Каталіцызм у Беларусі з’яўляецца традыцыйнай рэлігіяй, якая мае сваю
гісторыю і свае асаблівасці. Фармаванне арганізацыйнай структуры каталіцкага
касцёла і прыярытэтных напрамкаў яго дзейнасці адбывалася ў непасрэднай сувязі
з палітычнымі і культурнымі працэсамі на беларускіх землях.
Адзін з важных этапаў у гістарычнай перыядызацыі беларускага касцёла прыпадае
на другую палову 18 – пачатак 19 ст. Гэта быў час страты дзяржаўнай
незалежнасці Рэчы Паспалітай і прыстасавання дзейнасці касцёла да палітычных
умоваў Расейскай імперыі.
Да падзелаў Рэчы
Паспалітай Расея не мела дыяцэзіянальных структураў каталіцкага касцёла, а
каталіцкі фактар не адыгрываў важнай ролі ў канфесійнай палітыцы царскага
ўраду. Каталіцкую веру вызнавалі галоўным чынам замежныя грамадзяне і
перасяленцы-каланісты. Пасля далучэння да Расейскай дзяржавы
беларуска-літоўскіх земляў ігнараваць наяўнасць каталіцкага пытання ў краіне
стала немагчымым. Трэба было тэрмінова прыступіць да кадыфікацыі прававых
нормаў дзейнасці касцёла ў адпаведнасці з расейскім заканадаўствам і палітыкай,
накіраванай на замацаванне земляў былой Рэчы Паспалітай у складзе імперыі.
Важную ролю павінна было адыграць ідэалагічнае абгрунтаванне права
валодання гэтымі землямі. Найбольш разгорнутую форму яно атрымала ў маніфесте
Кацярыны ІІ ад 13 красавіка 1793 г. У гэтым дакуменце выразна прасочваліся два
асноўныя палажэнні. Па-першае, набытыя Расеяй землі не з’яўляюцца чужымі. Яны
былі адабраныя ў “смутныя часы”, а цяпер вернутыя. Па-другое, новыя ўлады
выратавалі мясцовае насельніцтва ад наступстваў анархіі, якая нібыта
ўсталявалася ў краі, і забяспечылі спакой.
Пры выкарыстанні такой ідэалагічнай формы ўсе спробы Рыма наладзіць
кананічныя сувязі з мясцовым касцёлам разглядаліся царскім урадам як спроба
ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Расеі. Самадзяржаўная ўлада брала на сябе
абавязацельствы ахоўваць свабоду каталіцкага веравызнання і публічнага
адпраўлення веры. Так, у трактаце па выніках другога падзелу Рэчы Паспалітай ад
11 ліпеня 1793 г. Кацярына ІІ урачыста “за себя, наследников
преемников своих” абяцала “оставить римских католиков обоих церковных обрядов на
вечные времена при спокойной принадлежности преимуществ, собственности и
церквей, при свободном отправлении их богослужения и церковного порядка и при
всех правах к оному принадлежащих”.
Адзінай умовай было прыняцце вернападданніцкай прысягі. Пасля яе землеўласнікам
пакідалася зямельная маёмасць, а на вернікаў распаўсюджваліся правы жыхароў
Расеі.
Урэгуляванне прававога становішча каталіцкага касцёла і рэарганізацыя яго
дыяцэзіянальных структураў здзяйснялася царскімі ўказамі. Гэтыя ўказы ў
кананічным сэнсе не былі правамоцнымі і патрабавалі афіцыйнага адабрэння
Апостальскай сталіцы. Аднак апошняя не спяшалася санкцыянаваць далёкаідучыя
распараджэнні царскіх уладаў. У выніку ў Расеі заўсёды існавала праблема
ўрэгулявання адносінаў з Рымам.
Змены ў становішчы касцёла ў Расейскай дзяржаве ў першую чаргу закранулі
якраз сістэму ўзаемаадносінаў з Апостальскай сталіцай і
адміністрацыйна-тэрытарыяльную структуру. Кацярына ІІ указамі ад 14 снежня 1772
г., 26 студзеня 1782 г. і 6 верасня 1795 г. забараніла абвяшчаць у краіне
папскія булы без папярэдняга іх прагляду. Акрамя таго, указамі ад 3 ліпеня 1779
г., 9 студзеня 1780 г., 28 лютага 1784 г. ды інш. Кацярына ІІ абмежавала, а
потым забараніла ўсялякія сувязі каталіцкага духавенства з замежжам і загадала
яму прымаць распараджэнні толькі імператарскай улады і Сенату.
Пры пераемніках Кацярыны ІІ прынцып зносінаў касцёла з Рымам заставаўся без
істотных зменаў. У расейскай ноце Апостальскай сталіцы ад 17 сакавіка 1799 г.
падкрэслівалася, што справы рымска-каталіцкага касцёла належаць разгляду
свецкага заканадаўства, булы павінны адпавядаць свайму рэлігійнаму зместу, а
вяршынства папы здзяйсняецца толькі ў духоўнай сферы, што тычыцца дагматаў і
абрадаў.
Інструкцыя Аляксандра І пасланніку Д.Бутурліну ў Рыме ў 1803 г. утрымлівала
дадатак пра тое, што зносіны каталіцкага епіскапату з Рымам павінны
ажыццяўляцца праз пасрэдніцтва міністэрства замежных справаў.
У тым жа годзе быў выдадзены імператарскі ўказ мітрапаліту Станіславу
Сестранцэвічу, у якім паўтараліся ўсе ранейшыя забароны Кацярыны ІІ і Паўла І у
справе непасрэдных зносінаў з Рымам[3].
Самадзяржаўная ўлада не толькі імкнулася паставіць пад свой кантроль сувязі
каталіцкага духавенства з замежжам, але і вызначала
адміністрацыйна-тэрытарыяльную структуру касцёла. Як вядома, у 1772 г. да
імперыі адышлі апошнія парафіі Смаленскай дыяцэзіі (Невель, Веліж, Себеж), а
таксама часткі Віленскай і Інфлянцкай дыяцэзій. Дыяцэзіяльныя біскупы засталіся
ў Рэчы Паспалітай, а сувязь з кананічнымі тэрыторыямі падтрымлівалі праз
генеральных вікарыяў. У 1773 г. генеральны вікарый расейскай часткі Віленскай
дыяцэзіі С.Богуш-Сестранцэвіч быў узведзены ў сан тытулярнага біскупа.
Кацярына ІІ ігнаравала існуючую на беларуска-літоўскіх землях дыяцэзіяльную
арганізацыю каталіцкага касцёла і без згоды Апостальскай сталіцы шэрагам
дакументаў у 1772 – 1774 г. устанавіла г.зв. “Беларускае біскупства” на чале з
біскупам С.Сестранцэвічам. Новае “біскупства” павінна было ахопліваць усю
тэрыторыю імперыі. Гэта быў аднабаковы акт, які не меў
кананічнай сілы. Толькі
ў 1778 г. Рым
прызнаў юрысдыкцыю Сестранцэвіча над вернікамі ў Расеі, аднак
асобнага біскупства не зацвердзіў.
Першай кананічна створанай дыяцэзіяльнай (архідыяцэзіяльнай) адзінкай у
Расеі было Магілёўскае арцыбіскупства, якое з самага пачатку мела мітрапаліцкі
характар. Абвешчанае ў 1782 г. Кацярынай ІІ, яно атрымала кананічную санкцыю ў
папскай буле ад 15 красавіка 1783 г. Афіцыйную арганізацыю арцыбіскупства
здзейсніў падчас сваёй місіі ў Пецярбург варшаўскі нунцый Архецці ў канцы 1783
– пачатку 1784 г. Тады біскуп Сестранцэвіч быў узведзены ў сан арцыбіскупа,
атрымаў кафедральны храм і капітулу. Для С.Сестранцэвіча зацвярджаліся ўжо
існаваўшыя кансісторыя і курыя. Паводле ўказа Паўла І ад 28 красавіка 1798 г. і
дэкрэту апостальскага дэлегата нунцыя Літты ад 7 жніўня 1798 г. Магілёўская
архідыяцэзія ахоплівала ўсе расейскія землі да падзелаў Рэчы Паспалітай, а
таксама Беларускую (з 1802 г. Магілёўскую і Віцебскую) і Кіеўскую губ. Яе
тэрыторыя толькі ў межах былой Рэчы Паспалітай складала 148 тыс. кв. км[4].
Пачатак каталіцкай духоўнай кансісторыі ў Расеі паклаў царскі ўказ ад 14
снежня 1772 г. У 1773 г. для кансісторыі і біскупа было вызначанае дзяржаўнае
ўтрыманне па 10 тыс. руб.
Адной з функцыяў кансісторыі быў разгляд судовых справаў. Кансісторыя адначасова
з’яўлялася судом біскупа. Склад магілёўскай кансісторыі ў 18 ст. не быў
пастаянным. У першай чвэрці 19 ст. у яе уваходзілі: старшыня (афіцыял і
адначасова генеральны вікарый), віцэ-афіцыял (сурагат), тры асэсары (суддзі),
два сакратары і ніжэйшыя кіраўнікі (супрацоўнікі канцылярыі, перакладчык,
пратакаліст ды інш.).
З моманту стварэння магілёўскай капітулы (1783) сябры кансісторыі выбіраліся з
яе ліку. Кансісторыя разглядала духоўныя і касцёльныя справы, якія не падлягалі
свецкаму суду, напрыклад, шлюбаразводныя ў першай інстанцыі, скаргі, справы
даўжнікоў і свецкага патранату ды інш. Кансісторыя павінна была выконваць
дарадчую і выканаўчую функцыі пры арцыбіскупе і ствараць умовы для арганізацыі
пастырскай дзейнасці духавенства.
Курыя пры магілёўскім арцыбіскупе выконвала функцыі канцылярыі. У
яе склад уваходзілі дзве-тры духоўныя
асобы. Акрамя курыі арцыбіскуп Сестранцэвіч
меў спецыяльную камісію экзаменатараў для кандыдатаў у духоўны сан і на касцёльныя бенефіцыі.
Уладкаванне магілёўскай капітулы вызначалася актамі нунцыя Архецці ад 15 снежня 1783 г. Паводле гэтых дакументаў архікафедральным
касцёлам прызначаўся кармеліцкі касцёл Унебаўзяцця Маці Боскай. Тры манахі
(прэфект, прапаведнік і спаведнік) пакідаліся пры кафедры. У склад капітулы
ўваходзілі дванаццаць сяброў. Гэта былі чатыры прэлаты (прэпазіт, архідыякан,
кусташ, схаластык), чатыры канонікі і чатыры канонікі (ганаровыя), звольненыя
ад пастаяннай прысутнасці пры архікафедры, якія не мелі права голасу на
агульным сходзе. Прэпазіт капітулы з’яўляўся пробашчам кафедральнага касцёла,
архідыякан выконваў функцыі намесніка арцыбіскупа, кусташ адказваў за рызніцу
касцела, а схаластык – за навучальныя ўстановы арцыбіскупства. Капітула мела
права выбіраць генеральнага вікарыя, які ў выпадку незамяшчэння біскупскай
кафедры мог выконваць функцыі адміністратара дыяцэзіі (архідыяцэзіі).
Утрыманне капітулы адбывалася коштам васьмі багата забяспечаных парафіяў
(Магілёўскай, Мсціслаўскай, Невельскай, Себежскай, Осунскай, Люцынскай,
Дынабургскай, Марыенгаўзскай), пробашчы якіх прызначаліся прэлатамі і
канонікамі капітулы. Каноніцтвы без права голасу аўтаматычна звязваліся з
пробствамі (парафіямі) у Пецярбургу, Маскве, Херсоне і Крычаве.
Абавязкі сяброў капітулы рэгламентаваліся актам аб яе заснаванні. Кожныя тры
месяцы пры архікафедры павінны былі па чарзе прысутнічаць два прэлаты і два
канонікі. Яны адпраўлялі імшу і бралі ўдзел у працы духоўнай кансісторыі. На
паседжаннях капітулы разглядаліся пытанні, якія датычыліся яе інтарэсаў,
пытанні выхавання каталіцкай моладзі, распрацоўкі метадаў навучання і інш. Усе
дысцыплінарныя справы ўваходзілі ў кампетэнцыю магілёўскага арцыбіскупа, які
ўзначальваў капітулу. Акт аб заснаванні капітулы патрабаваў, каб усе яе сябры
былі шляхецкага паходжання.
У хуткім часе пасля арганізацыі капітулы арцыбіскуп Сестранцэвіч павялічыў
яе склад да пяці прэлатаў і шасці канонікаў. У такім складзе капітула
пратрымалася да 1843 г. На ўтрыманне аднаго прэлата (архідыякана беларускага)
прызначалася палова даходаў з былога Беларускага архідыяканата Віленскай
дыяцэзіі, а для двух новых канонікаў – тры вёскі, якія належалі парафіям Люцын
і Вядзец, а таксама бернардзінскаму кляштару ў Дуброўне. Царскім указам ад 15
сакавіка 1810 г. у дапамогу магілёўскай капітуле было дазволена дадаткова
прызначаць дванаццаць кіеўскіх канонікаў.
Акрамя калегіяльнага органа капітулы, у распараджэнні дыяцэзіяльнага
біскупа знаходзіліся дапаможныя біскупы-суфраганы. У 1784 г. быў зацверджаны
біскуп з правам наследавання (каад’ютар), якім стаў пробашч касцёла ў Дынабургу
канонік Ян Беніслаўскі. Для ўтрымання апошняга ўрадам была прызначана 1 200 рублёў
штогод. Аднак інстытут каад’ютараў не атрымаў у Расеі распаўсюджання.
У 1798 г. для Магілёўскай архідыяцэзіі быў створаны сталічны суфраганат і два акруговых – у Полацку і Кіеве.
Крыніцай іх утрымання
сталі даходы ад
асобных прэлатур і багатых парафій. Суфраганы выконвалі ўсе тыя функцыі, што знаходзіліся ў
біскупскай кампетэнцыі, з той толькі розніцай, што на ўсе сваі дзеянні яны
павінны былі мець санкцыю біскупа-ардынарыя (дыяцэзіяльнага біскупа). У выпадку
незамяшчэння сталічнай кафедры сталічныя суфраганы маглі
выконваць функцыі адміністратара
дыяцэзіі (архідыяцэзіі).
Аддаленыя
ад Магілёва парафіі кіраваліся
архідыяканамі – кіеўскім (з
1798 г.) і беластоцкім (з
1807 г.). Першаму падлягалі парафіі Кіеўскай губ., а
другому – Беластоцкай акругі. Беластоцкі
і Кіеўскі архідыяканаты не былі звязаныя з Магілёўскай капітулай. Беластоцкі
архідыякан, ён жа пробашч, меў уласную кансісторыю і падлягаў падпарадкаванню Магілёўскаму арцыбіскупу. Кіеўскі архідыякан
быў звязаны з меншай
капітулай (калегіятай) у Кіеве. Вядомы з
папярэдніх часоў Беларускі архідыяканат не меў акрэсленых межаў і праіснаваў да
пачатку 19 ст. У 1808 г. ён ужо не згадваецца, а пасада Беларускага архідыякана не звязваецца з кіраваннем у пэўнай акрузе.
Асноўнай функцыяй архідыяканаў была камунікатыўная. Яны павінны былі
своечасова інфармаваць на парафіяльным узроўні пра ўсе касцёльныя і ўрадавыя
пастановы і рабіць адпаведныя справаздачы па месцу патрабавання. Акрамя таго,
архідыяканы мелі некаторыя судовыя і адміністрацыйныя прэрагатывы. Да 1810 г.
прызначэнні на архідыяканскія пасады знаходзіліся ў кампетэнцыі дыяцэзіяльных
біскупаў.
Найважнейшыя для мясцовага касцёла пытанні
павінны былі вырашацца на сінодах. Аднак у расейскай дзяржаве адбыўся толькі адзін сінод у 1793 г.
Хоць па назве ён з’яўляўся мітрапаліцкім, але на самой справе па прычыне адсутнасці дыяцэзяў
меў архідыяцэзіяльны характар. На
паседжаннях сінода прысутнічалі
члены Магілёўскай капітулы, дыяцэзіяльныя ксяндзы і
прадстаўнікі ордэнскага духавенства. Яго рашэнні, якія замацоўвалі духоўную ўладу мітрапаліта
Сестранцэвіча над манаскімі ордэнамі, не былі прынятыя большасцю духавенства. З 1818 г. сіноды маглі
склікацца толькі са згоды
манаршай улады. На думку польскіх даследчыкаў, адсутнасць сінодаў у Магілёўскай
мітраполіі спрыяла
захаванню ў практыцы мясцовага касцёла
польскага аблічча, бо фармальна ў ім
працягвала дзейнічаць
польскае сінадальнае права 18 ст.
Структура вышэйшых органаў Магілёўскай архідыяцэзіі ў пэўным сэнсе была
ўзорнай. На яе павінны былі арыентавацца іншыя біскупствы. Створаныя ў 1795 г.
Кацярынай II Інфлянцкая, Пінская і
Латычоўская дыяцэзіі існавалі занадта мала часу, каб у іх былі сфармаваныя і
пачалі дзейнічаць новыя дыяцэзіяльныя структуры. Акрамя таго, дыяцэзіі мелі
некананічны характар, і іх духавенства не праяўляла актыўнасці ў фармаванні
некананічных структураў. Толькі Інфлянцкі біскуп Касакоўскі паспеў прызначыць
духоўную кансісторыю і аддаць некаторыя распараджэнні духавенству. Аднак
ён так і не пераехаў у Вільню і вымушаны быў карыстацца часовай рэзыдэнцыяй
у Гародні. Фактычна да смерці
Кацярыны II (1796) тры новыя
дыяцэзіі так і не
былі арганізаваныя. Толькі ў 1798 г. Павел I у паразуменні з Рымам правёў кананічную рэарганізацыю
дыяцэзіяльных структураў у Расейскай імперыі.
Створаная ў 1798 г. Менская дыяцэзія ахоплівала тэрыторыю Менскай губ.
(90 200 кв. км). Яе першым біскупам быў прызначаны віленскі канонік кс. Якуб
Дэдэрка (1798-1829), які размясціў сваю рэзідэнцыю ў будынку дамініканскага
кляштара, а кафедру – у былым езуіцкім касцёле св.Дзевы Марыі. Менскі біскуп
атрымаў права мець аднаго дапаможнага біскупа-суфрагана, які ўтрымліваўся за
кошт парафіяльных даходаў. Менская духоўная кансісторыя была сфармаваная ў 1798
г. па ўзору Магілёўскай кансісторыі.
Менская капітула складалася з 12 сяброў – 6 прэлатаў (прэпазіт, архідыякан,
дэкан, схаластык, кусташ і кантар) і 6 канонікаў. Пасады дэкана і кантара былі
створаныя па аналогіі з капітуламі былой Рэчы Паспалітай. Першы з іх нёс інфармацыйную
адказнасць перад сябрамі капітулы, а другі адказваў за музыку ў кафедральным
храме і прадстаўляў біскупу кананічныя пастановы. Пасада
архідыякана не была звязаная з
кіраваннем у пэўнай
тэрытарыяльнай акрузе.
У сувязі з
тым, што ўрад не вызначыў для Менскай капітулы
ўласнага фінансавання, яе ўтрыманне (як, дарэчы, і Магілёўскай капітулы) было забяспечанае парафіяльнымі бенефіцыямі. Іх размеркаванне выглядала наступным чынам. Для прэлатаў
прызначаліся даходы з парафіяў
Слуцка, Барысава, Нясвіжа, Радашковічаў, Іказні і Менску, для канонікаў – парафіяльныя
даходы з Івянца, Докшыцаў, Цімкавічаў, Ляхавічаў, Мядзведзічаў
і Клецку. Як і пры
арганізацыі Магілёўскай
капітулы, пробашчы вышэй пералічаных парафій
прызначаліся прэлатамі
і канонікамі. Пасля
смерці бенефіцыянтаў іх даходы павінны
былі быць падзеленыя паміж
парафіяй і капітулай такім чынам, што ад сумы,
прызначанай для капітулы, трэцяя частка ішла
на штодзённыя патрэбы, а дзве – на фундуш канонікаў і прэлатаў.
Статут Менскай капітулы
забараняў стварэнне пасадаў тытулярных (ганаровых) і канонікаў.
Усе прэлаты і канонікі павінны
былі знаходзіцца пры кафедральным касцёле, а ў парафіях іх
павінны былі замяшчаць
вікарныя ксяндзы. Сябрамі капітулы
прызначаліся асобы шляхецкага паходжання з ліку дыяцэзіяльнага
духавенства.
Менскі
біскуп Якуб Дэдэрка ўзначальваў кафедру да 1816 г. У 1816 г. за
абвяшченне ў кафедральным касцёле 19 ліпеня 1812 г. “Менскай канфедэрацыі” ён быў рэпрэсаваны царскімі ўладамі і
памёр у 1829 г. у Алыцы.
Падчас адсутнасці Я.Дэдэркі ў
Менску дыяцэзіяй кіравалі
адміністратары прэлаты Стэфан
Пазняк (1816-1824), Язэп Камінскі (1824-1827), тытулярны біскуп Мацвей Ліпскі (1827-1829), які ў
1829 г. быў прызначаны дыяцэзіяльным
біскупам.
Указ Паўла
І ад 28 красавіка 1798 г. і дэкрэт
апостальскага нунцыя Літты ад 7 жніўня 1798 г. абвяшчалі стварэнне Віленскага
біскупства. Фактычна гэта было аднаўленне ў новых межах дыяцэзіі, якую скасавала Кацярына ІІ. Хоць паводле кананічнага права,
яна ўвогуле не знікала, і яе інстытуты (кансісторыя, капітула, курыя) працягвалі дзейнічаць. У адрозненне ад новаўтвораных
дыяцэзіяльных адзінак у Магілёве
і Менску, Віленская дыяцэзія мела ўласную традыцыю і арганізацыю. У часы Расейскай імперыі
распачаўся новы этап яе гісторыі.
Межы Віленскай дыяцэзіі і яе зямельныя ўладанні змяншаліся пасля кожнага
падзелу Рэчы Паспалітай. У 1772 г. яна страціла дэканат Оршу і часткі
Бабруйскага, Браслаўскага, Полацкага і Віцебскага дэканатаў. Па
нашых падліках, на гэтай тэрыторыі налічвалася 35 парафіяў, у тым ліку 32 на тэрыторыі
сучаснай Беларусі. Страты склалі 6,8% ад усёй тэрыторыі дыяцэзіі. У
1793 г. дыяцэзія страціла палову сваіх земляў. У 1798 г.
яна была выключаная са складу
Гнезненскай мітраполіі і далучаная да Магілёўскай. З гэтага часу тэрыторыя біскупства ахоплівала Курляндскую і
Літоўскую губ. (без Жмудзі), а пасля
адміністрацыйнай рэформы 1801 г. – Віленскую, Гарадзенскую і Курляндскую губ. і
мела працягласць 107 тыс. кв. км[8].
Да падзелаў Рэчы Паспалітай Віленская дыяцэзія валодала значнымі зямельнымі ўладаннямі. Аднак паступова
расейскі ўрад канфіскаваў уладанні віленскага біскупа і замест зямельнага
забеспячэння прызначыў яму штогадовае грашовае ўтрыманне. Для Інфлянцкага
біскупа з рэзідэнцыяй у Вільні яно паводле указа ад 6 верасня 1795 г. складала
4 тыс. руб. срэбрам, а для Віленскага біскупа ў адпаведнасці з рэскрыптам Паўла
І ад 4 снежня 1796 г. – 10 тыс. руб. Віленская капітула захавала маёмасць. У 1804 г. яна валодала 6 042
прыгоннымі і капіталам у памеры 143 640 руб. срэбрам з прыбыткам 10 908 руб. Акрамя таго, на патрэбы кафедральнага касцёла прызначаліся 1 806
прыгонных і сума 42 981 руб.
У канцы 18
– першай трэці 19 ст. Віленская
кафедра ў асноўным пуставала, а
дыяцэзіяй упраўлялі адміністратары. У 1798 – 1808 г. дыяцэзію ўзначальваў Ян Непамук Касакоўскі, у 1814 – 1815 г. –
Іеранім Страйноўскі. Адміністратарамі
дыяцэзіі з’яўляліся біскуп Іеранім Страйноўскі (1808-1814), арцыбіскуп Станіслаў Сестранцэвіч (1815-1826), прэлат Віленскай
капітулы Вінцэнт Мікуцкі (1826-1827), магілёўскі мітрапаліт Каспар Казімір Цецішоўскі (1827-1828), віленскі
суфраган біскуп Андрэй Бенядзікт Клангевіч
(1828-1840).
Віленская капітула была заснаваная ў 1388 г. Перад падзеламі Рэчы
Паспалітай у яе склад уваходзілі 6 прэлатаў (прэпазіт, дэкан, архідыякан, кусташ, схаластык, кантар) і
12 канонікаў. Такі склад капітулы
захаваўся да 1843 г. Пераважную большасць яе сяброў складалі біскупы. У 1803 г.
царскім указам аб заснаванні Віленскага універсітэта яму было нададзена права
мець у капітуле чатырох канонікаў.
Кансісторыя (яна ж духоўны біскупскі суд) складалася з афіцыяла,
віцэ-афіцыяла, асэсараў і сакратара. У склад курыі (ці надворнай канцылярыі)
ўваходзілі канцлер, аўдытар і сакратар. У курыі захоўваліся акты біскупаў, уся
дакументацыя дыяцэзіяльнага кіраўніцтва, а таксама парафіяльныя метрыкі.
Важную ролю ў дыяцэзіяльнай структуры выконвалі дапаможныя
біскупы-суфраганы, якія ўзначальвалі пэўныя касцёльныя акругі – суфраганаты. У
Віленскай дыяцэзіі ст