БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 6 / 2002

ГІСТОРЫЯ

Нацыятворчыя працэсы на Гарадзеншчыне 19 – пачатку 20 ст. у святле тэорыі мадэрнізацыі

Cяргей Токць
(Гародня)

У працах даследчыкаў, якія займаюцца нацыянальнай праблематыкай, шырока ўжываецца тэрмін сучасныя народы (у савецкай навуцы ў адпаведным значэнні выкарыстоўваўся тэрмін нацыя С.Т.) Прычым большасць аўтараў падзяляе думку, што працэс фармавання гэтых народаў распачынаецца ў канцы 18 ст. з утварэння французскай нацыі. Паўстае заканамернае пытанне: А чым адрозніваліся ад сучасных народаў этнічныя супольнасці ці народнасці ў даўнейшыя стагоддзі? Па гэтай праблеме няма адзінства поглядаў. Вядомы знаўца праблемы Эдвард Шылс слушна сцвярджаў, што тэрмін народ у сённяшнім яго разуменні можна аднесці да глыбокага сярэднявечча, а таксама да часоў антычнасці: “Некаторыя аўтары лічаць, што нацыя і нацыяналізм з’яўляюцца ўтварэннямі паслярэвалюцыйнага перыяду ў Еўропе. Гэта слушна толькі тады, калі будзем лічыць, што нацыя і нацыяналізм моцна звязаныя з гісторыяй сучасных народаў. Паняцце “народ” у сённяшнім яго разуменні можна аднесці да глыбокага сярэднявечча. З поўным правам можна казаць пра народы ў класічнай старажытнасці <…> Няўжо нельга сказаць, што жалобная мова Перыкла была памяркоўным нацыяналістычным ушанаваннем народных дасягненняў?”[1] На думку Шылса падставовыя рысы народу існуюць з тых часоў, калі людзі выходзяць за рамкі крэўных повязяў і этнічнасці і прызнаюць прыналежнасць да тэрытарыяльнай супольнасці за важны крытэрый тоеснасці.

Аднак польскі даследчык Фларыян Знанецкі справядліва заўважыў, што ў канцы 18 ст. большасць жыхароў розных рэгіёнаў Італіі ад П’емонту да Сіцыліі не ўсведамлялі сабе факту, што ўсе яны з’яўляюцца італьянцамі, таксама як людзі, што жылі на тэрыторыі ад Усходняй Прусіі да Рэйнскай вобласці і ад Гановеру да паўднёвай Баварыі, не лічылі сябе немцамі: “Нават у 20 ст. сяляне накаторых ерапейскіх рэгіёнаў не мелі паняцця, што належаць да якой-небудзь этнічнай супольнасці, больш шырокай, чым лакальная супольнасць”[2]. Многія аўтары таксама звяртаюць увагу на тое, што тэрмін нацыяналізм аж да канца 19 ст. не меў пашыранага ўжытку і не ўвайшоў у большасць тагачасных слоўнікаў[3].

З пункту гледжання прыхільнікаў мадэрнісцкай тэорыі, сучасны народ ці нацыя ёсць найлепшай формай супольнасці, якая запэўнівае паспяховае эканамічнае і сацыяльнае развіццё і зяўляецца ў гэтым сэнсе ўтворам капіталістычнай мадэрнізацыі і індустрыялізацыі. Іншыя даследчыкі аспрэчваюць гэтую тэзу, сцвярджаючы, як, напрыклад, Лін Грынфілд, што менавіта нацыяналізм стаў папярэднікам усіх складовых мадэрнізацыі, а таму апошняя была прадуктам нацыяналізму, а не наадварот[4].  У гэтых адносінах, на нашу думку, мае рацыю польскі сацыёлаг Рышард Радзік, які адзначае: Нацыягэта супольнасць, якая ўзнікла ў сучасным індустрыяльным, масавым  грамадстве ў выніку грамадскіх зменаў, якія адбыліся ў Еўропе ў ХІХ і ХХ ст.; нацыя сама, якая мадэрнізуе сваё акружэнне <...> умацоўвалася ва ўмовах распаду феадальных структураў, паслаблення калектыўнай ментальнасці, пашырэння персаналістычных ідэяў”[5].

Многія даследчыкі нацыятворчых працэсаў адзначалі спецыфіку ў іх развіцці на Захадзе і Усходзе нашага кантыненту. Ганс Кон даводзіў, што калі ў Заходняй Еўропе нацыяналізм адлюстроўваў змены ў сацыяльнай, гаспадарчай і палітычнай рэчаіснасці, то толькі пасля яго пашырэння на Усходнюю і Цэнтральную Еўропу там адбываюцца кардынальныя сацыяльныя і гаспадарчыя змены[6]. Такім чынам, у навуцы атрымала даволі шырокае развіццё гіпотэза, што ўсходнееўрапейскі тып нацыяналізму, будучы часта пратэстам супраць дзяржавы, развіваўся ў асяроддзі этнічнай разнастайнасці, абуджаўся міфамі і надзеямі і апярэджваў сацыяльна-гаспадарчыя пераўтварэнні[7]. Безумоўна, вышэйпрыведзеная тэза пакутуе ад пэўнага схематызму. Аднак цяжка не пагадзіцца з трапным выказваннем Ежы Ядзліцкага, што ў Польшчы 19 ст. ідэі больш адпавядалі заходнееўрапейскім узорам, чым стан прамысловасці[8].

На думку вядомага польскага даследчыка Юзафа Хлябоўчыка, у Заходняй Еўропе вырашальную ролю ў нацыятворчых працэсах адыгрывала пачуццё дзяржаўна-рэлігійных повязяў[9]. Фактычна там існавала ідэнтыфікацыя паняццяў дзяржава і народ. Менавіта дзяржавы праз свае інстытуты, найперш школу, армію, судовую сістэму і г.д. праводзілі палітыку ўніфікацыі літаратурнай дзяржаўнай мовы і пашыралі сярод масаў насельніцтва нацыянальна-дзяржаўную ідэалогію. У Сярэдняй Еўропе (пад гэтым тэрмінам звычайна разумеліся абшары паміж этнічна-нямецкімі землямі, Расeйскай і Асманскай імперыямі – С.Т.), на думку Ю.Хлябоўчыка, існаваў шэраг істотных адрозненняў ад вышэйакрэсленай схемы. Нацыянальная свядомасць часта паўставала тут не дзякуючы дзяржаўнай палітыцы, а насуперак ёй.  Народы, якія не мелі сваёй дзяржаўнасці, мусілі ствараць уласныя нацыянальныя ідэі і развіваць сваю культуру, пераадольваючы магутны асіміляцыйны ціск. Адной з галоўных задачаў для гэтых народаў з’яўлялася “набілітацыя” сваёй “плябейскай” мовы.

Якраз таму ў развіцці нацыятворчых працэсаў на Усходзе нашага кантыненту культурны фактар адыгрываў вельмі значную ролю. У асаблівай ступені гэта датычыла моўнай праблемы. Апошняе дало падставы Рышарду Радзіку сцвярджаць, што ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе пераважаюць моўна-культурныя народы ў адрозненне ад дзяржаўна-палітычных на Захадзе[10].

Вядомы знаўца праблемы Энтані Сміт вылучае дзве асноўныя плыні ў велізарнай літаратуры, прысвечанай нацыям і нацыяналізму. Прадстаўнікоў гэтых плыняў ён з гумарам называе геолагамі і гастраномамі[11]. Іначай іх яшчэ можна акрэсліць як мадэрністаў і постмадэрністаў. Для мадэрнісцкіх тэарэтыкаў найбольш цікавым пытаннем з’яўляецца не  сутнасць нацыі, а яе гістарычнае паходжанне і сацыялагічныя падставы функцыянавання як грамадскага факту. Практычна кожны еўрапейскі народ мае сваю ўласную міфалогію, якая складаецца з асобных геалагічных пластоў ці знакаў нацыянальнай тоеснасці і каштоўнасцяў, што надаюць ім універсальны сэнс. Менавіта ў гэтым сэнсе часта сцвярджаецца, што менавіта нацыяналізм ствараў народы, а не наадварот.

Для постмадэрністаў нацыя з’яўлялася найперш пэўнай культурнай канструкцыяй, зборам тэкстаў, якія стваралі поле этнічнай ідэнтыфікацыі. Наколькі мадэрністы засяроджваліся на даследаванні сацыяльных структураў і палітычных дэтэрмінантаў нацыянальнага жыцця, настолькі постмадэрністы ставілі ў цэнтр аналізу культуру і даследаванне тэкстаў, якія кіруюць уяўленнямі людзей. Паняцце “народ” зводзілася да наррацыі, дыскурсу і тэксту, якія мусяць быць інтэрпрэтаваныя і рэканструяваныя. Тое, што для мадэрністаў з’яўляецца працягласцю, пераемнасцю, працэсам, для іх крытыкаў нагадвае меню, складзенае з гісторыі, сымболікі, міфаў і мовы, якім сэнс нацыянальнай субстанцыі надаюць нацыяналісты, што канструіруюць цэласнасць, якая не існуе ў рэчаіснасці.

Гэтыя два вышэйакрэсленыя падыходы да вывучэння нацыянальнай праблематыкі не з’яўляюцца, на нашую думку, узаемавыключальнымі. Больш таго, іх можна выкарыстоўваць як узаемадапаўняльныя. У дадзеным артыкуле зроблена спроба навуковага аналізу развіцця нацыянальнай свядомасці ў адным асобна ўзятым рэгіёне. Для гэтай мэты намі абрана Гарадзеншчына. Пад гэтым тэрмінам мы разумеем абшар Гарадзенскай губ., які ахопліваў у 19 – пачатку 20 ст. заходнія часткі сучасных Гарадзенскай і Берасцейскай абласцей Рэспублікі Беларусь і ўсходнія паветы сучаснага Падляшскага ваяводства Рэспублікі Польшча. Акрэсленая прастора ўяўляла сабой тэрыторыю этна-канфесійнага памежжа, што робіць дадзены рэгіён асабліва цікавым для даследавання.

Спярша паспрабуем асвятліць нацыятворчы працэс на Гарадзеншчыне ў вызначаным храналагічным перыядзе з дапамогай мадэрнісцкай тэорыі нацыі Эрнэста Гельнера, які з’яўляецца найбольш вядомым у свеце прадстаўніком гэтага навуковага накірунку[12]. Э.Гельнер самым непасрэдным чынам звязваў працэс фармавання нацыянальнай свядомасці з індустрыялізацыяй аграрнага грамадства. На яго думку, новыя эканамічныя сістэмы з абавязковай спецыялізацыяй і мабільнасцю насельніцтва вымагаюць агульнай і ўніверсальнай адукацыі. Каб маглі паўстаць і паспяхова функцыянаваць прамысловыя надлакальныя супольнасці, неабходным было стварэнне і распаўсюджанне сістэмы знакаў і каштоўнасцяў, якая б вызначала погляды і паводзіны людзей. Найлепш падыходзіла для гэтага нацыянальная культура, як пэўны код паразумення паміж сябрамі дадзенай супольнасці. Мадэрнізацыя нішчыла лакальныя традыцыйныя супольнасці, ламала саслоўныя перагародкі, крэўныя і васальныя повязі, адначасова атамізавала грамадства і ператварала эгалітарную і гомагенічную супольнасць у сучасны народ. Трэба адзначыць, што Гельнер даволі інструментальна трактаваў нацыяналізм. На яго думку, нацыяналісты стваралі народы там, дзе іх раней не было.

Паспрабуем дастасаваць тэарытычныя пастулаты Э.Гельнера да беларускай рэчаіснасці мяжы 19 20 ст. Дзеля гэтага неабходна звярнуцца да тагачаснай дзяржаўнай статыстыкі. Паводле дадзеных перапісу 1897 г. у Гарадзенскай губ. налічвалася 1 603 409 жыхароў[13]. З іх ліку толькі 254 591 ці 15,9%  пражывалі ў гарадах. Такім чынам, сельскае насельніцтва дасягала 84% ад агульнай колькасці жыхароў губерні. Самай вялікай саслоўнай групай было сялянства – 1 162 379 чал. (72,5%). Прычым толькі каля 4% сялянаў пражывала ў гарадах. Другой па колькасці саслоўнай групай было мяшчанства – 400 078 (25%). Сярод мяшчанскага саслоўя пераважалі жыды – 68%.  Таксама вельмі значнай была працэнтная вага дэкласаванай шляхты, якую даволі цяжка дакладна падлічыць. У той жа час патомнай шляхты налічвалася ў 1897 г. толькі 19 211 чал. ці 1,2%. Дастаткова адзначыць, што ў 1858 г. у Гарадзенскай губ. налічвалася 41 380 патомнай шляхты (4,7% ад усяго насельніцтва). Такім чынам, за 50 гадоў колькасць прадстаўнікоў прывілеяванага саслоўя зменшылася ўдвая. Найперш гэта было вынікам правядзення царскім ўрадам  палітыкі разбору шляхты.

Увогуле, трэба адзначыць, што на мяжы  19 і 20 ст. назіраўся ўсё больш інтэнсіўны працэс размывання становых бар’ераў. Пачуццё саслоўнай салідарнасці рабілася слабейшым. Азначаныя тэндэнцыі яшчэ выразней праяўляюцца на пачатку 20 ст. Паводле дадзеных дзяржаўнай статыстыкі за 1913 г. у Гарадзенскай губ. патомнай шляхты налічвалася толькі 9 987 чалавек ці 0,5%.  Прычым агульная колькасць насельніцтва ў параўнанні з 1897 г. вырасла на 19%. Такім чынам, можна гаварыць пра імклівае скарачэнне колькасці шляхты. Істотную ролю тут адыгрывала міграцыя прадстаўнікоў гэтага саслоўя ў вялікія гарады Расeйскай імперыі і за мяжу. Гарадскога насельніцтва ў 1913 г. у губерні налічвалася 357 669 альбо 18,7%. У той жа час колькасць сялянаў дасягнула 1 288 741 (без уліку замежных каланістаў – С.Т.), але адносна ўсяго насельніцтва працэнтны паказчык сялянаў зменшыўся да 67,5. Такім чынам, дадзеныя дэмаграфічнай статыстыкі сведчаць пра істотныя змены ў сацыяльнай структуры грамадства ў другой палове 19 – на пачатку 20 ст. Пра наступ індустрыялізацыі выразна сведчаць таксама дадзеныя тагачаснай эканамічнай статыстыкі, якія фіксуюць паўставанне прадпрыемстваў з паравымі рухавікамі, банкаў і розных камерцыйных кантораў, будаўніцтва чыгунак і г.д.

Аднак наколькі істотным быў уплыў гэтай мадэрнізацыі на свядомасць насельніцтва, ці прыводзіў ён паводле тэорыі Э.Гельнера да імклівага развіцця нацыянальных працэсаў? Сярод навукоўцаў заўсёды выклікалі дыскусіі (і выклікаюць цяпер) дадзеныя перапісу 1897 г., якія датычылі складу насельніцтва паводле роднай мовы. У Гарадзенскай губ. пераважалі носьбіты беларускай мовы – 705 045 чал. (43,97%). Украінскую (“маларускую”) прызналі роднай 362 526 чал. (22,7%), жыдоўскую (ідыш) – 278 542 чал. (17,4%), польскую – 161 662 чал. (10%), расейскую (“велікарускую”) – 74 143 чал. (4,6%), нямецкую – 10 284 чал., літоўскую – 3 366 чал.

На нашую думку, прадмета для дыскусіі тут практычна няма. Дадзеныя перапісу адносна роднай мовы жыхароў беларускіх губерняў больш менш адпавядалі рэальнай карціне. Хоць, як падаецца, колькасць носьбітаў расейскай і польскай моваў была завышаная, паколькі частка беларускамоўнага насельніцтва дэкларавала сваёй роднай мовай польскую ці расейскую як больш, на іх думку, прэстыжную і атракцыйную.

Зусім іншая справа, калі б у перапісных лістах знаходзілася пытанне пра нацыянальную прыналежнасць, то большасць жыхароў губерні не здолела б на яго адказаць без падказкі аўтарытэтнага ў іх вачах адукаванага чалавека. У першую чаргу гэта тычылася сялянскага насельніцтва. У 1895 г. вядомы этнограф Адам Багдановіч адзначаў у прадмове да свайго даследавання: Но даже и теперь есть немало белоруссов, которые под словом русскіе разумеют староверов, издавна живущих в Западном крае. А если вы к таким белоруссам обратитесь с вопросом – кто они такие в смысле національности, то очень многіе вам только и могут сказать, что они тутэйшіе, т.е. здешніе, или что они мужики, словно бы это их національное отличіе или словно бы только одним белоруссам и свойственно быть мужиками. И к вашему заявленію, что они русскіе или белоруссы, они отнесутся довольно скептически: называй, дескать как хочешь <…>[14].

Адзін з карэспандэнтаў этнографа Паўла Шэйна, псаломшчык з вёскі Лаша Гарадзенскага пав. І.В.Карскі (сваяк выдатнага беларускага мовазнаўцы Яўхіма Карскага) зазначаў практычна тое ж самае: “Крестьяне нашей губернии не называют себя ни русскими, ни белоруссами. Некоторые считают себя литвинами <...> Вообще о себе и о своей стране они выражаются так: мы тутейшые, наша страна ни руска, ни польска, але забраны край!<...> Великоруссов крестьяне называют казаками, москалями и русаками. Поляков они не любят вообще, помещиков же польских просто ненавидят. Іншы карэспандэнт Шэйна пісаў прыкладна тое ж самае адносна сялянаў Віцебскай губ.: “Зовут себя белоруссы наськими, тутейшами, русскими же или белоруссами – никогда. Раскольников зовут москалями, панов и мелкую шляхту – поляками, на вопрос же: какой он веры? Отвечают – панской веры <...>[15].

Падобны ўзровень самасвядомасці сялянскага насельніцтва быў характэрны для многіх рэгіёнаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, а трохі раней і для аграрных рэгіёнаў Еўропы Заходняй. Свет большасці жыхароў Гарадзеншчыны яшчэ на мяжы 19 і 20 ст. замыкаўся ў рамках традыцыйных лакальных супольнасцяў. Сацыяльныя ролі ў ім вызначаліся непарушнай адвеку традыцыяй, а этнаканфесійныя адрозненні ўспрымаліся праз прызму своеасаблівай свойскасці. Сваім і адначасова чужым быў для беларускага селяніна жыд-карчмар, паляк-шляхціч, нават часта вельмі нелюбімы пан-дзедзіч. Прысваенне нацыянальнай свядомасці ў яе навачасных формах пагражала адносна гарманічнаму існаванню гэтага лакальнага свету і з пэўнасцю мусіла яго разбурыць. Таму сяляне часта з вялікай насцярожанасцю  ставіліся да нацыянальнай агітацыі і хаваліся за тутэйшасцю як за шчытом, які бараніў трываласць і адзінства лакальнай супольнасці.

Аднак наступ індустрыялізацыі і масавай культуры капіталістычнага грамадства нястомна падрываў падмуркі традыцыйнага грамадства, і ўсе большая колькасць людзей траціла сувязі з лакальнымі аграрнымі супольнасцямі. Трапляючы ў новы свет жорсткіх капіталістычных адносінаў і масавай культуры, былыя сяляне мусілі вырашаць праблему самаідэнтыфікацыі. Нацыянальныя дзеячы прапаноўвалі ім адчуць сябе сябрамі вялікіх уяўленых супольнасцяў – сучасных нацыяў. Немагчыма дакладна вызначыць, колькі жыхароў Гарадзенскай губ. на мяжы 19 і 20 ст. мелі нацыянальную свядомаць у сучасным значэнні гэтага тэрміну. Натуральна, што гэта былі амаль выключна людзі адукаваныя, прычым не проста “альфабэты”, а тыя, хто меў у пэўнай ступені сфармаваныя перакананні і хаця б спрошчанае веданне гісторыі сваёй нацыі. Таму, на нашу думку, нельга лічыць нацыянальнай свядомасцю дэкларацыю селяніна пра сваю польскасць ці рускасць толькі на падставе рэлігійнай прыналежнасці ці спасылцы на аўтарытэт святара, настаўніка, памешчыка ці чыноўніка. Натуральна, што такая дэкларацыя таксама шмат пра што сведчыла і з’яўлялася важнай прыступкай для далейшага развіцця нацыянальнай самасвядомасці, але толькі прыступкай.

Паводле дадзеных перапісу 1897 г. у Гарадзенскай губ. адукацыю вышэй пачатковай мелі 13 061 чалавек (0,8% ад усяго насельніцтва) Беларусаў сярод іх налічвалася 1 688 (12,9%), у той час як велікарусаў – 6 475 (50%), палякаў – 3 007 (23%). Аднак і ў дадзеным выпадку было б памылковым адназначна атаясамляць дэкларацыю роднай мовы з нацыянальнай свядомасцю нават адносна адукаванай часткі насельніцтва, пра што размова будзе ніжэй. Як справядліва адзначае Рышард Радзік, адной з асаблівасцяў развіцця нацыятворчых працэсаў на абшарах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы з’яўлялася канкурэнцыя паміж рознымі нацыянальнымі мадэлямі ў барацьбе за сялянскае насельніцтва[16]. Ва ўмовах Беларусі, а асабліва яе заходніх рэгіёнаў, азначаная асаблівасць праяўлялася надзвычай выразна. На Гарадзеншчыне, якая была абшарам этнаканфесійнага і цывілізацыйнага сумежжа, праблема выбару нацыянальнай свядомасці становіцца па меры нарастання мадэрнізацыйных хваляў вельмі актуальнай. Найбольш яскравым прыкладам з’яўлялася гісторыя шляхецкай сям’і Іваноўскіх, дзе тры родныя браты зрабілі розны нацыянальны выбар і сталі вядомымі дзеячамі сваіх народаў. І такія выпадкі скрозь здараліся на сумежжы. Так жа як і выпадкі змены сваёй нацыянальнай тоеснасці ў сталым узросце.

Аднак вернемся да пастаўленага пытання: Наколькі істотным быў уплыў мадэрнізацыйных працэсаў у разглядаемым рэгіёне на свядомасць людзей, каб выклікаць яе кардынальныя змены і дынамічнае развіццё нацыятворчых працэсаў? На нашу думку, у перыяд да першай святовай вайны адносна беларускіх земляў, і ў тым ліку Гарадзеншчыны, можна гаварыць яшчэ толькі пра пачаткі кардынальнай мадэрнізацыі і індустрыялізацыі. Натуральна, што яны ўжо даволі адчувальна ўплывалі нават на вясковае жыццё. Аднак у цэлым тагачаснае грамадства Гарадзеншчыны можна з упэўненасцю называць аграрным і пераважна архаічным. На парозе 20 ст. тут існавала перанаселеная, бедная вёска, якая востра адчувала зямельны голад. Можна дастасаваць тут ідэю польскага даследчыка  Марыуша Маршэўскага (якая была выказаная адносна Валыні), што Гарадзеншчына ў цэлым упісвалася ў мадэль развітага аграрнага грамадства, якое Гельнер акрэсліў назвай сегментарнага[17]. У такім грамадстве прысутнічае падзел працы паміж унутрана аднароднымі групамі, якія адначасова часта адрозніваюцца паміж сабой з этнічнага і канфесійнага пункту гледжання. Яны выконвалі розныя задачы ў грамадстве, а культурныя кантакты паміж гэтымі групамі былі моцна абмежаванымі. Толькі з’яўленне індустрыяльнага падзелу працы павінна было прывесці да імклівых зменаў. Тады азначаны падзел працы паміж гэтымі групамі-сегментамі быў бы заменены падзелам працы паміж спецыялізаванымі асобамі, а ўся гетэрагенічнасць грамадства была зліквідаваная пашырэннем нацыянальнай ідэалогіі, якая рабіла аднастайнай яго сацыяльную структуру.

Якраз таму, паводле тэорыі Эрнеста Гельнера, на Гарадзеншчыне пачатку 20 ст. яшчэ не наспелі ўмовы для дынамічнага развіцця нацыятворчых працэсаў. Але несумненным ёсць той факт, што нацыянальнае пытанне належала да найбольш складаных і вострых у палітыцы царскіх уладаў у Паўночна-Заходнім краю. Да таго ж у мясцовым грамадска-культурным жыцці пачатку 20 ст. функцыянавалі тры дастаткова выразна сфармаваныя, хаця безумоўна вельмі розныя па сваёй структуры і зместу, нацыянальныя мадэлі ці ідэі: беларуская, расейская і польская. Гэтыя тры нацыянальныя ідэі мусілі канкураваць паміж сабой у барацьбе за мільёны беларускіх сялянаў, якія яшчэ жылі ва ўмовах данацыянальнага традыцыйнага грамадства. (Мы свядома пакідаем тут па-за ўвагай вельмі цікавае і складанае жыдоўскае пытанне.) Такім чынам, генезіс і развіццё нацыянальных ідэяў на тэрыторыі абранага намі рэгіёну да пачатку 20 ст. немагчыма дастаткова поўна вытлумачыць з дапамогай тэорыі індустрыялізацыі Э.Гельнера.

І таму цікавым, на нашу думку, уяўляецца зварот да постмадэрнісцкіх падыходаў. У апошнія гады вялікую зацікаўленасць сярод даследчыкаў выклікала кніга амерыканскага гісторыка і антраполага Бенедыкта Андэрсана Уяўленыя супольнасці[18]. Аўтар увёў у актыўны навуковы ўжытак тэрмін, які вынесены ў загаловак кнігі. У дадзеным выпадку слова ўяўленыя не азначае прыдуманыя ці сфабрыкаваныя. Даследчык апелюе тут да відавочнага факту, што кожная супольнасць, якая не заснаваная на першаснай беспасярэдняй повязі яе сяброў, мае ўяўлены характар: “Усе супольнасці большыя за першасную вёску, у якой міжчалавечыя кантакты маюць непасрэдны характар (а можа нават і тыя першыя), з’яўляюцца ўяўленымі супольнасцямі”[19].

Адрозненні паміж уяўленымі супольнасцямі, да якіх апроч сучасных народаў належаць, напрыклад, рэлігійныя супольнасці, палягаюць не на тым, што адныя cапраўдныя, а іншыя фальшывыя. Яны залежаць ад стылю іх уяўлення. Паводле Б.Андэрсана, з’яўленню сучасных народоў папярэднічаў крызіс рэлігійных уяўленых супольнасцяў і дынастычных манархіяў, а таксама змены ў разуменні часу. Важнейшай крыніцай фармавання нацыянальнай уяўленай супольнасці стала развіццё кнігадрукавання ці друкаванага капіталізму, што зрабіла магчымай перамогу жывых размоўных дыялектаў над вялікімі сакральнымі мовамі.

У 19 ст. пашыраецца ўрадавы нацыяналізм, калі вялікія дзяржавы пачалі актыўна выкарыстоўваць нацыянальныя лозунгі і фразеалогію ў сваёй палітыцы. У сваю чаргу гэта выклікала развіццё нацыятворчых працэсаў сярод недзяржаўных народаў. Вялікую ролю адыгрывала пашырэнне гістарычных ведаў ці, як называе гэтую з’яву Б.Андэрсан, з’яўленне анёла гісторыі, а таксама выданне этнаграфічных мапаў, статыстычных даведнікаў, стварэнне музеяў і г.д. Б.Андэрсан сцвярджае, што развіццё нацыянальных уяўленняў нельга атаясамляць з развіццём палітычных ідэалогій, такіх як лібералізм ці фашызм. На яго думку, вырашэнню праблемы садзейнічае трактаванне нацыяналізму (аўтар разумее тэрмін нацыяналізм у адпаведнасці з англа-саксонскай традыцыяй – С.Т.), як чагосьці звязанага  з крэўным сваяцтвам ці рэлігіяй. Трэба адзначыць, што Б.Андэрсан быў найперш гісторыкам, які вывучаў Паўднёва-Усходнюю Азію. Ён горш ведаў спецыфіку Еўропы, асабліва Цэнтральнай і Усходняй, дзе найбольшае пашырэнне мела моўна-культурная мадэль сучасных народаў. Тым не менш, на нашу думку, многія яго ідэі можна паспяхова выкарыстаць пры даследаванні развіцця нацыятворчых працэсаў на беларускіх землях.

Паводле падыходу Б.Андэрсана, вытокі працэсу фармаванння ўяўленых супольнасцяў ці сучасных  нацыяў на беларускіх землях трэба шукаць ў 16 ст., калі тут пачынаецца ўласная традыцыя кнігадрукавання ці зараджаецца друкаваны капіталізм. Францішак Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі і інш. закладвалі сваімі друкаванымі выданнямі падмуркі для фармавання беларускай уяўленай супольнасці. Аднак у сілу розных абставінаў традыцыя старабеларускай пісьменнасці была перарваная. На беларускіх землях з сярэдзіны 17 ст. запанавала лаціна- і польскамоўная кніжная культура. Але, нават ужываючы на штодзень польскую мову, мясцовы шляхціч у 17 ст. не меў нацыянальнай тоеснасці ў сучасным разуменні гэтага слова. Перафразуючы выказванне Бенедыкта Андэрсана адносна французскай арыстакратыі, можна сцвярджаць, што на пытанне “Кім ёсць пан Х?” не адказвалі звычайна “Гэта прадстаўнік польскай ці літоўскай знаці”, але гаварылі, што гэты пан Х пляменнік Сапегі ці кліент Радзівілаў. Інакш кажучы, звыклы шляхціч адчуваў найперш сваю прыналежнасць да шырокай сеткі крэўных повязяў і кліентэлы.

Першыя праявы працэсу фармавання народу сучаснага тыпу на абшарах Рэчы Паспалітай можна фіксаваць прыкладна ў другой палове 18 ст. Гэта было абумоўлена шэрагам фактараў, галоўным з якіх трэба назваць уплыў асветніцкіх ідэяў. Пагроза падзелаў дзяржавы з боку магутных суседзяў служыла каталізатарам нацыятворчага працэсу. Аднак гэты працэс развіваўся не на этнічным грунце, а паводле асветніцкай палітычна-грамадзянскай мадэлі, у нечым даволі падобнай на мадэль французскай нацыі. Як адзначыў Рышард Радзік: “Напярэдадні заняпаду Рэчы Паспалітай у ёй фармаваўся асветніцкі палітычны тып нацыі <…>”[20]. Этнічныя падзелы ў дадзеным выпадку не адыгрывалі практычна ніякай  істотнай ролі: “Мова трактавалася элітамі Рэчы Паспалітай перыяду заняпаду як сродак сацыяльнай камунікацыі, які аблягчаў пашырэнне асветніцкіх каштоўнасцяў, інтэграцыю ўсяго грамадства, а не як вызначэнне нацыянальна-культурнай супольнасці этнічнага характару”[21]. Натуральна, што працэс фармавання гэтай супольнасці пашыраецца таксама на абшары ВКЛ і ўкраінскія землі, якія належалі да Кароны. Аднак на ўсходніх абшарах Рэчы Паспалітай у нацыянальнай свядомасці шляхты выяўляліся вельмі выразныя рэгіянальныя асаблівасці. Яна мела падвоеную структуру і кадавалася формулай роду рускага (літоўскага), нацыі польскай[22].

Падзелы Рэчы Паспалітай у канцы 18 ст.  не спынілі працэсу фармавання палітычнай нацыі, для прадстаўнікоў якой тэрыторыя і гістарычна-культурныя традыцыі страчанай дзяржавы па-ранейшаму ўяўляліся ідэалагічнай Айчынай, нягледзячы нават на прысягу новым уладарам. У пэўнай ступені нацыятворчы працэс набыў яшчэ большую дынаміку, паколькі пачуццё крыўды за панесеныя паразы мабілізавала шляхецкую інтэлігенцыю на палітычную і культурную дзейнасць. Так, на пачатку 19 ст. на  Гарадзеншчыне  функцыянавала разгорнутая сетка сярэдніх навучальных установаў з польскай мовай навучання. Гэтыя школы выхоўвалі польскі нацыянальны патрыятызм, які, гэта неабходна яшчэ раз падкрэсліць, меў тэрытарыяльна-палітычны, а не этнічны характар. Аб гэтым, напрыклад, сведчаць прыклады экзаменацыйных пытанняў  па літаратуры ў мясцовых базыліянскіх школах за 1822 г.: У якім стагоддзі пачалася гісторыя Польшчы? Як хрысціянства паўплывала на развіццё асветы ў Польшчы? Калі прыйшлі ў Польшчу езуіты, піяры? На якія перыяды можна падзяліць гісторыю Польшчы?[23] 

Разам з тым, узрост зацікаўленасці старажытнай гісторыяй свайго краю, рамантычнае захапленне культурай простага люду, якая ўяўлялася рэшткамі таямнічага паганскага свету,  адначасова ўзмацнялі ў асяроддзі адукаванага грамадства Беларусі і Літвы пачуццё адрознасці ад караняжаў – жыхароў этнічнай Польшчы, павялічвалі значэнне другой часткі формулы самаакрэслення – мы роду літоўскага (рускага). Гэта спараджала магчымасць варыятыўнасці нацыянальнага самавызначэння ў будучым. Варта адзначыць, што на пачатку 19 ст. вывучэнне гісторыі ў мясцовых школах звычайна абмяжоўваліся разглядам антычнай эпохі альбо агульнапольскай гісторыі паводле падручніка Т.Вагі Historia książat i królów Polskich (1770 г.)[24], які толькі ў 1818 г. быў дапоўнены Яўхімам Лелявелем раздзеламі па гісторыі Беларусі і Літвы. Царская ўлада ў той час таксама ўжо разумела значэнне гістарычных ведаў у выхаванні моладзі. Таму невыпадкова, што з 1825 г. абавязковым прадметам у сярэдніх школах Беларусі стала гісторыя Расеі, выкладаная па-расейску[25].

Можна сцвярджаць, што ў першай трэці 19 ст. большасць шляхты на Гарадзеншчыне яшчэ не ўяўляла магчымасці ўтварэння ў будучым самастойнай беларускай нацыі. Яскравым прыкладам тут з’яўляецца разуменне месца і гісторыі беларускага краю вялікім паэтам Адамам Міцкевічам, які быў патрыётам гістарычнай Літвы і называў беларускую мову самай чыстай сярод славянскіх моваў. Разам з тым і ён не бачыў беларусаў у якасці самастойнага суб’екту гісторыі, пра што выразна сведчаць вытрымкі з яго лекцый па гісторыі славянскіх літаратураў, прачытаных у Францыі: “Гэты спрадвеку славянскі край (беларускія і ўкраінскія землі – С.Т.) не мае сваёй назвы, бо не ўтварае (асобнай) дзяржавы, але схіляецца то да ляшскай сістэмы, то да расйескай улады. Гэтыя землі былі заваяваныя Рурыкавічамі, і ад той заваёвы носяць назву “рускіх земляў”. Літвіны захавалі гэтую назву, як напамін пра даўнюю заваёву, а палякі, падпарадкаваўшы іх сабе, адрозніваюць у сваёй мове “рускія землі” ад Расейскай дзяржавы <...> Гэтая вялікая краіна была сведкам бітваў паміж Польшчай і Расеяй. На гэтым абшары сутыкнуліся дзве рэлігіі – каталіцкая і праваслаўная. Шляхецкая Рэч Паспалітая палякаў і сістэма расейскага самаўладдзя вялі тут зацятую барацьбу”[26].

Разам з тым, таксама можна сцвярджаць, што прынамсі для часткі мясцовай шляхецкай інтэлігенцыі характэрным было пачуццё мясцовага патрыятызму, якое ўжо выкрочвала за рамкі звычайнага рэгіяналізму і ўступала ў супярэчнасць з агульнапольскім  разуменнем ідэалагічнай Айчыны. Да іх, несумненна, належаў ураджэнец Пружанскага пав. Ігнат Кулакоўскі, гісторык-аматар і краязнаўца, які служыў у розных губернскіх установах. Ён напісаў у 1834 г. грунтоўную запіску на імя міністра народнай асветы, у якой прапанаваў увесці ў навучальныя курсы мясцовых дзяржаўных установаў “ясное, систематическое изложение <...> истории Западных губерний под исключительным названием истории Края”, паколькі “события, относящиеся к Западным губерниям, обыкновенно или совершенно поглощены историею поляков или едва упомянуты в истории России, а потому доселе составляют в наших училищах науку, слабо занимающую юношество[27]. Апроч таго І.Кулакоўскі таксама выступаў за “тщательное изучение наречий, бо простонародный язык – это граница, природою начертанная между народами. Азначаны праект быў пакінуты ўрадам без увагі, паколькі супярэчыў ўзятаму царскай уладай пасля паўстання 1831 г. курсу на культурна-нацыянальную асіміляцыю г.зв заходніх губерняў. Погляд Кулакоўскага цікавы тым,  што ён належаў  прадстаўніку дробнапамеснай мясцовай шляхты каталіцкага веравызнання, выхаванаму ў польскамоўнай культуры, але які ўжо меў элементы ўласна беларускай нацыянальнай свядомасці. Варта ўзгадаць, што ўнучка І.Кулакоўскага стала вядомай беларускай паэткай Зоськай Верас (літаратурны псеўданім Людвікі Сівіцкай)

З пункту гледжання магчымасці развіцця адрознай ад польскай  (у грамадзянска-палітычным разуменні) нацыянальнай ідэнтычнасці  ідэальнай сацыяльнай групай на пачатку 19 ст. з’яўлялася мясцовае уніяцкае духавенства. Формула роду рускага, нацыі польскай не зусім задавальняла уніяцкіх святароў і іх сыноў (паповічаў), якія часта ішлі ў навуку і на дзяржаўную службу. Інтэлігенты уніяцкага паходжання не забываліся пра свае адметныя культурна-цывілізацыйныя карані і, апроч таго, мелі пэўныя псіхалагічныя праблемы з адаптацыяй у шляхецкае каталіцкае асяроддзе, якое часамі трактавала іх даволі зняважліва. Разам з тым яны адчувалі культурную іншасць і ў стасунку да прадстаўнікоў расейскіх уладаў і прыезджага праваслаўнага духавенства і чыноўніцтва. Вельмі важным было тое, што прыходскія святары добра ведалі жыццё простага народу, яго мову і культуру.

Таму невыпадкова, што менавіта выхадцы з уніяцкага духавенства адыгралі вельмі важную ролю ў станаўленні гістарыяграфіі Вялікага Княства Літоўскага ў сценах Віленскага універсітэта і вывучэнні кніжнай культурнай спадчыны гэтай дзяржавы. Дастаткова ўзгадаць Міхала Баброўскага, Ігната Даніловіча, Ігната Анацэвіча, Платона Сасноўскага, Антона Марціноўскага. Ёсць нават сведчанні, што ў гэтым асяроддзі існавала думка адрадзіць да жыцця старабеларускую мову Статута і іншых помнікаў пісьменнасці эпохі ВКЛ. Аднак беларуская, назавем яе так, плынь у асяроддзі уніяцкага духавенства так і не змагла канчаткова сфармавацца і выразна сфармуляваць падставы сваёй асобнай нацыянальнай тоеснасці, ды і, выглядае на тое, не мела нават шанцаў у існаваўшых палітычных умовах. Пасля ліквідацыі уніі абсалютная большасць тады ўжо праваслаўнага прыходскага духавенства захоўвала лаяльнасць да царскай улады, разглядаючы яе як гаранта свайго матэрыяльнага дабрабыту. Але выхадцы з гэтага асяроддзя па-ранейшаму адыгрывалі вялікую ролю ў вывучэнні беларускай этнічнай культуры. Тут дастаткова ўзгадаць прозвішчы Івана Насовіча і Паўла Шпілеўскага.

Не падлягае сумненню, што адным з важнейшых фактараў развіцця нацыятворчых  працэсаў на беларускіх землях у 19 ст. стала нацыянальная палітыка ўладаў Расейскай імперыі, скіраваная на поўную інтэграцыю абшараў былой Рэчы Паспалітай з этнічна-велікарускімі губернямі. Адносна першай трэці 19 ст. складана гаварыць пра расейскую нацыянальную свядомасць ў сучасным разуменні гэтага тэрміну. Кіруючыя колы Расейскай імперыі і значная частка адукаванага грамадства разглядалі народ у катэгорыях пераважна тэрытарыяльна-дзяржаўных, а самадзяржаўе прынамсі дэкларавала аднолькавае стаўленне да ўсіх падданых, нягледзячы на рознае пляменнае паходжанне і веравызнанне. І ў пэўных адносінах такія дэкларацыі часам адпавядалі рэчаіснасці, паколькі іншародцы маглі займаць самыя высокія пасады ў дзяржаўным апараце. Дынастычная манархія цароў і асабістая адданасць самадзержцу цэментавалі тую ўяўленую супольнасць, якая кантралявала абшары вялізнай імперыі.

Аднак паступова назіраецца насычэнне дзяржаўнай ідэалогіі этнічным зместам. Як адзначае Рышард Радзік: “Распад Рэчы Паспалітай паўплываў на эвалюцыю разумення народу і палякамі, і расейцамі <…> Ідэя расейскага народу напаўнялася культурным зместам у Заходніх губ. хутчэй, чым у Цэнтральнай Расеі, бо сутыкалася тут з польскасцю <…>”[28]. Такім чынам, сама расейская нацыянальная ідэалогія развівалася ў значнай ступені пад уплывам польскага руху. У дадзеным выпадку пад “польскім” мы разумеем рух за адраджэнне суверэнітэту Рэчы Паспалітай і незалежнасць яе палітычнага народу. На думку Б.Андэрсана, менавіта паўстанні на далучаных Заходніх землях спрычыніліся ў значнай ступені да сфармавання ўрадавага  расейскага нацыяналізму[29]. Нездарма ў 30-х гадах нараджаецца славутая формула графа Уварава: самадзяржаўе, праваслаўе, народнасць. А ў заканадаўстве і  афіцыйным справаводстве дзяржаўных  установаў у Заходніх губернях усё часцей з’яўляюцца тэрміны  рускі дух, чыста рускае паходжанне і г.д. У будучым гэты працэс павінен быў непазбежна прывесці да разбурэння велізарнай шматэтнічнай імперыі.

Царскае самадзяржаўе было ўпэўненым, што скасаванне уніі ў 1839 г. наблізіла да яго просты люд Беларусі. Што ж тычыцца шляхты, дык тут галоўная роля адводзілася сістэме адукацыі, якая менавіта ў 1830-х г. пераводзіцца на расейскую мову. З гэтага часу можна гаварыць пра актыўную экспансію расійскай культуры пры падтрымцы ўрадавага нацыяналізму  ў г.зв заходніх губернях. Аднак адукаваных расейцаў тут было настолькі мала, а традыцыі мясцовай польскамоўнай культуры настолькі моцнымі і трывалымі, што азначаная палітыка царызму напачатку, здавалася, папросту не мела шанцаў на поспех.

Як у той час сучаснікі разумелі этнічную сітуацыю на Гарадзеншчыне? У польскіх статыстычных выданнях уся мясцовая шляхта далучалася да палякаў, а сяляне – да русінаў і літвінаў. Царскія ўлады азначанае пытанне напачатку мала турбавала. Ва ўрадавых статыстыках падаюцца толькі дадзеныя пра саслоўную структуру насельніцтва. Паводле этнаканфесійнай прыкметы звычайна вылучаліся толькі жыды, татары, расейскія стараверы і нямецкія каланісты. Галоўнай прычынай гэтага былі асобныя маёмасныя правы і прывілеі. Пасля паўстання 1831 г. узрасла цікавасць уладаў да канфесійнай структуры мясцовага насельніцтва. І толькі пачынаючы з 40-х г. 19 ст. урад спрабуе высветліць этнічную структуру жыхароў Гарадзеншчыны. Прычым ініцыятыва зыходзіла ад Расейскай акадэміі навук, а дакладней – ад галоўнага дзяржаўнага статыстыка Пятра Кепэна. Цікава, што мясцовыя чыноўнікі часта разглядалі гэтую справу як непатрэбную страту часу. Ва ўрадавых статыстыках мясцовая шляхта зноў жа называлася палякамі, а сяляне – рускімі і літоўцамі. Толькі сяляне заходняй часткі Беластоцкага і Бельскага пав. Гарадзенскай губ. акрэсліваліся як мазуры.

Надзвычай цікавай крыніцай для разумення тагачасных уяўленняў з’яўляюцца так званыя прыходскія спіскі, якія складаліся ў 1857 г. духавенствам паводле прадпісання дзяржаўных уладаў. Так, у  прадстаўленых дадзеных каталіцкія ксяндзы на Гарадзеншчыне пераважна далучалі сваіх парафіянаў да літоўскай і польскай народнасцяў. Прывядзем тут некалькі прыкладаў з Гарадзенскага дэканату[30]. Пробашч Індурскай парафіі далучаў парафіянаў да “польско-литовскога племени”. Ксёндз з Вялікіх Эйсмантаў называў іх палякамі і хлопамі (мужыкамі – С.Т.) Пробашч з Квасоўкі цвердзіў, што яго парафіяне “племени <> литовского <> вообще разговаривают языком белорусским”. Ксяндзы з Малой Бераставіцы і Крынак далучылі вернікаў “да племени ядвинго-литовского”. Цікава, што сапраўдных этнічных літоўцаў з Перавалкаўскай парафіі тамтэйшы святар залічыў да палякаў. Такім чынам, дадзеныя прыходскія спісы акрэслівалі хутчэй не этнічную структуру мясцовага насельніцтва, а гістарычныя ўяўленні і погляды самаго духавенства, што, несумненна, таксама робіць іх вельмі важнай крыніцай для даследавання развіцця нацыянальнай тоеснасці.

Сітуацыя ў сферы этнаканфесійных стас