|
ГІСТАРЫЯГРАФІЯ І КРЫНІЦАЗНАЎСТВА
Дзяржаўныя уніі Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага ў ацэнцы расейскай гістарыяграфіі 19 – першых дзесяцігоддзяў 20 ст.
Валеры Шэйфер
(Гародня)
Пытанне уній ВКЛ і Каралеўства Польскага ў прыватнасці і
пытанне ўзаемаадносінаў гэтых дзяржаваў у цэлым паўстала ў расейскай
гістарыяграфіі даволі даўно. Яно закранаеццца ўжо ў працах Карамзіна і звязана
з уплывам гэтых узаемаадносінаў на гісторыю Расеі.
Мікалай Міхайлавіч
Карамзін (1766 – 1826 гг.) больш увагі удзяляў канфесійнаму аспекту і факту
хрышчэння (па лацінскаму абраду) Літвы пасля жаніцьбы Ягайлы з польскай
каралевай Ядзвігай. Ініцыятыву ён
прыпісвае самому Ягайле, які зрабіў гэта “с согласия вельмож польских”.
Адваротным бокам хрысціянізацыі гісторык лічыў прыцясненне праваслаўных: “Происшествие
столь благоприятное для Рима имело весьма печальное последствие для россиян:
Ягайло, дотоле покровитель греческой веры, сделался её гонителем”.
Карамзін высока ацэньваў асобу Вітаўта як кіраўніка дзяржавы і лічыў, што Расея
несумненна згінула б, калі б у яго пераемнікаў быў такі дзяржаўны розум.
Асноўную ж прычыну Люблінскай уніі ён бачыў проста ў імкненні Жыгімонта Аўгуста
да злучэння двух народаў, каб “утвердить их могущество”. Аднак гісторык
згадвае, што зрабіць гэта было няпроста, бо польская шляхта і літоўскія паны
пастаянна варагавалі паміж сабою. Адзінай сілай, здольнай ажыццявіць унію, на
яго погляд, была каралеўская ўлада .
Мікалай Герасімавіч Устралаў (1805 - 1870 гг.) у
сваёй “Рускай гісторыі” наогул лічыў Люблінскую унію горшым бедствам, чым мангола-татарскае нашэсце (хоць
відавочна, што з Маскоўскай дзяржавай яна не заключалася, а мангола-татарскае
іга датычылася Паўночна-Усходняй Русі; відаць, аўтар адразу прадвызначыў, што
ўсходнія раёны ВКЛ – гэта землі, якія быццам бы спрадвеку з’яўляліся
маскоўскімі), бо быў уведзены польскі стыль кіравання, “чуждая смесь анархии и
деспотизма”. На яго
думку, ВКЛ пасля Люблінскай уніі наогул трапіла пад уладу “жыдоў і татараў”.
Усе ўзгадкі пра Польшчу ў гісторыка прасякнутыя нянавісцю. Ён робіць асноўны
ўпор на грамадскую барацьбу вакол уніі і адсутнасць еднасці паміж палякамі і
жыхарамі ВКЛ (апошнія для яго толькі “обитатели Западной Руси”) і лічыць, што
“все желали, чтобы после пресечения династии Ягеллонов, Литовское княжество
отошло к государству Московскому”.
Праца гэтая напісана яўна як ідэалагічная.
Прафесар Маскоўскага ўніверсітэту Іван Дзмітрыевіч
Бяляеў (1810 - 1873 гг.) у сваім
"Нарысе гісторыі Паўночна - Заходняга краю", выдадзеным у Вільні ў
1867 г., падкрэсліваў, што прычынай Крэўскай уніі было жаданне палякаў,
асабліва мазаўшанаў, пазбегнуць спусташальных літоўскіх набегаў, якія сталі
надзвычай частымі пасля смерці караля Людовіка. Чаму ж Ягайла прыняў іх прапанову? Аўтар дае просты адказ: "Властолюбивый Ягайло не задумался принять такое лестное
предложение… вступить в брак с Ядвигою, принять польскую корону и соединить
Литву и Русь с Польшею". І гэта было менавіта злучэнне, а не
намінальная унія. Вынікам стала акаталічванне ВКЛ. “На коронации он дал торжественное обещание соединить Литву, Жмудь и Русь с
Польшею и обратить тамошних жителей в Латинство".
Аднак, Бяляеў лічыў, што абяцанне гэтае не мела аніякай сілы, бо Ягайла даў
яго, не пытаючыся ні князёў, ні народу, якія не жадалі ні злучэння з Польшчай,
ні змены сваёй веры. Хрышчэнне Літвы таксама суправаджалася гвалтам.
У 1392 г. было заключана Астроўскае пагадненне, якое
прымірыла Ягайлу і Вітаўта пасля доўгіх канфліктаў. Ягайла перадаў Вітаўту ВКЛ,
вывеўшы з яго польскіх намеснікаў і польскія войскі. У той жа час, Вітаўт
абавязаўся не аддзяляць Вялікае Княства ад Кароны. Бяляеў падсумоўвае свае
разважанні адносна уній наступным чынам: "Таким образом окончательно
состоялся союз Литовской Руси с Польшею и притом с явным стремлением Польши
подчинить себе Литовскую Русь; но союз этот был только в княжеском доме, народ
же, как Литва, так и Русь, вовсе не думали о соединении с Польшею и стояли к
полякам враждебнее прежняго".
Сяргей Міхайлавіч Салаўёў (1820-1879 гг.) таксама лічыў, што
ідэя дынастычнага шлюбу належала Ягайле, які сам прапанаваў умовы злучэння з
Польшчай, вядомага
як умовы Крэўскай уніі (хоць такога тэрміну аўтар не выкарыстоўвае). Шлюб гэты
меў агромністы ўплыў на лёсы ўсёй Еўропы, і перш за ўсё для гісторыка гэта
азначала акаталічванне Літвы. Наогул,
справу уніі у сэнсе інкарпарпацыі, ён бачыў гістарычнай задачай дынастыі
Ягелонаў, вырашыць якую ўдалося апошняму з іх, Жыгімонту Аўгусту. Хоць і не без
цяжкасцяў (гэта Салаўёў прызнаваў, як і Карамзін) у літоўскай арыстакратыі было
яшчэ моцным імкненне да асобнасці і жаданне мець свайго вялікага князя. Гэтая арыстакратыя, зразумела, пужалася злучэння з
дзяржавай, дзе брала верх шляхецкая дэмакратыя. Не ўлічваючы знешніх абставінаў, Салаўёў выводзіў унію
1569 г. з асабістага жадання караля,
якое было тым больш моцным, што ён не меў дзяцей. Канчатковай прычынай,
прымусіўшай ліцвінаў падпісаць умовы Люблінскай уніі, гісторык лічыў адсутнасць
у іх падтрымкі з боку “рускіх” (г.зн., праваслаўных). У цэлым, злучэнне з
Польшчай паводле Салаўёва было “явно в ущерб Литве”.
Пасля падаўлення царскай Расеяй паўстання пачатку 30–х гадоў
19 ст., а пасля і паўстання 1863 – 1864 гг. у расейскай гістарыяграфіі другой
паловы 19 ст. узрастае інтарэс да “западнорусских” земляў. Хутчэй за ўсё гэта
было звязана з ідэалагічным абгрунтаваннем іх далучэння да Расейскай імперыі. У
прафесара Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі Міхала Восіпавіча Каяловіча (1828
- 1891 гг.) расейская дзяржаўная ідэалогія ставіцца ў зыходную пазіцыю. Па яго
меркаванню, з моманту заключэння Крэўскай уніі “рускае” па сутнасці ВКЛ
ператвараецца ў польскае. Так лёгка і проста тлумачыцца ўся гісторыя ВКЛ.
Злучэнне з Польшчай у гісторыка выглядае, з аднаго боку, як заканамернасць і
нават мае правідэнцыяналісцкую накіраванасць. Вялікае Княства з усіх бакоў было
абкружана ворагамі: крыжакамі, крымчакамі, Польшчай, наступаючай Маскоўскай
дзяржавай. Пры такіх абставінах яно толькі цудам магло застацца самастойным і
не прымкнуць да каго – небудзь з суседзяў.
З другога боку, унія– вынік выпадковасці: існавання ў Польскай Кароне
“царственной невесты”, якой трэба было прыдбаць выгоднага жаніха. У дадатак
унія была справай асабістых інтарэсаў Ягелонаў, для якіх прывабна было займаць
два троны. Хіліліся да уніі і дробныя літоўскія князі і вяльможы, якія
спадзяваліся мець большую самастойнасць у сваёй краіне, калі іх гаспадар будзе
заняты польскімі справамі. Урэшце, зацікаўленасць у справе уніі праявіла і
сярэдняе саслоўе (шляхта). Вось і ўсё, на чым, паводле Каяловіча, трымалася
польска – літоўская унія на працягу ўсяго яе існавання. Ён ацаніў як
бязглуздзіцу тэзіс, што з’яднанне Польшчы з ВКЛ цягнулася два стагоддзі па
прычыне яго добраахвотнасці. Прычына крылася ва ўнутранай барацьбе паміж
палякамі і літоўцамі і ў адсутнасці ў іх адзіных каранёў. Гэта было аб’яднанне
дзвюх несумяшчальных частак - ВКЛ з задаткамі самадзяржаўя і арыстакратычнай
Кароны з выбарнасцю караля. У Вялікім Княстве Літоўскім з усіх саслоўяў толькі
адно баярства магло выступаць за унію, бо жадала набыць такія ж правы, якімі
карысталася шляхта ў Каралеўстве Польскім.
Каяловіч адзначаў, што падчас заключэння Крэўскай уніі,
Ягайла і яго прыхільнікі больш займаліся ўрачыстым бокам злучэння, чым
“глубокомысленными соображениями о том, как соединить оба государства в одно”.
Сур’ёзнай справай заняліся толькі каталіцкія святары, “принявшиеся усердно
крестить Литву”. Пытанне
пра унію абмяркоўвалася на працягу двух стагоддзяў. І ўрэшце сілаю была
праведзена ў жыццё Люблінская унія. Яна ўяўляла сабой “картину жестокого насилия, с одной стороны, и позорного унижения, с
другой. Не трудно угадать, что унижение здесь досталось на долю литовцев
(уласна Літвой ён лічыў Жмудзь і Беларусь), а насилие было делом поляков”.
У цэлым, Каяловіч негатыўна ацэньваў польска – літоўскія уніі – як
святататства, за якое гісторыя карае нават “славянское братство Польши и всей
России”.
Іван Лапо адзначаў, гаворачы пра яго "Лекцыі па гісторыі Заходняй
Расеі", якія выйшлі ў свет у 1864 г., што іх пануючы тон - гэта
"русские начала и борьба с ними полонизма".
Іван Дзмітрыевіч Ілавайскі (1832 – 1920 гг.) і Уладзімір Баніфацьевіч
Антановіч (1834 - 1908 гг.) напісалі сумесную працу "Гісторыя Вялікага
Княства Літоўскага ад найдаўнейшых часоў аж да падзення ўдзельнай сістэмы ў
Літоўскай Русі". У цэлым, яны зыходзіліся ў поглядах. Аднак былі і некаторыя
адрозненні. І.Д. Ілавайскі у сваёй "Гісторыі Расеі" пісаў, што
Крэўская унія была выгаднай для Польшчы, перш за ўсё для малапольскіх паноў, на
землі якіх увесь час рабіў напады Ягайла. Сведчанняў пра папярэднія перамовы
няма. Гісторык адзначаў: “Мы видим только, что предложенный брак с прекрасною
юною королевою и польская корона обаятельно подействовали на Ягайло: он
согласился на все условия, которые от него требовали”.
Вынікам уніі быў пачатак акаталічвання Літвы. У адрозненне ад многіх абагульняючых
прац расейскіх гісторыкаў, Ілавайскі ўзгадвае Астроўскае пагадненне, адносячы
яго да 1392 г., Віленска-Радамскую унію 1401 г., Гарадзельскую унію 1413 г.,
Мельніцкую унію 1501 г., што сведчыць пра грунтоўнасць разгляду матэрыялу.
Гісторык даў вельмі падрабязныя слоўныя партрэты Ягайлы, Вітаўта, Скіргайлы,
Свідрыгайлы. Ён лічыў, што на мяжы 14 і 15 ст. ВКЛ дасягнула піку магутнасці.
Аднак “одним из главных последствий поражения Витовта на р. Ворскле (1399 г. ад
татараў - В.Ш.) было подкрепление
связи Великого Княжества Литовско - Русского с Польским Королевством”.
Вынікам стала унія 1401 г., па якой Вітаўт прызнаваўся ўжо толькі пажыццёвым
намеснікам у ВКЛ. Аднак асноўнай прычынай збліжэння дзвюх дзяржаў Ілавайскі
лічыў небяспеку з боку немцаў.
Галоўным вынікам Гарадзельскай уніі даследчык лічыў узмацненне ўплыву
польска–шляхецкага напрамку на літоўскую дзяржаўнасць, што азначала паслабленне ўплыву вялікага
князя .
Ілавайскі рабіў націск на наступным: злучэнню дзвюх дзяржаў
спрыяла тое, што ў іх быў адзін манарх. Асабліва шмат садзейнічалі гэтай справе
два такія працяглыя перыды як караляванне Казіміра Ягелончыка і Жыгімонта
Казіміравіча. Зыход справы уній для яго быў відавочным, калі параўнаць
згуртаванасць палякаў і адсутнасць адзінадушша ў ВКЛ. “Главным деятелем этой
унии явилась окатоличенная и ополяченная династия”.
Антановіч жа лічыў, што для ВКЛ як для дзяржаўнага арганізму
было характэрна нейкае ўнутранае бязсілле: “... едва успев сложиться, он ищет посторонней точки опоры, подчиняется влиянию
соседнего государства, гораздо более слабого материально и совершенно ему
чуждого по культуре; под давлением его медленно, почти без борьбы Литовское
княжество замирает, укладываясь в бытовые и общественные формы, выработанные на совершенно чуждых ему началах
и при таких исторических условиях, которые не имели ничего общего с ходом его собственной истории”.
Іван Парфір’евіч Філевіч (1850 - 1913 гг.) агульныя
заўвагі наконт уній зрабіў у сваёй працы “Польшча і польскае пытанне”. Ён
лічыў, што “ в 1385 г. произошло событие ничем не предвиденное.
Литовско-русский государь Ягайло, погубив недалеко от Куликова поля русское
посланничество Литвы, предложил свою руку Ядвиге”.
Гэта змяніла ўвесь ход гісторыі ВКЛ, але ў той жа час “руская” гаворка
напоўніла палацы Гнезна і Кракава, бо іншай мовы Ягайла не ведаў. На думку
гісторыка, разам са злучэннем з Польшчай унія 1385 г. здзейсніла аддаленне каталіцкай Літвы ад праваслаўнай Русі. У той
жа час яе заключэнне нанесла ўдар па крыжаках. Самое існаванне ордэнскай дзяржавы
цяпер траціла ідэалагічную падставу: хрысціць ліцвінаў-католікаў ужо не мела
сэнсу. Грунтоўнай уяўляецца думка аўтара пра тое, што “Городельский привилей
следует рассматривать на ... почве современных ему взглядов и понятий общества”.
Нельга казаць, з яго пункту гледжання, ні пра якую цывілізацыйную місію Польшчы
пасля заключэння Крэўскай уніі. Калі літоўцы аддавалі дзяржаву, палякі ўзамен –
гербы, над якімі яны самыя ў тыя часы насміхаліся.
Пытанне уній грунтоўна разгледжана ў адпаведных
раздзелах “Лекцый па рускай гісторыі” Сяргея Фёдаравіча Платонава (1860 - 1933
гг.). Ён лічыў, што злучэнне было
прапанавана Польшчай з мэтай накіраваць сілы абедзвюх дзяржаў супраць агульнага
ворага – крыжакоў. Мэта была дасягнута. Але меўся і адваротны момант: “Поляки
стремились окатоличичь Литву и ввести в ней “культуру”, т.е., польские обычаи.
Гэта прывяло да канфесійнага і нацыянальгага разладу ў ВКЛ, у выніку чаго яно
пачынае хіліцца да заняпаду, у той самы час, калі, здавалася б, дасягае поўнага
росквіту сіл. Платонаў лічыў, што Вітаўт зрабіў стаўку не на тую партыю: збліжаючыся з Польшчай, ён забыўся пра
асноўную сілу – “рускі” элемент Вялікага Княства. Гісторык дае характарыстыку
Вітаўта, якая адрозніваецца ад характарыстык, напрыклад, Любаўскага ці Ілавайскага.
На яго думку, вялікі князь быў нерашучым, некалькі разоў змяняў сваю рэлігійную
веру, хацеў быць да спадобы і католікам, і праваслаўным, і язычнікам. У гэтым
крылася ягоная сіла і слабасць. Маючы падтрымку, ён мог зрабіць шмат спраў, але
дзейнічаць ва ўгоду ўсім было проста немагчыма. “Витовт довёл могущество
Литовского государства до высшего развития и, вместе с тем, положил начало его
упадку”.
На думку аўтара, пасля Грунвальдскай бітвы патрэба ў
уніі адпала, і таму Гарадзельскі акт не меў ніякай гістарычнай
неабходнасці. Аднак ён быў падпісаны, і
гэта стала не толькі дынастычным, але і рэальным злучэннем з Польшчай. Яшчэ
адной прычынай падпісання Гарадзельскай уніі было тое, што Вітаўт пачаў шукаць
апоры супраць немцаў і Масквы, а таксама яго прываблівала магчымасць атрымання
кароны, якая магла прыйсці толькі з захаду. Аднак і пасля смерці Вітаўта ВКЛ
строга ахоўвала сваю самастойнасць і унія доўгі час не была рэальнай. ВКЛ
заўсёды імкнулася мець свайго асобнага вялікага князя, а палякі лічыліся тут
чужынцамі. ”Лучше всего полякам удавалось культурное влияние на литовское общество”,
больш за усіх польскаму ўплыву паддавалася літоўская шляхта, якая імкнулася
заняць такое ж самае становішча ў сваёй дзяржаве, як польская ў Кароне.
Каб мець такія правы, трэба было прыняць каталіцтва, што вяло да пашырэння
польскага ўплыву. Прывілеі каталікам узбуджалі незадавальненне праваслаўных,
што, у сваю чаргу, вяло да вострых антаганізмаў у дзяржаве. Пад ціскам знешняй
пагрозы трэба было выбіраць: або страту палітычнага ўплыву з далучэннем да
Маскоўскай дзяржавы, або пераход у каталіцтва і злучэнне з Каронай Польскай.
Трэцяга шляху не было. Платонаў лічыў, што “власти Ивана Грозного была
предпочтена потеря национальной независимости”.
Аднак наўрад ці яна не была б страчана ў Маскоўскай дзяржаве. У 1569 г. унія
стала рэальнасцю. Рашаючую ролю ў гэтым гісторык адводзіў Жыгімонту-Аўгусту. Ён
выдзяліў два асноўных наступствы Люблінскай уніі для Вялікага Княства
Літоўскага: 1. Вострая канфесійная барацьба, якая ўрэшце рэшт вылілася ў
рэлігійную (Берасцейскую) унію; 2. вострая грамадская барацьба, якая мела сваім
вынікам шэраг казацка-сялянскіх выступленняў.
З агульнага кантэксту расейскай гістарыяграфіі 19 ст.
выбіваецца спецыяльная праца пра польска-літоўскія уніі (напісаная на падставе
дзённікаў сеймаў) знакамітага беларускага гісторыка Мітрафана Віктаравіча
Доўнар-Запольскага (1867 - 1934 гг.). Ён паказаў у развіцці спрэчкі палякаў і
ліцвінаў наконт умоваў уніі. Даючы гістарыяграфічны агляд, гісторык з вялікай павагай
ставіцца да польскіх гісторыкаў, хоць кажа, што не можа пагадзіцца з іх
поглядамі. Ён лічыў прывілеі мёртвай літарай. Усё вызначала сумеснае жыццё з
палякамі на працягу многіх гадоў. Польскія парадкі (і не заўсёды самыя лепшыя)
паступова пераходзілі ў ВКЛ. Усе уніі адбываліся сярод ляманту і пракляццяў
значнай часткі грамадства ВКЛ. Нават пасля Люблінскай уніі прайшло не менш як
тры чвэрці стагоддзя, пакуль палякі змаглі пачувацца ў ВКЛ як у сябе дома.
“Партыя” удзельных князёў была занадта малая і аддаленая ад цэнтру, каб
вырашаць дзяржаўную палітыку адносна уній. Да таго ж удзелы ўжо аджылі свой
век. Наадварот, “партыя” сярэдніх і буйных землеўладальнікаў цэнтральных і
заходне-літоўскіх вобласцяў, на чале якой стаялі Забярэзінскія і Радзівілы, была
больш шматлікай і свежай па сваіх палітычных тэндэнцыях. Яна больш схілялася да
уніі з Польшчай, хоць і яе нельга назваць паланізатарскай. У мірныя часы ліцвіны як бы забываліся пра
уніі, вялікакняская рада не ратыфікавала іх умоваў. Калі ж ВКЛ пачынала пагражаць
небяспека з усходу, ізноў успаміналіся старыя "спісы" і прасілася
дапамога ў палякаў. Тыя, убачыўшы такую тэндэнцыю, дапамагалі ўсё радзей.
У 40-я гады 16 ст. справа уніі з польскага боку
зыходзіць уніз - да шляхты і становіцца адной з частак так званай
"экзэкуцыі правоў", г.зн., перагляду правоў і прывілеяў з мэтай
выкаранення накопленых з цягам часу супярэчлівых законаў. Калі раней справа
уніі рухалася толькі дзеля нажывы польскіх магнатаў, то цяпер яна стала як бы
дзяржаўнай справай. Таму караля прымушаюць зрабіць рэальныя крокі для
аб'яднання з ВКЛ. Такім чынам, кароль і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст
выконвае тут як бы функцыю пасярэдніка паміж палякамі і ліцвінамі, не рашаючыся
браць на сябе ролю больш важную. Ён трымаецца нейтралітэту. З 1563 – 1564 гг.
манарх адракаецца ад сваіх спадчынных правоў на ВКЛ на карысць Кароны, і з
гэтага часу уніі становяцца як бы унутранай справай Польшчы і адной з
прыватнасцяў працэсу экзэкуцыі правоў. Палякі не жадалі дапамагаць ВКЛ у
Лівонскай вайне, пакуль унія не стане рэальнасцю (г.зн. пакуль ВКЛ не будзе
інкарпаравана ў склад Кароны Польскай без усялякіх умоваў). Яны, нарэшце,
знайшлі апору ў ВКЛ сярод ніжэйшай шляхты. Яе падтрымка Польшчы і справы уніі
павялічвалася па меры таго, як расла палітычная значнасць шляхты ў ВКЛ.
Прафесар Дэрптскага універсітэту Іван Іванавіч Лапо (1869
- 1944 гг.) ў сваёй працы ”Заходняя Расея і яе злучэнне з Польшчай” разглядаў
данае пытанне ў кантэксце адносінаў расейскага грамадства да вывучэння гісторыі
Беларусі (у сучасным разуменні). Лапо пісаў, што цікавасць да яе з'явілася
пасля паўстання 1830 г., бо расейцы пачалі ўсведамляць гэтую тэрыторыю сваёй -
"Заходняй Расеяй".
Пачалі рабіцца ідэалагічныя крокі ў гэтым накірунку. Пасля гістарыяграфічнага
агляду гісторык пераходзіць да сутнасці пытання.
Уніі Лапо лічыў знешнім чыннікам, які ўрываецца ў
натуральны ход гісторыі ВКЛ у 1385 г. пасля шлюбу Ягайлы з Ядзвігай. "…Обещанная Ягайлой инкорпорация и легла в основу всех
последующих господствовавших в Польше представлений о взаимных отношениях ея і
Великого Княжества Литовского и о правах Польши на всю его государственную
территорию". Аднак ВКЛ глядзела на сябе як на незалежную,
роўнапраўную дзяржаву, а на унію - як на саюз для барацьбы са знешнім ворагам.
Пры такіх умовах рашаючую ролю ў справах уній атрымоўвала сіла знешняга
ўздзеяння — небяспека з боку знешніх ворагаў. Аўтар падзяліў гісторыю уній на
наступныя перыяды: 1. час, калі ў іх мела патрэбу Польшча, якая рабіла ўступкі
патрабаванням Княства; 2. час, калі ў ёй мела патрэбу ВКЛ, якое і саступала
польскаму разуменню уніі; 3. час, калі ў уніі мелі патрэбу абедзве дзяржавы,
ідучы на ўзаемныя ўступкі адна адной; 4.) час, калі непасрэднай патрэбы ў уніі
для іх не было, і калі унія магла быць цалкам разарвана. Да 1569 г. унія так і
не стала рэальнасцю. А Люблінская унія так і не ўтварыла адзінай дзяржавы з
двух частак. Ужо Астроўскае пагадненне дае Вітаўту тытул пажыццёвага вялікага
князя (не намесніка), пацверджаны ў 1401 г. Гарадзельская унія 1413 г.
здзейсніла фармальнае ўзнаўленне тытула вялікага князя з усімі дзяржаўнымі
правамі для Вялікага Княства Літоўскага. Вітаўт імкнуўся да поўнай дзяржаўнай
роўнасці, і толькі меры, здзейсненыя Ягайлам (затрымка кароны, якую паслаў
Вітаўту імператар Жыгімонт) не далі здзейсніцца яго каранацыі. Пасля смерці
Вітаўта Гарадзельская унія то парушалася выбраннямі вялікіх князёў літоўскіх
асобна, без згоды палякаў, то фармальна ўзнаўлялася новымі дамовамі. У 1501 г.
у Мельніку (Падляшша) была падпісана дамова, па якой узнаўлялася унія на умовах
1401 г.: агульны манарх, агульны сейм для Кароны і ВКЛ і г. д. Аднак,
"уніі", у якія ператварылася абяцаная Ягайлам інкарпарацыя ВКЛ у
Карону, не пазбавілі ВКЛ яго самастойнага дзяржаўнага значэння. Гэтае значэнне
яно ўзнавіла, развівала і вельмі раўніва ахоўвала ўвесь наступны час. Захоўваўся
польскі ўплыў на жыццё ВКЛ, аднак, і ён не быў адзіным уплывам з захаду і
перапрацоўваўся суадносна з мясцовымі ўмовамі. У 1440 г. асобна, без згоды
палякаў на вялікакняскі трон быў абраны сын Ягайлы Казімір. Гэтым дынастычная
унія перарвалася і была ўзноўлена толькі ў 1447 г. пры абранні яго на польскі
трон. Пры гэтым 2 мая 1447 г. ён даў прывілей ВКЛ, у якім за сябе і за сваіх
пераемнікаў гарантаваў яму старыя і новыя правы, непарушнасць дзяржаўных межаў,
недапушчэнне іншаземцаў (меліся на ўвазе перш за ўсё палякі) да валодання
землямі і займання пасадаў у ВКЛ.
У сярэдзіне 16 ст. з-за пагрозы з боку Маскоўскай
дзяржавы новая дамова паміж Польшчай і ВКЛ неабходна была абедзьвум краінам.
Але ў меньш выгадным становішчы аказалася ў даны момант Вялікае Княства. Аднак
і Люблінская унія не прынесла ВКЛ належнай дапамогі з боку Польшчы ў Лівонскай
вайне, тым больш, што з адарваных на карысць Кароны Валыні, Падляшша, Падолля,
а затым і Кіева ў скарб Вялікага Княства не ішлі падаткі, а ў войска - палкі. У
ВКЛ былі сапраўды "адрэзаны
крылы". Не атрымалася і адзінства. Нават у прынятым акце уніі быў захаваны
тытул ВКЛ, ягоныя асобныя "уряды" - пасады з іх папярэднімі
кампетэнцыямі і правамі. Захаваліся старыя "міністры", дзяржаўная
пячатка, скарб, фінансавае кіраванне, звод законаў - Статут Вялікага Княства
Літоўскага. У заключанай уніі было нямала супярэчнасцяў, галоўная з якіх -
спалучэнне ва ўтворанай Рэчы Паспалітай федэратыўнага і ўнітарнага тыпу
дзяржаваў. Не скасаваўшы адну з супрацьлегласцяў, нельга было загладзіць ніякіх
супярэчнасцяў. Тым больш, што пазней падцвярджэнне правоў Вялікаму Княству і
асобная прысяга зрабіліся правілам пры каранаванні. Урэшце рэшт, у гэтых
дзяржаваў былі і асобныя дзяржаўныя інтарэсы. Адзінства не ўдалося рэалізаваць
і ў справе сеймаў, з'ездаў і паседжанняў рады, захоўваліся асобныя дзяржаўныя
межы. Не выпрацавалася і братніх пачуццяў паміж народамі, успаміналіся старыя
крыўды. А гэта значыць, што інкарпарацыя (wcielenie), паабяцаная Ягайлам палякам, так і не адбылася.
Мацей Канстанцінавіч Любаўскі (1880 – 1936 гг.), буйнейшы
гісторык ВКЛ, таксама не абыйшоў увагай гэтую праблему. Яго канцэпцыя адносна
польска-літоўскіх уній складаецца з наступнага. У канцы 14 ст. у ВКЛ наступіў
крызіс вялікакняскай улады, які стаў пагражаць распадам “літоўска-рускаму
дзяржаўнаму саюзу”. Для яго перадухілення вялікі князь Ягайла пачаў шукаць
падтрымкі звонку. Знешнія абставіны высунулі спрыяльную для гэтага кан’юнктуру
ў выглядзе уній ВКЛ з Каронай Польскай.
Ужо сама па сабе паказальна назва аднаго з раздзелаў “Нарысаў..” Любаўскага,
прысвечаная перадумовам і абставінам Крэўскай уніі – “Внутренние политические
кризисы в Литовско-Русском государстве и инкорпорация его в Корону Польскую”.
Ягайле патрэбна была дапамога супраць знешніх ворагаў (крыжакоў) і ўнутраных
(мяцежных братоў: роднага Андрэя Полацкага
і стрыечнага Вітаўта Кейстутавіча). У пошуках яе ён прыняў рашэнне
ажаніцца з польскай каралевай Ядзвігай,
каб заручыцца падтрымкай Польшчы. Пра велічыню гэтай неабходнасці гавораць
абяцанні, дадзеныя ім польскім паслам у Крэве ў жніўні 1385 г. Любаўскі робіць
наступную выснову: “… уния была порождена не одними только внешними причинами,
но и внутренними, коренившимися в самом строе молодого Литовско-Русского
государства, в шаткости и необеспеченности великокняжеской власти”. Што
датычыцца характару Крэўскай уніі, паклаўшай пачатак усяму унійнаму працэсу аж
да ўтварэння Рэчы Паспалітай, ён канстатаваў, што “уния 1385 – 1386 гг. не была
ни персональной, ни династическою, а инкорпорацией
Великого княжества в Корону Польскую”.
Пра гэта сведчыць тое, што пасля падпісання акту Крэўскай уніі ва ўсіх
літоўска-рускіх князёў узятыя былі прысягі на вернасць каралю і Кароне
Польскай. Зразумелым тады становіцца і прывілей 1387 г., які ўраўноўваў у
правах літоўскіх баяраў-католікаў з палякамі. Яны станавіліся падданымі адной
дзяржавы. “Уния 1385 – 1386 гг. была, следовательно, такая же государственная,
как и уния 1569 г., а в идее даже более сливала два государства в единое целое,
чем уния 1569 г. не уничтожившая вполне индивидуальности Великого Княжества
Литовского”. Аднак,
адна справа задэклараваць, а зусім іншае – зрабіць. Ягайла занадта лёгка
глядзеў на такую справу як страта дзяржавай палітычнай самастойнасці і
самабытнасці. Крэўская унія адхіліла на задні план папярэдніх прыбліжаных
вялікага князя, замяніўшы іх палякамі. Пры гэтым былі закрануты годнасць і
матэрыяльныя інтарэсы першых, што выклікала незадавальненне, пераросшае ў
мяцеж. На чале яго стаў Вітаўт, незадаволены тым, што Ягайла не аддаў яму яго
спадчынны ўдзел – Трокі. Прымірэннем стала Астроўскае пагадненне 1392 г. Яно,
хоць і не змяніла Крэўскай дамовы, аднак унесла ў яе значную папраўку: ВКЛ
набыло аўтаномію, а Вітаўт стаў вялікім
князем літоўскім, а не намеснікам, як калісьці прызначаны Ягайлам Скіргайла.
Астроўскае пагадненне паклала пачатак узнаўленню незалежнасці і самабытнасці
ВКЛ.
У 1399 – 1401 гг. адбыўся новы этап злучэння дзяржаваў. Ён
быў выкліканы цяжкай паразай Вітаўта ад татараў на р. Ворскла ў 1399 г. і
вызваленнем з вязніцы Свідрыгайлы, які пачаў набываць папулярнасць сярод
“рускіх” ВКЛ. У 1399 г. памерла Ядзвіга, а Ягайла так і не здзейсніў Крэўскую
унію. Таму ён шукаў шляхі для яе аднаўлення. Вынікам стала Віленская унія 1401г.
Новую фазу, на думку Любаўскага, паклала Гарадзельская ўнія 1413 г., па якой
Княства, знаходзячыся ў непарыўным злучэнні з Польшчай, павінна было мець
заўсёды асобнага вялікага князя, якому б надаваў уладу польскі кароль. Гэта
было саступкай Вітаўту. ВКЛ заставалася асобнай дзяржавай, хоць і пад
суверэнітэтам польскага караля. Але і гэта пазней стала падставай для
дамаганняў з боку Польшчы. “Уния Великого Княжества Литовского с Королевством
Польским, оказав поддержку самому существованию
Великого Княжества, как государственного союза, закрепила вместе с тем
результаты его предшествующего
социально-политического развития и оформила их, наложила на них клеймо польской
государственности”. З 1432 г. фармальны
статус вялікага князя літоўскага ізноў паніжаецца да ўзроўню намесніка
польскага караля.
З канца 40-х гадоў 16 ст. рэальнай сілай у ВКЛ становіцца
шляхта, якая, ідучы ў напрамку павелічэння сваіх прывілеяў, імкнулася
здзейсніць злучэнне з Польшчай, каб мець тыя ж правы, што і польская шляхта. У
гэтым яна ішла насустрач інтарэсам апошняй, вынікам чаго з’явілася парламенцкая
унія 1569 г., якая паклала канец самастойнаму існаванню ВКЛ як дзяржавы.
Цікавыя думкі ў сваёй працы “Сеймы Літоўска-Рускай
дзяржавы да 1569 г.” выказаў адносна уній сучаснік Любаўскага Мікалай
Аляксандравіч Максімейка (1870 - 1914 гг.), які займаўся падобнай праблематыкай
і быў, у добрым сэнсе слова канкурэнтам Любаўскага па пытанню сеймаў ВКЛ. Ён
лічыў, што такая форма ўзаемадзеяння дзяржаваў, як польска-літоўскія уніі – не
навіна. Спробамі ўтварэння складаных дзяржаваў напоўнены канец 14 і першая
палова 15 ст. У асноўным, прычынамі такіх аб’яднанняў была знешняя пагроза.
Аўтар выдзяляў дзве групы такіх дзяржаўных аб’яднанняў: 1. Пад ціскам знешніх
абставінаў адна дзяржава лічыла немагчымым існаваць асобна і добраахвотна
злучалася з іншай дзяржавай на больш-меньш выгадных умовах з большымі ці
меньшымі стратамі для сваёй самастойнасці. Да такіх, на думку Максімейкі, можна
аднесці уніі Польшчы і ВКЛ 1385, 1401, 1432, 1434 гг.; 2. Дзяржавы больш слабыя
злучаліся васальнай залежнасцю з іншымі дзяржавамі, больш моцнымі, але не па
ўласнай ініцыятыве, а па няволі, ў сілу таго што суседняя дзяржава мела большую
ваенную моц. Такімі аўтар лічыў злучэнні “русских земель с Литвой, хронически
повторявшиеся при Гедимине, Ольгерде, Витовте и т.д., вплоть до Казимира”.
З аднаго боку, пры злучэнні ВКЛ з Польшчай узрасталі шанцы для адпору крыжакам,
а з другога – злучэнне накладвала акрэсленыя абавязкі. Аднак, “польско
литовские унии 14 – 15 вв. не отличались прочностью: как только проходила
опасность, Литовское Княжество восстанавливало свою независимиость”.
Пры больш пільным разглядзе бачна, што польска – літоўскія уніі ў аўтара не цалкам
суадносяцца з ягонай класіфікацыяй. Ён сам пісаў: “Литва соединялась с Польшей
всякий раз добровольно, поэтому поляки не могли предписывать литовцам условия
соединения; при заключении унии с Польшей литовцы выступали в роли
равноправного контрагента”.
Акрамя таго, у справе заключэння уній аўтар не апошнюю ролю адводзіць мясцоваму
насельніцтву: арыстакратам, а затым і шляхце ВКЛ.
Літоўскім варыянтам уніі была “брацкая унія”, г. зн.
пастаянны абаронча – наступальны саюз з захаваннем індывідуальнасці кожнай з
дзяржаваў, польскім жа – інкарпарацыя (wcielenie) ВКЛ у дзяржаўны арганізм Кароны Польскай. Доўгі час
унія існавала толькі як асабовая: дзьве дзяржавы былі злучаныя асобай аднаго
манарха, хоць бывалі часы, калі і такое злучэнне перарывалася.
Такім чынам расейская гістарыяграфія 19 - першых
дзесяцігоддзяў 20 ст. польска-літоўскіх уній з'яўляеца даволі значнай. Аднак,
гэта яшчэ толькі першыя спробы вывучэння пытання. Яно разглядалася у лепшым
выпадку ў працах па гісторыі ВКЛ або ў працах па гісторыі Расеі. Часам разгляд
пытання не вызначаўся глыбінёй, высновы не абапіраліся на даныя крыніцаў і былі
моцна палітызаванымі. Шэраг працаў наўпрост быў звязаны з ідэалагічным
абгрунтаваннем захопу Расеяй земляў Рэчы Паспалітай. Аднак, былі зроблены і
значныя навуковыя дасягненні. Працы Любаўскага, Лапо, Ілавайскага і інш. увайшлі
ў залатую скарбонку працаў па гісторыі ВКЛ.
Шэйфер Валеры
Нар. 19.06.1977 г. у Гародні
Аспірант Гарадзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы
Асноўны кірунак даследаванняў:
Узаемаадносіны ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы
Адрас:
Зав. Даватара 6а – 16
Гародня
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"
|