БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 6 / 2002

ГІСТОРЫЯ

Узаемаадносіны “царква – дзяржава” ў Расійскай імперыі на пачатку 20 ст.

Валянціна Яноўская
(Менск)

17 красавіка 1905 г. у Расейскай імперыі быў прыняты “Именной Высочайший Указ Правительствующему Сенату”, які атрымаў у гіста­рычнай літаратуры шырокую вядомасць пад назвай “Указ пра вера­цярпімасць”. Прыняцце ўказа было абумоўленае рознымі прычынамі, як знешняга, так і ўнутрыдзяржаўнага характару. Па-пер­шае, распрацоўка дадзенага дакумента распачалася пад уплывам еўра­пейскіх падзеяў. У краінах Еўропы на пачатку 20 ст. завяршаліся шматвекавыя спрэчкі пра ўзаемаадносіны паміж царкоўнай і свецкай уладамі. У адной з найбольш перадавых еўрапейскіх краін таго часу – Францыі – быў прыняты закон 1905 г. пра аддзяленне царквы ад дзяржавы. Праз некалькі гадоў пасля прыняцця ў Расейскай імперыі ўказа пра верацярпімасць праваслаўныя ідэолагі адзначалі: “Разуменне рэлігіі, сутнасць фармальнага прынцыпа свабоды сум­лення, ідэя хрысціянскай дзяржавы, спосаб вырашэння веравы­знаўчых пытанняў пры ігнараванні, або поўным неразуменні зна­чэння царкоўнай асновы ў хрысціянстве – усё гэта было навязана складальнікам законапраекта з Захаду”[1].

Што канкрэтна лічылі непрымальным для Расеі праваслаўныя ідэолагі? Па-першае, тое, што характэрнай рысай развіцця Заходняй Еўропы быў уплыў рымскага каталіцызму. Менавіта пад гэтым уплы­вам, сцвярджалі яны, складвалася і развівалася заканадаўства Францыі і іншых краінаў. Нават сама тэорыя прававой дзяржавы, на думку прафе­сара Суворава, развівалася ў сувязі з энцыклікай папы Рымскага Пія IX (1864 г.) і пастановай Ватыканскага сабора аб “папскай беспамылковасці[2].

Другім фактарам, пад уплывам якога складалася еўрапейскае закана­даўства і, які таксама лічылі непрымальным праваслаўныя ідэолагі, з’яўляўся пратэст асобы ў імя свабоды развіцця, супраціўленне царкоўнаму парадку і вучэнню, якія аказвалі пэўны ціск на асобу (гуманізм). Гуманісты імкнуліся паказаць неадпаведнасць многіх сучасных ім царкоўных парадкаў і пастановаў Св.Пісанню, нізкі маральны ўзровень духавенства і г.д.

На пачатку 20 ст. у Заходняй Еўропе ў сферы адносінаў “царква – дзяржава” назіралася тэндэнцыя да поўнага разбурэння ўсякіх сувязяў паміж імі з мэтай стварэння атэістычнай дзяржавы. Працэс гэты быў складаным і пра­цяглым. У залежнасці ад той стадыі, да якой ён дайшоў, разумеўся і сам прынцып свабоды сумлення. Адгалоскі гэтага назіраліся ў Расеі, дзе рознагалоссе было, бадай, самым палярным. Большасць ідэолагаў праваслаўнай царквы ад­назначна сцвярджала: “<...> З хрысціянскага разумення прынцыпа свабоды сумлення <...> зусім не выцякае, што рэлігіі ў дзяржаве павінны знахо­дзіцца ў аднолькавым становішчы і патрабаваць роўнасці правоў”. Свецкія дзяржаўныя дзеячы, што прымалі ўдзел у распрацоўцы ўказа аб верацярпімасці, трымаліся іншага пункту погляду: “Пад свабодай сумлення трэба разумець свабоду ад усялякага прымусу да рэлігійных дзеянняў, якія  чалавек не прымае па рэлігійных матывах, а таксама свабоду жыць, абапіраючыся на свае рэлігійныя перакананні [3].

12 снежня 1904 г. быў прыняты ўказ “О предначертаниях к усо­вершенствованию государственного порядка”. Гэтым указам прызна­валася неабходным перагледзець заканадаўчыя акты адносна стара­вераў (якіх у афіцыйных расійскіх дакументах называлі ў той час раскольнікамі) і ўсіх тых, хто адносіўся да інша­слаўных і іншаверных веравызнанняў. Звярталася ўвага на прыняцце ў адміністрацыйным парадку адпаведных мераў да ліквідацыі ўсіх абме­жаванняў рэлігійнага жыцця неправаслаўных вернікаў[4].

Палажэнні ўказа былі ўхваленыя Камітэтам Міністраў і Св.Сі­нодам, нягледзячы на рознагалоссі сярод царкоўных іерархаў па дадзеным пытанні. Мітрапаліт Антоній, які прысутнічаў на абмер­каванні праекта ўказа і прадстаўляў Св. Сінод, адзначыў: “Царква праваслаўная заўсёды думае пра тых, хто адыходзіць ад яе, але тым не менш не жадае утрымліваць вернікаў прымусова”[5]. Былі выпра­цаваныя прыкметы, якія характарызавалі паняцце “свабода сумлення”:

·        свабода выйсця і абрання веравызнання;

·        свабода казанняў з мэтай пераканання пераходу іншых асобаў у сваё веравызнанне;

·        свабода ажыццяўлення веравызнання;

·        адсутнасць грамадзянскіх і палітычных абмежаванняў у залежнасці ад рэлігійнай прыналежнасці.

Аднак разыходжанні паміж свецкімі і рэлігійнымі дзеячамі ў разуменні як самой сутнасці праблемы, так і шляхоў яе вырашэння, заставаліся. Праваслаўная царква сустракала спробы ўдыхнуць у яе новае жыццё з інстынктыўнай падазронасцю і нават варожасцю. Гэта спарадзіла непаслядоўнасць як у змесце самога ўказа ад 17 красавіка 1905 г., так і ў сродках яго ажыццяўлення[6].

Указ аб верацярпімасці, хоць і стаў асноватворным у канфе­сіянальнай палітыцы ўрада Расейскай імперыі, аднак не азначаў поў­най адмовы ад мінулага. Дазволіўшы свабодны пераход з аднаго веравызнання ў іншае (і галоўнае, выхад з праваслаўя), указ толькі ўскосна аслабляў дзейнасць старых юрыдычных нормаў. Ён не пахіснуў пазі­цый праваслаўнай царквы. Як і да гэтага часу, дзяржаўныя законы лічылі яе “первенствующей и господствующей”. Праваслаўная царква, як пануючая, карысталася правам публічнай пропаведзі, з якога выця­кала “неприкосновенность для прозелитизма”. У статуце духоўных справаў іншаземных веравызнанняў адзначалася: “У межах дзяржавы толькі пануючая  праваслаўная царква мае права пераконваць вернікаў іншых хрысціянскіх вера­вызнанняў і іншаверцаў да прыняцця яе вучэння аб веры”[7].

Гэтае права захавалася і пасля прыняцця ўказа 1905 г. Пацвярджэнне можна знайсці ў “журналах” Камітэту Мініст­раў, што суправаджалі ўказ ад 17 красавіка. Там гаварылася: “Нязмен­нымі захоўваюцца і на будучыню перавагі, што даюць Праваслаўнай царкве значэнне пануючай – належнасць да яе Імператара, свабода далучэння паслядоўнікаў і атрыманне грашовых сродкаў для зада­волення сваіх патрэбаў з агульнадзяржаўных даходаў”[8].

Законы 1906 г. пацвердзілі вяршэнства і пануючую ролю праваслаўнай царквы і акрэслілі межы верацяр­пімасці, зафіксаваныя ў статутах духоўных справаў іншаземных вера­вызнанняў. Прыкметны факт: Дзяржаўная Дума 1-га склікання, распрацаваўшы законапраект аб свабодзе веры, вырашыла папярэдне азнаёміцца з думкай Св.Сінода. Закон той не быў прыняты ў сувязі з роспускам Думы. Але было прызнана, што заканадаўчыя органы і надалей, перш чым прымаць законы ў дадзеным накірунку, павінны ведаць і ўлічваць адносіны да іх з боку Св.Сінода.

Тым не менш, хоць указ аб верацярпімасці і не ставіў сваёй мэтай аслабленне пазіцый праваслаўнай царквы, ён патрабаваў перагляду крымінальных санкцый, якія падтрымлівалі старыя абмежаванні сва­боды сумлення. 14 сакавіка 1906 г. была зацверджаная пастанова Дзяр­жаўнага Савета пра узгадненне некаторых заканадаўчых актаў Збора законаў і крымінальнага заканадаўства Расейскай імперыі з указам ад 17 красавіка 1905 г. Галоўным дасягненнем стала адмена пакаранняў за пераходы з праваслаўнай веры ў іншую, а таксама за спакушэнні да выхаду з праваслаўя.

23 красавіка 1906 г. выйшаў указ, які ўвёў новы артыкул у дзяр­жаўныя законы. Сутнасць яго заключалася ў наступным: расейскія падданыя карыстаюцца поўнай свабодай веры. Аднак імкненне нека­торых дэпутатаў Дзяржаўнай Думы 1-га склікання заканадаўча аформіць палажэнне пра свабоду сумлення не ажыццявілася, як, дарэчы, і намаганні дэпутатаў Дзяржаўнай Думы наступных скліканняў па змяненню веравызнаўчых законаў. Яны сустрэлі супраціўленне, як з боку ўрада, так і з боку ўплывовай часткі Дзяржаўнага Савета. Менавіта таму ў перыяд да 1917 г. ніякіх іншых заканадаўчых актаў, накіраваных на пашырэнне правоў асобы ў справе рэлігійнага сама­вызначэння, прынята не было. Больш таго, разам з прыведзенымі вышэй новымі актамі працягвалі дзейнічаць старыя законы, якія прытрымліваліся дарэформеннага разумення задачаў веравызнаўчай палітыкі дзяржавы. Згодна з гэтымі законамі выхад з якога-небудзь веравызнання ў пазаверавызнаўчы стан не толькі не прадугледжваў­ся, але нават і забараняўся. Гэта азначала, што свабода рэлігійнага самавызначэння разглядалася толькі ў межах веравызнання (любога), а не па-за ім, што, на нашую думку, не адпавядае ўяўленням пра свабо­ду сумлення. Усе галоўныя дзяржаўныя інстытуты па-ранейшаму бу­даваліся на канфесійнай аснове. Так, напрыклад, выхаванне малалетніх павінна было весціся ў страху Божым. За пахаванне хрысціяніна не па хрысціянскіх абрадах прадугледжвалася пакаранне. Шлюб лі­чыўся правадзейным, калі ён заключаўся згодна царкоўнаму абраду.

Для розных канфесій працягвалі дзейнічаць розныя правілы ў выпадку пераходу з аднаго веравызнання ў другое. Як і дагэтуль, дзяржава падтрымлівала пераходы ў праваслаўе. Пануючай права­слаўнай царкве давалася (у межах усёй імперыі) выключнае права заахвочваць вернікаў усіх іншых канфесій да прыняцця яе вучэння. Расейскія законы абавязвалі мясцовыя губернскія ўлады абараняць праваслаўных прапаведнікаў сярод іншаверцаў, аказваць ім усялякую дапамогу[9]. У той жа час духоўныя і свецкія асобы неправаслаўных веравызнанняў не павінны былі спакушаць вернікаў іншых канфесіяў да змены веры. Парушэнне гэтых палажэнняў разглядалася як кры­мінальнае злачынства[10].

А для тых, хто вырашыў прыняць праваслаўную веру, нават устанаўліваліся льготы. Прадугледжваліся ўзнагароды і тым, хто спрыяў павелічэнню колькасці праваслаўных. Напрыклад, язычнікі і мусульмане ў выпадку прыняцця хрышчэння (незалежна ад хрысціянскіх абрадаў) карысталіся трохгадовай падатковай ільготай. Тыя, хто не плаціў подацяў, вызваляліся ад іх назаўсёды.

У беларуска-літоўскіх губернях шырока выкарыстоўвалася права яўрэяў атрымліваць дапамогу ад казны пры хрышчэнні па права­слаўным абрадзе і пераездзе ў іншую мясцовасць на жыхарства. Па­мер грашовай дапамогі ўстанаўліваўся мясцовым губернскім началь­ствам. Адносіны іўдзеяў да ”выкрестов” былі даволі скептыч­нымі. Яны добра разумелі, што прыняць хрышчэнне іх прымусіла толькі адно – пошук эканамічных выгодаў. Даволі частымі былі вы­падкі, калі яўрэі, пахрысціўшыся і атрымаўшы грошы, нікуды не пера­язджалі, а з цягам часу зноў пераходзілі ў іўдаізм. “Вы хрысціце іх, – гаварылі яўрэі хрысціянам, – але скажыце, ці шмат ахрышчаных яўрэяў вы хаваеце? Пакажыце хоць адну магілу такога яўрэя” [11].

Найбольш ільготныя правілы прадугледжваліся дзяржаўнымі за­конамі ў адносінах пераходаў з аднаго пратэстанцкага веравызнання ў іншае. У прыватнасці, асоба, якая жадала ажыццявіць такі пераход, павінна была звярнуцца да прыходскага пастара. У абавязкі апошняга ўваходзіла выданне адпаведнага пасведчання, якое перадавалася ў новы прыход, пра што паведамлялася губернатару. На гэтым працэдура пераходу заканчвалася. Расейскія законы ўтрымлівалі толькі адну забарону – пераход у секту гернгутэраў*.

Заканадаўства не прадугледжвала пераходы з хрысціянскага вера­вызнання ў стараверства, сектанцтва, нехрысціянскія канфесіі. Не былі распрацаваныя заканадаўчыя акты, якія б рэгулявалі пераходы з адной нехрысціянскай веры ў іншую, а таксама правілы пераходаў паміж сектамі (акрамя, як адзначана вышэй, пратэстанцкіх). Не быў устаноўлены заканадаўча і ўзрост асобы, які дазваляў ёй самастойна вырашаць пытанне пра пераход з аднаго веравызнання ў другое.

Але, бадай, самая вялікая недапрацоўка расейскага заканадаўства (на момант прыняцця ўказа аб верацярпімасці) – гэта адсутнасць правілаў і механізму пераходаў з аднаго хрысціянскага веравызнання ў іншае. Гэта спарадзіла, з аднаго боку, з’яўленне распараджэння ў межах рымска-каталіцкай канфесіі аб прыняцці жадаючых стаць каталікамі; з другога, выданне ў адміністрацыйным парадку распараджэнняў, якія па сваёй сутнасці супярэчылі абвешчанай рэлігійнай свабодзе. Спынімся на апошнім.

18 жніўня 1905 г. было выдадзенае цыркулярнае распараджэнне МУС (з часовымі правіламі) аб пераходзе з праваслаўнага вера­вызнання ў іншае хрысціянскае і вяртанні з праваслаўя ў нехрысціянскую веру. У снежні таго ж года Св.Сінод на падставе да­дзенага цыркуляра выдаў указ “О порядке перехода православных лиц в инославные и иноверные исповедания”. Указ быў даведзены да праваслаўных епіскапаў з прыпіскай, каб яны азнаёмілі з правіламі пераходаў праваслаўнае духавенства і распарадзіліся праводзіць з кожным ахвотным пакінуць праваслаўе індывідуальную пераканаўчую работу, каб ён усё ж застаўся верным праваслаўнай царкве[12].

Як ужо адзначалася, да 1905 г. пераходы з праваслаўнай веры ў любую іншую, нават і хрысціянскую, былі забароненыя. Паміж іншымі хрысціянскімі канфесіямі яны рэгуляваліся дзяржаўнай пастановай ад 11 траўня 1904 г., якая захавала сваю сілу і пасля пры­няцця ўказа аб верацярпімасці. Параўнанне зместу гэтых двух даку­ментаў сведчыць пра наступнае: 1) улады былі вымушаныя ўнесці змены ў канфе­сійную палітыку, узаконіўшы пераходы з праваслаўнага  ў іншае хрысціянскае вера­вызнання;[13] 2) тым не менш заканадаўства працягвала абараняць інтарэсы праваслаўнай царквы (пра што сведчыць месячны тэрмін, на працягу якога праваслаўныя святары з дапамогай мясцовых грамадзянскіх уладаў павінны былі пераконваць праваслаўнага верніка не мяняць веры; а таксама той факт, што пры пераходзе з аднаго хрысціянскага веравызнання ў іншае па-ранейшаму трэба было дакументальна пацвердзіць сваю непрыналежнасць да права­слаўнай царквы).

Часовыя правілы МУС і іншыя дакументы, што тычыліся пераходаў з праваслаўя, былі накіраваны кіраўніцтву ўсіх хрысціянскіх канфесій. Аднак каталіцкія святары да 1908 г. прыма­лі вернікаў, кіруючыся распараджэннямі ўласных біскупаў. Па гэтай прычыне праваслаўная царква і суды не прызнавалі былых права­слаўных вернікаў каталікамі. Гэта спараджала абмежаванні ў правах вернікаў. Пад пагрозай крымінальнай адказнасці яны павінны былі выхоўваць сваіх дзяцей у праваслаўнай веры. Шлюбы, заключаныя толькі па рымска-каталіцкім абрадзе, лічыліся неправа­дзейнымі. Усё гэта выклікала незадаволенасць з боку рымска-каталіцкага духавенства і каталікоў Расейскай імперыі, што знаходзіла водгук у іншых краінах[14].

Неаднаразова каталікі звярталіся да прадстаўнікоў вышэй­шай улады са скаргамі на тое, што абвешчаная свабода сумлення на справе цалкам ігнаруецца мясцовымі ўладамі. Даволі красамоўна характарызавалася становішча ў Менскай губ. у лісце княгіні Маг­даліны Радзівіл да міністра ўнутраных справаў (гл.дадатак). Нават, калі не прымаць да ўвагі пафас і эмоцыі аўтара, цяжка не пагадзіцца з тым, што абвяшчэнне змены курса канфесійнай палітыкі не прынесла спакою і не вырашыла тых сур’ёзных міжканфесійных праблемаў, што былі характэрныя для беларускіх земляў.

Спроба ўрэгуляваць дадзенае пытанне была зробленая толькі ў 1915 г., прычым даволі няўдала. 17 ліпеня 1915 г. міністр унутраных справаў князь Шчарбатаў падпісаў распараджэнне аб прызнанні каталікамі (з дня іх фактычнага далучэння) тых праваслаўных, якія перайшлі ў каталіцтва ў тэрмін з 17 красавіка па 1 лістапада 1905 г. Але дадзенае распараджэнне не вырашыла праблему, бо значная частка змяніўшых веру не змагла яго скарыстаць.

Што датычыць пераходу з аднаго іншаслаўнага веравызнання ў іншае (у т.л. са стараверства і наадварот), то пэўны час дзейнічала пастанова ад 11 траўня 1904 г. Толькі ў 1910 г. МУС выдала цыркуляр, які ўдакладняў некаторыя палажэнні гэтай пастановы, а менавіта: пераходы дазваляліся асобам, якім споўніўся 21 год; пытанне вырашала губернскае кіраўніцтва без удзелу духавенства таго веравызнання, у якое пераходзіў вернік. На пера­ход з аднаго пратэстанцкага веравызнання ў іншае дазвол грамадзянскай улады не патрабаваўся[15].

Але на практыцы ажыццяўленне пераходаў з аднаго вера­вызнання ў другое выклікала шмат цяжкасцяў. Жыццё ставіла такія пытанні, на якія не было адказаў ні ва ўказе ад 17 красавіка 1905 г., ні ва ўсіх іншых падзаконных актах. У прыватнасці, ніводны прававы дакумент не адказваў на наступныя пытанні:

·        ці можна пераводзіць у іншую веру дзяцей пры пераходзе аднаго з бацькоў, калі другі з іх памёр?

·        ці можна пераводзіць у нехрысціянскае веравызнанне малалетніх дзяцей, калі да яго вяртаюцца абодва бацькі?

·        каго трэба разумець пад продкамі-нехрысціянамі*?, каб мець права перайсці ў нехрысціянскую веру.

Такіх пытанняў было шмат. Суды, у якія звярталіся вернікі са сваімі праблемамі, як правіла, пакідалі пытанні нявырашанымі, або давалі адмоўны адказ.

Зразумела, што многія праблемы параджалі міжканфесійныя (змеша­ныя) шлюбы, якія былі дазволены Св.Сінодам яшчэ ў 1721 г. Закон прадугледжваў, каб святое таінства шлюбу праваслаўных з хры­сціянамі іншых канфесіяў адбывалася ў праваслаўных храмах і права­слаўнымі святарамі[16].

Указ ад 17 красавіка 1905 г., як і маніфест ад 17 кастрычніка 1905 г. захаваў перавагу праваслаўнай царквы і рэгулюючую ролю дзяржавы. Згодна з гэтымі дакументамі змешаныя шлюбы (калі адзін з уступаючых у шлюб быў праваслаўным) павінны былі адбы­вацца па праваслаўным абрадзе, а дзеці, што нарадзіліся ад такога шлюбу хрысціцца і выхоўвацца па правілах праваслаўнай царквы. У выпадку, калі хтосьці з праваслаўных бацькоў пераходзіў у каталіцтва, то і дзеці да 14 гадоў маглі быць пераведзены ў гэтую веру. Але з гэтага агульнарасейскага правіла рабілася выключэнне. У Вілен­скай, Віцебскай, Валынскай, Гарадзенскай, Кіеўскай, Ковенскай, Мен­скай, Магілёўскай і Падольскай губ. заключэнне шлюбу паміж асобамі розных хрысціянскіх канфесіяў адбывалася па абраду і свята­ром веры, да якой належала нявеста. Калі той адмаўляўся, то гэтую місію мог выканаць святар жаніха. Сыны, што нарадзіліся ад такога шлюбу, выхоўваліся ў веры бацькі, дочкі – ў веры маці[17].

Пасля таго як з агульнага правіла было выключанае палажэнне пра недапушчальнасць шлюбаў паміж хрысціянамі (за выключэннем лю­тэранаў) і нехрысціянамі, было ўнесенае яшчэ адно змяненне. Калі адзін з супругаў прымаў хрысціянскую веру, то ён мог працягваць знаходзіцца ў шлюбе з нехрысціянінам. Пры гэтым іх шлюб заставаўся ў сіле і без вянчання па праваслаўным абрадзе, улічваючы, праўда, наступныя ўмовы. Калі шлюб быў заключаны паміж мусуль­манамі, а потым жонка (або адна з іх) прыняла хрысціянства, то шлюб мог лічыцца сапраўдным толькі тады, калі муж даваў абавя­зацельства, што ён будзе знаходзіцца з гэтай жонкай у “единобрачии” і што іх дзеці будуць выхоўвацца ў праваслаўнай веры. Неабходнай умовай захавання такога шлюбу было і тое, каб жонка мусульманіна, якая прыняла хрысціянства, “не была адлучаная мужам напярэдадні гэтага ад сужыцця”[18].

Калі ў шлюб уступалі стараверы і пры гэтым выказвалі жаданне абвянчацца ў праваслаўнай царкве, то яны павінны былі прынесці прысягу: быць у пра­васлаўі цвёрдымі, не мець зносінаў са стараверамі і іншымі сектантамі.

Пасля прыняцця гэтых дакументаў пачалі паступаць хадайніцтвы ад асобаў, якія пакінулі праваслаўе. Яны прасілі прызнаць законнымі іх шлюбы, заключаныя да ўказа 17 красавіка 1905 г. не па праваслаўным абрадзе. Зразумела, што выканаўчыя органы не маглі прымаць станоўчага рашэння, бо законы недвухсэнсоўна сцвярджалі, што падобныя шлюбы несапраўдныя, а дзеці, што нарадзіліся ад іх, з’яўляюцца пазашлюбнымі. Тым не менш дзеля папярэджання незадаволенасці МУС прыняло рашэнне распрацаваць ча­совыя правілы, якімі ўзаконіць шлюбы, заключаныя па абрадах іншаслаўных веравызнанняў асобамі, якія лічыліся праваслаўнымі да ўказа аб верацярпімасці. Сутнасць гэтых правілаў заключалася ў тым, каб прызнаць сапраўд­нымі падобныя шлюбы з моманту іх заключэння, калі пры гэтым былі выкананыя ўсе патрабаванні грамадзянскага закона і кана­нічныя правілы тых канфесіяў, да якіх належалі “маладыя”. Пры гэтым, калі шлюб быў запісаны духоўнымі асобамі ў прыходскія метрычныя кнігі, нягледзячы на тое, што яны не мелі права гэтага рабіць, факт шлюбу лічыўся бяс­спрэчным. У выпадку, калі шлюб не быў запісаны ў прыходскую кнігу, пытанне павінна было разглядацца ў судовым парадку. Пасля разгляду і абмеркавання правілаў Саветам Міністраў яны паступілі да імператара і былі ўхваленыя ім 31 снежня 1907 г.

У лютым 1907 г. Савет Міністраў, які ўзначальваў у той час Пётр Сталыпін, ізноў разгледзеў законапраекты, што тычыліся свабоды сумлення. Адзін з іх адносіўся да сямейнага права, а больш дакладна, да змешаных шлюбаў. Галоўным палажэннем законапраекта аб сямейным праве была прапанова, каб у шлюбах праваслаўных з не­праваслаўнымі веравызнанне дзяцей вызначалася пагадненнем баць­коў. У выпадку, калі такое пагадненне не было заключанае, дзеці за­лічваліся да праваслаўнага веравызнання. Прапанова выклікала спрэч­кі. Тыя, хто адстойваў старое палажэнне, па-першае, баяліся, што дадзенае бацькам права выбару вера­вызнання дзіцяці будзе правакаваць асобаў неправаслаўнага вера­вызнання да схілення праваслаўных на свой бок. Асабліва яны баяліся ўплыву неправаслаўнага духавенства, якое “амаль усю­ды было лепш адукаваным і больш спрытным, чым праваслаўнае”[19]. Па-другое, існавала думка, што такія правы будуць сеяць у сям’і рознагалоссі, падобна таму, як гэта адбываецца ў Заходняй Еўропе, асабліва ў Германіі. Гаварылася і пра неабходнасць ўлічваць псіха­логію вернікаў, якія ўжо прывыклі да таго, што калі ў сям’і адзін з бацькоў праваслаўны, то і дзеці павінны выхоўвацца ў праваслаўнай веры. І, нарэшце, сцвярджалі апаненты законапраекта, веравызнанне асобы ніколі не павінна вызначацца іншымі асобамі і нават бацькамі. Гэта павінна быць прэрагатывай дзяржавы і акрэслівацца законамі[20].

Гэты законапраект, як і многія іншыя “вероисповедные” законы сталыпінскага Кабінету Міністраў, сустрэў супраціў пра­васлаўных іерархаў. Пасля роспуску Дзяржаўнай  Думы 2-га склі­кання ўсе яны перайшлі ў Дзяржаўную Думу 3-га склікання. Але пасля забойства Пятра Сталыпіна пра іх прыняцце ўжо не думалі. Паміж вярхушкай праваслаўнай царквы і думскай большасцю ўсталявалася згода.

Важнай складовай паняцця “свабода сумлення”, як мы ўжо адзначалі, з’яўляецца адсутнасць грамадзянскіх і палітычных абмежа­ванняў асобы ў залежнасці ад веравызнання. Указ ад 17 красавіка 1905 г. гэтае пытанне абыходзіў. Працягвалі дзейнічаць старыя за­коны*, але прымаліся некаторыя ўдакладненні. Сярод больш важных можна назваць “Ограничительные указания и особые законо­положения, изданные по соображениям национального или веро­исповедного свойства либо обусловливаемые различием полов”, што былі зацверджаныя імператарам 1 траўня 1905 г. Абмежаванні дзяліліся на дзве часткі. Першая датычыла ўсяго нежыдоўскага насель­ніцтва дзевяці губерняў. Другая – толькі яўрэйскага насельніцтва. Абме­жаванні першай часткі закраналі галоўным чынам палякаў. Але ў адрозненне ад былых заканадаўчых актаў