|
ГІСТОРЫЯ
Да пытання пра выкарыстанне тэрміну «данжон» (donjon) у беларускай гістарычнай літаратуры
Максім Макараў
(Торунь)
Сярод тэрмінаў замежнага паходжання, ужываных даследчыкамі сярэднявечных
абарончых збудаванняў на беларускіх землях, вызначэнне «данжон» займае
прыкметнае месца. Звычайна пад словам «данжон» у сучаснай беларускай
гістарычнай навуцы разумеецца галоўная вежа ўмацавання, якая асобна, вольна
стаіць на ўнутраным двары за лініяй абарончых сцен і канструкцыйна не звязана з
апошнімі. Прыняцце асобнага размяшчэння ў якасці вызначальнай для данжона
прыкметы дазволіла даследчыкам гісторыі абарончых збудаванняў Беларусі залічыць
да данжонаў шэраг вежаў 13 – 17 стст., розных па тыпу і па функцыянальнаму
прызначэнню. У даным
артыкуле робіцца спроба прасачыць эвалюцыю разумення сэнсу слова «данжон» у
беларускай навуковай гістарычнай літаратуры і разгледзець пытанне аб
мэтазгоднасці яго ўжывання ў дачыненні да абарончых вежаў 13 – 14 стст. на
тэрыторыі Беларусі.
Напачатку зробім некалькі неабходных заўвагаў. Вежа звычайна разглядаецца ў
навуковай літаратуры як будынак, гарызантальныя памеры (шырыня, дыяметр асновы)
якога меншыя за яго вышыню.
Абарончая вежа — гэта будынак, які адпавядае вышэйназваным параметрам і
прыстасаваны да самастойнай, аўтаномнай абароны[3].
Больш складана даць вызначэнне замку. Слова «zamek» з’явілася ў выніку спробы літаральнага перакладу нямецкага der Schloss у польскай мове, адкуль некалькі пазней яно было
запазычана ўсходнеславянскімі мовамі.
Гісторыкі архітэктуры разглядаюць замак як комплекс абарончых, жылых і
гаспадарчых пабудоваў, звязаных агульнай лініяй умацаванняў, прыстасаваны да
кругавой абароны ва ўмовах ізаляцыі.
У сацыялагічным сэнсе беларускі замак і яго еўрапейскія адпаведнікі (польскі zamek, нямецкі der Schloss, англійскі castle) з’яўляюцца ўмацаванымі прыватнаўласніцкімі рэзідэнцыямі.
Гаспадаром замка мог быць манарх (у гэтым выпадку замак можа разглядацца як
дзяржаўны), буйны духоўны або свецкі феадал ці просты рыцар. Эвалюцыю замкаў ад
самых простых формаў motte i donjon ранняга сярэднявечча да palazzo Новага часу можна разглядаць як гісторыю намаганняў
дойлідаў аб’яднаць жыллё гаспадара з, па мажлівасці, непрыступным абарончым
аб’ектам пад дахам аднаго будынку.
Такім чынам, калі старажытнарускі тэрмін «горад», «град» абазначаў любыя
ўмацаванні ўвогуле, то замак як
абарончы аб’ект характарызуецца прыватнай уласнасцю на яго.
Слова «данжон» (donjon) мае французскае паходжанне. Першыя замкі на тэрыторыі Францыі з’явіліся ў
9 – 10 стст. у эпоху рабаўнічых нападаў вікінгаў. Звычайна ў гэты час яны
вырашаліся ў форме, вядомай сучасным даследчыкам пад назвай motte. Натуральны ці штучны пагорак атачаўся абарончым ровам.
Грунт, атрыманы пры выкопванні рову, выкарыстоўваўся пры насыпанні пагорка, на
верхняй пляцоўцы якога, дадаткова акружанай востраколам, узводзіўся драўляны
будынак - жыллё гаспадара замку. Каля падэшвы motte звычайна размяшчаўся двор (bayley), таксама
абаронены востраколам, куды выносіліся гаспадарчыя пабудовы. Верхняя пляцоўка
пагорка злучалася з bayley у некаторых выпадках праз пад’ёмны мост[11].
Фактычна паралельна з motte ў 10 ст. у Францыі быў знойдзены іншы спосаб вырашэння
праблемы ўзвядзення замку. Пачалося будаўніцтва шматпавярховых мураваных жылых
вежаў ці данжонаў.
На асобных паверхах данжону, забяспечанага аўтаномнаю сістэмаю абароны,
размяшчаліся жылыя і гаспадарчыя пакоі ўласніка і яго сям’і. Данжон можна
разглядаць як замак сам па сабе, умацаваны жылы дом, памяшканні якога
размяшчаюцца вертыкальна адно над другім, а не гарызантальна.
Рэшткі аднаго з самых ранніх прыкладаў данжону ў Францыі вывучаны ў выніку
археалагічных даследаванняў у Doue-la-Fontaine. Першапачаткова на месцы замка знаходзіўся мураваны
неўмацаваны аднапавярховы дом, узведзены каля 900 г. У сярэдзіне 10 ст. ён быў
трансфармаваны ў адзін з першых замкаў на Еўрапейскім кантыненце шляхам
падвышэння яго мураваных сценаў яшчэ на некалькі паверхаў і перанясення ўваходу
на ўзровень другога ярусу.
Адзін з найбольш значных ранніх французскіх данжонаў быў узведзены ў пачатку 11
ст. у мясцовасці Loches недалёка ад Тура на Луары. Яго муры маюць трохметровую таўшчыню і яшчэ
зараз узвышаюцца над паверхняю зямлі на 38 метраў.
На працягу 9 – 11 стст.
данжоны заставаліся ў Францыі адносна рэдкай з’явай, бо іх узвядзенне каштавала
нятанна[16].
Пасля захопу Англіі ў 1066 г. войскамі нармандскага герцага Вільгельма
будаўніцтва замкаў атрымала шырокае распаўсюджанне на Брытанскіх выспах.
Яшчэ ў 11 ст. новыя гаспадары краіны ўзвялі значную колькасць замкаў mottе і некалькі
данжонаў, самым знакамітым з якіх з’яўляецца White Tower у Лондане.
З эпохі позняга сярэднявечча donjon у Англіі вядомы пад назваю keep. Ангельскае слова «keep» з’яўляецца дакладным адпаведнікам
французскага «donjon»
і нясе ў сабе такое самае (вежа — дом) сэнсавае напаўненне[21].
У 10 – першай палове 12 стст. прыстасаваная да вядзення пасіўнай абароны
жылая вежа, дадаткова акружаная вастраколам ці мурам, была фактычна
непрыступнай для тых, хто спрабаваў атакаваць яе без адпаведнага тэхнічнага
забеспячэння, і з’яўлялася замкам сама па сабе. З другой паловы 12 ст. у
Заходняй Еўропе пры штурме ўмацаванняў пачалі шырока выкарыстоўваць даагнёвую
артылерыю, а вядзенне аблогі стала больш рэгулярным. З 1180-х гг. данжоны ў
Англіі і Францыі страчвалі самадастатковасць і атачаліся магутнымі пасамі
абарончых сценаў, на якія пераносіўся цяжар абароны ўмацавання.
Узмацненне знешніх муроў замку прывяло
да перагляду дойлідамі самой ідэі неабходнасці існавання прыстасаванага
выключна да пасіўнай абароны данжону, бо ў новых варунках, калі б залога была
змушаная замкнуцца ў такой вежы, капітуляцыя або вынішчэнне яе былі б толькі
справай часу. Таму з
другой паловы 12 ст. роля данжону ў сістэме ўмацавання актывізавалася, ён часта
размяшчаўся ў лініі муроў, а ў некаторых выпадках нават выносіўся па-за іх
перыметр, фланкуючы агнём сваіх байніц падыходы да брамы і асобныя кавалкі
абарончых сценаў[24].
З 13 ст. ідэя татальна пасіўнага данжона знікае, а жыллё гаспадара замку
нярэдка вырашаецца не ў форме абарончай вежы, а значна больш камфортнага
палацу, надзейна абароненага знешнімі мурамі.
У Францыі ў 13 ст. пры агульным павелічэнні маштабу замкавых умацаванняў данжон
набыў форму чатырохкутніка масіўных высокіх мураваных сценаў, па перыметру якіх
з унутранага боку размяшчаліся жылыя і гаспадарчыя будынкі. На кутах
канструкцыі ўзводзіліся акруглыя вежы, адна з якіх магла выконваць ролю нібыта
данжона ў данжоне.
Такі шырокі данжон, часта нават з унутраным дваром, меў прыземісты і далёка не
заўжды вежападобны сілуэт.
У адрозненне ад ангельскіх і французскіх данжонаў галоўная вежа германскіх
замкаў ці Bergfried (Burgfried), была цалкам пазбаўлена жылой і рэзідэнцыянальнай функцыяў. Бергфрыд
атачаўся абарончай сцяной, пад аховай якой каля яго падэшвы размяшчаліся жылыя
і гаспадарчыя пабудовы.
У выпадку здабыцця атакуючымі знешняй лініі муроў умацавання такая вежа служыла
гаспадару і залозе замку апошнім пунктам абароны, дзе яны маглі схавацца і,
уцягнуўшы за сабою драбіны (уваход у бергфрыд звычайна знаходзіўся на ўзроўні
2-га – 3-га паверхаў), чакаць дапамогу.
Сілуэт бергфрыда звычайна больш стройны, чым у данжона, які з нагоды выканання
жылой функцыі мусіў мець значную кубатуру.
Як данжоны, так і бергфрыды з’яўляліся галоўнымі вежамі заходнееўрапейскіх
замкаў, месцамі, дзе абаронцы маглі працягваць супраціўленне нават пасля захопу
непрыяцелем знешняй лініі ўмацаванняў. У залежнасці ад часу, месца і абставінаў
узвядзення яны маглі быць драўлянымі ці мураванымі, стаяць асобна ці ў
канструкцыйнай сувязі з іншымі будынкамі і абарончымі сценамі. Розніца паміж данжонам
і бергфрыдам заключаецца, як слушна адзначае сучасная нямецкая “Brockhaus
Encyklopädie”, у тым, што першы спецыяльна будаваўся як жыллё гаспадара замку,
а другі быў цалкам пазбаўлены жылой і рэзідэнцыяльнай функцыяў[29].
Вызначальную ролю замацавання тэрміну «данжон» у беларускай навуковай
літаратуры адыгралі працы пецярбуржца Паўла Аляксандравіча Рапапорта. Ён першы
ўжыў гэта вызначэнне ў дачыненні да мураваных абарончых вежаў 13 ст. на
заходнеўкраінскіх і заходнебеларускіх землях пры разглядзе пытання аб іх
функцыянальным прызначэнні. Упершыню П.А.Рапапорт звярнуўся да гэтай праблемы ў
артыкуле «Волынские башни», які быў надрукаваны ў 1952 г..
Аўтар сабраў багаты фактычны матэрыял як пра захаваныя, так і не ацалелыя вежы
другой паловы 13 ст. у Камянцы, Гародні, Бярэсці, Белавіне, Стоўп’і, Халме,
Чартарыйску і інш., прывёў звесткі па гісторыі іх вывучэння ў дарэвалюцыйны і
міжваенны час. Даследчык адзначыў, што прызначэнне асобных вежаў было,
верагодна, рознае, і аб’яднанне іх у адну групу ў яго артыкуле з’яўляецца чыста
ўмоўным. На падставе вывучэння пісьмовых крыніцаў і рэшткаў помнікаў ён прыйшоў
да высновы, што абстрэл наваколля з’яўляўся асноўнай функцыяй вежаў у Халме,
Гародні, Стоўп’і.
П.А.Рапапорт лічыў галоўнай прычынай з’яўлення ў 13 ст. на Валыні мураваных
вежаў неабходнасць ўдасканалення старых драўляных умацаванняў гарадоў. Ён
падкрэсліў, што з пачатку 13 ст. на Русі пры аблозе абарончых аб’ектаў пачалі
шырока выкарыстоўваць каменямёты. З’яўленне даагнёвай артылерыі і актывізацыя
аблогі зрабілі старыя драўляныя ўмацаванні недастаткова надзейнымі, але
ўзвядзенне высокіх мураваных вежаў дазволіла значна павысіць іх абарончыя
якасці.
Разам з тым у артыкуле «Волынские башни» няма інфармацыі пра жылое прызначэнне
аб’ектаў даследавання. Слова «данжон» аўтар увогуле не ўжывае.
У 1962 г. у польскім гістарычным штогодніку «Swiatowit» з‘явіўся невялікі артыкул
П.А.Рапапорта «Оборонительные сооружения западной Волыни 13 – 14 вв.»,
у якім аўтар першы раз асцярожна параўнаў мураваныя валынскія вежы 13 ст. з
заходнееўрапейскімі данжонамі. Ён пісаў: «В некоторых из каменных башен имелись
довольно вместительные помещения, быть может, служившие не только для
размещения, но и для жилья защитников. Поэтому возможно, что эти башни в
известной мере аналогичны западноевропейским донжонам».
Аўтар яшчэ не называе валынскія вежы непасрэдна данжонамі. Ён не прыводзіць
ніякіх канкрэтных аргументаў на карысць таго, што валынскія вежы выконвалі
жылую функцыю, ці, тым больш, што хоць якая-небудзь з іх была збудавана як дом
гаспадара ўмацавання. Ужыванне выразаў «быть может», «поэтому возможно», «в
известной мере» у сваю чаргу не дадае параўнанню вартасці. Ды і ўвогуле
галоўную функцыю валынскіх вежаў даследчык, як і раней, бачыць не ў гэтым.
«Волынские башни были вызваны к жизни прежде всего необходимостью активизации
стрелковой обороны, в свою
очередь вызванной активизацией приемов осады», – дадае ён[34].
З цягам
часу погляды П.А. Рапапорта змяніліся. У 1967 г. выйшла з друку яго шырокавядомая кніга «Военное
зодчество западнорусских земель 10 – 14 вв.».
На яе старонках аўтар без прывядзення якой-небудзь дадатковай аргументацыі на
карысць жылога прызначэння валынскіх вежаў 13 ст. неаднаразова і ўпэўнена
называе іх данжонамі[36].
Неабходна нагадаць, што данжон — гэта жылы і абарончы будынак, часцей за
ўсё, (але не заўсёды) вырашаны ў форме вежы. Менавіта так разумеў сутнасць
данжона як з’явы П.А. Рапапорт. Выказванні даследчыка пераконваюць у гэтым:
«Повсеместное распространение башен-донжонов объясняется тем, что они отвечали
как военным, так и социальным требованиям эпохи: это был идеальный тип
укрепленного жилища феодала»[37]. Пра валынскія вежы даследчык пісаў наступнае: «Очень
возможно, что их внутренние помещения были приспособлены для жилья на случай
осады. Таким образом башни эти по
существу и были донжонами».
Аднак пры параўнанні двух апошніх цытатаў розніца ў трактоўцы П.А. Рапапортам
заходнееўрапейскіх і валынскіх «данжонаў» становіцца відавочнай. Даследчык
нават не ставіў пытання пра сталае жылое прызначэнне валынскіх вежаў, але
палічыў абгрунтаваным назваць іх данжонамі на падставе некарэктна сфармуляваных
дапушчэнняў. У выпадку аблогі, ва ўмовах рэальнай пагрозы для жыцця і здароўя,
можна прыстасаваць пад часовае жыллё любое памяшканне, але гэта само па сабе не
з’яўляецца дастатковым для залічэння яго да данжонаў. Падчас баявых дзеянняў
здараецца рознае, але данжон па сваёй сутнасці з’яўляецца не прытулкам для тых,
каму няма дзе жыць ці проста схавацца «на случай осады», а сталым жыллём
гаспадара ўмацавання.
Гаворачы пра досыць вольнае абыходжанне П.А.Рапапорта з акрэсленнем
заходнеўкраінскіх і заходнебеларускіх вежаў, неабходна адзначыць, што ён быў
добра знаёмы з працамі яго сучаснікаў — польскіх даследчыкаў сярэднявечнага
абарончага дойлідства.
Верагодна, што тэрмін «вежа-данжон» аўтар мог запазычыць менавіта з польскай
навуковай гістарычнай літаратуры, у якой у тыя часы гэтае слова таксама
неабгрунтавана выкарыстоўвалася для абазначэння розных тыпаў вежаў[40].
П.А.Рапапорт займаўся старажытнарускім перыядам развіцця абарончага
дойлідства на ўкраінскіх і беларускіх землях. Верхняй храналагічнай мяжой яго
даследаванняў з’яўляецца першая палова 14 ст. - час значных палітычных і
грамадскіх пераменаў у Еўропе. У другой палове 13 ст. на Валыні ўзводзіліся
толькі асобныя мураваныя вежы, якія адзінока ўзвышаліся сярод драўляна-земляных
умацаванняў градаў. Цалкам мураваныя замкі, якія будаваліся ў 14 – 15 стст. на
беларускіх і ўкраінскіх землях, у якіх вежы, у тым ліку і жылыя, уключаліся ў
пас абарончых сценаў і выкарыстоўваліся пры вядзенні фланкуючага агню, не
ўваходзілі ў храналагічныя і тэматычныя рамкі яго даследванняў.
У выніку для многіх гісторыкаў абарончага дойлідства Беларусі, якія ў сваіх
даследаваннях абапіраліся на публікацыі і навуковы аўтарытэт П.А. Рапапорта,
менавіта асобнае размяшчэнне стала галоўнай падставай пры аднясенні той ці
іншай вежы да ліку данжонаў.
У 1970 – 80-я гг. вывучэннем абарончага дойлідства Беларусі актыўна
займаўся Міхась Ткачоў. У
1978 г. выйшла з друку яго кніга «Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі
13 – 18 стст.», у якой
аўтар прысвяціў «вежам-данжонам» цэлы раздзел. Даследчык знаходзіўся пад
уплывам поглядаў П.А.Рапапорта і фармальнае разуменне сэнсу слова «данжон»,
несумненна, запазычыў ад апошняга. Ён пісаў: «Такое шырокае распаўсюджанне
веж-данжонаў тлумачыцца тым, што яны цалкам адпавядалі як ваенным, так і
сацыяльным патрабаванням эпохі: гэта быў ідэальны тып умацаванага жылля
феадала». На жаль
аўтар, як і П.А. Рапапорт,
рэальна не карыстаўся гэтым вызначэннем. Ізноў жа ўслед за П.А. Рапапортам М.А.
Ткачоў палічыў абгрунтаваным параўнаць мураваныя валынскія вежы 13 ст. з
данжонамі на падставе дапушчэння, што ў некаторых з іх «меліся памяшканні, якія
служылі не толькі для размяшчэння, але і для жылля абаронцаў».
На тэрыторыі Беларусі даследчык залічыў да данжонаў «стаўпы» 13 ст. у Камянцы,
Гародні і Бярэсці, вежу 13 ст., якая папярэднічала наваградскай Шчытаўцы, вежу
канца 13 – пачатку 14 стст., якая існавала на наваградскім Малым Замку, дзьве
вежы, 16 ст., вядомыя з малюнку Полацку, зробленага ў 1579 г. С. Пахалавіцкім,
і вежу, якая існавала ў Тураве і была разбурана ў 30-я гг. 19 ст.
Такая падборка можа тлумачыцца выключна тым, што асобнае размяшчэнне, а не
жылая функцыя вежы з’яўлялася для даследчыка падставаю пры аднясенні яе да
данжонаў. У канцы раздзела аўтар змясціў наступную выснову: «Як бачым, у другой
палове 13 – 14 ст. на землях Заходняй Беларусі былі распаўсюджаны ўмацаванні з
адзіночнымі мураванымі вежамі-данжонамі»[46].
Яшчэ ў адной кнізе М.А. Ткачова «Замки Белоруссии» (1987 г.) таксама ёсць раздзел, цалкам
прысвечаны «данжонам».
У параўнанні з папярэднімі публікацыямі даследчык дадаў да спісу беларускіх
«данжонаў» асобна размяшчыныя абарончыя вежы ў Мсціслаўлі, Радашковічах (16
ст.), Шклове (17 ст.) і вежу 15 ст. у Мядзелі. Ён таксама не выключаў
мажлівасць існавання асобна размешчаных вежаў на Горскім гарадзішчы і ў Пінску.
Але пры азнаямленні з раздзелам «Башни типа «донжон» в Белоруссии» складваецца
ўражанне, што ў другой палове 1980-х гг. М.А. Ткачоў ужо не быў так глыбока, як
у 1978 г., упэўнены ў слушнасці выкарыстання тэрміну «данжон» у дачыненні да
кожнай асобна размешчанай вежы і, у прыватнасці, вежаў, сабраных ім пад гэтым
загалоўкам. Нягледзячы на тое, што раздзел прысвечаны менавіта данжонам, пра
што сведчыць яго назва, аўтар так і не вызначыўся, з якім тыпам вежаў —
«донжон» ці «бергфрид» — «в определенной степени схожи» аб’екты яго
даследавання. Ён пазбягаў ўжывання слова «данжон» у тэксце раздзелу і
непасрэдна называў так чамусьці толькі драўляную вежу, рэшткі якой былі
вывучаныя падчас археалагічных даследаванняў у Мсціслаўлі[48].
М.А.Ткачоў вывучаў абарончае дойлідства Беларусі 13 – 18 стст. і добра
ведаў некаторыя вежы, якія былі спецыяльна пабудаваныя як жыллё. Напрыклад,
Княская вежа Крэўскага замку адначасова выконвала абарончыя функцыі і
з’яўлялася вялікакняскім палацам, пра што пісаў і сам даследчык. М.А.Ткачоў
ведаў, што данжон па сваёй сутнасці — гэта «ідэальны тып умацаванага жылля
феадала», і мог параўнаць рэальныя вежы-палацы з «данжонамі» П.А.Рапапорта. Але
заўчасная смерць перапыніла творчы пошук даследчыка. Для М.А. Ткачова данжон так і застаўся «одиночной башней»[49].
На працягу 15 палявых сезонаў з 1959 па 1981 гг. (з перапынкамі) Леанід
Васільевіч Аляксееў праводзіў археалагічныя раскопкі на Замкавай гары ў
Мсціслаўлі. У ходзе
даследаванняў аўтарам былі вывучаны рэшткі пяці пабудоў: першай згарэўшай, XIV–23, XVI–23, XIV–16; XIII –5, якія
змянялі адна другую на адным і тым жа месцы і стаялі ад самага пачатку і да
канца функцыянавання ўмацавання. Пабудовы XIV–23 і XIV–16 былі зробленыя з дубовых бярвенняў,
а XIV–16 нават з трохсценных зрубаў. Гэта прывяло Л.В.Аляксеева да высновы, што
пабудовы XIV–23 і XIV–16, як і XIII–5, ніжняя частка якой была забіта глінай, служылі мэтам абароны. Для
даследчыка стала відавочным, "что постройки, начиная со
сгоревшей первой, затем XIV–23; XIV–16 и XIII–5 — всё это были последовательно
возникшие в северной части мстиславской крепости башни-донжоны.".
Увогуле аб жылым прызначэнні данжона як
з'явы аўтар нават не згадвае. Ён механічна залічвае да данжонаў усе вядомыя яму
рэшткі асобна размешчаных вежаў,
паўтарае за Анатолем Кірпічнікавым тое, што данжоны з'яўляліся "узлами
дальнобойной обороны" і дадае ад сябе, што "донжон внутри крепости
был последним убежищем осажденных…». Далей на падставе вывучэння археалагічных
знаходак і пісьмовых крыніцаў аўтар прыходзіць да наступнай высновы: «…
башни-донжоны, и раньше и позднее возникшие на этом месте, сами служили местом
отправления религиозного культа». «… Я пришёл к заключению, что это
церковь-донжон…» — дадае даследчык.
Аргументы, прыведзеныя Л.В.Алексеевым на карысць выканання гэтымі пабудовамі
абарончай і культавай функцый выглядаюць цалкам пераканаўча, але, на вялікі
жаль, сам тэрмін створаны даследчыкам, выглядае недарэчным. Данжон — гэта
заўсёды дом, а царква калі і з’яўляецца домам, то хіба што домам Божым, таму
вызначэнне «царква-данжон», калі разумець данжон у яго сапраўдным
(«французскім») значэнні, пазбаўлена сэнсу.
Яшчэ М.А.Ткачоў залічыў дзве асобна размешчаныя вежы чыста ваеннага
прызначэння, якія існавалі ў 16 ст. у сістэме фартыфікацыйных збудаванняў
Полацка, да данжонаў.
Неаднаразова паўтараў гэта і Сяргей Тарасаў.
Відавочна, даследчык таксама разглядае данжон выключна як асобна размешчаную
вежу.
Трохі па-іншаму падыходзіў да пытання азначэння данжону гісторык
архітэктуры Юрый Якімовіч. Для гэтага аўтара данжон — «главная
многоэтажная башня феодального замка, которая служила местом последней защиты и
укрытием при нападении врага, наблюдательным и командным пунктом»[56].
Аб жылым прызначэнні данжону аўтар не
ўзгадвае. Ю.А.Якімовіч разглядаў данжон як архітэктурную дамінанту ў сістэме
замка, а замак, у сваю чаргу, як твор архітэктуры, як «средневековый комплекс
оборонительных сооружений, жилых, хозяйственных, культовых построек,
объединенных линией укрепления ...»[57].
Таму з ліку вядомых яму помнікаў на
тэрыторыі Беларусі даследчык залічыў да данжонаў Берасцейскі і Гарадзенскі
«стаўпы» 13 ст., дзве полацкія вежы 16 ст. і, нарэшце, цалкам слушна, вежападобны палац князя
Альгерда 14 ст., які існаваў на Верхнім
замку ў Віцебску[58].
Памылковая трактоўка данжона як асобна размешчанай вежы не была выключна
праблемай беларускай гістарычнай навукі. У 1970-я гг. яна замацавалася на ўсёй
тэрыторыі былога СССР. Напрыклад, «Большая советская энциклопедия» паведамляла пра гэта наступнае: «Донжон
(франц. donjon), главная,
отдельно стоящая башня феод. замка, четырёхугольная или круглая в плане,
поставленная в самом недоступном месте и служившая убежищем при нападении
неприятеля.»[59]
Цяпер неабходна разгледзець пытанне пра мэтазгоднасць ўжывання тэрміну
«данжон» у дачыненні да канкрэтных вежаў 13 – 14 стст. на тэрыторыі Беларусі. Пачнём з так званых валынскіх вежаў, якія ў
беларускай навуковай гістарычнай літаратуры часцей за ўсё называюцца данжонамі.
Пра існаванне ў Гародні ў другой палове 13 ст. мураванага «стаўпа» вядома з наступнага паведамлення
Іпацьеўскага летапісу, датаванага 1277 годам: «столпъ бо бе каменъ высокъ стоя перед вороты города, и бяхоу в
немь заперлися Проузи и не бысть имь мимо нь поити к городоу, побивахоуть бо со
столпа того, и тако пристоупиша к немоу и взяша и, Страхъ же великъ и оужасть
паде на городе и быша аки
мертве стояще на забролехъ города о взятьи столпа, зане то бысть оупование
ихъ»[60].
Мікалай Варонін у кнізе «Древнее Гродно» прапанаваў лакалізаваць летапісны
«стоўп» 13 ст. на тэрыторыі Старога замку. Ён пісаў, што гэтая вежа
знаходзілася «не буквально «перед воротами», но в ближайшем
соседстве с ними, выступая за линию стен так, что с башни можно было защищать и
стены («город»), и ворота»[61].
Даследчык выказаў меркаванне, што
пазней «стоўп» быў уключаны ў склад умацаванняў мураванага замку Вітаўта. Аўтар
атаясамліваў яго з высокай круглай вежай на гравюры 16 ст. Мацея Цюнта з выявай гарадзенскага Старога замку.
Погляды М.М.Вароніна падтрымалі П.А.Рапапорт,
М.А.Ткачоў,
Ю.А.Якімовіч, Аляксандар
Краўцэвіч, Алег
Трусаў, Валянцін Собаль, Ніна Здановіч[67].
Але не ўсе даследчыкі пагадзіліся з такой лакалізацыяй гарадзенскага
«стаўпа». У 1956 г. ў рэцэнзіі на кнігу М.М.Вароніна «Древнее Гродно» польскі
гісторык Станіслаў Александровіч уважліва прааналізаваў узгаданы ўрывак з
Іпацьеўскага летапісу і прыйшоў да высновы, што згодна з тэкстам гэтай крыніцы
«стоўп» мог знаходзіцца толькі па-за межамі града. Даследчык прапанаваў
лакалізаваць вежу на суседнім пагорку так званага Новага замку перад мастом.
Да падобных высноваў прыйшоў і беларускі археолаг Юрый Заяц. Ён пісаў: «Калі
«стоўп» знаходзіўся на Замкавай гары, то ўмацаваньні дзядзінца павінны былі
праходзіць не па краю яе пляцоўкі, што праблематычна з увагі на патрэбы абароны
і невялікія памеры пляцоўкі гары. Мы лічым, што «стоўп»-вежа хутчэй за ўсё
магла знаходзіцца на суседнім узвышшы, побач з ровам.»[69].
Калі ў 1954 г. М.М.Варонін выказваўся супраць мажлівасці размяшчэння гэтай
вежы на тэрыторыі пазнейшага Новага замку, ён кіраваўся не паведамленнямі
гістарычных крыніц, а фармальнай логікай. Даследчык проста не мог уявіць такую
вежу па-за межамі асноўнага ўмацавання, «так как стоило противнику
сжечь мост, как башня оказалась бы отрезанной и бесполезной»[70].
Але, напрыклад, умацаванні замка
Казімеж Дольны (Польшча) таксама складаюцца з дзвюх частак: уласціва замка і
аддаленай ад яго высокай, круглай асобна размешчанай вежы[71].
Адзіным сведчаннем існавання ў Гародні ў 13 ст. мураванага «стаўпа» з’яўляецца тэкст Іпацьеўскага
летапісу. Згодна з яго паведамленнем, абаронцы гарадзенскага града падчас
штурму не маглі аказаць ніякай дапамогі прусам у «стаўпе», хоць добра разумелі
значэнне апошняга ў сістэме абароны ўмацавання. Пасля захопу гэтай вежы
абаронцы Гародні «аки мертве,
стояще на забролехъ города».
Калі б «стоўп» стаяў у лініі абарончых
сценаў града, там, дзе яго размяшчае М.М.Варонін, пасля яго падзення яны проста
не мелі б ужо такой мажлівасці. Захоп «стаўпа» не прывёў аўтаматычна да захопу
града і атакуючыя «городоу не въспеша ничего же тако возвратишася во свояси.»[72]. Гэта сведчыць не на карысць размяшчэння яго на Замкавай
гары. Аргументы С.Александровіча і Ю.Зайца, такім чынам, з’яўляюцца больш
абгрунтаванымі. Пытанне пра лакалізацыю гарадзенскага «стаўпа» вывучана яўна
недастаткова, але на сучасны момант няма надзейных падставаў звязваць яго з
круглай вежай на гравюры з выявай Старога замка 16 ст.
Яшчэ П.А.Рапапорт пісаў, што асноўнай функцыяй гарадзенскай вежы з’яўляўся
абстрэл наваколля.
Версія пра выкарыстанне яе пад жыллё можа існаваць толькі ў якасці дапушчэння.
Яшчэ меней вядома пра «стоўп» 13 ст. у Бярэсці. Іпацьеўскі леапіс паведамляе пра яго наступнае: «В Берестии
же създа стлъпь каменъ высотою яко и Каменецкыи».
М.А.Ткачоў адзначыў, што вежа была
разбураная ў пачатку 30-х гадоў 19 ст. пры ўзвядзенні земляных бастыёнаў Берасцейскай крэпасці. Даследчык
прааналізаваў планы Бярэсця за 1798, 1800, 1803 і 1830 гады і прыйшоў да
высновы, што вежа была чатырохкутнай у плане са знешнімі памерамі блізкімі да
5,9 х 6,3 м. Ён меркаваў, што ў якасці бліжэйшай аналогіі берасцейскаму «стаўпу» можна разглядаць вежу
ў Стоўп’і на Валыні.
Дарэчы, з усіх валынскіх вежаў 13 ст. вежа ў Стоўп’і найменей нагадвае данжон.
Яе ўнутраныя памяшканні занадта мізэрныя (тры акруглыя ў плане пакойчыкі
дыяметрам каля 3 м), каб размясціць тут жыллё. Акрамя таго частку прасторы
мусілі займаць між'ярусныя драўляныя лесвіцы, якія на сучасны момант не
захаваліся[76].
У адрозненне ад астатніх валынскіх вежаў на тэрыторыі Беларусі камянецкі
«стоўп» цалкам захаваўся да нашых дзён. Іпацьеўскі летапіс пад 1289 г. з нагоды
смерці Уладзіміра Васількавіча пералічвае ўсе найважнейшыя падзеі з жыцця
гэтага князя, сярод якіх пабудову Камянца і ўзвядзенне «стаўпа» ў ім: «създа въ
нем столпъ каменъ высотою 17 сажнеи, подобенъ оудивлению всем зрящим на нь»[77].
Паўтараць апісанне вежы, якое неаднаразова зроблена ў навуковай гістарычнай
літаратуры, няма
патрэбы, але варта засяродзіць увагу на некаторых асобных момантах. У першую
чаргу гэта пытанне аб тым, дзе размяшчаўся першапачатковы ўваход у вежу. Калі ў
пачатку 1950-х гг. П.А.Рапапорт рабіў апісанне вежы, ён адзначыў: «В І ярусе
башни одна из разрушенных амбразур первоначально, быть может, была дверным
проемом. Вход в башню на уровне ІІ
яруса (до снятия наросшего слоя земли) представлял собою бесформенный пролом в
стене, пробитый на месте древней бойницы, часть амбразуры которой сохранилась
на боковой стороне этого пролома. В IV
ярусе башни, кроме бойниц, имеется дверной проём со стрельчатым завершением …
снаружи у низа этого проема имеются два довольно больших и глубоких отверстия
от балок, поддерживавших какую-то площадку или балкон»[79].
У сярэднявеччы ўваходы на ўзровені І і ІІ ярусаў (разбураная амбразура і
бясформенны пралом) хутчэй за ўсё не існавалі, а на іх месцах знаходзіліся
вузкія байніцы. На наш погляд, на момант узвядзення вежы ў ёй быў усяго адзін
дзвярны праём на ўзроўні IV яруса. Такое высокае размяшчэнне адзінага ўваходу
характэрна для германскага бергфрыда
і польскай wieży obrony ostatecznej.
Другое вельмі важнае пытанне — ці прызначаўся Камянецкі «стоўп» пад жыллё.
Даследчык абарончага дойлідства Беларусі Ігар Чарняўскі, які, дарэчы, прызнае
вежу данжонам на падставе дапушчэння аб выкананні ёю жылой функцыі, піша на
гэты конт наступнае: «характар аконных праёмаў Камянецкай вежы дазваляе
размясціць памяшканні гэтага тыпу (жылыя — М.М.)
на пятым ярусе. Аднак ніякіх рэшткаў ацяпляльных прыстасаванняў тут не
выяўлена. На падставе гэтага можна меркаваць, што жыллё ў вежы было часовым,
відаць толькі ў выпадку аблогі».
Дадаць да гэтага што-небудзь цяжка. У даным артыкуле ўжо адзначалася, што вежа,
якая выкарыстоўваецца абаронцамі пад часовае жыллё на час аблогі ўмацавання,
толькі на падставе гэтага не можа быць аднесена да данжонаў.
Камянецкі «стоўп» хутчэй нагадвае германскі бергфрыд, але ні ў якім выпадку
не данжон. Дарэчы, да такога разумення «галоўнага беларускага данжону» у
апошнія гады жыцця вельмі блізка падышоў М.А. Ткачоў..
Пра вежы ў Наваградку і Тураве наогул вядома вельмі мала, што не дазваляе з
упэўненасцю разважаць аб іх функцыянальным прызначэнні. Вежы 16 ст. у Полацку і
Радашковічах, 17 ст. у Шклове і Мсціслаўская «царква-данжон» Л.В.Алексеева былі
залічаныя да данжонаў выключна праз іх асобную рамешчанасць.
Аднак у 14 ст. на беларускіх землях існавалі вежы, якія можна назваць
данжонамі. Яны спецыяльна будаваліся як жыллё гаспадара замку і разам з
абарончай выконвалі функцыі палацаў. Гэта, у першую чаргу, Княская вежа
Крэўскага замка, якая захавалася да нашых дзён у руінах.
Крэўскі замак быў узведзены ў пачатку 14 ст. каля сучаснай вёскі Крэва
Смаргонскага раёну Гарадзенскай вобласці. У плане ён мае форму няправільнага
чатырохкутніка. Даўжыня паўночнай сцяны — 85 м, усходняй — 108, 5 м, паўднёвай
— 71,5 м, заходняй — 97,2 м. Першапачаткова вышыня муроў дасягала 12 – 13 м пры
таўшчыні 2,5 – 3 м. Замак меў дзьве вежы, якія былі ўзведзены праз 5 – 10 гадоў
пасля будаўніцтва сценаў і размяшчаліся ў кутах па дыяганалі[84].
Паўночная Княская вежа памерамі 18,65 х 17 м выступала за перыметр замкавых
муроў і фланкавала заходнюю, а таксама паўночную (у якой знаходзілася брама)
сцены ўмацавання. Вежа пры таўшчыні муроў ад 2,5 – 2,6 м на ўзроўні трэцяга
паверху да 3 м ўнізе мела вышыню больш за 25 м. Вышыня паверхаў дасягала 4,8 –
5 м, першапачатковыя перакрыцці паміж імі былі зробленыя на драўляных бэльках.
У сярэдзіне 15 ст. у цэнтры вежы быў узведзены слуп, на які абапіраліся
нервюрныя скляпенні. Будынак меў не менш як чатыры паверхі і склеп-турму ўнізе,
пераходы паміж якімі знаходзіліся ў тоўшчы сцен. Трэці і чацвёрты паверхі вежы
мелі вялікія вокны са спічастымі завяршэннямі, адкосы якіх былі размаляваны
фрэскамі. На гэтых паверхах размяшчаліся жылыя княскія пакоі, іх сцены і столь
таксама былі аздобленыя фрэскамі[86].
На думку І.М.Чарняўскага, важныя звесткі, на аснове якіх можна меркаваць
пра грамадзянскі, жылы характар Княскай вежы ёсць у беларуска-літоўскіх
летапісах. Даследчык аналізуе летапісны матэрыял і адзначае: «Назвы памяшканняў
«комната» і «камора», супрацьпастаўленне назвам турэмных цямніц «твержа»,
«тверза», «вежа», сведчаць пра наяўнасць у замку жылых памяшканняў, дзе можна
было змясціць, хай сабе і зняволенага, вялікага князя з жонкай»[87].
Княская вежа, якая яшчэ ў пачатку 20 ст. знаходзілася ў адносна добрым стане, была разбураная падчас першай
святовай вайны. На сучасны момант яе ацалелыя рэшткі дасягаюць вышыні каля 17,5
м[88].
Даследчыкі сярэднявечнага
абарончага дойлідства Беларусі за пасляваенныя дзесяцігоддзі назапасілі багаты
фактычны матэрыял як па асобных помніках, так і ў пытаннях тэорыі развіцця
фартыфікацыі на беларускіх землях. Асобныя недакладнасці не памяншаюць
навуковай вартасці іх працаў. У заключэнні хочацца адзначыць, што неабходнасці
ў запазычанасці і перанясенні ў беларускую рэчаіснасць прыгожага, але
малазразумелага для большасці чытачоў замежнага слова «данжон» (donjon) не
існуе. Аднак, калі сталася так, што яно з’явілася і трывала замацавалася ў
беларускай гістарычнай тэрміналогіі, пажадана прытрымлівацца яго
першапачатковага значэння.
|