БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 5 / 2001

ГІСТОРЫЯ

Сувязі Агінскіх з пратэстанцтвам у першай палове 17 ст. *

Мажэна Лідке
(Беласток)

Род князёў Агінскіх слынны не толькі ў мінулым Рэчы Паспалітай, але і ў гісторыі праваслаўнай царквы на тэрыторыі гэтай дзяржавы, асабліва ў цяжкім для яе 17 ст. Разам з некалькімі іншымі арыстакратычнымі родамі Агінскія заставаліся вернымі грэцкай веры яшчэ ў другой палове гэтага стагоддзя, калі большасць вялікіх беларускіх і ўкраінскіх родаў, а таксама сярэдняй і заможнай шляхты значна раней перайшла ў каталіцтва. Агінскія доўгі час задавальняліся нязначнымі пасадамі, што напрамую было звязана з іх веравызнаннем. Сітуацыя змянілася пасля ўступлення на трон Уладзіслава IV, які праводзіў больш ліберальную рэлігійную палітыку чым ягоны бацька. У гэты час матэрыяльнае становішча роду значна ўзмацнілася, а ягоныя прадстаўнікі, яшчэ як праваслаўныя, дасягнулі годнасці сенатараў. Толькі ў другой палове 17 ст., пасля войнаў з некаталіцкімі дзяржавамі, непрыяцце іншаверцаў у Рэчы Паспалітай так узмацнілася, што Марцін Агінскі, сын Аляксандра і ўнук Багдана, каб стаць сенатарам, мусіў адмовіцца ад веры продкаў.

Юзаф Лукашэвіч у сваёй “Гісторыі гельвецкіх касцёлаў у Літве”, выданай у першай палове 19 ст., напісаў адносна трэцяй чвэрці 16 ст., што “да найслыннейшых літоўскіх родаў, прыняўшых ў той час кальвінізм і прынёсшых свайму новаму веравызнанню перавагу ў той краіне, належаць Кішкі, Хадкевічы, Хлебовічы, Сапегі, Слушкі, Завішы, Вішнявецкія, Войны, Пацы, Абрамовічы, Валовічы, Агінскія (выдзелена мною - М.Л.), Зяновічы, князі Пруньскія, Галаўчынскія, Нарушэвічы, Талвошы, Дарагастайскія, Пузыні, Шэметы, Грушэўскія, Горскія і г.д.”[1] Залічэнне да кальвіністаў у 16 ст. сям’і, якая мяне цікавіць, выглядала, як мінімум, інтрыгуючым. Таму характар сувязяў Агінскіх з пратэстанцтвам выдаўся вартым вывучэння. Насуперак сцвярджэнню даследчыка з 19 ст. мне дагэтуль невядомыя крыніцы, якія б выразна пацвярджалі прыналежнасць каго-небудзь з Агінскіх да гельвецкай канфесіі. Таксама пра гэта не ведалі аўтары біяграфіяў Агінскіх у Польскім Біяграфічным Слоўніку: Тадэвуш Васілеўскі, Генрык Люлевіч ці Анджэй Рахуба[2]. Чаму ж тады ў працы, праўда, ужо моцна састарэлай, яны залічаныя да пратэстантаў?

Паводле Юзафа Вольфа Агінскія паходзяць ад князя Дзмітра Іванавіча Глушонка са Смаленшчыны, які атрымаў ад вялікага князя Аляксандра прывілей на Агінты ў былым Жыжморскім павеце (Ковеншчына)[3]. Значыць, яны ад пачатку былі праваслаўнымі патомкамі смаленскіх князёў. Унукі князя Дзьмітра - Матвей і Фёдар Багданавічы, пачалі дзьве галіны роду: княскую і шляхецкую[4]. Менавіта прадстаўнікі першай падтрымлівалі усходнюю царкву ў цяжкім для яе перыядзе канца 16 і пачатку 17 ст.

Сын Матвея Багдан - трокскі падкаморы, добры жаўнер Рэчы Паспалітай, ваяваўшы з казакамі Налівайкі і са шведамі, аказаўся руплівым абаронцам праваслаўя. Ён быў старастам Віленскага праваслаўнага брацтва і разам з яго сябрамі (сярод якіх знаходзіліся ягоныя сыны Ян і Аляксандр) падпісаў у 1608 г. пратэст супраць уніятаў, рабіўшых крыўды праваслаўным[5]. У 1612 г. разам з сынамі Янам і Аляксандрам ён падпісаў пратэст праваслаўнай шляхты супраць пераходу ў унію праваслаўнага духавенства[6]. Ягоная падтрымка праваслаўнай царквы, якая з фармальнага пункту гледжання дзейнічала ў тым часе ў Рэчы Паспалітай нелегальна, мела таксама значнае фінансавае вымярэнне. Каля 1600 г. Багдан Агінскі фундаваў у Еўі царкву і манастыр. Там ён прыняў праваслаўных манахаў з віленскага манастыра Святой Троіцы, занятага ўніятамі, а ў 1611 г. распачаў дзейнасць друкарні віленскага брацтва Святога Духа[7]. У 1612 г. Багдан разам з сынамі падпісаў фундуш шляхты на манастыр у Менску, а ў 1619 г. разам з жонкай фундаваў царкву ў Кронях, запісаўшы для гэтай мэты 12 тыс. коп грошаў. Там яго і пахавалі пасля смерці ў 1625 г.[8]

Ягоная жонка Раіна - дачка смаленскага ваяводы Рыгора Валовіча пасля смерці мужа працягвала справу падтрымкі праваслаўя. Пры царкве ў Кронях яна фундавала ў 1629 г. манастыр, для якога па волі нябожчыка-мужа купіла маёнтак Стравінікі. Потым у 1633 г. пацвердзіла ранейшы запіс на манастыр у Еўі, мястэчку, якое яна запісала сыну Аляксандру пад умовай ягонага апекавання манастыром і вызнання ім грэцкай веры. Калі б ён змяніў веравызнанне, то запісаныя яму маёнткі пераходзілі да іншых сыноў, прыналежных да праваслаўнай царквы[9].

З пяці сыноў гэтай шлюбнай пары трое, якія вызначыліся ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага - Ян, Аляксандр і Самуіл Леў, да смерці засталіся вернымі ўсходняй царкве. Усім траім як апорам праваслаўнай веры Ганна Гарадзенская са Ставецкіх паверыла ў 1636 г. апеку над манастыром у Сурдзегах[10].

Аляксандр (з 1645 г. менскі ваявода, а ад 1649 г. - трокскі кашталян), як упаміналася вышэй, падпісаў разам з бацькам і братам Янам фундуш праваслаўнай шляхты на манастыр святых Пятра і Паўла ў Менску. У 1650-1653 гг. баронячы гэты манастыр, вёў судовы працэс з менскім войтам і гарадскім магістратам. Пасля шведскага патопу стараўся рэалізаваць запісы жонкі Януша Радзівіла Марыі Валошкі, дачкі малдаўскага гаспадара на праваслаўныя цэрквы[11]. Раней, у 1648 г. Аляксандар падпісаў pacta conventa Яна Казіміра з гарантыяй правоў грэцкай рэлігіі (Аляксандр Агінскі, ваявода менскі, salvis juribus religij starodawnej Greckiey)[12]. Памёр у 1667 г. як апошні сенатар некатолік[13].

Ян, з 1633 г. - мсціслаўскі каштэлян, быў адным са старастаў віленскага братцтва Святога Духа. Падтрымаў скаргу яго кіраўнікоў на ўніятаў з манастыра Святой Троіцы за збройны напад[14]. Належаў да фундатараў царквы і манастыра Зьяўлення Боскага ў Магілёве, таксама быў сярод залажыцеляў і апекуноў тамтэйшага царкоўнага брацтва. Апекаваўся жаночым манастыром у Менску. Змагаўся за вяртанне грэцкай рэлігіі правоў у дзяржаве, напрыклад, падчас сейму 1613 г.[15]

Самуіл Леў, троцкі стольнік, разам з жонкай Соф’яй з Бялевічаў фундаваў у Маркаве Віцебскага ваяводства манастыр, а паводле тэстаменту хацеў быць пахаваны ў фамільным манастыры ў Кронях. Памёр у 1657 г.[16]

Адна з дачок Багдана Матвеявіча і Раіны з Валовічаў – Ганна, якая была замужам за прадстаўніком іншай вернай праваслаўю сям’і - Вільгельмам Стэткевічам, да ліпеня 1618 г. падаравала манастыру святых Пятра і Паўла ў Менску пляц пад царкву, а на яе дараванні ў тым горадзе паўстаў жаночы манастыр. Разам з сынам Янам у 1631 г. яна запісала тры фальваркі на манастыр у Куцейне Аршанскага павету, а пазьней фундавала манастыр у Прылуках каля Менску[17].

Другая дачка Апалонія (па першаму мужу Шэмет, а па другому – Зяновіч) у 1654 г. фундавала царкву ў Маньковічах Ашмянскага павету.

Унукі Багдана Багдан і Марцян (сыны Аляксандра), Кароль і Ян (сыны Самуэля), трэба меркаваць, таксама выхоўваліся ў духу праваслаўя.

Багдан Аляксандравіч, праціўнік езуіцкага школьніцтва і па волі Пятра Магілы апякун з 1647 г. праваслаўнай кіеўскай школы, падпісаў генеральную канфедэрацыю з гарантыяй правоў грэцкай царквы (Багдан з Казельска Агінскі, Харунжы надворны Вял. Кн. Літ., Пасол Ваяв. Троцкага, salvis juribus veteris Ecclesiae ritus Graeci)[18], а таксама падобна як ягоны бацька з гарантыяй правоў праваслаўя - pacta conventa Яна Казіміра (Багдан Агінскі, Харунжы надворны Вял. Кн. Літ.: salvis juribus Eccelesiae antiquissmae Orientalis)[19]. Памёр бяздзетным[20].

Ягоны брат Марцян Аляксандар, троцкі ваявода, вялікі канцлер літоўскі першыя 27 гадоў свайго жыцця таксама належаў да праваслаўя. Валоданне немалым маёнткам, падставы якога стварылі ягоныя продкі, сувязі з Глябовічамі і Радзівіламі (жонка - Марцыбела Ганна Глябовіч) вымагалі адпаведнага афармлення ў выглядзе высокіх дзяржаўных пасадаў. У 1669 г. з’явіўся шанс стаць трокскім ваяводам, але пры ўмове пераходу да каталіцтва ці ўніяцтва. Спакуса заняць адну з найвышэйшых у ВКЛ пасадаў была вялікая і ўжо ў 1660 г. Марцян быў католікам і ў сувязі з гэтым атрымаў пасаду трокскага ваяводы. Перад зменай веры паспеў яшчэ ў 1668 г. фундаваць царкву ў Смілавічах[21]. Падцвярджэннем пераходу ў каталіцызм былі фундацыі дамініканам у Троках, касцёлу ў Рагонях, езуіцкага калегіума ў Менску[22].

Ян Яцак, сын Самуіла таксама даволі рана перайшоў на каталіцтва[23].

Сярод прапраўнукаў Багдана трапляюцца ўжо каталіцкія святары. Людвік Караль быў нават смаленскім біскупам, а Антон, брат біскупа перад смерцю нават уступіў у ордэн езуітаў[24].

Такім чынам, Агінскія належалі да родаў, якія доўга супраціўляліся націску каталіцызму ў 17 ст. Яны, аднак, не ўхіляліся ад павязанняў з прадстаўнікамі іншых канфесіяў, сярод якіх хапала рыма-каталікоў. Усё ж найчасьцей кантактавалі з пратэстантамі.

Прыблізна ад паловы 16 ст., калі рэфармацыя распачала свой бурлівы марш праз землі ВКЛ, каталіцкая і праваслаўная цэрквы панеслі вялікія страты ў маёмасці і колькасці вернікаў, асабліва сярод шляхты. Найбольш радыкальныя пратэстанцкія дзеячы заядла крытыкавалі абедзьве царквы, а некаторыя нават у большай ступені праваслаўе[25].

Толькі контррэфарматарская дзейнасць каталіцкага касцёла, скіраваная як супраць евангелікаў і найбольш радыкальных пратэстанцкіх плыняў, так і супраць праваслаўя, прывяла да спробаў паразумення паміж атакаванымі цэрквамі. Праз некалькі гадоў пасля Берасцейскай уніі ў Вільні ў 1599 г. гэтыя намаганні прывялі да іншай уніі “... паміж народам рускім і панамі евангеліцкімі ўчынёнай...”[26], паводле якой праваслаўныя і пратэстанты пастанавілі разам бараніцца ад захадаў каталікоў і уніятаў, падтрыманых уладамі. Гэты абарончы саюз хоць і не адыграў спадзяванай ролі, аднак паказаў, што на мяжы 16 і 17 ст. галоўным ворагам праваслаўя ўжо не былі пратэстанцкія цэрквы.

Варта памятаць, што праваслаўныя неаднаразова шукалі падтрымкі ў прадстаўнікоў роду Радзівілаў. Тыя былі вядучай палітычнай сілай у ВКЛ і нават падчас гаспадарання Жыгімонта Вазы, непрыхільнага да кальвінскай лініі роду, прыцягвалі да сябе ў якасці кліентаў і прыхільнікаў шмат шляхецкіх родаў. Сярод апошніх было, зразумела, шмат пратэстантаў, але да Радзівілаў хіліліся таксама каталікі, арыане[27], і праваслаўныя, як тыя ж Агінскія (асабліва Аляксандар і Ян Багданавічы[28]), якія ў той час рабілі свае кар’еры. Тыя павязанні з магутным родам не заўсёды прыносілі выгоды. Напрыклад, Ян Агінскі, нягледзячы на старанні, не атрымаў у 1629 г. пасады ковенскага падкаморага, бо Жыгімонт Ваза бачыў у ім гарачага прыхільніка Радзівілаў[29].

Пра частыя кантакты з біржаньскімі Радзвіламі выдатна сведчыць карэспандэнцыя Агінскіх, у якой яны дэкларуюць сваю вернасць, запрашаюць на сямейныя ўрачыстасьці, інфармуюць пра выкананыя заданні (Аляксандар і Самуіл Багданавічы)[30], просяць дапамогі ў атрыманні пасадаў і абароны праваслаўнай царквы (Ян Багданавіч)[31]. Апошні ў 1595 - 1597 гг. таварышыў Янушу Радзівілу (пазнейшаму віленскаму кашталяну) і яго стрыечнаму брату Юры у іх падарожжы на загранічную вучобу. Разам з імі навучаўся ў Стразбургу і Базэлі. З маладым Янушам Радзівілам дабраўся таксама да Парыжу, адкуль у траўні 1597 г. пісаў да Юрыя, якія вярнуўся дадому раней[32].

Відавочна, па прычыне такіх блізкіх сувязяў з Агінскімі, літоўскі польны гетман Крыштап Радзівіл прасіў іх сведчыць пры запісах дараванняў евангельскім зборам, ад чаго тыя, хоць і былі прывязаныя да праваслаўя, зусім не ўхіляліся. Трокскі стольнік Самуэль Агінскі падпісаўся 24 кастрычніка 1631 г.[33] пад падцверджаннем перадачы фальваркаў Балковічаў і Прошчыцаў на слуцкую школу, а трокскі харунжы Аляксандр Агінскі ў таварыстве князя, яго жонкі, Мікалая Абрамовіча і Мікалая Кішкі падпісаў фундуш чатырох евангельскіх збораў: двух у Кейданах і па аднаму ў Біржах і Байнарове 29 чэрвеня 1631 г.[34]

У гістарычнай літаратуры можна спаткаць узгадкі пра паглыбленне ў 17 ст. т.зв. вызнанёвага эксклюзівізму, паводле якога пратэстанты павінны былі ўступаць у шлюб толькі з прадстаўнікамі сваёй веры. Практыка на землях ВКЛ у першай палове 17 ст. паказвае, што працэс гэты тады яшчэ прасунуўся не надта далёка. Пра гэта сведчаць сямейныя адносіны, у тым ліку і Агінскіх. Жонка Багдана Матвеевіча Раіна, якая разам з мужам горача падтрымлівала праваслаўе, паходзіла з таго ж роду, што і адзін з найважнейшых пратэстантаў у Літве Астафі Валовіч. Сын Багдана Аляксандар першы раз ажаніўся з дачкой Вацлава Шэмета, смаленскага кашталяна[35], другім разам - з Кацярынай Палубінскай, якая, паводле Баляслава Гружэўскага, была пратэстанткай па маці - Соф’і Сапега[36]. Іх дачку Тэадору у 1656 г. выдалі за Яна Гружэўскага - жамойцкага харунжага[37].

Сям’я Гружэўскіх прыбыла на Жамойць у 16 ст. і хутка стала тут апорай Рэфармацыі. Нашчадкі гэтага роду заставаліся пратэстантамі яшчэ ў 20 ст. Тэадора Гружэўская з Агінскіх прыняла веру мужа, верагодна, падчас шлюбу[38]. Яна стала шчырай і шчодрай абаронцай гельвецкай царквы[39].

Іньшы сын Багдана Матвеевіча Самуэль узяў за жонку Соф’ю Бялевіч[40], а іх старэйшая дачка Хрысціна выйшла замуж за прадстаўніка роду радзімінскіх Францкевічаў[41]. Дзьве дачкі Багдана і Раіны таксама парадніліся з пратэстанцкімі родамі: Барбара стала жонкай Мальхера Шэмета[42], а Палонія - Юры Шэмета, а пазьней - Міхала Зяновіча[43].

Нярэдкія шлюбы праваслаўных Агінскіх з пратэстантамі маглі вынікаць з розных прычынаў. Рашаючую ролю тут адыгрывалі маёмасныя меркаванні і грамадскае становішча роду, таму пару шукалі між роўных сабе або вышэйшых. У першай палове 17 ст. сярод сярэдняй і заможнай шляхты ўжо мала засталося праваслаўных родаў, магчыма таму Агінскія радніліся з пратэстантамі.

У выбары кандыдата на спадарожніка жыцця пэўную ролю адыгрывала тэрытарыяльная блізкасць. Напрыклад, памянёныя Гружэўскія жылі на недалёкай Жамойці.

Здаецца, пэўнае значэнне мела таксама агульная пагроза з боку каталіцтва. Усё гэта, зразумела, дапушчэнні, паколькі крыніцы не падаюць дакладнай інфармацыі пра матывацыю выбару мужа ці жонкі. Аднак фактам застаецца парадненне Агінскіх з такімі стаўпамі кальвінізму як Шэметы і Гружэўскія.

Можа быць, Лукашэвіч залічыў Агінскіх да пратэстантаў па прычыне іх сувязяў з пратэстанцкімі родамі? Магчыма, ён прыняў пад увагу той факт, што Агінскія выйшлі з той самай княскай галіны, што і Пузыні, а сярод гэтых астатніх было шмат (акрамя праваслаўных з валынскай лініі[44]) дэкляраваных рэфарматаў (упіцкая лінія), як хоць бы Пётр Пузыня - дырэктар пратэстанцкага сыноду ў 1634 г.[45] і апякун сервецкага збору, альбо Геронім Пузыня - дырэктар сыноду ў 1646 г.[46] і патрон швабіскага збору.

Магчыма, гісторык з 19 ст. меркаваў пра зацікаўленасць Агінскіх новай верай, зыходзячы з факту іх навучання за мяжой у пратэстанцкіх асяродках. Аляксандар Агінскі (як і ягоны старшы сын Дзмітры) вучыўся спачатку ў Каралеўцу, а пасля перапынку ў некалькі гадоў па прычыне вайны са Швецыяй накіраваўся ў Альтдорф. Вышэй я ўжо згадвала, што Ян навучаўся ў Стразбургу і Базэлі. Праўда, абодва наведалі таксама каталіцкі Інгальштадт, падобна як Самуэль у 1606 г.[47]

Увесці ў зман гісторыка маглі таксама імёны характэрныя для рэфарматаў, напрыклад, Хрысціна або Самуэль. Трэба аднак памятаць, што імя не можа быць крытэрыем вызначэння веравызнання. У пэўных колах выбар нетыповага імя мог быць вынікам моды або ўплыву пакрывенства з пратэстантамі.

А можа, як у выпадку з Вішнявецкімі або Львом Сапегай, Агінскія выказалі ў другой палове 17 ст. кароткачасовае зацікаўленне новай верай, а потым вярнуліся да праваслаўя (такія выпадкі здараліся, хоць і вельмі рэдка)? Да такога меркавання падштурхоўвае цікавая ўзгадка у Геаграфічным слоўніку Польскага каралеўства і іншых славянскіх краёў пра фундацыю каля 1600 г. у мястэчку Еўі тагачаснымі ягонымі ўладальнікамі Агінскімі рэфармацкага збору[48]. Аднак далей Слоўнік геаграфічны ... падае пра падтрымку ў той самы час праваслаўнай царквы вызнаўцам усходняе веры Багданам Агінскім. Ці гэтая фундацыя была вынікам выхавання Яна Багданавіча пры двары пратэстантаў Радзівілаў[49], а можа замежнага падарожжа і кароткай яго цікавасці да новай веры? Наяўныя крыніцы не дазваляюць вызначыць гэта дакладна на канец 16 ст.

У першай палове наступнага стагоддзя князі Агінскія вызнавалі праваслаўе. Рашаючым тут будзе аналіз важнейшай крыніцы (Юзаф Лукашэвіч, як ён сам пісаў, не меў магчымасці карыстацца архівам Літоўскай Еднасці, а тым самым верыфікаваць свае даныя[50]). Калі б прадстаўнікі такога значнага ў краіне роду належалі да рэфарматаў, то іх прозвішчы абавязкова былі б ў актах правінцыйных, дыстрыктавых ці зборавых сынодаў. Яны б з пэўнасцю выступалі як патроны, фундатары ці дырэктары сынодаў. Аднак у захаваных (праўда, толькі з 1611 г.) актах правінцыйных сынодаў Літоўскай Еднасьці прозвішча Агінскіх не сустракаецца, хоць у першай палове 17 ст. там называюцца каля 250 шляхецкіх прозвішчаў. Толькі ў пратаколах правінцыйных сынодаў, захаваных у AGAD у далучаных (пра гэта ўжо ўзгадвалася) копіях запісаў Радзівілаў знаходзім Аляксандра і Самуэля Агінскіх у якасці сведкаў. Адсюль можна выводзіць меркаванне пра іх сымпатыі ці прыналежнасць да кальвінізму, але ў святле моцнай падтрымкі Агінскімі праваслаўя гэтыя меркаванні не вытрымоўваюць крытыкі. Маўчанне сынадальных пратаколаў (зразумела, побач з фактамі дзейнасці ў падтрымку праваслаўя) належыць прызнаць за рашаючы аргумент.

 Як ужо згадвалася, вышэйпрыведзеныя меркаванні адносяцца да 17 ст. Калі б захаваліся сынадальныя матэрыялы да 1611 г., то можна было больш дакладна ацаніць і зверыфікаваць як запіс у Слоўніку геаграфічным... так і ў працы Юзафа Лукашэвіча.

Лідке Мажэна
Нар. 27.03.1968 г.
Магістар, асістэнт Інстытута гісторыі Універсітэта ў Беластоку
Асноўны кірунак даследаванняў:
Працэсы паланізацыі рускай шляхты ВКЛ
Адрас:
Instytut Historii UB
Pl Uniwersytecki, 1
15-420 Białystok
Polska

* Пераклаў з польскай мовы Аляксандар Краўцэвіч.

[1] Łukaszewicz J. Dzieje kościołów wyznania helweckiego w Litwie. Poznań, 1842. T. 1. S. 17.

[2] Polski Słownik Biograficzny. Wrocław, Warszawa, Kraków, Gdańsk, 1978. T. XXIII. (далей - PSB).

[3] Wolf J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca XIV wieku. Warszawa, 1895. S. 93.

[4] Тамсама.

[5] Тамсама. S. 295.

[6] Wasilewski T. Ogiński Bogdan Marcjan [w:] PSB. S. 600.

[7] Тамсама.

[8] Wolf J. Kniaziowie litewsko-ruscy... S. 295.

[9] Тамсама. S. 295-296.

[10] Тамсама. S. 298.

[11] Lulewicz H. Ogiński Aleksander [w:] PSB. S. 596.

[12] Volumina Legum. Петербург, 1859. Т. 4. С. 96.

[13] Lulewicz H. Ogiński Aleksander [w:] PSB. S. 596.

[14] Тамсама. С. 298.

[15] Lulewicz H. Ogiński Jan [w:] PSB. S. 612.

[16] Wolf J. Kniaziowie litewsko-ruscy... S. 302.

[17] Тамсама. S. 296.

[18] Volumina Regum. Т. 4. С. 86.

[19] Тамсама. С. 96.

[20] Lulewicz H. Ogiński Bogdan (Toedat) [w:] PSB. S. 601.

[21] Lulewicz Ogiński Marcjan Aleksander [w:] PSB. S. 618, 620.

[22] Тамсама; Wolf J. Kniaziowie litewsko-ruscy... S. 300.

[23] Rachuba A. Ogiński Jan Jacek [w:] PSB. S. 613.

[24] Wolf J. Kniaziowie litewsko-ruscy... S. 308-309.

[25] На прыклад, Сымон Будны у 1563 г. у лісце да Генрыха Булінгера. Гл. Kosman M. Reformacja i kontrreformacja w Wielkim Księstwie Litewskim w świetle propagandy wyznaniowej. Wrocław, 1973. S. 65.

[26] BibliotekaLitewskiej Akademii Nauk. Fond 40. Sygn. 756. K. 1.

[27] Tazbir J. Reformacja w Polsce. Warszawa, 1993. S. 128-147.

[28] Lulewicz H. Ogiński Aleksander [w:] PSB. S. 594; Lulewicz H. Ogiński Jan [w:] PSB. S. 611.

[29] Lulewicz H. Ogiński Jan [w:] PSB. S. 612; Archiwum Główne Akt dawnych  (далей - AGAD); Archiwum Radziwiłłów  (далей - AR) Dz. V. Sygn. 10704 (лісты да Крыштапа Радзівіла ад 14 студзеня і 23 лютага 1623 г.)

[30] AGAD. AR. Dz. V. Sygn. 10694. Sygn. 10722.

[31] Тамсама. Sygn. 10704.

[32] AGAD. AR. Dz. V. Sygn. 10706.

[33] AGAD. AR. Dz. VIII. Sygn. 713. S. 185 v.

[34] AGAD. Sygn. 713. S. 179 v.

[35] Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy... S. 299.

[36] Grużewski B. Kościoł ewangelicko-reformowany w Kielmach. Rys historyczny na dokumentach urzędowych. Warszawa, 1912. S. 212.

[37] Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy... S. 300; Grużewski B. Kościoł ewangelicko-reformowany w Kielmach. S. 211.

[38] Grużewski B. Kościoł ewangelicko-reformowany w Kielmach. S. 212.

[39] Напрыклад, у 1695 г. на патрэбы збору ў Кейданах запісала 4 тыс. злотых, а ў 1700 г. падцвердзіла ўсе фундацыі і запісы продкаў свайго мужа. Гл. Grużewski B. Kościoł ewangelicko-reformowany w Kielmach. S. 225, 228-229.

[40] Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy... S. 301.

[41] Тамсама. S. 302.

[42] Тамсама. S. 296.

[43] Тамсама. S. 297.

[44] Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy... S. 408.

[45] AGAD. AR. Dz. VIII. Sygnatura 713 (пратакол віленскага правінцыйнага сыноду з 1634 г.).

[46] Тамсама. (пратакол віленскага правінцыйнага сыноду з 1646 г.) .

[47] żołądź-Strzelczyk D. Peregrinatio academika. Studia młodzieży polskiej z Korony i Litwy na akademiach i uniwersytetach niemieckich w XVI i pierwszej połowie XVII wieku. Poznań, 1996. S. 224.

[48] Паводле аўтара артыкула, пазней тут меўся паўстаць сацыніанскі збор і школа, якія заняпалі ў другой палове 17 ст. Гл.: Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i inych krajów słowiańskich. Warszawa, 1882. T. 3. S. 570.

[49] Lulewicz H. Ogiński Jan [w:] PSB. S. 611.

[50] Łukaszewicz J. Dzieje kościołów ... S. VII.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія