БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 6 / 2002

РЭЦЭНЗІІ

Заўвагі да праблемы даследаванняў гісторыі Гародні
(на падставе выдання серыі Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка горада Гродна, Мінск, 1999, 712 с.)

Юры Гардзееў
(Кракаў)

Напэўна, можна пагадзіцца з тым, што гісторыя беларускіх гарадоў вывучана не вельмі добра. Таму з’яўленне кнігі з серыі Памяць, прысвечанай гісторыі Гародні, можна толькі вітаць. Як вынікае з анатацыі кнігі, асаблівая ўвага была нададзена падзеям другой святовай вайны, а таксама пасляваеннаму перыяду. Прыблізна такі ж аб’ём прысвечаны папярэдняму тысячагадоваму перыяду гісторыі Гародні з канца 10 ст. да 20-30-х г. 20 ст. Не выклікае сумненняў, што падобныя дыспрапорцыі ў асвятленні мінулага нашага горада – з’ява ненатуральная і анахранічная. Гэта відавочна на фоне высокага ўзроўню даследаванняў у галіне гарадской гісторыі ў іншых дзяржавах Еўропы і, што немалаважна, хуткіх тэмпаў іх далейшага развіцця. Праблема эвалюцыі вывучэння гісторыі Гародні, да роздуму над якой дадаткова прычыніўся гарадзенскі том Памяці, даўно заслугоўвае абмеркавання. Прапанаваныя разважанні будуць ў некаторых месцах пераплятацца з заўвагамі адносна нарысаў, змешчаных у згаданым выданні.

Перш невялікае падарожжа ў Гародню пачатку 19 ст., калі нашыя землі ўвайшлі ў склад Расейскай імперыі. Гэты час, як і кожны іншы гістарычны перыяд ці эпоха, меў свае адметнасці. Менавіта тады былі зробленыя першыя крокі ў вывучэнні пяцісотгадовай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Штуршком да гэтага, без сумніву, былі падзелы Рэчы Паспалітай, якія схілялі мясцовую інтэлігенцыю да глыбокага роздуму і пазнання мінуўшчыны краю.

У 1823 г. у Гародні пасяліўся Ігнат Кулакоўскі, які працаваў ў губернскіх судовых установах. Але ён не быў шэраговым клеркам. Наадварот, І.Кулакоўскі належаў да інтэлектуальнай эліты горада, ангажаваўся ў грамадска-асветніцкую дзейнасць, пісаў вершы, рабіў пераклады з шэрагу замежных моваў, у т.л. з санскрыту, быў сябрам Таварыства Паўночных Антыквараў і Лонданскага Геаграфічнага Таварыства. Увагу Кулакоўскага прыцягвала таксама гісторыя горада. У 30-я гады 19 ст. ён напісаў “Гістарычныя нарысы духоўных установаў у губернскім горадзе Гародні”, а таксама “Заснаванне і кароткую гісторыю горада Гародні”. Менавіта апошняя праца, якая мела піянерскі характар, і, на жаль, дагэтуль засталася незаўважанай, паклала асновы пазнейшых гістарычных апісанняў горада. Кулакоўскі, хоць не быў прафесійным гісторыкам, аднак даволі адказна ставіўся да працэсу правядзення гістарычных даследаванняў. На яго думку, яны павінны грунтавацца на крыніцах ці “пісьмовых довадах”, а не “мізэрных здагадках”, якія “пераплецены байкамі”.

Паслядоўнікам Кулакоўскага быў Тэадор Нарбут, які ў 1837 r. склаў “Гістарычныя заўвагі аб гарадах губернскіх і павятовых Гарадзенскай губерніі са старажытных часоў да апошніх гадоў польскага панавання”. Не выклікае сумнення той факт, што пры напісанні свайго варыянту гісторыі горада Нарбут карыстаўся рукапісамі Кулакоўскага, дадаткова упрыгожваючы свой тэкст зусім ненавуковымі разважаннямі. Працы Т.Нарбута, якія грунтаваліся на шматлікіх легендах, народных паданнях і летапісах, звесткі якіх ён, як правіла, прымаў за “чыстую манету”, характарызаваліся высокай ступенню бескрытычнасці. Як вядома, падобны падыход да гісторыі, шматлікія скажэнні гістарычных фактаў і нават неабгрунтавныя здагадкі, прынеслі Т.Нарбуту славу рамантычнага фантазёра свайго часу.

Памянёнае адбывалася на заранку станаўлення гісторыі як навукі. Таму нельга тагачасных гісторыкаў, працы якіх нагадвалі кволыя парасткі, вінаваціць ў няведанні метадалогіі даследаванняў. Адзіным надзвычай небяспечным наступствам гістарычнага першапраходніцтва было стварэнне і памнажэнне міфаў, якія надоўга замацаваліся ў гістарычнай думцы. Адным з такіх міфаў было, напрыклад, уведзенае Т.Нарбутам у навуковы зварот палажэнне пра знішчэнне татара-манголамі Гародні і яе падпарадкаванне літоўскаму князю Эрдзівілу ў 1241 г., пазычанае з Хронікі Быхаўца і Хронікі Стрыйкоўскага.

З сённяшняга пункту гледжання сур’ёзныя сумненні выклікае таксама “рухомая” даціроўка атрымання Гародняй магдэбургскага права. Тэадор Нарбут заклаў пачаткі міфа пра тое, што гэта наданне адбылося ў 1444 r. Міхал Балінскі і Цімафей Ліпінскі, аўтары “Starożytnej Polski”, паглыбілі казус, сцвярджаючы, што ў 1391 r. Уладыслаў Ягайла надаў Гародні “прывілей на гарадскія свабоды”, а Казімір Ягайлавіч у 1444 г. - “магдэбургскае права”. Трэба заўважыць, што пошук гэтых дакументаў праводзіў Юзаф Ядкоўскі, але так і не знайшоў іх.

Нагадаем, што ў канцы 14 ст. міжнароднае і ўнутранае ваенна-палітычнае становішча ў ВКЛ было надзвычай складаным. У 1390-1392 г. горад пераходзіў з рук у рукі, ад Ягайлы да Вітаўта. Развіццю горада таксама перашкаджалі напады крыжакаў. Дзе ж тут было клапаціцца пра прывілеі для горада. А вось праз стагоддзе становішча кардынальна змянілася. У той час магдэбургія была ўведзеная ў Кіеве (1494-1497), Полацку (1498), Менску (1499), Высокім (1503), Наваградку (1511). Фактарамі, якія паспрыялі распаўсюджванню магдэбургскага права ў ВКЛ на мяжы 15 і 16 ст., былі, як недзіўна, фінансавыя праблемы дзяржавы, змяненне кан’юнктуры еўрапейскага рынку, што было выкарыстана вялікім князем Аляксандрам Ягайлавічам.

Наданне нашаму гораду права на самакіраванне адбылося ў вялікакняскім двары ў Берштах у 1496 г. Уважлівы аналіз гэтага гарадзенскага прывілею, а таксама яго пазнейшых пацверджанняў ці канфірмацый 1506, 1576, 1589, 1718 г. выразна ўказвае на 1496 г. як на год атрымання Гародняй магдэбургскага права. Можна меркаваць, што калі б горад атрымаў магдэбургскае права значна раней, то пра гэта было б сказана ў прывілеі 1496 г. Таму згадкі пра тое, што гарадзенцы з 1391 г. ўжо карысталіся няпоўным магдэбургскім правам, а з 1444 г. – поўным не адпавядаюць рэчаіснасці (с. 59-60, 67, 74, 77, 684). Зрэшты, яшчэ ў 1889 г. свае сумненні адносна магчымасці надання гарадскіх правоў у 1391 г. выказаў Яўстафій Арлоўскі. Аднак ён сам не пазбегнуў блытаніны, сцвярджаючы пра наданне магдэбургскага права ў 1444 г.

Яшчэ некалькі невялікіх заўвагаў адносна матэрыялаў, змешчаных у Памяці. Пярэчанне выклікае састарэлая рэканструкцыя Гародні 12 – 13 ст., змешчаная на с. 45. Апошнія даследаванні даказваюць, што горад у той час займаў значна большы абшар. На с. 74-75, дзе распавядаецца пра гістарычны герб Гародні (выяву св. Губерта), чамусьці змешчаная ілюстрацыя герба Гарадзенскай губ. 19 ст. На с. 78 пададзена, што гарадзенскі Стары замак ў 16 ст. перабудаваў Скота з Пармы. Хацелася б нагадаць, што яшчэ ў 1969 г. гісторык Анджэй Фішынгер давёў, што гэтымі працамі кіраваў італьянец Санці Гучы. Не зусім абгрунтаваным можна палічыць выдзяленне ў ролі асобнага храналагічнага адрэзку гісторыі Гародні другую палову 16 – 18 ст. (с. 68). Ні Люблінская унія, ні асабіста сам Стэфан Баторы кардынальна не змянілі гарадское жыццё. Куды больш важнай па сваёй юрыдычнай прыродзе падзеяй было атрыманне права на самакіраванне ў 1496 г., якое дало пачатак новаму “магдэбургскаму” этапу ў гісторыі горада.

Кідаюцца ў вочы лагічна-стілістычныя памылкі і апячаткі, напрыклад, “кароль Рэчы Паспалітай”. Такой дзяржаўнай пасады не існавала. На тэрыторыі Польскай Кароны манарх быў польскім каралём, а ў ВКЛ – вялікім князем літоўскім, рускім, прускім і г.д. Далей: “870-я ўгодкі з дня афіцыйнага нараджэння горада” (с.21). Па першае, 1128 г. трэба лічыць датай першага летапіснай згадкі Гародні. Па другое, насоўваецца пытанне, калі ж было неафіцыйнае нараджэнне? На с.68 сцвярджаецца, што “месціўся магістрат у ратушы. Да пачатку 20 ст. гэта была драўляная пабудова. <...> У 1807 г., калі замест старога будынку ўзвялі новы мураваны комплекс ратушы <...>”. На падставе захаваных звестак можна меркаваць, што ратуша ў Гародні была адноўленая, праўдападобна, у 1784 г., і ўжо тады яе будынак быў мураваны.

Прыкладам апячаткі, а хутчэй карэктарскага недагляду, з’яўляецца паданне на с. 61 замест лічбы гарадскіх пляцаў лічбы юрыдыкаў. Дарэчы, некалькі словаў пра юрыдыкі ці комплексы нерухомай маёмасці шляхты і духавенства, што існавалі на тэрыторыі горада. Можна паспрачацца з тэзісам, які з вядомым падтэкстам выкарыстоўваўся ў свой час прадстаўнікамі савецкай гістарычнай школы. Цытуем: “І ўсё ж вярхоўная ўлада, саступаючы дамаганням феадалаў, санкцыянавала юрыдыкі сваімі граматамі, зусім не ўлічваючы, што гэта адмоўна адбівалася на інтарэсах горада і яе ўласных”.

З’яўленне шляхецкіх пасэсій у Гародні было абумоўлена шэрагам прычын. У першую чаргу трэба падкрэсліць ролю горада ў палітычным жыцці Рэчы Паспалітай. Тут мясцілася каралеўская сядзіба, адбываліся сеймы, размяшчаліся цэнтральныя дзяржаўныя ўстановы – Літоўская Скарбавая Камісія, Літоўскі Трыбунал і Асэсарскі Суд. Акрамя таго ў Гародні працавалі павятовыя шляхецкія ўстановы – земскі і гродскі суды. Гэта, напэўна, спрыяла набыццю шляхтай мяшчанскіх пляцаў. Мяшчане вельмі часта прадавалі свае пляцы разам з забудовай. Нерухомасць пераходзіла ў рукі магнатаў у перыяды гаспадарчых заняпадаў горада. Менавіта таму кароль, на якога ніхто не ціснуў, зацвярджаў сваімі прывілеямі фактычна існуючыя юрыдыкі, ці, што здаралася часта, наогул не надаваў шляхце ніякіх прывілеяў. Можна згадзіцца, што ад гэтага цярпеў і горад і дзяржаўны скарб. Колькасць мяшчанскіх сядзібаў змяншалася, а гэта цягнула за сабой змяншэнне падаткаў. Яшчэ адным адмоўным вынікам фармавання юрыдыкаў была дэзінтэграцыя жыцця горада ў планіровачна-юрыдычным сэнсе. Але, як вядома, медаль мае другі бок. Юрыдыкі ў значнай ступені ажыўлялі будаўнічы рух у горадзе, будзілі “соннае царства” гарадскога цэхавога рамяства, ствараючы яму сур’ёзную канкурэнцыю.

У тэксце Памяці можна было б пазбегнуць ідэалагічных, ненавуковых штампаў сталінскіх часоў: “нямецкія псы-рыцары”, ”экспансія польскіх і літоўскіх войск” ці “барацьба за ўмацаванне старажытнарускай дзяржавы”. З расейскай лексікі трапіла палітычнаафарбаваная калька: “краіны блізкага і далёкага замежжа”, якая мае на ўвазе, што для жыхара Гародні “блізкім замежжам” з’яўляюцца абшары Далёкага Усходу Расейскай Федэрацыі, а вось Беласток, што знаходзіцца ў 70 км, гэта, натуральна, “далёкае замежжа”. Геаграфічна-ідэалагічны абсурд!

Заканчваючы разважанні, варта спыніцца на стане вывучэння гісторыі Гародні, які нельга лічыць нават дастатковым. Фактычна ён застаецца на тым самым ўзроўні, што і ў 19 ст. Грунтоўныя даследаванні гісторыі старажытнага горада не праводзяцца. Што яшчэ горш, з публікацыі ў публікацыю перапісваюцца тыя самыя памылкі, скажоныя факты і недакладныя даты падзеяў.

Доўгі час ролю выратавальнага кола выконвалі археалагічныя раскопкі. З аднаго боку гэта тлумачыцца тым, што традыцыю складання пісьмовых актавых матэрыялаў на беларускіх землях можна аднесці да даволі “маладых”. Яна пачалася ў 15 ст. Актавыя кнігі гарадскіх магістратаў пачалі пісацца пасля атрымання горадам магдэбургскага права. Акрамя таго, на вялікі жаль, гэтыя старажытныя гарадскія кнігі фактычна не захаваліся.

Раскопкі ў Гародні ў 20 ст. праводзіліся з вялікімі перапынкамі. Апошні раз грунтоўныя працы адбыліся на мяжы 80 – 90-х г. Напэўна не трэба даводзіць той факт, што сярэднявечная Гародня пакінула нам безліч загадак. Нагадаем трапнае сцвярджэнне гарадзенскага гісторыка Юзафа Ядкоўскага, якое смела можа стаць credo будучых даследаванняў. У адной з працаў ён заўважыў, што “парослыя травой берагі Нёмана хаваюць каштоўныя скарбы для навукі”. І, напэўна, хавацца ім наканавана яшчэ доўгі час. Раскопкі заўсёды прыводзілі да нечаканых адкрыццяў. А дзякуючы ім можна было б:

- знайсці лінію ўмацаванняў сярэднявечнага горада, якія праходзілі недзе ў раёне Маставой вуліцы, старадаўняга Рынка (цяпер Савецкая плошча);
- правесці даследаванні старажытнага вакольнага горада (Новы замак);
- удакладніць месцазнаходжанне, а магчыма нават натрапіць на слабадаследаваныя культавыя пабудовы, напрыклад, Васкрасенскую ці Малую цэрквы, манастырскі комплекс на Каложы;
- правесці раскопкі новаўзведзенай у 17 ст. Васкрасенскай царквы, якая знаходзілася на скрыжаванні сучасных вуліц Кірава і Сацыялістычнай;
- даведацца больш пра жыццё горада, праводзячы археалагічныя даследаванні ў раёне старажытнага гарадзенскага маста праз Нёман, дарога да якога ішла ярам паміж будынкам Новага Замка і кляштарам бернардынак (на яго месцы стаіць драматычны тэатр);
- удакладніць час засялення занёманскай часткі Гародні;
- злакалізаваць месцазнаходжанне Віленскай і Азёрскай гарадскіх брамаў.

Вернемся аднак да дакументальных матэрыялаў, на падставе якіх праводзіцца вывучэнне гісторыі кожнага горада. Ва ўсіх еўрапейскіх краінах яно вядзецца надзвычайна актыўна. Сістэматычна даследуецца не толькі жыццё буйных гарадскіх асяродкаў, але мястэчак і нават паасобных вёсак. У комплекс праблемаў уваходзяць не толькі помнікі культуры, горадабудаўнічыя ансамблі, але як вельмі важныя пытанні даследуецца:

- уплыў на развіццё горада ваенна-палітычных фактараў і стыхійных бедстваў, аспектаў эвалюцыі сацыяльнай структуры канкрэтнага населеннага пункта ці г.зв. сацыяльнай стратыграфіі (дэмаграфічная і этнаканфесійная структура, сацыяльнае расслаенне, развіццё гарадской адміністрацыі і самакіравання);
- формы прафесійнай і грамадскай дзейнасці (рамяство і гандаль, асвета, дабрачыннасць, рэлігійныя брацтвы, урачыстасці і звычаі);
- развіццё і арганізацыя юрыдыкаў (у дачыненні да магдэбургскіх гарадоў);
- стуктура нерухомай маёмасці ў горадзе, а таксама сацыяльны прэстыж пэўных гарадскіх кварталаў;
- паасобныях аб’екты гарадскога прызначэння (ратуша, корчмы, млыны, цагельні), іншых архітэктурна-будаўнічых комплексаў, культавых аб’ектаў і могілак. Гэта дазваляе стварыць сінтэтычны вобраз горадабудаўнічай эвалюцыі горада.

Гэты спіс пытанняў можна доўжыць і доўжыць. Заўважым аднак, што ў апошнія гады адбыліся пэўныя зрухі. Рэгіянальным даследаванням удзяляецца крыху больш увагі. Але... На вялікі жаль, далягляд гісторыкаў як бы загіпнатызаваны храналагічнымі рамкам 19 ст. і асабліва “моднага” 20 ст. Чым гэта тлумачыцца? Па-першае, адыгрывае ролю жаданне даследаваць праблемы эвалюцыі беларускай нацыі, яе культуры, беларускага нацыянальнага руху і станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Па-другое, што тычыцца канкрэтна Гародні, то мясцовым гісторыкам куды лягчэй праводзіць даследаванні на месцы, у горадзе. А як вядома, у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Гародні захоўваюцца пераважна дакументы 19 – пачатку 20 ст., г.зн. перыяду, калі беларускія землі знаходзіліся ў складзе Расейскай імперыі.

Узнікае пытанне адносна дакументаў, якія датычаць ранейшага перыяду гісторыі горада і рэгіёна – 16 – 18 ст. Нагадаем, што ў 60 – 70-я гады 20 ст. цудам захаваныя старажытныя кнігі гарадзенскага магістрата, гарадзенскага гродскага і земскага судоў былі вывезеныя ў Менск. Нават сама логіка жыцця падказвае, што падобныя гістарычныя архівы павінны захоўвацца ў тым горадзе, дзе яны складваліся. Агульнавядомы сусветны прынцып пертынэнцыі архіўных матэрыялаў не тое, што не выконваецца, а, як відаць, знаходзіцца па-за межамі беларускага архівазнаўчага лексікона і практыкі. Таму гарадзенскі гісторык, асабліва ў наш час, каб знайсці матэрыялы для напісання навуковай працы, якая б асвятляла пытанні гісторыі горада і Гарадзенскага пав., змушаны накіроўвацца ў Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Менску.

А таму атрымліваецца замкнёнае кола праблемаў, з якімі сустракаецца кожны гісторык. Гісторыя нашага горада фактычна застаецца не раскрытай, а прысвечаныя ёй публікацыі з’яўляюцца найлепшым адлюстраваннем стагнацыі даследчыцкага працэсу ў гэтай галіне.

Гадзееў Юры
Нарадзіўся 2 ліпеня 1967 г. у Гародні
Старшы бібліятэкар Навуковай бібліятэкі Польскай Акадэміі Навук і Акадэміі Мастацтваў у Кракаве
Даследуе гарады ВКЛ
e-mail: gordziejev@interia.pl 


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія