БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 7 / 2002

НАВУКОВАЕ ЖЫЦЦЁ

Вітаю палеміку

 

Чытаючы 4 том “Гістарычнага альманаху”, даведаўся, што на І канферэнцыі БГТ быў завочна раскрытыкаваны Ігарам Марзалюком за выкарыстанне імёнаў “Кастусь Астрожскі” і “Іван Жахлівы”[1]. Мой апанент сцвярджаў, што ў “Бярозцы” іх выкарыстоўваць можна, а ў навуковых публікацыях – не. “Гістарычных персанажаў трэба называць так, як называлі іх сучаснікі” – пафасна заявіў ён (с.146). Гэта для Марзалюка асноўны крытэрый навуковасці гістарыяграфіі! (Бедныя літоўцы з іх “Вайшэлгамі”, “Радвіламі”, “Жальгірысамі”). Мушу сказаць слова ў адказ, бо крытыка несправядлівая.

Што да “Кастуся”, то ён і ўжываўся толькі ў “Бярозцы”, таму ні пры чым. А з “Жахлівым” пытанне не настолькі наіўнае. Дзесяць гадоў таму ў адроджанай “Нашай Ніве” мне ўжо даводзілася пісаць пра гэта[2]. Тады я ўздымаў праблему пошуку беларускіх эквівалентаў чужым азначэнням нашай гісторыі. Пісаў, што такія эквіваленты – “вешкі, якія пазначаюць свой гістарычны шлях нацыі, суб’ектнасць яе існавання”. Цяпер яшчэ больш пераканаўся, што словы – ключ да гісторыі і палітыкі. Мы глядзім на гісторыю праз акуляры, угатаваныя нам мовай. “Іван Грозны” – адзін з яскравых прынцыпаў. Я ніколі не казаў, што “жахлівым” цара называлі ў крыніцах 16 ст. Але і “грозным” яго зрабілі гісторыкі. У расейскай традыцыі ён “грозный царь Иван Васильевич”, а ў беларускай мове слова “грозны” мае іншыя значэнні. Таму расейскаму “грознаму” прапаноўваўся найбліжэйшы беларускі эквівалент. Як у еўрапейскіх гістарыяграфіях: Iwan – у нямецкай, Ivan – у англійскай.

Валянцін Голубеў вырашыў, што ўсё ж “лепш Іван Грозны”, чым “Іван Жахлівы” (с.192). Калі ласка, карыстайцеся “Грозным”. Толькі “навуковасці” ад гэтага не пабольшае. І ўсё ж звяртайце ўвагу на семантыку слоў, бо мова перадае значэнні. Традыцыя ж нацыянальнай гістарыяграфіі толькі ствараецца! А Марзалюку параю прымяніць свой прынцып навуковасці да ўласных тэкстаў - пісаць “Ефросенья”, “Володимеръ”, “Олгирд”, Польшчу называць “Лядской землей”, а назву “Беларусь” для эпохі сярэднявечча наогул не выкарыстоўваць.

Генадзь Саганович

Агляд навейшай літаратуры па праблемах нумізматыкі

Всероссийские нумизматические конференции I-IX (1993-2001 гг.): Библиографический указатель / Сост. С.В.Зверев, Т.Ю.Стукалова. М., 2002 – 94 с.

Бібліяграфічны паказальнік тэзісаў дзевяці Усерасійскіх нумізматычных канферэнцый 1993-2000 г. складзены супрацоўніцай аддзела нумізматыкі Дзяржаўнага гістарычнага музея Таццянай Стукалавай і супрацоўнікам сектара нумізматыкі Аружэйнай палаты Сяргеям Зверевым. Выданне прысвечана 60-годдзю з дня нараджэння А.С.Белякова. У кнізе ўтрымліваюцца 1022 пазіцыі. Наклад – 150 асобнікаў. У выданні улічаны не толькі надрукаваныя тэзісы, але і пазначана, ці быў даклад стэндавы, ці ён рэальна чытаўся, ці проста тэзісы ўвайшлі ў зборнік без даклада. Пазначаны нават зачытаные даклады, тэзісы якіх не публікаваліся.

Усерасійскія нумізматычныя канферэнцыі на самой справе былі канферэнцыямі даследчыкаў усіх постсавецкіх рэспублік, а апошнія некалькі гадоў выразна пазначылася тэндэнцыя ператварэння ў міжнародныя з удзелам заходнееўрапейскіх даследчыкаў. Да таго ж канферэнцыі звычайна збіралі не толькі нумізматаў, але і баністаў, фалерыстаў, сфрагістаў і геральдыстаў. За дзевяць гадоў у іх у рознай форме прынялі ўдзел 370 даследчыкаў, г.зн. практычна ўсе, хто займаецца дапаможнымі гістарычнымі дысцыплінамі на тэрыторыі былога СССР.

Бібліяграфічны паказальнік забяспечаны імянным і тэматычным паказальнікамі. У тэматычным ужыты традыцыйны ў німізматыцы падзел на антычнасць, Візантыю, рускую нумізматыку (з больш дробнымі храналагічнымі раздзеламі), Заходнюю Еўропу, Усход (з больш дробнымі храналагічнымі раздзеламі), “экзатычныя” рэгіёны (Афрыка, Амерыка, Аўстралія, Акеанія). Асобныя нумары атрымалі ўсе вышэйпералічаныя смежныя дысцыпліны – усяго 19 раздзелаў.

Сярод удзельнікаў канферэнцыі ёсць і беларускія даследчыкі – Бохан Ю.М., Зайцава В.Я., Касмылёў В.С., Колабава І.Н., Масько І.Ф., Рабцевіч Д.В. (прапушчаны ў імянным паказальніку), Рабцевіч В.Н., Сінчук І.І., Філонаў Б.А., Шышанаў В.А.

Сістэматызацыя тэзісаў пабудавана на схеме тэматыка – аўтар – год. Нумарацыя пазіцый скразная. Рэальны шлях пошуку праз тэматычны і імянны паказальнік.

 

Глейзер М.М. Награды: Аннотированная библиография 1925-2000. Санкт-Пецярбург, 2000 – 27 с.

 Пецярбургскім калекцыянерам Маратам Глейзерам падрыхтавана і выдадзена бібліяграфія працаў па фалерыстыцы, якія выйшлі ў СССР і ў постсавецкіх  рэспубліках. Бібліяграфія ўключае 114 кніг. Наклад –  500 асобнікаў.

Класіфікацыйная схема наступная: тэматыка – аўтар – год. Структура кнігі ўключае метадычныя пытанні, расейскія, белагвардзейскія, савецкія узнагароды, музейныя калекцыі, замежныя ўзнагароды, музейныя каталогі, папулярная літаратура па тэме, узнагароды краін Прыбалтыкі і Туркменістана. Брашура забяспечана імянным паказальнікам.

Трэба прызнаць, што толькі настойлівы чалавек у стане сабраць інфармацыю аб расейскіх выданнях апошняга дзесяцігоддзя 20 ст., калі практычна парваліся сувязі паміж рэгіёнамі, а кошты асобных кніг па фалерыстыцы падняліся да памераў гадавой расейскай пенсіі.Кніга ўключае выданні былых савецкіх рэспублік. 

 

Remecas E. Lietuvos numizmatikos bibliografija 1815-1999: Bonistika. Faleristika. Medalininkystė. Numizmatika. Vilnius, 2001 – 358 p. 

Бібліяграфія літоўскай нумізматыкі выдадзена Нацыянальным музеем Літвы. Кніга ўключае 2466 пазіцыі. У ёй улічаны не толькі манаграфіі і артыкулы ў навуковых выданнях, але і невялікія заметкі ў газетах і папулярных часопісах, энцыклапедычных выданнях. Наклад – 700 асобнікаў. Храналагічна бібліяграфія ахоплівае перыяд з 1815 па 1999 г.

Складальнік – супрацоўнік аддзела нумізматыкі Нацыянальнага музея Літвы Эдуардас Рэмэцас. У кнігу ўвайшлі працы па баністыцы (95 пазіцый), фалерыстыцы (291), медальерству (280) і нумізматыцы (1800). Літоўскі тэкст ілюстраваны і забяспечаны графікай.

Значная частка кнігі прысвечана гісторыі развіцця літоўскай нумізматыкі (агляд на літоўскай, ангельскай, нямецкай і рускай мовах займае 136 старонак). Трэба заўважыць, што ў аглядзе няма выразнага падзелу на журналісцкія, навукова-папулярныя і навуковыя публікацыі. Аўтар вылучае перыяды 1815-1917 г., 1918-1943 г., 1944-1989 г., 1990-1999 г.

Бібліяграфія дазваляе сцвярджаць, што найбольш інтэнсіўна ў незалежнай Літве выходзяць працы па дапаможных гістарычных дысцыплінах. У апошняе дзесяццігодзе выходзіла прыблізна 70 прац штогод у першае пяцігоддзе і 110 прац штогод ў апошніе пяць гадоў. Доля ўласна нумізматычных выданняў паменьшылася да 2/3 пры іх абсалютным росце. За апошняе дзесяцігоддзе выйшло у тры разы больш прац, чым за ўвесь перыяд савецкай Літвы.

У кнізе прадстаўлены працы як на літоўскай, так і на іншых мовах, якія тычацца Літвы ў яе сучасных межах. Найбольш прадуктыўныя літоўскія аўтары Іванаўскас Э., Каріс Й.І., Дукса З. Беларускія аўтары прадстаўлены двумя даследчыкамі –  Бекцінеевым Ш.І. і Сінчуком І.І.

Бібліяграфія забяспечана імянным, храналагічным і геаграфічным паказальнікамі, спісам выкарыстаных перыядычных выданняў. Дапамагаюць арыентавацца ў кнізе калантытулы з паданай тэматыкай (“баністыка”, “нумізматыка” і г.д) .

Сістэматызацыя прац пабудавана на схеме дысцыпліна – аўтар – год. Нумарацыя прац скразная, незалежна ад дысцыпліны. Бібліяграфічныя пазіцыі маюць кароткія анатацыі, у якіх падаецца ці ўдакладняецца тэма. У выпадку манаграфій, у якіх нумізматыка займае толькі частку выдання, указаны канкрэтныя старонкі.

У паўночна-усходніх суседзяў Беларусі з’явіўся нумізматычны бібліяграфічны паказальнік, які склаў кампанію польскаму, расейскаму і ўкраінскаму адпаведным выданням. С сумам можна канстантаваць, што ў гэтым шэрагу няма толькі беларускай нумізматычнай бібліяграфіі.

 

Pieńkowski R. Straty wojenne numizmatyki poniesione w latach 1939-1945 w granicach Polski po 1945 r. Raport wstępny = Wartime losses in numismatics incurred between 1939-1945 within the post-1945 borders of Poland: Introductory report. Poznań, 2000 – 120 s.

Праца Роберта Пенькоўскага выдадзена як адна з кніг цыкла “Польская культурная спадчына” серыі “Страты польскай культуры”, якую ладзіць Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны праз Бюро ўпаўнаважанага па справах польскай культурнай спадчыны за мяжой.

Пабудавана кніга па наступнаму прынцыпу: напачатку ідзе пералік страт грамадскіх збораў (109 пазіцый), потым прыватных (42 пазіцыі), а ў апошняй частцы – спіс знойдзеных падчас вайны скарбаў, што не трапілі ў навуковы абарот з-за ваеных падзеяў (75 ненумараваных адзінак). Спіс крыніц налічвае 73 неапублікаваных пазіцыі і 374 публікацыі, што ўжо характэрызуе ўзровень падрыхтаванай працы.

Уражанне, што, паколькі разглядаюцца страты ў сучасных межах Польшы, то ўсе яны з’яўляюцца вынікам нямецкай акупацыі, падманлівае. Вызваленне таксама суправаджалася культурнымі стратамі. Дагэтуль, напрыклад, застаюцца ў Музеі выяўленчага мастацтва імя А.С. Пушкіна ў Маскве зборы з Марбаркскага замку (звыш 14 тыс. адзінак).

Узровень распрацоўкі тэмы вельмы высокі. Шкада, што праца не зроблена ў межах Польшы да 1939 г. Тады можна было бы даведацца пра рэальныя страты нумізматычных калекцый сучасных Бэрасцейскай і Гарадзенскай абласцей падчас другой святовай вайны.

 

Русская нумизматика и история денежного обращения XIV – начала  XX в..): Материалы к библиографии 1901-2000 гг. / Сост. И.В.Волков. Москва, 2001 – 99 с.

Бібліяграфічны паказальнік навуковых выданняў па рускай і расійскай нумізматыцы і баністыцы складзены супрацоўнікам аддзела нумізматыкі Дзяржаўнага гістарычнага музея Іванам Волкавым. У кнізе улічана 1459 пазіцый. Яе наклад – 300 асобнікаў.

“Матэрыялы” забяспечаны імянным і тэматычным паказальнікамі. У тэматычным вылучаны абагульняючыя, навукова-папулярныя працы, сводкі знаходак манет, “удзельны” перыяд,  “царскі”  перыяд, перыяд канца 17 – пачатку 20 ст., гісторыя нумізматыкі, персаналіі і бібліяграфічныя працы.

У кнізе прадстаўлены працы на рускай, ангельскай, нямецкай, французскай мовах, якія тычацца гісторыі Русі і Расіі. Па-за ўвагаю складальніка засталіся працы на нацыянальных мовах народаў былога СССР (нават на ўкраінскай і беларускай). Болей таго, не ўлічаны нават рускамоўныя выданні нацыянальных рэспублік былога СССР. Напрыклад, з 43 прац “рускай” тэматыкі Сінчука І.І. гэтага перыяда ўлічана толькі 5, з прыблізна такой жа колькасці прац Рабцевіча В.Н. занатавана толькі 14. У выніку можна сцвярджаць, што працы, надрукаваныя ў амерыканскім “Часопісу рускага нумізматычнага таварыства” на англійскай мове ці ў берлінскіх “Нумізматычных запісках” на нямецкай, аказаліся больш даступнымі расейскаму даследчыку чым артыкулы ўкраінскіх, беларускіх, польскіх, літоўскіх, латышскіх, эстонскіх, фінскіх, малдаўскіх, грузінскіх і іншых аўтараў. Калі параўнаць колькасць пазіцый у “Матэрыялах” з тысячамі занатаваных прац у польскіх нумізматычных бібліяграфіях, то відавочна, што расейскае выданне вельмі няпоўнае. Моцным бокам гэтай працы з’яўляецца добрае знаёмства складальніка з расейскай археалагічнай літаратурай.

 З “Матерыялаў” відаць, што найбольш прадуктыўнымі расейскімі аўтарамі з’яўляюцца Быкаў А.В., Зайцаў В.В., Звереў С.В., Гайдукоў П.Г., Калызін А.М., Мельнікава А.С., Сотнікава М.П., Спаскій І.Г., Узденікаў В.В., Янін В.Л. – прадстаўнікі навукі 20 ст. Сярод аўтараў есць і беларускія даследчыкі –  Бекцінеев Ш.І., Касмылёў В.С., Колабава  І.Н., Рабцевіч В.Н., Сінчук І.І., Шышанаў В.А.

Сістэматызацыя прац пабудавана на схеме год – аўтар – алфавіт. Нумарацыя выданняў скразная. Прасцей за ўсё шукаць патрэбныя выданні па паказальніку прозвішчаў аўтараў, якія, як вядома, звычайна займаюцца акрэсленай тэматыкай.

Паказальна, што расійскія дзяржаўныя інстытуты не здолелі справіцца са складаннем нумізматычнай бібліяграфіі, якая спынілася на 1965 г. (Рыхтавалася супрацоўнікамі Дзяржаўнага Эрмітажа. Апошняя частка выйшла ў 1971 г.). Нягледзячы на недахопы, бібліяграфія прац па рускай нумізматыцы “ўдзельнага”, “царскага” і “імперскага” перыядаў і баністыцы, зробленая адзінкай-энтузіастам і сціпла названая “Матэрыяламі”, будзе істотнай дапамогай для даследчыкаў розных краін.

 

Moneta mediævalis: Studia numizmatyczne i historyczne ofiarowane Profesorowi Stanisławowi Suchodolskiemu w 65. rocznicę urodzin. Warszawa, 2002 – 571 s. 

Зборнік прац, які прысвечаны да 65-годдзю з дня нараджэння аднаго з самых вядомых нумізматаў свету, сябра Міжнароднай нумізматычнай камісіі Станіслава Сухадольскага сабраў пад сваей вокладкой “смятанку” гэтай дысцыпліны з розных краін – тут можна сустрэць імены М.Блэкбарна, К.Джонсана, В.Клюге, Б.Малмер, Д.М.Меткалфа, Т.С.Нунана, Т.Талвіо ды іншых. Не засталіся ў баку і землякі юбіляра – з 48 артыкулаў 25 належыць польскім нумізматам.

Напачатку зборніка памешчана Tabula Gratulatoria добрыя словы юбіляру ад Рышарда Керсноўскага і традыцыйная ў такіх выпадках бібліяграфія. Уражвае спіс публікацый праф. С.Сухадольскага. На працягу 45 гадоў (1957-2001) ім надрукавана 452 працы, у т.л. шэсць кніг.

Зборнік тэматычна падзелены на сем блокаў: манета як археалагічная крыніца, грашавае абарачэнне, тэхніка манетнай справы і метралогія, манета і закон, вызначэнне манет, калекцыі і калекцыянеры, рознае. Большая частка артыкулаў прысвечана сярэднявечным манетам. Сярод прац зборніка падаліся надзвычай цікавымі Абол мёртвых З. і С.Курнатоўскіх, праца аб стратыграфічным датаванні абарота манет Т.Паклеўскага–Козел, артыкул Т.Нунана і Р.К.Кавалёва аб дырхемах аднаго з сасанідскіх манетных двароў, публікацыя В.Душко аб рысах-надрэзах на срэбры часоў вікінгаў, артыкул Г.Казубоўскага аб грыўнах і заходнееўрапейскіх манетах 11-12 ст. у Кіеве, праца Б.Малмер аб метралогіі найстаршых скандынаўскіх манет. Поўсотні прац – добры  даробак для нумізматыкі. Напэўна калегі зрабілі карысны падарунак прафесару С.Сухадольскаму.  

 

The heraldry of Lithuania / Comp. E.Rimša.  Vilnius, 1998 – 192 p.

Складальнікам і аўтарам тэкста да выданай Літоўскай прэзідэнцкай геральдычнай камісіей кнігі з’яўляецца літоўскі гісторык Эдмундас Рымша. Кніга выйшла ў двух моўных версіях – літоўскай і англійскай. У ёй падаюцца каляровыя малюнкі сучасных  гербаў 120 гарадоў Літоўскай Рэспублікі, што былі зацверджаны ў канцы 1980-х - 1990-х гадах, і іх апісанні. Для кожнага населенага пункта даецца кароткая гістарычная даведка (год атрымання магдэбургскага права, апісанне наданага старажытнага герба і дата зацвярджэння новага герба).

Для значнай часткі літоўскіх населеных пунктаў гербы ствараліся на падставе іх гістарычных прататыпаў. У такіх выпадках прыводзяцца старыя малюнкі гербаў ці фотаздымкі гарадскіх пячатак, а ў адным выпадку нават гарадскі звон з геральдычнаю выяваю аднарога (Меркуне, 1670 г.). Каля пячатак падаецца датыроўка, памеры і месца захоўвання, каля малюнкаў гербаў – год і месца захоўвання графічнай крыніцы. У канцы  кнігі месціцца раздзел “Геральдыка і яе развіццё ў Літве”, які мае звыклы навуковы аппарат, займае каля ¼ аб’ёму і з’яўляецца даволі інфарматыўным.

 

Rimša E. Lietuvos Didžiosios Kunigaikštytes miestų antspaudai. Vilnius, 1999 – 765 p.

Фундаментальная манаграфія літоўскага гісторыка Эдмундаса Рымшы “Гарадскія пячаткі Вялікага княства Літоўскага” выдадзена ў рамках праграмы святкавання тысячагоддзя Літвы (1009-2009). Кніга памерам ў 96 аркушаў уяўляе сабой шыкоўнае выданне вялікага фармата з бездакорнай якасці чорна-белымі ілюстрацыямі на добрай паперы з вылучаной модульнай паласой для зносак у 1/3 старонкі па праваму боку аркуша.

Можна сказаць, што нарэшце з’явіўся поўны корпус пячатак 15-19 ст.  гарадоў Вялікага княства Літоўскага. Задукаментавана ўсе бездакорна – побач з прамалёўкаю месціцца фотаздымак, падаецца месца захоўвання ўсех вядомых пячатак, даты дакументаў з пячаткамі  і папярэднія публікацыі аб’ектаў. У тэксце даюцца метралагічныя паказчыкі і прыводзіцца фармальнае апісанне пячатак. Усе фотаздымкі зроблены з арыгіналаў і друкуюцца ў натуральную вялічыню.

Каталог гарадскіх пячатак пабудаваны па алфавітнаму прынцыпу (ад Алітуса да Жыровіц). Пад адным горадам могуць быць апісаныя некалькі пячатак (напрыклад, у Алітуса апісана пяць розных пячатак). Нумарацыя пячатак суцэльная. Усяго аўтарам занатавана 468 розных пячатак для 123 гарадоў, з якіх захаваліся 429 пячатак 114 гарадоў. Напачатку кожнай часткі даюцца сціслыя звесткі аб гісторыі населенага пункта, яго геральдыцы і органах самакіравання. Нумарацыя зносак асобная для кожнай пячаткі.

Пачынаецца кніга грунтоўнай аналітычнай часткай (120 старонак), у якой прывабліваюць шматлікія статыстычныя табліцы. Пасля ўласна інвентарызацыйнага раздзела падаецца вялізны спіс крыніц, рэзюме на польскай і нямецкай мовах (па 15 старонак кожнае), імянны (найбольш папулярная асоба ў ім – беларускі даследчык А.Цітоў) і геаграфічны паказальнікі.

Кідаецца ў вочы, што літоўскі гісторык вельмі карэктна вызначыў тэрытарыяльныя межы, якія ахоплівае яго праца. Прынцып абраны просты і вытрыманы бездакорна – апісваюцца ўсе гарадскія пячаткі ў гістарычных межах Вялікага княства Літоўскага. На жаль, пра падобную карэктнасць беларускіх сфрагістычных прац казаць нельга. Выданне выклікае асалоду як ад скрупулёзнасці, з якой яно падрыхтавана так і ад узроўня паліграфічнага мастацтва.

Iван Сiнчук

 

Анонс літаратуры 

“STUDIA   MYTHOLOGICA  SLAVICA”, №1, 1998; № 2, 1999; № 3, 2000. Любляна / Піза

    Так называецца новае еўрапейскае навуковае перыядычнае выданне, якое  з 1998 г. выходзіць ў Любляне (Славенія). Галоўнымі арганізатарамі часопіса з’яўляюцца Інстытут гісторыі славенскага народа Навукова-даследчага цэнтра Славенскай Акадэміі навук (Znanstvenoraziskovalni center Slovenske Akademije znanosti in umetnosti Institut za Slovensko Narodopisje) ды Інстытут рускай мовы і літаратуры лінгвістычнага аддзялення Пізанскага універсітэту ў Італіі (Universita degli studi di Pisa, dipartimento di linguistica, gia istituto di lingua e letteratura Russa). Менавіта яны рыхтавалі першы нумар часопіса. У падрыхтоўцы другога і трэцяга нумароў удзельнічаў Інстытут мовы і культуры Цэнтральнай і Усходняй Еўропы універсітета ва Удзінезе (Universita degli studi di Udine, Dipartimento di lingue e civilta dellEuropa Centro-Orientale). Рэдактары часопіса праф. Моніка Кропей са славенскага боку і праф. Мікалай Міхайлаў з італьянскага.

               Як вынікае з назвы, часопіс мусіць мець спецыялізаваны характар - вывучэння славянскай міфалогіі. Пры гэтым разглядаюцца разнастайныя праблемя духоўнага свету славянскіх народаў і іх суседзяў, узаемадзеяння паміж  славянскімі культурамі ва ўласных этнічных межах, а таксама з іншымі еўрапейскімі народамі ў кантэксце агульнасвятовым. У першую чаргу, рэдкалегію SMS цікавяць праблемы дахрысціянскай (паганскай/язычніцкай) і традыцыйнай культуры славянскіх народаў, гэтага багатага пласта духоўнасці, які з часам знікае альбо раствараецца ў больш магутнай і аднастайнай хрысціянскай культуры.

               Структура часопіса складаецца з наступных раздзелаў: І. Славянская міфалогія – крыніцы і рэканструкцыі; ІІ. Семіятычныя інтерпрэтацыі славянскага народнага фальклёру; ІІІ. Развіцце даследчыцкіх методык і кррытычны агляд; ІV. Нееўрапейскія аналогіі; V. Славянская міфалогія ў мастацкай літаратуры. Увогуле структура кожнага нумара залежыць ад прадстаўленых у рэдакцыю тэкстаў.

У трэцім нумары SMS змешчаны два артыкулы беларускіх аўтараў, прысвечаных нехрысціянскім сакральным аб’ектам нашага народу: “Культавыя камяні Беларусі” (Эрнст Ляўкоў, Аляксандр Карабанаў, Людміла Дучыц, Эдвард Зайкоўскі, Валерый Вінакураў); “Культавыя дрэвы ў Беларусі” (Людміла Дучыц). Сярод славістаў агульна прынята, што культурная, фальклорная, міфалагічная і этнаграфічная спадчына беларускага народу даволі значная, праўда мала даследаваная. Даследчыкі з розных краінаў адзначаюць славянскую аўтэнтычнасць беларускага фальклёру, багацце сюжэтаў у міфалогіі, дахрысціянскі традыцыяналізм у светаўспрыманні і светаўяўленні беларуса. Намаганнямі беларускіх, польскіх і расейскіх навукоўцаў за апошнія 150 год сабрана і надрукавана вялізная “бібліятэка” матэрыялаў (канкрэтных тэкстаў, апісанняў рытуалаў і звычаяў, культавых прадметаў) па беларускай народнай духоўнай і матэрыяльнай культуры (Зарыян Даленга-Хадакоўскі, Павел Шэйн, Яўхім Карскі, Міхал Федароўскі, Еўдакім Раманаў, Аляксандр Сержпутоўскі, Аляксандр Шлюбскі, Ніл Гілевіч, Арсень Ліс, Анатоль Фядосік, Нікіта Талстой, шматтамовая фундаментальная серыя “Беларуская народная творчасць” ды інш.).Сёння гэтае багацце з’яўляецца важнай крыніцай для рэканструкцыі не толькі ўласнабеларускай духоўнай культуры, але і іншых славянскіх народаў.

Пацвярджэнне дадзенага меркавання сустракаем на старонках SMS. У першым нумары Studij” беларускі матэрыял шырока выкарыстаны ў артыкулах Мікіты Талстога “Без четырёх углов изба не строится” (заметки по славянскаму язычеству)”; Людмілы Вінаградавай “Духи, вселяющиеся в человека»; Светланы Талстой Магические способы распознавания ведьмы; Тацяны Агапкінай Мифология деревьев в традиционной культуре славян: лещина (Corylus avellana)”; у другім нумары – артыкулы Тацяны Агапкінай “О тодорцах, русалках и прочих навях (мертвецы-демоны и «нечистые покойники в весеннем календаре славянских народов; Сяргея Шындзiна Об одном возможном восточнославянском проторитуале (на материале заговорной традиции);  Райнера Экерта Eine Slawische und Baltische Erdgottheit” (Славянская і балцкая багіня зямлі); у  трэцім нумары – Міріям Менцей “Pastirij-carovniki”.

 Тэарэтычны характар маюць змешчаны ў першым нумары SMS артыкул Уладзіміра Тапарова (Расія) “Некоторые вопросы изучения славянской мифологии”, у якім аўтар вызначае некаторыя важныя метадалагічныя падыходы да вывучэння язычніцкай/паганскай славянскай (а таксама балцкай) культуры, яе ўзаемаадносінаў і ўзаемадачыненняў са сваім антаганістам – хрысціянскай рэлігіяй і культурай.  А Лешек Мошыньскі (Польшча) прысвяціў свой матэрыял пытанню, чаму праславянскія вераванні вельмі разнастайна інтэрпрэтуюцца ў навуковай літаратуры?

               На старонках рэцэнзуемага часопіса шмат ўвагі нададзена інтэрпрэтацыі пантеона паганскіх багоў славянскіх народаў да прыняцця хрысціянства і рэканструкцыі санктуарыяў. У другім нумары гэта наступныя артыкулы: Лешак Павел Слупецкі і Раман Царофф “William of Malmesburg on Pagan Slavic Oracles: New Source for Slavic Paganism and its two Interpretations” (“Уільям з Мальмесбургу аб прадказаннях язычніцкіх славянаў: новая крыніца да славянскага язычніцтва і дзве яе інтэрпрэтацыі”, Фолькер Шмідт “Rethra-Lieps, am Sudenende des Tollensesees” (Rethra-Lieps на паўднёвым беразе возера Толленсэсэе), Рамана Жароффа “Organized Pagan Cult in Kievan Rus’. The Invention of Foreign Elite or Evolution of Local Tradition” (Уніфікаваны язычніцкі культ у Кіеўскай Русі. Выдумка замежных элітаў ці эвалюцыя мясцовай традыцыі), Лешка Паўла Слупецкага “Krakus’ and Vanda’s Burial Mounds of Cracow” (Курганы Кракуса і Ванды ў Кракаве). У трэцім нумары варта назваць артыкулы: Іржы Махачек і Андрей Плетерскі “Altslawische Kultstrukturen in Pohansko bei Breclav (Tschechische Republik)” (Старажытныя славянскія культавыя структуры ў Паганске каля Брецлаў (Чэшская рэспубліка)”), Ганс-Дзітрых Каль “Der ostseeslawische Kultstrand bei Ralswiek auf Rugen (8.-10.Jh.)” (Балтыйскі культавы бераг пры Ральсвейку на Рюгене (8-10 ст.)”).

Асобна хочацца вылучыць артыкулы македонскага даследчыка Нікаса Чаўсідзіса. Яго матэрыял прысвечаны рэканструкцыі знешняга выгляду паганскіх багоў у славянаў: “Mythical Pictures of the South Slavs” (“Міфічныя абразы паўднёвых славянаў”) (№2), Сварога – “Словенските пантеони во ликовниот медиум: Сварог” (№ ),. Дажбога – “Дажбог во хрониката на Малала и неговите релации со други средновековни и фолклорни избори” (№3 ). Дарэчы, у 1994 г. Нікас Чаўсідзіс выдаў фундаментальную кнігу, прысвечаную знешняму вобразу паганскіх багоў у паўднёвых славянаў: “Митските слики на Jужните Словени” (Слопjе, 1994).

               Акрамя праблем рэканструкцыі і разнастайных крыніцаў вывучэння славянскай дахрысціянская культуры і міфалогіі ў структуры часопіса Studia mythologica Slavica вылучаецца раздзел прысвечаны  міфалагічным сюжетам у найноўшай літаратуры славянскіх народаў. У першым нумары гэта артыкул Стэфана Гарзоні (Італія) прысвечаны аналізу твора Аляксандра Радзішчава  “Песни, петые на состязаниях в честь древним славянским божествам”, у якім расейскі паэт звярнуўся да славянскага язычніцкага пантэона. Менавіта праз ідэалізацыю старажытнаславянскага язычніцкага светаўяўлення і вераванняў А.Радзішчаў спрабаваў пераасэнсаваць новую ролю расейскага народа напрыканцы  18 ст. Тамсама Алена Леўкіеўская у сваім артыкуле “К вопросу об одной мистификации или гоголевский Вий при свете украинской мифологии”  прыйшла да цікавай высновы, што вобраз Вія не зяўляецца творам народнай культуры, а аўтарскай фантазіяй Мікалая Гогаля. Думаецца, што беларуская мастацкая літаратура таксама багатая на міфалагічныя сюжэты і звязаныя з німі праблемы раскадзіравання, і патрабуе глыбокага  вывучэння ў падобным кірунку.

               Новы часопіс па праблемах духоўнай славянскай культуры ўніверсальны не толькі па зместу. Рэдкалегія запрашае да супрацоўніцтва спецыялістаў розных галін гуманітарнай навукі (гісторыя, этналогіі, археалогіі,  культуралогіі, фалькларыстыкі, мовазнаўства, літаратуразнаўства, філасофія і псіхалогія). Мовамі часопіса з’яўляюцца ўсе славянскія, а таксама англійская, нямецкая альбо італьянская з абавязковымі падрабязнымі  рэзюмэ. Матэрыялы пажадана высылаць кампутарным наборам (рэдактары Word 6.0/ 7.0). Адрас рэдакцыі:

Prof. Monika Kropej
ZRC SAZU
Institut za slovensko narodopisj
Gosposka 13
1000 Ljubljana
Slovenija
e-mail: monika@alpha.zrc-sazu.si 

Генадзь Семянчук

 

Lietuvos archeologijos bibliografija 1782-1998 / Sudarė A.Tautavičius. Vilnius, 2000 – 768 p.

Бібліяграфія ўтрымлівае 17187 пазіцый. Храналагічна яна ахоплівае 1782-1998 г. У манаграфіі ўлічаны не толькі манаграфіі і артыкулы ў навуковых выданнях, але і асобныя заметкі ў папулярных выданнях. Наклад кнігі 600 асобнікаў, што даволі шмат для Літвы.

Складальнік бібліяграфіі – вядомы літоўскі археолаг Адольфас Таўтавічус. Шматгадовая падрыхтоўка гэтай вялікай грунтоўнай працы і яе выданне сталі мажлівымі дзякуючы фінансавай падтрымцы грамадзяніна ЗША літоўскага паходжання Антанаса Мікалаўскаса.

У выданні прадстаўлены працы на літоўскай, польскай, нямецкай, англійскай, рускай, беларускай ды іншых мовах, якія звязаныя з гісторыяй Літвы альбо напісаныя літоўскімі археолагамі. Сярод беларускіх аўтараў фігуруюць Бохан Ю.М., Дубінскі С.А., Егарэйчанка А.А., Ермаловіч Н.І., Загарульскі Э.М., Зайкоўскі Э.М., Звяруга Я.Г., Ісаенка В.Ф., Каханоўскі Г.А., Краўцэвіч А.К., Мітрафанаў А.Г., Побаль Л.Д., Ткачоў А.М., Трусаў А.А., Чарняўскі М.М., Штыхаў Г.В. і іншыя.

Бібліяграфія забяспечана паказальнікамі – імянным (прозвішчы аўтараў прац на рускай і беларускай мовах падаюцца пасля апошняй літары літоўскага алфавіту),  геаграфічным і тэматычным. Дапамагаюць арыентавацца ў кнізе калантытулы з гадамі выданняў на кожнай старонцы. Бібліяграфічныя пазіцыі маюць кароткія анатацыі, у якіх падаецца рэгіён або рэгіён і тэма. Выданні, якія былі рэцэнзаваныя, маюць звесткі аб рэцэнзіях. Падзел прац пабудаваны на таксанамічнай схеме год – аўтар – алфавіт. Гэтая структура падштурхоўвае да аналізу дынамікі развіцця археалогіі Літвы, але складальнік такога агляду не дае.

Можна спрачацца са складальнікам у прынцыпе адбору прац, прынамсі, у тэрытарыяльным ахопе (калі Вялікае княства Літоўскае, то павінна разглядацца цалкам у межах адпаведнага часу, а не асобных яго абшараў), але бяспречна, што з’яўленне такой падрабязнай і дэталёва распрацаванай бібліяграфіі – падзея ў археалагічнай навуцы.

 

Iван Сiнчук



[1] Марзалюк І. Да пытання пра навуковасць новай беларускай медыевістыкі // Гістарычны альманах. Т.4 (2001). С.144-145.

[2] “Мова гісторыі” // Наша Ніва. №1. Травень 1991. 


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія