Рэформы Пятра І паклалі пачатак заканадаўчаму афармленню саслоўнага падзелу
тагачаснага грамадства Расейскай імперыі. Іх працягнулі рэформы Кацярыны ІІ, а
завяршылася ўсё кадыфікацыяй права ў 1832 г., у прыватнасці выхадам 9 тома
Поўнага зводу законаў Расейскай імперыі “О состояниях”. Гэты том пачынаўся з
палажэння, што ў складзе гарадскога і сельскага насельніцтва “по различию прав
состояния различаются законом четыре рода людей: 1) дворянство, 2) духовенство,
3) городские обыватели, 4) сельские обыватели. Все лица, принадлежавшие к
одному из этих сословий, пользуются правом состояния, оному присвоенному”[1].
Саслоўі падзяляліся на непадатныя і падатныя. Да першых адносілася
дваранства і духавенства. Да другіх – саслоўі сельскіх і гарадскіх абывацеляў,
але дзве группы сярод апошніх – ганаровыя грамадзяне і купцы – карысталіся
многімі правамі непадатных саслоўяў.
Для вызначанага перыяду былі характэрныя эканамічныя змены, якія сведчылі
пра паступовы пераход да буржуазнага грамадства. І таму адным з першых
пытанняў, якое ўзнікае пры яго даследаванні, з’яўляецца пытанне пра сэнс
паняццяў “саслоўе” і “клас” ў 19 ст. Напрыклад, вядомы расейскі гісторык Васіль
Ключэўскі вызначаў іх наступным чынам: “Саслоўямі мы называем класы, на якія
падзяляецца грамадства паводле правоў і абавязкаў. Правы надае або зацвярджае,
абавязкі накладвае дзяржаўная вярхоўная ўлада, якая выказвае свою волю ў
законе”[2].
У дадзеным выпадку адбылося, на наш погляд, атаясамленне паняццяў “саслоўе” і
“клас”.
Для сучаснага гісторыка відавочна, што
класы, якія складваліся ў 19 ст., фармаваліся на разломе саслоўяў. Так, у
пралетарыят маглі ўваходзіць не толькі прадстаўнікі саслоўя “гарадскіх
абывацеляў”, але таксама “сельскіх абывацеляў”, збяднелага дваранства і
духавенства. Нягледзячы на эканамічныя змяненні і працэс фармавання класаў,
царскі ўрад на працягу ўсяго 19 і пачатку 20 ст. імкнуўся заканадаўча затрымаць
распад саслоўяў. Адмененыя яны былі толькі дэкрэтам бальшавікоў ад 23 лістапада
1917 г. “Об уничтожении сословий и гражданских чинов”. Менавіта з гэтага часу ў
савецкай гістарычнай навуцы пачалі даследаваць толькі асноўныя класы,
забываючыся пра зусім іншы сацыяльны падзел, які існаваў у расейскім грамадстве
на працягу 18 – пачатку 20 ст.
У Рэчы Паспалітай да канца 18 ст. склаліся тры саслоўі: шляхта, мяшчане і
сяляне. Гэта засведчыла канстытуцыя 3 траўня 1791 г.[3]
Пасля падзелаў дзяржавы і далучэння тэрыторыі Беларусі, Літвы і правабярэжнай
Украіны да Расейскай імперыі гэтыя саслоўі павінны былі ўвайсці, пры некаторых
умовах, у склад адпаведных саслоўяў Расеі і карыстацца іх правамі. Адной з
першых умоваў было прынясенне прысягі на вернасць імператрыцы. Пры гэтым ад імя
прыгоннага сялянства прысягалі іх уладальнікі.
Дваранства. Сацыяльны,
юрыдычны і палітычны статус дваранскага саслоўя Расейскай імперыі ўпершыню ў
найбольш поўным выглядзе быў выкладзены Кацярынай ІІ у “Жалованной грамоте
дворянству” (1785). Усе пазнейшыя заканадаўчыя акты па гэтаму пытанню ўносілі
толькі папраўкі і дапаўненні. Асновай палітычнай і эканамічнай магутнасці
дваранства з’яўлялася валоданне не толькі зямлёй, але і прыгоннымі, на што не
мелі права іншыя саслоўі. Яно было пазбаўленае ўсялякіх падаткаў, цялесных
пакаранняў, магло быць асуджаным толькі роўнымі сабе. Пры Кацярыне ІІ усе
саслоўі атрымалі свае ўстановы. Але калі дзейнасць гарадскіх
установаў
абмяжоўвалася горадам, а сельскіх – воласцю, то дваранскіх – паветамі і
губернямі.
Да органаў
кіравання дваранскім саслоўем адносіліся, у
першую чаргу, дваранскія сходы, якія збіраліся праз тры гады ў
губернях. Яны выбіралі свае прадстаўнічыя
органы, абмяркоўвалі патрэбы
саслоўя, маглі прымаць рашэнні пра
устанаўленне спецыяльнага збору дзеля ўтрымання депутацкіх
сходаў, дваранскіх апекаў і інш. Дваранскія депутацкія сходы разглядалі доказы
дваранскага паходжання і пацвярджалі дваранства. Нарэшце, трэба адзначыць
губернскіх і павятовых “предводителей дворянства” або губернскіх і павятовых
маршалкаў (маршалаў).
У залежнасці ад паходжання і ступені заслугаў дваранства з часоў Пятра І,
падзялялася на патомнае, якое атрымлівалі ў спадчыну, і асабістае (пажыццёвае).
На патомнае дваранства распаўсюджваліся ў поўнай меры ўсе прывілеі, якія
выдзелілі дваранства ў асобнае саслоўе. У сваю чаргу, у залежнасці ад спосабу
набыцця “благородства” патомнае дваранства падзялялася на 6 разрадаў: І разрад
– узнагароджанае або сапраўднае дваранства; ІІ – вайсковае дваранства; ІІІ –
дваранства, атрыманае шляхам выслугі на грамадзянскай службе або ў выніку ўзнагароджання
расейскім ордэнам; IV – замежныя дваранскія роды; V – тытулаванае дваранства; VI - старажытныя
арыстакратычныя роды. Такі падзел быў
уведзены ў часы Кацярыны ІІ і з’яўляўся свайго роду ўступкай
імкненню знатных родаў аддзяліць
сябе ад простага “служылага” дваранства, якое па выказванню дваранскага
публіцыста князя М.М.Шчарбатава,
“оподлило” вышэйшае саслоўе[4].
Асабістае дваранства таксама
было пазбаўленае цялесных
пакаранняў. Яно вызвалялася ад асабістых падаткаў
і рэкрутчыны, карысталася перавагамі пры прызначэні на пасады ў дзяржаўнай
службе. Аднак асабістыя
дваране былі пазбаўленыя магчымасці
ўдзельнічаць у жыцці дваранскага саслоўя. Яны не
ўносіліся ў дваранскія родавыя кнігі і не мелі права, за некаторымі
выключэннямі, валодаць прыгоннымі. Асабістае дваранства перадавалася толькі па шлюбу – ад мужа да жонкі.
Дзеці ўжо не лічыліся дваранамі.
Маніфестам ад 10 красавіка 1832 г. яны ўключаліся ў склад патомных ганаровых
грамадзянаў. З 1854 г.
асабістыя дваране, нараўне з ганаровымі грамадзянамі, запісваліся ў пятую частку гарадской абывацельскай
кнігі[5].
У Рэчы Паспалітай вышэйшым саслоўем была шляхта (stan szlahecki). На канец 18 ст. яе налічвалася каля 750 тыс. чал., што складала 7,5% ад агульнай колькасці насельніцтва (каля 10 млн.).
Шляхта дзялілася на чатыры катэгорыі: І – поўнапраўная шляхта (землеўласнікі,
магнаты і шляхта на дзяржаўнай службе) – 125 тыс. (16,7% ад агульнай колькасці
шляхты і 1,25% – ад агульнай колькасці насельніцтва); ІІ – дробныя
землеўладальнікі – 300 тыс. (адпаведна – 40% і 3%); ІІІ – чыншавая шляхта – 150
тыс. (адпаведна – 20% і 1,5%); IV – шляхта, што знаходзілася на прыватнай службе або ўтрымлівалася з розных
неземляробчых заняткаў – 175 тыс. (адпаведна – 23,3% і 1,75%).
Яна перыядычна збіралася на сеймікі, дзе выпрацоўвала і адстойвала свае
мясцовыя інтарэсы перад цэнтральнымі ўладамі, выбірала і зацвярджала кандыдатаў
на адміністрацыйныя пасады, вызначала памеры добраахвотнага падаткаабкладання.
Праз сваіх прадстаўнікоў удзельнічала ў выбранні караля на вальным сойме і
магла яму не падпарадкоўвацца шляхам узброеных выступаў (канфедэрацыяў і
рокашаў). На сейміках права голасу мелі толькі І і ІІ катэгорыі шляхты[6],
што практычна адхіляла астатнія катэгорыі ад удзелу ў палітычным жыцці.
Шляхецтва, як вышэйшае саслоўе далучаных зямляў, магло атрымаць усе правы і
прывілеі, якімі карысталася расейскае дваранства пры ўмове прынясення прысягі
на вернасць імператрыцы і пацвярджэння свайго паходжання адпаведнымі
дакументамі. Прысяга прыносілася калектыўна ў публічных месцах. Калі ў 1772 г. шэраг магнатаў і прадстаўнікоў шляхты адмовіліся па розных абставінах
гэта зрабіць, то іх маёнткі былі
ўзятыя ў секвестр. Сярод іх былі
Радзівілы (яны страцілі Себеж і Невель, Раманаў і Копысь), Міхал Казімір Агінскі (Круглае, Обаль, Бешанковічі,
Чачэрскае староства, Цяцэрын, Лугінавічы і інш.), Аляксандр Міхал Сапега
(Чарэю і Дуброўна). Адам Чартарыйскі
быў вымушаны прадаць Шклоў, а М.Чартарыйскі страціў Гомельскае староства, Ежы Мнішак – Крычаўскае, Антоні Міхал Пац – Усвяцкае, Леанард Пацей
– адно з самых буйных – Рагачоўскае староства. Сярод буйной шляхты, якая не
прысягнула, сустракаюцца прозвішчы Лапацінскага, Ф.Аскеркі, Валовіча і інш.[7]
Нягледзячы
на гэта, царскі ўрад імкнуўся
дамовіцца з вышэйшым саслоўем. Дараванні канфіскаваных земляў даваліся не толькі рускаму дваранству, але і мясцоваму. І не ўсе ўладанні былі
канфіскаваныя, некаторыя
з іх пасля секвестру вярнулі ўладальнікам. Так, А.Чартарыйскі атрымаў палову
Веліжскага староства, А.М.Сапегу
вярнулі Дубровенскае графства, частку скасаваных радзівілаўскіх уладанняў
атрымаў літоўскі падканцлер
К.Плятэр, які як дэлегат ад полацкай шляхты выказаў свае “верноподданнические”
пачуцці Кацярыне ІІ і інш.[8] На працягу
1795 – пачатку 1796 г.
больш 2/3 маёнткаў, узятых у секвестр, былі вернутыя іх
уладальнікам[9].
Пачынаючы з
1772 г., шляхта павінна была прадстаўляць дакументы аб сваім паходжанні. Спачатку яна пацвярджала сваё паходжанне ў земскіх судах, а з
1785 г. – у губернскіх доказавых камісіях. Прадстаўнікі
магнатэрыі і сярэдняй шляхты пацвердзілі свае прывілеі, бо мелі адпаведныя
дакументы або грошы на іх пошукі. Царскі ўрад непакоіла і незадавальняла
становішча дробнай шляхты, што засведчылі прымаемые ўказы. Новым было таксама
тое, што, нягледзячы на пацвярджэнне часткай духоўных асобаў свайго шляхецкага
паходжанне, іх усіх адносілі да духоўнага саслоўя.
Асобы, якія пацвердзілі сваё паходжанне, запісваліся ў дваранскія родавыя
кнігі. Колькасць шляхты на 1795 г. складала на Віцебшчыне і Магілёўшчыне 24 189
муж., на Меншчыне, Віленшчыне, Гарадзеншчыне і Ковеншчыне – 91 453 муж.
Агульная колькасць склала 115 642 муж. (4,9% ад агульнай колькасці насельніцтва
былога ВКЛ)[10].
Шляхта былой Рэчы Паспалітай у адрозненне ад дваранства
Расейскай імперыі складалася толькі з патомнага дваранства. Аналіз яе структуры
па 6 разрадах паказвае перавагу “сапраўднага” (узнагароджанага) дваранства і
прадстаўнікоў “древних благородных родов”, самай шматлікай групы сярод усіх
патомных дваранаў. На гэтыя катэгорыі прыходзілася, напрыклад, у Менскай губ. –
91,5%, а ў Магілёўскай – звыш 66% дваранаў[11].
У новаўтвораных губернях на тэрыторыі Беларусі і Літвы
дваранству было дазволена кожныя тры-чатыры гады збіраць сходы, якія у
дакументах канца 18 – першай чвэрці 19 ст. традыцыйна зваліся сеймікамі[12]. На сейміках абіралі губернскіх і павятовых
“предводителей дворянства” (маршалкаў), уласных прадстаўнікоў у саслоўныя суды
і ўстановы, абмяркоўвалі раскладку земскіх павіннасцяў, вырашалі гаспадарчыя і
грамадскія справы мясцовага жыцця.
Палітыка царскага ўраду адносна выбараў у губернскія і
павятовыя органы дваранскага самакіравання, суда і паліцыі на працягу часу
змянялася. Галоўным крытэрыем для ўдзелу ў выбарах з’явілася прынясенне прысягі
на вернасць і валоданне спадчыннай маёмасцю пэўных памераў. Па прадстаўленню
генерал-губернатара З.Чарнышова Сенат указам ад 8 мая 1773 г. дапусціў да
выбараў асобы, якія валодалі не менш чым дзесяццю рэвізскімі душамі. Права
абрання на пасаду атрымалі ўладальнікі 20 і болей прыгонных.
У
1805 г. права голасу атрымалі толькі тыя, хто быў старэйшым за 18 гадоў, валодаў
нерухомымі маёнткамі, меў не менш за 150 руб. гадавога даходу і 8
дымоў. Фактычна дробная шляхта, якая не мела сваёй зямлі, была выключаная з удзелу
ў выбарах[13]. З 1817 г. у Гарадзенскай губ. на працягу трох гадоў
дазвалялі ўдзельнічаць у выбарах дваранам, якія страцілі свае дакументы ў часе
вайны 1812 г., і не былі запісаныя ў дваранскія кнігі.
Галоўную ролю сярод абраных асобаў адыгрывалі дваранскія
маршалкі. На пасадах іх зацвярджаў імператар з ліку двух абраных кандыдатаў.
Галоўным іх абавязкам было загадванне справамі дваранскай карпарацыі. Аднак
прымаючы ўдзел у рабоце шматлікіх губернскіх павятовых камітэтаў і камісій, яны
на практыцы пераўтварыліся ў выканаўцаў загадаў мясцовай адміністрацыі.
Губернскія ўлады часта ўскладалі на маршалкаў самыя розныя даручэнні, што
выклікала незадаволенасць і скаргі з боку апошніх. Праца на гэтых пасадах не
аплочвалася, таму на іх звычайна выбіралі заможных памешчыкаў. У розны час,
напрыклад, у Гарадзенскай губ. і паветах маршалкамі былі князь Ксаверы
Друцкі-Любецкі, граф Казімір Грабоўскі, князь Канстанцін
Святаполк-Чатвярцінскі, граф Войцэх.Пуслоўскі і інш[14].
Асабліва рэзка змяніліся адносіны паміж губернскімі
маршалкамі і ўладамі пасля паўстання 1830-1831 г. Г.Стэцкі успамінаў, што да
паўстання губернскі маршалак практычна не залежаў ад губернатара, а быў яму
роўны. І калі губернатар быў адміністратарам правінцыі, то маршалак – абаронцам
і апекуном шляхты. Ён мог непасрэдна звяртацца з просьбай аб аўдыенцыі ў
імператара. А пасля паўстання маршалак стаўся слугой губернатара і сляпым
выканаўцам яго загадаў[15].
Адным з накірункаў палітыкі ўраду было паляпшэнне
матэрыяльнага становішча шляхты. Так, 5 чэрвеня 1796 г. па прапанове
Екацерынаслаўскага, Вазнясенскага і Таўрычаскага генерал-губернатара князя Платона
Зубава Кацярына ІІ падпісала ўказ пра перасяленне чыншавай шляхты на казённыя
землі генерал-губернатарства[16]. У сваім
праекце П.Зубаў падкрэсліваў, што чыншавая шляхта, як і ў часы Рэчы Паспалітай,
матэрыяльна залежыць ад магнатэрыі, якая патрабавала ад яе галасоў на сейміках.
А на тэрыторыі наварасейскіх стэпаў каланісты маглі б быць памежнай вартай. Але
перасяленне было прыпыненае Паўлам І. Асобным указам ад 7/18 сакавіка 1797 г.
ён заахвочваў бедную шляхту да службы ў расейскім войску, не выключаючы
магчымасці ўступлення ў гвардыю і кавалергардскі корпус[17].
Пры заснаванні
Дапаможнага банка для дваранства Павел І загадаў сялянаў Літоўскай, Менскай,
Валынскай і Падольскай губ. прымаць у заклад (50 руб. за кожную рэвізскую
душу). А 21 ліпеня 1798 г. імператар дазволіў банку выдаваць памешчыкам гэтых
губерняў пазыку не па колькасці душаў, а па колькасці даходу з маёнтка. 7
жніўня 1798 г. гэты ўказ быў распаўсюджаны на Беларускую і Кіеўскую губ.[18]
Не абыходзіў
гэтае пытанне і Аляксандр І. Так, указам ад 14 лістапада 1824 г. дваранам
заходніх губерняў, якія не мелі сялянаў і жадалі займацца гарадскімі
промысламі, было дазволена запісвацца ў купцы або браць пасведчанні для
мяшчанаў, якія займаліся гандлем. Але нягледзячы на тое, што многія з дваранаў
не мелі сродкаў для існавання, яны не жадалі гандляваць. Магчыма, гэта было
звязана са Статутам Вялікага Княства Літоўскага 1588 г., згодна з якім (раздзел
6, арт. 25) шляхціц не мог займацца гандлем пад пагрозай пазбаўлення шляхецтва[19].
Адным з галоўных і балючых пытанняў было дакументальнае
пацвярджэнне дробнай шляхтай свайго паходжання. Асабліва яно тычылася чыншавай
шляхты, якая магла мець зямлю (без прыгонных) або знаходзіцца на службовых і
чыншавых землях. У сувязі з гэтым пры складанні падушных падаткаў або
дараванняў яна трапляла ў спісы падатковага насельніцтва.
Згодна з сенацкай пастановай ад 17 жніўня 1800 г. шляхта
Кіеўскай, Валынскай, Падольскай, Беларускай, Літоўскай і Курляндскай губ.,
колькасць якой складала 218 025 чалавек мужчынскага полу, павінна была ў
двухгадавы тэрмін (пачынаючы з 1 студзеня 1801 г.) адшукаць доказы ўласнага
дваранства. Шляхціцы павінны былі прадстаўляць дакументы мясцовым саслоўным
установам і органам улады, якія пасля адпаведнай праверкі зацвярджаліся
дваранскімі дэпутацкімі сходамі, а затым накіроўваліся ў Герольдыю ў Пецярбург
для канчатковага вырашэння. Шляхта не спяшалася зрабіць гэта ў прызначаны
тэрмін, і ёй была прадастаўленая адтэрміноўка да 1 студзеня 1806 г. А па указу
ад 20 студзеня 1816 г. уводзіўся новы парадак, паводле якога да канчатковага
вырашэння пытання аб прыналежнасці да шляхты ўсе прэтэндэнты павінны былі
плаціць падаткі[20].
Згодна з апошнім
указам рэвізскія камісіі ў Магілёўскай і Віцебскай губернях правялі праверку
стану шляхты. Вынікі праверкі прадстаўленыя ў табліцы 1.
Табліца 1. Дадзеныя рэвізскіх камісіяў па праверцы стану
шляхты Магілёўскай і Віцебскай губ. 1816 г. (у душах муж. полу).
|
|
Магілёўская
|
Віцебская (6 паветаў)
|
|
Усяго шляхты
|
13837
|
3044
|
|
Прадставілі доказы на дваранства, зацверджаныя ў Герольдыі
|
8324
|
1063
|
|
Пацвердзілі дваранства ў губернях
|
424
|
19
|
|
Прадставілі доказы на разгляд дваранскага дэпутацкага
сходу
|
2764
|
1579
|
|
Называлі сябе дваранамі, але доказаў не прадставілі
|
1040
|
90
|
|
Знаходзіліся ў “поголовным окладе”
|
21
|
|
|
Не зацверджаныя ў дваранстве, прыбылі з іншых губерняў
|
435
|
|
|
Паказаныя сярод дваранскіх прозвішчаў, але ў дваранстве
не значацца
|
417
|
|
|
Знаходзіліся ў “поголовном окладе”, але чакалі рашэння
Герольдыі
|
271
|
|
|
Пацвердзілі дваранства, але яшчэ знаходзіліся ў “окладе”
|
65
|
|
|
Прыбылі з-за мяжы
|
91
|
|
|
Мелі толькі касцёльныя метрыкі аб дваранскім паходжанні
|
|
207
|
|
Не былі зацверджаныя ў дваранстве дваранскімі
дэпутацкімі сходамі
|
|
127
|
Крыніца:
Нацыянальны Гістарычны архіў Беларусі (НГАБ) ў Менску. Ф.1297,
воп.1, ад.з. 5174, арк. 22, 23 адв.
Акрамя таго, у выніку шостай рэвізіі 1811 г.
высветлілася, што да дваранскага саслоўя прыпісалася каля 200 тыс. чалавек,
сярод якіх былі мяшчане, дваравыя, адстаўныя салдаты, людзі “невядомых
саслоўяў” з беларуска-літоўскіх губерняў. Ім удалося прыпісацца да дваранства
дзякуючы таму, што яны былі каталікамі або ўніятамі і размаўлялі па-польску. І
гэта ў той час, абураўся міністр фінансаў граф Гур’еў, калі ў гэтых жа губернях
ёсць людзі, якія пацвердзілі сваё паходжанне, але плацяць падаткі ў казну. Таму
пры правядзенні новай рэвізіі, згодна з указам Сенату ад 20 студзеня 1816 г.,
камісіі павінны былі пакідаць у дваранстве толькі тых, хто быў запісаны ў
саслоўе ў 1795 г., а іншым неабходна было дакументальна пацвердзіць сваё
дваранскае паходжанне.
Указ ад 23 жніўня 1817 г. ізноў нагадаў губернскім уладам
пра неабходнасць хутчэйшага разбору чыншавай шляхты. Губернскае кіраўніцтва
імкнулася паскорыць выкананне гэта указа, але ў 1823 г. Віцебскі, Магілёўскі і
Смаленскі генерал-губернатар князь М.Хаванскі быў вымушаны адзначыць, што
губернскія і павятовыя маршалкі не ведаюць дакладнай колькасці шляхты. Паводле
яго меркавання, на працягу 1816 – 1819 г. у некаторых паветах праверку
праходзіла толькі чыншавая шляхта. Іншыя наогул не прадстаўлялі дакументаў[21].
15 студзеня 1824 г. быў зацверджаны ўказ пра вайсковую
службу шляхты. Князь М.Хаванскі прапанаваў умоўна падзяліць усю шляхту на тры
класы. Да першага маглі належаць асобы, дваранства якіх было пацверджанае
Герольдыяй. Да другога – зацверджаныя земскімі судамі і прызнаныя дваранскім
сходам ў якасці сапраўдных дваранаў. Для гэтых класаў была прызнаная неабходнай
абавязковая вайсковая служба тэрмінам не менш чым 6 гадоў. Для трэцяга класа, у
які ўваходзілі асобы, што не прадставілі доказаў дваранства, быў вызначаны
больш працяглы тэрмін у 8-9 гадоў службы.
8 чэрвеня 1826 г. быў вызначаны тэрмін і парадак
падаткаабкладання асобаў, якія не былі запісаныя да шляхты да 1795 г. Згодна з
указамі ад 11 сакавіка 1828 г., 11 ліпеня 1828 г. і 14 траўня 1830 г. чыншавая
і ваколічная шляхта павінны былі плаціць падаткі з дымаў, а не з душаў. Тыя,
хто наогул не прадставіў дакументаў маглі выбраць для себе род заняткаў сярод
падатковых станаў насельніцтва[22].
Паўстанне 1830 – 1831 г. выклікала рэзкую перамену
палітычнага курса царскага ўраду ў Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне.
Пераканаўшыся ў палітычнай ненадзейнасці шляхты, урад Мікалая І зрабіў стаўку
на поўную ўніфікацыю 9 заходніх губерняў з цэнтральнай Расеяй, г.зн. на іх
русіфікацыю, як адзіную гарантыю ўтрымання гэтай тэрыторыі ў складзе Расейскай
імперыі. Пра гэтыя змены сведчыў указ ад 19 кастрычніка 1831 г. ”О разборе
шляхты в западных губерниях и об устройстве сего рода людей”, які вызначыў
адрозненне паміж тымі, хто даказаў свае правы на дваранства і “асобамі, што
называюць сябе шляхтаю”. Першыя мелі ўсе правы расейскага дваранства, а другія
былі падзеленыя на “сельскіх і гарадскіх абывацеляў” або “аднадворцаў” і
“грамадзянаў”. У сваю чаргу яны падзяляліся на “аседлых” (мелі сваю зямлю або
арэндавалі яе) і “неаседлых” (працуючыя па найму і пазбаўленыя сродкаў
вытворчасці). Але, нягледзячы на тое, што яны практычны пераходзілі ў іншыя
саслоўі, іх не пазбаўлялі права “шукаць дваранства асабіста”[23].
30 кастрычніка 1831 г. у “заходніх губернях” усім
“прысутным месцам” і службовым асобам было загадана называцца так жа, як і ў
вялікарускіх губернях. У 1832 г. былі скасаваныя пасады падкаморыяў, каморнікаў
і возных. Пасля гэтага ў адносінах да дваранства гэтых губерняў былі прынятыя
некаторыя абмежаванні, якія тычыліся права ўдзельнічаць у выбарах на пасады
паліцэйскіх і судовых чыноўнікаў[24].
Указ ад 11 лістапада 1832 г. загадваў “былую шляхту”
падзяліць на тры катэгорыі ў адпаведнасці з маёмасным станам. Да першай былі
аднесеныя дваране, якія валодалі населенымі маёнткамі або прыгоннымі без зямлі.
Факт пацвярджэння або непацвярджэння іх дваранства істотнай ролі не адыгрываў.
Да другой – асобы, якія не валодалі ні прыгоннымі, ні населенымі землямі, але
іх дваранства было пацверджанае дваранскімі сходамі. У трэцюю катэгорыю
ўваходзілі не зацверджаныя і безмаёмасныя асобы. Прадстаўнікі першай катэгорыі
вызваляліся ад вайсковай службы і ад падымных падаткаў, другой – вызваляліся ад
гэтых абавязкаў да разгляду іх справаў Герольдыяй. Трэцяя катэгорыя павінна
была іх выконваць. Сенацкі ўказ ад 25 ліпеня 1833 г. прадугледжваў двухгадовы
тэрмін прадстаўлення доказаў на дваранства для асобаў першай катэгорыі. У
выпадку непрадстаўлення яны павінны былі ўвайсці ў склад аднадворцаў або
грамадзянаў[25].
Па звестках Міністэрства фінансаў у беларуска-літоўскіх
губернях у 1831 г. налічвалася 104 829 “шляхецкіх душаў” мужчынскага пола. Па
губернях сітуацыя выглядала наступным чынам: Віленская – 26 434, Віцебская – 10
000, Гарадзенская – 9073, Менская – 32 643, Магілёўская – 26 689 душ муж. полу[26].
Па загаду Віленскага генерал-губернатара Мікалая
Далгарукава губернскія маршалкі ў 1833 г. прыслалі справаздачы, у якіх
паведамлялі пра колькасць дэкрэтаў аб шляхецтве, выдадзеных шляхце за перыяд з
1798 па 1 красавіка 1833 г.
Табліца 2. Колькасць дэкрэтаў аб пацвярджэнні шляхецтва,
выдадзеных за перыяд з 1798 па 1
красавіка 1833 г. у Віленскай, Гарадзенскай і Менскай губ. 1833 г.
|
Губерні
|
Колькасць дэкрэтаў
|
|
адпраўленыя ў Герольдыю
|
не апраўленыя ў Герольдыю
|
Усяго
|
|
зацверджа-ныя
|
адхіленыя
|
не разгле-джаныя
|
|
Віленская
|
84
|
191
|
95
|
9296
|
9666
|
|
Гарадзенская
|
42
|
28
|
109
|
2200
|
2379
|
|
Менская
|
105
|
45
|
277
|
3691
|
4118
|
|
Усяго
|
231
|
264
|
481
|
15187
|
16163
|
Крыніца:
Sikorska-Kulesza J. Deklasacja drobnej szlachty na Litwie i Białorusi w XІX wieku. Warszawa,
1995. S. 20.
У студзені 1840 г. віцебскі губернатар паведамляў
міністру ўнутраных справаў пра становішча дваранства Віцебскай губ., колькасць
якога складала 13 432 мужчын і 12 325 жанчын. Ён выдзяляў вышэйшае кола
дваранства, якое мела адукацыю на еўрапейскім узроўні; сярэдняе дваранства,
таксама адукаванае; і самую шматлікую частку, што складалася з былой шляхты,
дробных чыноўнікаў, якія нядаўна атрымалі асабістае дваранства і людзей, якія
шукалі доказы дваранскага паходжання. Па меркаванню аўтара ліста, менавіта
гэтая частка была “одним из главнейших источников бедности края, ибо люди
эти при общей почти безнравственности и полном невежестве составляют особый класс, который для приобретения выгод не
пренебрегает самым последним ремеслом <…>
Большая часть дворянства, будучи польского происхождения, сохраняет свою нацию
и как бы чуждается всего русского”[27].
Царскія ўлады імкнуліся перавесці тых, хто не прадставіў
неабходных дакументаў у катэгорыю падатных саслоўяў. Па ўказу ад 23 студзеня
1847 г. аднадворцам заходніх губерняў было забаронена валодаць населенымі
землямі або прыгоннымі без зямлі. Указам ад 17 сакавіка 1847 г. тых, хто не
прадставіў дакументаў да 1 чэрвеня 1848 г., павінны былі запісваць ў разрад
дзяржаўных сялянаў. І, нарэшце, па указу ад 1 жніўня 1847 г. усе асобы, не
зацверджаныя ў дваранстве, абкладаліся падаткамі[28].
Уладам не падабалася, што дваранства заходніх губерняў
ухілялася ад дзяржаўнай службы, аддаючы перавагу службе “па выбарам”. У 1835 г.
было вырашана, што тыя, хто не праслужыў 10 гадоў на дзяржаўнай службе, не
маюць права служыць “па выбарам”, за выключэннем тых, хто займаў выбарчую
пасаду ўжо два тэрміны (6 гадоў)[29]. А паводле
указу ад 21 красавіка 1852 г. дваране пасля дасягнення 18 гадоў павінны былі
паступаць на ваенную або грамадзянскую службу. Па указу ад 20 жніўня 1852 г. на
ваенную службу маглі прымаць бедных дваранаў з беларуска-літоўскіх губерняў[30].
Спецыфічным для Беларусі было таксама вызначэнне
саслоўнай прыналежнасці татарскага народу. У пачатку 19 ст. татары не мелі
афіцыйных дакументаў аб дваранскім паходжанні. Але яны сябе адносілі да
шляхецкага стану. Так, памочнік гарадзенскага губернскага засядацеля І.Мурза
Туган-Бараноўскі ў прашэнні на імя Літоўскага ваеннага губернатара генерала
Аляксандра Рымскага-Корсакава (24 жніўня 1817 г.) пісаў, што “татарскі народ у
Літве са старажытных часоў за вайсковыя заслугі польскаму каралю здабыў ва
ўзнагароду дараваныя дваранам прывілеі”, і што “татарскі народ роўны ў правах з
польскімі дваранамі”. Нягледзячы на гэта, гарадзенскі дваранскі сход не прымыў
ад іх на разгляд дакументы пра дваранскае паходжанне, маючы намер пазбавіць іх
права ўдзельнічаць у будучых дваранскіх выбарах”. Да прашэння быў прыкладзены
прывілей Аўгуста ІІ ад 12 траўня 1698 г.[31]
Тым не менш, татары былі дапушчаны да ўдзелу у дваранскіх
выбарах у Вільні (1804) і ў Гародні (1810). Роўнасць перад законам перакрэсліла
адрозненні ў веравызнанні. Татары-мусульмане разам з каталікамі паставілі свае
подпісы пад прысягай. Толькі ў 1824 г. губернскія ўлады звярнулі ўвагу, што
мусульмане падпісваюць прысягу ў каталіцкім касцёле. Гарадзенскі губернскі
маршалак князь Канстанцін Чатвярцінскі апраўдваўся тым, што ў прадпісаным
абрадзе для правядзення дваранскіх выбараў не прадугледжаныя правілы, “каб
татары, маючыя галасы ў дваранскіх сходах, прыводзіліся да прысягі па
магаметанскаму абраду ў мячэці або у прысутнасці муллы”. У выніку ўмяшальніцтва
ўладаў было загадана “впредь татар приводить к присяге на Алькоране”[32].
Урад нават аддаваў некаторую перавагу татарам-дваранам
заходніх губерняў. Так, 25 чэрвеня 1840 г. Сенат дазволіў ім валодаць
населенымі маёнткамі і прыгоннымі і браць ва ўслужэнне хрысціян, што было
забароненае ўсім іншым дваранам-нехрысціянам[33].
У першай палове 19 ст. царскі ўрад прыняў шэраг указаў,
якімі рэгламентавалася становішча шляхты заходніх губерняў. Да моманту
канчатковага доказу яна падлягала падаткаабкладанню і не мела права змяняць
месца свайго жыхарства. Гэта выклікала адпаведную рэакцыю з боку шляхты, якая
пачала скардзіцца ў розныя інстанцыі. Звароты і скаргі дастаткова ўважліва
разглядаліся, і ўрад ішоў на капраміс, напрыклад, пастаяна пераносіліся тэрміны
па доказу дваранства.
На працягу 20-х г. Герольдыя пры разглядзе справаў аб
зацвярджэнні розных асобаў у дваранстве адхіліла шмат дакументаў, прадстаўленых
дэпутацкімі сходамі, па падазрэнню ў падробцы. Пратэсты магілёўскага і
віленскага губернскіх маршалкаў на дзеянні Герольдыі разглядаліся ў 1828 г. у
Дзяржаўным Савеце. На яго пасяджэнні прынялі рашэнне: “Внушить претендующим
маршалкам через губернские правления, дабы состоящие в ведомстве их депутатские собрания следовали точному
изложенных правил разуму”[34]. У лютым
1828 г. быў выдадзены ўказ, які патрабаў узмацнення кантролю і жорсткага
пакарання віноўных у падробцы дакументаў у заходніх губернях[35].
Але ў 1833 г. ізноў былі знойдзеныя фальшывыя дакументы.
19 снежня 1833 г. былі заснаваныя асобныя камісіі для
праверкі актавых і метрычных кнігаў у заходніх губернях. Іх было тры: адна –
для Віленскай, Гарадзенскай губ. і Беластоцкай вобл.; другая – для Магілёўскай,
Віцебскай і Менскай губ.; трэцяя – для Кіеўскай, Валынскай і Падольскай губ.
Камісіі працавалі даволі інтэнсіўна. У чэрвені 1835 г. камісія для Віцебскай,
Магілёўскай і Менскай губ. паведаміла міністру юстыцыі, што апрацавана 5 124
актавых і 2 832 метрычныя кнігі[36]. Пры
разглядзе актавых кнігаў у некаторых павятовых судах і ў Віцебскай
грамадзянскай палаце былі знойдзеныя падробленыя акты розных каралеўскіх
прывілеяў, метрыкаў і іншых дакументаў. У полацкім архіве была знойдзеная
значная колькасць дакументаў, укладзеных у старажытныя акты ў выглядзе копій і
выпісак з іншых актаў. Напісаныя яны былі на новай паперы і сучаснай мовай.
Акрамя таго, камісія знайшла ў некаторых кнігах прыклееныя і прышытыя аркушы,
падчысткі, перапраўкі, прыпіскі паміж радкамі.
24 лістапада 1834 г. Сенат загадаў Віцебскаму,
Смаленскаму і Магілёўскаму генерал-губернатару і Менскаму грамадзянскаму
губернатару паведаміць дваранскім сходам “пра непарадкі” ў актавых і метрычных
кнігах. А кансісторыі павінны былі адзначаць у выпісах, якія запісы ў метрычных
кнігах ім здаюцца падазронымі. Указам Сенату ад 7 красавіка 1836 г. гэтае
правіла распаўсюджвалася і на выпісы з актаў павятовых судоў і грамадзянскіх
палатаў[37].
Праверкі працягваліся да снежня 1851, калі было загадана
спыніць дзейнасць камісій, а 2 красавіка 1852 г. быў выдадзены ўказ аб
заснаванні замест іх цэнтральных архіваў[38]. Але, як і
раней, актавыя і метрычныя кнігі ўяўлялі вялікую спакусу для фальсіфікатараў
дакументаў.
Духавенства.
Духоўнае саслоўе у Расейскай імперыі фармавалася з прыходскага духавенства і
яго нашчадкаў. Магчымасць свабоднага выбару прафесіі для апошніх была моцна
абмежаванай. Уступіць у гэтае саслоўе або пакінуць яго было вельмі складана, бо
ўсё вырашалася на дзяржаўным узроўні. Духавенства імкнулася рыхтаваць уласных
сыноў у свае пераемнікі, каб потым пры добрых узаемаадносінах са сваім прыходам
дабіцца згоды на іх абранне. Епархіяльныя архіерэі, каб зберагчы сацыяльную
раўнавагу ўнутры духоўнага саслоўя, падтрымлівалі шлюбы кандыдатаў на вакантныя
пасады з дачкамі духоўных асобаў. Толькі ўказ ад 22 мая 1867 г. адмяніў парадак
спадчыннасці і замкнёнасці духоўнага саслоўя[39].
Духавенства падзялялася па веравызнаннях. Акрамя таго
вылучалася вышэйшае духавенства, прыходскае і царкоўнаслужыцелі, а таксама –
белае і чорнае (манаскае). Адносіны паміж іерархіяй і прыходскім духавенствам
аказваліся ва ўсё большай залежнасці ад дзяржаўнага заканадаўства. Крыніцамі
даходаў прыходскага духавенства ў 18 ст. былі платы за трэбы, добраахвотныя
ахвяраванні прыхажанаў, субсідыі ад дзяржавы натурай або грашыма, даходы з
царкоўных земляў. Толькі пры Мікалае І у сувязі з пытаннем пра зямельныя
надзелы прыходаў і дзякуючы асобным дадаткам са скарбу да бюджэта Св.Сінода пачалі
пераходзіць да рэалізацыі ідэі аб дзяржаўным жалаванні духавенству[40].
Пазіцыя ўраду ў
адносінах да духавенства пачала змяняцца ўжо пры Кацярыне ІІ. Свецкія суды
атрымалі загад не ўмешвацца ў духоўныя справы. З 1791 г. у епархіі па загаду
Сенату пачалі прызначаць пастаянных дэпутатаў, якія аказвалі дапамогу
духавенству ў свецкіх судах. Указам ад 6 снежня 1796 г. Павел І паспрабаваў
падняць годнасць духавенства як саслоўя. Пры ім былі адмененыя цялесныя
пакаранні дваранства і купецтва, а па хадайніцтву Св.Сінода гэтае рашэнне было
распаўсюджанае і на асобы духоўнага звання. Замест гэтага ўводзіліся такія меры
як пазбаўленне сана і пажыццёвая ссылка на катаржныя работы. У 1797 г. Павел І
вызваліў духоўнае саслоўе ад паліцэйскіх збораў. Але ў 1800 г. былі адноўленыя
цялесныя пакаранні для дваранаў, купецтва і пазбаўленых сана святароў.
Указ Аляксандра І
ад 22 траўня 1801 г. ізноў адмяняў цялесныя пакаранні святароў. У 1808 г.
адмена распаўсюдзілася на іх жонак, а ў 1811 г. – на манахаў, якія не мелі
свяшчэнніцкага сана. У 1804 г. духавенства было вызваленае ад зямельнага
падатку і яму дазволілі набываць незаселеныя землі, а прадстаўнікам
духавенства, якія мелі дваранскае паходжанне, было дазволена набываць землі
разам з сялянамі. 1821 г. прынёс духавенству канчатковае вызваленне ад ваенных
пастояў і паліцэйскіх збораў, за выключэннем збораў на будаўніцтва мастоў і
асвятленне вуліцаў. Па ўказу 1818 г. духавенства падлягала кампетэнцыі свецкага
суда толькі на дзяржаўным узроўні.
Кадыфікацыя законаў пры Мікалае І дала пералік правоў і
абавязкаў духавенства. Звод законаў 1832 г. забяспечыў беламу духавенству вызваленне ад падушнага падатку; ад
вайсковай службы; ад ваенных пастояў, ад цялесных пакаранняў; права набыцця
зямлі ў гарадах і вёсках; а пры ўмове прыналежнасці да дваранскага саслоўя
права набыцця заселеных земляў (да 1861 г.)[41].
На тэрыторыі Беларусі і Літвы знаходзілася духавенства як
хрысціянскіх (каталіцкае, праваслаўнае, уніяцкае, рэфармацкае (або
кальвінісцкае), лютеранскае і стараверскае), так і нехрысціянскіх (іўдзейскае і
мусульманскае) канфесіяў. З уваходжаннем Беларусі ў склад Расейскай імперыі яно
трапляла пад агульнарасейскае заканадаўства пры ўмове прынясення прысягі на
вернасць імператрыцы. Урадавая палітыка ўлічвала своеасаблівасць краю, а менавіта
нешматлікасць праваслаўнай канфесіі, моцны ўплыў каталіцкага духавенства ў
розных галінах грамадскага жыцця і складаныя адносіны паміж духавенствам розных
канфесіяў. Спецыфіка беларуска-літоўскіх земляў заключалася таксама і ў тым,
што вышэйшае праваслаўнае, каталіцкае і уніяцкае духавенства належала ў
асноўным да дваранскага саслоўя. Да яго ж адносілася каталіцкае і
мусульманскае, значная частка праваслаўнага, уніяцкага і рэфармацкага
прыходскага духавенства. Апроч таго, лютэранскія пастары атрымлівалі правы
асабістага дваранства. Рабінам надаваліся правы купцоў І гільдыі.
Асаблівасцю ўрадавай палітыкі на беларускіх землях было і
тое, што ўводзячы штаты для прыходаў і класы для архіерэйскіх дамоў і
манастыроў, царскі урад не праводзіў тут секулярызацыю царкоўных земляў да
указаў 1841 – 1842 г., а ў шэрагу выпадкаў аказваў нават матэрыяльную дапамогу
духавенству.
Агульную колькасць духавенства розных канфесіяў па
прычыне недакладнасці статыстыкі таго часу і несупадзення межаў губерняў з
епархіямі падлічыць складана. Акрамя таго, статыстычныя звесткі часта датычылі
розных групаў сярод духавенства. Напрыклад, падлічвалася колькасць усяго
саслоўя (духавенства і іх сем’і) або колькасць святароў і царкоўнаслужыцеляў.
Але і ў першым, і ў другім выпадках іх аднолькава называлі “духавенствам”. Пры
гэтым не заўсёды ўключалі ў яго склад манахаў.
Па беларуска-літоўскіх губернях на 1851 г. колькасць
праваслаўнага духавенства разам з сем’ямі складала каля 12,5 тыс. чал.[42]
Колькасць каталіцкага духавенства змянялася наступным чынам: у 1804 г. у трох
каталіцкіх епархіях (Магілёўскай, Менскай і Віленскай) налічвалася прыходскага
духавенства 246 чал., манахаў – 2 178 і манахінь – 444; у 1851 г. у Віцебскай,
Гарадзенскай, Менскай і Магілёўскай губ. налічвалася ксяндзоў і манахаў 843
чал.[43]
У 1822 г. у трох уніяцкіх епархіях (Віленскай, Берасцейскай і Полацкай) было 1
625 святароў і 445 манахаў, а ў 1838 г. у Беларускай і Літоўскай уніяцкіх
епархіях налічвалася 1 504 асобаў белага духавенства, 228 манахаў і 1 464
прычотніка[44].
У 1851 г. у Віцебскай, Гарадзенскай, Менскай і Магілёўскай губ. пражывала 28
прадстаўнікоў пратэстанскага духавенства (12 лютэранскіх і 16 рэфармацкіх)[45].
Сярод розных стараверскіх накірункаў духавенства мелі
толькі папоўцы і адзінаверцы, якія прызнавалі іерахію праваслаўнай царквы.
Папоўцам дазвалялася правіламі ад 26 сакавіка 1822 г. пакідаць у сябе беглых
папоў, калі тыя да ўцёкаў не зрабілі крымінальных учынкаў. У 1832 г. гэтыя
правілы былі адмененыя. З’явіўся загад, што “если до
сведения правительства дойдет о вновь бежавшем к раскольникам поп