|
РЭЦЭНЗІІ
Gienadiusz Szymanowski, Dwanaście lat - wspomnienia z lat
1927-1939, Toruń 1998, wyd. Adam Marszałek, ss. 312 *
Яўген Мірановіч
(Беласток)
Генадзь Шыманоўскі належаў да тых палітыкаў беларускага паходжання, якія прыймалі палітычныя рэаліі, паўсталыя ў выніку Рыжскай дамовы між Польшчай і Расеяй. Ён быў дэпутатам сойму ад санацыйнага Безпартыйнага Блоку Супрацоўніцтва з Урадам у 1930-1939 гг., выбраным з наваградскай выбарчай акругі. У спісе блоку ён выступаў як прадстаўнік беларускага насельніцтва. Аўтар успамінаў хоць і быў праваслаўным, да часу выбару ніколі не выяўляў сваю прыналежнасць да беларускага народу.
Шыманоўскі пісаў свае ўспаміны ў 1966-1968 гг., калі меў ужо 77 гадоў. Як ён напісаў ва ўступе, усё падавалася па памяці, бо ў аўтара не было ніякіх дакументаў з часоў ягонай парламенцкай дзейнасці. Шыманоўскі шчыра папярэдзіў чытачоў пра недакладнасці ягонай перадачы падзеяў, вынікаючыя з недахопаў чалавечай памяці і суб’ектыўнага ўспрыймання рэаліяў, што ўласціва для ўсіх аўтараў успамінаў. Пасля прачытання ўспамінаў Шыманоўскага нельга сумнявацца ў шчырым імкненні аўтара да безстаронняга апісання падзеяў, удзельнікам ці сведкам якіх ён быў. Аднак гэта вобраз падзеяў, створаны чалавекам з акрэсленай палітычнай і нацыянальнай пазіцыяй.
Шыманоўскага па-рознаму можна ацэньваць як палітыка, але як апісальнік палітычных рэалій міжваеннай Польшчы ён заслугоўвае найвышэйшай павагі. Цікавасць да ўспамінаў падаграе найперш літаратурны талент аўтара. Ягоныя ўспаміны чытаюцца як гістарычная аповесць. Як у беларускай так і польскай гістарыяграфіі вельмі рэдка разглядалася тая пазіцыя, якую прадстаўляў Шыманоўскі. У польскай гістарычнай літаратуры дамінуе выразна негатыўны вобраз беларуса, нелаяльнага грамадзяніна, які чакае справядлівасці праз уключэнне паўночна-усходніх ваяводстваў Польшчы да Савецкага Саюзу. Такая пазіцыя сапраўды была характэрнай для значнай часткі беларускага грамадства ў міжваеннай Польшчы, але яна з’яўлялася вынікам нацыянальнай палітыкі ўладаў. Надзвычай рэдка ў польскай гістарыяграфіі звяртаецца ўвага на тых прадстаўнікоў беларускіх асяродкаў, якія польскую дзяржаву ўспрыймалі як сваю, называлі сябе беларусамі польскай культуры і хацелі быць нармальнымі грамадзянамі і выконваць публічныя функцыі, не выракаючыся сваёй адметнай нацыянальнасці. Такую пазіцыю ў 30-я гады прадстаўляў Генадзь Шыманоўскі. Палітыка дзяржавы, адназначна скіраваная на асіміляцыю, не была найлепшым сродкам пашырэння прадзяржаўных настрояў сярод беларусаў, аднак Шыманоўскі зыходзіў з пераканання, што толькі знаходзячыся сярод асобаў, прыймаючых рашэнні, можна хоць нешта ўратаваць. У беларускай савецкай літаратуры такая пазіцыя ацэньваецца як калабарацыя, супрацоўніцтва з ворагам. Восенню 1939 г. гэтак сама ацанілі дзейнасць Шыманоўскага супрацоўнікі НКУС.
Як піша ў Прадмове да выдання сын аўтара Яраслаў Шыманоўскі, успаміны бацькі былі набытыя выдавецтвам Ossolineum з Вроцлава ў 1974 г., але не маглі тады быць апублікаваныя па палітычных прычынах. Аднак Яраслаў Шыманоўскі памылкова лічыць, што камуністычныя ўлады баяліся публікацыі інфармацыі пра прапольскія групоўкі сярод беларусаў, жыдоў і украінцаў ва ўсходніх ваяводствах II Рэчы Паспалітай. Прадстаўнікі названых нацыянальных меншасцяў выказвалі прапольскія настроі, але арганізацыі такога характару, калі нават і узнікалі, то толькі з ініцыятывы ўлады. Існаванне сярод гэтых народнасцяў шматлікіх антыкамуністычных арганізацый не азначала, што яны былі прапольскія або прадзяржаўныя.
Генадзь Шыманоўскі нарадзіўся ў 1891 г. у вёсцы каля Слуцка. Да часу палітычнага пералому ў Расеі пасьпеў законьчыць эканамічнае аддзяленне элітарнага Гандлёвага Інстытуту ў Маскве. З такой адукацыяй не меў праблемаў з пошукамі працы. Падчас польска-расейскага змагання за панаваньне на Беларусі цалкам падтрымаў польскі бок. З успамінаў вынікае, што не меў тады ніякіх кантактаў з беларускім рухам. Беларускіх партызанаў, якія на пачатку 20-х гадоў нападалі на польскія двары, вайсковых асаднікаў, пастарункі паліцыі і асяродкі адміністрацыі ў Нясвіжскім павеце, адназначна акрэсьліваў як бандытаў.
Аўтар успамінаў, несумненна, належаў да польскай крэсовай эліты. Будучы дзяржаўцам вялікага маёнтку ў Маставілавічах, які належаў да Нясвіжскай ардынацыі, ён жыў праблемамі асяроддзя памешчыкаў. Не любіў сялянаў, адносіў іх да катэгорыі грамадзянаў, якія найменей служаць дзяржаве. Меў уяўленне пра ўмовы жыцця сялянаў зусім іншае, чым сучасная гістарычная навука. “Вёска жыла даволі заможна, асабліва ў 30-я гады, калі гаспадары пачалі атрымліваць значныя даходы ад продажу льну” - так ён пісаў ва ўспамінах. “Сярэдняя гаспадарка пачала атрымліваць штогод ад некалькі соцен да тысячы злотых за насеньне і валокны ільну. Дочкі заможных гаспадароў у нядзелю апраналі панчохі са штучнага шоўку і мелі прыстойныя сукенкі і абутак. Многія сялянскія хлопцы мелі ровары, а дзеці больш заможных прасілі ў бацькі матацыкл” (стар. 49-50).
Бяда ў вёсцы, на думку Шыманоўскага, была вынікам сялянскага гультайства. Фінансавыя праблемы дзяржавы, паводле аўтара, найпрасцей можна было б вырашыць падняўшы падаткі сялянам, якія старанна хавалі свае сапраўдныя даходы. Аднак ніводная гістарычная праца, гэтаксама як і ўспаміны людзей, якія памятаюць міжваенную Польшчу, не пацвярджаюць аптымістычнага вобразу матэрыяльнага становішча беларускай вёскі, прадстаўленага Шыманоўскім. Сапраўды былі выпадкі, калі сялянскія хлопцы мелі ровары, а дзяўчаты - шоўкавыя панчохі, але сустракалася гэта вельмі рэдка. Рэальнай праблемай большасці сялянаў у Палескім ці Наваградскім ваяводстве было элементарнае выжыванне і выплата падаткаў. Падаваныя Шыманоўскім даходы з продажу ільну магла атрымаць гаспадарка ў некалькі дзесяткаў гектараў і то пасьля адпаведных інвестыцый.
Павагу адміністрацыйна-памешчыцкіх колаў Шыманскі здабыў на пасадзе прэзідэнта аднаго, а потым другога банку ў Нясвіжы, а пазней кіраўніка мясцовага самакіравання. У 1928 г. ён уступіў да ўтворанага прыхільнікамі Пілсудскага Безпартыйнага Блоку Супрацоўніцтва з Урадам. Як адзін з нешматлікіх праваслаўных у ББСУ (BBWR) атрымаў заданне зандажу магчымасці патрымкі блоку праваслаўным духавенствам на парламенцкіх выбарах 1928 г. На тэрыторыі Наваградскага ваяводства падаўляючая большасць выбаршчыкаў была праваслаўнай, цэрквы маглі стаць важным асяродкам прапаганды. Шыманоўскі піша, што гарадзенскі біскуп Алексій, таксама як і пінскі біскуп Аляксандар выказалі гатоўнасць да супрацоўніцтва дзеля перамогі на выбарах ББСУ. “Беларускі селянін па сваёй прыродзе быў пасыўны і недаверлівы да любой улады” - пісаў Шыманоўскі. “Праваслаўны святар яшчэ ад расейскіх часоў быў для яго адным з прадстаўнікоў улады, таму селянін быў прызвычаены не столькі яму давяраць, колькі слухацца.” (стар. 116).
Прапанова стаць паслом ад беларускай супольнасці пад час выбараў 1930 г. стала для яго нечаканасцю. Пасля некалькіх дзён роздуму Шыманоўскі гэтую прапанову прыняў. Праўдападобна, паводле выбарчага сцэнарыю, апрацаванага ў санацыйным лагеры, менавіта яму, як даверанай асобе, была вызначана роля выступоўцы ад імя беларускага народу. Як чалавек надзвычай разумны, Шыманоўскі хутка распрацаваў уласную нацыянальную беларускую ідэалогію. Ён вельмі сумленна ў сваіх успамінах правёў аналіз гістарычнага працэсу на Беларусі (стар. 118-119). Межы этнічнага арэалу беларусаў ён вызначыў так, як яе акрэслілі творцы Беларускай Народнай Рэспублікі падчас дэкларацыі незалежнасці ў сакавіку 1918 г. Аднак праблему выбару нацыянальнага шляху акрэсліў у наступных словах: “Беларусь ніколі не мела самастойнасці. Заўжды была пад панаваннем Польшчы (з Літвой) або Расеі. На яе ўплывалі дзьве культуры - польская і расейская (...). У падобных умовах двух моцных і супярэчлівых уплываў беларуская інтэлігенцыя не магла ўтварыцца як клас. У мінулым культура беларуская мусіла быць, бо ўсё-такі Літоўскі Статут, які стаў узорам для польскага заканадаўства, быў напісаны не на якой-небудзь а на беларускай мове. Але старажытную культуру паглынулі стагоддзі чужынскіх уплываў, а новая культура пры адсутнасці інтэлігенцыі не магла паўстаць і развівацца. У такіх умовах асобны інтэлігент, які праз некалькі пакаленняў меў карэнні ў беларускай зямлі і адчуваў з ёй глыбокую сувязь, мусіў уліцца ў адну з дзьвюх культур - польскую альбо расейскую. У такім разуменні, падобна як селянін з гаспадаркай у паўтары гектары ці дваровы парабак, беларусам быў таксама нясвіжскі ардынат князь Радзівіл, які цалкам належаў да польскай культуры... У такім разуменні і я адчуваў сябе беларусам польскай культуры” (стар. 120).
Аднак Шыманоўскі зазначыў, што мала хто з асяроддзя памешчыцкага ці дробнашляхецкага, хто меў несумненна беларускае паходжанне, разважаў пра сваю якую-небудзь сувязь з беларускасцю. Наадварот, усё, што было звязана з беларускім нацыянальным жыццём трактавалася калі не з пагардай то з усмешкай. Сітуацыя, апісаная Шыманоўскім, вельмі моцна напамінае паводзіны спаланізаваных беларускіх сялянаў і іх нашчадкаў у пасляваенным Беластоку, калі яны ўваходзілі ў палітычную, грамадскую ці эканамічную эліту. Дарэчы, і сам аўтар успамінаў у сваіх разважаннях і паводзінах вельмі нагадвае функцыянераў Беларускага Грамадска-Культурнага Таварыства, якіх партыйнае кіраўніцтва насуперак іхняму жаданню накіравала на працу ў гэтую арганізацыю. Некаторыя з іх толькі тады адчулі сябе беларусамі і нават шчыра працавалі дзеля развіцця беларускай нацыянальнай культуры, зразумела, у межах, акрэсленых уладамі. Шыманоўскі ў сваёй дзейнасці таксама ніколі не перакрочваў кампетэнцый, атрыманых у выніку існуючага палітычнага раскладу.
Шыманоўскі прадстаўляў найлепшыя рысы польскага патрыятызму. Ён не разумеў польскіх нацыяналістаў і іхняга лобі ў дзяржаўнай адміністрацыі. Закрыццё беларускіх школаў, прыгнёт беларускага нацыянальнага жыцця, антыжыдоўскія эксцэсы лічыў дзеяннямі, якія супярэчылі інтарэсам дзяржавы. Дзеянні нацыяналістаў і паводзіны нацыянальных польскіх элітаў, на яго думку, адштурхоўвалі ад Польшчы яе грамадзянаў замест таго каб прыцягваць іх да ўзмацнення дзяржавы.
Аўтар успамінаў быў перакананым прыхільнікам санацыйнай партыі. Праўда, сумняваўся ў неабходнасці суровых рэпрэсій супраць палітычнай апазіцыі, але адначасова бязмежна давяраў пілсудчыкам. З замілаваннем пісаў пра Валеры Слаўка, Казіміра Сьвітальскага, Тадэуша Галоўца, Вацлава Костку-Бернацкага і з вялікай павагай нават пра Феліцыяна Славоя-Складкоўскага.
Акрамя Шыманоўскага у польскім парламенце пасля 1930 г. двухмільённую беларускую супольнасць прадстаўлялі яшчэ два дробныя земляробы і машыніст-пенсіянер. Усе былі выбраныя па спісах ББСУ, г.зн. практычна іх вызначылі санацыйныя ўлады. Аўтар успамінаў апавядае пра свае шматлікія высілкі, візіты да міністраў, ваяводаў і іншых высокіх чыноўнікаў па справе адкрыцця беларускіх школаў або вырашэння маёмасных пытанняў праваслаўнай царквы. Часам, дзякуючы дыпламатычным здольнасцям і прыхільнасьці асобаў з ягонага палітычнага лагеру яму ўдавалася дасягнуць дробных поспехаў, як, напрыклад, субсідыя на пабудову беларускай гімназіі ў Наваградку альбо адмена загаду праводзіць набажэнства ў праваслаўных цэрквах па-польску. Аднак разам са зменай наваградскага ваяводы будынак школы быў перададзены польскай гімназіі.
Успаміны Шыманоўскага даюць магчымасьць адказу на шмат пытанняў па беларускай праблематыцы. Аднак, яны перш за ўсё падцвярджаюць перакананне, што ў 30-я гады ў Польшчы не было ніякіх прыкметаў магчымасці станоўчага вырашэння праблемаў гэтай нацыянальнай меншасці.
Мірановіч Яўген
Нар.2.09.1955 г.
Доктар габілітаваны, супрац. Кафедры Беларускай
Культуры Універсітэту ў Беластоку
Асноўны кірунак даследаванняў:
Нацыянальныя меншасці ў Польшчы і Сярэдняй Еўропе
e:mail: kkb@hum.uwb.edu.pl
* пераклаў з польскай мовы Аляксандар Краўцэвіч
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"
|