|
ГІСТАРЫЯГРАФІЯ І КРЫНІЦАЗНАЎСТВА
Намінацыйныя прывілеі на павятовыя земскія пасады з кніг запісаў Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага першай паловы 17 ст. як крыніца па гісторыі Беларусі.
Віталь Галубовіч
(Наваполацк)
Нягледзячы на досыць актыўнае даследаванне кніг запісаў
Метрыкі ВКЛ у гістарыяграфіі, на сённяшні дзень нявырашаным, а дакладней,
нераспрацаваным, застаецца цэлы блок праблемаў. Звязана гэта, перш за ўсё, са
слабым веданнем парадка вядзення справаводчай дакументацыі і кампетэнцыі
цэнтральных установаў ВКЛ на працягу 14 – 18 стст. Вынік, а хутчэй, прычына,
гэтага – адсутнасць цэласнага ўяўлення пра змест кніг запісаў і іншых відаў
кніг Метрыкі за ўвесь час іх фармавання.
У 15 - 16 стст., калі адбываўся працэс вылучэння асобных
відаў кніг Метрыкі, для практыкі канцылярыі ВКЛ было характэрным аб’яднанне пад
адным загалоўкам адрозных па паходжанні (як кніга запісаў 16) ці прызначэнні
дакументаў. Толькі пры канцы 16 – першай
палове 17 ст. канчаткова склалася відавая і зместавая
аднастайнасць кніг Метрыкі.
Пры безумоўным дамінаванні пажалаванняў на зямельныя ўладанні пэўную частку
аб’ёма кніг запісаў складалі прывілеі на цэнтральныя і мясцовыя пасады ў ВКЛ.
Адзначым, што па розных прычынах намінацыйныя прывілеі ў 16 ст. досыць часта
траплялі ў кнігі судовых справаў Метрыкі. Намінацыйныя прывілеі з’яўляюцца той
часткай кніг запісаў першай паловы 17 ст., якая пачынае займаць усё большы
аб’ём з ростам функцый апарата кіравання і адпаведным павелічэннем колькасці
пасадаў у дзяржаве, а таксама, не ў апошнюю чаргу, у сувязі з жаданнем уладаў
забяспечыць сабе падтрымку ў грамадстве праз стварэнне новых урадаў. У
некаторых выпадках намінацыйныя прывілеі займаюць дзесяткі старонак запар, як у
кнізе запісаў № 111, і складаюць другую па колькасці групу дакументаў пасля
зямельных пажалаванняў. Павелічэнне аб’ёма матэрыялаў справаводства, як і
колькасці іншых крыніц увогуле, з’яўляецца ў цэлым характэрнай рысай крыніц
новага часу не толькі ВКЛ, але і іншых краінаў[1].
Намінацыйныя прывілеі Метрыкі ВКЛ ужо на працягу некалькіх
стагоддзяў прыцягваюць увагу даследчыкаў. Такая цікавасць была выкліканая,
найперш, тым, што ў кнігі Метрыкі ўносіліся копіі прывілеяў на ўсе залежныя ад
волі манарха пасады з пазначэннем не толькі імя новага ўрадніка, але і даты яго
зацвярджэння. Звядзенне ў храналагічныя шэрагі імёнаў і датаў давала магчымасць
гісторыкам карыстацца неабходнымі даведачнымі матэрыяламі. Спробы апрацаваць
намінацыйныя прывілеі Метрыкі ВКЛ былі прадпрынятыя яшчэ ў 19 ст. Унікальную
для свайго часу працу зрабіў Юзаф Вольф, аўтар фундаментальнага даследавання
“Сенатары і саноўнікі Вялікага Княства Літоўскага 1386 – 1795” (Кракаў, 1885).
Кніга ўяўляе сабой даведнік, створаны пераважна на падставе кніг запісаў
Метрыкі. Ю.Вольф апрацаваў (на жаль, не заўсёды дакладна) частку намінацыйных
прывілеяў на цэнтральныя пасады ў ВКЛ. У мэты кнігі, відавочна, не ўваходзіў
усебаковы аналіз намінацыйных дакументаў як крыніцы. Па-за ўвагай гісторыка
засталіся ўсе прывілеі на мясцовыя земскія і некаторыя іншыя пасады.
Больш стагоддзя праца Ю.Вольфа заставалася адзінай сінтэтычнай
апрацоўкай намінацыйных прывілеяў архіву канцылярыі ВКЛ. Нельга, аднак,
пакінуць па-за ўвагай тое, што польскія даследчыкі актыўна выкарыстоўвалі ў
другой палове 20 ст. матэрыялы кніг запісаў, і ў тым ліку, прывілеі на пасады,
але прадметам асобнага аналізу яны станавіліся толькі ў кантэксце вырашэння
праблемаў гісторыі дзяржаўнага ладу ці, увогуле, даведачнага характару. Працы
А.Закшэўскага і іншых даследчыкаў дэманструюць прыёмы і метады аналіза
намінацыйных прывілеяў[2].
З другой паловы 80-х гадоў 20 ст. польскія гісторыкі пачалі
выдаваць спісы ўраднікаў асобных рэгіёнаў Рэчы Паспалітай. Сярод з’явіўшыхся за
апошнія 15 гадоў зборнікаў найбольшую каштоўнасць для айчыннай гістарычнай
навукі ўяўляе том, апрацаваны Генрыкам Люлевічам і Анджэем Рахубам -
“Цэнтральныя ўраднікі і саноўнікі Вялікага Княства Літоўскага” (Курнік, 1994).
Канструкцыя кнігі вельмі падобная на аналагічныя польскія тамы серыі і мае
выгляд размешчанага ў алфавітным парадку пераліку ўраднікаў і саноўнікаў.
Кожнаму раздзелу-спісу асобаў папярэднічае невялікая гістарычная даведка пра
адпаведную пасаду. Усе асобы ў спісе выступаюць з тытулам, які насілі ў час
намінацыі. Паведамляецца таксама дата намінацыі, па кім атрыманая пасада і
далейшы лёс урадніка.
Агаворваючы ва ўступе адсутнасць поўнага пераліку ўраднікаў
ВКЛ, аўтары адзначылі, што “ідэалам было б улічыць усе пасады, якія падпадаюць
пад формулу “Вялікае Княства Літоўскае”.
Такім чынам, і гэтае выданне ахапіла далёка не ўсе віды намінацыйных прывілеяў.
Па-за межамі кнігі апынуліся намінацыі на мясцовыя пасады (у тым ліку
апрацаваныя Ю.Вольфам прывілеі на ваяводствы). Базавай крыніцай для гэтай
працы, як і для папярэдняга сінтэза, была Метрыка ВКЛ. Кніга Г.Люлевіча і
А.Рахубы, хаця і з’яўляецца найдасканалейшай, а ў пэўным сэнсе, вычарпальнай
апрацоўкай асобных матэрыялаў кніг Метрыкі, тым не меньш, не дае інфармацыі пра
ўсе магчымасці аналізу намінацыйных прывілеяў. Змест намінацыйных прывілеяў на
шмат багацейшы за кароткую выбарку, прадстаўленую ў кнізе. Праўда, аўтары яе на
большае не прэтэндуюць.
У апошнія гады намінацыйныя прывілеі прыцягнулі ўвагу
беларускіх і ўкраінскіх гісторыкаў. У шэрагу працаў да гэтай праблемы
звяртаецца даследчык з Менску Андрэй Радаман[4]. Цікавасць выклікае таксама
артыкул Пятра Кулакоўскага пра земскіх ураднікаў Чарнігава-Севершчыны.
Апрацоўка спісаў павятовых ураднікаў ВКЛ, аналагічных вышэйзгаданаму
цэнтральнаму, досыць актыўна вядзецца ў Польшчы і ў Беларусі.
Каштоўнасць намінацыйнах прывілеяў, на наш погляд, узрастае
пры іх апрацоўцы непасрэдна ў кантэксце першакрыніцы, як яе неад’емнай часткі.
Нашу ўвагу прыцягнулі прывілеі на мясцовыя (павятовыя) земскія пасады як
найменей даследаваная частка намінацый кніг запісаў Метрыкі ВКЛ 1-й паловы 17
ст.
За перыяд з 1599 да 1648 г. у складзе Метрыкі захавалася 38
кніг запісаў (№ 85-122), сярод якіх кнігі запісаў 87, 90, 97, 98, 101, 105,
108, 116 утрымліваюць смаленскія, северскія і лівонскія дакументы. Намінацыйныя
прывілеі, якія датычацца беларусках паветаў ВКЛ, хаця і з’яўляюцца дастаткова
шырока прадстаўленым відам дакументаў, тым не менш, не ва ўсіх кнігах запісаў
іх можна сустрэць. Так, за выключэннем смаленскіх, северскіх і лівонскіх кніг,
намінацыі адсутнічаюць ў кнізе № 94, якая змяшчае прывілеі, пажалаванні, а
таксама каралеўскія рашэнні па апеляцыях на пастановы магдэбургскіх судоў, №
107, асноўны змест якой – акты, прадстаўленыя ў канцылярыю для засведчвання, №
115, куды патрапілі пераважна лацінамоўныя дакументы, а дамінуюць матэрыялы,
датычныя віленскай капітулы, № 117 з каралеўскімі пацверджаннямі прыватных
справаў, № 120, складзенай хаатычна з дакументаў 2-й паловы 17 ст., № 122, у
складзе якой пераважна прывілеі і пацверджанні.
Адразу адзначым, што не ўсе намінацыі, выдадзеныя ўраднікам
ВКЛ ў першай палове 17 ст., захаваліся ў складзе Метрыкі. Яшчэ ў адной з першых
рэцэнзій на кнігу Ю.Вольфа адзначалася : “Хто ведае лёсы метрыкі, лёгка
зразумее, што ўсіх намінацый знайсці ў яе актах нельга, хаця б таму, што не ўсе
кнігі захаваліся”. Нават
улічваючы наяўныя пропускі, якія толькі нязначна перашкаджаюць праследжванню
паслядоўнасці займання павятовых ўрадаў, можна сцвярджаць, што кнігі запісаў за
адзначаны перыяд захаваліся калі не ўсе, то амаль усе.
У структуры кніг запісаў, якая сама па сабе дастаткова
неакрэсленая, намінацыйныя прывілеі не займаюць шмат месца, за пэўнымі
выключэннямі (адзначаная кніга № 111). Парадак размяшчэння прывілеяў залежаў ад
таго, у якой паслядоўнасці супрацоўнікі канцылярыі запаўнялі старонкі асобнай
кнігі: храналагічнай ці па наяўнасці дакументаў, г.з., без нейкай сістэмы. У
гэтым сэнсе намінацыйныя дакументы не адрозніваліся ад іншых відаў матэрыялаў
Метрыкі.
Асаблівасцю намінацый было тое, што вельмі часта яны
выдаваліся каралём цэлымі серыямі, калі адбываліся хуткія змены ў павятовай
адміністрацыі ў сувязі з кар’ерным ростам або смерцю аднаго ці некалькіх
ураднікаў. Ад парадку запаўнення кніг запісаў залежала, адпаведна, як і куды
запісвалі намінацыі. Калі кніга запісаў складалася па прынцыпу храналогіі, то
вельмі часта можна сустрэць актыкаваныя запар два-тры і болей намінацыйныя
прывілеі, якія датычаць аднаго павета. Актыкацыя некалькіх прывілеяў на
намінацыі ў адным павеце ўплывала на змест дакументаў, бо пісары нярэдка
скарачалі змест наступных (другога і г.д.), маючы на ўвазе, што дастаткова
азнаёміцца з абставінамі, апісанымі ў першым. Спецыфіка складання кніг запісаў,
якая заключалася таксама і ў тым, што справы за адзін і той жа год траплялі ў
розныя кнігі, абумовіла знаходжанне некаторых намінацый, выдадзеных у адзін
час, у некалькіх кнігах.
Нельга не
спыніцца на такім істотным аспекце як мова намінацыйных дакументаў. У цэлым
адзначым, што ў першай палове 17 ст. старабеларуская мова справаводства
канцылярыі ВКЛ пакрысе замяняецца на польскую. Выклікана была такая эвалюцыя
рэаліямі тагачаснага жыцця. Як сведчаць матэрыялы Метрыкі першай паловы 17 ст.,
працэс пераходу да ўжывання польскай мовы пачынаўся ад самой шляхты, бо
дакументы, якія зыходзілі ад яе і фіксаваліся ў Метрыцы, у масе сваёй з кожным
годам усё радзей пісаліся па-старабеларуску. Пералом на карысць шырокага
выкарыстання польскай мовы ў справаводстве канцылярыі ВКЛ адбыўся ў 20-я гады,
а ў 30-40-я старабеларуская мова ўжо толькі эпізадычна сустракаецца на
старонках кніг запісаў.
Намінацыйныя
прывілеі, ў пэўным сэнсе, мелі сваю спецыфіку. Па-першае, у параўнанні з
астатнім масівам дакументаў, іх даўжэй пісалі па-старабеларуску, магчыма таму,
што яны зыходзілі ад караля і афармляліся ў канцылярыі, дзе фармальна
дзяржаўнай мовай павінна была заставацца старабеларуская. Па-другое, намінацыі
мелі сваеасаблівую моўную іерархію, якая адпавядала значнасці пасады ў
дзяржаўнай сістэме. Традыцыйна прэстыжнай дла запісаў дакументаў у ВКЛ яшчэ з
16 ст. лічылася лацінская мова.
На гэтай мове, абавязковай для адукаванага чалавека таго часу, пісалі мемуары
некаторыя магнаты, у тым ліку Альбрэхт Радзівіл, які займаў пасаду канцлера ВКЛ
у 1623 – 1656 гг. На лацінскай мове ў кнігі запісаў капіравалі намінацыі на
асноўныя цэнтральныя ўрады ў ВКЛ і некаторыя мясцовыя (ваяводства, кашталянія).
Акрамя гэтага, па-лацінску запісваліся намінацыі на пасады ў каталіцкай царкве.
Прывілеі на пасады павятовым земскім ўраднікам пісаліся на старабеларускай
мове, а пазней, з 20-х гадоў 17 ст.,
па-польску. У шэрагу выпадкаў намінацыі былі адзіным “старабеларускім”
выключэннем у масе польскамоўных дакументаў.
Даўжэй за
іншыя капіраваліся ў Метрыку па-старабеларуску
намінацыі на дворнае генеральства. Узросшая патрэба ведання польскай мовы
падкрэсліваецца і ў саміх дакументах. Калі яшчэ 10.03.1623 г. у каралеўскім
прывілеі на дворнае генеральства пра полацкага шляхціца Яна Ісаініча
адзначалася як “писма руского умеетного”,
то прызначанага 21.02.1633 г. дворным генералам у Полацкім і іншых ваяводствах
ВКЛ Пятра Жахоўскага дакумент характарызуе ўжо як “права посполито(го) и писма руского и полского умеетъного”. З
часу пашырэння польскай мовы ў справаводстве ВКЛ распаўсюджваецца ўжыванне
лацінскіх выразаў у дакументах, у тым ліку і намінацыях, што, аднак, не
з’яўляецца характэрным толькі для кніг запісаў Метрыкі[10].
У шэрагу
выпадкаў пры капіраванні і пазнейшай апрацоўцы дакументаў пісары дапускалі
відавочныя памылкі. Асабліва гэта датычыцца загалоўкаў. Параўнанне почыркаў
загалоўкаў і асноўных тэкстаў дае магчымасць зрабіць выснову, што яны досыць
часта мелі асобнае “аўтарства”. Некаторыя кнігі запісаў цалкам, ці амаль
цалкам, змяшчаюць дакументы з пазнейшымі загалоўкамі. Гэтым і тлумачыцца
наяўнасць памылак. Такая практыка даказваецца таксама наяўнасцю разыходжанняў у
назвах і тэксце намінацыйных дакументаў. Большасць памылак або апісак, сярод
якіх найчасцейшыя - разыходжанне ў напісанні прозвішчаў, паўстала, відаць, з-за
няўважлівасці ці неахайнасці таго, хто рабіў копіі і загалоўкі. Як прыклад
неадпаведнасці загалоўка асноўнаму тэксту можна прывесці прывілей, дадзены,
калі глядзець па зместу, Базылю Копцю на падкаморства берасцейскае ад
23.10.1615 г., але з загалоўкам “Привилей Лукашу Коптю на кашталанию Берестейскую”.
У метрыцы
сустракаюцца дакументы, загалоўкі да якіх напісаныя як па-старабеларуску, так і
па-польску. У кнізе запісаў № 93, напрыклад, частка дакументаў, а таксама,
намінацыі маюць двайны загаловак – беларускі і польскі. Пры гэтым, менавіта
польскія загалоўкі маюць пазнейшае паходжанне і прыкметы перакладу са
старабеларускай мовы. Часам гэта проста старабеларуская лацінка. Фіксуюцца і
прыклады, калі дакументы, у тым ліку намінацыі, перапісваліся ў кнігі запісаў
увогуле без загалоўкаў, што шырока практыкавалася пры складанні, напрыклад,
кнігі № 92.
Аналіз
намінацыйных прывілеяў кніг запісаў першай паловы 17 cт. дазваляе зрабіць істотную заўвагу: за адзначаны перыяд,
бадай, самай важнай зменай стала паступовае скарачэнне ці “спрашчэнне зместу
асобна ўзятага дакументу”.
Набыло
эпізадычны характар правіла запісваць у кнігі запісаў пасля намінацыйнага
прывілея “універсал”, спецыяльна адрасаваны павятовым абывацелям (шляхце), з
паведамленнем пра прызначэнне новага ўрадніка. “Універсал” звычайна ці дубляваў
па зместу намінацыйны прывілей, ці скарочана перадаваў змест асноўнага
дакументу. У рэдкіх выпадках, “універсал” не толькі мог размяшчацца асобна ад
намінацыі і меў адрозную дату, але з’яўляўся нават больш інфарматыўным, чым
асноўны дакумент. У якасці прыкладу можна прывесці падрабязны “універсал” да
віцебскай шляхты ад 7.02.1641 г. аб абставінах прызначэння на пасаду павятовага
пісара Мікалая Кіселя Дарагініцкага,
намінаванга яшчэ 8.10.1640 г.
Часам супрацоўнікі канцылярыі ўвогуле не абцяжарвалі сябе капіраваннем
“універсалаў”, пазначаючы толькі, што ён павінен быць далей. Пазней, з 20-х
гадоў, і гэтым сталі грэбаваць, дапісваючы “універсал”толькі ў выключных
выпадках.
Змястоўнасць
і велічыня намінацыйнага прывілею залежала ад важкасці пасады і ўмоваў
прызначэння на яе. У ВКЛ у 16 – 18 стст.
існавала павятовая іерархія ўрадаў, якая часткова паўтарала іерархію
цэнтральную і надворную. Усе намінацыі на павятовыя ўрады, як сведчаць
дакументы, праходзілі праз працэдуру зацверджання каралём, але не ўсё ў
аднолькавай ступені залежала ад волі караля. Усталяваная з другой паловы 16 ст.
сістэма павятовай земскай адміністрацыі прадугледжвала наяўнасць як выбарных
земскіх урадаў (суддзя, падсудак, пісар, падкаморы, харужы і, пазней,
маршалак), так і нявыбарных (войскі, стольнік, падстолі, а з 1635 г. яшчэ і
чэсьнік, падчашы, скарбнік і мечнік).
Намінацыйныя
прывілеі на выбарныя земскія ўрады па форме не адрозніваліся ад нявыбарных, але
мелі дадатковае апісанне шэрагу абставінаў: хто прызначаў элекцыю, дзе яна
адбывалася, хто ўдзельнічаў, каго і як выбралі. У большасці выпадкаў, прыблізна
да канца праўлення Жыгімонта, намінацыі выбарных ураднікаў утрымлівалі
пазначаныя дадатковыя звесткі, а пазнейшыя, выдадзеныя Уладзіславам,
абмяжоўваліся толькі згадкай пра абранне аднаго ці некалькіх электаў, з якіх
кароль зацвярджаў чарговага ўрадніка. Цікава, што нават намінацыі на новыя
ўрады (чэсьнік, падчашы, скарбнік і мечнік), якія першапачаткова мелі ва ўступе
абгрунтаванне іх увядзення, пры канцы праўлення Уладзіслава яго ўжо не
ўтрымлівалі.
Адзначаныя
змены сведчылі пра імкненне да пэўнай уніфікацыі намінацыйных дакументаў. Пры
гэтым прыкладам, да якога зводзілі намінацыі, быў скарочаны варыянт прывілея на
нявыбарныя ўрады, існаваўшыя да 1635 г. Адзначаныя скарачэнні былі неабходнымі
і зразумелымі, бо, як адзначыў А.Рахуба, “… ужо ад паловы 17 ст. канцылярыі (у
ВКЛ іх было дзве) пачалі “душыцца” пад навалам працы і былі не ў стане
справіцца са сваімі абавязкамі, што прывяло да выразнай змены ў форме іх
функцыянавання”. Уніфікацыя
дакументаў мела сэнс для таго, хто займаўся іх перапісваннем, але адначасова
знізіла інфарматыўнасць намінацый, як крыніц.
За перыяд з
канца 16 ст. і да сярэдзіны 17 ст. адбылася яшчэ адна змена, звязаная з
паступовым адыходам ад традыцыйнай для дакументаў кніг запісаў назвы
“прывілей”. Само слова “прывілей” не
з’яўляецца абавязковым, тым не менш, яно было найбольш распаўсюджаным на
пачатку 17 ст. З часу больш шырокага выкарыстання польскай мовы замест
назвы “прывілей” часцей стала ўжывацца слова “кансэнс”
(consens – “згода”). Ужо ў 30-я гады
“кансэнс” стаў самай пашыранай назвай пацвярджальных дакументаў, афармляючых
волевыяўленне караля. Кансэнсамі называліся як найболей часта сустракаемыя ў
кнігах запісаў каралеўскія рашэнні па зямельных пытаннях, так і іншыя віды
дакументаў, у тым ліку намінацыі. Найбольш верагодна, што назва “кансэнс”
прыйшла з практыкі вядзення справаводчай дакументацыі кароннай метрыкі, але,
наўрад ці гэта было простым перайманнем. Сама па сабе канцылярская практыка
была, як адзначалася, адлюстраваннем зменаў жыцця. Зменлівыя рэаліі
запатрабавалі з’яўленне новых функцыяў дакументаў. Паколькі з канца 16 ст. колькасць
дакументаў узрастала, а дзяржаўная машына ВКЛ не была ў стане цалкам
кантраляваць пэўныя працэсы, у тым ліку, змены ўладальнікаў дробных зямельных
маёмасцяў, атрыманых на дажывотным праве, і часткова мясцовую земскую
адміністрацыю, то ініцыятыва па ажыццяўленні гэтай функцыі ўскладалася на
суіскальнікаў маёмасці ці пасады. Адсюль і новая форма як назвы так і зместу.
Роля выканаўчай улады, асабліва па дробных пытаннях, зводзілася да выказвання
згоды ці адмовы на прапанову. Кароль як прадстаўнік выканаўчай улады апынуўся ў
становішчы, калі яго рашэнні залежалі не толькі ад атачэння, але і ад
ініцыятывы знізу. Праўда, калі працэдура зацягвалася, то ініцыятыву праяўлялі
ўжо ўлады, як гэта зрабіў Уладзіслаў, калі знаходзіўся ў Вільні.
Кароль пасля смерці віцебскага харужага Міхала Уніхоўскага вымушаны быў
прызначыць элекцыйны соймік на чацьвёрты тыдзень з дня выдання распараджэння ад
2.03.1644 г., паколькі пасада ўжо доўгі час не была занята (вакавала).
Намінацыйныя
прывілеі з’яўляюцца каштоўнай крыніцай па гісторыі павятовай адміністрацыі і
шляхецкага парламентарызму на беларускіх землях ВКЛ. У першую чаргу, трэба
адзначыць, што без аналізу намінацыйных прывілеяў кніг запісаў, нельга дакладна
прасачыць паслядоўнасць займання пасадаў у павятовай адміністрацыі. Намінацыі
ўтрымліваюць, як адзначалася, дастаткова аднастайную інфармацыю. Аднак, нават
гэтыя сціплыя звесткі з’яўляюцца каштоўным дадаткам, калі немагчыма па іншых
крыніцах прасачыць лёс той ці іншай асобы. Амаль заўсёды намінацыйны прывілей
канкрэтызуе прычыны, па якіх адбылася змена ўрадніка. Часцей за ўсё новае
прызначэнне было следствам смерці старога ўрадніка (намінацыі ў ВКЛ, як вядома,
выдаваліся “да жывата”) або, ў лепшым выпадку, пераходу шляхціца на вышэйшы
ўрад. У шэрагу выпадкаў змена ўрадніка адбывалася ў выніку адмовы (рэзыгнацыі)
апошняга выконваць свае функцыі па розных абставінах. Так, атрымаўшы намінацыю
на вайскоўства віцебскае, Міхаіл Невельскі, пакаёвы каралевіча Казіміра,
прадставіў “обличне перед нами и у книгъ канцеларый нашое болшое ВКЛ”
23.03.1639 г. у Вільні “листъ свой доброволный” ад 28.05.1638 г., дзе прычынамі
рэзыгнацыі называе адлегласць месца, а таксама занятасць (dla zabaw) на службе
каралевічу Казіміру[17]. У
іншым выпадку, харужы менскі Ян Гладкі “врадъ з себе зложыл”, які з-за старасці болей не мог займаць, што фіксуе прывілей на
харузства менскае Янушу Уніхоўскаму ад 25.10.1621 г.
Да
каштоўных атрыбутаў, праўда, не заўсёды наяўных, намінацыйнага прывілею трэба
аднесці згадванне годнасцяў новага ўрадніка. Адзначым, што апісаныя ў прывілеях
годнасці мелі пэўную дыферэнцыяцыю. Фармальнымі падставамі для зацвярджэння на
новай пасадзе былі заслугі, якія тая ці іншая асоба аказвала каралю і дзяржаве.
Фактычна, разнастайныя паслугі кампенсаваліся ў форме павятовых урадаў. Найбольш пашыранай фармулёўкай была “за ваенныя
заслугі” падчас Валоскай, Інфлянцкай, Маскоўскай экспедыцый пры Жыгімонце,
Маскоўскай пры Уладзіславе ці
за асобныя ўчынкі. Так, Гельяш Сухадольскі і Ян Камінскі атрымалі 25.11.1635 г.
за абарону мсціслаўскага замка, адпаведна, мсціслаўскае чэсьнікаўства і
падчаства[19].
Слушна тут выглядае выснова, што ўраднікі з вайсковым мінулым стваралі касцяк
павятовай земскай адміністрацыі.
Падставай
надання ўраду былі і іншыя службы на карысць дзяржавы, ў тым ліку ў скарбе. Юзэф Кланоўскі, пісар гэтай установы, атрымаў за працу
стольнікаўства полацкае 23.11.1618 г. Фіксуецца ў Метрыцы выпадак, калі павятовую пасаду
атрымаў былы супрацоўнік канцылярыі: Станіслаў Альбрыхт Садоўскі
прызначаецца 19.06.1644 г. на
падстольства берасцейскае “za zaslugi nam y Rzeczypospolitey od lat kilkunastu w kаncellariey naszey, iako w innych publicznych przy dworze naszym expeditiach osobliwie w Moskiewskich“.
Заахвочваўся
і актыўны ўдзел у палітычным (парламенцкім) жыцці. Напрыклад, наданне
судзейства земскага пінскага Яну Кердзею Грычыне, падсудку пінскаму, 10.02.1643
г., а таксама наданне пісарства земскага пінскага Філону Гадэбскаму, падчашаму
і падстарасце пінскаму, 29.04.1645 г. абгрунтоўвалася ў прывілеях іх удзелам у
сейміках генеральных і партыкулярных[22].
Цікава, што досыць часта
павятовыя ўрады атрымлівалі каралеўскія сакратары, слугі каралеўскага двара
(пакаёвыя), слугі каралевічаў.
З часу
праўлення Уладзіслава распаўсюджваецца новая падстава надання павятовых урадаў:
за прыналежнасць да знакамітага і паважанага роду. Пры гэтым такая фармулёўка
выкарыстоўвалася ў матывацыі прызначэння на досыць высокія і адказныя павятовыя
пасады: каралеўскі сакратар Пётр Пекарскі быў зацверджаны на судзейства земскае
берасцейскае 16.05.1637 г. з чатырох электаў менавіта “względem starożytnosci familiey”.
Такая ўмова ўжо сама па сабе давала магчымасць каралю адвольна прызначаць
патрэбных яму людзей. Імкненне цалкам узалежніць ад сябе наданне урадаў можна
разглядаць як досыць прадказальнае ў кантэксце вядомых спробаў Уладзіслава
пашырыць кампетэнцыю каралеўскай улады ў абыход склаўшыхся традыцый.
Пацвярджае гэта і канцлер А.С.Радзівіл, які напісаў пра Уладзіслава: “… кароль
па сваёй звычцы паспешна падзяліў вакансіі…”.
Амаль заўсёды ў намінацыйных дакументах пазначаецца,
што прызначэнне прайшло дзякуючы рэкамендацыі (залецэню) некаторых Паноў Рады і
дворскіх ураднікаў (za przyczyną PP Rad y urzędników dwornych). Вядома ж, нехта з набліжаных да караля службоўцаў ці
магнатаў абавязкова падтрымліваў патрэбных людзей. У большасці выпадкаў
паведамленне пра рэкамендацыю мае фармальны характар, бо гаворка не ідзе аб
канкрэтных асобах. Але часам у намінацыях
пазначаюцца не абстрактныя Паны Рада, а цалкам канкрэтныя асобы. За намінацыю Мікалая
Сухадольскага стольнікам мсціслаўскім (атрымаў 21.03.1620 г.) прасіў тады яшчэ падканцлер А.С.Радзівіл.
Ён жа прасоўваў на падсудкоўства пінскае Яна Кердзея Грычыну (атрымаў
20.09.1633 г.), суддзю гродскага пінскага[28], а
3.07.1636 г. “za przyczyną Jaśnie Wielmożnego Albrychta Stanisława Radziwiłła” атрымаў
віцебскае пісарства Мікалай Гурок.
За згаданага ўжо вышэй пісара скарбу ВКЛ Ю.Кланоўскага прасіў караля Яраш
Валовіч, стараста жамойцкі.
Былы дворны, а пазней, земскі падскарбі, з 1618 г. падканцлер ВКЛ, і з гэтага ж
году стараста жамойцкі, Я.Валовіч хацеў, відавочна, запэўніць будучыню сваім
былым супрацоўнікам. Такую ж падтрымку ад Я.Валовіча меў Станіслаў Раманавіч
Бейнарт, калі атрымліваў 13.08.1618 г. прывілей на скарбовае пісарства ВКЛ, і
Павел Сжэдзінскі, слуга скарбовы, калі атрымаў юргель на 100 злотых[31].
Прыведзеныя выпадкі з’яўляюцца толькі ілюстрацыяй шырока распаўсюджанай у той
час практыкі пратэкцыі ці, магчыма, кліентальных адносінаў і пацвярджаюць тэзіс
Антонія Мончака, што ”patronat magnacki silniej niż jakie kolwiek inne zjawisko określał system władzy w tym (Рэч Паспалітая-В.Г.) kraju.”
Аналіз
адклаўшыхся ў Метрыцы намінацыйных прывілеяў пацвярджае высновы польскага
гісторыка Генрыха Візнэра: “Лад Рэчы Паспалітай не змяніўся ў гады праўлення
Уладзіслава. Па крайняй меры, фармальна.” У Метрыцы фіксуюцца намінацыі на ўсе вядомыя пасады.
Змест намінацыйных прывілеяў пацвярджае таксама высновы і іншых даследчыкаў.
Так А.Закшэўскі, які вывучаў праблему генэзісу і функцыяў такога павятовага
ўраду як маршалак, сцвярджаў, што нават пасля прыняцця сеймавай канстытуцыі ў
1631 г., якая абавязвала праводзіць па паветах выбары маршалкаў, кароль
працягваў прызначаць іх згодна ўласнаму меркаванню яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў.
Намінацыйныя прывілеі на павятовых маршалкаў, дарэчы, гэты ўрад быў не ва ўсіх
паветах, даказваюць слушнасць высноваў даследчыка, бо ні адзін не ўтрымлівае
паведамлення пра элекцыю.
Бадай,
самым значным новаўвядзеннем у павятовай адміністрацыі ВКЛ стала з’яўленне ў
1635 г. урадаў чэсьніка, падчашага, скарбніка і мечніка. Амаль усе першыя
прывілеі на новыя павятовыя пасады былі кампактна скапіраваныя ў кнігу запісаў
№ 111, з-за чаго намінацыі складаюць у яе змесце значную частку. Кожны дакумент
паведамляе, што кароль Уладзіслаў, “прыхіляючыся да артыкулаў inter Pacta Conventa аб
ураўнанні ўсіх урадаў Каронных і ВКЛ”, зацверджаных падчас элекцыі і каранацыі,
вырашыў увесці новыя ўрады для шляхціцаў “za ich
cnoty y zaslugi”. Гэта адначасова пацвярджае наяўнасць, як
адметнасцяў Кароны і ВКЛ, так і працэсу ўніфікацыі ў межах Рэчы Паспалітай.
Цяжка сказаць адназначна, як паўплывала ўвядзенне новых павятовых урадаў, якія
мелі хутчэй тытулярны характар, на магчымасці прасоўвання па кар’ернай лесвіцы.
Калі
адштурхоўвацца ад датавання дакументаў, то першым па часу: 19.11. ( у дакуменце
памылкова - 02.) 1635 г., у Варшаве атрымаў прывілей на новы ўрад чэсьніка
мазырскага Аляксандр Лавянецкі.
Найбольш маштабныя раздачы намінацыяў адбываліся 25.11.1635 г., калі былі
прызначаныя 27 новых ураднікаў, 29.11.1635 г. адпаведна - 8, 3.12.1635 г. – 7.
Разам да канца 1635 г. новыя пасады атрымалі, па даным Метрыкі, 49 шляхціцаў.
Пры гэтым кароль раздаваў намінацыі толькі на павятовае чэсьнікаўства,
падчашства і скарбнікаўства. Павятовых мечнікаў Уладзіслаў пачаў прызначаць
толькі з вясны 1636 г. Першым атрымаў прывілей 6.03.1636 г. на ўрад мечніка
вількамірскага Рафал Завіша.
На працягу 1636 г. былі скапіраваныя 11 намінацыяў на павятовае мечнікаўства
(ашмянскае, браслаўскае, вількамірскае, віцебскае, ковенскае, менскае,
мсціслаўскае, пінскае, рэчыцкае, троцкае, упіцкае) і 8 намінацыяў на новых
чэсьнікаў і скарбнікаў. Такім чынам, за 2 гады ў кнігу запісаў № 111 было
занесена 68 прывілеяў, хаця агульная колькасць патэнцыйных урадаў дасягала 88.
Улік усіх наяўных прывілеяў за 1635 – 1636 гг., а таксама выданых пазней, яшчэ
раз даказвае думку, што кнігі запісаў маюць значныя прабелы. На прыклад, у
кнігах запісаў адсутнічае прывілей на мечнікаўства слонімскае Альбрэхту
Макавецкаму, пра якога згадваецца ў намінацыі Мікалаю Кендзежаўскаму 24.12.1636
г. на тую ж пасаду.
Гэта ж можна сказаць і пра намінацыю на берасцейскае мечнікаўства Анджэю
Шуйскаму, ваўкавыскае мечнікаўства Лукашу Длускаму, аршанскае скарбнікаўства
Фабіяшу Стэфану Падбярэзскаму і інш. Адсутнасць некаторых прывілеяў тлумачыцца
і тым, што ўвядзенне ўрадаў зацягнулася на доўгія гады. Так, толькі 6.03.1642 г. прывілей на полацкае мечнікаўства атрымаў
Абрахам Рыпінскі [38].
Цікавай
адметнасцю ўведзеных у 1635 – 1636 гг. урадаў было тое, што чэсьнікі, скарбнікі
і г. д. дастаткова свабодна пераходзілі ў разе патрэбы на больш выгодныя пасады
ў іншых паветах, што неаднаразова фіксуюць матэрыялы Метрыкі. Так, лідскія
чэсьнікі Хілары Чыж і Павел Данілевіч па чарзе 18.01.1642 г. і 20.12.1646 г.
пераходзяць на падсудкоўства віленскае[39]. Дарэчы,
Хілары Чыж пазней 29.08.1646 г. быў намінаваны на віленскага падкаморага[40]. Падчашы
мазырскі і войт пінскі Лукаш Ельскі 28.02.1641
г. атрымаў прывілей на пінскае маршалкаўства[41]. Рэчыцкі скарбнік Філон Юдыцкі ў 1646 г. апынуўся на
пасадзе браслаўскага войскага[42]. Асабліва багаты на прыклады пра разнастайныя
“міграцыі” захаваны ў метрыцы матэрыял па Ашмянскім павеце. У гэты павет на падвышэнне быў прызначаны віленскі
чэсьнік Цыпрыян Павел Бжастоўскі, прывілей якому на падстольства Уладзіслаў падпісваў
два разы 11.12.1641 г. і 9.01.1642 г., а 1.03.1641 г. чэсьнікам ашмянскім стаў Станіслаў
Дэмбоўскі, скарбнік наваградскі, па авансе на падстольства старадубскае
Альбрыхта Дэмбоўскага, чэсьніка
ашмянскага. У сваю
чаргу пакінуў пасаду мечніка ў Ашмянскім павеце Казімір Козел Паклеўскі свайму
стрыечнаму брату таксама Казіміру Козелу Паклеўскаму, а ўзамен атрымаў стольнікаўства
ўпіцкае[45].
Вельмі
рэдка рэгіструюцца ў Метрыцы выпадкі пераходу ў іншыя паветы з пасадаў,
існаваўшых да 1635 г. Так, з чатырох электаў, абраных на аршанскім элекцыйным
сойміку 6.04.1622 г., намінацыю атрымаў 18.04.1622 г. падстолі мсціслаўскі Ян
Цэханавецкі, а стольнік
мсціслаўскі Пётр Казімір Вяжэвіч у абыход усіх павятовых ураднікаў 15.11.1639
г. апынуўся на пасадзе аршанскага маршалка.
Юры Ян Зеновіч, стольнік ковенcкі,
27.09.1623 г. атрымаў прывілей на падсудкоўства віленскае[48]. Увогуле
сярод электаў досыць часта сустракаюцца ўраднікі іншых паветаў. Так, на
элекцыйным сойміке, які адбыўся 4.05.1624 г. у
Гародні па смерці павятовага падкаморага Юрыя Сцыпіёна Кампа, між іншымі
электам быў абраны Фрыдрых Сапега, падкаморы віцебскі,
але кароль зацвердзіў на пасаду Кандрата Мялешку, суддзю земскага
гарадзенскага[49].
Намінацыйныя прывілеі, як адзначалася, з’яўляюцца
крыніцай па гісторыі шляхецкага парламентарызму. Каштоўная інфармацыя такога
роду захоўваецца толькі ў намінацыях на падкаморства, судзейства,
падсудкоўства, пісарства, г.зн. там, дзе ёсць апісанне абставінаў выбараў
ураднікаў. Парадак выбараў павятовых земскіх ураднікаў, апісаны ў намінацыях
1-й паловы 17 ст., адпавядаў патрабаванням Статуту ВКЛ 1588 г. (Раздел 4,
артыкул 1).
Згодна з імі, на вызначаны ваяводам тэрмін у павятовым цэнтры “на месцы
звыклом” склікаўся, так званы, элекцыйны соймік, на якім абывацелі павету
абіралі чатырох электаў – прэтэндэнтаў на пасаду. З апошніх кароль мог выбіраць
і зацвярджаць аднаго. З дапамогай намінацый можна ўстанавіць, акрамя
традыцыйнай для іх інфармацыі, дзень правядзення элекцыйнага сойміка і імёны
чатырох асобаў, якія выстаўлялі свае кандыдатуры і былі абраныя для
прадстаўлення каралю. Тыповым прыкладам можа быць прывілей ад 23.11.1618 г.
Крыштафу Корсаку на падкаморства полацкае, дадзены па смерці князя Януша
Друцкага-Сакалінскага. У ім паведамляецца, што 20.11.1618 г. у Полацку адбыўся
элекцыйны соймік, дзе былі абраныя чатыры электы: Ян Корсак на Галубічах,
харужы полацкі, Крыштаф Корсак, стольнік полацкі, Марцін Гедройц, падстолі
полацкі, князь Ян Друцкі-Сакалінскі, стараста усвяцкі.
Разам у метрыцы за 1612 – 1648 гг. захавалася 9 прывілеяў на выбарныя пасады ў
Полацкім ваяводстве, але паводле іх вядомыя толькі тры даты (3.11.1617 г.,
20.11.1618 г., 18.04.1621 г.) правядзення элекцыйных соймікаў, якія адбыліся ў
Полацку. Па Віцебскаму павету з 6-ці зафіксаваных намінацыяў вядома пра 4
соймікі, па Аршанскаму з 12-ці пра 5, па Мінскаму з 10-ці пра 4 і г.д. Раней
ужо адзначалася, што не ўсе намінацыі на выбарныя ўрады ўтрымліваюць такія
даныя, а ў намінацыях, выдадзеных ў 30-40 гг., іх шукаць дарэмна. Тым не менш,
у такіх намінацыях заўсёды ёсць паведамленне пра факт правядзення элекцыі.
Варта тут адзначыць, што хаця практычна права апошняга слова ў прызначэнні
ўрадніка з чатырох электаў належала каралю, вельмі часта ў прывілеях гаворка
ідзе пра згоднае абранне шляхтай толькі аднаго прэтэндэнта. Абранымі “згодна”
на судзейства земскае менскае на сойміку 27.08.1618 г. адзіным электам ад
свайго павету быў Марцін Валадкевіч,
на судзейства земскае ашмянскае на сойміку 20.07.1621 г. - Ян Карэйва,
на судзейства земскае аршанскае на сойміку 25.08.1620г. - князь Іван Барысавіч
Лукомскі, на
судзейства земскае берасцейскае - Тэадор Станіслаў Букраб
і інш. Прадстаўленне ад павету “za zgodnym
obraniem obywatelów”
аднаго электа на вакансію прымушала караля фактычна безальтэрнатыўна пагаджацца
з прапановай.
Здараліся
выпадкі, калі на пасаду кароль зацвярджаў адразу
двух чалавек, што выклікала
непаразуменні. Так, у 1640 г. прывілеі на віцебскае пісарства атрымалі Мікалай
Кісель Дарагініцкі і Базыль Шапка Хатольскі, віцебскі гродскі пісар. Уладзіслаў
вымушаны быў адмовіць Хатольскаму па прычыне таго, што прывілей яму на
пісарства меў пазнейшую дату[56].
Такім
чынам, можна сцвярджаць, што намінацыйныя прывілеі з’яўляюцца каштоўнейшай
крыніцай па гісторыі асобных праблемаў мінулага Беларусі. Як спецыфічная частка
кніг запісаў Метрыкі яны мелі свае асаблівасці. Пераважна на падставе вывучэння
намінацыйных дакументаў можна прасачыць вельмі істотны працэс павялічэння
аб’ёму справаводчай дакументацыі ў 17 ст., што пазней паўплывала на парадак
функцыянавання канцылярыі. Наяўнасць шматлікіх пропускаў, выяўленых пры
складанні спісаў павятовых ўраднікаў, сведчыць пра недахопы Метрыкі як крыніцы.
Галубовіч Віталь Уладзіміравіч
Нарадзіўся 5 лютага 1974 г. у Гародні
У 1996 г. законьчыў гістарычны факультэт Гарадзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы
Старшы выкладчык кафедры гісторыі і сацыялогіі Полацкага дзяржуніверсітэта.
Асноўныя кірункі даследаванняў:
Крыніцазнаўства і гістарыяграфія гісторыі Беларусі, гісторыя ВКЛ у першай палове 17 ст., Метрыка ВКЛ першай паловы 17 ст.
Адрас:
в. Камасамольская 18 - 912.
21440 г. Новаполацк
Zakrzewski A.B. Marszałek powiatowy Wielkiego Księstwa Litewskiego – marszałkiem sejmikowym XVII - XVIII
w. // Parlamient, prawo, ludzie.Warszawa, 1996. S. 356 – 361.
Lulewicz H. Sąd ziemski brasławski w swietle zachowanych ksiąg ziemskich z lat 1603 - 1632 // Miscelanae
Historico-Archivistica. T. X. 1999. S. 151 - 161.
Pietkiewicz K. Wielkie księstwo Litewskie pod rządami Aleksandra
Jagiellończyka. Poznań,1995. S. 18-19.
НГАБ,
КМФ-18, воп.1, спр. 92, аа. 186–186 адв.
Rachuba A. Kancelarie pieczętarzy WKSL w latach 1569-1765 // Lietuvos Metrika: 1991-1996 metu tyrinejimai=Lithuanian metrika:Investigetions 1991-1996.
Vilnius, 1998. S. 266.
НГАБ, КМФ-18, воп.1, спр.114, аа. 455 – 455 адв.
Тамсама, спр. 93, аа. 491
адв. 492.
Тамсама, спр. 95, аа. 147 адв.148.
Тамсама, спр. 113, аа. 74–74 адв.
|