|
ЭТНІЧНАЯ
ПСІХАЛОГІЯ
Этнічная ідэнтычнасць палякаў у Беларусі
Людміла Навуменка
(Менск)
Па выніках апошняга перапісу насельніцтва 1999 г. доля палякаў сярод
жыхароў Беларусі склала 3,9% або 395,7 тыс. чал. Згодна з дадзенымі афіцыйнай
статыстыкі РБ з 1959 па 1999 г. колькасць палякаў няўхільна змяншаецца.
Праблема паходжання і агульнай колькасці палякаў Беларусі застаецца дыскусійнай.
Пра гэта ж сведчыць з’яўленне такіх тэрмінаў, як “беларускія і літоўскія
палякі” (Алесь Смалянчук), “касцёльныя палякі” (Івона Кабзіньска) ды інш.
Важныя праблемы становішча палякаў у Беларусі, а таксама магчымасцяў і
ўмоваў захавання і развіцця этнакультурнай самабытнасці, мовы, этнічнай
свядомасці і самасвядомасці, рэлігійнасці палякаў і г.д. не раз станавіліся
аб’ектам грунтоўнага аналізу гісторыкаў, дэмографаў, этнолагаў і інш.
Больш даследаваным, як беларускімі, так і польскімі сацыёлагамі, аказаўся
шматэтнічны рэгіён беларуска-польскага памежжа.
Менавіта тут сярод жыхароў Гарадзенскай вобл. палякі складаюць 24,8%
насельніцтва.
Пры гэтым ёсць падставы лічыць, што працэсы акультурацыі, этнакультурных
узаемаўплываў і, як наступства, змяненні этнічнай свядомасці з’яўляюцца больш
інтэнсіўнымі і выразнымі ў рэгіёнах з меньшай колькасцю і іншым характарам
рассялення польскага насельніцтва. Апроч таго, уяўляецца важным (і не
даследаваным) такі базавы феномен этнічнай свядомасці палякаў Беларусі, як
этнічная ідэнтычнасць. Патрабуе ўвагі праблема зберажэння, трансфармацыі
(страты або змяненняў) гэтага феномену. Менавіта яе вывучэнню і прысвечана нашае
параўнальнае сацыялагічнае даследаванне.
Яно праводзілася ў рамках навуковага праекту “Палякі і рускія Беларусі.
Праблемы зберажэння і страты этнічнай ідэнтычнасці”. Сацыялагічнае апытанне
праводзілася ў снежні 2000 – сакавіку 2001 г. па мэтавай камбінаванай выбарцы
сярод дарослага занятага насельніцтва 10 гарадоў Менскай, Гарадзенскай і
Гомельскай вобл. (сталіца, абласныя цэнтры, сярэднія і малыя гарады), якія
адпаведна прадстаўляюць рэгіёны Цэнтральнай, Заходняй і Усходняй Беларусі.
Усяго было апытана болей за 900 чал., сярод якіх выбарку ў выніку склалі 300
рускіх, 300 палякаў і 300 беларусаў. Выбарка ўраўнаважаная па полу, узросту,
адукацыі і нацыянальнасці рэспандэнтаў.
Што ўяўляюць сабой асаблівасці этнічнай самасвядомасці і этнічнай
ідэнтычнасці беларускіх палякаў? Якое месца ў іх самасвядомасці займаюць
уяўленні пра этнічную і грамадзянскую належнасць? Наколькі яны актуалізаваныя і
значымыя? У чым асаблівасці ўспрымання палякамі сваёй этнічнасці? Якія крытэрыі
этнічнай ідэнтыфікацыі з’яўляюцца дамінуючымі? Пошук адказаў на гэтыя пытанні
вызначыў асноўныя задачы даследавання.
Цэнтральным аб’ектам даследавання стаўся такі базавы феномен этнічнай
самасвядомасці, як этнічная ідэнтычнасць. Яна разглядаецца як усведамленне чалавекам уласнай
этнічнай належнасці, далучэнне сябе да прадстаўнікоў свайго этнасу і, перш за
ўсё, як глыбокае асабова значнае адчуванне даннай належнасці. Этнічная
ідэнтычнасць вывучалася ў сувязі з пачуццём Радзімы і грамадзянскай належнасці,
а таксама ў кантэксце адносін рэспандэнтаў да ўласнай і іншых этнічных і
канфесійных груп.
Мэтаю дадзенага артыкула з’яўляецца асвятленне вынікаў аналіза данных, якія
адлюстравалі спецыфіку і асаблівасці кагнітыўнага і эмацыйнага-каштоўнаснага
кампанентаў этнічнай ідэнтычнасці, а таксама яе месца сярод іншых складовых
сацыяльнай ідэнтычнасці (такіх, як грамадзянская, рэгіянальная, славянская,
еўрапейская і г.д.). У якасці эмпірычных рэферэнтаў даследуемых пераменных
выступалі ўяўленні рэспандэнтаў пра значэнне ўласнай этнічнай належнасці і ацэнкі
яе суб’ектыўнай значымасці, прыярытэтнасць асноўных крытэрыяў этнічнай
ідэнтыфікацыі, актуалізаванасць уяўленняў пра этнічную належнасць, месца
этнічнай ідэнтычнасці сярод іншых складаючых сацыяльнай ідэнтычнасці.
Камплект даследчага інструментарыя склалі методыкі вызначэння месца і
значэння этнічнай ідэнтычнасці ў іерархіі складаючых сацыяльнай ідэнтычнасці;
зрокава-аналогавыя шкалы ацэнкі суб’ектыўнай значымасці этнічнай і
грамадзянскай належнасці; пытанні анкеты пра значэнне этнічнай належнасці рэспандэнтаў,
іх рэлігійнасці; методыка выяўлення асноўных крытэрыяў этнічнай
самаідэнтыфікацыі; метад незавершаных сказаў і г.д.
Аналіз вынікаў
Што значыць
быць палякам у Беларусі? У чым асаблівасці кагнітыўнага кампанента этнічнай
ідэнтычнасці беларускіх палякаў? Які яе змест?
Аналіз адказаў на адкрытае пытанне “Што для Вас значыць быць прадстаўніком
сваёй нацыянальнасці (палякам)?” дазволіў высвятліць, як рэспандэнты ўспрымалі
ўласную этнічную належнасць. Змест адказаў адлюстраваў шырокі спектр розных
значэнняў і адносінаў рэспендэнтаў да ўласнай польскасці. Гэта праявілася,
напрыклад, у такіх адказах, як: “быць палякам – гэта значыць мець свае карані,
сваю мову, нацыянальных герояў <...>” (№ 423); “<...> быць носьбітам уласнай
культуры, рэлігіі, не забываць пра свае карані, ганарыцца гэтым” (№ 1005); “<...> гэта значыць,
што я захоўваю традыцыі сваіх продкаў, традыцыі каталіцкай царквы” (№ 849)” ды
інш. Яны ахопліваюць такія аспекты значэнняў этнічнай належнасці, як,
напрыклад, кем быць (“каталіком”, “патрыётам”, “чалавекам” ды інш.); што пры
гэтым адчуваць (“гонар”, “сваяцтва з палякамі”, “самапавагу” ды інш.); што
ведаць, чым валодаць, што шанаваць, захоўваць (“шанаваць памяць продкаў”,
“ведаць мову”, “мець мову”, “размаўляць па-польску” ды інш.).
Адказы не толькі адлюстроўваюць актуальны змест этнічнай самасвядомасці.
Яны часта ўключаюць ўяўленні апытаных пра значэнне этнічнай належнасці.
Адначасна змест адказаў на гэтае пытанне ўказвае на праявы індыферэнтнага або
негатыўнага стаўлення палякаў да ўласнай этнічнасці. Апошняе выявілася як у
фактычных адмовах ад адказу, так і ў выказваннях тыпу “быць палякам для мяне
нічога не значыць”, “гэта не важна” і г.д. Нельга не адзначыць, што доля такіх
адказаў даволі вялікая (11%), як і колькасць рэспандэнтаў (17%), якія не
здолелі адказаць на гэтае пытанне (“не ведаю”, “не думаў пра гэта”), ці проста
не адказалі на яго (5,6%).
Аналіз зместу і частаты называння значэнняў у адказах дазволіў вылучыць
сярод іх катэгорыі, кожная з якіх аб’яднала блізкія па сэнсу, паўтараючыяся
значэнні (Табліца 1). Па ступені ўбывання частаты значэнняў, якія склалі кожную
катэгорыю, яны размеркаваныя ў паслядоўнасці, прадстаўленай ніжэй. Такім чынам,
па меркаванню нашых рэспандэнтаў быць палякам – гэта значыць:
- захоўваць, шанаваць і паважаць традыцыі свайго народу
(“выхоўваць дзяцей у польскіх традыцыях”, “выхоўваць дзяцей у традыцыях маіх
бацькоў”, “падтрымліваць традыцыі ў сям’і”, “паважаць традыцыі свайго народу”,
“шанаваць памяць продкаў” ды інш.);
- помніць пра польскія карані, пра ўласнае паходжанне
(“ведаю, што полька і ўсё”, “быць палякам незалежна ні ад каго”, “іншым не магу
і не хачу быць”, “ведаць сваё паходжанне, не забываць пра бацькоў”, “помніць
пра карані”, “у мяне польскія карані”, “бацькоўскія карані”, “бацькі палякі”,
“бацькі нарадзіліся пад Польшчай”, “гэта быццам па сваяцтву, усе ў вёсцы палякі
<...>” ды інш.);
- ведаць гісторыю свайго народу, яго культуру (“ведаць
гістарычнага мінулага свайго народу”, “гонар за продкаў, багацце культуры”,
“перш за ўсё культура народа, павага да сям’і, жанчыны, дзяцей, старых”,
“захаванне ўласнай культуры, традыцыяў, веры”, “мінулае маіх продкаў, культура,
ўзровень жыцця”, “гісторыя і культура”, “не адрознівацца ад іншых прадстаўнікоў
па культуры” ды інш.);
- усведамляць ўласную канфесійную належнасць (“быць
каталіком”, “быць адной каталіцкай веры з палякамі”, “рэлігія”, “каталіцкая
вера”, “быць часткаю свайго народу па веравызнанню, звычаям, традыцыям, па
духу”, “быць веруючым у Бога, ганарыцца сваім паходжаннем, прызнаваць толькі
каталіцкую веру”, “веравызнанне, хажу ў касцёл, адзначаю каталіцкія святы” ды
інш.);
- мець пачуццё нацыянальнага гонару (“ганаруся сваёй
нацыянальнасцю”, “я ганаруся тым, што паляк”, “гонар”, “пачуццё гонару” ды
інш.);
- мець пачуццё патрыятызму, духоўнай сувязі са сваім народам,
этнічнай належнасці (“любоў да свайго народу, да сваіх продкаў”, “адчуваю
сваяцтва з палякамі, нашу польскае імя”, “духоўная сувязь з маім народам,
выхаваная ў сям’і <...>”, “быць верным свайму народу”, “быць патрыётам”,
“прыналежнасць да свайго народу, сваякоў, блізкіх па караням, мове <...>”
ды інш.);
- ведаць і карыстацца роднай мовай (“ведаць сваю мову”,
“гаварыць па-польску”, “падабаецца польская мова”, “свабодна размаўляць на
польскай мове <...>” ды інш.).
У адказах прысутнічала таксама канстатацыя
адсутнасці значэння ўласнай этнічнай належнасці (“для мяне гэта не важна”, “у
жыцці гэта не важна”, “проста запісана ў пашпарце”, “нічога не значыць”, “зусім
нічога” ды інш.). Сустракаліся і іншыя ідэнтыфікацыі (“для мяне самае галоўнае
быць чалавекам”, “быць паўсюдна чалавекам, дзе б ты ні жыў”, “хочацца жыць, як
палякі ў Польшчы”, “я нарадзіўся і жыву ў Беларусі і мая нацыянальнасць – паляк
– мне зусім не перашкаджае”, “пражываць у Беларусі”, “хоць я і паляк па
нацыянальнасці, нарадзіўся я ў Беларусі, гэта мая Радзіма і я яе люблю” ды
інш.).
Табліца 1.
Размеркаванне
адказаў на адкрытае пытанне: “Што для Вас значыць быць прадстаўніком сваёй
нацыянальнасці (палякам)?”
|
Асноўныя катэгорыі
|
Колькасць
меркаванняў у катэгорыі
|
|
1. Захаванне і павага да традыцыяў свайго народу
|
48
|
|
2. Памяць пра польскія карані, пра ўласнае паходжанне
|
38
|
|
3. Веданне гісторыі свайго народу і
яго культуры
|
35
|
|
4. Канфесійная прыналежнасць і каталіцкая вера
|
27
|
|
5. Пачуццё нацыянальнага гонару
|
27
|
|
6. Пачуццё патрыятызму, духоўнай сувязі са сваім народам, этнічнай прыналежнасці
|
13
|
|
7. Веданне і карыстанне польскай мовай
|
24
|
|
8. Іншыя адказы і ідэнтыфікацыі (быць чалавекам)
|
27
|
|
9. Адсутнасць значэння этнічнай прыналежнасці
|
33
|
|
10. Цяжка даць адказ
|
51
|
|
11. Адсутнасць адказу
|
17
|
У цэлым выяўленыя значэнні дазваляюць
сфармуляваць наступны абагульнены адказ на пытанне пра тое, што значыць быць
палякам у Беларусі. Быць палякам значыць захоўваць польскія традыцыі;
мець польскія карані, быць па паходжанню палякам; ганарыццам багаццем культуры
свайго народу і ведаць яго гісторыю, быць носьбітам польскай культуры; па
веравызнанню быць каталіком; ганарыцца сваёй польскасцю, сваім паходжаннем,
сваім народам, адчуваць самапавагу; перажываць патрыятычныя пачуцці, пачуццё
прыналежнасці да палякаў, духоўнай сувязі са сваім народам; ведаць мову,
размаўляць па-польску, а таксама быць чалавекам, мець сваякоў у Польшчы,
нарадзіцца ў Беларусі ды інш.
Выяўленыя меркаванні ў сваёй сукупнасці
адлюстроўваюць асноўныя катэгорыі, вядучыя сэнсавыя вектары разумення і
адчування рэспандэнтамі ўласнай польскасці, якія характарызуюць асаблівасці
зместавага напаўнення этнічнай ідэнтычнасці, а таксама падкрэсліваюць яе
актуалізаванасць. Адказы сведчаць, што аснову этнічнай ідэнтычнасці палякаў
складаюць уяўленні пра імкненне захоўваць і шанаваць польскія традыцыі,
культуру, ведаць гісторыю свайго народу і помніць пра сваё паходжанне і карані,
а таксама пра сваю канфесійную належнасць. Пры гэтым нельга не заўважыць, што
ўяўленні пра значэнне сваёй этнічнай належнасці цесна ўзаемазвязаныя з
комплексам пазітыўных нацыянальных пачуццяў (гонару, самапавагі, годнасці,
любові да ўласнага народу, духоўнай сувязі з ім), пачуцяў, якія пітаюць і
падтрымліваюць пазітыўную этнічную ідэнтычнасць палякаў. Яны ж сведчаць пра
выразную патрэбу ў этнічнай належнасці, яе захаванні, падтрымцы і ўмацаванні.
Гэта пацвярджаюць дадзеныя пра
інфармаванасць палякаў аб дзейнасці польскіх нацыянальна-культурных
аб’яднанняў, цэнтраў, пра ўласны ўдзел у іх працы і пра жаданне такога ўдзелу.
Адказы на адпаведныя пытанні анкеты істотна адрозніваліся паміж групамі
рэспандэнтаў. Згодна з імі, толькі 7,2% рускіх, 25,7% беларусаў і 40,3% палякаў
ведаюць пра існаванне ў сваім горадзе нацыянальна-культурнага цэнтра альбо
аб’яднання прадстаўнікоў сваёй нацыянальнасці. 12,3% беларусаў, 16,6% рускіх і
28,7% палякаў выказалі жаданне наведваць такую арганізацыю. І нарэшце, сярод
апытаных 6,2% беларусаў, 3,7% рускіх і 17,7% палякаў у рознай ступені
ўдзельнічаюць у жыцці нацыянальнай аб’яднання. Такім чынам, менавіта сярод
рэспандэнтаў-палякаў выяўленая самая выразная патрэба ў захаванні, падтрымцы і
культываванні ўласнай этнічнасці і культурнай самабытнасці. Самай нізкай яна
аказалася ў рускіх Беларусі. Але гэта можна разглядаць як паказнік
задаволенасці гэтай патрэбы ва ўмовах нашай рэспублікі.
Шо найбольш ззвязвае і яднае
рэспандэнтаў са сваім народам? Рэспандэнтам прапанавалася пры дапамозе 15
меркаванняў адказаць на пытанне: “Што найбольш аб’ядноўвае Вас з прадстаўнікамі
Вашай нацыянальнасці?” Для адказаў трэба было выкарыстоўваць шасцібальную
ацэначную шкалу.
У адпаведнасці з ацэнкамі паслядоўнасць
асноўных крытэрыяў этнічнай ідэнтыфікацыі палякаў выглядае наступным чынам: 1)
сям’я, сваякі; 2) рэлігія; 3) культура, традыцыі, звычаі; 4) гістарычнае
мінулае; 5) псіхалогія, рысы характару; 6) агульнае сучаснае і будучыня; 7)
родная зямля, прырода; 8) мова; 9) знешні выгляд; 10) славутыя прадстаўнікі
майго народу; 11) тэрыторыя пражывання; 12) агульная дзяржава.
Заўважым, што па ступені значнасці ў
іерархіі крытэрыяў рэлігія займае другое месца ў палякаў, восьмае – ў рускіх і
толькі трынаццатае – ў беларусаў. А такі найважнейшы этнавызначальны паказчык
як мова аказаўся на першым месцы па значнасці ў рускіх і толькі на адзінаццатым
– у палякаў і беларусаў. Рэлігію як крытэрый этнічнай ідэнтыфікацыі ацанілі ў
максімальна высокай ступені 67,4% палякаў, 60,2% рускіх і 48,4% беларусаў.
Параўнанне адказаў рэспандэнтаў з
розных рэгіёнаў Рэспублікі паказала, што рэлігія як крытэрый этнічнай
ідэнтыфікацыі найбольш высока ацэньваецца палякамі Гарадзеншчыны і найменш –
палякамі Гомельшчыны.
Канфесійная належнасць палякаў
адыгрывае ў этнічнай ідэнтыфікацыі найбольш важную ролю. Гэта абумоўленае
цеснай сувяззю каталіцтва з этнічным самавызначэннем і самасвядомасцю
беларускіх палякаў.
Уяўляецца невыпадковым, што сярод
адказаў на адкрытае пытанне “Што асабіста Вам дапамагае, жывучы ў Беларусі,
заставацца палякам (захоўваць сваю польскасць)?”, 25,3% палякаў указалі “касцёл
і веру”, 3,3% - “мову і касцёл”. Адпаведна сярод беларусаў “царкву” назвалі
толькі 1% рэспандэнтаў, а “мову і царкву” – 0,7%. Разам з тым сярод адказаў
рускіх на гэтае пытанне згадкі пра веру і царкву адсутнічалі наогул.
Гэтыя вынікі знайшлі сваё пацвярджэнне
таксама ў адказах на пытанні пра рэлігійнасць рэспандэнтаў, пра наведванне імі
храма і рэлігійных службаў. У прыватнасці, 61,3% палякаў, 45,6% беларусаў і
толькі 32,7% рускіх лічаць сябе веруючымі або глыбока веруючымі людзьмі. Прычым
да апошніх сябе адносяць толькі 3% палякаў, 2,3% беларусаў і 1% рускіх. Пры
гэтым храм наведваюць часцей, чым адзін раз у тыдзень, 2,7% палякаў, 0,3%
беларусаў і 1% рускіх. Штотыднёва бываюць у храме 15,7% палякаў, 1% рускіх і
2,7% беларусаў. Аднойчы ў месяц – 19% палякаў, 9% беларусаў і 8,3% рускіх. Гэта
яшчэ пацвярджае, пазначаную вышэй тэндэнцыю, што канфесійная належнасць палякаў
займае важнае месца ў іх самасвядомасці і самакрэсленні пры безумоўным удзеле
касцёлу, які адыгрывае асаблівую ролю ў захаванні, умацаванні і падтрымцы іх
польскасці.
Табліца 2.
Размеркаванне
ацэнак рэспандэнтаў такога крытэрыя этнічнай ідэнтыфікацыі як рэлігія
|
“З людзьмі маёй нацыянальнасці
мяне яднае перш за ўсё рэлігія …”
|
Нацыянальнасць
|
Усяго
|
|
Беларусы
|
Рускія
|
Палякі
|
|
у максімальнай ступені
|
29,9%
|
42,1%
|
45,6%
|
39,2%
|
|
увялікай ступені
|
18,5%
|
18,1%
|
21,8%
|
19,4%
|
|
Сярэдне
|
14,8%
|
10,7%
|
12,1%
|
12,5%
|
|
умалой супені
|
10,4%
|
10,7%
|
7,0%
|
9,4%
|
|
у мінімальнай ступені
|
10,7%
|
9,0%
|
4,4%
|
8,0%
|
|
зсім не яднае
|
15,8%
|
9,4%
|
9,1%
|
11,4%
|
|
Усяго
|
100,0%
|
100,0%
|
100,0%
|
100,0%
|
Гэтыя вынікі не супярэчаць адно другому
і ўказваюць на цесную ўзаемасувязь паміж канфесійнай і этнічнай належнасцю
палякаў. Яны адлюстроўваюць дамінуючую, а магчыма і вызначальную ролю першай
над другой. Пра гэта сведчыць месца рэлігіі сярод крытэрыяў этнічнай
ідэнтыфікацыі палякаў, ступень іх рэлігійнасці і роля касцёла як аднаго з
важнейшых інстытутаў захавання і ўмацавання польскасці.
Якое ж месца ў самасвядомасці палякаў
займаюць уяўленні пра іх этнічную, грамадзянскую належнасць, наколькі яны
актуалізаваныя і значымыя сёння?
У адпаведнасці з методыкай выяўлення
месца і значэння этнічнай ідэнтычнасці ў іерархіі складаючых сацыяльнай
ідэнтычнасці рэспандэнтам прапанавалася адказаць на пытанне “Кім Вы сябе
ўсведамляеце перш за ўсё?” Для адказа трэба было выбраць свой варыянт з
дзевятнаццаці прапанаваных меркаванняў, якія ўключалі розныя сацыяльныя
ідэнтыфікацыі (“я – беларус”, “я – паляк”, “я – славянін”, “я – еўрапеец”, “я –
грамадзянін Беларусі” ды інш.), а таксама розныя ўстаноўкі ў адносінах да
ўласнай этнічнай належнасці. Напрыклад, “я – тыповы прадстаўнік сваёй нацыянальнасці”,
“я – чалавек, які ганарыцца сваёй нацыянальнай належнасцю”, “я – чалавек
абыякавы да сваёй нацыянальнай належнасці” ды інш. Уласную згоду (або нязгоду)
з кожным меркаваннем рэспандэнты ацэньвалі з дапамогай шасцібальнай шкалы.
Адказы вар’іравалі ў дыяпазоне ад “зусім не ўсведамляю” да “цалкам уведамляю”.
Атрыманая ў выніку падліку ацэнак
іерархія складаючых сацыяльнай ідэнтычнасці ўяўляе сабой наступную
паслядоўнасць (адпаведна змяншэнню распаўсюджанасці ідэнтыфікацый): 1) я – чалавек; 2) я
– жыхар Беларусі; 3) я – грамадзянін Беларусі; 4) я – паляк; 5) я – славянін;
6) я – еўрапеец; 7) я – патрыёт Беларусі; 8) я – грамадзянін свету
(касмапаліт); 9) я – жыхар СНД; 10) я – савецкі чалавек. Адпаведна гэтай
паслядоўнасці палякі ў большай ступені лічаць сябе жыхарамі Беларусі, чым яе
грамадзянамі. Яны хутчэй ідэнтыфіцыруюць сябе са славянамі і еўрапейцамі, чым з
патрыётамі Беларусі і жыхарамі СНД. Менш за ўсё апытаныя адчуваюць сябе
савецкімі людзьмі.
У якіх узаемаадносінах знаходзяцца
этнічная і грамадзянская ідэнтычнасці палякаў? Якія асаблівасці мае этнічная
ідэнтычнасць? Якое месца яна займае сярод складаючых сацыяльнай ідэнтычнасці?
Аналіз распаўсюджанасці ацэнак паказаў,
што ў сістэме прапанаваных сацыяльных ідэнтыфікацый этнічная складаючая займае
чацвёртае месца ў палякаў, саступаючы па сваёй значымасці толькі
агульначалавечай, рэгіянальнай і грамадзянскай ідэнтыфікацыям, і трэцяе (пасля
агульначалавечай і рэгіянальнай) – у рускіх і беларусаў.
Як сведчаць дадзеныя, толькі ў 5,4%
палякаў зусім не актуалізаваныя ўяўленні пра ўласную этнічную прыналежнасць,
3,7% адносяць сябе да палякаў у мінімальнай ступені, 2% - у малой ступені.
Разам з тым 62,9% палякаў акрэслілі сваю этнічную ідэнтыфікацыю максімальна
дакладна. 11,7% - адказалі, што ўсведамляюць сябе палякамі ў большай ступені.
Сярод 14,4% этнічная ідэнтыфікацыя была актуалізаваная на сярэднім узроўні.
Рэспандэнты з Гарадзеншчыны ў большай ступені ўсведамляюць сваю этнічную
належнасць, лічаць сябе палякамі, чым рэспандэнты з Меншчыны і тым больш – з
Гомельшчыны.
Як высвятлілася, існуе даволі вялікая
група рэспандэнтаў, якія валодаюць падвойнай этнічнай ідэнтыфікацыяй. Яны
адначасова ўсведамляюць сябе і палякамі і беларусамі. Напрыклад, сярод 16,6%
палякаў ідэнтыфікацыя “я – беларус” актуалізаваная найбольў моцна, сярод 13,2%
- моцна, сярод 9,5% - яна мінімальная, сярод 7,4% выяўляецца слаба, сярод 11,5%
- у сярэдняй ступені. Толькі 41,9% палякаў зусім не усведамляюць сябе
беларусамі. Трэба адзначыць, што актуалізацыя падвойных ідэнтыфікацыяў найбольш
распаўсюджаная сярод палякаў, якія пражываюць ва Усходняй Беларусі.
З іншага боку, 5,5% беларусаў таксама
ідэнтыфікуюць сябе з палякамі ў мінімальнай ступені, 1,7% - у малой ступені і
толькі 1% - у вялікай. Гэтыя вынікі праз прадстаўленасць падвойных
ідэнтыфікацыяў адлюстроўваюць вектар накіраванасці і ступень распаўсюджанасці
змяненняў і асаблівасцяў этнічнай самасвядомасці палякаў і беларусаў.
Адказы рэспандэнтаў, якія адлюстравалі
іх адносіны да ўласнай этнічнай належнасці, таксама паказалі, што падаўляючая
большасць палякаў належыць да тых, хто ганарыцца сваёй нацыянальнасцю (у
максімальнай ступені пагадзіліся з гэтым меркаваннем 50,2%, а падзялілі яго –
95%), і ідэнтыфікуе сябе з тыповымі прадстаўнікамі сваёй нацыянальнасці (у
максімальнай ступені такімі лічыць сябе 22,5%, а пагадзіліся з гэтым
сцвярджэннем 88,3%). Разам з тым высвятлілася, што 36,6% рэспандэнтаў лічаць
сябе чалавекам, якому складана вызначыць сваю нацыянальнасць, 33,2% абыякавыя
да сваёй нацыянальнай належнасці, а 6,7% адчуваюць сорам у сувязі са сваёй
нацыянальнасцю.
Вынікі аналізу сведчаць, што палякі
часцей чым беларусы ўсведамляюць сябе еўрапейцамі. Яны ж у меньшай ступені, чым
рускія і беларусы адчуваюць сябе жыхарамі СНД і славянамі. Калі ў максімальнай
ступені лічаць сябе еўрапейцамі 31,4% палякаў, 25,9% рускіх і 25,1% беларусаў,
то 27,5% беларусаў, 23,5% рускіх і 26,7% палякаў зусім не адносяць сябе да
еўрапейцаў. Са славянамі ў максімальнай ступені ідэнтыфікуе сябе 39,9% палякаў
і адпаведна 44,4% беларусаў і 57,1% рускіх. Толькі 25% палякаў і 35,2%
беларусаў цалкам усведамляюць сябе жыхарамі СНД. Сярод рускіх такіх аказалася
40%.
У заключэнне адзначым, што дадзеныя сведчаць пра складаную і
супярэчлівую этнічную ідэнтычнасць беларускіх палякаў. Яе падмуркам, з аднаго
боку, з’яўляецца яскрава выражанае пачуццё гонару, годнасці, любові да свайго
народу, а таксама выразная патрэба ў захаванні сваёй польскасці. Усё гэта
падтрымлівае пазітыўную этнічную ідэнтыфікацыю. З іншага боку, для беларускіх
палякаў уласцівая праблемнасць этнічнага самавызначэння, якая праявілася перш
за ўсё ў актуалізацыі падвойных самаідэнтыфікацый. Варта ўвагі, што гэтыя
асаблівасці менш характэрныя для палякаў Заходняй Беларусі. Параўнанне дадзеных
па тром рэгіёнам Рэспублікі дазваляе ўбачыць розніцу таксама ў такіх
паказчыках, як значымасць і актуалізаванасць этнічнай належнасці; праблемнасць
этнічнага самавызначэння; актуалізацыя падвойных этнічных ідэнтыфікацый,
рэлігійнасць рэспандэнтаў.
Атрыманыя вынікі ўказваюць на
цесную ўзаемасувязь канфесійнай і этнічнай належнасці палякаў. Пра гэта
сведчыць і месца рэлігіі сярод крытэрыяў іх этнічнай ідэнтыфікацыі, і ступень
рэлігійнасці палякаў, і роля касцёла, паводле меркавання саміх рэспандэнтаў, як
аднаго з важнейшых інстытутаў захавання і ўмацавання іх польскасці.
Навуменка Людміла
Нарадзілася 14 лютага 1958 г. у Гомелі.
Старшы навуковы супрацоўнік Інстута сацыялогіі НАН Беларусі (г.Менск)
Асноўны кірунак даследаваняў:
Даследаванне этнічнай ідэнтыфікацыі, этнічнай самасвядомасці, этнічных стэрэатыпаў нацыянальных супольнасцяў Беларусі
Тэл. (прац.) 268 – 45 – 16.
Веренич В.И. Этноязыковое смешение: поляки на Украине, в
Беларуси и Литве // Język a toż samość na pograniczu kultur. Pod red
Smułkowej E., Engelking A. Białystok, 2000. C. 60-71; Польскі С. Колькі ёсць католікаў у Беларусі? // Праблемы развіцця і
супрацоўніцтва польска-беларускага памежжа. Варшава, Мінск, 1995. С. 213-224;
Смалянчук А. Палякі Беларусі і Літвы пачатку ХХ ст. як гістарычны і
этнакультурны феномен // Беларускі гістарычны агляд. Том VII. Сшытак 1-2 (11-12). 2000. С. 148-180; Смалянчук А. Беларусь за сто гадоў:
змяненні нацыянальнай структуры насельніцтва (1897-1999) // Мінулае
Гродзеншчыны. Выпуск 7. Гродна, 2000. С. 3-18; Смалянчук А. Гістарычная
сьвядомасьць і ідэалёгія палякаў Беларусі і Літвы на пачатку ХХ ст. //
Беларускі гістарычны агляд. Том 2. Сшытак 1. 1995. С. 31-40; Цітоў В.С.
Этнаграфічная спадчына. Беларусь: краіна і людзі. Мінск, 2001; Чаквін І.,
Навагродзкі Т. Праблемы нацыянальных меншасцяў і міжнацыянальных адносін на
Беларусі // Форум. 1995. № 1. С. 15-22.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"
|