Мой шлях у навуку
Міхась Біч
(Менск)
Сваё жыццё я прысвяціў вывучэнню Айчыннай гісторыі. Прафесію гісторыка выбраў у далёкім ужо 1953 г. Не раскайваюся ў гэтым, хоць не раз зайздросціў прадстаўнікам такіх навукаў як матэматыка, фізіка або хімія, пазбаўленым дыктату з боку тых, хто трымае ўладу. Шкадую, што большая частка творчага жыцця прайшла ва ўмовах ідэалагічнага ўціску кампартыйнага рэжыму, які поўнасцю кантраляваў развіццё гістарычнай навукі, дыктаваў ацэнкі пэўных гістарычных падзеяў і фактаў, пільна ахоўваў манаполію сваёй ідэалогіі, вырашаў лёс гістарычных даследаванняў, а разам з тым і лёс іх аўтараў.
Нарадзіўся я ў вёсцы Мілявічы Мастоўскага раёна 27 мая 1937 г. у сялянскай малазямельнай сям’і. У 1950 г. скончыў Мілявіцкую сямігодку з пахвальным лістом, у 1953 г. – Дзярэчынскую сярэднюю школу Зэльвенскага раёна. На медаль “не выцягнуў” (перашкодзіла адна “лішняя” чацвёрка ў атэстаце). Паспяхова вытрымаў уступны экзамен на гістарычны факультэт БДУ, які і скончыў у 1958 г. з дыпломам выдатніка.
У 1958 – 1959 навучальным годзе працаваў настаўнікам у Цёплаўскай сярэдняй школе Пастаўскага раёна былой Маладзечанскай (зараз Віцебскай) вобл., наступныя два гады – настаўнікам Курылавіцкай сярэдняй школы Мастоўскага раёна. Даводзілася выкладаць не толькі гісторыю, але таксама геаграфію, нямецкую і рускую мовы.
Восенню 1960 г. паступаў у аспірантуру Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР. Экзамены па спецыяльнасці і замежнай мове вытрымаў на “выдатна”, але “адхапіў” тройку па гісторыі КПСС (недакладна ахарактарызаваў адзін з апошніх артыкулаў У.І.Леніна). З-за гэтага ў аспірантуру не прайшоў. Але праз некалькі месяцаў загадчык сектара гісторыі Беларусі перыяду капіталізму Канстанцін Іванавіч Шабуня, уплывовы ў інстытуце чалавек, які ў складзе камісіі прымаў экзамены па спецыяльнасці і знаёміўся з маім рэфератам, напісаным па “яго” перыядзе, запрасіў мяне на пасаду малодшага навуковага супрацоўніка ў свой сектар. Такім чынам, у ліпені 1961 г. я трапіў у акадэмічны інстытут гісторыі, дзе працую і зараз.
Выбраў тэму “Грамадска-палітычны рух у Беларусі ў 1900 – 1917 г.” Планаваў на працягу трох гадоў даследаваць палітыку царызму, утварэнне і дзейнасць у Беларусі арганізацый расейскіх і яўрэйскіх нацыяльных рухаў. (Адзначу ў дужках, што намечаная на тры гады праграма даследаванняў далёка не завершана мною да сённяшняга дня). Сабраны за першыя 3 – 4 гады навуковай дзейнасці багаты фактычны матэрыял абвяргаў сцвярджэнні афіцыйнай беларускай гістарыяграфіі пра расстаноўку палітычных сілаў у перыяд барацьбы з царызмам, найперш – аб месцы і ролі так званых дробнабуржуазных, народніцкіх і сацыял-дэмакратычных, партый і арганізацый. Яны практычна разам з бальшавікамі змагаліся за звяржэнне самадзяржаўя, аднак і ў 60-я гады ацэньваліся паводле сталінскага кароткага курсу “Истории ВКП(б)” як контррэвалюцыйныя, рэакцыйныя, антынародныя партыі. У першых двух артыкулах, апублікаваных у 1966 г., я паказаў неабгрунтаванасць гэтых ацэнак у дачыненні да беларускага нацыянальнага руху пачатку 20 ст., канкрэтна – Беларускай сацыялістычнай грамады і яе газетаў “Наша доля” і “Наша ніва”. Артыкул пра “Нашу долю” быў надрукаваны ў часопісе “Полымя”. У тым жа годзе я здаў у “Полымя” вялікі артыкул (каля 3 д.а.) “Беларускі нацыянальны рух і газета “Наша ніва”. Рэдакцыя рыхтавала яго да друку, але з’явіліся рашэнні чарговага пленума ЦК КПБ па ідэалагічных пытаннях і публікацыя стала немагчымай.
Такім чынам, на ўласным вопыце я пераканаўся, што навукова-аб’ектыўнае даследаванне так званых непралетарскіх рухаў і партый у тых умовах не магло прабіцца на свет Божы, яго нельга было абараніць на вучоную ступень або апублікаваць. Таму для кандыдацкай дысертацыі я выбраў тэму з гісторыі сацыял-дэмакратычнага руху, які папярэднічаў узнікненню бальшавізму. Але тут паўстала праблема з яўрэйскай сацыял-дэмакратычнай арганізацыяй, вядомай пад назвай Бунд. Па ўсіх першакрыніцах (дакументах і матэрыялах) выходзіла, што ён у канцы 90-х – пачатку 900-х гадоў фактычны быў адзіным кіраўніком рабочага руху ў гарадах і мястэчках Беларусі, прадстаўляў тут РСДРП. Аднак, не зважаючы на факты, афіцыйная гістарыяграфія ацэньвала Бунд як дробнабуржуазную нацыяналістычную арганізацыю, як ворага бальшавізму і рабочага класа, выдумвала нейкія міфічныя небундаўскія камітэты РСДРП і неверагодна заблытвала гісторыю сацыял-дэмакратычнага і рабочага руху ў Беларусі ў гэты ды й пазнейшы перыяд. Спасылаліся на тое, што яўрэйскі Бунд не мог кіраваць тут рабочым рухам, бо большасць рабочых складалі беларусы. Давялося заняцца распрацоўкай пытання пра нацыянальны склад наёмных работнікаў, што працавалі ў прамысловасці, будаўніцтве, гандлі, на ўсіх відах транспарту і г.д. (за выключэннем сельскай і лясной гаспадаркі) і канцэнтраваліся пераважна ў гарадах і мястэчках. Зрабіў адпаведныя статыстычныя падлікі на аснове матэрыялаў усеагульнага перапісу насельніцтва 1897 г. паводле методыкі У.І. Леніна. У выніку атрымалася, што сярод пералічаных катэгорыяў работнікаў яўрэі складалі 60%, а беларусы – толькі 17%. У дысертацыі канстатавалася гегемонія Бунда ў сацыял-дэмакратычным руху Беларусі ў 1898 – 1903 г. Гэтая выснова выклікала сярод вучоных-артадоксаў абвінавачванне: “Бич подрывает марксистско-ленинское учение о гегемонии пролетариата”. Вядома, чым яно “пахла” у той час. Але кандыдацкая дысертацыя была абаронена паспяхова (1970 г.). У 1973 г. на яе аснове выдадзена кніжка-манаграфія “Развитие социал-демократического движения в Белоруссии в 1883 – 1903 гг.”.
Каля 10 наступных гадоў я ў асноўным займаўся даследаваннем гісторыі рабочага руху ў Беларусі ў 1861 – 1907 г. У сувязі з гэтым распрацаваў новую методыку статыстычнага аналізу і ўліку выступленняў рабочых па галоўных формах барацьбы (эканамічныя і палітычныя страйкі, дэманстрацыі, мітынгі, маніфестацыі і сходы, сутыкненні з паліцыяй і войскам), апрацаваў велізарную колькасць дакументальных матэрыялаў (крыніц) і вызначыў штогадовыя паказчыкі, якія характарызуюць якасную дынаміку рабочага руху ў адзначаны перыяд. Вынікі гэтых даследаванняў апублікаваў у манаграфіі “Рабочее движение в Белоруссии в 1861 – 1904 гг.” (1983) і першым томе “Истории рабочего класса Белорусской ССР” (1984). Манаграфію абараніў у якасці доктарскай дысертацыі (1984).
У канцы 80-х – пачатку 90-х гадоў напісаў 9 аб’ёмных нарысаў для кнігі “Нарысы гісторыі Беларусі”. Частка 1. (Мінск, 1994), у якіх па-новаму асвятліў шэраг вузлавых пытанняў айчыннай гісторыі, у першую чаргу беларускага нацыянальнага руху, у другой палове 19 – пачатку 20 ст. (да Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. уключна). У пачатку 1991 г. па прапанове Міністэрства адукацыі ўзначаліў группу навукоўцаў з мэтай распрацоўкі праекта новай канцэпцыі гістарычнай адукацыі ў сярэдняй школе Беларусі. Ён быў падрыхтаваны і здадзены ў міністэрства ў пачатку ліпеня і апублікаваны ў лістападзе таго ж года ў “Настаўніцкай газеце”. У аснову канцэпцыі быў пакладзены нацыянальна-дзяржаўны падыход да асвятлення гісторыі, агульнапрыняты ва ўсіх цывілізаваных суверэнных краінах. На аснове выказаных у гэтай публікацыі прапановаў пачалася перабудова выкладання гісторыі не толькі ў сярэдніх, але і ў вышэйшых навучальных установах нашай краіны.
У 1992 – 1995 г. удзельнічаў у распрацоўцы новых праграмаў і новай перыядызацыі Сусветнай і Айчыннай гісторыі ў дапаможніках для 5 – 11 класаў агульнай школы, рэдагаваў праграмы па Айчыннай гісторыі, выдадзеныя ў 1992 – 1995 г. Новыя дапаможнікі для 5 – 9 класаў ствараліся ў незвычайна сціслыя тэрміны (да 6 месяцаў), бо школа павінна была атрымаць іх да пачатку 1993 – 1994 навучальнага года. Тым не менш, задача, пастаўленая міністэрствам адукацыі, была выкананая. У ліку іншых у 1993 г. выйшаў і мой дапаможнік “Гісторыя Беларусі. Канец XVIII ст. – 1917 год” для 8 класа. Годам раней быў выдадзены дапаможнік “Гісторыя Беларусі: ХХ стагоддзе” для 10 – 11 класаў, да якога я напісаў прадмову і першыя чатыры раздзелы. Павінен адзначыць, што першы з названых дапаможнікаў арыентаваны больш на настаўнікаў, чым на вучняў. У мінулым годзе я кардынальна перапрацаваў яго ў метадычных і іншых адносінах (забяспечыў дакументальным матэрыялам, ілюстрацыямі, картамі, дыяграмамі). Ужо 9 месяцаў рукапіс праходзіць праз устаноўленую ў канцы 1995 г. сістэму рэцэнзавання. Адну стадыю прайшоў, на другой (у Дзяржаўнай камісіі) затрымаўся. На канцэптуальныя змены я не пагаджуся і, шчыра кажучы, надзеі на яго выданне ў цяперашнія часы не маю.
Але вярнуся да іншых аспектаў свайго жыццяпісу. У 1983 г. я замяніў К.І. Шабуню на пасадзе загадчыка сектара гісторыі Беларусі перыяду капіталізму (пазней гэты сектар быў ператвораны ў аддзел гісторыі Беларусі канца 18 – пачатку 20 ст.). З восені 1989 г. – намеснік дырэктара інстытута па навуковай працы. Працягваю кіраваць і дзейнасцю аддзела (на грамадскіх асновах). Чытаю курс лекцый па гісторыі Беларусі другой паловы 19 ст. (1/4 стаўкі прафесара) на гістарычным факультэце Белдзяржпедуніверсітэта. Падрыхтаваў шэсць кандыдатаў гістарычных навук. З’яўляюся намеснікам старшыні Савета па абаронах доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый, які дзейнічае пры нашым інстытуце, і сябрам таго ж Савета пры Белдзяржпедуніверсітэце. Каля двух гадоў узначальваю Экспертны савет Вышэйшага атэстацыйнага камітэта Рэспублікі Беларусь па гістарычных навуках і мастацтву.
Шмат гадоў супрацоўнічаю з выдавецтвам “Беларуская энцыклапедыя”, як аўтар і кансультант. У выданнях БелЭН апублікаваў каля 200 артыкулаў. Да вясны 1996 г. уваходзіў у склад рэдакцыйнай калегіі “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі”.
Усяго ў спісе апублікаваных мною навуковых і навукова-папулярных прац налічваецца каля 300 пазіцый, у тым ліку 2 манаграфіі, 29 раздзелаў у 7 калектыўных кнігах, 3 вучэбныя дапаможнікі. Спадзяюся, што рэсурс мой не выпрацаваны і яшчэ нешта атрымаецца зрабіць дзеля адраджэння нашай Бацькаўшчыны.
7 красавіка 1997 г.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"