БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 5 / 2001

ГІСТОРЫЯ

Памежныя спрэчкі паміж Каронай і Вялікім Княствам Літоўскім у 16-17 стст. на прыкладзе Мельніцкай і Берасцейскай земляў*

Дарота Міхалюк
(Торунь)
 

Польска-літоўскія памежныя спрэчкі ў 16-17 стст. былі тэмай працы Аліны Ваврыньчык[1]. Аўтарка прадставіла ў ёй найперш праўныя аспекты спрэчак з пункту гледжання Кароны і Вялікага Княства Літоўскага як да Люблінскай уніі, так і пасля яе заключэння. У дадзеным артыкуле аналізуюцца памежныя канфлікты толькі адносна Мельніцкай і Берасцейскай земляў, але менавіта яны цягнуліся найдаўжэй і скончыліся толькі ў 17 ст. Памежныя канфлікты паміж Мельніцкай і Берасцейскай землямі распачаліся з часу вылучэння першай  яшчэ ў перыяд, калі абедзве гэтыя зямлі знаходзіліся ў межах адной дзяржавы. Такім чынам, каб зразумець сутнасць спрэчкі аб адміністрацыйнай прыналежнасці маёнткаў на мельніцка-берасцейскім памежжы, належыць звярнуцца да таго часу, калі распачалося фармаванне Мельніцкай зямлі як асобнай тэрытарыяльнай адзінкі.

У сярэднявеччы ў гэтым рэгіёне найважнейшую ролю выконвалі абарончыя замкі ў Берасці і Драгічыне. Менавіта ад іх абшары над сярэднім Бугам і верхнім Наравам называліся зямлёй Берасцейскай ці Драгічынскай. Іншых назваў тагачасныя крыніцы не падаюць. Назва Падляшша з’явілася толькі ў канцы 15 ст. Падзел на землі Драгічынскую і Берасцейскую быў запачаткаваны, праўдападобна, у 12 ст. у перыяд феадальнай раздробленасці Русі. Першыя звесткі, якія дазваляюць меркаваць пра абшар падуладны Берасцю і Драгічыну, паходзяць з канца 13 ст. Да Берасцейскай зямлі тады належалі гарады: Берасце, Камянец, Бельск і Кобрын, да Драгічынскай – Драгічын і Мельнік[2].

На пачатку 14 ст. у перыяд крызісу Галіцка-Уладзімірскага княства вялікі князь літоўскі Гедымін далучыў Берасце і Драгічын разам з іх акругамі да Літвы. Пасля падзелу дзяржавы паміж сынамі перад яго смерцю, абшары паміж Нарвай і Бугам апынуліся ў межах Трокскага ўдзелу, які прыпаў Кейстуту, і на аснове якога паўстала на пачатку 15 ст. Трокскае ваяводства. Гэта быў час асаблівага абвастрэння барацьбы за падляшскія землі паміж літоўскімі, рускімі, мазавецкімі князямі і крыжацкім ордэнам. На захадзе сутыкаліся ўплывы Літвы і Мазоўша, якое захапіла Ганёндзкую воласць. У 1358 г. быў падпісаны памежны дагавор паміж князем Земавітам Мазавецкім і Кейстутам. Памежная рыса пралягла ўздоўж рэкаў Нетты, Бебжы, Малой Сухолды (Нераслі), Сліны[3]. У 1366 г. у трактаце, які прызнаваў уладу князёў Літоўскіх над Берасцейскай і  Драгічынскай землямі, тэрыторыя іх, аднак, ізноў апісвалася толькі праз пералічэнне найважнейшых гарадоў: Берасце, Драгічын, Мельнік, Бельск, Камянец, Кобрын[4]. Падлягаючы тым гарадам абшар, на ўсходзе ўпіраўся ў водападзел Піны і Прыпяці. На поўдні мяжа загарнула абшары на левабярэжжы Бугу, даходзячы да зямлі мазавецкага Ліву і малапольскага Лукава. Заходняя мяжа была ўстаноўлена дагаворам 1358 г. Ежы Вісьнеўскі звяртае ўвагу, што ў той час паўночную, усходнюю і паўднёвую межы Берасцейска-Драгічынскай зямлі акрэслівалі разлеглыя пушчы і балоты, якія цягнуліся ад ракі Супрасль праз вытокі Нарвы, верхні Мухавец, водападзел Прыпяці і Бугу, дзе паядноўваліся з далінамі рэк Влодаўкі і Півоні[5].

Працэс распаду гэтага абшару на меншыя адзінкі набыў паскарэнне ў 15 ст. Тады адбываецца больш выразны падзел на паўночна-заходнія землі, якія падлягалі мазавецкім уплывам, а таксама паўднёва-усходнія, дзе назіраецца пераважна рускае асадніцтва[6]. Пасля ўключэння надбужанскіх земляў у межы ВКЛ ліцвіны ўзводзяць сістэму абарончых замкаў у Мельніку, Драгічыне, Бельску, Берасці, якія таксама выконвалі адміністрацыйныя функцыі ў падлягаючых ім акругах. Сведчыць аб гэтым акт Уладзіслава Ягайлы, які надаваў у 1391 г. мазавецкаму князю Янушу terram nostram Drohiczensem castris districtibus omnibus in districtibus [7].

На аснове тых замкавых акругаў, пакрываючых, напэўна, абшар гарадскіх акругаў, праўдападобна паўсталі пазнейшыя паветы[8]. Наданне Драгічынскай зямлі Янушу аблегчыла распачаты ўжо падзел адзінай калісьці тэрыторыі. На гэта ўплывала  мазавецкая каланізацыя, якую інтэнсіўна падтрымліваў мазавецкі князь, пачынаючы з таго часу, калі першы раз, скарыстаўшы ўнутраныя замешкі ў ВКЛ, апанаваў Драгічын і Мельнік з ваколіцамі ў 1382 г. Канфлікт Вітаўта з Ягайлам  спрыяў падзелу надбужанскіх земляў на дзве часткі: Драгічынскую і Берасцейскую землі. Апошняя засталася ў валоданні Вітаўта, але ў хуткім часе была апанавана Ягайлам, які пасадзіў польскія залогі ў замках Берасця і Камянца.

На думку ранейшых даследчыкаў (А.Ябланоўскі, М.Любаўскі), Вітаўт здабываў сваю бацькаўшчыну па частках, што ў яшчэ большай ступені павінна было ўплываць на драбленне падляшскіх земляў. Як першую частку Вітаўт атрымаў Камянецкую акругу (1394 г.), затым Берасце з акругай (каля 1408 г.). Разам з тым Драгічынская зямля заставалася ў руках мазавецкіх князёў аж да 1443 г. Сучасныя даследчыкі (Е.Вісьнеўскі, Е.Ахманьскі, В.Ярмолік) лічаць, што Вітаўт цалкам вярнуў свой удзел яшчэ ў 1391 г. ці на пачатку 15 ст. разам з Драгічынскай зямлёй, якая толькі ў 1440-1444 гг. падпала пад панаванне мазавецкага князя Баляслава ІV, а той час адзначаўся інтэнсіўным наплывам мазавецкіх каланістаў. Займаючы пэўную пазіцыю ў тым пытанні належыць памятаць, што ў 1420 г. Вітаўт пацвердзіў упасажэнне каталіцкага  касцёла ў Мельніку, які тады належаў да Драгічынскай зямлі[9]. Такім чынам, калі не ўся зямля, дык яе ўсходняя частка мусілі знаходзіцца пад уладай Вітаўта.

Мазавецкая каланізацыя ўяўляла адзін з чыннікаў, якія ўплывалі на адметнасць паўночна-заходняй часткі Падляшша, найперш з прычыны надання Баляславам ІV мазавецкім асаднікам прывілеяў паводле польскага права. Іх захаванне гарантаваў Казімір Ягелончык пасля адабрання Драгічынскай зямлі і паўторнага далучэння да Літвы. Польскае права для гэтай тэрыторыі пацвердзіў Аляксандар Ягелончык у 1496 г.[10] Такім чынам Драгічынская зямля атрымала ў ВКЛ асобнае праўнае становішча.

Большасць гісторыкаў прызнае, што змест прывілею для Драгічынскай зямлі быў ідэнтычным з выдадзеным 22 лютага 1501 г. прывілеем для Бельскай зямлі[11]. Абедзве гэтыя землі атрымалі з пэўнымі абмежаваннямі польскае права: ад старасцінскіх судоў вызвалілі шляхту, уведзена арганізацыя судоў з выбарнымі ўраднікамі. Паводле літоўскага ўзору захаваўся абавязак варты ў гаспадарскіх замках. Было ўрэгулявана развязанне праўных пытанняў паміж праваслаўнымі русінамі, якія надалей падлягалі свайму праву, і мазавецкім насельніцтвам, жыўшым паводле польскіх правоў.

Нідзе не захавалася ўзгадак пра існаванне якога-небудзь асобнага прывілею адносна Мельніцкай зямлі. Праўдападобна, што нададзенае Драгічынскай зямлі польскае права было аўтаматычна пашырана на Мельніцкую зямлю, якая ўсё больш вылучалася як асобная тэрыторыя, але яшчэ канчаткова не сфармавалася. Падобным быў статус Мельніцкай зямлі ў 1516 г., калі выданы Зыгмунтам І прывілей касаваў датыхчасовыя абмежаванні ў польскім праве для territorium et . Аднак ужо акт устанаўлення Падляшскага ваяводства ў 1520 г. называў Мельніцкую зямлю апроч Драгічынскай, Берасцейскай, Бельскай, Камянецкай і Кобрынскай[12]. Можна дапусціць, што працэс фармавання Мельніцкай зямлі завяршыўся на мяжы 30-х і 40-х гадоў 16 ст., паколькі найдаўнейшыя гродскія кнігі Мельніка сягаюць 1537 г.[13] Дзесяць гадоў пазней літоўскія паслы дамагліся ад караля Зыгмунта Аўгуста ўтварэння ўрада падкаморага для сваёй зямлі.

Межы Мельніцкага павету ў першай палове 16 ст. не былі дакладна апісаныя, аднак можна прыблізна іх акрэсліць. Невялікі адрэзак паўднёвай мяжы Мельніцкай зямлі ўпіраўся ў раку Лівец, якая адначасова была мяжой Лукаўскага павету Люблінскага ваяводства з Падляшскім ваяводствам. На ўсходзе Мельніцкая зямля гранічыла з Берасцейскай зямлёй. Для памежнай рысы характэрнай была частая зменлівасць і адсутнасць стабільнасці амаль да канца 17 ст. На памежжы знаходзіўся шэраг мясцовасцяў спрэчнай і часта зменлівай павятовай прыналежнасці яшчэ да адміністрацыйнай рэформы ў ВКЛ і абвяшчэннем польска-літоўскай уніі. Прычынай таму было позняе вылучэнне Мельніцкай зямлі, усходняя і заходняя часткі якой прылягалі да двух моцных адміністрацыйных асяродкаў: Драгічына і Берасця.

Першым прыватным уладаннем на поўдні з боку Мельніцкага павету быў маёнтак Вознікі, у першай палове 16 ст. – уласнасць Забярэзінскіх, пазней Кішкаў. З боку Берасцейскага павету суседнічаў з імі маёнтак Міжрэчча. Наступныя мясцовасці Носава, Ціцібор і Бокавічы яшчэ перад адміністрацыйнай рэформай і Люблінскай уніяй характарызаваліся зменнай павятовай прыналежнасцю.

Двор Носава ў Мельніцкім павеце, які раней належаў да спадчыны каралевы-удавы Алены, у 1514 г. пасля яе смерці, быў нададзены Івану Іванавічу Пузыне ўзамен страчанага маёнтку ў Смаленскім ваяводстве. У часе судовага працэсу паміж сынамі Пузыны Васілём і Цімафеем, які адбываўся ў 1516 г., Носава было залічана да Мельніцкага павету[14]. Але, калі ў 1545 г. Носава атрымаў у валоданне Іван Васілевіч Лацкі, яго змясцілі ў Берасцейскім павеце[15].

Праўдападобна ад пачатку 16 ст. цягнулася памежная спрэчка адносна Бокавічаў. Мельніцкі стараста Няміра (1499 – 1533 гг.) засведчыў перад каралём, што Бокавічы належаць да Берасцейскага павету. Ва ўпісаным у 1556 г. да мельніцкіх кніг каралеўскім лісце, скіраваным да мельніцкага старасты, манарх забараняў позвы Палубінскіх з Бокавічаў праз мельніцкія суды, паколькі адпаведным для іх ёсць берасцейскі ўрад ці таксама каралеўскі суд. Верагодна, да Бокавічаў тады належала Лесна, якая таксама падлягала зменнасці павятовай юрысдыкцыі[16].

За Носавам мяжа Мельніцкага павету ішла ўздоўж берасцейскіх маёнткаў Казерады, якія належалі Багавіцінавічам, а таксама Янава, які належаў Луцкаму біскупу. Затым мяжа бегла на поўнач, перасякаючы Буг. З боку Мельніцкай зямлі заставаліся Нівіцы з Сутнам. На пачатку 16 ст. гэта была ўласнасць Солтанаў, якая ў 1548 г. была нададзена Жыгімонтам Аўгустам Станіславу Няміры - нашчадку Няміры Грымаліча, пачынальніка роду Няміраў[17]. Наступнымі памежнымі мясцовасцямі былі вёскі Мельніцкага староства: Залесе, Жэрчыцы, Паканева, Машчона, Баярска[18] і маёнтак Горнава з вёскамі Ваські і Любейкі[19].

З боку Берасцейскай зямлі на тым адрэзку памежнымі мясцовасцямі былі шляхецкія Літвіновічы, Велянава і Токары, а таксама Мілейчыцы – каралеўскае мястэчка, закладзенае ў 1516 г. Гэты клін, уціснуты паміж Камянцом, Бельскам, Мельнікам і Драгічынам, мог стаць пазнейшым набыткам Берасцейскага  павету за кошт Мельніцкага[20]. Але на гэта няма ніякіх пацверджанняў, апроч просьбаў мельніцкай шляхты пра зварот Велянава, Токараў, Літвіновічаў, Букрабаў і Цяляцічаў.

На невялікім адрэзку Мельніцкая зямля мeжавала з Бельскай. З боку Бельскай зямлі ў басейне Нурца[21] знаходзіўся маёнтак Боцькі, нададзены Жыгімонтам І Сапегам. Каля 1507 г. адбыўся абмен маёнткамі паміж Іванам Сапегам (віцебскім ваяводам і сакратаром Жыгімонта Старога) і мельніцкімі зямянамі Станіславам Мантовічам і яго братам Івашкам Глябовічам. Сапега аддаў ім сваё ўладанне Беразніца ў Бельскім павеце, а ўзамен атрымаў вёску Боцькі, якая знаходзілася на левым беразе Нурца ў Мельніцкім павеце. Гэтую вёску Мантовічы атрымалі ад караля Аляксандра. Яна мела аднолькавую назву з мястэчкам Боцькі, якое месцілася на другім беразе Нурца, аднак ужо ў павеце Бельскім, і было яшчэ раней набытае Сапегамі[22]. Гэты абмен нязначна змяніў памежную лінію паміж паветамі, пашырыўшы тэрыторыю Бельскага павету на паўднёвы бераг ракі Нурац, да  межаў шляхецкіх вёсак Андрыянкі ў Бельскім павеце і Якубоўскія ў Мельніцкім.

Мяжа паміж Мельніцкай і Драгічынскай землямі распачыналася па рацэ Нурац, а пасля схілялася на захад. З боку Драгічынскай зямлі памежнымі мясцовасцямі былі Андрыянкі[23], а таксама вёскі дробнай шляхты Выганава, Асмола, Зарэмбы, Верцель. Памежнымі мясцовасцямі з боку Мельніцкай зямлі былі шляхецкія вёскі Дзедкавічы, Ліпіны, Баратынец Шляхецкі, уласнасць Іжыковічаў Бацікі, а таксама вёскі Мельніцкага староства: Радзілоўка (Радзівілаўка) і Межвіцы. Названыя вёскі аточвалі cемятыцкія маёнткі, якія вылучыліся ў першай палове 15 ст. Да 1541 г. гэтыя ўладанні знаходзіліся ў межах Мельніцкага павету. У 1443 г. мазавецкія князі, якім у той час належала Падляшша, надалі іх варшаўскаму харужаму Баруце з Фалент, а той пакінуў іх пасля чарговага заняцця Драгічынскай зямлі ліцьвінамі[24]. Пасля былі ўласнасцю Судзімонтавічаў, Багавіцінавічаў і Тэнчыньскіх. У 1541 г. муж і жонка Тэнчыньскія звярнуліся з просьбай да караля Жыгімонта аб пераносе семятыцкіх добраў з Мельніцкага павету да Драгічынскага, патлумачыўшы гэта блізкім размяшчэннем іх адносна Драгічына[25]. Бяручы пад увагу, што адлегласць ад Сямятычаў да Мельніка і Драгічына амаль аднолькавая, тут адыгрывала ролю выгада вырашэння справаў у ваяводскім месце і вышэйшы ранг тамтэйшай канцылярыі[26].

Абмінуўшы шляхецкі Мянжэнін мяжа Мельніцкай зямлі бегла ўздоўж Бугу на захад да вусця ракі Точнай і на кароткім адрэзку ішла ўверх па рацэ. Зменная павятовая прыналежнасць была характэрнай у першай палове 16 ст. для Дражнева, які размясціўся на заходнім беразе р.Точнай. У 1504 г. чатыры жэрэбя, у тым ліку Дражнеўскі, які знаходзіўся ў Драгічынскім павеце атрымаў Няміра Грымаліч[27]. У 1528 г. Дражнеў быў залічаны да Мельніцкага павету[28].

Памежнымі мясцовасцямі з боку Мельніцкага павету былі шляхецкія мясцовасці Рускаў і Пучыцы, якія належалі да Рачкаў з Пучыцаў[29], Нямойкі, нададзеныя ў 1434 г. Жыгімонтам Кейстутавічам[30] Мікалаю Насуце Вышынскаму, дробнашляхецкія Навасельцы, Закры і Бернаты[31], а таксама Хадуноў разам з вёскай Давіды ў Лосіцкім старостве, уласнасць Янаўскага войтаўства луцкіх біскупаў[32]. Гэты адрэзак літоўска-мазавецкай мяжы часта быў прадметам даследаванняў памежных камісій. Асобнага каментару вымагае апісанне межаў, падрыхтаванае сумеснай камісіяй у 1546 г.[33] У гэтым апісанні  вёскі Бейды,  Клімы, Давіды, Шыдлоўка, Альшанка, Прухенькі і Карчоўка былі далучаны да памежных мясцовасцяў з боку ВКЛ, прычым залічаныя да Драгічынскай зямлі. Пра тэрыторыю Мельніцкай зямлі ўвогуле не згадваецца.  У інвентарах Мельніцкага замку з 1545 г. і 1551 г. вёскі Альшанка, Прухенькі, Карчоўка і Шыдлоўка (як Шылава) ўваходзяць у склад падлеглай мельніцкаму старасце Лосіцкай дзяржавы, размешчанай у межах Мельніцкай зямлі[34]. У апісанні камісіі не маем справы са свядомай памылкай, таксама, як і з раптоўным далучэннем некалькіх мясцовасцяў да тэрыторыі Драгічынскай зямлі. Задачай памежнай камісіі было найперш вызначэнне лініі дзяржаўнай мяжы паміж Каронай і Літвой, а не ўстанаўленне межаў паміж землямі. Гэтая сітуацыя аднак сведчыць аб тым, што ў канцы 40-х гг. 16 ст. працэс фармавання Мельніцкай зямлі не быў яшчэ завершаны. Найзручней было, асабліва падчас памежных спрэчак, карыстацца старымі і прызнанымі назвамі земляў. Яшчэ доўга пасля вылучэння Мельніцкай зямлі на яе абшар пашыралі назву зямлі Драгічынскай.

Неабходнасць больш дакладнага вызначэння мяжы паміж Берасцейскім і Мельніцкім паветамі была звязаная з адміністрацыйнай рэформай у ВКЛ, прынятай на скліканым 18 лістапада 1565 г. – 11 сакавіка 1566 г. сойме ў Вільні. У выніку гэтай рэформы былі ўтвораны новыя ваяводствы: Берасцейскае, Мсціслаўскае, Менскае, Валынскае, Брацлаўскае (Падольскае), а таксама кашталянствы: Берасцейскае, Мсціслаўскае, Менскае, Валынскае, Брацлаўскае, Жмуцкае, Кіеўскае, Полацкае, Віцебскае, Наваградскае і Падляшскае. Віленскі сойм агаворваў унутраную рэформу ВКЛ, ёй былі прысвечаны наступныя соймы: літоўскі, паўторна скліканы ў Вільні, і каронны - у Любліне. Мэтай рэформы было не толькі паляпшэнне кіравання разлеглай тэрыторыяй Літвы, але таксама падрыхтоўка грунту пад запланаваную польска-літоўскую унію. Гэтаму павінна было служыць стварэнне па ўсёй Літве земскіх і падкаморскіх судоў па ўзору польскай працэдуры, а таксама запазычанае з тэрытарыяльнага падзелу Кароны ўстанаўленне новых ваяводстваў. Лічба ваяводаў, якім належала засядаць у будучым польска-літоўскім сенаце аўтаматычна падлягала падвышэнню, ствараючы тым самым супрацьвагу сенатарам з Кароны[35].

Адміністрацыйная рэформа зменшыла абшар Падляшскага ваяводства, з якога былі вылучаны Берасцейская і Камянецкая землі. Такім чынам мяжа паміж Берасцейскім і Мельніцкім паветамі стала мяжой, якая падзяляла два ваяводствы. Усходняя мяжа Мельніцкага павету была акрэслена вельмі агульна: odmiasta od rzeki, południe aż do granic Больш дакладна была апісана заходняя мяжа Берасцейскага павету: od Parczowa granicą koronną do Woina [Wohynia], odtąd do Międzyrzeca, do łosickiej granicy i do mielnickiej, po prysud mielnicki i bielski do Kleszczel aż do Żołobatych Mostów [36].

Ухвала сойму выклікала пратэсты Мельніцкай шляхты. На гарадзенскім сойме 1568 г. яна прасіла вярнуць Мельніцкаму павету маёнткі і парафіі, якія здаўна да яго належалі:  Семяцічы кн. Слуцкага, Бокавічы кн. Палубінскіх, Вітуліна, Міжрэчча, Янава, Казерады, Высокае Клевацкага (ці Хлявіцкага), Вуліна (Вяланова), Токары Крупіцкага, Белую, Барысаву Волю, Літвіновічы, частку Дзедкаўскай парафіі, Носава пана Ляцкага, а таксама шляхецкіх ваколіцаў: Іваноўскія, Ваханоўскія, Цяляцічы, Букрабы[37]. Семяцічы і Дзедкаўская парафія ляжалі на мельніцка-драгічынскім памежжы, астатнія мясцовасці знаходзіліся на берасцейска-мельніцкай мяжы.

Прэтэнзіі падляшскіх земляў, больш ці менш абгрунтаваныя, перасоўвалі першасныя межы Мельніцкага павету значна далей на паўднёвы ўсход, чым яна была акрэслена ў часе адміністрацыйнай рэформы. Ужо гаварылася аб першаснай прыналежнасці да Мельніцкага павету Сямятычаў і Боцькаў, а таксама зменнай прыналежнасці Носава, Бокавічаў і, верагодна, Літвіновічаў, Вяланава і Токараў. Астатнія вымагаюць асобнага разгляду.

Ужо ў пачатку 17 ст. існавалі дзве версіі аб найранейшым наданні міжрэчанскіх земляў. Першым іх уладальнікам шляхта Мельніцкага павету называла Абрахама Хамца. Пры гэтым спасылалася на прывілей Ягайлы, складзены на лацінскай мове ў 1390 г., які надаваў міжрэчанскія маёнткі in terra nostra in Drohicensi fluvium [Krzna] sita)[38]. Звяртае ўвагу прыпісванне гэтых земляў адміністрацыйнай адзінцы, падлеглай Драгічыну. Менавіта гэта, а таксама факт, што напачатку міжрэчанскія ўладанні ўтваралі адзінае цэлае з Вознікамі, Белай, Вістычамі і Яблычнай было галоўным аргументам на карысць далучэння іх да Кароны. Іншая версія сцвярджала, што Міжрэчча было нададзена вялікім князем Вітаўтам Сільберку ці Мікалаю Насуце ў 1430 г., што было пазней пацверджана Жыгімонтам Кейстутавічам і каралямі Казімірам, Аляксандрам, Жыгімонтам і Жыгімонтам Аўгустам[39]. Мікалай Насута, уладальнік Міжрэчча, Белай, Вознікаў, Яблычнай і Вістычаў перадаў іх сыну Яну Насуце, берасцейскаму, а пазней гарадзенскаму старасце, на якім мужчынская лінія гэтага роду скончылася. Яго дачка Ганна ў канцы 15 ст. унесла маёнтак Насутаў у дом заможнай сям’і Забярэзінскіх праз шлюб з Янам Юр’евічам Забярэзінскім, літоўскім дворным маршалкам і полацкім старастам. І тут супольныя лёсы гэтых маёнткаў разышліся. Пасля трагічнай смерці Яна Забярэзінскага толькі міжрэчанскія землі перайшлі да яго сына Яна.

У сваю чаргу Белая і Вістычы як частка мацярынскіх уладанняў прыпалі ў надзел дачцы Яна Забярэзінскага, жонцы берасцейскага старасты Юрыя Іванавіча Іллініча, які ў 1510 г. атрымаў вялікакняскае пацверджанне на Белую і Вістычы. Юры Іллініч сабраў у ваколіцах Берасця вялікія ўладанні, цэнтр якіх знаходзіўся ў Чарнаўчыцах[40]. Разам з Белай  яму прыпалі Ціцібор (праўдападобна Ціцібор Вялікі), Грабанаў, Варгуляны, Дакудаў і Казярады. Пасля смерці Юрыя маёнткі былі падзелены паміж яго сынамі Янам і Шчасным Іллінічамі, а таксама зяцямі Абрахамам Юзэфовічам і Пятром Кішкам. У сваю чаргу пасля смерці Станіслава Іллініча яго частку атрымала ўдава Юзэфовіча Ядвіга, якая прадала яго сваёй сястры Ганне Кішцы[41]. Такім чынам Белая апынулася ў валоданні Кішкаў і Шчаснага Іллініча, а затым яго сына Юрыя. У рэвізіі Берасцейскага староства з 1566 г. узгадваецца двор у Белай паноў Іллініча і Кішкі[42]. Юры Іллініч не пакінуў нашчадкаў, але ўсынавіў Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіротку, сына свайго апекуна, якому запісаў у 1566 г. частку сваіх літоўскіх уладанняў, у тым ліку і частку Белай[43].

Каля ўсходняй мяжы Лосіцкага староства, аж да мяжы Міжэрыцкай і Бельскай валасцей знаходзіліся Вознікі, нададзеныя Мікалаю Насуце вялікім князем Жыгімонтам, верагодна, разам з усёй Міжэрыцкай воласцю[44]. У канцы 16 ст. гэтая воласць налічвала 19 вёсак, з якіх апрача Вознікаў  да больш значных належалі Божая Воля, Хушлеў і Лавы, а таксама Сілівонікі, Мшаная, Ліўкі, Дзядкоўскія, Крывасняты. У 1534 г. Жыгімонт Стары выказаў згоду, каб Ян Забярэзінскі запісаў свайму сыну маёнткі Міжрэчча у Берасцейскім павеце, а таксама Вознікі ў Мельніцкім. У тым часе ўжо існаваў выразны павятовы падзел суседніх уладанняў. У 1541  ці 1555 г. Вознікі трапілі да Кішкаў, у іх валоданні былі яшчэ ў 1580 г.[45] Тэрытарыяльная прыналежнасць тых маёнткаў да Мельніцкай зямлі ніколі не выклікала сумненняў памежных камісій.

Можна дапусціць, што прэтэнзіі мельніцкіх зямянаў на Міжрэчча, Белую, Вознікі грунтаваліся на іх супольным радаводзе і першаснай еднасці. Паколькі Вознікі былі залічаныя да Мельніцкай зямлі, то па той жа логіцы таксама Міжрэчча і Белая мусілі знаходзіцца ў яе межах. Шляхта таксама аргументавала, што гэта Ян Забярэзінскі адарваў міжрэчанскія добра пад юрысдыкцыю Берасцейскага павету.

Прэтэнзіі мельніцкіх зямянаў дасягалі таксама Казярадаў і Ціцібора. У 1513 г. у дакуменце, які пацвярджаў наданне Багавіціну ўладанняў Казярады і Нерлі каля ўпадзення ракі Крзны ў Буг, узгадвалася, што гэта былі наданні вялікіх князёў Вітаўта і Казіміра[46]. У вайсковым попісе 1567 г. выступае “Іванова Багавіцінава Казярадка”, якая выстаўляла агулам 25 коней і 12 драбаў з Казярадаў і Вортэля і іншых добраў. Іван Войніч Багавіцін выстаўляў з Казярадаў толькі аднаго каня, другога з валынскіх маёнткаў і звыш павіннасці яшчэ два кані[47]. У любым выпадку ўладальнікі Казярадаў ставілі коней да Берасцейскай харугвы. Ціцібор пры Казіміры Ягелончыку належаў да Берасцейскай воласці. Нават яшчэ ў 1577 г. пані Пятровай Капцёўскай у яе маёнтку Ціціборы было ўручана пасланне Берасцейскага земскага суда[48]. Аднак ужо Станіслаў Алепскі ў 1580 г. з маёнтка сваёй жонкі Ціцібору  ў Мельніцкай зямлі даў з трох аседлых валокаў па 30 грошаў[49]. Абодва маёнткі Ціцібор і Казярады перайшлі ва ўласнасць падляшскага  ваяводы Мікалая Кішкі, падчашага ВКЛ ( з 1555 г.), драгічынскага старасты (з 1558 г.), уладальніка ўжо значнага комплексу ўладанняў на мельніцка-берасцейскім памежжы[50].

Мельніцкая шляхта таксама высоўвала прэтэнзіі на Вітулін і Бокавічы. Вітулін выступаў ў крыніцах разам з Гарадзішчам, Россашу і Яблоню як адзіны комплекс маёнткаў. Гарадзішча, верагодна, атрымаў з рук Казіміра Ягелончыка Васіль Андрэевіч Палубінскі, сын Андрэя і напэўна Багавіцінаўны з Падляшша, пазнейшы маршалак мсціслаўскі і радомельскі ( 1521 ці 1522 г.)[51] Да 1519 г. (магчыма, у 1503 г.) Жыгімонт надаў яму Яблань і Палубічы з Россашам з некалькімі фальваркамі і 15 вёскамі, а таксама разлеглымі лясамі. У дакуменце было запісана, што азначаныя ўладанні знаходзяцца ў Мельніцкім павеце[52].  Пасля яго ўладальнікам Вітуліна, Гарадзішча і Россашы быў князь Іван Васілевіч Палубінскі, старэйшы сын князя Васіля Андрэевіча, які ў 1533 г. пашлюбіўся з Раінай Капцёўнай, дачкой Капця Васілевіча, маршалка і пісара гаспадарскага, і Марыі Канстанцінаўны, крошынскай княжны. У маі 1558 г. князь Іван Васілевіч Палубінскі, мсціслаўскі стараста, склаў тэстамент, паводле якога трэцяя частка Гарадзішча, а таксама грашовыя сумы з двух іншых, адыходзілі да жонкі Раіны Капцёўны. Большасць уладанняў, у тым ліку Россаш, Гарадзішча, Вітулін і Яблонь, атрымала Марына, дачка Льва, другога сына Васіля Палубінскага, паводле запісу, зробленага яшчэ пры жыцці старога князя[53]. Раптоўнае абвастрэнне спрэчкі за тыя маёнткі і за Бокавічы, якія, магчыма, належалі нейкай пабочнай лінні Палубінскіх, павінна было пачацца пасля польска-літоўскай уніі.

Мы ўжо гаварылі пра зменную павятовую прыналежнасць Носава. У 1567 г. у попісе войска падляшскі ляснічы Іван Іванавіч Ляцкі выступіў з Носава і Чэмер у Берасцейскім павеце[54]. У 1568 г. у просьбе падляшскіх зямянаў да караля Носава Івана Ляцкага прызнана няправільна далучаным да тэрыторыі Берасцейскага павету. Магчыма, што перанос Носава да Берасцейскага  павету адбыўся, калі яго ўладальнікам стаў Юхна Ваньковіч. Як сябра каралеўскай рады ён не быў абмежаваны павятовай юрысдыкцыяй[55].

Прыкладаліся таксама намаганні далучэння Янава, сядзібы луцкіх біскупаў. Напачатку гэта была вёска Порхаў, якую ў 1423 г. Вітаўт падараваў кафедральнаму касцёлу. У 1465 г. луцкі біскуп Ян Ласовіч надаў гэтай вёсцы Берасцейскага павету Хелмінскае права, назваўшы ад свайго імені Янавам[56]. На жаль невядома, на якой падставе прадстаўнікі Мельніцкага павету даказвалі неабходнасць далучэння Янава да Падляшша.

Былі  таксама просьбы аб далучэнні да Мельніцкага павету маёнткаў Іваноўскіх, Ваганоўскіх, Высокага, Літвіновічаў, Токараў і Цяляцічаў. Ваганаў, цэнтр разлеглых уладанняў, з’яўляецца ў крыніцах ужо ў часы Казіміра Ягелончыка. Перад 1539 г. ад Ваганоўскага маёнтку адышло Высокае[57]. Здаецца, Высокае не належала да адной асобы. У 1539 г. тут выступае некалькі ўладальнікаў, напэўна прадстаўнікоў адной сям’і: Юры Пятковіч, Едка і Юры Кухмістровічы[58].  У 1567 г. мястэчка Высокае Берасцейскага павету было ў руках Хлявіцкага, напэўна  таго самога, якога ўзгадваюць мельніцкія паслы, просячы аб вяртанні да Мельніцкага павету Wysokiego Klewackiego[59].

На поўнач і ўсход ад Ваганава і Высокага размяшчаліся шляхецкія ваколіцы: Токары, узгаданыя сярод наданняў Казіміра Ягелончыка ў сярэдзіне 15 ст., заселеныя моцна разгалінаванай шляхтай Такажэўскіх, а таксама Веланова, Літвіновічы і Целяцічы, ўзгаданыя ў 1502 г. У выпадку Токараў прэтэнзіі мельніцкай шляхты тычыліся толькі часткі, якую складала ўласнасць Станіслава Крупніцкага, уладальніка суседняга Веланова і іншых маёнткаў у Берасцейскім і Драгічынскім паветах, і не датычылі той часткі Токараў, якая належала сям’і Такажэўскіх[60].

Прэтэнзіі датычылі толькі часткі Токараў, адначасова мельніцкая шляхта дамагалася цалкавітага звароту Цяляцічаў. Цяляцічы былі падзеленыя паміж сям’ёй Леўшаў (наданне Аляксандра з 1502 г.) і Быкоўскіх (наданне Аляксандра, пацверджанае ў 1510 г.) і афіцыйна размежаваныя ў 1516 г. Першапачатковая павятовая прыналежнасць гэтай тэрыторыі не высветленая. Ускосна сведчыць пра гэта справа, якая вялася ў 1565 г. супраць Копця Васілевіча за адарванне Вярховічаў ад Камянецкага павету Берасцейскага ваяводства і далучэнне да Мельніцкага павету. Тыя землі былі аддзелены ад Мельніцкага павету якраз азначанымі Токарамі, Літвіновічамі, Цяляцічамі Берасцейскага павету. У выпадку ўпарадкавання дакументацыі справы, мяжа паміж Мельніцкім і Берасцейскім паветамі прадстаўляецца так: Od Międzyrzeca i Białej, w których rzeka Krzna cziecze, z powiatem brzeskim idzie imieniem Wozniczkiem [Woźniki], kthore iest w powiecze Mielniczkiem a z Janowskiem imieniem [dobra Janów] woiewodzthwa Brzesczkiego imienie Gnojno paniey Niemierzynej powiatu mielnickiego przez rzekę Bug, taż granica idzie dzieląc te powiaty. Tamże paniej Niemierzynej Niwicze [Niwice] w mielnickiem ze wsią królewską Krynkami, Koniuchami brzesckiemi graniczą. Odtąd zasię idzie mielnicka granica z brzesckiem powiatem wsiami JKM ku Milejczycam z Puzyczami [Puczyce] i sliacheczkiemi Tokarami i Telatyczami w rzekę Nurzec, która dzieli Milejczyce od Pokaniewa wsi mielnickiej i tą rzeką Nurzec do rzeki Nura, gdzie ziemie Kaleczyccy [Kaleczyce], jedni do Brzescia, a drudzy za rzeką do bielskiego powiatu przytykają. Od tych miejsc idzie granica Brzesckiego powiatu z bielskim powiatem między różnemi imiony, Puszczą Bielską i Białowieską mimo Wierzchowice [Wierzchowice], które są w delimitacji nieboszczyka króla sławnej pamięci Zygmunta Augusta, którą okręgu jurysdykcjiej wojewodztwa brzesckiego raczył[61].

Прэтэнзіі шляхты да часткі Дзядкоўскай парафіі з’яўляюцца, падобна як і ў выпадку Літвіновічаў і Токараў, нейкім следам іншага пралягання павятовых межаў. Касцёл у Дзядкавічах быў уфундаваны ў 1431 г., у 16 ст. належалі да яго вёскі як Мельніцкай зямлі, так і Драгічынскай. Напэўна менавіта адносна іх агучваліся прэтэнзіі, але пры гэтым не ўзгадваліся іх назвы. На адрэзку Якубоўскія-Любейкі-Дзедкавічы звяртае ўвагу ненатуральна доўгі і вузкі кавалак Мельніцкай зямлі, які глыбока ўклініўся ў тэрыторыю зямлі Драгічынскай.

Вылучэнне з межаў Падляшскага ваяводства Берасцейскай і Камянецкай земляў і ўключэнне ў Берасцейскае ваяводства з’яўлялася адным з падрыхтоўчых этапаў польска-літоўскай уніі. Выдзяленню даўніх падляшскіх земляў ў межы новаўтворанага ваяводства спрыяў асаблівы характар усходняй і заходняй частак гэтага разлеглага абшару. Пачатковая тэрыторыя Падляшша не была аднолькавай. Больш паяднаныя з этнічнага і прыроднага пункту гледжання былі землі, далучаныя да Берасцейскага ваяводства, заселеныя галоўным чынам “рускай” люднасцю. Знаходзіліся тут басейны двух вялікіх рэкаў – Бугу і Прыпяці. Разглеглыя балоты ў іх далінах аддзялялі гэты абшар ад іншых падляшскіх земляў. Адрозненні ў характары абодвух частак першапачатковага Падляшскага ваяводства былі заўважнымі таксама ў сферы судаводства. Драгічынская зямля (і Мельніцкая) ад 1496 г., а Бельская ад 1501 г. акрамя літоўскага права карысталася таксама правам польскім. Далучаныя да Берасцейскага ваяводства землі засталіся пры літоўскіх правах. Падляшская шляхта мазавецкага паходжання цягнулася да Кароны, просячы караля на Віленскім сойме 1565/6 г., каб o ich obywatelami obmyśliwać, a do unii z sposobić raczył, co jeśliby nie było, tedy ukrainą rychło być rozumieją[62].

Праз тры гады была падісана Люблінская унія. Каралеўская канцылярыя падрыхтавала два прывілеі, адзін сумесны для Падляшша і Валыні, другі больш падрабязны Прывілей далучэння Падляшскай зямлі да Кароны Польскай[63]. Усе жыхары Падляшша былі вызвалены ад юрысдыкцыі ВКЛ і падданыя кароннаму праву. Датычыла гэта галоўным чынам магнацкіх сем’яў і некаторых шляхецкіх, паколькі значная частка падляшскіх зямянаў ужо падлягала польскаму праву. Скаргі на судовыя вырокі цяпер трэба было накіроўваць да каронных канцылярый і ўрадаў. Былі скасаваныя ўсялякія падаткі і мыты за выключэннем выплаты двух грошаў ад аседлай валокі. Былі пацверджаныя ўсе ранейшыя наданні і заставы вялікакняскіх земляў, а таксама замены грунтаў. У выпадку тых асобаў, якія не маглі прадставіць прывілеяў на спадчынныя ўладанні, кароль пагадзіўся one dobra na czasy trzymać tymże prawem będą: ani będą przymuszani dokładzenia listów albo przywilejów przed nami. Да прысягі на вернасць Кароне абавязалі дыгнітажаў, ураднікаў і старастаў. Дыгнітажам і падляшскім паслам былі вылучаныя ў сойме месцы пасля паслоў Мазавецкага ваяводства. Абяцана ім было не змяншаць лічбу ўрадаў, у выпадку ж вакантных пасадаў tamże [tj. na Podlasiu] rodakom szlachcicom possessią mającym będziemy je konferować i rozdawać[64].

На Люблінскі сойм для складання прысягі выклікалі не толькі падляшскіх і валынскіх ўраднікаў, але таксама некаторых найбуйнейшых магнатаў, якія праўда, ніякіх пасадаў на тым абшары не займалі, але валодалі разлеглымі маёнткамі. З Падляшша выклікалі: трокскага ваяводу кн. Стэфана Збаражскага, як дзедзіча Міжрэчча; кн. Юрыя Слуцкага, які праз шлюб з Катажынай Тэнчыньскай увайшоў у валоданне Сямяцічамі і Орляй; наваградскага ваяводу Паўла Сапегу, уладальніка маёнтку Боцькі; віленскага кашталяна Рыгора Хадкевіча, які трымаў у пасэсіі Супрасль, Хорашч, Заблудаў і Дойліды;  віцебскага ваяводзіча Яна Кішку, якому яго маці Ганна з Радзівілаў уступіла Венграўскія ўладанні ў Драгічынскай зямлі. З’явіцца ці ставіцца на сойме таксама мусілі віленскі ваявода Мікалай Радзівіл Руды і яго стрыечны пляменнік Мікалай Крыштаф, як дзедзічы Мордаў, а таксама князь Іван Палубінскі[65]. Апошняга запрасілі памылкова, аб чым сведчыць чарговае запрашэнне, адрасаванае гэтым разам да жонкі Івана Палубінскага Раіны з Копцяў. Яе муж памёр у 1558 г., не пакінуўшы нашчадкаў па мужчынскай лініі. Землі, якія яму належалі – Россаш, Гарадзішча, Яблынь, і аб далучэнні якіх хадайнічала мельніцкая шляхта, былі падзелены паміж удавой Івана Раінай і яго пляменніцай (братаніцай) Марынай з Палубінскіх Капцёвай Нарушэвічавай. Позву для складання прысягі на вернасць кароне атрымалі Ваганоўскія. Можна, такім чынам, дапусціць, што былі таксама прадпрынятыя пэўныя намаганні да прылучэння не толькі Ваганава, але і суседніх ім маёнткаў: Токараў і Цяляцічаў. Спецыяльным універсалам на сойм выклікалі кн. Стэфана Збаражскага, які прызнаваў прыналежнасць Міжрэчча да падляшскай Мельніцкай зямлі. Больш таго, складання прысягі на вернасць Кароне чакалі таксама ад літоўскага падканцлера Яўстафія Валовіча з часткі дзяржаў нададзенага яму Берасцейскага староства. Адносна тых мясцовасцяў, найстаражытнейшых на берасцейска-люблінскім памежжы, з даўніх часоў вяліся заўзятыя спрэчкі[66].

Вогынь з’явілася ў пісьмовых крыніцах  пад канец 13 ст., калі вялася барацьба за гэты абшар паміж Уладзімірам і Львом Раманавічамі і Лешкам Чорным. У выніку Лешак заняў Вогынь, але не надоўга, бо пазней забраныя абшары над Крзной зноў належалі да Галіцкай Русі. У 1323 г. загінулі два апошнія яе ўладальнікі Леў і Aндрэй. За іх спадчыну змагаліся венгры, палякі і ліцьвіны. Гедымін, выкарыстаўшы гэтыя замешкі, заняў Падляшша з Берасцем, уступіўшы такім чынам у канфлікт з Мазоўшам. У 1349 г. гэты абшар разам з Галіцкай Руссю заняў кароль Казімір Вялікі. У канцы 14 ст. – на пачатку 15 ст. (перад 1416 г.) Вогынь, Ломазы і Палубічы апынуліся ў Польскім Каралеўстве. У 1447 г. вялікі князь Казімір адарваў іх ад Парчэўскага староства Люблінскай зямлі і далучыў да Берасця як частку гаспадарскіх валасцей. Аліна Вавжыньчык звяртае ўвагу, што гэта было магчымым толькі адносна спрэчных абшараў з няпэўнай тэрытарыяльнай прыналежнасцю, датычна якіх манарх быў перакананы і ўпэўнены, што яны знаходзяцца ў яго вялікакняскім дамене. У адваротным выпадку адарванне ад Кароны яе земляў і далучэнне да ВКЛ не выглядае праўдападобным [67]. У сярэдзіне 16 ст. Вогынь і ваколіцы гт.зв. "тракту вогыньска-ломазскага" ўтваралі найбольш каштоўную частку Берасцейскага староства[68]. Справу тэрытарыяльнай прыналежнасці Ломазаў і Вогыня не развязалі шматразова скліканыя літоўска-польскія памежныя камісіі. У часе размежавання, праведзенага ў 1456 г., абодва бакі прадставілі пераканаўчыя аргументы, аднак тыя мясцовасці засталіся ў складзе ВКЛ ў тагачасным Падляшскім ваяводстве, а пасля адміністрацыйнай рэформы 1565/6 г. апынуліся ў межах Берасцейскага ваяводства.

На Люблінскім сойме 1569 г. Яўстафі Валовіч напачатку ўхіляўся ад складання прысягі за тыя землі[69]. Толькі пасля неаднаразовых напамінаў паслоў кароль 22 сакавіка адабраў у Валовіча спрэчныя дзяржавы і аддаў радомскаму кашталяну Яну Тарле. Канчаткова 13 верасня 1569 г. Жыгімот Аўгуст выдаў прывілей, якім вяртаў ужо паслухмянаму яго волі Яўстафію Валовічу адабраныя дзяржавы. Утворанае Вогыньскае староства было далучана да Падляшша. Паслы патрабавалі, каб у склад яго уключылі ўсіх тых уласнікаў, якія першапачаткова належалі да Берасця, але добраахвотна далучыліся да Падляшша.

На літоўскі сойм тры паветы Падляшскага ваяводства: Драгічынскі, Мельніцкі і Бельскі выслалі шэсць паслоў, з якіх толькі тры бралі ўдзел у тайных паседжаннях кароннага сената 4 сакавіка, калі іх азнаёмілі з планам далучэння Падляшша да Кароны. Гэта былі паслы з Драгічынскай зямлі: Мікалай Буйна, харунжы драгічынскі і мельніцкі (1565-1569 гг.) і Адам Касінскі, гаспадарскі маршалак (1567?-1571 гг.) і драгічынскі земскі пісар (1554-1569 гг.). Яны з’яўляліся прадстаўнікамі шматлікай на Падляшшы мазавецкай шляхты. Апошні быў пароднены з ліцьвінскай магнацкай сям’ёй Іжыковічаў. Трэцім з’яўляўся прадстаўнік гэтага старога роду – бельскі пасол Каспер Іжыковіч, падкаморы мельніцкі ( 1567-1578). Абодва мельніцкія паслы Аляксандар Хіньча і Станіслаў Рачка  выехалі з Любліна разам з іншымі панамі і пасламі ВКЛ. Каспер Іжыковіч, уладальнік добраў у Мельніцкім і Берасцейскім паветах, пад націскам літоўскіх магнатаў, таксама хутка пакінуў Люблін[70].

8 сакавіка канчаткова склалі прысягу драгічынскія паслы Буйна і Касінскі, а таксама паслы Бельскай зямлі - дробны шляхціч Бжазоўскі і вернуты з дарогі Іжыковіч. Яны зрабілі гэта пасля запэўніванняў, што з боку Кароны атрымаюць дапамогу і абарону ад ліцьвінаў, паколькі да іх даходзілі звесткі пра вялікае незадавальненне апошніх. Падобным  чынам, перамагаючы страх перад сваімі пратэктарамі прысягаў драгічынскі войскі і літоўскі пісар Мацей Савіцкі, дзяржаўца інтратнага Мельніцкага староства. Ён паходзіў з дробнашляхецкай сям’і польскага паходжання. Сваёй кар’ерай быў абавязаны пратэкцыі Радзівіла Рудага. Як супрацоўнік канцылярыі ВКЛ Савіцкі не пакінуў Любліна, аднак настойліва прасіў караля аб вызваленні ад  складання прысягі, якую аднак злажыў пад пагрозай страты староства. 10  сакавіка з’явіўся адсутны дагэтуль мельніцкі пасол Аляксандар Хінча - мельніцкі войскі (1656-1571 гг.), які паходзіў з асеўшай на Падляшшы багатай мазавецкай шляхты. Становішча яго было вельмі нязручным, паколькі апроч падляшскіх маёнтка ён меў уладанні на Літве, якія межавалі з землямі жамойцкага старасты Яна Хадкевіча, быўшага ў прынцыпе прыхільнікам уніі, але не згоднага на яе падпісанне паводле ўмоваў польскага боку. Астатнім з падляшскіх паслоў прысягу на вернасць Кароне злажыў Станіслаў Рачка, прадстаўнік заможнай падляшскай шляхты, праўдападобна рускага паходжання[71].

Паказальнымі былі паводзіны луцкага біскупа Віктарына Вяжбіцкага, які не прыехаў на сойм, а ліст з абгрунтаваннем сваёй адсутнасці nie napisał ani po łacinie, ni po rusku, хаця сам паходзіў з польскай шляхты гербу Радван[72]. Яго пазіцыя ў справе уніі з’яўлялася вельмі важнай, паколькі ўлада біскупа пашыралася на дзве спрэчныя зямлі. Рашучым праціўнікам  уніі на польскіх умовах былі таксама трокскі кашталян і бельскі стараста Юры Хадкевіч, Радзівілы і князь Канстанцін Астрожскі[73].

Супраціў і адсутнасць падляшскіх магнатаў, якія найчасцей апраўдваліся хваробай, прымусілі караля да паўторнага выслання мандатаў, пры чым яны адрасаваліся ўжо да іншых прадстаўнікоў роду. Былі зроблены таксама пэўныя папраўкі. Замест памерлага князя Палубінскага запрашэнне накіравалі да адной з яго наследніц Раіны з Копцяў. Кароль таксама пісаў гэтым разам не да кн. Стэфана Збаражскага, а да яго сына Пятра Збаражскага, пакольскі той пераняў міжрэчанскія землі па памерлай матцы Ганне Забярэзінскай[74].

Упершыню атрымалі мандаты таксама некаторыя падляшскія сем’і руска-літоўскага паходжання, якія падлягалі, як і раней, літоўскаму праву. Гэта былі, сярод іншых, браты Ваганоўскія, якія жылі ў шляхецкай ваколіцы Берасцейскага павету, а таксама гаспадыня Янава Іжыковічава, удава мельніцкага старасты.

Шматтыднёвы супраціў складанню прысягі з падляшскіх і валынскіх уладанняў на вернасць кароне быў зламаны ў траўні. Для нашых разважанняў вельмі істотным ёсць тое, што прысягу на вернасць кароне склалі: трокскі ваявода кн. Петр Збаражскі з міжрэчанскіх уладанняў; яго бацька  Стэфан зрабіў тое самае з валынскіх маёнткаў. Даў сябе пераканаць таксама літоўскі падканцлер Яўстафі Валовіч. Ён толькі папярэдзіў, што яго прысяга не датычыць часткі староства з боку ВКЛ, а толькі спрэчных вогыньска-ломазскіх абшараў [75].

Справу уніі падтрымаў урэшце луцкі біскуп Вяжбіцкі, які прыехаў на паседжанні сената 22 траўня на чале прадстаўнікоў Валыні. Не склаў прысягі са сваіх падляшскіх уладанняў Хадкевіч, таму яго маёнтак Харошч, які знаходзіўся ў межах Падляшскага ваяводства, фактычна стаў анклавам Трокскага ваяводства на тэрыторыі Падляшша, падлягаючым літоўскаму праву. У Трокскім ваяводстве знаходзіліся таксама іншыя ўладанні Хадкевіча: Гарадок, Заблудаў, Дойліды.

Інкарпарацыя Падляшша ў Карону істотна змяніла мяжу Мельніцкага павету з Берасцейскім. Яна атрымала новае значэнне, паколькі мяжа паміж Берасцейскім ваяводствам і Падляшскім стала дзяржаўнай мяжой. Адной з прычынаў супраціву ліцьвінскай шляхты складанню прысягі на вернасць Кароне была пастанова Люблінскага сойму пра пашырэнне юрысдыкцыі кароннага права на ўсе далучаныя землі. У Мельніцкай зямлі розныя шляхецкія ўладанні падлягалі рознай юрысдыкцыі: Кароны ці ВКЛ, у залежнасці ад часу надання. Спецыфічныя ўмовы надання прычыніліся да таго, што Мельніцкая, Драгічынская і Бельская землі апроч земскіх літоўскіх прывілеяў карысталіся польскім судовым правам.

У 60-я гг. 16 ст. на Літве была праведзена рэформа судаводства. На бельскім сойме 1564 г. тыя, хто ажыццяўляў суд – ваяводы, старасты, дзяржаўцы –добраахвотна адракліся на карысць вялікага князя ўсялякіх правоў на судаводства і прыбыткаў з гэтага. Бельскі прывілей зацвярджаў таксама добраахвотнае адрачэнне права судзіцца выключна вялікакняскім судом з боку ўсіх тых, хто такое права меў. ІІ Літоўскі статут у рэдакцыі 1564 г. уводзіў у Літве два тыпы судоў: земскія і гродскія. Толькі пасля паправак, зробленых на Віленскім сойме ў студзені 1565 г. быў уведзены падкаморскі суд паводле ўзору кароннага судаводства. Аднак належыць звярнуць увагу, што ў Літве кожны павет меў асобны земскі суд, а павет земскага суда адпавядаў тэрыторыі адміністрацыйнага павету[76]. Мельніцкая зямля ўяўляла адзіны адміністрацыйны і судовы павет. Далучэнне новых тэрыторыяў, якія падлягалі раней берасцейскаму земскаму суду, вымагала змены ў арганізацыі судовай структуры на абшары Мельніцкага і Берасцейскага паветаў. На практыцы гэта азначала таксама неабходнасць пераносу судовай канцылярыі з Берасця ў Мельнік. На грунце юрысдыкцыі ўласна і вынікалі спрэчкі паміж Берасцейскім і Мельніцкім паветамі, якія найбольш датычылі старой тэрытарыяльнай структуры, называнай "трактам вогыньска-ломазскім". Шляхта, якая там жыла, насуперак сваёй волі выклікалася да Берасцейскага ці Мельніцкага суду. Ліцьвінскі бок меў прэтэнзіі да новай інтэрпрэтацыі мяжы Падляшскага ваяводства, а асабліва да вымушанага праз караля і каронных паслоў далучэння да Падляшша Ломазаў і Вогыня. Здаецца, на Люблінскім сойме 1569 г. была выкарыстаная сітуацыя міждзяржаўных тэрытарыяльных зменаў каб далучыць гэты спрэчны абшар да Кароны, не зважаючы на  тое, у якім ваяводстве ён урэшце застанецца.

Перад Люблінскай уніяй Вогынь і Ломазы былі часткай Берасцейскага староства, якая разам з дробнымі шляхецкімі ўладаннямі цягнулася вузкім пасам з паўднёвага захаду на паўночны ўсход у кірунку Берасця, падзяляючы землі міжрэчанскія і россашска-гарадзішчанскія. Амаль з трох чвэрцяў таго абшару было ўтворана новае Вогыньскае староства. Яно ахоплівала два мястэчкi Вогынь і Ломазы, а таксама 30 вёсак: Вогынь, Осава, Дзеравічна, Рудна, Віскі, Бярозавы Кут, Каралеўскі Брод, Валіна, Варанец, Каданец, Пашкі, Карпачы, Вільхі, Крываберва, Цёмна, Хола, Ворцель, Касцянкова, Любенка, Студзёна, Княжа, Хошча, Тучна, Капытнік, Добрынка, Палоскі, Дубровіца, Ветса, Харашчынка, Каралеўская Бокінка, Вычулкі. Усе гэтыя мясцовасці патрапілі ў люстрацыю падляшскіх добраў, праведзенай ужо ў наступным годзе пасля уніі канарскім кашталянам Рафалам Сляткоўскім, ленчыцкім пробашчам Янам Барукоўскім, які быў кракаўскім канонікам і каралеўскім сакратаром, а таксама велюнскім войскім Габрыэлям Маслоўскім[77]. Ураднікі трокскага кашталяна і дзяржаўцы вогыньскага і берасцейскага Яўстафія Валовіча падалі пратэст рэвізорам адносна справы Дубровіцкага войтаўства, няслушна, на іх думку, далучанага да Вогыня. Яны даказвалі, што Дубровіцкае войтаўства, якое ахоплівае вёскі Добрынка, Палоскі і Вялікую Дубровіцу przedtym [przed unią 1569r.] należało do miasteczka Piesczatek [Piszczac], a do dworu kijowickiego [dwór Kijowiec] ku starostwu brzeskiemu należącego, ale że je p.[dworzanin królewski Jan Stanisław] Kroczowski był podał panu [Janowi] Tarłowi ku Łomazom[78].

Апроч Вогыньскага староства, якое было каралеўскай уласнасцю, прэтэнзіі Кароны датычылі шэрагу шляхецкіх уладанняў у акрузе "тракту". Спрэчкі за тыя тэрыторыі бралі пачатак з 15 ст. Разам з Ломазамі і Вогынем Казімір далучыў да Літвы ў 1447 г. Палубічы, дробнашляхецкія ўладанні Перавалока і Хмелева, Копіна, Перагаліны і Жэлязну. У выпадку Перавалокаў і Хмелева дзяржаўная мяжа была праведзена ўздоўж ракі Півоні і падзяліла тутэйшую шляхту. Частка Перавалоцкіх і Хмялеўскіх жыла ў Літве, частка засталася ў Кароне. З часоў прыналежнасці таго абшару да Кароны захавалася касцёльная структура: дзесяціна з Перавалокаў ішла да касцёлу ў Парчаве, які знаходзіўся ў Люблінскім ваяводстве[79]. Шляхта, якая там жыла, на сойме ў 1576 г. прасіла караля даць ёй уласны павет і старасцінскі ўрад у Ломазах, Парчове ці Вогыні[80]. У тым самым годзе каронныя люстратары запісалі, што перавалоцкая, хмялеўская, перагалінская і копінская  шляхта хоча належаць да Мельніка. Галоўным яе прадстаўніком (і сваім таксама) быў Каспар Дэмбінскі, у руках якога знаходзіліся набытыя праз шлюб маёнткі Палубінскіх і Копцяў: Россаш, Гарадзішча, Палубічы, Бокавічы і Вітулін.

Дэмбінскі меў шмат прычынаў, каб старацца далучыць свае маёнткі да Кароны, адкуль, з Малапольшчы, паходзіла ягоная сям’я. Наверх выбіўся найперш яго бацька Валенты, які займаў найвышэйшыя дзяржаўныя пасады, быў кашталянам бецкім і кракаўскім, меў пасаду кароннага рэферэндара, вялікага кароннага падскарбія[81]. Ён быў гарачым прыхільнікам уніі, над якой, як каронны канцлер, асабіста працаваў ад 1564 г. Сваю кар’еру Каспар Дэмбінскі распачынаў як дваранін Жыгімонта Аўгуста. У Малапольшчы меў тры каралеўшчыны, гт.зв. "tenutę" ражнішэўскую, адданую яму бацькам, і таму меў тытул старасты ражнішэўскага. Набыў дзве вёскі ў Хэнцімскім павеце: Новую Весь і Пценец[82]. У валоданне землямі на берасцейска-падляшскім памежжы ўвайшоў праз шлюб ў Марынай Іванаўнай Капцёўнай, уступіўшы ў шматлікія маёмасныя спрэчкі з яе блізкімі і далёкімі сваякамі, у тым ліку з Капцямі і Сангушкамі[83]. Стараючыся за жонку і яе пасаг, Дэмбінскі (з 1580 г. мельніцкі падкаморы) уступіў у канфлікт з віленскім ваяводам Мікалаем Радзівілам Сіроткай, у які мусіў умяшацца сам Жыгімонт Аўгуст, імкнучыся ўтрымаць абодва бакі ад гвалту[84]. Прычынай стала спадчына жонкі Дэмбінскага Марыны па Копцях і Палубінскіх, якая засталася пад апекай Радзівілаў. На думку апошніх Дэмбінскі незаконна ўзяў адзін з маёнткаў – Яблынь. Аднак на канфлікт паміж Радзівілам і Дэмбінскім не трэба глядзець скрозь прызму прыватных справаў. Спрэчка за тыя прыватныя ўладанні, аддзеленыя ад Кароны Вогыньскім староствам, вырастала да спрэчкі аб дзяржаўнай прыналежнасці памежных тэрыторый. Калі Радзівілы дамагаліся патрэбных вырокаў літоўскіх судоў супраць Дэмбінскага, у яго абарону паўставалі каронныя паслы[85]. Прысуджэнне тых уладанняў Дэмбінскаму азначала згоду на ўключэнне іх у межы Кароны, пакіданне ў руках Радзівілаў - гарантавала ім юрысдыкцыю ВКЛ.

З нагоды пратэстаў ліцвінскай шляхты, адносна дзяржаўнай мяжы, на варшаўскім сойме была створана камісія для яе ўстанаўлення. Яна сабралася ў наступным годзе ў Мельніку ў значна зменшаным складзе. Замест дзесяці асобаў прыехалі толькі чацвёра, якія з прычыны кепскага сакавіцкага надвор’я не выехалі нават на месца, абмежаваўшыся зборам і апісаннем прывілеяў і сведчанняў прымежнай шляхты. Яўстафі Валовіч, які прадстаўляў літоўскі бок, склаў скаргу супраць выклікаў судом Мельніцкага павету шляхты з Берасцейскага павету. Прыпомніў пры гэтым że powiat Brzesczki jurisditią swą od woiewodztwa Podliaskiego, albo raczey ziemie Podliaskiey był y iesth oddzielony, a używał zwycziow y prawa swego Lithewskiego, pod woiewodztwem Troczkiem, iako tesz y ziemia Podliaska, będącz w on czas wespołek z ziemią Brzesczką pod regimenetem wielkiego xięsthwa Lithewskiego, thakże używała do dostąpienia praw polskich, ktorych sobie u królow ich mośczi Zygmuntha pierwszego y Zigmuntha Augustha, przodków iego królewskiey mośczi, dosthała. Ktorhe prawa polskie przed skończeniem y przy skończeniu uniei nie roscziągali się daley, tylko po the granicze, kthoremi stharodawna ziemia Brzesczka z ziemią Podliaską dzielą się[86]. Як вынікае з гэтага  і наступных лістоў, сабраных камісіяй, Валовіча цікавіла галоўным чынам справа абсягу праўнай юрысдыкцыі абодвух паветаў. Менш увагі ён прысвячаў праблеме пралягання мяжы, прызнаючы нават, што камісія была створаная каралём не для вызначэння літоўскай і кароннай межаў, а толькі для адмежавання двух ваяводстваў[87]. На яго скаргу адказаў польскі бок, прдстаўлены мельніцкім старастам Войцэхам Савіцкім і земскім суддзёй Пятром Паткоўскім. Яны нагадалі, што калі найбольш спрэчныя тэрыторыі, ці "вогыньска-ломазскі тракт" узяў у дзяржаву Ян Тарле, тады частка мясцовай шляхты пайшла пад гродскі і земскі мельніцкія суды. Значна далей пайшоў Каспар Дэмбінскі, які сцвярджаў і пры гэтым спасылаўся на хронікі Марціна Кромера і Яна Длугаша, што не толькі Мельніцкі павет, але нават усё Берасцейскае ваяводства павінны належаць да Кароны Польскай. Дэмбінскі ставіў пад сумненне правадзейнасць камісіі ў няпоўным складзе, закідваў ёй недахоп кампетэнцыі, а таксама аспрэчваў правамоцнасць склікання яе праз караля, выказваючы неабходнасць стварэння памежных камісіяў кожны раз спецыяльнай соймавай канстытуцыяй. Такі падыход супярэчыў папярэдняй практыцы, аднак пазней азначаная прапанова была прынятая[88].

Каспар Дэмбінскі прыкладаў вялікія намаганні дзеля трывалага далучэння шляхецкіх уладанняў, якія знаходзіліся ў абшарах "вогыньска-ломазскага тракту", да Падляшскага ваяводства. Пас гэтыў земляў аддзяляў маёнткі падкаморага ад астатняга Падляшша, таму бяспечней было і гэты абшар далучыць да Кароны. Дэмбінскі распачаў энергічную барацьбу, ангажуючы ў яе драбнейшую шляхту, засяляўшую спрэчны абшар, і, дарэчы, часта знаходзіў у яе падтрымку. Яго актыўнасць пацвярджаюць ужо лісты, сабраныя камісіяй 1579 г., але, бясспрэчна, вядучую ролю ў тым прадпрыемстве паказвае ўступ і матэрыялы, сабраныя ў выдадзенай у 1622 г. брашуры Commissia alboproces między W-Podlaskim, między W-Brzesckim.

Уладальнікам дробнага маёнтку Жэлязна на берасцейска-мельніцкім памежжы быў слуга Дэмбінскага Себасцян Бесякерскі, які ажаніўся з удавой берасцейскага падсудка Якуба Грычыны і адразу выказаўся за далучэнне да Мельніцкага павету[89]. Правоў на маёнтак дамагаліся, зразумела, і іншыя прадстаўнікі сям’і Грычынаў, паколькі Якуб меў  яшчэ трох братоў: Андрэя, Фалька і Аляксандра. Пачатак маёнтку звязаны з іх бацькам - вогыньскім войтам Гаўрылам Іванавічам Грычынам, якому ў 1538 г. берасцейскі стараста параіў засяліць новую вёску na dubrowach