Перад тым,
як мы непасрэдна спынімся на некаторых праблемах перыядызацыі гістарыяграфіі
гісторыі Беларусі, неабходна, на нашу думку, звярнуць увагу на некалькі
аспектаў, звязаных з перыядызацыяй як сродкам упарадкавання і сістэматызацыі
ведаў. Безумоўным з’яўляецца тое, што перыядызацыя, ня гледзячы на імкненне да
аб’ектыўнасці, застаецца шмат у чым вельмі суб’ектыўнай з’явай і, па вялікім
рахунку, спрачацца па дадзенай праблеме можна толькі пра тое, “якая
перыядызацыя найбольш зручная для тых ці іншых мэтаў, а не пра тое, якая
ісцінная”.
Спаслацца можна тут і на словы знакамітага медыявіста Арона Гурэвіча: “Мы
павінны выразна ўсведамляць, што перыядызацыя гісторыі не дадзена нам звыш”.
Больш таго, стварэнне нейкай “стабільнай” перыядызацыі не гарантуе ад хібаў і
выключэнняў, якія, часам, не ўпісваючыся ў агульную схему, рэальна ўплываюць на
гісторыю і, што самае цікавае, вызначаюць яе далейшы рух. Стварэнне
перыядызацыі ў межах стагоддзя ці этапа ўяўляецца магчымым толькі з улікам
агульнай перыядызацыі гісторыі таго ці іншага народа.
Да гэтага
часу беларускія гісторыкі і выкладчыкі гісторыі працягваюць механічна
выкарыстоўваць тую перыядызацыю гісторыі Беларусі, якая была прапанавана ў час
фармавання беларускай нацыі, калі была надзённай міфалагізацыя мінулага.
Вылучаная яшчэ Восіпам Турчыновічам і перанятая Вацлавам Ластоўскім
пяціступнёвая (“Пачатковы перыяд – Полацк – Літва – Польшча – Расея”)
перыядызацыя па этапах прыналежнасці да пэўных дзяржаўных утварэнняў працягвае
існаваць і зараз. У сваёй
масе яе прытрымліваюцца і дзве супрацьстаячыя на сённяшні дзень беларускія
гістарыяграфіі. Тым не менш, вядома, што ўнутраная гісторыя беларускага народа
не заўсёды адпавядае гэтаму агульнаму падзелу. Сучасная беларуская перыядызацыя,
у першую чаргу прынятая на ўзбраенне “прыдворнымі” гісторыкамі, працягвае
заставацца той жа бяздоннай крыніцай міфаў для айчыннай гістарыяграфіі і не
толькі для яе. Такая перыядызацыя не толькі дапамагае адпаведным чынам адбіраць
матэрыял, паколькі часам наўмысна ігнаруе беларускае ў беларускай гісторыі, але
і “заганяе” ў галовы вучняў і студэнтаў, а таксама шэраговых грамадзян гатовыя
для спажывання сюжэты. І выйсці з зачараванага кола такой перыядызацыі
немагчыма. Прыкладам, “польскі” перыяд, які традыцыйна пачынаецца з 1569 г.
цалкам няслушна ўспрымаецца як час татальнай паланізацыі і страты назалежнасці
ВКЛ. А колькі ўжо пайшло і яшчэ спатрэбіцца высілкаў гісторыкаў, каб даказаць,
што назва перыяду не вельмі адпавядае зместу. Тут хацелася б паставіць таксама
пытанне пра адэкватную назву, канешне, калі такая ёсць, перыядаў пры падзеле
гістарычнага матэрыялу.
Нельга не
спыніцца на такім істотным аспекце праблемы перыядызацыі ўвогуле як яе сувязь з
філасофіяй гісторыі і ўвогуле з метадалагічнымі праблемамі гістарычнай навукі.
На працягу стагоддзяў у сярэднявеччы і пазней менавіта бачанне гісторыі і
развагі над яе лёсамі з пункту гледжання Бібліі ў значнай ступені вызначала
вылучэнне асобных перыядаў у развіцці чалавецтва. Нагадаем, што ўведзены яшчэ ў
18 ст. Вальтэрам панятак
філасофіі гісторыі быў пакліканы замяніць рэлігійнае тлумачэнне першапрычынаў
гісторыі. Эпоха Асветніцтва садзейнічала
“абуджэнню ўсведамлення гістарычнай асаблівасці і вышыні ўласнай эпохі”, пры
гэтым “сэнс гісторыі тлумачыцца як рух да грамадзянскай свабоды”,
што само па сабе стала падставай для з’яўлення новага бачання этапаў
гістарычнага развіцця чалавецтва ў 19 і 20 ст. Філасофія гісторыі давала і дае
моцны імпульс для развагаў над лёсамі невялікіх народаў. Магчыма, адсутнасць
аўтарскіх сінтэзаў гісторыі Беларусі і канцэптуальнага бачання праблемаў, у
падмурку якіх знаходзіцца арыгінальная перыядызацыя, з’яўляецца вынікам таго,
што беларуская гістарыяграфія “не ўвабрала традыцый Асветніцтва і
гістарычна-філасофскія дыскурсы 19 ст.”.
Перыядызацыя
не павінна вырашаць выключна нейкія прыкладныя задачы. Яна заўсёды з’яўлялася
інструментам значнага ўплыву на фармаванне агульнага гістарычнага бачання шляха
народу і адначасова была складовай часткай нейкай гістарыясофскай мадэлі ці
канцэптуальнага падыходу. Нам бачыцца, што разгляд праблемаў перыядызацыі
айчыннай гісторыі не будзе плённым без уліку таго, на кошт якой гістарычнай
ідэі парадыгмы ці канцэпцыі мы працуем. Але не толькі ў кантэксце распрацоўкі
нацыянальнай гістарыяграфічнай традыцыі і філасофіі айчыннай гісторыі ёсць сэнс
паразважаць на пастаўленую тэму. Яна значна больш шырокая і непасрэдным чынам
вызначае накірункі пошуку месца гісторыі Беларусі ў гістарычных лёсах народаў
Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.
Вельмі
паказальнымі адносна нашай тэмы з’яўляюцца матэрыялы круглага стала,
прысвечанага праблеме перыядызацыі гісторыі, які быў праведзены ў Інстытуце
Усеагульнай гісторыі РАН, вынікі якога, не вельмі суцяшальныя ў цэлым для
гісторыкаў, былі апублікаваныя ў 10 выпуску штогодніка “Одиссей”.
Неабходна
таксама канчаткова разабрацца з тым, дзе праходзіць мяжа, якая падзяляе
перыядызацыю для выкладання, у тым ліку айчыннай навукі, і шматлікія аўтарскія
“навуковыя” перыядызацыі. Любая перыядызацыя ствараецца гісторкам з улікам не
толькі ўласных патрэбаў. Перыядызацыя ствараецца і для больш адэкватнага
разумення чытачамі пазіцыі ці канцэптуальнага погляду аўтара. Адказнасць жа за
стварэнне любых перыядызацый для выкладання павінна перайсці на акадэмічных
гісторыкаў.
Перыядызацыя
гістарыяграфіі гісторыі Беларусі ў першую чаргу патрабуе дакладнага
размежавання паміж паняткамі “айчынная гістарыяграфія” і “замежная
гістарыяграфія”. Зразумела, што этапы станаўлення айчыннай гістарычнай навукі
не супадаюць з этапамі станаўлення гістарычнай навукі, а дакладней кажучы, з
гісторыяй вывучэння праблемаў айчыннай гісторыі ў суседніх гістарыяграфіях.
Беларуская нацыянальная гістарыяграфія ўзнікла, як вядома, у 19 ст., дакладней,
напрыканцы гэтага стагоддзя, але канчаткова аформілася толькі ў 20 ст. Да часу
свядомага самаакрэслівання беларускай гістарыяграфіі ў 20-я гады 20 ст.
польская і руская гістарычныя навукі ўжо мелі склаўшуюся традыцыю па вывучэнні
гісторыі земляў былога ВКЛ. І часам тое, што беларускія гісторыкі свядома
кладуць у падмурак уласнай гістарыяграфіі, з’яўляецца проста пэўнай школай у
гістарыяграфіі Польшчы ці Расеі. У сувязі з гэтым хочацца звярнуць увагу на
тое, што перад айчыннай гістарыяграфіяй актуальнейшай задачай павінна стаць
распрацоўка і вывучэнне праблемаў гістарыяграфіі суседніх краін. Без адпаведных
даследаванняў не мае вялікіх перспектываў вывучэнне гістарыяграфіі гісторыі
Беларусі. Напрыклад, зразумець значнасць творчасці Мацея Любаўскага і Івана
Лапы для айчыннай навукі немагчыма па-за кантэкстам рускай гістарыяграфіі 19 -
пачатку 20 ст.
Варта
адзначыць, што ў межах гістарыяграфіі гісторыі Беларусі разглядаецца гісторыя
вывучэння асобных праблемаў і перыядаў мінулага, якія не супадаюць
храналагічна, а адсюль узнікае пэўная асінхроннасць. Калі паглядзець на
гістарыяграфію, скажам, ВКЛ, то яна, умоўна кажучы, мае больш працяглую ў часе
традыцыю вывучэння, калі яе параўнаць з гістарыяграфіяй гісторыі Беларусі ў складзе
Расейскай імперыі.
Актуальнай
праблемай для гістарыяграфіі гісторыі Беларусі з’яўляецца вызначэнне з каго ці
з чаго пачынаць традыцыю гістарычнага вывучэння Беларусі. Калі для пачаткаў
айчыннай гістарыяграфіі безумоўнай кропкай адліку з’яўляецца 19 ст., то для
гістарыяграфіі гісторыі Беларусі такі падыход не спрацоўвае. Фактычна кожнае
стагоддзе, пачынаючы з 16 ст., непасрэдна з творчасці Мацея Стрыйкоўскага, можа
прэтэндаваць на ролю сваеасаблівай мяжы. Дзмітры Караў называе “першай спробай
пабудовы сістэматызаванага курса па гісторыі ВКЛ” працу Віюка Каяловіча
(1609-1677 гг.) “Гісторыя Літвы”.
Леанід Аляксееў лічыць “першым даследчыкам беларускіх старажытнасцяў” Ігната
Кульчыцкага (1707 - 1747).
У гісторыі
гістарычнай навукі стварэнне перыядызацыі часам натыкаецца на даволі
спецыфічную праблему, калі творчасць таго ці іншага гісторыка сама па сабе
з’яўляецца перыядам у гісторыі навукі ці пэўным накірункам даследавання.
Скажам, для канца 19 – пачатку 20 ст. такім перыядам у беларускай
гістарыяграфіі з’яўляецца творчасць Мітрафана Доўнар-Запольскага. У кантэксце
яго творчай біяграфіі добра ўкладваецца працэс станаўлення айчыннай гістарычнай
навукі.
На сённяшні
дзень цэласнага падыходу да вырашэння праблемы перыядызацыі няма. І калі
беларуская гістарыяграфія адносна добра дзеліцца храналагічна, то перыядызацыя
гістарыяграфіі гісторыі Беларусі мае значныя складанасці. На наш погляд, ад
агульнай перыядызацыі нашага прадмету можна адмовіцца на карысць унутранай
перыядызацыі ў межах пэўнай тэматычнай праблемы. Не прэтэндуючы на
канчатковасць, мы паспрабуем прапанаваць уласную схему арганізацыі матэрыялу
гістарыяграфіі гісторыі Беларусі, добра ўсведамляючы пры гэтым, што яна
арыентавана на выкладанне аднайменнай дысцыпліны ў межах універсітэцкага курса.
Нам падаецца, што найбольш прыймальнай агульнай матрыцай для сістэматызацыі
матэрыялаў па гістарыяграфіі гісторыі Беларусі можа стаць скарэктаваная і
пашыраная перыядызацыя, прапанаваная ў “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі”.
Адзначым, што найбольш зручнай формай кампаноўкі матэрыялу для гістарыяграфіі
гісторыі Беларусі з’яўляецца нарысная. Мэтазгодна, на нашу думку, вылучыць
асобна некалькі базавых гістарыяграфічных сюжэтаў: гістарыяграфія
гісторыі Беларусі 9 – 13 ст., гістарыяграфія гісторыі ВКЛ, гістарыяграфія
гісторыі Беларусі 19 – пач. 20 ст., гістарыяграфія гісторыі Беларусі 20 ст.,
якія б дапамаглі ўпарадкаваць матэрыял. Для дэманстрацыі магчымасцяў такога
падыходу дастаткова будзе ўзяць толькі адзін прыклад - гістарыяграфію
гісторыі ВКЛ:
Гістарыяграфія гісторыі ВКЛ
І. Гістарыяграфія гісторыі ВКЛ у 15 – 18 ст.
1. Летапісы і хронікі.
2. Польскія хронікі.
3. Працы 17 – 18 ст., датычныя гісторыі ВКЛ
ІІ. Гістарыяграфія гісторыі ВКЛ з канца 18 - пач. 20 ст.
1.Мясцовыя гісторыкі.
2.Польская гістарыяграфія ВКЛ.
3.Расейская гістарыяграфія ВКЛ.
4.Украінская гістарыяграфія ВКЛ.
5.Узнікненне беларускай гістарыяграфічнай традыцыі вывучэння ВКЛ.
ІІІ. Гістарыяграфія гісторыі ВКЛ з 20 ст.
1.Беларуская гістарыяграфія гісторыі ВКЛ (у тым ліку эмігранцкая).
2.Польская гістарыяграфія гісторыі ВКЛ.
3.Літоўская гістарыяграфія гісторыі ВКЛ.
4.Расейская гістарыяграфія гісторыі ВКЛ.
Развагі над перыядызацыяй гісторыі Беларусі павінны вывесці нас на больш
шырокае кола праблемаў айчыннай гісторыі. Перыядызацыя
гісторыі Беларусі гэта не толькі ўнутраная праблема айчынных гісторыкаў. Вельмі
цікавым і карысным можа стаць правядзенне семінару з удзелам гісторыкаў
Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны па нашай тэматыцы, каб не толькі пабачыць
прынцыповыя разыходжанні, але і навучыцца іншаму бачанню праблемаў. Але для
гэтага трэба ўжо мець канцэптуальны каркас уласна беларускага варыянту (ці
варыянтаў) перыядызацыі.
Пытанні да Віталя Галубовіча:
Святлана
Куль-Сяльверстава (Гародня): - Я ў прынцыпе згодная, што
трэба рабіць асобную перыядызацыю па накірунках. Але паўстае пытанне
ўніверсалізму з пункту гледжання, напрыклад, школьнай гісторыі, ВНУ-шнай
гісторыі, гісторыі, скажам, міфалагічнай, для друкавання ў папулярных выданнях
і перыядызацыя для навукоўцаў-прафесіяналаў. Кожны накірунак можа мець сваю перыядызацыю,
але нам, магчыма, варта прыйсці да нейкага ўніверсалізму ў сувязі з тым, што
нам гісторыю трэба яшчэ камусьці пераказваць.
Сяргей
Токць (Гародня): - Які крытэрый ў рэшце рэшт павінен дамінаваць пры
перыядызацыі праблемы гістарыяграфіі гісторыі Беларусі, чыста персанальны па
аўтарах ці па ўмовах развіцця гістарычнай навукі?
Адказы Віталя Галубовіча
Адказ С.Токцю: - Я
думаю, што тут можна ўжываць і тое і другое. Не варта выбіраць толькі адзін
крытэрый. У пэўных умовах ёсць падставы выбіраць персанальны крытэрый, можна па
ўмовах развіцця, а па вялікім рахунку, і адно, і другое так суцэльна зжылося,
што гэтыя рэчы падзяляць немагчыма.
Адказ С.Куль-Сяльверставай:
- Сапраўды, перад навукоўцамі стаіць праблема стварэння перыядызацыі для
выкладання гісторыі. Бо калі гэтая перыядызацыя ствараецца ў школе настаўнікам,
а не навукоўцамі ва ўніверсітэтах, акадэмічных установах, то пачынаецца
блытаніна. Праблема ў тым, што трэба стварыць нейкую ўніверсальную
перыядызацыю. Не толькі для школы, а ўвогуле для выкладання гісторыі. Але гэтым
павінны займацца прафесіяналы.
Дыскусія па дакладу В.Галубовіча
Аляксей Літвін (Менск): - Мне вельмі спадабалася тое, што прапанаваў сп. Галубовіч. Я проста
хацеў бы праілюстраваць ягоную думку элементарнымі прыкладамі. Вось уявіце
сабе, што каму-небудзь з вас трэба было б сабраць школьнікаў пятага класа і
кораценька расказаць аб гісторыі Беларусі на працягу двух тысячагоддзяў. Мы
заўсёды выдзяляем нейкія асноўныя кропкі: вось гэтая падзея, тая падзея, гэтае
стагоддзе, тое стагоддзе, і так да сённяшняга дня. Мы заўсёды павінны сябе
ставіць у пэўную сістэму каардынат. Сёння мы не зможам зрабіць нейкую новую,
адзіную для ўсіх перыядызацыю гісторыі Беларусі, пакуль не паставім сябе ў
сістэму каардынат. Як мы ўяўляем сваю краіну? Яна насамрэч самастойная,
незалежная дзяржава, ці гэта дзяржава, якая ўсё ж-такі сябе лічыць часткай
былога Савецкага Саюзу ці часткай будучага такога саюзу? Павінна быць, як
кажуць, дзяржаўная ўстаноўка. Мы можам выпрацаваць сваю перыядызацыю, але
зноў-такі з нашай сістэмай каардынат, як мы разумеем нацыянальную дзяржаўную
ідэю, і вось з гэтай ідэяй мы і ставім асноўныя пункціры ў нашай перыядызацыі
гісторыі Беларусі сённяшняга часу. Ёсць такі заказ сёння з боку дзяржавы? Няма.
Ці можам мы
вырашыць гэтае пытанне сёння? Павінен быць адказ ад дзяржавы, каб мы, гісторыкі
ведалі, куды ідзе наша дзяржава, што дзяржава патрабуе. А.Краўцэвіч можа са
мной не пагадзіцца і ён са свайго пункту гледжання мае рацыю, як і я – са
свайго.
Аляксандар Краўцэвіч Гародня): - Хачу якраз не спрачацца з Алексеям Міхайлавічам (Літвіну – Рэд.),
а пагадзіцца з ім. У нас існуе выразная супярэчнасць паміж тым, што
прапаноўваюць навукоўцы, менавіта, перыядызацыю гісторыі краіны і ўвогуле яе
гістарыяграфію і тым, што нам спрабуе навязаць існуючы рэжым. Не дзяржава, як
Вы выразіліся, а рэжым, які кіруе гэтай краінай. Таму, што мы - таксама
дзяржава, а не толькі тыя людзі, каторыя зараз ажыццяўляюць палітычную ўладу. І
ў гэтай супярэчнасці абсалютна ясна, што мы не павінны паддавацца ціску на нас
з боку рэжыму. Мы павінны спадзявацца, і, я думаю, гэтае спадзяванне з’яўляецца
падставай нашай прысутнасці на гэтым навуковым зборы, што напрацаванае ў нашым
асяроддзі, пазней, у лепшыя часы ўвойдзе ў сінхроннасць з памкненнямі
дзяржаўнай улады. Сёння нам цяжка. Мы сядзім зараз тут у гэтай халоднай залі
таму, што сённяшняя ўлада нас не хоча падтрымаць. Але будзе так, што гэта
супярэчнасць знікне, як яна знікла ва ўсіх суседніх дзяржавах.
Lindner Reiner. Historiker und Herrschaft: Nationsbildung
und Geschichtspolitik im Weißrußland im 19. und 20. Jahrhundert. München, 1999. S. 74, 79-80.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"