Гістарычная перыядызацыя, як вядома, ёсць “форма колькаснага і якаснага
абазначэння гістарычнага развіцця“.
Важнасць дыферэнцыяцыі дынамікі такой шматбаковай, інтэгральнай і комплекснай
навукі як гістарычная, усеабдымнай па сваёй сутнасці, якае вызначае і тлумачыць
канкрэтны ход і заканамернасці руху чалавечага грамадства ва ўсёй яго
шматграннасці – несумненная. Гэта, бясспрэчна, самая адметная навука –
скарбніца досведу, найперш сацыяльнага, і выхавання.
Без выяўлення і характарыстыкі перыядаў і этапаў развіцця гістарыяграфіі
нельга адшукаць правільныя падыходы і метады навуковага аналізу літаратуры і
іншых крыніцаў, якія маюцца ў распараджэнні гісторыка. Акрамя таго, правільна
распрацаваная перыядызацыя дазваляе трансфармаваць гістарычны перыяд у
гістарычнае паняцце – сімвал, кшталту “перыяд беларусізацыі“, “культ асобы
Сталіна“, “перабудова“ і г.д. Адсюль відавочна надзвычайная ўвага і да
вызначэння прынцыпаў ці крытэрыяў для абгрунтавання выдзялення перыядаў
развіцця навукі. Тут мажліва пагадзіцца з меркаваннем некаторых беларускіх
спецыялістаў, што крытэрыі не прыносяцца звонку, а арганічна выцякаюць з
аб'екта або прадмета гістарыяграфіі і задачаў, якія яна павінна вырашаць.
Паколькі гістарыяграфія ёсць гісторыя гістарычнай навукі, то аб’ектам яе
вывучэння з’яўляюцца навуковыя працы гісторыкаў.
У гэтай сувязі ў лік крытэрыяў трапляе маса фактараў: аналіз крыніцаў, якія
выкарыстоўваў гісторык для напісання працы, методыкі і тэхнікі іх апрацоўкі,
высвятленне тэарэтычнай пазіцыі гісторыка, прыналежнасці яго да навуковых
школаў і напрамкаў альбо больш агульныя моманты – праблематыка даследаванняў у
вызначаемым перыядзе, увядзенне ў абарот новых крыніцаў, арганізацыйныя формы
развіцця навукі, а ўлічваючы, што гістарычная навука найшчыльнейшым чынам
звязана і з грамадска-палітычным жыццём у краіне, то і дадатковай масай іншых
умоваў, кожная з якіх можа выступіць на першы план ў пэўны момант часу.
Тут трэба адзначыць, што перыядызацыя гістарыяграфіі, як
спецыяльная перыядызацыя, можа падраздзяляцца на два кшталты: найпростую
лінейную (падзел на ступені, калі кожная наступная ступень непасрэдна вырастае
з папярэдняй і мае роўнае з ёю гістарычнае значэнне) і іерархічную, у дачыненні
да якой лінейная з’яўляецца толькі прыватным выпадкам[3].
У сваім выступе я хацеў бы засяродзіцца на больш мне
блізкім найноўшым перыядзе гісторыі, не закранаючы пытанняў звязаных з
зараджэннем і станаўленнем беларускай гістарыяграфіі ў 16 – 19 ст., грунтоўную
перыядызацыю якой, на мой погляд, падае гарадзенскі гісторык Дзмітры Караў.
Нашыя папярэднікі часоў БССР задумваліся над вызначэннем
перыядызацыі айчыннай гістарычнай навукі, у асноўным імкнучыся “зазначыць
важныя якасныя межы або ступені развіцця грамадства, што яна адлюстроўвае“,
аднак рабілі гэта грунтуючыся на абмежаванай марксісцка-ленінскай метадалогіі.
Адным з першых сваё меркаванне ў гэтай галіне выказаў у 1949 г. А.П.П’янкоў. Ён
вылучыў тры перыяды:
1.
1921 (адкрыццё БДУ) – 1934
г.(пастанова ЦК ВКП(б) і СНК СССР аб выкладанні грамадзянскай гісторыі).
2.
1934 – 1941 г.
3.
1941 – да нашых дзён (1949 г.)
Аляксандар Ігнаценка ў сваёй манаграфіі “Уводзіны ў гісторыю БССР:
перыядызацыя, крыніцы, гістарыяграфія” (1965) вызначае два асноўныя перыяды:
1.
1921 (адкрыццё БДУ) – 1941 г.
2.
1945 - да нашых дзён[6].
А вось аўтары нарысу пра гістарычную навуку ў зборніку “Навука ў БССР за 50
год“ (1968) І.С. Краўчанка і І.Я. Марчанка прапануюць тры асноўныя перыяды:
1.
1919 – сярэдзіна 30-х г. як
перыяд станаўлення марксісцка-ленінскай гісторыі Беларусі.
2.
Сяр.30-х – сяр.50-х г. -
разгортванне даследаванняў па гісторыі класавай і нацыянальна-вызваленчай
барацьбы, вывучэнне савецкай эпохі.
3.
Сяр. 50-х – сучаснасць[7].
Выказваліся меркаванні і наконт асобных перыядаў, як напрыклад
у вядомай манаграфіі Уладзіміра Міхнюка “Станаўленне і развіццё гістарычнай
навукі Савецкай Беларусі (1919 – 1941)“(1985). У ёй аўтар лічыць пачаткам
першага перыяду 1919 г., а канчаткам - сяр. 30 гадоў. Другі перыяд быў
перапынены вайной. Існавала і
шмат іншых сістэмаў, але адзінага падыходу да перыядызацыі развіцця гістарычнай
навукі ў БССР так і не стварылася. Толькі ў 1990 г. Пётр Петрыкаў ў сваім
грунтоўным “перабудовачным“ артыкуле “Перыядызацыя гісторыі гістарычнай навукі
ў БССР“ паспрабаваў падвесці рысу пад спрэчкамі, прапанаваўшы ўласную
храналагічную схему з чатырох перыядаў:
1.
“1917 – 20-я г. станаўленне
марксісцка-ленінскай канцэпцыі гісторыі Беларусі.
2.
30-я – першая пал. 50-х г.
марксісцка-ленінская метадалогія з’явілася асновай усіх працаў (…) што падняло
на якасна новую ступень гістарычную навуку (…) У той час найбольш слабым яе
бокам было падначаленне многім ненавуковым і валюнтарысцкім пастулатам.
3.
Другая пал. 50-х – першая пал.
80-х гг. ачышчэнне гістарычных ведаў ад дагматычных установак сталінізму (…)
але галоўнае супярэчанне ў развіцці гістарычнай навукі было не ліквідавана, а
толькі відазмянілася (…) Культ асобы аднаго чалавека быў трансфармаваны ў культ
КПСС.
4.
Другая пал. 80-х гг. - нашыя дні
-- адмаўленне ад надуманых або недастаткова аргументаваных канцэпцый. Атрымаўшы
доступ да (….) раней закрытых фондаў гісторыкі з большай адэкватнасцю
ўзнаўляюць гістарычную мазаіку мінулага.”
З 1991 г., пасля абвяшчэння незалежнай Рэспублікі Беларусь, гісторыкі
неаднаразова прадпрымалі намаганні па вызначэнню перыядызацыі беларускай
гістарыяграфіі з нацыянальна-дзяржаўных пазіцый. Часткова вынікі гэтай працы
адлюстраваны ў шэрагу энцыклапедычных артыкулаў па гістарыяграфіі гісторыі
Беларусі – працы Георгія Штыхава, Дзмітрыя Карава, Зіновія Капыскага, Міхаіла
Біча, Міхаіла Касцюка, Галіны Сяргеявай[10].
У сваю
чаргу, хацелася б прапанаваць уласныя разважанні наконт перыядызацыі беларускай
гістарыяграфіі ў найноўшы час з кароткім абгрунтаваннем храналагічных межаў. На
мой погляд яе гісторыю мажліва падзяліць на сем асноўных перыядаў і дзевяць
дадатковых унутраных этапаў:
1. 1918 – 1921 г. Ад выдання кніжкі Аляксандра Цвікевіча
“Кароткі нарыс узнікнення БНР“ і брашуры Мітрафана Доўнар-Запольскага “Асновы
дзяржаўнасці Беларусі“ да адкрыцця БДУ і Акадэмічнага цэнтру. Гэты перыяд
прыпадае на часы войнаў і акупацыяў, разбурэнняў і галечы, таму казаць пра
нейкую дастаткова сур’ёзную гістарычную працу не даводзіцца, хоць менавіта ў
гэты час, выдаў свой “Кароткі нарыс гісторыі Беларусі“ Усевалад Ігнатоўскі(1919).
2. 1921 – 1929 г. Да году “вялікага пералому“, пачатку актыўных дзеянняў
дзяржавы ў насаджэнні марксісцка-ленінскай метадалогіі ў навуцы. Перыяд адносна
вольнай ад партыйна-дзяржаўнага кантролю навуковай і выкладчыцкай дзейнасці. У
гэты час з’явіліся новыя навуковыя цэнтры і ВНУ, суіснавалі розныя даследчыцкія
школы і кірункі. У 1927 г. было створана Беларускае аддзялене Усесаюзнага
таварыства гісторыкаў-марксістаў.
3. 1930 – 1956 г. Гэты перыяд беларускай савецкай
гістарыяграфіі ахоплівае час ад году “вялікага пералому“, ХVІ з’езду
ВКП(б) “пераможцаў“ да ХХ з’езда КПСС, які асудзіў культ асобы Сталіна. Гэта
найбольш трагічны ў гісторыі навукі перыяд ганьбы і знішчэння. Гэты “сталінскі“
перыяд храналагічна падзяляецца на сем больш дробных этапаў:
а/
1930 – 1933 г. Пераход бальшавіцкай партыі ў наступ на “тэарэтычным фронце“,
пачатак змагання з “нацдэмамі“ і іншымі “ворагамі народу“, пачатак масавых
палітычных рэпрэсіяў. У 1933 г. было зліквідавана Беларускае таварыства
гісторыкаў-марксістаў.
б/ 1934 – 1938 г. Найбольш крывавы перыяд беларускай, ды
й увогуле савецкай гістарыяграфіі. У гэты час кампартыя паставіла навуку пад
бязлітасны кантроль і фізычна вынішчала ўсіх нязгодных. Паўсюдна дзейнічала
цэнзура “Галоўліту“. У 1937-38 г. адбыліся найбольш масавыя акцыі знішчэння
беларускай навуковай і творчай эліты.
в/ 1939 – 1941 г. Гэта быў нерыяд калі гістарычную навуку
канчаткова паставілі на калені, а недзе ў 1939-40 г. пачаўся вельмі павольны,
асцярожны ўздым яе ва ўмовах жорсткай цэнзуры, аднабокай метадалогіі, гатовых
гістарычных схемаў.
г/ 1941 – 1944 г. Перыяд другой усясветнай вайны. Значная
колькасць гісторыкаў: студэнтаў, аспірантаў, выкладчыкаў і даследчыкаў была
мабілізавана ў Чырвоную Армію ці ў выніку эвакуацыі апынулася ў самых розных
рэгіёнах усходу СССР альбо пад акупацыяй. І толькі ў жніўні 1944 г. першая
група выкладчыкаў і студэнтаў БДУ вярнулася ў Менск. У гэты трагічны перыяд
нашай гісторыі беларуская гістарычная навука пад пільным наглядам кампартыі з
аднаго боку выступіла як натхняльнік змагання беларускага народу супраць
агрэсара, але з другога - верна служыла сталінскай імперскай ідэалогіі і
таталітарнаму ладу.
д/ 1944 – 1946 г. Пераможнае заканчэнне вайны спрыяла
ўзлёту культа асобы Сталіна, але разам з тым пасля адноснага ідэалагічнага
разняволення ў гады вайны пачалася пэўная пратэстная хваля, што і адчуў рэжым.
У БССР сітуацыя ўсугубілася асаблівасцю становішча ў заходняй частцы
рэспубліцы. Тады на поўную магутнасць быў уключаны прапагандова-рэпрэсіўны
апарат, праведзена сэрыя палітычных кампаній, якія навязвалі жорсткія
ідэалагічныя стэрэатыпы.
ж/ 1947 – 1953 г. Ад пастановы ЦК ВКП(б) (студзень 1947
г.) аб незадавальняючай ідэалагічнай працы ў БССР і да смерці Сталіна. Перыяд
найвышэйшай паваеннай хвалі ідэалагічнага ўціску і рэпрэсіяў, вульгарызацыі
гісторыі Беларусі ў выглядзе “Тэзісаў аб асноўных пытаннях гісторыі БССР“,
змаганне з “нізкапаклонствам перад Захадам“ і касмапалітамі, арышты некаторых
гісторыкаў.
з/
1953 – 1956 г. Ад смерці Сталіна да ХХ з’езду КПСС. Характарызуецца сваёй
няпэўнасцю і барацьбой партыйных груповак за ўладу, але ідэалагічныя абцугі
папярэдніх перыядаў яшчэ заставаліся моцнымі. Гэтым этапам завяршыўся доўгі
перыяд глумлення над інтэлігенцыяй і навукай.
4. 1956 – пач.60-х г. Перыяд г. зв. “адлігі“. Якасна новы
перыяд у развіцці савецкай гістарыяграфіі, час пераходу ад эпохі таталітарызму
да ліберальных рэформаў. Перыяд адлюстроўвае супярэчлівы працэс змагання дзвюх
тэндэнцый – дэмакратычнай і кансэрватыўнай, працэс разбурэння склаўшыхся
гістарычных поглядаў і стэрэатыпаў. У СССР пачалі ўзнікаць новыя НДІ,
гістарычныя часопісы. Адбывалася гэта не толькі ў цэнтры , але і на перыферыі,
на Ўкраіне, напрыклад, у 1957 г. быў заснаваны “Украіньский історичний журнал“.
Значна павялічылася колькасць няхай і падкантрольных замежных камандыровак. Але
гэта адбывалася з большага ў Маскве і Ленінградзе. На перыфірыі, у тым ліку ў
БССР, кансерватары кантралявалі ідэалагічную сітуацыю.
5. Пач. 60-х – пач. 80-х г. Перыяд так званага “застоя“,
спынення ліберальных рэформаў канца 50-х г., рух па шляху стагнацыі і
кансервацыі. Гістарычная навука знаходзілася пад поўным ідэалагічным і
цэнзурным кантролем, працуючы над выкананнем рашэнняў чарговых з’ездаў КПСС.
6. 1985 – 1991 г. Перыяд “перабудовы, галоснасці" і
дэмакратыі, які быў распачаты на красавіцкім (1985) пленуме ЦК КПСС
М.Гарбачовым, завершаны аб’вяшчэннем дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі. Змены
былі падобныя на снегавую лавіну. Дзяржаўныя і партыйныя структуры ў гэты час
не маглі рэагаваць на ўсё значнейшыя ідэалагічныя разнагалоссі. Пачынаецца
стварэнне культурна-асветніцкіх клубаў. З кожным годам гісторыкі працуюць ўсё
больш свабодна. Пашыраецца кола праблемаў даследавання, знікаюць шматлікія
“белыя плямы гісторыі“.
7. 1991 – 2001 г. Пасля абвяшчэння незалежнай Рэспублікі
Беларусь наступіў прынцыпова новы перыяд у беларускай гістарычнай навуцы.
Ліквідацыя ідэалагічнага дыктату, рэабілітацыя тысячаў ахвяраў палітычных
рэпрэсіяў, адмена амаль ўсялякіх забаронаў і абмежаванняў у карыстанні
архіўнымі дакументамі і літаратураю, кантакты з замежнымі калегамі, з
беларускай эміграцыяй здзейснілі жыватворны ўплыў на навуку. Гэты перыяд
мажліва падзяліць на два этапы:
а/ 1991 – 1993 г. Стварэнне нацыянальна-дзяржаўнай
гістарычнай канцэпцыі. З’явіўся шырокі спектар метадалагічных падыходаў,
узніклі навуковыя гістарычныя часопісы – "Беларуская мінуўшчына",
“Беларускі гістарычны часопіс”, навуковыя зборнікі, у лютым 1993 г. заснавана
Усебеларуская гістарычная асацыяцыя.
б/
1994 – 2001 г. Калі прайшла эйфарыя ад набыцця незалежнасці, навуковай свабоды
і пачалася будзённая праца, большасць навукоўцаў зразумела, што нацыянальная
гістарычная навука даведзена папярэднімі разбуральнымі працэсамі да вельмі
цяжкага стану, як у кадравым, так і ў арганізацыйным плане. Дадаўся да гэтага і
эканамічны крызіс, абыякавасць дзяржавы да сваёй гістарычнай спадчыны.
Гістарычная навука, амаль пазбаўленая дзяржаўнай падтрымкі, не маючая ўласных
магчымасцяў да фінансавання ў беднай краіне, перажывае зараз не лепшыя часы.
Зачыніўся часопіс “Беларуская мінуўшчына“, не так даўно перастаў выходзіць-
“Беларускі гістарычны агляд“.
Аднак менавіта ў гэты перыяд стала зразумела, што энтузіазм і мінімальная
грашовая падтрымка ўсё ж такі дазваляе “рухаць“ навуку па шляху прагрэсу .
Думаю, найлепшы прыклад -- стварэнне 4 лютага 2000 г. “Беларускага гістарычнага
таварыства“. і амаль чатырохгадовае існаванне паўгадавіка таварыства
“Гістарычны альманах“.
Відавочна, што пытанне пра навуковую перыядызацыю беларускай
гістарыяграфіі, нягледзячы на шматлікія папярэднія напрацоўкі, пакуль што
застаецца адкрытым і, мажліва, менавіта Магілёўская канферэнцыя БГТ дасць моцны
імпульс для вырашэння гэтай актуальнай і няпростай навуковай задачы, не толькі
ў агульна-дысцыплінарным плане, але і па ўсяму спектру нацыянальнай гісторыі.
Пытанні да В. Астрогі:
Святлана Куль-Сяльверстава (Гародня): - 1. Якія крытэрыі пакладзены ў аснову гэтай апошняй
перыядызацыі? Ці гэта крытэрый развіцця гістарычнай думкі, ці крытэрый умоваў
развіцця гістарычнай навукі, ці персаналіі? Я бачу, што крытэрыі мяшаюцца.
2. Чаму Вы пачынаеце гэтую перыядызацыю не з Ластоўскага?
3. Я не згодная, што ў апошні час беларуская гістарычная
навука перажывае крызіс. Ці можам мы казаць, што яна перажывае цяжкія часы?
Алесь Смалянчук (Гародня): - Чым розняцца паняцці "беларуская гістарыяграфія" і
"беларуская нацыянальная гістарыяграфія". Ці можна лічыць
гістарыяграфію, створаную на Беларусі за савецкі перыяд, нацыянальнай гістарыяграфіяй?
Андрэй Кіштымаў (Менск): - Мне кажется, у нас выпала историческая наука белорусского
зарубежья, западнобелорусская историческая наука “за польскім часам”. Меня удивило, что я не услышал
фамилии Райнера Линднера, потому что в данном случае нам, белорусам, в
определенной степени повезло, так как есть “грунтоўнае нямецкае даследаванне” по истории белорусской
исторической науки и там тоже предложена своя периодизация ее развития. Мне
кажется очень плодотворной мысль считать эту периодизацию от появления
обобщающих трудов, т.е курсов общей истории Беларуси. Выход обобщающего труда
дает возможность не культурного, а чисто исторического подхода. И в таком
случае периодизация белорусской исторической науки может четко делиться от
одного обобщающего курса до другого. В том числе и тех обобщающих курсов,
которые не увидели свет в свое время, я імею ввіду “Историю”
Довнар-Запольского, которая не была напечатана, но попала к научной
общественности и от нее пошел какой-то новый этап.
Адказы
В.Астрогі:
- Пытанняў
мне было зададзена шмат і гэта не дзівіць, таму што тэма вельмі актуальная і
зараз мы яе толькі пачынаем.
Адказ
С.Куль-Сяльверставай: - 1. Крытэрыяў шмат, а паколькі гаворка ішла
галоўным чынам пра савецкую беларускую гістарыяграфію, галоўным крэтэрыем
зъяўляецца дзяржаўны ўплыў на развіццё гістарычнай навукі. Я не прэтэндую на
завершанасць маёй перыядызацыі, задачай было прадставіць праект, сваё бачанне
гэтай праблемы.
2.
Перыядызацыя пачынаецца з 1918 г., па-першае, таму, што ў гэты час пачалася
значная актывізацыя дзейнасці ў галіне гісторыі.
3. У ацэнцы
стану беларускай гістарычнай навукі я не лічу сябе аптымістам або негатывістам,
а залічваюся да рэалістаў. У параўнанні з савецкім перыядам, то, натуральна,
зараз значна лепш. Людзі маюць магчымасць кантактаваць з замежжам, чытаць
замежную літаратуру, магчымасць замежных камандзіровак, лепш стала працаваць у
архівах. Але калі браць развіццё нашай гістарычнай навукі ў параўнанні з іншымі
краінамі, нават на постсавецкай прасторы ў СНД, напрыклад, у Расіі, Украіне, не
кажучы ўжо пра Прыбалтыку ці Польшчу, то я думаю, што мы жывём дрэнна.
Прыкладаў можна прывесці шмат. Напрыклад, колькі ў нас гістарычных часопісаў?
Да сённяшняга часу не стварыўся акадэмічны цэнтр усеагульнай гісторыі. У
Інстытуце гісторыі НАН Беларусі створаны аддзел усеагульнай гісторыі, але па
кадраваму складу ён не можа вырашаць свае задачы. У незалежнай дзяржаве без
выпрацоўкі сваіх поглядаў, напрыклад, на гісторыю Польшчы ці Францыі, ЗША,
Нямеччыны і інш. немагчыма паўнавартаснае развіццё навукі. На сённяшні час наш
Інстытут гісторыі толькі фрагментарна вывучае нацыянальную гісторыю. Звярну
ўвагу на прафесыйныя арганізацыі гісторыкаў. Ва ўсім свеце яны вельмі
разгалінаваныя. У нас толькі два буйныя таварыствы. Адно зусім буйное – Беларуская
гістарычная асацыяцыя, створаная ў 1993 г., якая фактычна не працуе, і нашае
Таварыства, якое нешта робіць, і ўсё.
Адказ
А.Смаленчуку: - Я абсалютна згодзен, што беларускую савецкую
гістарыяграфію лічыць нацыянальнай немагчыма, бо ў грунт яе існавання былі
закладзены зусім іншыя мэты і ў савецкі час беларускія даследчыкі лічыліся
перыферыйнымі, правінцыйнымі гісторыкамі. Але нельга адмаўляцца ад тых
гісторыкаў, якія шчыра працавалі і ў той час. Таму варта лічыць, што беларуская
гістарыяграфія савецкага перыяду ўсё-такі была беларускай, нягледзячы ні на
што. Іншая справа, што абставіны працы не дазвалялі ім выказвацца так, як яны
хацелі.
Адказ
А.Кіштымаву: - Магчыма, варта было зазначыць погляды на
перыядызацыю нашай гісторыі замежных гісторыкаў. Я іх упусціў, імкнучыся больш
увагі надаць ўласна беларускім напрацоўкам.
Дыскусія па дакладу В.Астрогі
Аляксей
Ліцвін (Менск): - Лічу, што нам трэба некалькі памяняць танальнасць
нашых выступленняў. Мы не на памінальнай вячэры, мы з вамі гісторыкі. Я лічу,
мы не павінны поўнасцю адмаўляць савецкую гістарыяграфію. Напрыклад, ёсць такія
тэмы як гісторыя партыйнага будаўніцтва на Беларусі. Маю на ўвазе гісторыю КПБ.
У гэтым накірунку беларуская савецкая гістарыяграфія дасягнула вялікіх вышынь.
У нас не была распрацавана нацыянальная гісторыя, у сённяшні час мы павінны
гэтым займацца. Але шмат было зроблена, напрыклад, па вывучэнню арганізацыі
сацыялістычнага спаборніцтва сярод прадпрыемстваў, напрыклад, лёгкай
прамысловасці, хімічнай прамысловасці, ці ў першай пяцігодцы, пятай пяцігодцы,
сямігодцы ці там падрыхтоўцы партыйных кадраў і г.д. Гэтая праца зроблена з
навуковых пазіцый. Задача гісторыографа – даць адзнаку гэтым працам. Гэта тэма
асобнага вялікага даследавання – пра тое, што прынесла савецкая гістарыяграфія.
Лягчэй за ўсё сказаць, што яна была кепская.
Аляксандар
Краўцэвіч (Гародня): - Па-першае, сп. Віктару Астрозе варта было б
удакладніць тэму, бо ён казаў пра гістарыяграфію БССР, а не пра ўсю беларускую
гістарыяграфію. Па-другое, хацеў бы звярнуцца да выступу вельміпаважанага
Аляксея Літвіна, дакладней, ягонай ацэнкі беларускай савецкай гістарыяграфіі.
Канешне, мы не можам сцвярджаць, што яна ўся была кепская, але можам сказаць,
што яна амаль уся была ненавуковая, што амаль уся была прапагандысцкая. Тут
паўстае вельмі важная этычная праблема. Прашу прабачэння за такое спрашчэнне,
але кожны павінен для сябе вырашыць ці варта ў экскрэментах шукаць перліну.
Алесь
Смалянчук (Гародня): - Па-першае, сапраўды, тут варта ўдакладніць тэму,
паколькі размова ішла толькі пра гістарыяграфію БССР. Па-другое, калі гаворка
пра БССР, навошта было ўключаць перыяд 1991 - 2001 г. Па-трэцяе, гісторыкам,
якія даследуюць гістарыяграфію, трэба шукаць пэўныя ўнутраныя фактары развіцця
навукі, а не толькі звяртаць увагу на знешнія. Увогуле, смешна выглядае
гістарычная навука, калі мы пачынаем вылучаць па тры-чатыры гады ў нейкія
асобныя перыяды.
Адзначу
яшчэ адзін момант. У выступленні прагучала вельмі высокая ацэнка працы Дзмітрыя
Уладзіміравіча Карэва. Праца была цікавая, асабліва для свайго часу, але зараз
калі ўважліва яе чытаць, бачыш, што грунтоўнага аналізу беларускай
гістарыяграфіі 18 – пач. 20 ст. там проста няма. Гэтая праца выступае як
даведнік па праблемах гістарыяграфіі, пералік як, што і дзе зроблена, а аналіз
тэндэнцый адсутнічае.
Гаворачы
пра “зімовае” становішча нашай навукі, можна параўнаць яго з Польшчай падчас ваеннага становішча, калі там на сценах
дамоў пісалі „Zima wasza, wiosna – nasza”. Мы таксама можам сказаць, што вясна будзе нашай.
Андрэй Кіштымаў (Менск): - Когда мы говорим о периодизации, мы как-то совсем упускаем
фигуру самого историка. Давайте вспомним, что мы говорили о белорусской
советской историографии. И вот есть два мнения: одно -- Литвина, другое –
Кравцевича. А теперь посмотрим по фигурам, которые жили в то же время. Улащик,
куда его? Ткачев, куда его? Довнар-Запольский, в конце концов, добрую половину
своей жизни провел в условиях СССР и БССР, не эмигрировал и не уехал. В какую
их историографию отнести? По времени и государственным рамкам? С одной стороны
можно относить к советской по месту жительства и гражданству, и совсем другое,
когда мы говорим советское по идеологии. Нужно разводить эти вещи и вводить,
так сказать, модуль человеческой жизни.
Святлана
Куль Сяльверстава (Гародня): - Я крышку забягу наперад.
Хацела б прапанаваць крытэрыі
перыядызацыі з пункту погляду гісторыка культуры. Ёсць такая рэч як тыпалогія.
Калі мы робім тыпалогію нейкай з’явы культуры, мы падыходзім да яе па некаторым
параметрам. Па-першае, мы бярэм інстытуты, у якіх фармуецца гэтая з'ява,
па-другое, вызначаем стваральнікаў і спажыўцоў і бачым ролю дадзенай з’явы ў
грамадстве, па-трэцяе – аналізуем ідэйны склад, код, які нясе дадзеная з’ява.
Калі б мы такім чынам падышлі да перыядызацыі беларускай гістарычнай навукі, то
заўважылі б: 1. інстытуты, якія дзейнічалі; 2. кадры і спажыўцоў; 3.
праблематыку, якой яны займаліся. Калі правядзем перыядызацыю па гэтых
крытэрыях, мы, магчыма, здолеем убачыць, што гэтыя тры параметры ў дадзены
момант карэнным чынам мяняюцца. Наступны этап – іншыя людзі, іншая роля ў
грамадстве, іншыя школы, іншая праблематыка, функцыянуюць іншыя інстытуты. Тады
і можна казаць пра новы тып. Вось па гэтых крытэрыях можна скласьці агульную
перыядызацыю беларускай гістарыяграфіі. Знайшлося б месца і Улашчыку і Ткачову.
Генадзь Сагановіч (Менск): Хацеў бы згадаць грандыёзную постаць Мікалая Улашчыка, якая выбівалася з
нашай вельмі спрошчанай схемы. У сітуацыі Віктара Астрогі я быў бы значна
смялейшы і адказваючы на пытанне ці можна лічыць беларускую савецкую
гістарыяграфію нацыянальнай, сказаў бы, што нельга браць агульна, мусіць быць
абсалютна канкрэтны падыход. Мусім быць максімальна карэктнымі і асцярожнымі,
пакуль размову вядзем пра нядаўнія часы.
Віктар Астрога:
Дзякуй за такую ўвагу да майго сціплага дакладу. Галоўная мая мэта – выклікаць
палеміку – была дасягнута. Згодны са сп. Святланай Куль-Сяльверставай, калі
выпрацаваць дакладныя крытэрыі, то ўсё стане на свае месцы.
Кошалеў У.Гістарычная перыядызацыя // Энцыклапедыя
гісторыі Беларусі. Т.3. Мінск, 1996. С. 9.
Петрыкаў П.Ц. Перыядызацыя гісторыі гістарычнай навукі ў
БССР // Весці АН БССР. Сер. грамад.навук. 1990. № 6. С. 54.
Периодизация всемирной истории. Казань, 1984. С. 8-9.
Петрыкаў П.Ц. Перыядызацыя гісторыі … С. 54.
Пьянков А.П. Основные этапы в развитии белорусской
историографии за 30 лет // Наука в БССР за 30 лет. Мінск, 1949. С. 456.
Игнатенко А.П. Введение в историю БССР: периодизация,
источники, историография. Минск, 1965. С. 34.
Навука БССР за 50 год. Мінск, 1968. С. 52.
Михнюк В.Н. Становление и развитие исторической науки
Советской Белоруссии (1919 – 1941). Минск,1985. С. 14.
Петрыкаў П.Ц. Перыядызацыя гісторыі … С. 64-65.
Гістарыяграфія гісторыі Беларусі // ЭГБ. Мінск,1996.
Т.3. С. 16 -31.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"