БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 6 / 2002

IN MEMORIAM

Таленавіты гісторык Беларусі

Таццяна Каробушкіна
(Менск)

Прайшлі два гады з таго дня, як 17 траўня 1999 г. імгненна і заўчасна абарвалася жыццё беларускага гісторыка Міхася Восіпавіча Біча. Яго імя добра вядомае не толькі вузкаму колу спецыялістаў, але і шырокай грамадкасці ў Беларусі і далека за яе межамі.

Міхась Восіпавіч Біч нарадзіўся 27 траўня 1937 г. у працавітай і паважанай сялянскай сям’і Восіпа Пятровіча і Ганны Антонаўны Бічоў у вёсцы Мілявічы Мастоўскага раёна Гарадзенскай вобласці. Пасля паспяховага заканчэння Дзярэчынскай сярэдняй школы, якая знаходзілася за тры кіламетры ад роднай вёскі, паўстала пытанне пра далейшую адукацыю. Праблемы выбару жыццёвага шляху на гэты момант ужо не існавала. Даўно было вырашана звязаць свой лёс з вывучэннем гісторыі роднай Беларусі. Тым больш, што яшчэ ў школьныя гады будучы вучоны заўважыў, што ў праграме амаль адсутнічаюць матэрыялы па гісторыі Беларусі.

Апроч таго, ужо генетычна ён атрымаў любоў да ведаў і асабліва да гісторыі. Справа ў тым, што ягоны бацька Восіп Пятровіч меў дапытлівы розум, цікавіўся мінулымі і сучаснымі падзеямі. Калі каму-небудзь з аднавяскоўцаў трэба было вырашыць няпростае жыццёвае пытанне або напісаць важную заяву ў высокую інстанцыю, звычайна ішлі за дапамогай да яго. Абмеркаванне і вырашэнне гэтых пытанняў часта адбывалася ў прысутнасці маленькага сына Восіпа Пятровіча. А калі хлопчык стаў падрастаць, то дапамагаў бацьку не толькі ў гаспадарцы, але і ў вырашэнні складаных для аднавяскоўцаў пытанняў. У далейшым, набываючы веды і вопыт, ён заўседы меў уласнае меркаванне і ўмеў яго адстойваць ў спрэчках. З цягам часу складаных абмеркаванняў станавілася ўсе больш і больш. У размовах з бацькам хлопец вучыўся збіраць, аналізаваць і параўноўваць факты, на іх падставе рабіць высновы. Разам з тым і Восіп Пятровіч шмат чаму навучыўся ад сына, бо гэтыя абмеркаванні доўжыліся да таго часу, пакуль бацька быў жывы. Пра ўзровень ягоных ведаў сведчыць той факт, што Восіп Пятровіч да апошняга часу мог падтрымаць размову з сынам на кожную важную тэму і нават у тыя гады, калі сын ужо меў высокія вучоныя ступені.

Восіп Пятровіч першы падтрымаў сына, калі той выказаў жаданне працягваць вучобу далей. Дарэчы, усе яго чацвёра дзяцей атрымалі вышэйшую адукацыю. Імкненне старэйшага сына было добрым прыкладам для двух ягоных сясцёр і брата.

У 1953 г. шаснадцацігадовы Міхась Біч вытрымаў вялікі конкурс (восем чалавек на адно месца) і паступіў на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэту. Ён стаў студэнтам нягледзячы на тое, што большасць абітурыентаў мела значна лепшыя шанцы. Яны былі не толькі старэйшымі па ўзросце, але мелі больш спрыяльныя ўмовы для навучэння, бо вучыліся ў гарадскіх школах. Аднак дзякуючы сваей сабранасці, арганізаванасці, настойлівасці ў дасягненні мэты ўсе цяжкасці былі пераадоленыя, і малады хлопец здолеў здзейсніць запаветную мару. На нашым курсе (мы вучыліся разам у адной групе) пераважалі студэнты больш сталага ўзросту, а некаторыя з іх нават удзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне. Яны сталі студэнтамі ў званнях падпалкоўнікаў і палкоўнікаў. Аднак здольнасці Міхаіла Восіпавіча, яго добрыя чалавечыя якасці, прага да ведаў, уменне пераадольваць цяжкасці былі адразу ж заўважаныя не толькі аднакурснікамі і сябрамі, але і выкладчыкамі. Яго паважалі не толькі студэнты, блізкія яму па ўзросце, але і ўдзельнікі вайны, якія ў адрозненні ад нас – учорашніх вучняў – шмат што пабачылі і перажылі. Міхася Біча не толькі любілі і паважалі, але і ганарыліся тым, што з'яўляюцца яго аднакашнікамі. Так было і так ёсць ужо на працягу сарака васьмі гадоў.

Яшчэ ў студэнцкія гады Міхась Восіпавіч вызначыў і акрэсліў сваю навуковую тэматыку. Уся яго ўвага была накіравана да гісторыі Беларусі другой паловы 19 – пачатку 20 ст. Нездарма яго дыпломная работа была прысвечаная гэтаму гістарычнаму перыяду. На пятым курсе ён з незвычайным поспехам абараніў дыпломную работу на тэму “К вопросу об экономическом развитии Белоруссии во второй половине 19 – начале 20 вв.”, якая была выкананая з выкарыстаннем архіўных крыніцаў.

У 1958 г. Міхась Біч атрымаў дыплом з адзнакай і паехаў працаваць настаўнікам у сельскія школы, спачатку Пастаўскага, а потым Мастоўскага раёнаў. Усё як быццам бы складвалася добра, але яму быў наканаваны іншы лёс. Ён адчуваў заклік да навуковай працы, а за гады вучобы набыў уменне працаваць з першакрыніцамі. Яго найбольш турбавала адсутнасць магчымасці працягваць вывучэнне гісторыі Беларусі. Без гэтага ён не ўяўляў свайго жыцця. Менавіта таму маладым настаўнікам было прынятае рашэнне паступаць у аспірантуру на гістарычны факультэт Менскага педінстытута. Але ўсе змяніў яго вялікасць выпадак.

Аднойчы пры выпадковай сустрэчы ён падзяліўся гэтай думкай са мной. Я адобрыла ў асноўным рашэнне, але параіла яму зрабіць выбар паміж гістарычным факультэтам універсітэту і Інстытутам гісторыі АН БССР, дзе працавала ўжо два гады. Сітуацыю на гістарычным факультэце універсітэту мы яшчэ не паспелі забыць, бо прайшлі толькі два гады пасля заканчэння, а пра структуру, навуковыя кадры і магчымасці паступлення ў аспірантуру Інстытута гісторыі я распавяла як мага падрабязней. Педагагічны інстытут быў для мяне малазнаёмай установай. Тое ж можна сказаць і пра Міхася Восіпавіча, бо ўжо падчас размовы ён цвёрда вырашыў паступаць у акадэмічны Інстытут гісторыі. На ўступных экзаменах трошкі не пашанцавала. Не хапіла аднаго бала. Але ягоны рэферат і адказы на экэаменах па спецыяльнасці былі настолькі бездакорнымі, што ўразілі тагачаснага загадчыка сектара гісторыі Беларусі эпохі капіталізму прафесара Канстанціна Іванавіча Шабуню. Таму ён адразу пасля таго, як даведаўся, што Міхась Восіпавіч не прайшоў па конкурсу, падышоў да мяне і паабяцаў, што пры першай магчымасці возьме яго на працу ў свой сектар. Так і адбылося. Як прыемна зараз, праз сорак гадоў з удзячнасцю ўспомніць шаноўнага Канстанціна Іванавіча, які заўважыў малады талент. Пры падборы супрацоўнікаў у свой сектар ён кіраваўся толькі адным – здольнасцямі чалавека да навуковай працы. Менавіта дзякуючы такому падыходу ў сектары працаваў высокапрафесыйны, зладжаны і працавіты калектыў даследчыкаў. Міхась Біч адразу арганічна ўліўся ў яго і актыўна ўключыўся ў работу. Няма сумненняў, што Міхась Восіпавіч ніколі б не спыніўся ў сваіх памкненнях займацца навукай, але хто ведае, як бы склаўся яго навуковы лёс, калі б ён выбраў іншы шлях, на якім не аказалася б Канстанціна Іванавіча! А тут усё было спрыяльна і ясна.

Міхась быў залічаны на пасаду малодшага навуковага супрацоўніка і з вялікім жаданнем і стараннасцю ўзяўся за распрацоўку тэмы “Грамадска-палітычны рух у Беларусі ў 1900 – 1917 г.” Тэма вельмі рознапланавая, складаная і на той час амаль не даследаваная.

Над гэтай тэмай Міхаілу Восіпавічу давялося працаваць на працягу ўсяго свайго творчага жыцця. Тым не менш, паводле яго асабістага прызнання “яна далёка не завершаная і на сённяшні дзень”. І гэта пры тым, што яе распрацоўваў такі даследчык, які мог самастойна і творча вырашыць самыя складаныя пытанні беларускай гісторыі. Ён заўсёды ставіў перад сабой вельмі высокую планку і пераадольваў яе. І толькі з вышыні свайго ведання тэмы здолеў убачыць, што і колькі яшчэ трэба зрабіць.

Ён акрэсліў кірунак сваіх даследаванняў – гісторыя рабочага і сацыял-дэмакратычнага руху ў другой палове 19 – пачатку 20 ст. Шмат і паспяхова працаваў па збору матэрыялаў у архівах і бібліятэках не толькі Беларусі, але таксама ў Маскве, Ленінградзе, Кіеве, Вільні. Сабраныя матэрыялы трэба было апрацаваць, абагульніць і на іх падставе зрабіць адпаведныя высновы. Ён рабіў іх згодна атрыманага фактычнага матэрыялу, нават калі яны не супадалі з агульнапрынятымі. У такіх выпадках Міхась Восіпавіч знаходзіў іншыя сродкі і спосабы, каб пераправерыць атрыманыя факты. І калі быў упэўнены, што яны адпавядаюць гістарычнай рэчаіснасці, смела выказваў іх не толькі ў вуснай, але і ў пісьмовай форме, у тым ліку на рэгіянальных і міжнародных навуковых нарадах і канферэнцыях. Ён быў прызнаным аўтарытэтам па сваёй праблематыцы не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі.

У 1970 г. Міхась Восіпавіч паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму: “Развитие социал-демократического движения в Белоруссии в 1883 – 1903 г.”, у якой грунтоўна даследаваў шэраг важных і раней не распрацаваных пытанняў. У 1973 г. яна была выдадзеная асобнай манаграфіяй. У 1971 г. М.В.Біч быў абраны на пасаду старшага навуковага супрацоўніка.

Кола навуковых інтарэсаў даследчыка было надзвычай шырокім. Пасля публікацыі манаграфіі ён амаль дзесяцігоддзе вывучаў рабочы рух у Беларусі ў 1861 – 1907 г. У 1984 г. у выніку даследаванняў з’явілася манаграфія “Рабочее движение в Белоруссии в 1861 – 1904 г.”, якая была абароненая як доктарская дысертацыя. У гэтай працы рабочы рух Беларусі атрымаў якасна новае асвятленне. Аўтар упершыню на шырокай базе крыніцаў раскрыў працэс станаўлення і развіцця не толькі рабочага класа, але і буржуазіі Беларусі ў другой палове 19 – пачатку 20 ст. Міхась Восіпавіч прапанаваў новую арыгінальную методыку статыстычнага аналізу рабочага руху па асноўных формах барацьбы. Разам з вывучэннем рабочага класа і буржуазіі ён даследаваў дзейнасць буржуазных і дробнабуржуазных партыяў і груповак, а таксама народніцкі рух, перыядычны друк Беларусі і праблемы нацыянальнага Адраджэння пачатку 20 ст.

З ліпеня 1983 г. Міхась Восіпавіч з’яўляўся загадчыкам сектара гісторыі Беларусі перыяду капіталізму. Потым сектар змяніў сваю назву і быў пераўтвораны ў аддзел гісторыі Беларусі канца 18 – пачатку 20 ст. М.В.Біч атрымаў ступень доктара гістарычных навук і да канца жыцця паспяхова ўзначальваў названы аддзел. Праўда, з 1989 г. ён кіраваў аддзелам на грамадскіх пачатках, бо быў абраны намеснікам дырэктара Інстытута гісторыі АН БССР па навуковай рабоце. Гэтая пасада, таксама як і пасада загадчыка аддзела была вельмі адказнай і патрабавала шмат часу, якога ў Міхаіся Восіпавіча катастрафічна не хапала. Адначасова ён быў намеснікам старшыні вучонага Савета па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацыяў, створаным пры Інстытуце гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, сябрам такога ж Савета па абароне пры Дзяржпедуніверсітэце, уваходзіў у склад вучонага Савета інстытута. Апроч таго, М.В.Біч на працягу чатырох гадоў узначальваў экспертны савет Вышэйшага атэстацыйнага камітэта Рэспублікі Беларусь па гістарычных навуках і мастацтвазнаўству. Гэтая праца спалучалася з падрыхтоўкай новых кадраў. Шэсць аспірантаў пад ягоным кіраўніцтвам абаранілі кандыдацкія дысертацыі.

А колькі рэдакцыйнай і кансультацыйнай работы ім зроблена за амаль трыццаць восем гадоў працы ў Інстытуце! Усю яе цяжка і нават немагчыма пералічыць. Дастаткова нагадаць толькі наш трохтомнік па археалогіі Беларусі. Яго падрыхтоўка да друку ішла цяжка і цягнулася некалькі гадоў. Трэба аддаць належнае Міхасю Восіпавічу, які, як намеснік дырэктара і сябра рэдкалегіі, зрабіў шмат слушных заўвагаў. Застаецца толькі здзіўляцца, як чалавек, быццам бы далёкі ад археалогіі, здолеў заўважыць шматлікія недахопы, пачынаючы ад структуры кожнага аб’ёмістага тому (болей за 500 старонак) і, канчаючы зместам і падборам ілюстрацыйнага матэрыялу. Каб даць гэтыя карысныя парады, трэба было не толькі зразумець матэрыял, але ўважліва прачытаць усе тры тамы. Мы вельмі ўдзячныя яму за ўсё гэта.

Нельга скідаць з шаляў і грамадскую дзейнасць Міхаіла Восіпавіча, якую ён выконваў на працягу ўсяго свайго жыцця. Ён не мог заставацца ў баку ад грамадскай працы, бо заўсёды меў цвёрдую жыццёвую пазіцыю і ўмеў адстойваць сваю думку.

А калі пачаць разглядаць яго навуковыя працы, то тут апрача ўжо названых двух манаграфій агульным памерам 25,5 друкаваных аркушаў (д.а.) трэба назваць аб’ёмістыя раздзелы ў сямі калектыўных кнігах:

1. Гісторыя Беларускай ССР. Т. 2. Мінск, 1972;
2. Исторические корни дружбы и единения украинского и белорусского народов. Киев, 1978;
3. Достижения исторической науки в БССР за 60 лет. Минск, 1979;
4. История рабочего класса Белорусской ССР. В 4-х томах. Т. 1. Минск, 1984;
5. Асвета і педагагічная думка ў Беларусі са старажытных часоў да 1917 г. Мінск, 1985;
б. Полоцк: исторический очерк. 2-е изд. Минск, 1987;
7. Нарысы гісторыі Беларусі. У 2-х частках. Ч. І. Мінск, 1987.

Агульны памер раздзелаў у названых кнігах складае 34,8 д.а. У навуковых выданнях надрукавана 54 артыкулы, даклады і рэцэнзіі агульным памерам 37,3 д.а. і 230 артыкулаў у энцыклапедычных выданнях агульным памерам 16,2 д.а.

Міхась Восіпавіч шмат працаваў над вучэбнымі дапаможнікамі. Ім былі напісаныя чатыры дапаможнікі памерам 46,3 д.а. і пяць праграмаў для сярэдняй школы па гісторыі Беларусі агульным памерам 3,6 д.а.

М.В.Біч быў не толькі працалюбівым і плённым даследчыкам, але і светлай, добрай душы чалавекам, які ніколі не пакідаў без увагі аніводнай просьбы, а гэта так важна, асабліва калі чалавек знаходзіцца на высокай дзяржаўнай пасадзе. Апроч таго, ён быў прыкладным сем’янінам, любячым сынам, мужам і пяшчотным бацькам, які заўсёды клапаціўся пра сваіх дочак і сваякоў. Ён умеў сябраваць, быць цэнтрам, вакол якога заўсёды гуртаваліся не толькі родзічы і сябры, але і цэлыя калектывы, у якіх ён вучыўся і працаваў.

Вельмі не хапае нам усім Міхася Восіпавіча, але глыбокі след, які ён пакінуў у навуцы, цяпло яго душы, якое адчувалі ўсе тыя, хто з ім хоць калі-небудзь сустракаўся на жыццёвых шляхах, застануцца назаўсёды.

Міхась Восіпавіч шчыра і горача любіў Беларусь, самааддана працаваў на яе карысць і назаўсёды ўвайшоў у гісторыю беларускай навукі.

Каробушкіна Таццяна
Нарадзілася 20 ліпеня 1934 г. у Цвярской вобл.
Старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі
Даследуе земляробства ў перыяд ранняга феадалізму, гісторыю насельніцтва 10-13 ст. беларускага Пабужжа
Адрас:
220072 г. Менск
вул. Акадэмічная, 1.
Інстытут гісторыі НАН


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія