БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 6 / 2002

ГІСТАРЫЯГРАФІЯ

Пра разуменне паняццяў “нацыя” і “этнас” у сучаснай айчыннай гістарыяграфіі

Марыяна Сакалова
(Менск)

У апошнія дзесяцігоддзі беларускія гісторыкі вельмі актыўна займаліся даследаваннямі, прысвечанымі праблемам нацыі і этнасу. Між тым да сённяшняга дня не выпрацаваная паслядоўная канцэпцыя фармавання беларускай нацыі і зусім няшмат агульнапрынятых “ісцін” у інтэрпрэтацыях нацыі і этнаса. Вельмі важным для распрацоўкі такой канцэпцыі з’яўляецца тэарэтычны аналіз працаў, у якіх закранаюцца названыя вышэй праблемы. Відавочна, што паўнацэнным гэты аналіз можа стаць толькі ў выніку супрацоўніцтва даследчыкаў розных перыядаў гісторыі Беларусі. Аўтар спадзяецца, што агляд шэрагу акадэмічных выданняў[1], які прапануецца ў дадзеным артыкуле, стане адным з крокаў на шляху стварэння лагічна несупярэчлівай і метадалагічна абгрунтаванай гісторыі беларускай нацыі/этнасу.

Зразумела, што падыходы да распрацоўкі гісторыі этнаса і/ці нацыі залежаць ад інтэрпрэтацыі гістарычнага працэсу, якая, у сваю чаргу, засноўваецца на той ці ішай канцэптуальнай мадэлі гісторыі[2]. Так, на аснове цыклічнай і стадыяльнай мадэляў былі распрацаваныя, адпаведна, цывілізацыйны і фармацыйны падыходы да інтэрпрэтацыі гісторыі. Прыхільнікі фармацыйнага падыходу лічаць, што чалавецтва рухаецца па шляху, этапамі якога з’яўляюцца племя, народ і нацыя. Пры гэтым нацыя разглядаецца як фармацыйна канкрэтны, інтэграваны ўнутраным рынкам і сродкамі камунікацыі феномен новага і навейшага часу. Прыхільнікі цывілізацыйнага падыходу часцей карыстаюцца паняццем этнічнасці, якую разумеюць як сацыяльна-псіхалагічны і культурна-гістарычны феномен, у аснове якога ляжыць накоплены стагоддзямі асэнсаваны соцыумам унікальны вопыт ва ўсіх сферах індывідуальнага і грамадскага жыцця. Такім чынам, для фармацыйнага падыходу ключавой з’яўляецца праблема фармавання нацыі як сацыяльна-палітычнага феномену новага часу, а для цывілізацыйнага – праяўленне этнічнасці як культурна-гістарычнага феномену ў розныя эпохі.

Па добра вядомых прычынах у айчыннай гістарыяграфіі доўгі час бесканкурэнтна дамінаваў фармацыйны падыход, тэарэтыка-ідэалагічную аснову якога складаў марксізм, спалучаны з эвалюцыянісцкімі ідэямі Льюіса Генры Моргана і Фрыдрыха Энгельса. Стадыяльныя тыпы “гістарычных супольнасцяў” – плямёны, народнасці, нацыі - разглядаліся ў адпаведнасці з грамадска-эканамічнымі фармацыямі. Класічнае для савецкай гістарыяграфіі вызначэнне нацыі было сфармуляванае Іосіфам Сталіным у кнізе “Нацыяналізм і нацыянальнае пытанне” (1913): “Нацыя – гэта гістарычна склаўшаяся ўстойлівая супольнасць людзей, якая ўзнікла на базе агульнасці мовы, тэрыторыі, эканамічнага жыцця і псіхічнага складу, што праяўляецца ў агульнасці культуры”[3]. У пачатку 1950-х было заўважана, што тэрмін “гістарычныя супольнасці людзей” у дачыненні да трыяды “племя-народнасць-нацыя” быў недакладны, бо мог азначаць таксама дзяржаўныя, рэлігійныя ці іншыя супольнасці. Таму ён быў заменены словазлучэннем этнічныя супольнасці людзей. Разам з гэтым у савецкія грамадскія навукі ўвайшоў і тэрмін этнас[4].

Шырокае распаўсюджанне гэтага тэрміну звязанае з навуковай дзейнасцю Юліана Брамлея, які ў 1966 – 1989 г. быў дырэктарам Інстытута этнаграфіі АН СССР[5]. Трэба адзначыць, што ўвядзенне паняцця этнас у грамадскія навукі мела не навуковыя, а сацыяльна-інстытуцыйныя прычыны. У намеры Ю.Брамлея не ўваходзіла мадэрнізацыя марксісцкай тэорыі нацыяналізму. Ён імкнуўся да павышэння статусу сваёй спецыяльнасці ў палітыцы і стварэння манаполіі ў навуковых даследаваннях нацыянальнасцяў”[6]. Па логіцы Брамлея, паміж назвай гістарычнай дысцыпліны і абектам яе даследавання  не павінна існаваць супярэчнасці, таму  этнографы павінны займацца этнасамі. Далей ён вызначыў этнас не ў традыцыйным сэнсе, як супольнасць архаічнага характару, а як народ наогул[7]. Пры гэтым тэрмін этнас, па Брамлею, адносіўся толькі да тых выпадкаў ужывання слова народ, калі ім пазначаліся супольнасці людзей, якія мелі саманазвы[8]. Такі ж наміналісцкі падыход адлюстраваўся і ў трактоўцы Ю.Брамлеем тэрмінаў нацыя і нацыянальнасць”: Тэрмін нацыя ў нашай літаратуры, як правіла, служыць для азначэння сукупнасці людзей аднаго этноніму, якія жывуць у межах адной дзяржавы <…> Для азначэння людзей аднаго этноніму, якія жывуць на аддалёных несумежных тэрыторыях <…> часцей выкарыстоўваецца тэрмін нацыянальнасць[9]. Такім чынам атрымалася, што этнас – гэта людзі аднаго этноніму”, нацыя – людзі аднаго этноніму”, якія жывуць у межах адной дзяржавы, а нацыянальнасць – людзі аднаго этноніму”, якія жывуць у розных дзяржавах. Праблема выдзялення этнасу сярод іншых чалавечых супольнасцяў набыла для Ю.Брамлея характар пытання: Што абядноўвае людзей аднаго этноніму”[10] У выніку слова этнонім набыло канцэптуальную каштоўнасць, а тэрмін этнас быў прыняты за абект сам па сабе. Думка ператварылася ў рэч, зменлівыя адносіны – ў нязменныя сутнасці.

У святле пададзеных фактаў не выклікае здзіўлення вызначэнне этнасу як “гістарычна склаўшайся на дадзенай тэрыторыі ўстойлівай міжпакаленнай сукупнасці людзей, якія маюць не толькі агульныя рысы, але і адносна стабільныя асаблівасці культуры (у тым ліку і мовы) і псіхікі, а таксама ўсведамленне сваёй еднасці і адметнасці ад усіх іншых падобных утварэнняў (самаўсведамленне), якое зафіксаванае ў саманазве (этноніме)”[11]. Недарэчнасць такога вызначэння неаднаразова адзначалася даследчыкамі. Якасць класічнага вызначэння этнасу такая, што нават савецкі партыйна-дзяржаўны апарат падыходзіць да яго, - заўважыў, напрыклад, Святлана Луре. - Гістарычна склаўшаяся на пэўнай тэрыторыі ўстойлівая сукупнасць людзей – у наяўнасці. Асаблівасці мовы? Ці апаратна-канцылярскі жаргон не зяўляецца новамовай? Асаблівасці культуры? Сферу матэрыяльнай культуры лепш не абмяркоўваць, а ёсць жа яшчэ асобныя рытуалы, правілы паводзінаў і г.д. Самаўсведамленне сваёй супольнасці і адзінства інтарэсаў, а таксама вядомае супрацьпастаўленне мыяны тут мацней, чым у іншых народаў. Што уваходзіць у саманазву? Наменклатура, лепшыя людзі, сапраўдныя камуністы, нашыя”<…> Дарэчы, апарат мае і такую прыкмету як эндагамія <…> Атрымліваецца, што этнас <…> не адрозніваецца ад іншых відаў сацыяльных супольнасцяў” [12].

У выніку гісторыкі пачалі адвольна вызначаць любыя супольнасці і групы ў гісторыі як этнічныя. Пры гэтым адпраўным пунктам для іх даследаванняў станавілася наменклатурная класіфікацыя сучасных народаў. Больш таго, разам з тэрмінам этнас у фармацыйную парадыгму ўводзіліся элементы, уласцівыя цывілізацыйнаму падыходу. Паколькі этнас паводле Ю.Брамлея зяўляўся эквівалентам тэрмінаў нацыя, нацыянальнасць, народнасць, племя[13] і вызначаў нешта агульнае для ўсіх пералічаных паняццяў, заканамернай была выснова, што “ў тым ці іншым абліччы этнічнасць існуе заўсёды[14]. Такім чынам, традыцыйная для фармацыйнага падыходу трыяда племя-народнасць-нацыя замянялася неакрэсленым этнасам. Пры гэтым жорсткая прывязка трыяды да эканамічных умоваў і палітычнай структуры кожнай стадыі не аспрэчвалася і не пераасэнсоўвалася, а толькі заблытвалася[15]. Тэрміналагічная блытаніна правакавалася яшчэ і тым, што тэрміны этнас і нацыя часткова атаясамліваліся. Хоць Ю.Брамлей і трактаваў этнас як пераважна культурную супольнасць, ён адзначаў сутнасную ролю ў фармаванні і функцыянаванні, калі не ўсіх, то, ва ўсялякім выпадку, большасці этнасаў эканамічнага, а таксама палітычнага (дзяржаўнага) фактара”[16].

Разам з тым, увядзенне паняцця “этнас” у савецкія грамадскія навукі замацавала пазіцыі існаваўшай з часоў Ф.Энгельса і Л.Моргана соцыябіялагічнай тэорыі нацыі/этнасу, што стала асновай шэрагу супярэчнасцяў. Прыхільнікі гэтага падыходу прызнаюць этнас “першасным” аб’ектам, які фактычна існуе незалежна ад сацыяльных і палітычных уздзеянняў. Адной з важнейшых прычынаў фармавання і развіцця этнасу яны лічаць натуральны адбор, звязаны з арыентацыяй на родзічаў. Пры гэтым этнічныя характарыстыкі вызначаюцца такімі аб’ектыўнымі фактарамі, як спадчыннасць, спецыфіка ландшафта і клімата, у якім існуе народ, культурнае ўздзеянне і сілавы ціск суседніх народаў, гістарычная пераемнасць. Менавіта гэтыя погляды, засвоеныя беларускімі гісторыкамі і этнографамі, адлюстраваліся ў такіх акадэмічных выданнях, як “Гісторыя Беларусі”, “Нарысы па гісторыі Беларусі”, “Беларусы: вытокі і этнічнае развіццё”.

У першым томе “Гісторыі Беларусі” за пачатковую эвалюцыйную адзінку гісторыі этнасу бярэцца папуляцыя[17]. Працэс этнагенезу прасочваецца, перш за ўсё, на аснове антрапалагічных і этнаграфічных дадзеных[18]. Этнагенетычная роднасць, геаграфічна-кліматычныя фактары лічацца аднымі з важнейшых фактараў не толькі пачатковых стадыяў этнагенезу, але і фармавання “беларускай народнасці” ў 14 – 16 ст.[19] Нават, калі гаворка ідзе пра 19 ст. падкрэсліваецца, што “перадумовай фармавання этнасаў з’яўляецца агульнасць тэрыторыі, з якой непарыўна звязаныя пэўныя прыродна-геаграфічныя і кліматычныя ўмовы, раслінны і жывёльны свет, а значыць і характар працоўнай дзейнасці людзей[20], іх побыт, матэрыяльная і духоўная культура, фармаванне і развіццё агульнай мовы, звычаяў і традыцый, нормаў маралі і г.д.”[21]

Такім чынам, пры пануючым у айчыннай гістарыяграфіі эвалюцыйна-гістарычным падыходзе этнічнасць тлумачыцца пераважна з дапамогай эвалюцыйна-генетычных ідэй праз дадзеныя антрапалогіі і этнаграфіі. Бясспрэчна, антрапалогія дае звесткі пра сувязі сучаснага і старажытнага насельніцтва, пра г.зв натуральна-біялагічны субстрат этнасаў. Але ж этнічныя групы (этнасы) не толькі характарызуюцца біялагічным узнаўленнем. Яны падзяляюць базавыя культурныя каштоўнасці, што адлюстроўваюцца ў знешнім адзінстве культурных формаў; утвараюць адзіныя “палі” камунікацыяў і ўзаемадзеянняў; забяспечваюць ідэнтыфікацыю для сяброў сваёй групы і прызнанне іх іншымі групамі.

У гэтай сувязі трэба адзначыць, што айчынныя гісторыкі часта гіпастазуюць лінгвістычныя, археалагічныя і этнаграфічныя класіфікацыйныя катэгорыі. У першым томе новай шасцітомнай “Гісторыі Беларусі” адзначаецца, што “паводле этнічнай прыналежнасці балцкім можна лічыць насельніцтва трох асноўных культураў Беларусі гэтага часу (І тыс да. н.э.): днепра-дзвінскай, мілаградскай і культуры штрыхаванай керамікі”[22]. Але тэрмін “балцкі субстрат”, выпрацаваны ў гістарычнай дыялекталогіі, азначае плямёны “балцкай моўнай групы” (а не этнас!). Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што гістарычная дыялекталогія вывучае развіццё дыялекта, як сістэмы ў прынцыпе, без прывязкі да канкрэтнага народу. Звяртаючыся ў далёкае мінулае, лінгвісты рэканструююць структуру многіх моваў, але мала што даведваюцца пра народы, якія на гэтых мовах размаўлялі. Прадмет гістарычнай дыялекталогіі – не гісторыя фармавання арэалу і межаў дыялекта, не гісторыя насельніцтва (дэмагенез), не гісторыя этнаса (этнагенез), а гісторыя дыялекта, гісторыя формы рэгіянальнай мовы[23].

Сітуацыя заблытваецца яшчэ больш, калі аўтары пачынаюць разважаць аб этнічнай прыналежнасці (!) калочынскай археалагічнай культуры, якую “некаторыя даследчыкі ўключаюць у балцкі этнічны масіў. Яны ўказваюць на адсутнасць генетычных сувязяў з мясцовымі ўсходнеславянскімі старажытнасцямі наступнага перыяду і на распаўсюджанне балцкіх назваў рэк <…> другія даследчыкі гавораць пра славянскі характар калочынскіх помнікаў. Трэція лічаць, што калочынская культура балцкая, але знаходзілася пад моцным уплывам славянаў”[24].

Але ж простым налажэннем лінгвістычных (балцкі масіў), археалагічных (калочынскія помнікі) ці этнаграфічных (калочынская культура) картаў і фактаў ў рамках традыцыйнага эвалюцыйна-гістарычнага падыходу нельга атрымаць адэкватнае гістарычнае ўяўленне пра этнас. Палявы матэрыял гэтых навуковых дысцыплінаў на практыцы дазваляе супаставіць толькі геаграфію і храналогію, часам – паходжанне асобных элементаў, не выходзячы за рамкі пачатковага дэскрыптыўнага апісання зыходнага эмпірычнага матэрыялу. Нельга канструяваць гісторыю этнасу на аснове археалагічных помнікаў. Мяжу археалагічных ведаў вызначае ключавая з даследчыцкіх аперацыяў гэтай навукі – перабудова (ўключэнне) “камплекту помнікаў” у “тапахрон” (сістэмнае апісанне гэтай сукупнасці ў каардынатах ”археалагічнай прасторы-часу”). Этнолаг Валеры Аляксеяў адзначаў, што археалогія “нагадвае этнаграфію, з якой поўнасцю выключаныя любыя ўяўленні пра народ, этнаграфію, у якой няма людзей, а засталіся толькі прадметы быта, гаспадарчыя прылады, пабудовы”[25].

Аднак адвольнымі і ўмоўнымі часта з’яўляюцца і этнаграфічныя дадзеныя. Яскравым у гэтых адносінах з’яўляецца прыклад, прыведзены этнографам Мікалаем Буцінавым. Ён паказаў, што межы рассялення папуаскіх плямёнаў Новай Гвінеі, якія, як правіла, не маюць саманазвы, у вялікай ступені залежаць ад таго, дзе знаходзяцца і праводзяць палявыя даследаванні этнографы. Калі б апошнія жылі ў іншых вёсках ці рухаліся па іншых маршрутах, то і межы племянных тэрыторый былі б іншымі[26].

Да шэрагу гэткіх жа прыкладаў можна аднесці і сітуацыю на Беларусі ў 19 ст., калі беларуская мова вызначалася як дыялект рускай або польскай у залежнасці ад паходжання даследчыкаў-мовазнаўцаў. З іншага боку, фармалізаваныя падыходы да вывучэння эвалюцыі чалавечых супольнасцяў прыводзіць да анахранічных уяўленняў[27]. Як адзначыў М.Крукаў, мы жывем у эпоху інтэнсіфікацыі этнічных працэсаў, калі ўзаемаадносіны паміж этнасамі ў большасці выпадкаў праяўляюцца адметна і выразна. Але гісторыя чалавецтва  ведала зусім іншыя перыяды. У якасці прыклада ён прывёў звесткі пра аўстралійскіх абарыгенаў. “Тое, што называецца племенем у Аўстраліі, уяўляе сабой адносна аморфную супольнасць з вельмі ўмоўнымі межамі, - пісаў даследчык. - Гэтая супольнасць лакалізавалася на пэўнай тэрыторыі, аднак межы апошняй характарызаваліся адноснай умоўнасцю і рухавасцю. З лінгвістычнымі, соцыякультурнымі і генетычнымі межамі такая супольнасць супадала толькі ў тэндэнцыі. Часта яна не мела нават саманазвы”[28]. Ці не маглі так выглядаць і аб’яднанні ўсходніх славянаў у 8 – 9 ст., якія наўрад ці можна характарызаваць як ”устойлівыя этнічныя супольнасці”[29].

Сучасныя гісторыкі ўсе часцей адзначаюць, што сведчанні матэрыяльнай культуры і этнаграфічныя дадзеныя (сістэма будоўлі, асаблівасці керамічнай вытворчасці, характэрныя рысы пахавальнага абраду) не дазваляюць вызначыць спецыфічныя рысы, дзякуючы якім можна акрэсліць тэрыторыю славянскіх плямёнаў. Так, напрыклад, украінскія навукоўцы Л.Іванчанка і А.Моця паказалі, што выказванні пра аўтахтоннасць палянаў (Барыс Рыбакоў) і пра тое, што ў склад палянаў уваходзілі летапісныя харваты, дулебы, бужане, валыняне, улічы і ціверцы (Міхаіл Брайчэўскі) не маюць пераканаўчага факталагічнага падцверджання. Больш абгрунтаванай яны лічаць версію, што палянскае аб’яднанне з самага пачатку сваёй гісторыі пачало фармавацца на рознаплемянной аснове. У яго склад увайшлі не адзін ці некалькі племянных саюзаў, а толькі асобныя плямёны, якія і стварылі новую тэрытарыяльную супольнасць. Гэта, па меркаванню аўтараў, маглі быць групы драўлянаў, северанаў і улічаў, якія жылі па берагам шляху “з варагаў у грэкі”[30]. Менавіта рознаплемянны склад спрыяў больш хуткай трансфармацыі кансерватыўных па сваёй сутнасці племянных адносінаў. Можна меркаваць, што аналагічныя працэсы праходзілі і ў некаторых іншых усходнеславянскіх рэгіёнах, у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі (напрыклад, на полацкіх землях)[31]. Гэта ж паказаў і Вячаслаў Насевіч, які адзначыў, што некаторыя племянныя асаблівасці захаваліся да нашых дзён у форме лакальных этнаграфічных зонаў, аднак “не яны ляглі ў аснову сучасных этнасаў, паколькі зусім не супадаюць з імі тэрытарыяльна”[32].

   Бясспрэчна, што “ў час заняпаду родаплемяннога грамадства і ў перыяд ваеннай дэмакратыі складваліся сацыяльна-палітычныя супольнасці, аб’яднаныя адзінай уладай, адноснай агульнасцю гаспадарча-культурнага жыцця, тэрыторыі і інш”[33]. Але княжанні рубяжа 1-2 тыс. таксама нельга лічыць “этнасацыяльнымі супольнасцямі”[34]. Пра гэта сведчаць, напрыклад, апісанні г.зв. дружыннай культуры, якая характарызавалася “гібрыдамі” – рамесніцкімі вырабамі, зробленымі з выкарыстаннем розных тэхналагічных прыёмаў і мастацкіх традыцыяў. Яшчэ больш паказальным у гэтых адносінах з’яўляецца эвалюцыя семантыкі слова “русь”. Першапачаткова назва “русь”, выступала ва Усходняй Еўропе як сацыёнім і азначала княскую дружыну, дружынна-гандлёвы слой. Паступова значэнне слова пашырылася да макроніма “Русь”, які азначаў ужо падначаленую іерархіі гэтага  слоя “рускую зямлю”, і, урэшце рэшт, па меры яе хрысціянізацыі, аб’яднаў ўсё хрышчонае насельніцтва рэгіёна паняццем “людзі рускія”[35].

У святле вышэй адзначанага здаецца спрэчным сцвярджэнне, што “ў сярэднявеччы ў выніку асіміляцыі розных этнічных утварэнняў фармаваліся народнасці”[36], бо існаванне гэтых самых “этнічных утварэнняў” не з’яўляецца несумненна даказаным фактам[37]. Супярэчлівасць і недаказанасць пасылак прыводзіць да высноваў, якія ў рамках прынятай самімі даследчыкамі брамлееўскай традыцыі аказваюцца памылковымі. Так, аўтары кнігі “Беларусы: вытокі і этнічнае развіццё” падзяляюць прынятую яшчэ ў савецкія часы трактоўку этнасу[38], але робяць выснову, якая цалкам супярэчыць ёй: “Па тыпу этнасу беларусы ніколі не былі племенем, а з самага пачатку фармуюцца як народ – тып этнасу, які знаходзіцца на высокай стадыі развіцця культуры”[39].

   Шмат недарэчнасцяў можна заўважыць таксама ў вывучэнні пазнейшай гісторыі сярэднявечча. Так, у першай частцы “Нарысаў гісторыі Беларусі” чытаем, што “працэс фармавання беларускай народнасці, як і ўсякага этнасу, развіваўся ва ўзаемадзеянні з геаграфічна-кліматычнымі, сацыяльнымі і непасрэдна этнічнымі фактарамі”[40]. Пад уласна этнічнымі фактарамі аўтары разумеюць этнагенетычную роднасць усходнеславянскіх народаў, гістарычныя традыцыі, моўную блізкасць, адзінства веравызнання, “многія рысы метаэтнічнай самасвядомасці”, эканамічныя і духоўныя сувязі[41]. Не будзем спыняцца на відавочнай тэарэтычнай неахайнасці прыведзенага вышэй вызначэння, пакінем за дужкамі і неабходнасць адрознення этнаўтваральных і этнадыферэнцыруючых фактараў. Звернемся да найбольш бясспрэчнага ў прынятай аўтарамі парадыгме крытэрыя – саманазвы, у якой праяўляецца этнічная свядомасць[42]. “Выразнай асаблівасцю этнічнай самасвядомасці беларускай народнасці ў той час (14 – 15 ст. - М.С.) быў значны ўплыў “зямляцкай” самасвядомасці (“палачанін”, “віцеблянін”), якая суіснавала побач з больш шырокімі этнічнымі ўяўленнямі (“беларусы”, “рускія”), і рэлігійных традыцый”, - адзначаюць аўтары “Нарысаў”[43]. Праз некалькі старонак знаходзім зусім іншыя звесткі. “У большасці пісьмовых крыніцаў 14 – 16 ст. адлюстроўваюцца ўяўленні аб “Белай Русі” як тэрыторыі, што ахоплівае ўсе або значную частку рускіх зямель”[44]. І толькі ў рускіх актах першай паловы 17 ст. згадваюцца “беларусцы” Полацкага, Мсціслаўскага, Аршанскага, Капыскага, Дубровенскага і інш. паветаў, а выхадцы з тэрыторыі, якую займае сучасная Беларусь або трапіўшыя ў палон сяляне, мяшчане, шляхта ў 17 ст. сталі  называць сябе за мяжой “літвінамі беларускімі”[45]. Так што невядома, як даследчыкі могуць рабіць высновы пра існаванне ў 14 – 16 ст. “больш шырокіх этнічных ўяўленняў”, чым самі яны зафіксавалі. Замест таго, каб прасачыць эвалюцыю назвы “Белая Русь” ад першапачатковага “ўсе рускія землі” да  этноніма, аўтары азначаюць, што “ў значнай частцы крыніцаў 14 – 16 ст. <…> Белая Русь памінаецца ў дачыненні да тэрыторыі Беларусі”[46].  У святле папярэдніх заўвагаў саміх аўтараў “Нарысаў” гэта трэба разумець наступным чынам: у 14 – 16 ст. назва “Белая Русь” выкарыстоўвалася і ў дачыненні да сучаснай тэрыторыі Беларусі. Больш паслядоўнай выглядае пазіцыя В.Насевіча, які адзначыў, што “тэрмін “Белая Русь” у мясцовым ужыванні (г.зн. у ролі саманазвы) ў 16 ст. практычна не быў зафіксаваны, а з этнічнай тэрыторыяй (сучаснай – М.С.), беларусаў ён канчаткова супаў толькі ў другой палове 19 ст. Да таго часу бытавалі больш шырокія <…> палітонімы (“Русь”, “літвіны”) і канфесійныя назвы, або назвы больш вузкія, рэгіянальныя”[47].

Дадзеныя лінгвістыкі таксама не даюць доказаў існавання да 17 ст. беларускай этнічнай самасвядомасці. Вядома, што своеасаблівасць заходняга варыянту старажытнарускай мовы, якая існавала на пачатку 16 ст., дазваляе гаварыць пра з’яўленне новай, старажытнабеларускай мовы (“Лексікон” Памвы Берынды (1627), “Лексіс” (1596) Лаўрэнція Зізанія былі “славенско” (=стараславянска) - рускімі (=старабеларускімі) слоўнікамі[48]. “Пры гэтым, аднак, не трэба забываць аб адсутнасці ў этнаніміі таго часу вызначэння “беларусы” і адсутнасці паняцця “беларуская мова”. Вядомыя сёння дадзеныя не могуць служыць сведчаннем замацавання за г.зв. “старабеларускай”[49] мовай <…> этнаразмежавальных уласцівасцяў ў рамках усходнеславянскага масіву, што не дазваляе лічыць яе этнічнай прыкметай <…> Протабеларускі масіў да канца 18 ст. не выходзіў за рамкі субэтнічнасці», - сцвярджае беларускі этнолаг Таццяна Мікуліч[50]. Але і яна імкнецца ўпісаць мінулую рэчаіснасць у рамкі брамлееўскай даследчыцкай традыцыі і трактуе лакальныя культуры сярэднявечнага грамадства як “субэтнасы”[51]. Але ж субэтнасы – “часткі этнасу, якія маюць некаторыя своеасаблівасці культуры, усведамляюць гэтую своеасаблівасць і жывуць у адной дзяржаве, напрыклад, палешукі ў Рэспубліцы Беларусь – субэтнас беларусаў”[52]. Такім чынам, субэтнас можа існаваць толькі тады, калі склаўся этнас, а таксама ўтварылася дзяржава ў этнічных межах. Ні першага, ні другога ў гэты час не існавала,  былі толькі лакальныя групы патрыярхальнага грамадства з уласцівымі ім мясцовымі этнаграфічнымі і дыялектнымі асаблівасцямі. Таму і назвы гэтых лакальных групаў (“прапойчане”, “чачэране”, “берасцяне”, “случане”, “віцебляне” і інш) трэба лічыць не этнонімамі[53], а харонімамі (рэгіянальнымі назвамі)[54]. У пераважнай большасці “этнічных” ідэнтыфікацыяў славянскіх аўтараў яўна прысутнічала толькі “геаграфічная складаючая: гаворка звычайна ідзе пра жыхароў той ці іншай тэрыторыі <…> (<> ”палачане” – жыхары басейна Полаты і т.п.)”[55].

І хоць у сярэднявечнай Еўропе, безумоўна, адзначалася розніца па паходжанню, звычаям, мове і законам (diversae nationes populorum inter se discrepant genere, moribus, lingua, legibus), прыналежнасць да таго ці іншага народу ў большай ступені была сацыяльным канструктам. “Калі вызначаць, напрыклад, “немца” ці “славяніна” па звычаях, мове і законах, то ўнукі славянаў маглі быць немцамі і наадварот”, - пісаў вядомы гісторык Р.Бартлет[56]. Паколькі тэрмін “звычаі” адносіўся галоўным чынам да паўсядзённай практыкі жыхароў, лёгка зразумець, што ён у большай ступені дыктаваўся сацыяльнай і рэлігійнай прыналежнасцю, а не “этнічным паходжаннем”[57].

Уласную спецыфіку ў сярэднявеччы мела ўяўленне пра мову і законы. Мова стала вызначальнай характарыстыкай народаў толькі ў познім сярэднявеччы. Ігар Данілеўскі паказаў, што “мова” (“язык”), як асноўны крытэрый, па якому яшчэ ў летапісах “свае” адрозніваліся ад “чужых” засноўвалася на канфесійным прынцыпе. Нават аповяд аб “языках”-“народах” летапісец пачынаў са звестак пра падзел зямлі пасля патопу паміж сынамі Ноя[58]. З канфесійнай прыналежнасцю звязвалася ў сярэднявеччы таксама разуменне “закона”. Ва ўводнай частцы “Аповесці мінулых гадоў” увага летапісца сканцэнтраваная на супрацьпастаўленні не столькі гісторыі палянаў і іх суседзяў, колькі язычніцкіх “паганых” традыцыяў усходніх славянаў, з аднаго боку, і веры ў Хрыста, хрысціянскіх нормаў, з другой: “Христиане, елико земль, иже верують в святую Троицю, и в едино крещенье, в едину веру… закон”, “закон имам един, елико во Христа крестихомся и во Христа облехомся”[59]. Тая ж думка пра супрацьпастаўленне двух законаў гучыць і ў такіх радках: “Си же творяху обычая Кривичи и прочии погании, не ведающие закона Божия, но творящие себе закон” альбо “Ибо каждому языку овем исписан закон есть, другим же обычаи, зане закон безаконньником отечьствие мнится”[60]. Такім чынам, ролю “этнічнага” вызначальнага адыгрывала менавіта рэлігійная прыналежнасць. Летапісец прылічваў сябе (“нас”) да пэўнай канфесійнай супольнасці[61]. На першы погляд, падобная думка выказаная і ў “Нарысах”: “У эпоху сярэднявечча, ва ўмовах, калі розныя народы прытрымліваліся рознай рэлігійнай арыентацыі, рэлігія, як вядома, звычайна была адной з этнічных прыкметаў, важным, падчас вызначальным кампанентам этнічнай самасвядомасці <…> пераважаючая большасць беларускага насельніцтва заставалася праваслаўнай”[62].  Але на самой справе аўтары “Нарысаў” лічаць канфесійную прыналежнасць толькі адным з фактараў этнічнага адрознення ў сярэднявеччы. Між тым якраз яна была асновай стварэння канфесійных супольнасцяў, якія наўрад ці могуць быць звязаныя з адным канкрэтным “этнасам” ці “дзяржавай”.

Трэба таксама адзначыць, што і разуменне феномену дзяржавы ў сярэднія вякі мела  тэалагічны характар[63]. “Толькі эпоха Адраджэння высунула паняцце дзяржавы і адпаведнае яму слова на першы план. У сярэднія вякі дзяржава як з’ява выціскалася царквой на другі план”[64]. Гэта ставіць пад пытанне акцэнт, які робіцца айчыннымі гісторыкамі на сувязі “этнаса” з дзяржаўнымі структурамі ў сярэднія вякі[65]. Тое, што тыповая традыцыйная (сярэднявечная) “дзяржава” базавалася на неэтнічных інтэгратарах, тлумачыць, чаму яна ўбірала ў сябе мясцовыя эліты і лёгка інтэгрыравала супольнасці, якія даволі моцна адрозніваліся па культуры, мове і традыцыях. Пры ўмове замкнёнасці асобных рэгіёнаў і адсутнасці спецыфічнага феномену нацыянальнай самасвядомасці  розныя моўна-культурныя групоўкі (“этнічныя групы”) маглі стагоддзямі жыць пад адным дзяржаўным дахам[66]. А сацыяльна-класавая структура феадальнага грамадства ніяк не спрыяла фармаванню цэласнага этнасацыяльнага арганізму, як гэта сцвярджаюць аўтары “Нарысаў”[67].

Калі ж мець на ўвазе “культурны” характар этнічнасці, то трэба звярнуць увагу на тое, што ў гістарычных і этнаграфічных распрацоўках апошняга часу ўсё часцей гучаць выказванні пра неабходнасць вывучэння двух культур у рамках сацыяльна стратыфікаваных грамадстваў. Так, з вылучэннем з адзінага “папуляцыйнага масіва” багатых “людзей” (“мужоў”) і бедных абшчыннікаў пачалося станаўленне двух палярных субкультураў ”дружыннай” і “народнай”, “афіцыйнай” і “сялянскай”. Разнастайныя інтэнсіўныя кантакты паміж княскімі сем’ямі і іх васаламі, іх пастаянныя перамяшчэнні прыводзілі да ўзмацнення сувязяў паміж рознымі рэгіёнамі. Але так было толькі на ўзроўні сацыяльных вярхоў, што адзначаецца і ў “Гісторыі Беларусі”[68]. Відавочна, што “адкрытасць дзвярэй” і кантакты княскіх дружынаў сярод расселенага на значнай прасторы “простага народа” складалі мізэрную частку ўсіх ўзаемаадносінаў. А паколькі “міры нізоў” былі мала закранутыя гэтымі зменамі і іх культуры  насілі лакальны, замкнёны характар, менавіта “вярхі” (князі і іх асяроддзе, куды ўваходзілі акрамя славянаў скандзінавы, стэпавікі, фінна-угры), носьбіты элітарнай культуры фармавалі асновы новай супольнасці – “сярэднявечнай  нацыі”, якая мела большае дачыненне да сацыяльнага становішча і ролі ў дзяржаве, чым да этнічнага паходжання. Таму зразумела, што “захаванне рэлігійных, моўных і культурных традыцыяў сярод беларускіх феадалаў было менш устойлівым, чым сярод іншых слаёў насельніцтва”[69]. Народныя масы (у першую чаргу найбольш шматлікі слой сялянства) у гэтым працэсе адыгрывалі пасіўную ролю, што, несумненна адлюстравалася ў іх самасвядомасці. Цяжка ўявіць, што селянін з-пад Полацка ясна ўсведамляў сваю еднасць з селянінам з-пад Пінска, у адрозненне ад князёў, якія часта з’яўляліся прадстаўнікамі адной і той жа  дынастыі. Трэба адзначыць, што такая замкнёнасць патрыярхальных лакальных светаў захоўвалася да рубяжа 19 – 20 ст. і адлюстроўвалася ў такіх саманазвах, як “менчукі”, “палешукі” і г.д.

   Такім чынам, напісанне “гісторыі беларускага этнасу” ў кантэксце сацыяльна-эвалюцыйнай тэорыі на аснове брамлееўскага падыходу, распачатае айчыннымі гісторыкамі ва ўзгаданых калектыўных працах, не ўлічвае шэрагу важнейшых фактараў і гістарычных рэаліяў. Атрымліваецца, што этнонім і этнічная свядомасць як асноўныя этнадыферэнцыруючыя характарыстыкі беларусаў сфармаваліся толькі на рубяжы 17 – 18 ст. Сітуацыю імкнуўся выправіць В.Насевіч, але атрымалася гэта зрабіць толькі за кошт падмены паняцця “этнас” паняццем “нацыя”: “Што тычыцца беларускага этнасу, то ў яго склад увайшло насельніцтва, якое апынулася па-за сферай уздзеяння абодвух вышэйназваных цэнтраў (маскоўскі і казацкі – М.С.), але ў свой час не пазбегла ўплыву “літоўскай” дзяржаўнай ідэі, уніяцкай канфесійнай прыналежнасці і культурных імпульсаў з боку каталіцкага і пратэстанцкага свету Заходняй Еўропы. Адсутнасць уласнай акрэсленай ідэі, якая магла быць успрынятая ў якасці нацыянальнай, тлумачыць адносную запозненасць і значна меншую выразнасць этнічнай самасвядомасці беларусаў у параўнанні з рускімі і ўкраінцамі”[70]. “Свядомая нацыянальная ідэя”, асноўная характарыстыка нацыі, становіцца ў В.Насевіча “ключавой прыкметай этнасу”[71]. Тым самым “этнас” як паняцце фактычна выціскаецца і адбываецца вяртанне да старой фармацыйнай трыяды: племя-народнасць-нацыя. Пры гэтым падкрэсліваецца роля дзяржавы як кансалідацыйнага цэнтру, што таксама адпавядае большасці вызначэнняў нацыі.

Трэба адзначыць, што сам працэс фармавання беларускай нацыі ў “Нарысах” апісаны толькі ў самых агульных рысах. Аднак відавочна, што ён разглядаецца ў рамках тэорый мадэрнізацыі і, у цэлым, мае канструктывісцкі характар[72]. Але фактары фармавання нацыі разглядаюцца ў вузка-марксісцкім разуменні[73]. У выніку паняцце ”нацыя” трактуецца  не як рэдуцыраваная дагаворная слоўная мадэль для надання структуры сацыяльнай рэчаіснасці і яе асэнсавання[74], а як рэчаіснасць сама па сабе. А гэта прыводзіць да недаацэнкі ролі нацыяналізму ці нацыянальнай ідэі ў фармаванні беларускай нацыі. Недастатковая ўвага ўдзяляецца шматлікасці і разнастайнасці фактараў[75], якія ўплывалі на нацыятворчыя працэсы, розным іх спалучэнням і адноснай значнасці ў гэтых спалучэннях.

   Так, у “Нарысах” не звяртаецца ўвага на другасны, імітацыйны характар нацыяналізмаў ва Усходняй Еўропе: “нацыя” была ідэяй,  мэтай, вобразам, да якога можна было імкнуцца з самага зараджэння руху[76]. У прыватнасці, беларускі нацыяналізм запазычваў ўзоры ў народаў Цэнтральнай Еўропы, перш за ўсё ў палякаў, у той час як рускі нацыяналізм па большай частцы  шукаў для сябе ўзораў у Заходняй Еўропе, што тлумачыцца розніцай мэтаў, якія стаялі перад імі. Вось чаму важнай для трактоўкі гісторыі нацыі і нацыяналізму ў Беларусі з’яўляецца заўвага Бенедыкта Андэрсана пра тое, што паміж момантам, калі нацыя “ўяўленая”[77] прадстаўнікамі эліты і момантам, калі адпаведная гэтаму нацыянальная ідэнтычнасць зацвярджаецца сярод сяброў гэтай уяўленай супольнасці і атрымлівае палітычнае афармленне, праходзіць значны час[78].  Таму не зусім слушнымі можна лічыць высновы аб “замаруджаным” развіцці беларускай нацыі і аб тым, што “беларуская нацыя ў перыяд капіталізму фармавалася як сялянская ў сваей аснове”[79].

У 19 ст. нацыяналізм усталёўваўся як мабілізацыйны рэсурс палітычнага дзеяння ў барацьбе з іншымі, як старымі (рэлігійны і дынастычны), так і новымі (класавымі) формамі палітычнага дыскурса. Трэба ўлічваць таксама, што розныя праекты нацый могуць знаходзіцца ў канфлікце, у прыватнасці, прэтэндаваць на адну і тую ж тэрыторыю. І тады этнічныя і культурныя характарыстыкі таго насельніцтва, якое становіцца аб’ектам спаборніцтва розных нацыянальных актывістаў, значна ўплываюць на іх канцэпцыі і ход барацьбы[80]. Канфлікт буйных палітычных сілаў таксама абвастрае праблему ідэнтыфікацыі для лакальнай супольнасці, якая трапіла ў яго поле[81]. Аднак гэта зусім не азначае, што зыходныя этнічныя характарыстыкі выключаюць магчымасць рознай іх інтэрпрэтацыі і пабудовы на іх аснове розных нацыянальных праектаў. Цэлы шэраг фактараў разам з характарыстыкамі зыходнага этнічнага матэрыялу вызначаюць большы ці меншы поспех таго ці іншага праекту. Ніводны нацыяналізм не існуе па-за межамі супрацьстаяння іншаму, а часам і шэрагу іншых нацыяналізмаў, якія імкнуцца зацвердзіць свае іерархіі ідэнтычнасцяў і каштоўнасцяў. Толькі пасля выяўлення асноўных пазіцыяў і сістэмы суаднясення тых комплексаў ідэй, каштоўнасцяў, тактыкі, якія зацвярджаюцца тым ці іншым нацыяналізмам (польскім, беларускім, рускім, літоўскім) гісторыкі здолеюць зразумець логіку развіцця сітуацыі[82]. Адсюль вынікае неабходнасць сітуацыйнага і камунікатыўнага падыходу да вывучэння нацыяналізму. Трэба аналізаваць і класіфікаваць не асобна ўзятыя нацыяналізмы, а структуры ўзаемадзеяння розных нацыяналізмаў, як на ўзроўні ідэйных  сутыкненняў і ўплываў, так і на ўзроўні палітычнага ўзаемадзеяння розных нацыянальных рухаў паміж сабой і з дзяржаўнымі структурамі. Таму для гісторыкаў беларускай нацыі прынцыпова важным з’яўляецца комплексны аналіз з улікам узаемаўплываў беларускіх, польскіх, літоўскіх і рускіх нацыянальных праектаў. Важныя крокі ў гэтым напрамку зрабіў  Алесь Смалянчук[83].

Вывучэнне нацыяналістычных праектаў, якія выпрацавалі пачынальнікі беларускай нацыянальнай ідэі таксама мае прынцыповае метадалагічнае значэнне. Менавіта яны, па-першае, пачалі канструяваць мінулае на аснове сацыяльна-гістарычнай рэчаіснасці, якая іх акружала і звязаных з ёй інтарэсаў; а, па-другое, абапіраючыся на гэтае пэўным чынам інтэрпрэтаванае мінулае яны прапанавалі праекты для будучыні. Мінулае інтэрпрэтавалася на аснове канкрэтных палітычных мэтаў. Такі падыход мае дастаткова ўніверсальныя кампаненты: 1) сцвярджэнні пра старажытнасць, спрадвечнасць этнічнай культуры і нават мовы на тэрыторыі, якую займае этнас (міф пра аўтахтоннасць); 2) імкненне спраецыраваць сучасныя этнапалітычныя межы як мага глыбей у мінулае і, наколькі гэта магчыма, максімальна пашырыць тэрыторыю старажытнага рассялення сваёй этнічнай групы (міф пра прарадзіму); 3) безумоўная ідэнтыфікацыя сваёй этнічнай групы з пэўнай мовай, якая існавала амаль спрадвечна (міф пра лінгвістычную пераемнасць); 4) імкненне ідэнтыфікаваць сваіх этнічных продкаў з якім-небудзь славутым народам, добра вядомым па старажытным пісьмовым ці фальклорным крыніцам (міф аб славутых продках); 5) прэтэнзіі на гістарычны прыярытэт некаторых культурных (пісьменнасць) ці палітычных (дзяржаўнасць) дасягненняў сваіх продкаў у параўнанні з продкамі суседніх народаў; 6) перабольшванне ступені этнічнай кансалідацыі ў старажытнасці і свядомы недаўлік ролі рода-племянных падзелаў і многакампанентнасці супольнасці, што фармавалася (міф аб этнічнай аднароднасці); 7) часта канструіруецца вобраз заклятага ворага і г.д.[84] А паколькі многія, па віду навуковыя, працы сучасных даследчыкаў засноўваюцца на выпрацаваных нацыянальнымі актывістамі рубяжа 19 – 20 ст. канцэпцыях, то яны (гэтыя працы) захоўваюць некаторыя рысы сацыяльнай канструкцыі і па шэрагу параметраў вельмі блізкія да міфалогіі.

Улік міфалагічнага характару мінулых і сучасных нацыянальных і этнапалітычных канструкцыяў адкрывае даследчыку новыя крыніцы для вывучэння гісторыі і тым самым стварае ўмовы для новых плённых даследаванняў. А свядомы выбар той ці іншай тэарэтычнай мадэлі дае магчымасці для напісання ўнутрана несупярэчлівай і лагічна паслядоўнай гісторыі нацыі і/ці “этнічнай гісторыі”[85].


Сакалова Марыяна
Нарадзілася ў 1961 г. у Менску
Старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук
Даследуе гісторыю і тэорыю грамадскіх рухаў, тэарэтычныя праблемы гісторыі
e-mail: sokolova@data.minsk.by 
 

[1] Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Ч. 1. / Рэдкал.: М.Касцюк (гал.рэд.) і інш. Мінск, 1994; Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т.1. Старажытная Беларусь: Ад першапачатковага засялення да сярэдзіны 13 ст. / Рэдкал.: М.Касцюк (гал.рэд.) і інш. Мінск, 2000; Беларусы. Т.4: Вытокі і этнічнае развіцце /Рэдкал.:В.К.Бандарчык і інш. Мінск, 2001.

[2] Як вядома, існуе некалькі канцэптуальных мадэляў гістарычнага працэсу: цыклічная (Д.Віко, О.Шпэнглер, А.Тойнбі, Н.Кандрацьеў, Л.Гумілеў); стадыяльная (Ф.-В.Гегель, О.Конт, Г.Спэнсер, К.Маркс); каварыянтная (К.Ясперс); альтэрнатыўна-рызомная (Ж.Дылез, Ф.Гватары). У артыкуле мы звяртаемся толькі да дзвюх першых, паколькі астатнія практычна не прыцягваюць увагу айчынных даследчыкаў этнасу і нацыі.

[3] Краткий философский словарь / Под ред. М.Розенталя и П.Юдина. Москва, 1954. С. 393-394.

[4] Трэба адзначыць, што тэрмін “этнас” існуе толькі ў грамадскім дыскурсе былых савецкіх рэспублік. Навукоўцы іншых краінаў карыстаюцца тэрмінамі “этнічная група” (менавіта супольнасць людзей) і этнічнасць (сукупнасць характарыстык, якія адрозніваюць дадзены тып супольнасці ад іншых, а таксама рысы, дзякуючы якім этнічныя супольнасці адрозніваюцца адна ад адной).

[5] Нямецкі даследчык В.Мейерс адзначыў: “Юліану Брамлею ўдалося прад’явіць правы этнаграфіі на даследчыцкае поле нацыянальнасцяў і міжэтнічных адносінаў і манапалізаваць яго дзякуючы сваёй ключавой пазіцыі паміж навукай і палітыкай. Толькі ў час перабудовы і галоснасці, калі стала відавочным, што парады этнографаў не абаранілі палітыкаў ад памылковых ацэнак, інстытут страціў свой былы статус” (Мейерс В. Советская этнография: охотники или собиратели? // Ab Imperio. 2001. № 3. С. 13).

[6] Тамсама. С. 30.

[7] Бромлей Ю. Современные проблемы этнографии. Москва, 1981. С. 11; Мейерс В. Советская этнография: охотники... С. 30.

[8] Бромлей Ю. К вопросу о выделении этносов среди других общностей людей // Этнос и политика : Хрестоматия / Авт.-сост. А.А.Празаускас. Москва, 2000. С. 13.

[9] Тамсама. С.  15.

[10] Тамсама. С. 14.

[11] Тамсама. С. .20.

[12] Лурье С. Историческая этнология. Москва, 1998. С. 38.

[13] Бромлей Ю. К вопросу о выделении этносов… С. 15.

[14] Арутюнов С. Этничность – объективная реальность // Этнос и политика… С. .31.

[15] Бромлей Ю. К вопросу о выделении этносов… С. 19.

[16] Тамсама. С. 19.

[17] “Папуляцыя (насельніцтва) – сукупнасць асобаў аднаго віду, якія насяляюць пэўную тэрыторыю і ў пэўнай ступені ізаляваныя ад іншых такіх жа сукупнасцяў. Папуляцыя як элементарная адзінка эвалюцыйнага працэсу здольная доўга існаваць у часе і прасторы, самаўзнаўляцца і трансфармавацца ў выніку пераважнага памнажэння тых ці іншых групаў, якія адрозніваюцца ў генетычных адносінах” (Гісторыя Беларусі… С. 323).

[18] “Насельніцтва паўднёва-ўсходніх раёнаў Прыбалтыкі і асноўнай тэрыторыі Беларусі ў антрапалагічным плане адгалінавалася ад аднаго радаслоўнага дрэва <…> Устаноўлена, што Беларусь, Усходняя Літва і Латвія, часткова Паўночна-Заходняя Украіна знаходзяцца ў агульнай антрапагенетычнай прасторы <…> Антрапагенетычныя і генеаграфічныя даследаванні вясковага насельніцтва Беларусі дазваляюць нам з вялікай упэўненасцю лічыць сучасных беларусаў прамымі нашчадкамі тутэйшага старажытнага насельніцтва <…> што доўжыць наша паходжанне ад палеаеўрапеоіднай расавай сукупнасці з часоў першанасельнікаў неаліту” (Гісторыя Беларусі .. С. 324).

[19] Нарысы гісторыі Беларусі … С. 192, 195.