г. ён прадставіў яшчэ адзін праект, які на гэты раз датычыўся зменаў у гарадах даных эканомій. Для павелічэння прыбыткаў каралеўскага скарбу ён лічыў мэтазгодным пабудаваць у Берасці новы замкавы бровар і цагельню, якія давалі б гадавога даходу як мінімум 8 400 тынфаў. Важным падаецца і той факт, што Кройц вызначаў і крыніцы, з якіх, на яго думку, маглі паступаць сродкі для рэалізацыі новаўвядзенняў. Так, на пытанне Скарбавай камісіі "адкуль фундуш мог бы быць узяты на залажэнне той замкавай фабрыкі (цагельні — І. К.) без абцяжарвання касы Я[го] К[аралеўскай] М[ілас]ці, адказаў пан Кройц, што праз назначэнне чыншаў з гарадскіх валок шасці гарадоў Берасцейскай і Кобрынскай эканомій: Кобрына, Воіна, Ламаз, Пешчац, Мялечыц і Пружан. Сама менш даходу з іх у год будзе 25 000 тынфаў, і праз тры гады сума для той фабрыкі будзе сабраная"[29]. Аднак у выпадку не прыняцця гэтай прапановы Кройц адзначыў, што "знайшліся б такія асобы, якія сваім коштам узяліся б такую фабрыку падняць за атрыманне паводле дамовы вольных гадоў і за плату невялікага чыншу"[30].

Больш за тое, віленскі каморнік прапанаваў заснаваць у Кобрынскай эканоміі новы горад і назваць яго Станіславаў Каралеўскі, каб у тым горадзе праходзілі ярмаркі і таргі, былі пабудаваны саляны склад, скарбавая крама, рудня, бровар, дзягцярня і інш., што дасць гадавога даходу як мінімум 38 000 тынфаў. Грошы для гэтай справы абавязаўся прадставіць сам у выпадку, калі кароль дасць яму ў трыманне Рудскі ключ на шэсць гадоў і дазволіць весці там гаспадарку згодна з яго праектам[31]. Пры гэтым Кройц чарговы раз падкрэсліў, што толькі "ўвядзенне новай эканомікі пры раздачы фальваркавых грунтаў на чынш" можа прывесці да парадку ў эканоміях.

Такая рэфарматарская ініцыятыва не магла не звярнуць на сябе ўвагу ўлады. Ужо ў красавіку 1765 г. Людвік Кройц "за практычныя здольнасці" быў прызначаны Генеральным мернічым у сталовых добрах Вялікага княства Літоўскага[32]. А хуткасць, з якой развіваліся падзеі вакол праекта Кройца ў сакавіку 1765 г., сапраўды паказвае жаданне дзяржаўнай улады знайсці аптымальны варыянт для рэфармавання сталовых эканомій. Як сведчаць дакументы Скарбавай камісіі, 16 сакавіка з гэтым праектам быў азнаёмлены генеральны адміністратар усіх каралеўскіх эканомій у ВКЛ Антоні Тызенгаўз[33]. Яго афіцыйнае рэзюмэ нам не вядома, аднак у сваім лісце да караля ад 15 мая 1765 г. Тызенгаўз выказаўся наступным чынам: "Разбураць фальваркі і чыншаваць хлопаў — я ніколі не прытрымліваўся такога меркавання, асабліва ў Берасцейскай, Кобрынскай і Оліцкай эканоміях. Гэта можа быць хіба толькі там, дзе з-за недахопу грунтаў або з-за адлегласці вёсак ад ключоў не магла б існаваць скарбавая крэсцэнцыя*. А паколькі гэты праект паказвае толькі даход у гатовых грошах і не паказвае цяжкасцей гаспадарання то, бяручы пад увагу стан краю і сялян, такі падыход лічу небяспечным "[34].

Хутчэй за ўсё, меркаванне генеральнага адміністратара мела рашаючае значэнне. Па-першае, прадстаўлены Кройцам праект, патрабаваў некаторага часу для рэальнага павелічэння даходаў, асабліва тая яго частка,  якая датычылася зменаў у гарадах. А каралеўская ўлада спадзявалася на хуткае атрыманне грошай. А па-другое, сам Тызенгаўз меў уласны план рэфармавання сталовых эканомій на прынцыпах поўнасцю супрацьлеглых прапановам Кройца, а менавіта, на аднаўленні ў эканоміях фальваркаў і пераводзе скарбавых сялянаў на адпрацовачную рэнту. Такая розніца ў поглядах тлумачылася тым, што ў аснове рэфарматарскай дзейнасці Тызенгаўза быў "вялікі мануфактурны план"[35] — стварэнне ў эканоміях мануфактураў, заснаваных на дармавой працы дзяржаўных сялянаў, і за кошт павелічэння таварнасці фальваркавай гаспадаркі.  Прызначэнне Тызенгаўза надворным падскарбіем ВКЛ надзяліла яго па сутнасці неабмежаванымі магчымасцямі і ўладай у эканоміях Вялікага Княства і тым самым пазбавіла Кройца мажлівасці ажыццявіць свой праект.

Аднак само з'яўленне розных, нават супрацьлеглых праектаў па рэфармаванню эканомій у гэты час сведчыць пра існаванне шырокіх магчымасцяў для павелічэння даходаў каралеўскага скарбу. Таксама падзеі, якія разгарнуліся вакол праекту Людвіка Кройца, паказваюць, што ў яго абмеркаванні маглі прымаць удзел розныя зацікаўленыя асобы. Але відавочна, што канчатковае рашэнне на карысць тых ці іншых прапановаў залежала ад розных, пераважна суб'ектыўных прычынаў, галоўнымі з якіх не заўсёды былі клопат пра эфектыўнасць і далейшую перспектыву развіцця, а наяўнасць улады і магчымасць уплываць на караля. Менавіта таму ў сталовых добрах Вялікага Княства былі ажыццеўлены мерапрыемствы, прапанаваныя не віленскім каморнікам, а надворным падскарбіем і генеральным адміністратарам эканомій Антоніем Тызенгаўзам.

Цікава, што і Тызенгаўз, і Кройц пры падрыхтоўцы сваіх праектаў карысталіся матэрыяламі папярэдніх рэформаў дзяржаўных уладанняў, у прыватнасці, аграрнай рэформы сярэдзіны 16 ст., сярэдзіны 17 – пачатку   18 стст., пра што сведчаць звесткі аб атрыманні імі адпаведных  матэрыялаў з Камеральнага архіву[36]. Высновы кожны зрабіў свае, магчыма, у адпаведнасці з пастаўленымі задачамі. Кройцу трэба было даказаць магчымыя прыбыткі ў перспектыве, а Антоній Тызенгаўз абавязаўся даць каралю многа грошай і адразу.

Праведзеныя Тызенгаўзам аграрныя пераўтварэнні згодна з яго планам хоць і павялічылі на першых парах даход у каралеўскі скарб, але разам з тым выклікалі  моцны пратэст сялянства. Падданае насельніцтва, якое на працягу даволі доўгага часу мела пэўную эканамічную свабоду (за карыстанне зямлёй плаціла толькі чынш), успрыняла як цяжар перавод на паншчыну. Такая перамена спосабу гаспадарання не стала стымулам для эканамічнага развіцця сталовых маёнткаў у другой палове 18 ст.


Кітурка Ірына Фёдараўна
Нарадз. 1.07.1970 г. у в. Чарнаўчыцы Берасцейскага раёну
Старшы выкладчык Інстытуту пасьлядыпломнай 
адукацыі Гарадзенскага дзяржуніверсітэта
Асноўны кірунак даследаванняў: Сацыяльна-эканамічная 
гісторыя Беларусі другой паловы 17-18 ст. 
Адрас: і_kiturko@mail.ru 



* Каралеўшчыны — пашыраная пасля Люблінскай уніі (1569 г.) назва вялікакняскіх (дзяржаўных) уладанняў у ВКЛ.

[1] Lustracja dobr królewskich wojewódstwa Krakowskiego. 1765.  Warszawa – Kraków, 1973. S. XIII–XIV. 

[2] Volumina legum. Petersburg, 1860.  T. VII.  S. 75–85.

** Сталовыя эканоміі — зямельныя ўладанні ў ВКЛ, выдзеленыя ў канцы 16 ст. з дзяржаўных зямель для задавальнення патрэбаў непасрэдна караля (вялікага князя).

[3] Volumina legum. Petersburg, 1860.  T. VII. S. 85.

[4]  Volumina legum.  T. VI.  S. 143, 328.

[5]  Kula W. Szkice o manufakturach w Polsce XVIII wieku.  Warszawa, 1956.  S. 310.

[6]  Гл.: Кітурка І. Эканамічная і палітычная дзейнасць Антонія Тызенгаўза ў польскай і беларускай гістарыяграфіі // Polsko-Białoruskie związki językowe, literackie, historyczne i kulturowe. Materiały VII Międzynarodowej Konferencji Naukowej "Droga ku wzajemności". Białystok, 2000. S. 317–324.

[7]  Kościałkowski St. Antoni Tyzenhauz. Podskarbi Nadworny Litewski.  London, 1970.  T. 1.  S. 606.

[8]  Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie (AGAD). Archiwum Kameralne, III/26, a. 242.

[9]  Тамсама, а. 237.

[10] AGAD, Archiwum Kameralne, III/26, a. 237.

[11] Тамсама.

* У дакуменце, відаць, памылка, паколькі агульная сума з Воінскага ключа вызначаецца ў памеры 20 150 тынфаў.

[12]  AGAD, Archiwum Kameralne, III/26, a. 240.

[13]  AGAD, Archiwum Kameralne, III/26, a. 240.

[14] AGAD, Archiwum Kameralne, ІІІ/32, а. 243.

*  Данатарыюш — уладальнік данатывы — каралеўскага пажалавання за службу.

[15] AGAD, Archiwum Kameralne, ІІІ/26, а. 240.

**  Parates — харчовы падатак, які плацілі скарбавыя падданыя падчас знаходжання ў іх мясцовасці каралеўскіх ураднікаў.