БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 6 / 2002

ГІСТОРЫЯ

Расейская цэнзура ў Беларусі. 1795-1830 г.

Святлана Куль-Сяльверстава
(Гародня) 

Гісторыя свецкай цэнзуры на беларускіх землях пачалася ў перыяд Асветніцтва, калі царква згубіла манаполію на рэгламентацыю духоўнага жыцця грамадства. У гэты час закладваліся падмуркі дзяржаўнага нагляду за выдавецкай справай, тэатрам і перыядычным друкам.

На ўсходніх землях Беларусі, якія паводле першага падзелу апынуліся ў складзе Расейскай імперыі, развіццё друкарскай справы ішло запаволена. У 1795 г. тут дзейнічалі тры друкарні – каталіцкага біскупа Станіслава Богуша-Сестранцэвіча ў Магілёве, полацкіх езуітаў і друкарня Цэйтліна ў ваколіцах Шклова. Яны выдавалі, пераважна, багаслоўскую і навучальную літаратуру. У Расейскай імперыі тады яшчэ не існавала спецыяльнага цэнзурнага заканадаўства, не было сістэмы органаў цэнзуры. Тагачасны ўзровень і інтэнсіўнасць культурнага жыцця дазвалялі абыходзіцца ў гэтых справах прэцэдэнтамі.

Выданне першага ў гісторыі Беларусі царскага загаду, які датычыў цэнзуры, было звязанае з друкарняй С.Богуша-Сестранцэвіча, адкрытай ў 1774 г. “па ранейшаму звычаю”[1]. У 1776 г. біскуп выказаў жаданне, “каб юнацтву падаць веданне расейскай мовы”, пачаць друкаваць па-расейску, на што прасіў дазволу ў мясцовага генерал-губернатара. Справа магілёўскай друкарні прыцягнула да сябе ўвагу Сенату і імператрыцы. 17 кастрычніка 1776 г. Кацярына ІІ, дазволіўшы біскупу расейскамоўны друк, папярэдзіла яго, каб не друкаваў нічога неадпаведнага законам, а таксама  праваслаўным дагматам[2].  Цэнзура расейскамоўных выданняў была даручаная генерал-губернатару.

Да 1789 г., калі ў імперыі  перастала існаваць дзяржаўная манаполія на выдавецкую дзейнасць, тут ужо былі створаныя спецыяльныя органы, якім перадавалася папярэдняя цэнзура, г.зв. “управы дабрачыннасці”. Аднак па звестках А.Скабічэўскага, у 1780-я г. яны не забаранілі ніводнай кнігі. Забароны накладваліся цэнтральнымі ўладамі і толькі ў сувязі з канкрэтнымі справамі, напрыклад, Радзішчава, Новікава, выданнямі Вальтэра і інш.

У заходняй частцы Беларусі ў часы падзелаў Рэчы Паспалітай свецкая цэнзура фактычна не існавала. Тут, у параўнанні з усходнебеларускімі землямі, дзейнічала значная колькасць друкарняў, большасць якіх былі прыватнымі альбо арэндаваліся прадпрымальнікамі ў дзяржавы. Шматлікія друкарні існавалі пры каталіцкіх і базыльянскіх кляштарах. Шырокую выдавецкую дзейнасць разгарнулі ў гэты час друкарні ў Слоніме, Нясвіжы, Слуцку, Гародні і Вільні. Масавымі накладамі выдаваліся падручнікі, творы французскіх асветнікаў, палітычныя памфлеты, маніфесты, пратаколы паседжанняў сеймаў і іншыя дакументы і кнігі. Шмат літаратуры прывозілася з-за мяжы. Звыклымі сталі перыядычныя выданні, у тым ліку “Kurjer Litewski”, “Gazeta Grodzieńska” і іншыя.

Далучыўшы да імперыі цэнтральную і заходнюю частку беларускіх земляў, Кацярына ІІ упершыню сутыкнулася з праблемай кантралявання бесцэнзурнай прадукцыі мясцовых друкарняў. Аднак механізм масавай праверкі друкаванага слова яшчэ не быў выпрацаваны, не існавала ні спецыяльных органаў, ні адпаведнага закона. Менавіта таму імператрыца палічыла за лепшае забараніць усё, што было надрукаванае ў час паўстання 1794 г. 30 кастрычніка 1794 г. яна загадала літоўскаму генерал-губернатару: “Свавольнае і паўсюднае ў Літве друкаванне кніг, як зло, многімі і відавочнымі сродкамі паказанае, паўсюдна дабрасумленнасць жыхароў і іх спакой парушаючае, павінна прыцягнуць вашую ўвагу, і мы за найлепшае вынаходзім, каб усе разсеяныя па Літве друкарні, знойдзеныя і сабраныя былі ў адно месца, дзе галоўнае кіраванне нашае знаходзіцца, і каб для ўсіх у Літве на ўсялякай мове друкаваных кнігаў, дробных сачыненняў і публічных паведамленняў усталявана была цэнзура, без ухвалення якой і без дазволу Галоўнага начальства нічога не друкаваць і ў народ пускаць нельга, а належыць абавязкова знішчыць ва ўсёй Літве ўсе надрукаваныя ў час бунта падбухторшчыцкія акты і іншыя ўсялякай назвы сачыненні і лісты[3]”. У выніку была               перапыненая праца друкарняў, пачалося знішчэнне кніг, вываз каштоўных бібліятэкаў і архіваў у Расею. Аднак спецыяльных органаў цэнзуры так і не ўзнікла.

Жорсткую цэнзурную палітыку, якой былі адзначаны апошнія гады панавання Кацярыны ІІ, працягнуў Павел І. За пяць гадоў паўлаўскага кіравання было прынята больш забаронаў ў галіне кніжнай справы, чым за ўсё папярэдняе цараванне. У 1796 і 1798 г. была ўведзена цэнзура перыядычных выданняў, якія прывозіліся з-за мяжы. Літоўскаму паштамту, таксама, як Маскоўскаму і Санкт-Пецярбургскаму, была даручана цэнзура замежных газетаў і часопісаў. Абавязкі цэнзара выконваў пачмейстар[4]. Адначасова абмяжоўваўся ўвоз замежных кніг. Цяпер яны маглі трапляць ў імперыю толькі праз Адэсу, Рыгу, Санкт-Пецярбург і Радзівілаў. У гэтых цэнтрах, а таксама ў Маскве былі створаны спецыяльныя цэнзурныя камітэты, якія складаліся з чыноўніка і святара. У сталіцах яны падпарадкоўваліся Сенату, а ў правінцыі – мясцоваму начальству[5]. У 1800 г. імператар заснаваў двухузроўневую цэнзуру (выданне праглядалася перад друкаваннем і пасля яго) і ўвогуле забараніў увозіць кнігі з-за мяжы.

На беларускіх землях, асабліва іх заходняй часткі, дзе ўзровень адукаванасці насельніцтва быў вышэйшы, чым наогул у імперыі, а сувязі з Захадам трывалыя і звыклыя, гэтыя абмежаванні маглі паралізаваць культурнае жыццё. Аднак жорсткасць цэнзуры кампенсавалася актыўнай дзейнасцю кантрабандыстаў. Кантрабанда з часоў усталявання мяжы з Прусіяй і Аўстрыяй стала адным з важных промыслаў памежнага насельніцтва, пераважна, жыдоў. Кантрабандысты прывозілі разам з галантарэяй і іншымі таварамі кнігі, лісты, перыёдыку.

На мяжы 18 – 19 ст. найбольш значнай падзеяй у гісторыі цэнзуры была справа пра школьныя падручнікі. У час дзейнасці Адукацыйнай камісіі распачалося масавае друкаванне падручнікаў для ўсіх тыпаў навучальных установаў. Падручнікі былі напісаныя паводле прынцыпаў Асветніцва і ў духу выхавання польска-літвінскага патрыятызму. У 1801 г. Камісія па народных вучылішчах, утвораная яшчэ ў часы Кацярыны ІІ, пачала іх праверку, дзеля чаго былі прыцягнутыя настаўнікі расейскіх школ пераважна з Украіны. Высвятлілася, што большасць падручнікаў не адпавядае мэтам урада. Гэта найбольш адчувалася ў падручніках па гуманітарных дысцыплінах. “<…> Некаторыя з іх карысныя, - пісаў цэнзар,- а іншыя, асабліва гістарычныя і тыя, што распавядаюць пра мараль, вельмі шкодныя, паколькі нясуць у сабе правілы, якія манархічнаму ладу надзвычай неадпавядаюць[6]”. У доказ гэтага цэнзар дадаваў вытрымкі з першай часткі кнігі “Wymowa i poezja” Пірамовіча: “Рабства сляпое – падпарадкоўвацца людзям, а не ўласна праву. Іга тыранства і самаўладдзе знішчаюць сапраўднае красамоўства”[7]. Заўвагі выклікалі таксама падручнікі Страйноўскага, Галянскага, Скшэтускага і інш.

Аднак пасля змены манарха перамянілася палітыка ў адносінах да заходніх земляў імперыі. Згодна са Статутам створанага ў 1803 г. Віленскага універсітэта менавіта яму перадаваўся нагляд за навучальнай літаратурай, у т.л. з 1804 г. – у Віленскай навучальнай акрузе. Кіраўніцтва універсітэта на чале з Адамам Чартарыйскім не было зацікаўлена ў замене падручнікаў, імкнучыся захаваць дух польска-літвінскага патрыятызму. Перапрацоўка  навучальных кніг магла прывесці да замены іх расейскімі падручнікамі, што не адпавядала канцэпцыі школьнага выхавання, прынятай кіраўніцтвам Віленскай навучальнай акругі і універсітэта. Падручнікі, якія былі напісаныя ў 1770-я г. і а нават раней, нягледзячы на іх яўную неадпаведнасць не толькі палітыцы ўрада, але і ўзроўню навуковых ведаў, заставаліся ў школах Віленскай навучальнай акругі да сярэдзіны 1820-х г.

Першыя дні царавання Аляксандра І прынеслі радыкальныя змены ў цэнзурнай сістэме. Ужо ў сакавіку 1801 г. быў адменены ўказ пра забарону ўвоза з-за мяжы кніг і нот, ізноў пачалі дзейнічаць прыватныя друкарні. 9 лютага 1802 г. з’явіўся загад пра знішчэнне цэнзурных установаў у партовых гарадах і на мяжы і аб перадачы цэнзуры ў правінцыі ў веданне губернатараў і дырэктараў народных вучылішчаў[8]. Гэты загад ставіў цэнзуру ў залежнасць ад пазіцыі мясцовага начальства, паколькі агульнарасейскага цэнзурнага заканадаўства яшчэ не існавала. У гэты час пасаду віленскага генерал-губернатара двойчы (1799-1801 г., 1803-1813 г.) займаў Міхаіл Галенішчаў-Кутузаў. У тых, хто ведаў яго як губернатара, будучы герой вайны 1812 г. пакінуў уражанне спакойнага і справядлівага чалавека. Генерал-губернатар, які нядрэнна валодаў польскай мовай, асабіста займаўся цэнзураваннем “Kurjera Litewskiego[9]. З ягонай згоды ў першыя гады 19 ст. на віленскай сцэне пад змененымі назвамі ішлі забароненыя яшчэ ў кацярынінскі час польскія п’есы, у т.л. “Вяртанне дэпутата” Юльяна Нямцэвіча, “Каханне ў Сібіры” і інш.[10], а ў Гародні ставілі “Паклёп” В.Капніста ў перакладзе Бончы-Тамашэўскага, забаронены ў свой час расейскімі ўладамі[11].

Да 1804 г. цэнзура на беларускіх землях не мела значнага поля для дзейнасці. Пасля кацярынінскага загаду 1794 г. друкарняў амаль не засталося. У Вільні працавалі друкарні піяраў, базыльянаў і Віленскай дыяцэзіі. Універсітэтская друкарня была ў гэты час у дрэнным стане, нягледзячы на закупку часткі друкарскага абсталявання. Юзаф Завадскі прыехаў у Вільню толькі ў 1803 г. і яшчэ не паспеў разгарнуць актыўнай дзейнасці. Былая каралеўская друкарня Антонія Тызенгаўза ў Гародні была афіцыйна закрытая ў 1794 г. Частку яе абсталявання перавезлі ў Вільню. Астатняе, у т.л. друкарскі набор, захоўвалася ў арандатара Ясінскага[12]. У 1803 г. у Гародні заснаваў сваю першую друкарню Зымель Нахімовіч, але і ён толькі распачынаў сваю справу. На ўсходзе Беларусі па-ранейшаму дзейнічалі друкарні ў Полацку і Магілёве, якія выдавалі, у пераважнай большасці, падручнікі і тэалагічную літаратуру. З перыядычных выданняў застаўся толькі “Kurjer Litewski”, які, як ужо згадвалася, цэнзураваў генерал-губернатар.

Пасля адкрыцця Віленскага універсітэта сітуацыя ў галіне цэнзурнага нагляду значна змянілася. Частка ІХ Акта зацвярджання універсітэта дазваляла яму кантраляваць дзейнасць усіх друкарняў на тэрыторыі Віленскай навучальнай акругі.  §15 гэтай часткі Акта  акрэсліваў умовы такога кантролю. Наглядам мусіў займацца цэнзурны камітэт універсітэта, куды Вучонай радай абіраліся чатыры цэнзары-прафесары. Кіраўніцтва работай камітэта знаходзілася ў кампетэнцыі куратара універсітэта. Віленскі цэнзурны камітэт разглядаў мастацкія і навуковыя выданні, перыёдыку, падручнікі. Першымі цэнзарамі былі абраныя прафесары Енджэй Снядэцкі, Багуслаўскі, Кундзіч і ксёндз Галянскі[13]. Склад Віленскага цэнзурнага камітэту некалькі разоў змяняўся ў сувязі з службовымі перамяшчэннямі прафесараў-цэнзараў.

З 1804 г. дзейнасць цэнзуры ў імперыі рэгламентаваў першы ў Расеі і найбольш ліберальны Статут аб цэнзуры. Нягледзячы на наступныя загады, цыркуляры і ўдакладненні, якія абмяжоўвалі ягоны ліберальны дух, да сярэдзіны 1820-х г. цэнзурнае заканадаўства пакідала дастаткова прасторы для выдаўцоў і аўтараў.

Згодна са Статутам Віленскі цэнзурны камітэт падпарадкоўваўся Міністэрству народнай асветы (МНА). Аднак на справе яно рэдка кантралявала дзейнасць Камітэта. Аўтарытэт Адама Чартарыйскага ў той час быў яшчэ высокім, і фактычна ён санкцыянаваў палітыку, якую праводзілі віленскія цэнзары. За ўсе гады куратарства А.Чартарыйскага Віленскі цэнзурны камітэт ніводнага разу не быў ініцыятарам гучнай палітычнай справы. Сваю ролю адыгрывала патрыятычная салідарнасць. Пачаць пераслед аўтара па палітычных меркаваннях было раўназначна адданню свайго на здзек захопнікам. Віленскія цэнзары свядома ці несвядома выконвалі ролю Конрада Валенрода ў цэнзуры, выкарыстоўваючы сваё службовае становішча для абароны польскамоўных аўтараў ад расейскіх уладаў.

Віленскі цэнзурны камітэт часцей звяртаў увагу на адпаведнасць рукапісаў нормам маралі, літаратурным правілам, на навуковасць. Такая пазіцыя цэнзараў вельмі хутка прыцягнула да сябе ўвагу спачатку мясцовых, а затым і цэнтральных расейскіх уладаў. Прафесары, якія за часы Рэчы Паспалітай звыкліся свабодна выказваць думкі і палемізаваць, не ўлічылі паступовага пераходу ўладаў ад лібералізма да ахоўніцтва. У 1806 г. Віленскі цэнзурны камітэт атрымаў першую вымову з Пецярбурга за “палітычную блізарукасць”. Міністэрства ўнутраных справаў (МУС) звярнулася да МНА са скаргай. Віленскіх цэнзараў вінавацілі ў тым, што ў парушэнні Статута яны дазвалялі друкаваць крытычныя матэрыялы, якія закраналі канкрэтныя асобы. Але галоўная іх віна была ў дазволе друкавання ў “Kurjerze Litewskim” палітычных навінаў з-за мяжы, якія не павінны былі распаўсюджвацца ў імперыі. Папярэдзіўшы цэнзараў, міністр асветы Закрэўскі абавязаў рэктара праглядаць кожны нумар газеты перад яе выйсцем з друку[14].

Няўдалыя вынікі расейскай палітыкі ў час напалеонаўскіх войнаў, незадаволенасць грамадства ўмовамі Тыльзіцкага міра выклікалі рост апазіцыйных настрояў сярод расейскага набілітэту. Што датычыць Беларусі і Літвы, тут здаўна шляхта з вялікім спадзяваннем глядзела на французскага імператара. Многія з нецярплівасцю чакалі пачатку ваенных дзеянняў, каб далучыцца да войскаў Напалеона, які абяцаў аднавіць Рэч Паспалітую. У гэтых умовах улады пачалі звяртаць усё большую ўвагу на распаўсюджванне інфармацыі ідэалагічнага і палітычнага характару.

У 1807 г. старшынёй Галоўнага цэнзурнага камітэту замест ліберальнага П.Сперанскага быў прызначаны М.Навасільцаў, які падазрона ставіўся да палякаў. На працягу 1808 і 1809 г. Віленскі цэнзурны камітэт неаднаразова быў папярэджаны пра неабходнасць больш пільнага нагляду за “палітычнымі матэрыяламі”, асабліва тымі, што датычылі Напалеона[15]. Аднак, нягледзячы на папярэджванні, у 1810 г. выбухнуў скандал, звязаны з перадрукоўкай у №100 “Kurjera Litewskiego” паведамлення варшаўскай прэсы аб святкаванні ў сталіцы Герцагства Варшаўскага угодкаў каранавання імператара Францыі. Гэтая нататка трапіла на вочы М.Галенішчаву-Кутузаву, які палічыў яе абуральнай. У хуткім часе да справы далучыліся МУС і МНА. Тагачасны міністр асветы П.Завадоўскі загадаў Віленскаму цэнзурнаму камітэту больш уважліва ставіцца да нагляду за мясцовымі выданнямі і дазваляць перадрук палітычных навінаў толькі з пецярбургскай і маскоўскай прэсы[16]. Але і пасля гэтага на працягу двух даваенных гадоў віленскія цэнзары атрымлівалі вымовы за пропуск у друк непажаданых палітычных тэмаў[17].

У 1811 г. упершыню на дзяржаўным узроўні быў заснаваны інстытут наступнай цэнзуры”. Створанаму за год да гэтага Міністэрству паліцыі было даручана ажыццяўляць “наступнае”* цэнзураванне кнігаў, аб’яваў, афішаў, наглядаць за тэатральнымі паказамі. У сувязі з гэтым міністр асветы Разумоўскі ўдакладніў змест дзейнасці Віленскага цэнзурнага камітэта і прынцыпы ягонай работы. З кампетэнцыі цэнзараў выводзіліся навуковыя трактаты (разглядаліся на паседжаннях навуковых радаў факультэтаў універсітэта), рэлігійная літаратура (кантралявалася сінадальнай цэнзурай), замежныя перыядычныя выданні (імі займаліся ў сталіцы), каталогі кнігарняў (былі ў веданні паліцыі) і г.д. Аппарат цэнзуры станавіўся ўсё больш разгалінаваным і шматступенным. У яго ўваходзілі паліцыя, цэнзурныя камітэты, мясцовая адміністрацыя, Акадэмія Навук, Сінод, паштамты. У 1811 г. па прапанове міністра паліцыі Балашова быў створаны Камітэт па нагляду за дзейнасцю самой цэнзуры. Паліцыя кантралявала  змест выданняў яшчэ да іх перадачы ў друк. Гарантыяй лаяльнасці кнігавыдаўцаў былі “пасведчанні аб добранадзейнасці”, без якіх нельга было адкрыць друкарню[18].

   Стабілізацыя знешнепалітычнага становішча імперыі і высокі аўтарытэт урада пасля перамогі над Францыяй і Венскага кангрэсу дазволіў Аляксандру І, нягледзячы на спадзяванні грамадства на лібералізацыю палітычнага жыцця, закласці новыя камяні ў падмурак ахоўнай сістэмы. Важная роля ў гэтым адводзілася цэнзуры.

   У другім дзесяцігоддзі 19 ст. у грамадска-палітычным і культурным жыцці беларускіх земляў акрэслілася некалькі праблемаў, асвятленне якіх у друку жорстка кантралявалася ўладамі. Адной з такіх праблемаў з’яўлася “жыдоўскае пытанне”.

Праблема ўключэння жыдоў Беларусі ў эканамічную і сацыяльную сістэму Расейскай імперыі была ў першай палове 19 ст. надзвычай актуальнай. Усталяванне мяжы аселасці, перасяленне ў гарады і мястэчкі, высокія падаткі, пазбаўленне правоў арэнды і іншыя дыскрымінацыйныя  меры ставілі жыдоў па-за грамадствам. У Беларусі жыды мелі даўнія традыцыі, развітыя культурныя інстытуты, у т.л. сістэму адукацыі і кнігадрукаванне. У пачатку другога дзесяцігоддзя 19 ст. на беларускіх землях дзейнічала пяць жыдоўскіх друкарняў: дзве ў Копысі, па адной у Гародні, Менску і Нясвіжы[19].  Гарадзенскі выдавец Зымель Нахімовіч у 1820-я г. адкрыў філіялы сваёй выдавецкай фірмы ў Вільні, Езёрах і Жытоміры. Езерская друкарня спецыялізавалася на выданні жыдоўскай літаратуры. Кнігі на іўрыце актыўна завозіліся з-за мяжы. Толькі адна купецкая фірма з Валыні штогод увозіла і прадавала друкаванай прадукцыі больш чым на 2000 чырвонцаў[20]. Прасачыць, якія кнігі распаўсюджваліся ў жыдоўскім асяроддзі, улады не мелі магчымасці. Віленскі генерал-губернатар двойчы (1815 і 1817 г.) спрабаваў гэта зрабіць і абодва разы без поспеху[21].

Для цэнзуравання жыдоўскіх кніг у Віленскі цэнзурны камітэт у 1808 г. быў прызначаны прафесар Бякю, але фактычна іх разглядам займаўся старшыня віленскага кагала Разенсон. Часам камітэт прыцягваў для гэтай работы студэнтаў-жыдоў. У пачатку 1820-х г. цэнзураваннем выданняў на іўрыце займаўся Вольф Тугенгольд, прызначаны пазаштатным супрацоўнікам цэнзурнага камітэту[22].

Сярод жыдоўскіх выданняў, якія праходзілі цэнзуру, толькі некаторыя забараняліся цалкам. Масавыя забароны распачаліся толькі з сярэдзіны 1830-х г. У 1820-я г. можна назваць толькі адну “гучную” справу, звязаную з жыдоўскім пытаннем. У ёй не толькі выявіўся стасунак уладаў да іўдаізма як “цярпімага” ў імперыі веравызнання, але, напэўна, упершыню пазначыліся і ішыя балючыя пытанні расейскай палітыкі на беларускіх землях.

У 1817 г. у Вільні ўбачыла свет брашура віленскага каноніка Міхала Длускага “Ліст лісабонскага равіна да равіна берасцейскага”, якая палемізавала з крытыкамі масонства[23]. Брашуру гэтую прапусціў у друк прафесар Гродак, які сам належаў да таямнічага братэрства, зрэшты, як і большасць віленскіх прафесараў. Кніга была заўважаная ў Санкт-Пецярбургу і вельмі не спадабалася тагачаснаму міністру асветы Галіцыну. Галоўнае, у чым вінавацілі аўтара і цэнзара, які дазволіў друк, было вольнае абыходжанне з рэлігійнымі дагматамі. У прыватнасці, аўтар уклаў у вусны аднаго з герояў кнігі павучанне ў духу іўдаізма.”<…> Cачыніцель, гаворачы пра масонства, - пісаў міністр асветы, - разважае ў духу, які супярэчыць ісцінам хрысціянскай рэлігіі і стварае нагоду для непатрэбных спрэчак”[24]. Пакараць аўтара брашуры было немагчыма. Канонік Длускі за супрацоўніцтва з французамі ў час вайны ў 1813 г. быў сасланы ў Сібір. Пасля вяртання ён пражыў некалькі месяцаў і памёр ад старасці і хваробаў[25]. Прафесар Гродак, які дазволіў друкаванне брашуры, атрымаў ад міністра вымову[26].

Канфесійныя праблемы сталі нагодай для яшчэ аднаго папярэджання Віленскага цэнзурнага камітэта ў неахайным стаўленні да сваіх абавязкаў. Яно было звязанае з выданнем брашуры “Меркаванні, ці дазволена ўсім без вынятку чытаць кнігі Свяшчэннага пісання на простанароднай мове”, якую прапусціў у друк цэнзар Галянскі ў 1817 г. На думку Д.Бавуа, брашура была напісаная на літоўскай мове. Яна ўбачыла свет адразу пасля адкрыцця ў Вільні аддзялення Біблейскага таварыства і такім чынам была накіраваная супраць арганізацыі, якую падтрымлівалі ўлады. У гэтай справе выклікае цікавасць тлумачэнне дазволу, якое даў прафесар Галянскі. Ён пісаў, што заўвагі пра чытанне Бібліі дазволеныя, бо датычаць толькі каталіцкага веравызнання. Касцёл, як вядома, не дазваляе чытаць Свяшчэннае пісанне  свецкім асобам[27]. Галянскі быў вызвалены ад сваёй пасады, а кніга знішчаная.

   Асаблівасці рэгіёну бесперапынна прымушалі ўлады ўносіць папраўкі ў цэнзурнае заканадаўства. Адной з адметнасцяў беларускіх земляў было існаванне тут сваёй сістэмы права. Да 1832 г. на ўсходзе і да 1840 г. на захадзе Беларусі дзейнічаў Статут ВКЛ. Згодна Артыкулу 21 Раздзела 4 гэтага кодэксу у час судовага працэса адвакаты павінны былі перадаваць другому боку копіі сваіх прамоваў і іншыя судовыя матэрыялы[28]. Аднак у Расейскай імперыі публікацыя судовых матэрыялаў, нават у якасці белетрыстыкі і навучальнай літаратуры, была забароненая ў 1817 г.[29] У Беларусі гэты загад праігнаравалі. Калі ж у 1818 г. Міністэрства асветы і Міністэрства паліцыі  запатрабавалі ад Віленскага цэнзурнага камітэту тлумачэнняў, чаму на падпарадкаванай яму тэрыторыі свабодна друкуюцца судовыя матэрыялы, А.Чартарыйскі, спаслаўшыся на Статут ВКЛ, пераканаў міністраў у законнасці такога становішча. “Прамовы адвакатаў разглядаюцца як афіцыйныя лісты, - пісаў ён, за якія адвакаты нясуць адказнасць перад тым жа судом, перад якім іх чытаюць”[30]. Пакуль што адвакацкія прамовы засталіся па-за кампетэнцыяй цэнзуры.

Да пачатку 20-х г. 19 ст. улады, імкнучыся знайсці саюзніка ў беларуска-літвінскай шляхце, амаль не ўмешваліся ў яе справы. Гэта спрыяла адноснай свабодзе слова ў заходніх губернях імперыі. Але ўжо канец другога дзесяцігоддзя ўнёс змены ў гэтую ідылічную атмасферу. Пасля Карлсбадскага кангрэсу 1819 г. ў палітыцы ўрада ўсё больш выяўляліся рэакцыйныя тэндэнцыі. Існуючае ліберальнае заканадаўства станавілася ўсё больш неадпаведным новаму курсу. Многія палажэнні Статута аб цэнзуры 1804 г. проста не выконваліся. У 1820 г. быў створаны Камітэт для распрацоўкі новага цэнзурнага статута, куды ўвайшлі Магніцкі і Руніч, вядомыя сваімі “пагромамі” універсітэтаў. У склад камітэту таксама ўвайшлі Фус, Лаваль і іншыя. Распрацаваны імі праект не быў прыняты. Аднак сімптаматычна, што Віленскаму цэнзурнаму камітэту ў праекце надавалася асаблівая ўвага. У прыватнасці, прапанавалася стварыць у Вільні незалежны ад універсітэта цэнзурны камітэт, які складаўся б з двух чыноўнікаў МНА і аднаго святара[31].

Прадпрынятая ў 1820-я г. рэарганізацыя цэнзурнага нагляду на беларускіх землях павінна была вырашыць дзве галоўныя задачы. Па-першае, паставіць перашкоду пранікненню праз мяжу рэвалюцыйнай ідэалогіі, цэнтрамі якой лічыліся нямецкія і швейцарскія універсітэты. Па-другое, зрабіць больш эфектыўным нагляд за мясцовымі выданнямі, якія мелі ўплыў на вучнёўскую моладзь.

Клопат уладаў пра палітычныя настроі студэнтаў і гімназістаў у межах Віленскай навучальнай акругі быў выкліканы не толькі тайнымі таварыствамі. У пачатку 1820-х г. ні паліцэйскі, ні цэнзурны нагляд не ўспрымаўся вучнёўскай моладдзю сур’ёзна. Для студэнтаў-літаратараў цэнзары былі, найперш, настаўнікамі, а затым ужо ўрадавымі чыноўнікамі. На цэнзураванне сваіх твораў маладыя літаратары з Віленскага універсітэта глядзелі як на свайго роду універсітэцкі іспыт, які ў крайнім выпадку  можна “перасдаць”[32].

З канца 1821 г. пачалася перабудова цэнзурнай сістэмы ў Царстве Польскім і заходніх губернях імперыі. Галоўную ролю ў гэтым адыгрывалі вялікі князь Канстанцін і сенатар Навасільцаў. Першымі крокамі на гэтым шляху была спроба паставіць перашкоду пранікненню ў імперыю вольнадумных сачыненняў з-за заходняй мяжы. Яшчэ ў 1819 г. быў забаронены продаж замежных кніг без пазначэння месца іх выдання[33]. Затым настала чарга карэспандэнцыі і перыёдыкі. 25 жніўня 1822 г. намеснік загадаў Гарадзенскай, Ковенскай і Радзівілаўскай мытням адбіраць ў падарожнікаў, перасякаючых кантрольную рысу з Каралеўствам Польскім, замежныя газеты і лісты, якія яны вязуць для трэціх асобаў, і перадаваць іх для цэнзуравання і перлюстрацыі ў бліжэйшую паштовую кантору. Мытнікі павінны былі паведамляць, ад каго і каму гэтыя лісты і газеты перавозяцца[34]. У лістападзе гэтага ж года Камітэт міністраў прыняў рашэнне перадаць цэнзураванне як замежных, так і мясцовых перыядычных выданняў у Остзейскіх і Літоўскіх губернях генерал-губернатарам[35]. Віленскі генерал-губернатар Рымскі-Корсакаў увогуле забараніў мясцовым жыхарам выпісваць замежныя выданні, у т.л. тыя, што выдаваліся ў Каралеўстве Польскім. Падпіска была дазволеная толькі газетнай экспедыцыі Галоўнага Літоўскага паштамту. Паліцыя была абавязаная сачыць, каб ніхто не выпісваў замежную перыёдыку праз знаёмых у Польшчы[36].

Адначасова ўзмоцніўся нагляд за друкаванымі выданнямі і карэспандэнцыяй у самой Беларусі. У 1822 г. было забаронена таварыства шубраўцаў, загадам з Пецярбурга спынена выданне “Wiadomości brukowych”. У 1823 г. на Берасцейскай і Радзівілаўскай мытнях пачалася перлюстрацыя лістоў, якія дасылаліся мясцовымі жыхарамі за мяжу праз дзяржаўную пошту[37]. У пачатку 1820-х г. звычайнымі сталі ганенні на мясцовыя выданні.

Узмацненне цэнзурнага і паліцэйскага нагляду закранула таксама кніжны гандаль. У Варшаве, дзе раней праходзілі мытны дагляд і цэнзуру кнігі, цэнзары, якія працавалі пад наглядам Навасільцава, ставілі ўсялякія перашкоды для правозу друкаванай прадукцыі. Прасцей было правозіць кнігі праз Рыгу і Пецярбург, што, аднак, значна павышала іх кошт[38].

   Нарэшце ўвагу Канстанціна і Навасільцава прыцягнуў Віленскі цэнзурны камітэт. У адказ на запыт з Варшавы міністр асветы Галіцын у 1822 г. патрабаваў ад Чартарыйскага змяніць склад цэнзурнага камітэту, паколькі ён не ў першы раз заўважаны ў недазволеным пропуску сачыненняў[39]. Аднак кадравыя перастаноўкі зусім не палепшылі сітуацыю. Некаторы час цэнзарам быў нават Іяхім Лялевель, дзякуючы якому праз цэнзуру прайшоў другі том твораў Адама Міцкевіча. У сувязі са справай філаматаў універсітэтскі цэнзурны камітэт быў закрыты і працягнуў сваю дзейнасць ужо на іншых падставах  толькі ў 1826 г.[40]

   На працягу 1823 1826 г. насуперак існуючаму заканадаўству галоўным цэнзурным органам на беларуска-літоўскіх землях быў камітэт, які займаўся тайнымі таварыствамі ў Віленскай навучальнай акрузе і рэарганізацыяй універсітэта. Камітэт узначальваў М.Навасільцаў, які адначасова з’яўляўся галоўным наглядчыкам за цэнзурай у заходніх губернях імперыі і ў Каралеўстве Польскім. У лютым 1825 г. ён паведаміў губернатарам пра новыя правілы распаўсюджвання і продажы друкаванай прадукцыі. Кнігі, якія прывозіліся з-за мяжы, павінны былі перадавацца адрасату толькі з дазволу паліцыі, якая праглядала спіс гэтых выданняў. Кожная бібліятэка і кнігарня павінны былі мець каталог кніг, якія прапанаваліся для карыстання альбо продажы. Каталог таксама зацвярджаўся паліцыяй[41].

   У гэты час пачаўся перагляд школьных падручнікаў. Асабліва шкоднымі былі прызнаныя падручнікі па гісторыі. Пры навучанні польскай гісторыі, - пісаў М.Навасільцаў у лісце да міністра асветы, - распавядаецца пра Расею так, як гэта магло бы быць ў замежных вучылішчах, у краіне ні спагадай, ні падданствам з Расеяй не з’яднанай”[42]. 13 ліпеня 1825 г. міністр асветы Шышкоў загадаў зрабіць рэвізію ўсіх падручнікаў, каб выкараніць дух польскага патрыятызму[43]. Сярод забароненых падручнікаў апынулася Польская граматыка Капчынскага, Выбраныя прамовы Хшчаноўскага і іншыя. Да канца 1827 г. з 37 падручнікаў для уездных вучылішчаў было заменена 23, а з 24 падручнікаў для гімназіяў 18[44]. Абмяжоўвалася кола чытання для гімназістаў і навучэнцаў вучылішчаў. Адзін з пунктаў Мераў, якія прынятыя па Віленскай навучальнай акрузе прадугледжваў, каб студэнты і вучні “кніг, якія супярэчаць хрысціянскай веры і існуючым сістэмам кіравання, асабліва ў Расейскай дзяржаве, і іншых спакушальніцкіх [кніг], не чыталі і ў сябе не мелі[45]. За выкананнем гэтага палажэння павінна была сачыць універсітэцкая і вучылішчная паліцыя.

Па-ранейшаму вялася перлюстрацыя карэспандэнцыі. Асобная ўвага надавалася ліставанню філаматаў, якія былі сасланыя ў цэнтральныя губерні Расіі. Дзеля гэтага з Варшавы на Віленскі паштамт быў камандзіраваны спецыяльны чыноўнік, які меў досвед у гэтай справе[46].

У 1826 г. быў прыняты новы цэнзурны Статут, які змяніў прынцыпы дзеяння цэнзурных органаў. Згодна з ім у Вільні быў створаны новы цэнзурны камітэт. Цяпер цэнзары не абіраліся на вучонай радзе універсітэта, а прызначаліся з чыноўнікаў МНА. Камітэт падпарадкоўваўся папячыцелю Віленскай навучальнай акругі і рэктару. Першымі цэнзарамі новага камітэта сталі М.Мяноўскі, Л.Сабалеўскі, М.Юргілевіч і І.Шыдлоўскі, абраныя рэктарам В.Пеліканам за іх абсалютную адданасць і пакору ўраду[47]. Выбар В.Пелікана быў не найлепшым. Асабліва не падыходзіў на ролю ўрадавага цэнзара Ігнат Шыдлоўскі, былы сябра Таварыства шубраўцаў, дзейны супрацоўнік Wiadomości Brukowych. С.Мараўскі, адзін з найбольш саркастычных мемуарыстаў з асяроддзя філаматаў, характарызаваў яго наступным чынам: Добрая душа, чужы ўсялякім інтрыгам, прысяжны аматар Бахуса, што не дазваляла яму падняцца вышэй пасады настаўніка ў гімназіі. Быў ён таксама цэнзарам кніг, што ў вачах уладаў і ў вачах аўтараў – па супрацьлеглых прычынах – мела вялікую вартасць[48].

   Новы чугунны Статут пра цэнзуру фактычна паралізаваў выдавецкую дзейнасць і літаратурнае жыццё ў заходніх губернях. З амаль тысячы рукапісаў, якія былі прынятыя да разгляду Віленскім цэнзурным камітэтам у жніўні 1827 – траўні 1828 г. былі дазволеныя да друкавання 470. 14 вярнулі без права апеляцыі, а 542 аддалі аўтарам на перапрацоўку[49]. Цяжка прыходзілася гандлярам кнігамі. Немагчыма было вызначыць, якія кнігі можна прывозіць за-за мяжы на продаж, каб не панесці стратаў з-за цэнзурных забаронаў. Юзаф Завадскі праз сваю давераную асобу ў Санкт-Пецярбургу Мікалая Маліноўскага рупіўся набыць спісы замежных выданняў, якія ўжо былі прагледжаны Камітэтам замежнай цэнзуры, каб замовіць тыя самыя выданні для сваёй кнігарні[50]. Перш чым звярнуцца ў Віленскі цэнзурны камітэт за дазволам выдаць што-небудзь з заходнееўрапейскай літаратуры, Завадскі, маючы значны досвед у гэтай справе, чакаў, каб твор спачатку быў выдадзены ў расейскіх сталіцах[51].

   Замена ў 1828 г. “чугуннага” Статута больш ліберальным амаль не палепшыла становішча ў галіне выдавецкай справы і кніжнага гандлю ў заходніх губернях імперыі. Па-ранейшаму Навасільцаў і шэф жандараў начальнік ІІІ Аддзялення Бенкендорф кантралявалі дзейнасць цэнзуры.

   У сувязі са зменай цэнзурнага заканадаўства Віленскі цэнзурны камітэт быў рэарганізаваны. У склад яго ўвайшлі Л.Бароўскі, Х.Ачапоўскі, Ю.Беркман і П.Кукальнік[52]. Сярод гэтых асобаў варта адзначыць апошняга. Павел Кукальнік прыехаў у Вільню ў час рэарганізацыі Віленскага універсітэта па рэкамендацыі свайго брата Платона, які служыў упраўляючым у М.Навасільцава. Ён не цураўся літаратурных заняткаў, хоць ягоная дзейнасць у гэтай галіне была меньш вядомай, чым творчасць яшчэ аднаго брата – Нестара. На пасадзе цэнзара, а затым старшыні цэнзурнага камітэта Павел Кукальнік праслужыў больш за тры дзесяцігоддзі. Новаму складу камітэта давялося дзейнічаць ужо ў новых умовах. Падзеі 1830 г. паклалі канец найбольш ліберальнаму перыяду мікалаеўскай цэнзуры.


Куль-Сяльверстава Святлана
Нарадзілася 10 верасня 1959 г. у Гародні
Загадчык Навукова-даследчай лабараторыі праблем рэгіянальнай культуры пры ГрДУ імя Я.Купалы, в.а. прафесара кафедры гісторыі Беларусі, доктар гістарычных навук
Даследуе гісторыю культуры Беларусі, гісторыю Гарадзеншчыны
e-mail: svetik_kul@mail.ru 


[1]Полное собрание законов Российской империи (ПСЗРИ). Санкт-Петербург. Т. ХХ. 14520.

[2]Тамсама.

[3] Сборник документов, касающихся административного устройства Северо-Западного края при императрице Екатерине II (1792-1796). Вильна, 1903. С. 29.

[4] Archiwum Główny Akt Dawnych (AGAD). Kancelaria Nowosilcеwa. Аkt. 481. Кart. 294.

[5]Скабичевский А.М. Очерки истории русской цензуры (1770-1863). Санкт-Петербург, 1892. С. 64.

[6]Сборник материалов для истории просвещения в России, извлеченных из Архива Министерства народного просвещения. Санкт-Петербург, 1893. Т. 1. С. 340.

[7] Тамсама.

[8] Предтеченский А.В. Очерки общественно-политической истории России в первой четверти XIX века. Москваенинград, 1957. С. 212.

[9] Kirkor A. Obrazki litewskie.  Poznań, 1874. S. 63-64.

[10] Skibiński K. Pamiętnik aktora. Warszawa, 1912. S. 49-50.

[11] Makomacka E. Afisze teatru w Grodnie z 1806 r. // Pamiętnik teatralny. 1972. Z. 2-3. S. 345.

[12] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ) ў Гародні. Ф. 1, воп. 1, ад.з. 1214, арк. 3.

[13] Beauvois D. Szkolnictwo polskie na ziemiach litewsko-ruskich. Rzym-Lublin, 1991. T. 1. S. 164.

[14] Letuvos valstybinis istorijos arhyvas ( LVIA). F. 721, ap. 1, b. 423, lp. 12.

[15] Тамсама. Lp. 23, 29.

[16]Tамсама. Lp. 30.

[17] Beauvois D. Szkolnictwo polskie na ziemiach litewsko-ruskich… T. 1. S. 166.