БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 6 / 2002

НАВУКОВАЯ ХРОНІКА

 

Навуковыя канфэрэнцыі

23-25 лістапада 2001 г. у Магілеве адбылася ІІ канферэнцыя Беларускага Гістарычнага Таварыства “Праблемы перыядызацыі гісторыі Беларусі”. Мэтай канферэнцыі з’яўлялася акцэнтацыя ўвагі навуковай грамадскасці на адной з важнейшых праблемаў постсавецкай беларускай гістарыяграфіі. Ранейшая перыядызацыя штучна прывязвала беларускую гісторыю да расейскай. Цяпер жа з’явілася магчымасць выпрацаваць новую храналогію ў кантэксце гісторыі нашага рэгіёну – Цэнтральна-Усходняй Еўропы. На канферэнцыю не запрашаліся афіцыёзныя гісторыкі, якія працягваюць традыцыі расейска-савецкай гістарыяграфіі і прытрымліваюцца ранейшай перыядызацыі.

Прадстаўнікі ўсіх важнейшых асяродкаў гістарычнай навукі на Беларусі, а таксама гісторыкі з Беластоку і Бранска прадставілі сваё погляды і прапановы для перыядызацыі пяці кірункаў беларускай гістарыяграфіі Перыядызацыя развіцця беларускай гістарычнай навукі, Гісторыя беларускага этнасу, Гісторыя дзяржавы і права, Эканамічная гісторыя краіны, Гісторыя культуры.

Усяго ўдзел у канферэнцыі прыняла 31 асоба з запланаваных 42-х. Некаторыя з адсутных калегаў даслалі тэксты сваіх выступаў. Вялікую цікавасць выклікалі даклады Генадзя Сагановіча з Менску Кантынуітэты і і дыскрэтнасць у гісторыі, Ігара Марзалюка з Магілёва Ад этнасу да нацыі. Спроба перыядызацыі этнічнай гісторыі Беларусі 9 - 20 ст., Захара Шыбекі з Менску Перыядызацыя гісторыі Беларусі 19 - 20 ст., Алега Латышонка з Беластоку Дзяржаўныя карані рэспублікі Беларусь, Валянціна Голубева з Менску Эканамічная гісторыя Беларусі: праблемы перыядызацыі, Святланы Куль-Сяльверставай з Гародні Перыядызацыя гісторыі культуры Беларусі і інш.

Вельмі цікавай часткай канферэнцыі стала дыскусія, якая адбывалася практычна пасля кожнага дакладу. Ажыўленае абмеркаванне выклікала прапанаваная д-рам Алегам Латышонкам і праф-м Яўгенам Мірановічам тэза пра Вялікае Княства Літоўскае як палітычную арганізацыю летувісаў. Горача дыскутавалая выказванне д-ра гіст. навук. Святланы Куль-Сяльверставай пра росквіт беларускай культуры ў 17 – 18 ст. Большасць выступоўцаў у гэтай дыскусіі паказвала на мову як важнейшую прыкмету нацыянальнай культуры, а ў названым часе з гэтым у беларусаў было далёка не найлепей.

Матэрыялы канферэнцыі будуць апублікаваныя ў томе 7 “Гістарычнага Альманаху”.

Аляксандар Краўцэвіч

6-7 снежня 2001 г. у Менску адбылася навуковая канферэнцыя “Этнічныя супольнасці ў Беларусі: гісторыя і сучаснасць”, якую арганізавалі Камітэт па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў пры Савеце міністраў РБ, Інстытут гісторыі НАН Беларусі і Беларуская асацыяцыя гісторыкаў. Працавала чатыры секцыі: “Фармаванне этнічных супольнасцяў у перыяд Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай (другая палова 13 ст. – 1795 г.)”, “Этнічныя працэсы на беларускіх землях (1795 – 1917 г.)”, “Становішча нацыянальных меншасцяў у Беларусі (1917 – 1991 г.)”, “Этнічныя супольнасці Беларусі на сучасным гістарычным этапе”.

На пленарным паседжанні выступілі акадэмікі НАН Беларусі Касцюк М.П. (“Узаемаадносіны этнічных супольнасцяў у Беларусі ў 20 ст.”) і Ігнаценка І.М. (“Нацыянальнае пытанне і сучаснасць”), дактары гістарычных навук Лыч Л.М. (“Этнакультурныя працэсы ў Беларусі: гісторыка-параўнальны аналіз (другая палова 13 ст. – 1917 г.”) і Навіцкі У.І. (“Савецкая палітыка адносна этнічных супольнасцяў Беларусі”). Названыя даклады не выклікалі ні спрэчак, ні пытанняў, бо іх змест быў даўно вядомы з ранейшых публікацый паважаных навукоўцаў.

Холад на вуліцы і ў памяшканнях, дзе адбываліся паседжанні, не астудзіў гарачыя дыскусіі, якія разгараліся амаль у кожнай секцыі. У першай (кіраўнікі С.Рассадзін і І.Канапацкі) былі заслуханыя даклады і паведамленні пра этнагенез славян, татарскага этнасу ў ВКЛ, пра ролю дзяржаўнага фактара ў развіцці этнічных працэсаў у Беларусі. Са сваімі поглядамі на выкарыстанне тэрміна “Белая Русь” у 17 ст. выступіў магілёўскі гісторык Ігар Марзалюк. Цікавасць выклікаў рэферат Н.Гардзіенкі “Праблемы фармавання нацыянальнай свядомасці шляхцянак у Рэчы Паспалітай у 18 ст.”

Семнаццаць дакладаў і паведамленняў прагучала на паседжаннях другой секцыі (кіраўнікі Яноўская В.В. і Рудовіч С.С.). У выступленнях закраналіся праблемы такіх этнічных супольнасцяў, як рускія, палякі, беларусы, жыды, немцы, цыгане. Дыскусію выклікала выступленне Марыяны Сакаловай “Аб дыскурсіўнай прыродзе этнасу і нацыі”. Таксама разглядаліся пытанні пра палітыку расейскіх уладаў у дачыненні да этнічных супольнасцяў Беларусі, удзел апошніх у грамадска-палітычным і эканамічным жыцці, этнічны склад насельніцтва Беларусі ў розныя часы.

Найбольшая колькасць дакладаў і паведамленняў была на трэцяй секцыі (кіраўнікі Ладысеў У.Ф. і Токараў М.У.). Значная ўвага надавалася гістарыяграфічным аспектам, палітычнай і культурнай дзейнасці этнічных супольнасцяў, дзяржаўнай нацыянальнай палітыцы. Асаблівую цікавасць выклікалі выступленні Валенціна Мазца (“БНР і праблемы нацыянальных супольнасцяў”), Д.Блізнюка (“З гісторыі нацыянальнай палітыкі нямецкіх акупацыйных уладаў на тэрыторыі Беларусі ў 1941-1944 г.”).

На чацвёртай секцыі, па словах яе кіраўніка Эмануіла Іофе, усе выступленні былі грунтоўнымі і змястоўнымі. Аднак крытыку з боку кіраўніка выклікала ўжыванне тэрміна “жыды” замест больш прыдатных, на яго погляд, паняццяў “яўрэі” і “габрэі”. Быў адзначаны даклад Юрыя Бажэнава “Праблема асвятлення нацыянальных меншасцяў Беларусі ў беларускіх энцыклапедычных выданнях”. Тры рэфераты прысвячаліся заканадаўству РБ у галіне нацыянальных правоў. Пытанне пра навуковую значнасць і актуальнасць тэмы рэферата выклікала выступленне даследчыка з Берасця В.Папко “Нацыянальная палітра фестывалю “Славянскі базар” у Віцебску”.

Пры падвядзенні вынікаў канферэнцыі арганізатары (у першую чаргу М.С.Сташкевіч і У.І.Навіцкі) запэўнілі прысутных, што матэрыялы канферэнцыі будуць выдадзеныя ў бліжэйшы час. Як стала вядома, яны выйшлі з друку, але частка тэкстаў па невядомых прычынах туды не трапіла. Напрыклад, няма матэрыялаў амаль усіх гарадзенскіх гісторыкаў. Уладзімір Навіцкі запэўніў, што памылка будзе выпраўленая. Плануецца правесці прэзентацыю матэрыялаў канферэнцыі з удзелам прадстаўнікоў нацыянальных супольнасцяў.

Вячаслаў Швед

Абарона дысертацыйных працаў

Эдмундас Гімжаўскас. Беларускі фактар у фармаванні тэрыторыі сучаснай літоўскай дзяржавы: этнапалітычны, палітычны і геопалітычны аспекты (1915 – 1923 г.)*.

Працэс фармавання тэрыторыі міжваеннай Рэспублікі Літвы праходзіў у вельмі складаных умовах і ў вялікай ступені быў абумоўлены ўмяшальніцтвам вонкавых міжнародных сіл. У сучаснай літоўскай гістарыяграфіі амаль адсутнічалі працы, прысвечаныя аналізу гэтых уплываў. Галоўнай мэтай дысертацыйнага даследавання навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі АН Літвы Эдмундаса Гімжаўскаса стала вывучэнне ролі беларускага фактара ў працэсе фармавання межаў Літоўскай дзяржавы. Канкрэтнымі задачамі даследавання было вывучэнне праблемы Беларусі як суб’екта міжнароднай палітыкі, аналіз развіцця палітычных узаемаадносінаў паміж Беларуссю і Літвой ды інш. Гісторык засяродзіў увагу на этнапалітычных, палітычных і геопалітычных аспектах “беларускага фактара”. Першы з іх датычыў узаемаадносінаў паміж літоўскай і беларускай нацыямі, другі – стасункаў паміж беларускімі палітычнымі партыямі і арганізацыямі і структурамі літоўскай дзяржавы, трэці – адносінаў паміж уладнымі структурамі, якія ўзнікалі на беларускіх землях, і ўрадам Рэспублікі Літва.

Напачатку Э.Гімжаўскас спыніўся на праблеме станаўлення беларускай нацыі як палітычнага суб’екта. Ён вылучыў тры этапы развіцця “беларускага фактара”. Першы з іх (1915 – 1918 г.) супаў з перыядам германскай акупацыі, што мела адпаведныя наступствы. Другі (канец 1918 – восень 1920 г.) характарызаваўся  адсутнасцю ў рэгіёне адной дамінуючай сілы (паражэнне Германіі, бальшавіцкая анархія ў Расіі). Менавіта ў гэты час перад Беларуссю і Літвой з’явіліся магчымасці для рэалізацыі сваіх палітычных мэтаў. Пачатак трэццяга этапа – гэта заключэнне дамовы ў Рызе і падзел рэгіёну паміж Польшчай і Расеяй. Рыжская дамова аказала істотны ўплыў на статус літоўскай дзяржавы і на лёс беларускай дзяржаўнасці. Верхней храналагічнай мяжой даследавання з’яўляецца 1923 г., калі Польшча пры дапамозе заходніх дзяржаваў легалізавала мяжу з Літвой. Характэрная рыса гэтага этапа – актыўная літоўска-беларуская апазіцыя супраць наступстваў Рыжскага міра. 

Высновы даследавання:

1. Рашаючую ролю ў фармаванні тэрыторыі літоўскай дзяржавы адыгралі праекты Літвы як адзінай прасторы для “этнаграфічнай нацыі” і іх суаднясенне з геопалітычнымі мэтамі Германіі і Расеі. Таксама мелі месца ўплывы беларусаў на палітычнае, а дакладней геопалітычнае і этнапалітычнае самавызначэнне Літоўскай дзяржавы. Аднак “беларускі фактар” адыгрываў другарадную ролю. Урад Літвы выкарыстоўваў Беларусь як палітыка-дыпламатычны інструмент для рэалізацыі ўласных тэрытарыяльных праектаў.

2. Утвораны нямецкімі акупацыйнымі ўладамі ў 1915 г. Обер-ост у цэлым адпавядаў максімальнаму варыянту літоўскіх тэрытарыяльных прэтэнзій. У гэты час Літва ператварылася ў монакультурную і этнацэнтрысцкую нацыю. Аднак напрыканцы 1915 г. сітуацыя ўскладнілася і ўзнік праект шматкультурнай Літоўскай дзяржавы разам з беларусамі і іншымі народамі. Рэалізацыя праекта ў 1915 – 1916 г. магла аказаць этнапалітычнае ўздзеянне на структуру літоўскай нацыі. Пасля прызнання літоўскай дзяржаўнасці Германіяй у 1917 г. беларусам прапанавалі статус нацыянальнай меншасці, аднак яны не пагадзіліся. З іншага боку літоўскае імкненне да “этнаграфічнай дзяржавы” і дэмакратызацыя Расіі пасля Лютаўскай рэвалюцыі сталі штуршком да нараджэння ідэі беларускай дзяржавы на этнаграфічнай аснове.

3. Урад А.Вальдэмараса напрыканцы 1918 г. падпісаў пагадненне з Беларуссю. Паводле яго беларусы атрымлівалі права пэўнай культурнай аўтаноміі (“субкультурныя правы”) на ўсходніх землях Літвы (Віленска-Гарадзенская губ.). Аднак канкрэтная сітуацыя стварыла перадумовы для ўтварэння ў Гарадзенскай губ. тэрытарыяльнай палітычнай (“этнапалітычнай”) аўтаноміі. Гэта сведчыла пра далейшае этнапалітычнае і тэрытарыяльнае размежаванне Літвы і Беларусі. Можна сцвярджаць, што міжваенная Рэспубліка Літва аказала ўплыў на фармаванне этнапалітычнай і этнацэнтрысцкай беларускай нацыі. На жаль, спрыяльныя ўмовы для фармавання беларускай дзяржаўнасці адсутнічалі.          

Падчас перамоваў 1920 г. праектавалася беларуская аўтаномія ў паўднёвай Літве як верагодны “П’емонт” для адраджэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Аднак Саветы адверглі магчымасць існавання такой рэспублікі. Пагадненне 12 ліпеня 1920 г. датычыла толькі “этнаграфічнай” літоўскай нацыі, а беларусам заставаўся статус нацыянальнай меншасці. Паводле дамовы 1920 г. Саветы ўстанаўлівалі свой кантроль над Беларуссю.

4. Разам з г.зв. “плебісцытным” пагадненнем 11 лістапада 1920 г. ізноў стала магчымай тэрытарыяльная беларуская аўтаномія ў паўднёвай Літве (Гарадзенская губ.). Аднак ізноў выступілі супраць Саветы, і праект беларускага “П’емонта” не быў рэлізаваны. Палітычны кантроль над Беларуссю застаўся ў Саветаў. Рыжская дамова восені 1920 г. паміж Польшчай і Саветамі па падзелу тэрыторый “гістарычнай Літвы” і рашэнні міжнароднай канферэнцыі 1923 г., якія пацвердзілі падзел, парушылі падмурак натуральнай эвалюцыі літоўцаў і беларусаў у накірунку ўтварэння нацыянальных дзяржаваў. Такім чынам, беларускі фактар не адыграў істотнай ролі пры фармаванні ўсходняй мяжы Літвы.

Дайва Нарбуцене. Лацінская кніга 16 – 17 ст. у Вялікім княстве Літоўскім*.

Ад самага пачатку кнігадрукавання ў ВКЛ (16 ст.) тут выдаваліся кнігі на літоўскай, лацінскай, польскай, “рускай”**, нямецкай, старажытнагрэцкай ды інш. мовах. Аднак нелітоўскамоўныя выданні літоўскімі даследчыкамі практычна не вывучаліся. Між тым усе яны з’яўляліся складовымі кніжнай культуры Вялікага княства. У першую чаргу гэта датычыць лацінскай кнігі.

Галоўнай мэтай дысертацыйнага даследавання стаўся бібліолагічны аналіз развіцця лацінскай кнігі ВКЛ. Канкрэтнымі задачамі даследавання з’яўлялася складанне рэпертуара лацінскай кнігі ВКЛ 16 – 17 ст. (пры гэтым улічвалася як месца выдання, так і прыналежнасць аўтараў да культуры Вялікага княства) і ягоны аналіз, сістэматызацыя і характарыстыка; ацэнка палітычных, эканамічных і культурных умоваў развіцця лацінскай кнігі ў разглядаемы перыяд; вызначэнне месца лацінскай кнігі ў культурным кантэксце рэгіёну; выяўленне аўтараў ды інш.

Галоўным аб’ектам даследавання сталі ўсе лацінскія выданні на тэрыторыі ВКЛ і кнігі, напісаныя літвінамі, але выдадзеныя па-за межамі княства. Рэпертуар лацінскай кнігі, складзены Д.Нарбуцене падчас даследавання склаў 1550 пазіцый.

Попыт на лацінскую кнігу ў ВКЛ тлумачыўся наступнымі прычынамі. Па-першае, гэта старажытныя традыцыі лацінскай кнігі, якія закладваліся яшчэ ў сярэдзіне 13 ст. Аўтарамі першых кніг былі замежнікі, якія знаходзіліся пры двары вялікага князя. У 15 ст. з’явіліся аўтары мясцовага паходжання. Нарэшце, амаль за 50 гадоў да пачатку кнігадрукавання ў ВКЛ літвіны пачалі друкаваць свае кнігі за мяжой. Першая друкаваная кніга звязана з асобай Віленскага біскупа (1492-1507) Альберта Табора (Альбертаса Табораса***). Па яго загаду віленскі канонік Марцін падрыхтаваў да друку Agenda sive Exequiale Divinorum Sacramentorum, якая была выдадзеная ў Гданьску ў 1499 г. 

Па-другое, у Вялікім княстве існавалі ўстановы, якія мелі вялізарную патрэбу ў лацінскай кнізе. Гэта канцылярыя вялікага князя, каталіцкія кляштары, установы навукі і адукацыі. Па-трэцяе, распаўсюджванне лацінскай кнігі было абумоўленае агульнаеўрапейскім інтэлектуальнымі, рэлігійнымі і сацыяльнымі рухамі, непарыўна звязанымі з эпохай Рэнесансу, Рэфармацыі і Контррэфармацыі.

Напрыканцы 15 ст. ужыванне лацінскай мовы пашырылася на вядучыя галіны палітычнага, рэлігійнага і культурнага жыцця княства. На працягу 16 – 17 ст. у ВКЛ было надрукавана 1123 лацінскія кнігі. Гэта складала амаль палову ўсёй кніжнай прадукцыі дзяржавы. Падлікі абвяргаюць пашыраны ў гістарыяграфіі тэзіс наконт перавагі ў разглядаемы перыяд выданняў на славянскіх мовах – польскай і “рускай”. Гэта дае падставы сцвярджаць, што ў культурным жыцці ВКЛ 16 – 17 ст. тэндэнцыі паланізацыі і “рутэнізацыі” не з’яўляліся дамінуючымі.

Лацінская кніга ВКЛ друкавалася на значнай тэрыторыі Еўропы (7 мясцовасцяў у княстве і 58 гарадоў за яго межамі) – ад галандскага горада Франэкера на поўначы да Рыма на поўдні, ад Нясвіжа на ўсходзе да Оксфарда на захадзе. Можна сцвярджаць, што Вялікае княства мела даволі высокі інтэлектуальны патэнцыял. Лацінскія кнігі, напісаныя літвінамі, знаходзілі чытача па ўсёй Еўропе.  

21% устаноўленага рэпертуара лацінскай кнігі быў надрукаваны за межамі ВКЛ. Гэта тлумачыцца, па-першае, тым, што шматлікія ўраджэнцы Вялікага княства атрымлівалі адукацыю ва універсітэтах Кракава, Прагі, Кёнігсберга, Вітэнберга, Амстэрдама, Лейдэна ды інш. Па-другое, замежнае выданне дазваляла пазбегнуць духоўнага дыктата мясцовай каталіцкай царквы. Па-трэцяе, многія выданні літвінаў карысталіся асаблівым попытам чытачоў Цэнтральнай і Заходняй Еўропы. Апроч таго, паліграфічная база ВКЛ 16 – 17 ст. не была ў стане выдаваць ілюстраваныя кнігі. Нягледзячы на працу вядомых мастакоў А.Тарасевіча (Тарасевічуса), К.Гётке, Т.Макоўскага (Макаўскаса) ды інш., яны не былі ў стане задаволіць попыт на ілюстраваныя кнігі высокай паліграфічнай якасці.

З’яўленне лацінскіх кніг ВКЛ звязана з арганізацыяй выдавецкай справы. У 1553 г. Радзівіл Чорны заснаваў друкарню ў Берасці, а ў 1562 г. дапамог М.Кавячынскаму стварыць друкарню ў Нясвіжы. Менавіта тут выйшла першая лацінская кніга Antidotum contra articulos fidei novae Паўла Гжэгажа, уражэнца Бжэзіна. У Лосскай друкарні (1570) і друкарні Яна Карцана (Ёнас Карцанас) (1580) лацінскія кнігі складалі меньшую частку ўсіх выданняў. Затое яны пераважалі сярод прадукцыі друкарні Віленскай езуіцкай Акадэміі (1575) і Рыжскай друкарні М.Моліна (1588).

Паводле некаторых крыніц у ВКЛ у 16 ст. былі выдадзены каля 500 кніг на лацінскай, польскай, “рускай” ды інш. мовах. У 17 ст. іх колькасць павялічылася да 5000 кніг. Рэпертуар лацінскай кнігі складаецца з 1410 назваў (16 ст. – 338, 17 ст. – 1072). Каля 10% рэпертуара складалі перавыданні. Большая частка лацінскіх кніг складалася выключна з тэктаў на лацінскай мове. Толькі 4% кніг утрымлівалі таксама тэксты на іншых мовах. Падлікі паказваюць, што лацінскія кнігі па колькасці пераўзыходзілі польскамоўныя выданні, але саступалі ім па аб’ёму.

Дынаміка выдавецкай справы залежала ад палітычных і сацыяльных умоваў. Войны, голад, чума і выкліканы імі дэмаграфічны крызіс адмоўна ўплывалі на развіццё кнігадрукавання. Затое актыўнасць канфесійнага жыцця, працэсы Рэфармацыі і Контррэфармацыі спрыялі выданню лацінскіх кніг. Дынаміка іх выдання таксама знаходзілася ў залежнасці ўзроўня паліграфіі ў Вялікім княстве. Да пачатку 60-х г. 16 ст. лацінскія кнігі друкаваліся толькі за мяжой. Але ўжо з сярэдзіны 70-х большая частка падобнай літаратуры выдавалася на тэрыторыі ВКЛ.

Рэпертуар лацінскіх выданняў складаўся ў вялікай ступені з кніг паэзіі, красамоўства, мастацтва (45%). Толькі на другім месцы былі кнігі рэлігійнага зместу (30%), сярод якіх пераважала тэалагічная літаратура. Далей ішла філасофская літаратура (5,5%) і публікацыі, якія закраналі палітычнае і сацыяльнае жыццё (5%). Варта таксама заўважыць, што сярод невялікай (у працэнтным выразе) групы навуковых выданняў знаходзіліся шэдэўры свайго часу, якія не страцілі каштоўнасці па сённяшні дзень. У прыватнасці, можна назваць Centuria astronomica А.Дыбінскага (Дыбінскіс), выдадзеную ў 1639 г. у друкарні Віленскай Акадэміі, Artia Казіміра Семяновіча (Семяновічус), якая была надрукаваная ў 1650 г. у Амстэрдаме, i Rosarium(Вільня, 1680) з ілюстрацыямі А.Тарасевіча.

Аналіз лацінскіх выданняў сведчыць, што на працягу разглядаемай эпохі ўзрастала ўдзельная вага свецкай літаратуры (з 67% у 16 ст. да 71% у 17 ст.). Гэта цалкам адпавядала тэндэнцыі развіцця святовага кнігадрукавання. Прычым сярод свецкіх выданняў дамінавала мастацкая літаратура, наступнае месца займалі працы па класічнай філалогіі, красамоўству, філасофіі, праву і г.д. Сярод выданняў рэлігійнага зместу пераважала тэалагічная літаратура. Усё гэта сведчыць пра тое, што лацінская кніга была разлічана на прадстаўнікоў эліты.

Даследаванне дазволіла выявіць 560 аўтараў манаграфічных прац. Каля 70% аўтараў былі грамадзянамі ВКЛ. Прыблізна 10% аўтараў пісалі толькі на лацінскай мове, астатнія – на двух, трох і болей мовах. У гэтым адлюстраваліся асаблівасці культуры шматэтнічнай дзяржавы. З іншага боку, лацінская мова з’яўлялася галоўным сродкам міжкультурных кантактаў. Яна дазваляла выдаваць кнігі, напісаныя прадстаўнікамі розных народаў Еўропы і ВКЛ.

Аналіз лацінскай кнігі Вялікага Княства Літоўскага ў 16 – 17 ст. яшчэ раз пацвярджае факт, што культура дзяржавы была складовай еўрапейскай культуры. Лацінская кніга дапамагала Літве адчуць і асэнсаваць галоўныя падзеі гістарычнай эпохі.

Кніжны анонс

LituanoSlavicaPoznaniensia. Studia Historica. VIII. Poznań, 2001.

Чарговы том “Lituano-Slavica-Poznaniensia” можна назваць “літоўскім”. Ён цалкам складаецца з артыкулаў малодшага пакалення літоўскіх гісторыкаў, якія даследуюць праблемы палітычнай і этнічнай гісторыі як “этнаграфічнай”, так і “гістарычнай Літвы” 19 – першай паловы 20 ст. Большасць аўтараў працуе ў Інстытуце гісторыі Акадэміі Навук Літвы.

Беларускага чытача павінны асабліва зацікавіць артыкулы Зіты Медышаўскене (“Адам Ганоры Кіркор – паміж Літвой, Польшчай і Беларуссю”), Дарюса Сталюнаса (“Альтэрнатыва пачатку 20 ст.: гісторыя этнасу або дзяржавы”), Рымантаса Мікныса (“Віленскія аўтанамісты і іх праекты палітычнай аўтаноміі Літвы ў 1904-1905 г.”) і Раймундаса Лапаты (“У коле праектаў адраджэння Вялікага Княства Літоўскага. 1915-1916”).

Публікацыі ў вядомым гістарычным часопісе даюць магчымасць даследчыкам бліжэй пазнаёміцца з сучаснай літоўскай гістарыяграфіяй.

Навуковымі рэдактарамі VIII тома з’яўляліся Ян Юркевіч (Познань), Рымантас Мікныс і Дарюс Сталюнас (абодва Вільня).  

Алесь Смалянчук

 

Jurkowski R. Ziemiaństwo polskie Kresów Północno-Wschodnich. 1864 – 1904. Działalność społeczno-hospodarcza. – Warszawa, 2001. – 607 s.

Кніга польскага даследчыка Рамана Юркоўскага прысвечана грамадскай і гаспадарчай дзейнасці сацыяльна актыўнай часткі землеўласнікаў-палякаў на беларускіх і літоўскіх землях. Аўтар праналізаваў статыстычныя матэрыялы адносна агульнай колькасці польскай грамадскасці і памераў яе зямельных уладанняў, засяродзіў увагу на прававым, палітычным і гаспадарчым становішчы землеўласнікаў пасля разгрому паўстання 1863-64 г. і на іх спробах палепшыць уласную сітуацыю.

Цэнтральнае меца ў працы займае аналіз грамадскай і гаспадарчай дзейнасці губернскіх таварыстваў сельскай гаспадаркі. Адзін з раздзелаў кнігі цалкам прысвечаны Менскаму губернскаму таварыству. Аўтар таксама закрануў праблему свядомасці палякаў Беларусі і Літвы і паспрабаваў паказаць эвалюцыю грамадска-палітычнай пазіцыі польскіх землеўласнікаў.

Алесь Смалянчук

 

Korzeniowski M. Na wygnańczym szlaku... Działalność Centralnego Komitetu Obywatelskiego Królewstwa Polskiego na Białorusi w latach 1915-1918. – Lublin, 2001. – 389 s.

Аб’ектам даследавання польскага гісторыка стала дзейнасць Цэнтральнага грамадзянскага камітэта (ЦГК) Каралеўства Польскага на беларускіх землях падчас першай святовай вайны. Цікавасць да гэтай праблемы аўтар тлумачыць наступнымі прычынамі:

-                   у беларускіх губернях знаходзілася прыблізна палова ўсіх бежанцаў (каля 150 тыс. чал.), якія атрымалі дапамогу ад Камітэту;

-                   на беларускіх землях размяшчаліся тры з сямі раёнаў дзейнасці ЦГК (“Заходні”, “Паўночна-Заходні” і “Франтавы”), якія пазней былі ператвораныя ў шэсць акругаў;

-                   ЦГК адыгрываў значную ролю ў аднаўленні палітычнай, грамадскай і культурнай дзейнасці польскай грамадскасці асабліва пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г.;

-                   Беларусь з’яўлялася галоўным шляхам, як бежанства з Каралеўства Польскага (1915), так і вяртання на Радзіму (1918). Арганізацыі ЦГК у Беларусі дзейнічалі ва ўмовах трох розных палітычных рэжымаў і г.д. (с. 6).

Даследаванне абапіраецца на шырокую архіўную базу, дзе асаблівае месца занялі матэрыялы фонда ЦГК у Петраградзе, які знаходзяцца ў Архіве новых актаў у Варшаве. Апроч таго Марыуш Кажанёўскі выкарыстаў дакументы з фондаў ЦГК у Варшаве, Рэгенцыйнай Рады, Цэнтральнай польскай агенцыі ў Лазане ды інш. Істотную ролю ў працы над кнігай адыгралі матэрыялы польскага перыядычнага друку, ў прыватнасці “Дзенніка Мінскага” (1917) і “Новага кур’ера Літэўскага” (1915-1918). Асобную групу крыніц склалі ўспаміны дзеячоў ЦГК і бежанцаў.

На думку польскага даследчыка, ЦГК выканаў функцыю дабрачыннай арганізацыі, што дапамагла дзесяткам тысяч людзей выжыць ва ўмовах вайны, і пры гэтым ператварыўся ў нацыянальную арганізацыю, якая сталася пеўным гарантам захавання польскасці на беларускіх і расейскіх землях.

Алесь Смалянчук

 

Смалянчук А.Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях 1864-1917 г. Гродна: ГрДУ, 2001. – 322 с.

Гэта ўжо другая кніга аўтарства Алеся Смалянчука, прысвечаная беларускім і летувіскім палякам (першая - Смалянчук А. Палякі Беларусі і Літвы ў рэвалюцыі 1905-1907 гг. Гародня: “Ратуша”. 2000 – 204 с.).

Тэма працы надзвычай важная і цікавая, бо менавіта ў акрэслены аўтарам перыяд, на землях былога ВКЛ адбываўся вельмі складаны і часта пакутлівы працэс нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Найперш, гэта датычыла сацыяльнай і інтэлектуальнай эліты, якая мусіла (часам незалежна ад уласнай волі) шукаць сваё месца паміж рознымі нацыянальнымі рухамі: польскім, летувіскім, беларускім і расейскім. Жыццё паказала, што спробы застацца ў межах “краёвага” г.зн. ВКЛ-аўскага патрыятызму не маюць шансаў на поспех. Уласна кажучы, менавіта гэтае сутыкненне традыцыйнай “краёвай” ідэалогіі з ідэалогіяй “маладых нацыяналізмаў” з’яўляецца асноўнай інтрыгай працы А.Смаленчука.

Ва ўмовах далёкасяжнай паланізацыі мясцовай эліты выбар яе прадстаўнікоў найчасцей быў на карысць пальшчызны. Але тым цікавей назіраць адваротныя выпадкі. А.Смалянчук як беларускі гісторык шмат ўвагі кіруе менавіта на беларускі выбар. Погляд праз прызму польскага руху на беларускі нацыяналізм у гістарычнай Літве (Віленшчына, Гарадзеншчына, Наваградчына, частка Меншчыны) не толькі выяўляе ягоныя новыя і цікавыя рысы, але і напаўняе жыццёвасцю аўтарскую рэканструкцыю падзеяў у краі на пераломе новай і найноўшай гісторыі.

Манаграфія вызначаецца старанна падабранай і апрацаванай гістарыяграфіяй. Аўтар правёў велізарную крыніцазнаўчую працу: апрацоўка архіўных матэрыялаў, вывучэнне перыёдыкі, мемуараў і інш. Кніга складаецца з уступнага гістарыяграфічнага і двух асноўных раздзелаў: “Польская грамадскасць на беларускіх і літоўскіх землях у другой палове 19 – пачатку 20 ст. як этнакультурны феномен (гістарыяграфічны агляд)”, Польская грамадскасць на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 – 1907 г.”, “Грамадска-палітычная і культурная дзейнасць польскіх партыяў і арганізацыяў у міжрэвалюцыйны перыяд (ліпень 1907 – люты 1917 г.)”

Аляксандар Краўцэвіч

 

У новай Айчыне. Штодзённае жыццё беларусаў у міжваенны перыяд. Беласток, 2001. – 300 с.

У гістарычнай памяці беларусаў г.зв. “вусная гісторыя” займае асаблівае месца. Зачастую менавіта яна захавала тую сапраўдную гісторыю, якую перажывалі беларусы ў 20 ст. Адсутнасць уласнай дзяржаўнасці на працягу амаль усяго мінулага стагоддзя абярнулася для беларусаў жахлівай дэфармацыяй гістарычнай свядомасці. Сучасная сімволіка Рэспублікі Беларусь і многія зацверджаныя “палаткамі” афіцыйныя дзяржаўныя святы (напрыклад, 7 лістапада) ўяўляюць па-сутнасці здзек над гістарычнай памяццю. Менавіта таму нельга не выказаць удзячнасці сябрам Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы, якія падрыхтавалі і выдалі ўжо другую кнігу вусных успамінаў беларусаў Беласточчыны. (Нагадаем, што першая кніга ўтрымлівала ўспаміны бежанцаў 1915 г.[1]).

Кніга складаецца з пяці раздзелаў, якія асвятляюць амаль усе аспекты штодзённага жыцця беларусаў у міжваеннай Польшчы. Раздзел Эканамічныя ўмовы ўключае наступныя сюжэты: пасля бежанства; хата і панадворак; вопратка; харчаванне; земляробства і іншыя заняткі. Раздзел Грамадскае і сямейнае жыццё асвятляе такія пытанні, як унутрысямейныя адносіны; свабодны час, гульні, святкаванні; абрады – нараджэнне, вяселле, смерць; звычаі і прымхі; жабрацтва; выязды ў пошуках працы. Раздзел Інтэлектуальнае жыццё закранае праблемы падставовага школьніцтва; адносінаў настаўнікаў да вучняў; мовы дома і ў школе; самадзейнасці. У наступным раздзеле Палітычнае жыццё змешчаны ўспаміны, якія распавядаюць пра адносіны да польскай дзяржавы, чыноўніаў і паліцыянтаў; вайсковую службу; палітычныя партыі ў вясковым асяроддзі; пра вобраз паляка, яўрэя і цыгана; пра адносіны да СССР. Апошні раздзел (Рэлігійнае жыццё) увабраў у сябе ўспаміны пра аўтарытэт Царквы і святароў; рэлігійныя практыкі; мяшаныя сужонствы; спробы паланізацыі Царквы; іншаверцаў і сектантаў.

У кнізе таксама змешчаныя біяграфічныя нататкі Віктара Шведа (У ІІ Рэчы Паспалітай) і Дзмітрыя Шатыловіча (Вёска Чаромха і наваколле ў міжваенны перыяд). Цікавасць выклікае падрыхтаваная да друку Сяргеем Токцем Monografja rejonu szkolnego Mostowlany, напісаная настаўнікам А.Барташам у траўні 1934 г. Аўтарам Уступу з’яўляецца Яўген Мірановіч.

Выданне беларускіх гісторыкаў з Беластоку яшчэ раз прадэманстравала каштоўнасць такой гістарычнай крыніцы як “вусная гісторыя”. Можна толькі шкадаваць, што даследчыкі з Рэспублікі Беларусь гэтага яшчэ не ўсвядомілі. 

Алесь Смалянчук

Handbuch der Geschichte Weiβruβlands. Herausgegeben von Dietrich Beyrau und Rainer Lindner. Göttingen: Vandenhoeck & Ruprecht, 2001. – 543 s.

Гэтая кніга павінна стаць Падзеяй у беларускай гістарыяграфіі. Працы вядомых даследчыкаў з Беларусі, Германіі, Польшчы, Англіі ды інш. краін склалі выданне, якое, паводле меркавання рэдактараў Дзітрыха Байрау і Райнера Лінднера, упершыню стварыла шырокую панараму сацыяльнай і культурнай гісторыі Беларусі ад сярэднявечча да пачатку 21 ст.

Кніга складаецца з трох частак. Першая з іх (Гістарыяграфія і геральдыка) уключае артыкул Р.Лінднера, прысвечаны аналізу беларускай гістарыяграфіі двух апошніх стагоддзяў, і публікацыю Дзмітрыя Семушына (Венгрыя), якая асвятляе гісторыю беларускіх дзяржаўных сімволаў. У другой частцы (Асноўныя перыяды гісторыі ад 10 да пачатку 21 ст.) змешчаныя артыкулы вядомых гісторыкаў Паўла Лойкі, Генаддзя Сагановіча, Захара Шыбекі, Дэвіда Мапліса (Канада), Вернера Бэнэка (Германія) і Астрыд Зам (Германія). Варта адзначыць апошні артыкул гэтай часткі (Ад БССР да Рэспублікі Беларусь. 1988-2001), які з’яўляецца адной з першых спробаў напісаць гісторыю незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Найбольш аб’ёмнай аказалася трэцяя частка (Аспекты сацыяльнай і культурнай гісторыі) выдання. Яна, у сваю чаргу, дзеліцца на тры раздзелы: Сацыяльнае становішча і эканоміка; Функцыі і культура горада; Этнічнасць і канфесія; Войны і выпрабаванні 20 ст.; Мова і літаратура. Сярод аўтараў гэтай часткі варта адзначыць Станіслава Аляксандровіча (Польшча), Стэфана Родэвальда (Швейцарыя), Паўла Церашковіча (Беларусь), Джыма Дзінглі (Англія), Томаса Бона і Бернхарда Кьяры (абодва Германія) ды інш.

Выданне таксама ўключае гістарычныя карты, храналогію гісторыі Беларусі і вельмі грунтоўную бібліяграфію асноўных выданняў, прысвечаных нашай мінуўшчыне. 

Алесь Смалянчук

 

Вынікі конкурсу на лепшую навуковую кнігу па гісторыі Беларусі апошняга трохгоддзя
(1998 – 2000 г.)

На працягу 2001 г. Беларускае Гістарычнае Таварыства правяло конкурс на лепшую навуковую кнігу па гісторыі Беларусі сярод выданняў апошніх трох гадоў 20 ст. У спецыяльных анкетах сябры БГТ пазначылі пяць найлепшых, на іх думку, навуковых выданняў па гісторыі краіны.

Умовы конкурсу:

Кніга, пастаўленая на першае месца, атрымлівала 5 балаў, за другое месца налічвалася – 4 балы, за трэцяе – 3, за чацвёртае – 2 і за пятае – 1 бал. Удзел у анкетаванні прынялі таксама сябры Беларускага Гістарычнага Таварыства ў Польшчы. Рэспандэнты маглі захоўваць ананімнасць. Аўтар працы-пераможцы атрымоўвае дыплём БГТ і грашовую прэмію.

Вынікі конкурсу:

Удзел ў апытанні прынялі 28 сяброў БГТ. Не ўлічваліся памылкова названыя ў анкетах кнігі, надрукаваныя да 1998 г. альбо ў 2001 г. (конкурс будзе праводзіцца і на наступны год). Не браліся пад увагу працы, якія былі названыя менш чым двума рэспандэнтамі. Насуперак умовам конкурсу ўлічваліся пазначаныя навукова-папулярныя кнігі, паколькі не заўсёды паміж гэтымі выданнямі можна правесці выразную мяжу.

Пераможцам стала кніга Аляксандра Краўцэвіча Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага” (Жэшаў, 2000 – 238 с.), якая згадвалася ў пятнаццаці анкетах і набрала 50 балаў. На другім месцы аказалася Навейшая гісторыя Беларусі Яўгена Мірановіча (Беласток, 2000 – 270 с.) – 31 бал. На трэцім – Гісторыя Беларусі ў 6 т. Т. 1. Старажытная Беларусь. Ад першапачатковага засялення да сярэдзіны 13 ст.” (Мінск: Экаперспектыва, 2000 – 351 с., іл.) – 29 балаў.

Апроч таго, у “дзесятку” ўвайшлі Ермаловіч М. Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае. Мінск:Беллітфонд, 2000 (28 б.), Белы А. Хроніка “Белай Русі”. Нарыс гісторыі адной геаграфічнай назвы. Мінск: Энцыклапедыкс, 2000. – 238 с. (навукова-папулярнае выданне) (26 б.); Смалянчук А. Палякі Беларусі і Літвы ў рэвалюцыі 1905-1907 гг. Гародня: “Ратуша”. 2000 (23 б.); Архівы БНР. Т. 1. Складальнік С.Шупа. Менск-НьюЁрк-Прага-Вільня, 1998 (19 б.); Метрыка Вялікага Княства Літоўскага. Кн. 28 / Падрыхтоўка тэкстаў да друку і навуковы аппарат: В.Мянжынскі, У.Свяжынскі. Менск: Atheneum(17 б.); Падокшын С.А. Унія. Дзяржаўнасць. Культура (Філасофска-гістарычны аналіз). Мінск: Беларуская навука, 1998, 2-е выд.,2000 (12 б.); Канфесіі на Беларусі (к. XVIII –XX ст.) / В.В.Грыгор’ева, У.М.Завальнюк, У.І.Навіцкі, А.М.Філатава. Менск: Экаперспектыва, 1998 (10 б.).

Тройчы ў анкетах згадваліся наступныя выданні Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны???... Lindner Reiner. Historiker und Herschaft, Nationsbildung und Geschichtpolitik in Weissrussland im 19 und 20 Jahrhundert. München,1999; Літвін А.М. Акупацыя Беларусі (1941 – 1944): пытанні супраціву і калабарацыі. Мінск: Беларускі кнігазбор, 2000; Жумарь С.В., Карев Д.В., Шумейко М.Ф. Очерки истории архивного дела в Беларуси (XV в. - 1991 г.). Минск,1999; Белорусские остарбайтеры. Репатриация (1944-1951): Документы и материалы. Кн. 3. В 2 частях./ Сост. Г.Д. ????, В.И.Адамушко. Минск: ? , 1998….Касцюк М. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. Мінск: Экаперспектыва, 2000; Куль-Сяльверстава С.Я. Беларусь на мяжы стагоддзяў і культур: Фармаванне культуры Новага часу на беларускіх землях (другая палова XVIII – 1820-я гады). Мінск: БДУ, 2000; Тарасаў С. В. Полацк 9 – 17 стст.: Гісторыя і тапаграфія. Мінск, 1998.

Аўтарамі двух лепшых гістарычных кніг апошніх трох гадоў па рэйтынгу БГТ сталі Аляксандар Краўцэвіч і Яўген Мірановіч. Прыводзім кароткія біяграфічныя звесткі і інтэрв’ю з пераможцамі.

Краўцэвіч Аляксандар Канстанцінавіч

Доктар гістарычных навук. Старшыня выканкама БГТ. Даследуе сярэднявечную гісторыю Беларусі. Жыве ў Гародні.

Нарадзіўся 13 верасня 1958 г. у вёсцы Лупачы Мастоўскага раёна на Гарадзеншчыне. Закончыў гістфак БДУ (1981), аспірантуру Інстытута археалогіі АН СССР, дактарантуру БДУ (1999). У 1996-1997 гг. праходзіў навуковую стажыроўку ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве.

Напісаў восем навуковых і навукова-папулярных кніг: Майстар – наш продак (Мінск: Народная асвета, 1990); Гарады і замкі Беларускага Панямоння 14 – 18 стст.: Планіроўка, культурны слой (Мінск: Навука і тэхніка, 1991); Стары Мір (Мінск: Навука і тэхніка, 1993, у сааўтарстве з Г.М.Якшук); Тэўтонскі ордэн ад Ерусаліма да Грунвальда (Мінск: Навука і тэхніка, 1993); Гродзенскі замак (Мінск: Юнацтва, 1993); Матэрыяльная культура Міра і Мірскага замка (Мінск: Навука і тэхніка, 1994, у сааўтарстве з Н.І.Здановіч і А.А.Трусавым); Вялікі князь Вітаўт (Мінск: Юнацтва, 1998); Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага (Мінск: Беларуская навука, 1998)- 2 выданне, Жэшаў, 2001.

Як і калі ўзнікла ў Вас цікавасць да гісторыі?

-    Нарадзіўся ў сям’і настаўніцы і селяніна. Вучыўся ў вясковай школе. Меў добрыя адзнакі па ўсіх прадметах. Цікавасьць да гісторыі абудзілася дзесьці ў клясе 5-6-й, калі неяк на ўроку настаўнік вобразна тлумачыў як адбываўся падзел працы ў мануфактуры. Я слухаў, слухаў і раптам у галаве праяснілася і ва ўсіх дэталях уявіўся працэс вытворчасці ангельскіх булавак. Ад таго моманту азарэньня і да сёння люблю навуку гісторыі. Аднак да 16 гадоў марыў стаць марскім афіцэрам і пасьля васьмігодкі паступіў ў Гарадзенскі тэхнікум фізічнай культуры, каб належным чынам загартавацца перад экзаменамі ў марскую вучэльню.

  А як адбывалася навука гісторыі?

-    За тры гады навучання фізічнай культуры побач са старэйшымі хлопцамі, ужо адслужыўшымі ў войску, паступова страціў цікавасць і веру ў рамантызм ваенна-марской службы. Тут успомнілася дзіцячая любоў да гісторыі і вырашыў падаць дакуманты на гістфак БДУ. Калі б не чырвоны тэхнікумаўскі дыплём, то не пабачыў б універсітэту як сваіх вушэй (нямецкую мову ў тэхнікуме выкладалі вельмі дрэнна). А так здаў адзін экзамен на “пяцёрку” і атрымаў пропуск у храм навукі, якім мне тады падаваўся БДУ.

  Ці спраўдзіліся “светлыя” спадзяванні?

-    Не зусім. Гістфак БДУ у БССР лічыўся ідэялягічнай установай і нас адпаведным чынам выхоўвалі. Асабліва старанна хавалася ад студэнтаў рэальная гісторыя Беларусі. У канцы першага курса, здаўшы экзамен па гісторыі Беларусі на “выдатна”, я так і не зразумеў, што Беларусь з Расеяй шмат стагоддзяў знаходзіліся ў розных дзяржавах. Падчас навучаньня палеаграфіі мы разбіралі граматы расейскага цара Аляксея Міхайлавіча і ніхто ніводнага разу не паказаў нам дакумент на старабеларускай мове. Веды па гісторыі Радзімы набываў самастойна і большай часткай ужо пасьля заканчэння універсітэта пад духовым кіраўніцтвам Алега Анатольевіча Трусава, які стаў для мяне сапраўдным Настаўнікам беларушчыны. Аднак цяпер, праз 20 гадоў пасьля заканчэння універсітэту разумею, што ўвогуле нас вучылі нядрэнна. Атрымаўшы ў 1981 г. дыплём “з адзнакай”, я быў перакананы, што нічога не ведаю і гэта стала стымулам да сур’ёзнай навукі гісторыі.

Як складалася навуковая кар’ера?

-    За даўні студэнцкі “грэх” (збор подпісаў у абарону аднакурсніка) мяне скіравалі працаваць у вёску, але чырвоны дыплём даваў магчымасьць паступаць у аспірантуру адразу, без двух гадоў працоўнага стажу. Паколькі ва ўніверсітэце спецыялізаваўся на археалёгіі, паехаў у Інстытут археалёгіі ў Маскву, дзе і закончыў аспірантуру у акадэміка Барыса Рыбакова. Ён у маладосці працаваў на Беларусі і захаваў да яе сантымент. Таму пад старасць захацеў аспіранта-беларуса, як аказалася, я быў ягоным апошнім аспірантам. Адно з першых пытанняў да мяне падчас прадстаўлення Рыбакову: “Ці валодаеце беларускай літаратурнай мовай?” Кандыдацкую дысертацыю абараніў ў 1988 г. у тым жа Інстытуце археалогіі ў Маскве.

Тры гады маскоўскай аспірантуры – то лепшая навуковая школа майго жыцця. Потым вяртанне ў Менск, праца ў Інстытуце гісторыі Акадэміі Навук, у Беларускім рэстаўрацыйна-праектным інстытуце, Дзяржаўнай інспекцыі аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Вярнуўся ў Гародню ў 1994 г. на пасаду першага прарэктара ГрДУ, хоць той-сёй з маіх знаёмых адгаворваў мяняць сталіцу на правінцыю. Ніколі не шкадаваў пра гэта, бо адчуваю сябе тут камфортна і жыву шчасліва.

Калі да ўлады прыйшоў Лукашэнка, трэба было адыходзіць з прарэктарскай пасады. Для гэтага з дапамогай рэктара ды міністра адукацыі ажыццявіў план адступлення – паступіў у дактарантуру сваёй alma mater - БДУ.

Як паўставала кніга пра стварэнне Вялікага Княства Літоўскага?

-    Задума пра яе нарадзілася дзесці на пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзя. Але праца над гэтай вельмі складанай тэмай прасоўвалася павольна. Распад Савецкага Саюза даў магчымасць навуковых выяздаў за мяжу, найперш у Польшчу, дзе стваралася і захоўвалася асноўная літаратура па генезісу ВКЛ. 70% кнігі былі напісаныя ў 1996-1997 г., падчас стажыроўкі ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве – самую шчаслівую пару майго жыцця, якая ўжо ніколі не паўторыцца. Атрымліваў неблагі заробак за тое, што хадзіў у бібліятэку і займаўся любімай справай. Раз у паўгода падаваў справаздачу на паўтары старонкі, мой навуковы апякун праф. Ежы Выразумскі пісаў на ёй: “Akceptuję” і шчасце працягвалася. Першае выданне працы адбылося ў 1998 г. і стала падставай да абароны доктарскай дысертацыі.

 А як прынялі кнігу ў навуковым свеце?

-    Па-рознаму. Абарона яе ў якасці доктарскай у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі цягнулася пяць гадзін пры адной адмоўнай рэцэнзіі афіцыйнага апанента. Адныя калегі падтрымлівалі, другія дзяўблі, галоўным чынам старыя камуністы. Пазней мне казалі, што з маёй абароны атрымаўся  цікавы спэктакль, хоць сам гэтага не заўважыў – не да таго было.

Галоўны вынік публікацыі – працу заўважылі, пра што сведчаць пяць надрукаваных рэцэнзій: дзьве на Беларусі, па адной у Летуве, Украіне і Польшчы. Тут, напэўна, адыграла сваю ролю важнасць праблемы, якой прысвечана кніга. Самая зычлівая рэцэнзія – ўкраінская. Астатнія больш крытычныя. Яны характарызуюцца відочнай ідэалагічнай скіраванасьцю. Паколькі ніводзін з іх аўтараў сур’ёзна пачаткамі ВКЛ не займаўся, уласна навуковых заўвагаў мала, асноўных недахопаў і слабых месцаў, за якія я найбольш баяўся, ніхто з рэцэнзентаў не заўважыў.

  А што далей?

- Поўны мех задумаў ды планаў. Маецца ўжо трохі жыццёвага вопыту і яшчэ ёсць здароўе, так што – самая пара творча працаваць.

Яўген Мірановіч

Нарадзіўся 2 верасня 1955 г. у вёсцы Алексічы каля Беластока. У 1976 г. закончыў электрычны тэхнікум у Беластоку па спецыяльнасці электрамеханіка. У 1980 г. закончыў Гуманітарны факультэт філіяла Варшаўскага універсітэта ў Беластоку. У 1980 1992 г. працаваў настаўнікам гісторыі ў сярэдніх школах, журналістам у польскіх газетах. Падчас ваеннага становішча публікаваўся ў беларускіх нелегальных выдавецтвах. У 1990 г. абараніў доктарскую працу на факультэце журналістыкі і паліталогіі Варшаўскага універсітэта. Праца была прысвечаная гісторыі беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы ў пасляваенны перыяд. У 1992 г. абраны Праграмнай Радай галоўным рэдактарам Нівы. У 1997 г. стаў супрацоўнікам і адным са стваральнікаў кафедры беларускай культуры Універсітэта ў Беластоку. У 2000 г. абараніў габілітацыйную працу на гістарычным факультэце Варшаўскага універсітэта на тэму нацыянальнай палітыкі Польшчы ў 1944 1980 г. У 2001 г. Сенат Беластоцкага універсітэта прызнаў званне прафесара.

Найважнейшыя працы: Białorusini w Polsce 1944-1949. Warszawa, 1993; Mniejszości narodowe w Polsce. Państwo i społeczeństwo polskie a mniejszości narodowe w okresach przełomów politycznych (1944-1989). Warszawa, 1998 (сaаўтар); Historia państw XX wieku. Białoruś. Warszawa, 1999; Навейшая гісторыя Беларусі. Беласток, 1999; Polityka narodowościowa PRL. Białystok, 2000. У друку: Гісторыя Беларусі ІХ-ХХ в. (падручнік).

Як узнікла цікавасць да гісторыі?

- Калі я вучыўся ў пачатковай школе заўсёды пры канцы школьнага году купляў падручнікі ў старэйшых калег для наступнага класа. Хоць сялянскія дзеці не канікулах не мелі шмат свабоднага часу, мне, аднак, удавалася нованабытыя падручнікі па гісторыі і геаграфіі прачытаць некалькі разоў. Лёсы імперыі Аляксандра Вялікага, Наполеона Банапарта, канфлікты ў сярэднявечнай Еўропе, ці  Азіі ў ХХ стагоддзі прыцягвалі маю ўвагу. У галаве кружылі тысячы пытанняў, на якія адказаў не было ў падручніках. Не абазначае гэта, што я меў добрыя ацэнкі з прадмета па гісторыі. Наадварот. Урокі былі даволі нудныя, а школа прымушала дзяцей вучыць на памяць тыя веды, якія іх не цікавілі. На вёсцы тады існавала таксама перакананне, што трэба мець канкрэтную прафесію, каб неяк справіцца ў жыцці. Найбольш авангардным лічыліся прафесіі, звязаныя з электрычнасцю. У сярэдняй школе, дзе я вывучаў электрамеханіку, гісторыі амаль не было. Аднак я часцей купляў і чытаў кніжкі па гісторыі, чым па электратэхніцы, электроніцы або электрамеханіцы. Таму беспраблемна стаў студэнтам гісторыі філіяла Варшаўскага універсітэта ў Беластоку.

Як адбывалася навука гісторыі?

- З пачатку было цяжкавата, асабліва з увагі на прадметы, якія я не вывучаў у сярэдняй школе, і якія чатыры гады вычылі калегі, што закончылі агульнаадукацыйныя ліцэі – лацінская і француская мовы. Аднак студэнцкі перыяд лічу вельмі цікавым не толькі з увагі на шалёнае жыццё, якое характэрнае для гэтага асяроддзя. Гэта таксама была вялікая інтэлектуальная прыгода. Настаўнікамі ў нас былі ў большасці варшаўскія дысідэнты, якіх улады неахвотна бачылі ў сталіцы, але гэта была сапраўная інтэлектуальная эліта Польшчы. Яны вучылі перш за ўсё самастойна думаць, крытычна ацэньваць нават найбольш верагодныя крыніцы веды. Кожны, хто быў зацікаўлены гісторыяй мог вельмі карысна для сябе правесці гэты час, асабліва для падрыхтоўкі да даследчыцкай працы.

Універсітэт, аднак, дае толькі агульныя веды і падрыхтоўвае да самастойных пошукаў. Каб в