Адной з буйнейшых бібліятэкаў нашага краю ў 18 – 19
ст. з’яўлялася бібліятэка кляштара гарадзенскіх дамініканцаў. Як падаюць
некаторыя крыніцы, яна налічвала ад 10 да 15 тыс. выданняў 16 – пачатку 19 ст.
па розных галінах ведаў і лічылася найбагацейшай у Літве[1].
Дамініканцы – каталіцкі ордэн (ordo) братоў прапаведнікаў, які быў заснаваны ў 1216 г.
Дамінікам з Каларога ў Іспаніі. Ужо ў 16 ст. ён меў шырока распаўсюджаную сетку
кляштараў па ўсім каталіцкім свеце, ствараў пры іх школы, гімназіі і калегіумы.
У Гародні кляштар дамініканцаў быў заснаваны ў 1632
г. А ў наступным годзе на сродкі Віленскага падкаморыя і Астрынскага старасты
Фрыдэрыка Сапегі быў заснаваны і асвячоны ў прысутнасці караля Уладыслава
дамініканскі касцёл. У гэтым жа годзе кароль пацвердзіў даравальны запіс
Ф.Сапегі на карысць кляштара[2].
Звычайна кляштары з’яўляліся асяродкамі пісьменнасці
і вучонасці. Асаблівым клопатам і справай гонару кляштараў былі бібліятэкі.
Існавала добрая традыцыя: пры заснаванні новага кляштара старэйшы
(“мацярынскі”) перадаваў яму частку літургічных і тэалагічных выданняў з сваёй
бібліятэкі. Гэтыя кнігі павінны былі стаць пачаткам кляштарнага кнігазбору. Як
некалі зазначыў Ламброза, кляштар можа не мець храма, але бібліятэку мець
абавязаны. Гэта цалкам адносілася і да кляштара гарадзенскіх дамініканцаў.
Наогул, падчас урачыстасці або наведвання кляштара знакамітымі асобамі лепшым
падарункам былі кнігі для бібліятэкі.
Адкрыццё пры кляштары дамініканцаў павятовай школы са
ступенню гімназіі, стварэнне механічнага, мінералагічнага і фізічнага кабінетаў
абавязвала набываць кнігі па розных галінах ведаў. Вучні павінны былі вучыць
максімы Піфагора на старажытнагрэцкай мове, дзеля авалодвання майстэрствам
красамоўства чытаць Квінціліяна, а каб пазнаёміцца з вершаскладаннем вучыць
Гамера, Тэрэнція, Гарацыя.
Кожны з айцоў-дамініканцаў таксама лічыў сваім
ганаровым абавязакам прычыніцца да справы павялічэння кляштарнай бібліятэкі. На
тытульных аркушах кнігаў мы чытаем прозвішчы выкладчыкаў школы – Дамініка
Палубінскага, Д.Доўнаровіча, І.Неслухоўскага, Мацея Шукевіча. Шмат намаганняў
да павялічэння бібліятэкі прыклаў доктар свабодных навук і філасофіі Алойзы
Кажанеўскі. Многія прадстаўнікі “чорнага” духавенства мелі неблагія ўласныя
кнігазборы, якія ў канцы свайго жыцця перадавалі ў бібліятэку кляштара.
Напрыклад, доктар тэалогіі Гілярый Помян і ксёндз Зыгмунт Гілярыён Піскоўскі
перадалі ў 1762 г. 600 тамоў выданняў 17 – 18 ст. па тэалогіі,
кананічнаму праву, філасофіі, прыродазнаўству на лацінскай, польскай і іншых
мовах. Кнігі былі пазначаныя экслібрысамі работы віленскага мастака-графіка
Францішка Вацлава Бальцэвіча, а таксама ўладальніцкімі штампамі і подпісамі[3].
Самы цікавы і каштоўны дар (пераважна выданні 16 – 17
ст.) для бібліятэкі гарадзенскіх дамініканцаў зрабіў ксёндз Дамінік Сівіцкі.
Усе кнігі яго бібліятэкі на адвароце тытульнага аркуша пазначаныя ўладальніцкім
штампам “O[rdinis] P[raedicatorum] Prov[inciae] Litv[anae] FR[ater] Dominicus Siwicki”, а некаторыя яшчэ і экслібрысам работы мастака Ф.Бальцэвіча. Верагодна, віленскі графік
Ф.Бальцэвіч стварыў агульны экслібрыс-клішэ для бібліятэк ксяндзоў
Г.Піскоўскага, Д.Сівіцкага і Г.Помяна. Яны адрозніваліся толькі тым, што на
картушы былі змешчаныя элементы родавых гербаў і прозвішчы ці манаграмы.
Дамінік Сівіцкі, настаяцель Гарадзенскага кляштара
дамініканцаў – асоба загадкавая. Вядома, што ён быў жывы яшчэ ў 1791 г.,
што ў 1762 г. ксёндз падараваў кляштарнай бібліятэцы вельмі каштоўны кнігазбор.
Таксама вядома, што кнігі для ўласнай бібліятэкі (па меншай меры іх значную
частку) Д.Сівіцкі купляў. Вядомая яго запіска: “W Regestrze wybranych książek <…> znajduje
się Monitora tomów 23 w cenie zł. 40, którego chcę mieć; dopiero posyłam zł. 40
z prośbą aby <…> Monitora przysłać raczył. Z winną attencyą jestem
Wielmożnego <…> Pana dobrodzieja Najnizszym Sługą X. Dominik Siwicki”.
Мы не ведаем, адкуль ён родам, з якой сям’і, якую
атрымаў адукацыю, калі прыехаў у Гародню, колькі часу жыў у нашым горадзе,
наколькі вялікім быў яго кнігазбор, як сабіраўся, належаў асабіста яму ці быў
родавым і г.д. Пра шырыню ягоных інтарэсаў і захапленняў, пра ўзровень
адукаванасці гэтага ксяндза-манаха можна меркаваць па бібліятэцы, якую ён
сабраў, а дакладней па той яе невялікай частцы (больш за 300 тамоў), якая
захоўваецца ў Аддзеле рэдкіх кніг і старадрукаў Гарадзенскага Дзяржаўнага
гісторыка-археалагічнага музея. Гэта працы па тэалогіі і філасофіі, прыродазнаўчых
навуках і гісторыі, праву, слоўнікі на розных еўрапейскіх мовах, іншыя выданні
16 – 18 ст.
Бібліятэка гарадзенскіх дамініканцаў значна
павялічылася пасля касацыі ордэна езуітаў у 1773 г. Справа ў тым, што ўся
маёмасць гарадзенскіх езуітаў (у т.л. і бібліятэка) дасталіся менавіта
дамініканцам. Як вядома, у складзе езуіцкага кнігазбору былі старадрукі са
славутай бібліятэкі караля Жыгімонта Аўгуста, пазначаныя каралеўскім
суперэкслібрысам. Яны былі прывезеныя з Вільні разам з той часткай кніг, якую
перадалі гарадзенскім езуітам віленскія “калегі” яшчэ ў 1642 г. Больш за два
стагоддзі яны з’яўляліся сапраўдным кніжным скарбам Гародні. У 1864 г. яны былі
вывезеныя ў Вільню[7].
Кніжны фонд павялічвалі таксама вучні і выхаванцы
школы пры дамініканскім кляштары. У кнігазборы сустракаюцца кнігі з дарункавымі
надпісамі выпускнікоў школы Дзімітрыя Чарноцкага, Яна Казлоўскага, Дамініка
Сухоцкага, дамініканцаў з кляштараў у Харошчы, Сейнах, Папорце, Ельні і іншых.
Юзаф Ядкоўскі, які сам у пачатку 20 ст. скончыў Гарадзенскую падамініканскую
гімназію, адзначаў, што ў прыкляштарнай школе была традыцыя штогод ладзіць
г.зв. “з’езд калегаў” або сустрэчу выпускнікоў, якія часта прывозілі ў
падарунак кнігі.
На кнігах былой бібліятэкі дамініканскага кляштара
можна сустрэць уладальніцкія адзнакі кніжных збораў кляштараў віленскіх і гарадзенскіх кармелітаў,
шчучынскіх піяраў, кляштараў францішканцаў, бернардынцаў, езуітаў з
Гарадзеншчыны, Віленшчыны і Меншчыны, а таксама такіх знакамітых асобаў, як
віленскі біскуп Мікалай Стэфан Пац, віленскі суфраган Георгій Альбінус, канонік
Барталамей Вышамірскі, паплечнік Антонія Тызенгауза доктар матэматыкі,
картограф, прафесар Віленскай Акадэміі езуіт Францішак Мількант Нарвойш
ды інш.
На працягу 17 – пачатку 19 ст. кнігі многіх кляштарных
і прыватных бібліятэк беларускіх і літоўскіх земляў былі сабраныя ў адной
вялікай каштоўнай бібліятэцы і пазначаныя сціплым экслібрысам “Bibliothecae conventus ordinis Grodnensis praedicatorum” (бібліятэка Гарадзенскага кляштара ордэна
дамініканцаў).
Экслібрыс, верагодна, быў зроблены ў пачатку 19 ст.,
калі бібліятэку дзялілі на кляштарную і вучнёўскую (гімназічную). Экслібрыс,
якім пазначаліся кнігі бібліятэкі гарадзенскіх дамініканцаў, уяўляў квадрат (20
х 20 мм) белай паперы, на якім у рамцы быў надрукаваны тэкст. Знойдзеныя чатыры варыянты з амаль непрыкметнымі змяненнямі. Вядомы яшчэ
экслібрыс 18 ст. работы Ф.Бальцэвіча, пра які згадваў Ю.Ядкоўскі, але ім
пазначаныя толькі некалькі асобных выданняў.
Дамініканцы надзвычай старанна апекаваліся бібліятэкай. Было падабрана адпаведнае памяшканне. На другім паверсе
галоўнага будынку па вул.Дамініканскай знаходзілася вялікая зала з чатырма
вокнамі. Яна дзялілася калонамі на тры часткі. Калоны, пілястры і нават шафы
былі выкананыя ў дарычным стылі. Высокія шафы замыкаліся латуннымі замочкамі.
Кнігі стаялі на палічках, закрытыя тонкімі драцянымі сетачкамі, у належным
парадку па стагоддзях, па прадметах і па алфавіту.
Усе яны на карэньчыку і на пярэднім фарзацы унізе кожнага тома мелі
карткі-наклейкі (20 х 20 мм) з літарамі-шыфрамі лацінскага алфавіту: L (філасофія і псіхалогія), M
(матэматыка і фізіка), X
(гісторыя), N (прыродазнаўчыя навукі), Q (перакладныя, галіновыя і энцыклапедычныя слоўнікі), K (права, зборнікі законаў, канстытуцыі сеймаў) і г.д. Уверсе
гэтай картачкі-наклейкі лічбамі пазначалася паліца і месца на ёй.
Шафы былі ёмістыя, з шырокімі паліцамі. На некаторых
з іх кнігі стаялі ў два рады. З вялікай залай быў злучаны пакой для захавання
кнігаў, якія нядаўна паступілі і не былі яшчэ належным чынам апрацаваныя і
заінвентарызаваныя.
Нават сёння кнігі, якія паходзяць з бібліятэкі
гарадзенскіх дамініканцаў, адразу кідаюцца ў вочы сярод іншых старадрукаў. У
першую чаргу яны вылучаюцца аправай. Для выданняў 16 – 17 ст. характэрная скура
на кардоне або скура на дошках. Для 18 ст. – пераважна паўскура. Аправы
сціплыя, не ззяюць пазалотай, як на некаторых томах прыватных кнігазбораў, але
зробленыя з густам.
Кнігі ў
бібліятэцы захоўваліся ў добрым стане. Калі трапляліся выданні са страчанымі
старонкамі, без тытульнага аркуша, то захавальнікі кнігазбору стараліся
аднавіць тэкст. Часцяком ён перапісваўся ад рукі і прыклейваўся да кнігі.
Сустракаюцца асобныя выданні, у якіх перапісаныя і ўстаўленыя некалькі
старонак. Кнігі
своечасова аддаваліся ў пераплёт. Пры пераплёце выданні часта
забяспечваліся ахоўнымі пустымі аркушамі. Ашчадна абрэзаныя кніжныя блокі
фарбаваліся ці шліфаваліся воскам У бібліятэцы цанілі і бераглі кнігу. Нават “арыштаваныя” кнігі, занесеныя ў Індэкс забароненых
выданняў, звычайна не знішчаліся, а толькі хаваліся ў далёкія шафы. Іншым разам
духавенства тайна забірала іх дадому. Дзякуючы гэтаму
выжылі многія рэдкія выданні.
Бібліятэка гарадзенскіх дамініканцаў была даступная і для свецкіх людзей.
Наведвальнікаў-чытачоў запісвалі ў асобныя картачкі, адзначалі, калі узяў кнігу
і калі здаў. Не дазвалялася выносіць кнігі за сцены бібліятэкі. Для чытачоў
стаялі сталы і крэслы. Кнігі чыталіся і перачытваліся, над іх зместам думалі,
разважалі, нават уступалі ў палеміку з аўтарам. Азнакі, запісы скорапісам
розных часоў (часцей на лаціне) сустракаюцца на палях і нават паміж радкамі
тэкстаў па філасофіі, гісторыі і тэалогіі.
Бібліятэка дамініканцаў славілася не толькі колькасцю
кніг. У ёй былі шырока прадстаўленыя
гісторыя і філасофія, кананічнае і грамадзянскае права, батаніка і геаграфія,
матэматыка і славеснасць, граматыка і тэалогія, гісторыя канфесіяў і медыцына.
Сярод аўтараў сустракаліся Самуэль Пуфендорф і Уільям Робертсан, Марк Тулій
Цыцэрон і Публій Вергілій Марон, Гай Пліній Малодшы і Жан Эмануэль Жылібер,
Пётр Скарга і Каспар Сцыоппі, Эмануэль Альвары і Ануфры Капчынскі, Барталамей
Граіцкі і Людовік Карэрас, Тэафраст Парацэльс і Францыск Петрарка, Ісак Ньютон,
Антоні Левенгук, Леанард Эйлер ды інш.
Фундаментальнасцю, дакладнасцю, шырынёю ведаў і
вонкавым афармленнем уражваюць слоўнікі (перакладныя і галіновыя),
энцыклапедычныя выданні, рознага роду кампендыумы, лексіконы, тэзаўрусы.
Звычайна гэта фаліянты аб’ёмам ад 800 да 2500 старонак, “апранутыя” ў скуру,
скуру на дошках з цісненнем. Напрыклад, Dictionarii octolinquis Ambrosii Calepini. S. l., S. а., 1713 р., in 20 (перакладны слоўнік з лацінскай
мовы на старажытнагрэцкую, італьянскую, французскую, іспанскую і нямецкую з
прыкладамі формаў і цытатаў з класічных твораў); Cornucopiae linguae et germanicae selectum… /
(“Словы лаціны антычных, сярэднявечных, новых часоў, а таксама, што перайшлі
лаціне ў дарунак з грэцкай, германскай мовы, не толькі з вытанчанай рытарычнай
фразеалогіі, але і назваў геаграфічных, тэрмінаў розных навук, мастацтваў,
рамёстваў, ваеннай справы…”; Dykcyonarz powszechny medyki, chirurgii… czyli lekarz wejski. Warszawa, 1780-1790. TT.
1-8; P.
Bertoldo ; Trebellius Theodosius.
Latinae linguae uniwersae promptuarium. Р. 1. Basileae, 1545, 894 p., in 20; ды інш.
Нельга абмінуць увагай і альдыны – выданні
знакамітага венецыянскага друкара эпохі ранняга рэнесансу Альда Мануцыя,
выданні Эльзевіраў і Плантэнаў, Іаана Галера і Іаана Кобергера, Фрабэна і
Лазара Андрысовіча, Якаба Сотэра і
іншых друкароў буйнейшых цэнтраў еўрапейскай кніжнай культуры.
Асноўныя вехі гісторыі кнігазбору выглядаюць
наступным чынам:
1797 г. – стварэнне павятовай (уезднай) школы і
падзел бібліятэкі на кляштарную і вучнёўскую. Школа належала Віленскай
навучальнай акрузе і падпарадкоўвалася Віленскаму універсітэту. З аднаго боку
універсітэцкая апека была карыснай. Школа разлічвала на метадычную і кадравую дапамогу,
спадзявалася атрымаць абсталяванне для кабінетаў, але з іншага боку
універсітэт, выкарыстоўваючы сітуацыю, у 1801 г. забраў 3 128 кнігаў для
папаўнення ўласнай бібліятэкі[10].
1825 г. – пераўтварэнне павятовай школы ў
прыкляштарную гімназію з увядзеннем выкладання рускай мовы і некаторымі
нязначнымі змяненнямі ў праграме навучання. У 1831 г. у памяшканні гімназіі
была змешчаная Гарадзенская казённая палата.
1833 г. – за ўдзел ксяндзоў і выхаванцаў
дамініканскай гімназіі ў палітычных хваляваннях пасля падаўлення паўстання 1830
– 1831 г. быў зачынены кляштар дамініканцаў.
1834 г. – пераўтварэнне прыкляштарнай гімназіі ў
Гарадзенскую дзяржаўную мужчынскую гімназію. Кнігі былі прынятыя пад апеку
гімназіі і пазначаныя штампам на рускай мове: “Библиотека Гродненской мужской
гимназии”. У гэты час праводзіўся рамонт і перабудова падамініканскага будынка,
і бібліятэка была пераведзеная ў дом князя Любецкага. Яе кнігазбор ізноў пачалі
дзяліць. Для гімназіі патрэбныя былі кнігі. Для адбору і прыёму выданняў духоўнага
зместу для дамініканскага ордэна прыбыў ксёндз Аўгустын Кадэльскі, які раней
быў бібліятэкарам. Дапамагалі яму настаўнікі гімназіі Ваякоўскі, Дзясніцкі і
выкладчык Закону Божага ксёндз Залескі.
Выкладчыкі гімназіі былі згодныя перадаць oрдэну ўсе кнігі духоўнага зместу па каталогу, які налічваў
397 старонак, ад літары “А” да літары “К” за выключэннем: Biblia Sacra Vulgatae… Lutetitae Parisiorum, 1648; Biblia Wujka… Kraków, 1599; Fleuri. Histoire Ecclesiastique 1-24 tt..
Калі інспектар Гарадзенскай гімназіі Пакроўскі
паведаміў дырэктару народных вучылішчаў Ястрабцаву пра раздзел дамініканскай
бібліятэкі і пераслаў яму справаздачу і каталог, Ястрабцаў зазначыў: “Было бы драгоценно для полезности и
украшения Гимназической библиотеки собрание следующих книг, из числа отобранных
в духовное ведомство – все нумера по Каталогу под заглавием Biblia et…, SS. Patres et Doctores…,
Interpretes…, Commentatores… и ещё 128 экземпляров, главным образом XVI век,
8-9 инкунабул, несколько XVII, 13 – XVIII, все эльзевировские
издания…” Такім чынам, у кнігазборы дамініканцаў былі інкунабулы і рэдкія
выданні галандскіх друкароў Эльзевіраў.
Трэба адзначыць, што кнігазбор Гарадзенскай
мужчынскай гімназіі ў 30-я г. 19 ст. даволі добра папаўняўся коштам
рэквізаваных кніг з бібліятэкаў зліквідаваных кляштараў, вучылішчаў і маёнткаў,
а таксама шляхам закупкі выданняў на рускай мове. Апошнія былі патрэбныя для
выкладання прадметаў па новай расейскай праграме. Праўда, адначасова ішло
знішчэнне кніг або іх адпраўка ў Маскву і Санкт-Пецярбург. Напрыклад, у траўні
1835 г. Гарадзенская казённая палата звярнулася да дырэктара гімназіі з
просьбай выдаць самы старадаўні паасобнік Статута ВКЛ. У бібліятэцы гімназіі іх
было чатыры. Выдалі самы каштоўны. У бібліятэку ён ужо не вярнуўся. Казённая
палата перадала Статут у Санкт-Пецярбург у бібліятэку Вучонага камітэта
Міністэрства фінансаў[13].
У сакавіку
1838 г. дырэктар вучылішчаў Гарадзенскай губ. даслаў рапарт куратару Беларускай
вучэбнай акругі Эварысту Груберу: “Что же
касается книг уже принятых, то они являются истинным отягощением и безобразием
библиотеки, тем более, что масса их огромна <…> Некоторые могут быть
уступлены другим училищам Гродненской Дирекции. При разборе книг нашёл немало
“вредных”, особенно на польском языке (почти все по истории, географии, а также
политические брошюры), несколько книг на французском, одну на английском.
Собрал их в один шкаф”. Дырэктар прапанаваў знішчэнне непатрэбных, шкодных і
старых кнігаў. Да ліку шкодных былі аднесеныя таксама творы Вальтэра і яшчэ 36
найменняў на французскай мове.
Напрыканцы рапарта Ястрабцаў прасіў дазволіць абмен некаторых дублетных кнігаў
былой кляштарнай бібліятэкі на тры выданні з прыватнага кнігазбору самога
дырэктара. Дублетныя кнігі налічвалі 181 том выданняў 18 ст. у “кожаных
корешках”.
Ліпень 1840 г. З рапарта Дырэктара вучылішчаў
Гарадзенскай губ. Ястрабцава куратару Беларускай вучэбнай акругі: “В библиотеку гимназии
поступает значительное число русских книг, приобретённых с Высочайшего
разрешения на счёт 20 тыс. руб. ассигнациями, отпущенных из доходов
помонастырских имений. В шкафах места не достаёт для новоприбывших и
поступающих книг. Надобно или строить новые шкафы или уменьшить число дублетных
книг. Последнее легче, тем более, что в библиотеке находится много книг совершенно
незначительных и бесполезных <…> У жніўні дазвол быў атрыманы.
У лютым 1844 г. дырэктар народных вучылішчаў губерні
І.Баркоўскі падаў куратару Беларускай вучэбнай акругі запіску: “Библиотека Гродненской губернской гимназии <…> до
сего времени, около 7 лет, не приведена ещё в порядок. Действительное
количество книг неизвестно и по отчётам показываются в наличности только те,
кои куплены или пожертвованы со времени образования гимназии <…>”. Дырэктар планаваў правесці
інвентарызацыю кніг і скласці каталог[16].
24 лістапада 1850 г. куратар Віленскай навучальнай
акругі генерал-ад’ютант Бібікаў выдаў цыркуляр, які абавязваў дырэктара
вучылішчаў сачыць за тым, каб у школах не было кніг, “неадобраных” начальствам
і мясцовымі настаўнікамі. Гімназістам было забаронена карыстацца творамі “вредно действующими на ум, сердце и воображение молодых
людей” і прапанавалася скласці спіс
кнігаў, якія “могут служить полезным чтением” для вучняў.
12 кастрычніка 1851 г. указам імператара з праграмы гімназічнага навучання выводзілася
старажытнагрэцкая мова. Такія “мерапрыемствы” не спрыялі павялічэнню фондаў
бібліятэкі, а наадварот рабілі непатрэбнымі многія рэдкія і каштоўныя выданні,
якія некалі набываліся з вялікімі высілкамі.
У жніўні 1852 г. куратар Віленскай навучальнай акругі
даручыў кіраўніку і заснавальніку Віленскага музея графу Яўстаху Тышкевічу
наведаць бібліятэку Гарадзенскай гімназіі і адабраць тое, што не мае дачынення
да выкладання. Пазней гэтыя кнігі (22 выданні 17 – 18 ст. гістарычнага і
літаратурнага зместу), перыядычны друк (“Kurjer Litewski” 1797-1799 г., “Gazeta Warszawska” 1783-1796 г., “Korrespondent Warszawski” 1792-1796 г., “Gazeta Krajowa” 1794 г., “Gazeta Wileńska” 1761-1792
г., “Gazeta Litewska”
1804-1805 г., “Uwagi tygodniowe Warszawskie” 1769 г.),
405 друкаваных і рукапісных дакументаў часоў падзелаў Рэчы Паспалітай,
пераплецены том панегірыкаў і асобных твораў, а таксама старажытныя дакументы і
паперы нават без вопісу былі перададзеныя ў Віленскі музей[18].
У 1853 г. дырэктар І.Баркоўскі быў звольнены з
пасады. Падобна, ён так і не здолеў прывесці гімназічную бібліятэку ў належны
стан. Кнігі расцягваліся і надалей. Усё менш заставалася іх у Гародні. Справа
палепшылася, калі загадчыкам бібліятэкі стаў выкладчык гісторыі Яўстах
Філарэтавіч Арлоўскі. Менавіта ён стварыў у бібліятэцы “Местный отдел”
(краязнаўчы аддзел), у якім збіраліся кнігі, брашуры і дакументы, што мелі
дачыненне да г.зв “Паўночна-Заходняга краю” наогул і Гарадзенскай губ. у
прыватнасці. Быў створаны спецыяльны каталог і выдзеленая для кнігаў асобная
шафа (№ 35). Гэты
аддзел папаўняўся новай літаратурай па гісторыі краю, і напрыканцы 19 ст. быў
адзіным у межах Гарадзенскай губ.
Першая святовая вайна, баявыя дзеянні Чырвонай арміі
і пераход улады ў Гародні з рук у рукі таксама прычыніліся да расцягвання
бібліятэкі па ўстановах і прыватных уладальніках.
Як адзначыў Юзаф Ядкоўскі, на пачатку 20-х гадоў ледзьве ўдалося сабраць 905
тамоў з былой дамініканскай бібліятэкі.
У савецкі час (асабліва 50-я –
60-я г.) знішчэнне кнігазбора працягвалася. Але гэта тэма ўжо для іншага, магчыма,
наступнага артыкула.
Шоцік Ванда
Нарадзілася 5 лістапада 1940 г. у вёсцы Ляцк Дольны на Шчучыншчыне
Загадчык аддзела рэдкай кнігі і старадрукаў Гарадзенскага Дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея (ГДГАМ)
Даследуе гісторыю кніжнай культуры Беларусі
Адрас:
220025 Гародня
вул. Замкавая
20 ГДГАМ
Тэл. прац. 44-40-82
Jodkowski J. Gimnazium po-dominikańskie w Grodnie. Grodno, 1924. S. 19, 34; Орловский E. Исторический очерк Гродненской гимназии. Гродно, 1901.
C. 16; Kurczewski J. Biskupstwo Wileńskie. Wilno, 1912. S. 323, 527;
Radziszewski F. Wiadomość historyczno-statystyczna o znakomitych bibliotekach i
archiwach publicznych i prywatnych. Kraków, 1875. S. 16.
Rękopism
ks. Bagińskiego, Dominikanina prowincyi Litewskiej (1747-1784), wydany przez
Eustachego Tyszkiewicza. Wilno, 1854. S. 34-35.
Wittyg W. Exlibrysy bibliotek polskich. Cz. I. S. 54; Cz. II. S. 147. Warszawa
Kawecka-Gryczowa А. Biblioteka ostatniego Jagiellona. Pomnik kultury
renesansowej. Wrocław, 1988. S. 82.
Muzeum w Grodnie. Zarys dziejów powstania i rozwoju. 1920-1922. Grodno, 1923. S. 7, 15.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"