Адсутнасць у беларускай гістарыяграфіі агульнапрынятай
перыядызацыі гісторыі Беларусі (і яе асобных частак) выклікала неабходнасць
склікання нашай канферэнцыі, а разам з тым паказвае важнасць і актуальнасць
праблемы гістарычнай перыядызацыі. Склалася так, што пра гісторыю нашай краіны
найперш пачалі пісаць прадстаўнікі гістарычных школаў тых дзяржаваў, у склад
якіх Беларусь у той ці іншы час уваходзіла. Натуральна, што як апісанне саміх
гістарычных падзеяў і працэсаў, якія адбываліся на беларускіх землях, так і
вызначэнне часу, калі яны праходзілі, ці працягласці іх развіцця, тлумачэнне
таго, чаму ўвогуле было так ці інакш, заўсёды рабілася праз асвятленне гісторыі
пануючай дзяржавы. Найбольш яркім прыкладам таму з’яўляецца як расейская, так і
савецкая гістарыяграфія. Натуральна, з улікам таго шляху, які прайшла нашая
краіна і яе гістарычная навука, на які-небудзь свой, беларускі падыход цяжка
было і разлічваць.
Разумеючы, што любая стандартызацыя ці аднатыпнасць, любая
спроба вызначыць, напрыклад, адзіныя і нязменныя часавыя рамкі даследавання гісторыі могуць прынесці больш шкоды,
чым карысці, выказваемся не за прыняцце нейкай своеасаблівай і адзінай для ўсіх
гісторыкаў перыядызацыі гісторыі Беларусі, а за супольную, узгодненую
выпрацоўку і ўжыванне навуковых падыходаў нацыянальных гісторыкаў не толькі да
вывучэння, асвятлення і выкладання гісторыі нашай краіны і народа, але і да
вызначэння яе перыядызацыі.
На наш погляд, падыходы да перыядызацыі гісторыі Беларусі
ўвогуле і эканамічнай гісторыі, як яе часткі, да сённяшняга дня ў многім
працягваюць грунтавацца не на сацыяльна-эканамічных і палітычных рэаліях нашага
мінулага, а на састарэлых пастулатах, згодна з якімі Беларусь не мела
сапраўднай ўласнай гісторыі, а
існавала толькі ў русле тых падзеяў, якія адбываліся ў суседніх краінах. Да
сённяшняга дня ў нашай краіне маем выданні, дзе гісторыя беларусаў разглядаецца
зусім не з пункту гледжання беларускага этнасу і беларускай дзяржавы. Такі
падыход сфармаваўся даўно і стаўся як быццам традыцыяй, працягваючы грунтавацца
на старых партыйна-камуністычных прынцыпах, заснаваных не на аб’ектыўнасці і
гістарычнасці, а на імкненні ”правільна”, з пункту гледжання замоўцы,
”асвятліць” тыя ці іншыя падзеі нашай гісторыі.
Выразна відаць, што ў перыядызацыі гісторыі Беларусі, з
аднаго боку, працягвае панаваць у некалькі падфарбаваным выглядзе
марксісцка-ленінская канцэпцыя грамадска-эканамічных фармацыяў
(першабытнаабшчыннай, рабаўладальніцкай, феадальнай, капіталістычнай,
сацыялістычнай). Праўда замест ”сацыялізму” цяпер звычайна пазначаюцца толькі
даты (напрыклад, ”Эканоміка Беларусі ў 1950–1960-я гады” і да т.п.). З другога
боку, паралельна з вышэйзгаданым усё
больш становіцца распаўсюджанай перыядызацыя, заснаваная на прынцыпе
”знаходжання” Беларусі ў складзе іншых дзяржаўных фармаванняў.
Разглядаючы гістарычныя працы па гісторыі Беларусі, у тым
ліку абагульняючыя, якія выйшлі за апошняе дзесяцігоддзе, міжволі звяртаеш
увагу на тое, што нягледзечы на новыя матэрыялы, якія дастаткова шырока
ўводзяцца ў навуковае абарачэнне, нягледзячы на новыя падыходы да асвятлення
многіх пытынняў гісторыі Беларусі, перыядызацыя беларускай гісторыі ў большасці
выпадкаў застаецца па-ранейшаму "савецкай". Сказанае не спроба
кагосьці пакрытыкаваць, ці запалітызаваць праблему. Гэта простая канстатацыя
таго, што адбываецца. Разам з тым, ёсць і тлумачэнне, чаму так адбываецца. Усе
работы, якія выходзілі раней інакш і выйсці не маглі, як толькі з
руска-савецкай перыядызацыяй. Гэта стала традыцыяй, а любыя змены ідуць вельмі цяжка. Здаецца, прасцей было б
распрацаваць новую перыядызацыю ”з ліста”, чым спрабаваць унесці змены ў тую,
якая ўсталявалася.
Нават у шасцітомнай гісторыі Беларусі,
падрыхтаванай групай супрацоўнікаў Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі
навук Беларусі няма адзінага падыходу да перыядызацыі. Так, у першым томе, дзе разглядаецца гісторыя Беларусі ”ад
першапачатковага засялення да сярэдзіны 13 ст.”, ўжываецца перыядызацыя, заснаваная на ”працягласці
часу” за які адбыліся тыя ці іншыя падзеі і з’явы, разам з гэтым адзначаецца,
што ”грамадства ранняга сярэднявечча характарызуецца як шматукладнае, дзе
суіснавалі тры эканамічныя ўклады – першабытнаабшчынны, рабаўладальніцкі (на
ўзроўні хатняга рабства) і феадальны”. Такі комплексны падыход, на наш погляд, зусім
натуральны да перыяду да канца 5 – пачатку 6 ст. Разам з тым, аўтары ўлічылі
сітуацыю, звязаную з утварэннем і існаваннем Полацкага княства і ўключылі яго
гісторыю ў асобны раздзел “Беларускія землі ў раннім сярэднявеччы (6 ст. –
першая палова 13 ст.).
Перыядызацыя астатніх тамоў напрамую не
звязваецца з пэўнымі эканамічнымі ўкладамі, а спрабуе быць прывязанай ці да
гісторыі розных дзяржаўных утварэнняў, у якія ўваходзіла Беларусь – другі том –
13 – 16 ст. – перыяд фарміравання і развіцця ВКЛ; трэці том – з канца 16 па 18
ст. уключна – беларускія землі ў часы Рэчы Паспалітай; чацвёрты том – з канца
18 ст. да кастрычніка 1917 г. – час знаходжання Беларусі ў складзе Расейскай
імперыі; ці проста вызначаецца часавымі рамкамі – пяты том прысвечаны ”гісторыі
беларускага народу ў час намаганняў па стварэнні новага грамадства і ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны”; і апошні, шосты том
прысвечаны пасляваеннай гісторыі Беларусі. У дадзеным выпадку больш прымальным
падаецца прадэклараваны Георгіем Штыхавым ў першым томе згаданай працы
храналагічна-тэрытарыяльны прынцып перыядызацыі (напрыклад ”Беларусь у 9 –
сярэдзіне 13 ст.”).
Разам з тым, на наш погляд, для асвятлення гісторыі краіны можа быць ужыты не адзін, а
некалькі прынцыпаў перыядызацыі і нават усе вышэйзгаданыя падыходы маюць права
на існаванне. Галоўнае, каб гэтыя падыходы дазвалялі найбольш поўна
адлюстроўваць гістарычныя працэсы і былі прынятыя большасцю гісторыкаў.
Канечне не выключаецца і аўтарская перыядызацыя. У якасці
станоўчага прыкладу ў гэтым сэнсе можна назваць працу Генадзя Сагановіча “Нарыс
гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца 18 стагоддзя”.
У адрозненне ад гісторыі ўвогуле,
перыядызацыя эканамічнай гісторыі павінна быць заснавана толькі на падставе тых гаспадарчых умоваў, падзеяў
і з’яваў, якія адбываліся ў краіне (натуральна, з улікам таго, што адбывалася ў
свеце). Відавочна, што з дапамогаю эканомікі ў нашай краіне вырашаліся шмат якія
сацыяльныя і палітычныя справы, што дзяржава разумна рэгулявала і палітычнае і
гаспадарчае жыццё. Натуральна і тое, што без моцнай эканомікі не маглі б так
доўга праіснаваць у атачэнні ваяўнічых суседзяў і Полацкае княства і Вялікае
Княства Літоўскае. Але раней эканамічную самабытнасць нашай краіны свядома
ігнаравалі, прымяншалі значнасць гаспадарчых рэформаў, якія праводзілі нашыя
продкі, заніжалі ўзровень сацыяльна-эканамічнага развіцця, асабліва ў дачыненні
да 15 – 18 ст. Так, без пошуку сапраўдных доказаў, у беларускай савецкай
гістарыяграфіі сцвярджалася, што нармальнае развіцце эканомікі Беларусі
пачалося толькі з пачаткам будовы сацыялізму, таксама, як і тое, што любыя
станоўчыя падзеі на нашай тэрыторыі ў перыяд да 1772 г. апрыёры былі
немагчымымі.
Адзначым, што ў адносінах да Беларусі
падобны падыход пачаў складвацца адразу пасля яе анексіі ў склад Расейскай
імперыі, а ў СССР ён пастаянна ”ўдасканальваўся”. Яскравы прыклад таму –
гаспадарчая характарыстыка Беларусі сярэдзіны – другой паловы 18 ст.,
сцвярджэнні аб нібыта поўным эканамічным заняпадзе, гаспадарчым крызісе і,
адсюль ”неабходнасці, прагрэсіўнасці і гістарычнай справядлівасці” акупацыі
тэрыторыі Беларусі і ўключэнні яе ў склад Расейскай імперыі. У выніку ў
гістарычныя працы ўводзіўся абавязковы тэзіс аб ”выгоднасці” уключэння ў
Расейскую імперыю, якое прывяло да ўцягвання эканомікі Беларусі ў
агульнарасейскую гаспадарчую сістэму, выхаду на ўсерасейскі рынак, што
як-быццам дало значны штуршок для развіцця эканомікі. На самой жа справе
ВКЛаўскі перыяд гісторыі Беларусі адметны якраз не заняпадам, а значным
эканамічным уздымам, які ў многім вызначаўся разумнай эканамічнай палітыкай
дзяржавы якая, дарэчы, праводзілася пры значным знешнім процідзеянні. Гэтая
палітыка знайшла сваё адлюстраванне ў працы Скарбавай камісіі ВКЛ, рэфарматарскай
дзейнасці Антонія Тызенгаўза, стварэнні збалансаванай сістэмы шляхоў зносін, як
сухапутных, так і водных і да т.п.. У выніку, ў гэты час не толькі ўмацаваўся
ўнутраны рынак, але Беларусь ізноў стала адным з асноўных пастаўшчыкоў збожжа ў
Еўропу. Далучэнне ж да Расейскай імперыі закрыла для Беларусі выхад
на традыцыйны для яе еўрапейскі рынак, што зусім не спрыяла развіццю эканомікі.
Падобна гэтаму, больш чым станоўчыя вынікі вялікай аграрнай рэформы 16 ст. у
савецкай гістарыяграфіі аб’яўляліся міфам. Але на самой справе ў многім менавіта з-за выдатных вынікаў рэформы
адбыўся феномен 16 ст. – “залатога веку” у гісторыі Беларусі. Толькі заможная
краіна магла выдаткоўваць велізарныя сродкі на адукацыю, навуку, культуру.
Выснова можа быць адна – уласную гісторыю трэба разглядаць
толькі з уласных нацыянальных пазіцый. Важным у гэтым кантэксце ёсць і
перыядызацыя, таму што правільна выбраныя перыяд і праблема даследавання (і
нават правільна сфармуляваная назва перыяду ці яго часткі) практычна ва ўсіх выпадках уплываюць (апасрэдавана ці непасрэдна) на яго вынікі
навуковай працы.
Разглядаючы праблемы перыядызацыі гаспадарчай гісторыі
Беларусі нельга абыйсці ўвагай калектыўную працу ”Эканамічная гісторыя
Беларусі”, якая выйшла пад агульнай рэдакцыяй прафесара В.І.Галубовіча.
Праца гэтая, напісаная на аснове напрацовак беларускіх гісторыкаў, дапушчана
Міністэрствам адукацыі краіны ў якасці вучэбнага дапаможніка для студэнтаў
эканамічных спецыяльнасцей вышэйшых навучальных установаў, выходзіла некалькі
разоў дастаткова вялікімі тыражамі і аказвае вялікі ўплыў не толькі на
ўспрыманне гаспадарчага вопыту нашых продкаў, але і на вывучэнне гісторыі
краіны, таму што эканамічная гісторыя з’яўляецца
ў некаторых тэхнічных ВНУ адзіным прадметам, які разглядае мінулае Беларусі.
Несумненна і тое, што гэтая праца з’яўляецца на сёння вызначальнай і ў
перыядызацыі эканамічнай гісторыі Беларусі. (Іншых падыходаў, ці спробаў
агульнай перыядызацыі эканамічнай гісторыі Беларусі нам выявіць не ўдалося).
Пытанню перыядызацыі эканамічнай
гісторыі Беларусі ў гэтай працы адведзена значная ўвага і відаць, што падыходы
да перыядызацыі паступова мяняюцца ў бок удасканалення ад выдання да выдання.
Так, разглядаючы станоўчыя і адмоўныя бакі двух падыходаў да праблемы
перыядызацыі эканамічнай гісторыі – “фармацыйнага” (заснаванага на марксісцкай
тэорыі змены грамадска-эканамічных фармацый) і “цывілізацыйнага”, дзе гісторыя
грамадства разглядаецца як адзіная агульная плынь, для якой характэрнай
з’яўляецца пераемнасць і паслядоўнасць ва ўсіх сферах, з улікам чалавечага
вымярэння ў гісторыі, яго дасягненняў у эканоміцы, палітыцы, навуцы і культуры
аўтары паспрабавалі даць максімальна аб’ектыўны аналіз аднаго і другога
падыходаў.
Так, у апошнім (2001 г.) выданні
“Эканамічнай гісторыі Беларусі” аўтары, на наш погляд, слушна прыйшлі да
высновы аб тым, “што інфармацыйны і цывілізацыйны падыходы да гісторыі маюць
усе правы на далейшае існаванне, натуральна дапаўняючы адзін аднаго. У
спалучэнні яны даюць агульную аб’ектыўную і ў той жа час прадметна дакладную
карціну развіцця сусветнай гісторыі, хада якога залежала (і залежыць) ад
геаграфічных, тэхналагічных, эканамічных і ідэалагічных прычын і фактараў”.
Разам з тым, падаецца што да
перыядызацыі ўласна эканамічнай гісторыі Беларусі аўтары падыйшлі некалькі
схематычна, не ўлічыўшы поўнасцю беларускіх рэалій і выказаных імі самімі
папярэдніх меркаванняў аб падыходах да перыядызацыі.
Так, уся эканамічная гісторыя Беларусі
аўтарамі падзелена на 18 перыядаў (этапаў), якія ў сваю чаргу увайшлі ў два
раздзелы. Перыядызацыя ў першым раздзеле заснавана на “фармацыйным” падыходзе:
І. Гаспадарчая дзейнасць людзей на тэрыторыі Беларусі ў першабытную эпоху (100
тыс. гадоў да н.э. – 5 ст. н.э.); 2. Гаспадарка беларускіх зямель у перыяд
разлажэння першабытнаабшчыннага ладу і зараджэння феадальных адносін (6 – 8
ст.); 3. Станаўленне раннефеадальнай эканомікі на тэрыторыі Беларусі ў 9 –
першай палове 13 ст.; 4. Развіццё і ўмацаванне феадальнай гаспадаркі беларускіх
земляў у другой палове 13 – першай палове 17 ст.; 5. Эканамічнае становішча
Беларусі ў часы позняга феадалізму (другая палова 17 – 18 ст.); 6. Эканоміка
Беларусі ў перыяд разлажэння феадальна-прыгонніцкага ладу і зараджэння
капіталістычных адносінаў (першая палова 19 ст.); 7. Станаўленне
капіталістычнай эканомікі Беларусі ў другой палове 19 ст.; 8. Народная
гаспадарка Беларусі ў парэформенны перыяд (60-90-я гг. 19 ст.); 9. Эканамічнае
развіццё Беларусі ў пачатку 20 ст. (1900 – 1913 гг.).
На наш погляд, гэта даволі збалансаваны
падыход да перыядызацыі эканамічнай гісторыі Беларусі да пачатку 20 ст. Тым
больш, што для кожнага перыяду аўтары падаюць унутраную (хаця часта значна
спрошчаную і не зусім дакладную) перыядызацыю.
Так,
напрыклад, 5 перыяд – “Эканамічнае становішча Беларусі ў часы позняга
феадалізму (другая палова 17 – 18 ст.)” уключае ў сябе наступныя падперыяды: –
“Эканамічны заняпад Беларусі ў другой палове 17 – першай палове 18 ст.”; –
“Эканамічны ўздым на Беларусі ў другой палове 18 ст.”; – “Сацыяльна-эканамічнае
значэнне далучэння Беларусі да Расеі”. Адзначым, што да гэтага далучэння
эканоміка Беларусі развівалася не зусім так, як вызначана аўтарамі – пасля
эканамічнага заняпаду сярэдзіны - другой паловы 17 ст. прайшоў час гаспадарчага
аднаўлення. Новы заняпад быў звязаны з Паўночнай вайной 1700-1721г., пасля яго
ізноў прайшоў перыяд гаспадарчай адбудовы. Заўважым таксама, што больш
правільна было б пісаць не “сацыяльна-эканамічнае значэнне далучэння Беларусі
да Расеі”, а “сацыяльна-эканамічныя вынікі (ці наступствы) далучэння Беларусі
да Расейскай імперыі” (на гэты конт мы выказваліся вышэй).
Другі раздзел эканамічнай гісторыі
Беларусі (з пачатку 20 ст. да сённяшняга дня) пабудаваны, у асноўным, па
палітычных прыкметах таго ці іншага перыяду: 10. Эканоміка беларускіх зямель
пад час войнаў і рэвалюцый (1914 – 1920 гг); 11. Гаспадарчае развіццё Беларусі
ў гады Новай эканамічнай палітыкі (1921 – 1927 гг); 12. Эканамічнае развіццё
Беларусі ў гады першых пяцігодак і ўсталявання таталітарнага рэжыму (1928 –
чэрвень 1941 г.); 13. Эканоміка Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы; 14.
Эканоміка Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941 – 1945 гг.); 15.
Аднаўленне і развіццё эканомікі рэспублікі ў пасляваенныя гады (1946 – 1950
гг.); 16. Народная гаспадарка Беларусі ў 50-я–60-я гг.; 17. Эканоміка Беларусі
ў 70-я – першай палове 80-х гг. Нарастанне крызісных з’яў; 18. Эканоміка Беларусі ў перыяд радыкальных
пераўтварэнняў і дзяржаўнага суверэнітэту.
Прапанаваная перыядызацыя эканамічнай
гісторыі Беларусі 20 ст. уяўляе пэўную цікавасць, заўважна імкненне аўтараў адыйсці
ад ранейшых стандартаў, калі ўсе гістарычныя і эканамічныя з’явы прыпісваліся
дзейнасці камуністычнай партыі, а эканамічная гісторыя дзялілася на пяцігодкі,
якія таксама пачыналіся з “рашэнняў партыі”. Разам з тым, заўважна, што ў
некаторых момантах аўтары не змаглі адмовіцца ад старых падыходаў да
перыядызацыі гаспадарчай гісторыі Беларусі. Так, цэлы
раздзел прысвечаны новай эканамічнай палітыцы (1921-1927 г.). Але ж для
Беларусі гэты час больш адметны Рыжскім мірам 1921 г. і падзелам яе тэрыторыі паміж
Польшай і Савецкай Расеяй, уплывам гэтых падзеяў на развіццё яе эканомікі.
Упомнім, што Савецкая Беларусь у выніку захопніцкай палітыкі ўсходняга суседа ў
гэты час займала усяго 59,6 тыс. кв. км. і складалася з 6 паветаў Менскай
губерні (Бабруйскага, Мазырскага, Слуцкага, Ігуменскага, Барысаўскага і
Менскага). Ці не ігнаруецца такой перыядызацыяй уласнабеларуская гісторыя і
ўласнабеларускія праблемы? Ці не падмяняецца тут гісторыя Беларусі гісторыяй
Расеі, ці гісторыяй Савецкага Саюза?
Прыблізна тое ж можна сказаць і пра раздзел 10. “Эканоміка
беларускіх зямель пад час войнаў і рэвалюцый (1914 – 1920 г.)”. Выклікае
цікавасць яго ўнутраная перыядызацыя: “Першая сусветная вайна і
сацыяльна-эканамічная палітыка Часовага ураду”; “Перамога Кастрычніцкай рэвалюцыі
і першыя сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні”; “Становішча гаспадаркі Беларусі
ў гады грамадзянскай вайны. Палітыка “ваеннага камунізму”. А ці былі ў нас тыя
“пераўтварэнні”? Можа з беларускага боку больш правільна было б напісаць
“Беларусь у час нямецкай акупацыі і савецка-польскай вайны”? Пра якую
грамадзянскую вайну у Беларусі можна гаварыць? Не было ў Беларусі ўсяго таго,
што было ў Савецкай Расеі. Так як няма падставаў пісаць і пра палітыку
“ваеннага камунізму” у Беларусі ў 1918-1919 г. Тут можна толькі гаварыць аб
спробах прымянення гэтай палітыкі на часова занятых Чырвонай арміяй тэрыторыях
і адпаведнай рэакцыі насельніцтва.
Такім чынам, да перыядызацыі
эканамічнай гісторыі Беларусі поўнасцю можна аднесці ўсе заўвагі і
рэкамендацыі, якія тычыліся перыядызацыі гісторыі Беларусі ўвогуле. Разам з
тым, пры выкладанні гісторыі гаспадаркі павінна ставіцца некалькі іншая мэта –
праз эканамічную гісторыю, гісторыю ўласных рэформаў паказаць гісторыю развіцця
нашай дзяржавы. Тут і адміністрацыйная і гаспадарчая рэформа 16 ст., і
аднаўленчыя рэформы сярэдзіны 17 - пачатку 18 ст., і рэформы сярэдзіны 18 ст.
(аграрная і мануфактурная рэформа А. Тызенгаўза, план на ўмацаванне ўнутранага
рынку і інш.) і іншыя гаспадарчыя і палітычныя дзеянні і падзеі на нашай
тэрыторыі. Мы перакананыя, што пры вывучэнні эканамічнай гісторыі Беларусі ўсе
падзеі павінны разглядацца з беларускага пункту гледжання і толькі тады могуць
быць зроблены правільныя высновы ў адносінах да ацэнкі стану і перспектываў
гаспадарчага развіцця, ў тым ліку і ў дачыненні да перыядызацыі. Са свайго,
беларускага боку мы павінны таксама разгледзець уплыў палітычных падзеяў,
асабліва ў 20 ст. (Бярэсце, Рыга, НЭП, эканамічная палітыка Масквы) на
эканамічнае развіццё Беларусі.
Не адмаўляючы поўнасцю тыя падыходы да
перыядызацыі эканамічнай гісторыі Беларусі, якія ўжо шырока распаўсюдзіліся,
лічылі б неабходным у перспектыве больш “прызямліць” яе на беларускую глебу.
Магчымым выйсцем магло б быць захаванне ў прынцыпе ўжываемай агульнай
перыядызацыі (названыя 18 перыядаў з пэўнымі ўдакладненнямі), але з радыкальна
беларускай унутранай перыядызацыяй, заснаванай па магчымасці, на беларускіх
падзеях.
Натуральна, што гэта толькі асобныя
меркаванні, выкліканыя ў значнай ступені падыходамі да перыядызацыі гаспадарчай
гісторыі Беларусі аўтараў вучэбнага дапаможніка “Эканамічная гісторыя
Беларусі”.
Пытанні да В.Голубева
Алег Латышонак
(Беласток): - Я доўга
шукаў у беларускай літаратуры доказаў ды прыкладаў сапраўднага далучэння
Беларусі да расейскага рынку, але не знайшоў аніводнага. Дык мне здаецца, пасля
далучэння да Расеі Беларусь далей жыла б з гэтага экспарту збожжа.
Генадзь
Семянчук (Гародня): - Я таксама
адношу сябе да марксістаў і лічу, што спачатку трэба паесці, а потым
філасофстваваць. Пытанне такое: ці эканамічная гісторыя нашай краіны можа быць
падставай перыядызацыі і палітычнай, і культурнай гісторыі? Як спалучыць
перыядызацыю палітычную, перыядызацыю эканамічную? Ці маюць права функцыянаваць
такія тэрміны як ”феадалізм”, ”капіталізм” як формы гаспадаркі?
Адказы В.Голубева
Адказ
А.Латышонку: - Адказ
В.Голубева А.Латышонку:
-У другой
палове 18 ст. у выніку рэформаў Тызенгауза ў
першую чаргу, дзяржава рэзка павялічыла вытворчасць збожжа. Яно прадавалася
толькі ў Эўропу, дзе кошты на яго рэзка выраслі. Калі далучылі да Расеі, у
Расеі ўжо было курскае збожжа і з Казахстана, вельмі было таннае. І потым
вельмі хутка пабудавалі чыгунку Курск – Гомель - Пінск.
Сапраўды я зразумеў, мы былі адлучаны, наша эканоміка ад еўрапейскага
рынку, так я зразумеў?
-Па сутнасці пасля 1772 г. на ўсходняй Беларусі ўсё заставалася так, як і
было, акрамя таго, што пачалі рэзаць лес і вывозіць яго ў Расею. Пасля астатніх
падзелаў Рэчы Паспалітай наша сельская гаспадарка, якая складала аснову
эканомікі, перастала вырабляць збожжа для продажу ў Еўропу, таму што туды
паехала расейскае збожжа, больш таннае. Нашае збожжа, якое не магло канкураваць
у Еўропе з расейскім, пачалося перарабляцца на гарэлку. Амаль пры кожным
маёнтку ствараюцца бровары. З’явіўся нават тэрмін ”белае віно”. З ім мы пачалі
выходзіць на расейскі рынак. І гэтая тэндэнцыя працягвалася да 1915 ці 1914 г.,
калі быў уведзены сухі закон у Расейскай імперыі. Нічога не магу сказаць пра
прамысловасць, таму што яе, па сутнасці, тады не было.
Адказ
Г.Семянчуку: - Думаю, што асновай для
перыядызацыі павінна быць палітычная гісторыя. Але ёсць моманты, дзе
эканамічныя і палітычныя чыннікі будуць узаемадзейнічаць і ўзаемадапаўняцца. Я
пагаджаюся з тэзісам Святланы Сяльверставай, што агульнай перыядызацыі не можа
быць, павінна быць галіновая перыядызацыя. У даследванні адной праблемы кожны
аўтар мае права на сваю перыядызацыю, калі ён яе добра абгрунтуе і дакажа.
Перыядызацыю культуры - заснаваную на культурных дасягненнях, эканамічную,
гаспадарчую - заснаваную на эканамічных дасягненнях і зменах. Таксама і ў
астатніх галінах.
Дыскусія па дакладу В.Голубева
Андрэй
Кіштымаў (Менск): - Полностью
согласен с Валентином Голубевым в том, что предыдущие периодизации
экономической истории, сколько бы их не было, сегодня не работают. Следовательно,
нам нужны новые периодизации. С тем, что предлагается в данном случае в
качестве новых периодизаций я не согласен. Когда мы говорим об истории
экономики, не следует забывать, что есть очень хорошие мировые модели.
Например, вся история делится на аграрное общество и индустриальное общество. И
тогда мы имеем два громаднейших периода. Один период - аграрной экономики,
другой - индустриальной экономики. А между ними находится важнейший водораздел
под названием индустриализация. Здесь мы можем спорить, когда она началась в
Беларуси, из чего эта индустриализация состояла. И тогда снимутся все вопросы,
о которых только что шла достаточно оживлённая дискуссия.
Например,
вопрос о том, стоило ли после разделов Речи Посполитой дальше развивать
зерновой рынок Беларуси? А зерновой рынок, между прочим, рухнул. И французские
производители пшеницы тоже рухнули, потому что в 1819 г. в Европу пришёл первый
пароход. Начался наплыв в Европу аргентинского, канадского зерна. Виновата не
Российская империя, потому что российский рынок испытал тот же самый кризис,
что и Беларусь, только на 50 лет позже. И беларуский зерновой рынок он
действительно перестал быть востребованным.
Для
экономики в этом нет ничего страшного. Отживает старая модель или система, на
смену ей приходит новая. Во всероссийский рынок мы стали втягиваться сначала
через систему водных путей, (не следует это забывать о интенсивности их
строительства - из семи искусственых водных путей Российской империи пять были
на территории Беларуси) а затем с помощью железных дорог. Разве это плохо,
втягивание в какой-то другой рынок? Значит нужно производить что-то другое, что
будет иметь спрос. И начали это производить. 19 век начинался как век пара, а
заканчивался уже как век электричества.
Я могу
сказать, что индустриализация в Беларуси началась в условиях Российской
империи, а не со сталинских пятилеток. Мы можем спорить о начальном этапе,
Довнар-Запольский например говорит, что это 60-е годы, а Цвикевич называет 80-е
годы 19 в. Этот период индустриализации продолжался вплоть до последнего
десятилетия существования СССР. Сегодня мы переживаем период
деиндустриализации. Его переживают или уже пережили все страны.
Может
внутри этих громадных трёх намеченных мной периодов (аграрная экономика,
индустриальная экономика, деиндустриализация) действительно можно выделять
другие этапы. И это будет настоящая периодизация, присущая только истории
экономики или экономической истории.
Валянцін Голубеў: - Мне здаецца, выступленне
сп.Кіштымава - класічная спроба падмяніць адно паняцце другім. Таксама можна
сказаць, што калі б не было перамогі ў ІІ Сусветнай вайне, то зараз у нас
развівалася б нямецкая сістэма эканомікі. 50 гадоў у эканоміцы - гэта вельмі
вялікі перыяд. Сярэдзіна - другая палова 18 ст.адзначалася
велізарнейшым попытам на хлеб у Еўропе. І якраз пасля рэформы Тызенгауза хлеб з
Беларусі пайшоў туды. На Беларусь паступалі вялікія прыбыткі і, магчыма, тая
сістэма будаўніцтва мануфактур, якая адбывалася пры дапамозе продажу збожжа ў
Еўропу, прывяла б да нечага новага ў прамысловасці. У Еўропе ўжо адбываўся
прамысловы пераварот і хутчэй за ўсё гэта прыйшло б на тэрыторыю Беларусі.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"