|
Перыядызацыя ўдзелу беларусаў у польскіх рэгулярных вайсковых фармаваннях
(1921 - 1947 г.)
Юры Грыбоўскі
(Менск)
Усе пасьляваенныя дзесяцігоддзі беларуская савецкая
гістарыяграфія ўдзелу беларускага народу ў Другой сусветнай вайне была
пазбаўлена аб’ектыўнасці. Гэта датычыла не толькі пытанняў супрацоўніцтва
беларусаў з акупацыйным рэжымам, але і ўдзелу нашых землякоў у баявых дзеяннях
на франтах Другой сусветнай вайны ў складзе польскіх рэгулярных вайсковых
фармаванняў пад брытанскай, французская ды савецкай камандамі. Перш за ўсё, мы
маем на ўвазе беларусаў у шэрагах узброеных сілаў міжваеннай польскай дзяржавы,
Войску Польскім у часе вераснёвай кампаніі 1939 г., а таксама іх удзел і ролю падчас
фармавання і баявога шляху г.зв. Арміі Андэрса (1941 - 1945) і Арміі Берлінга
(1943 - 1945). Варта адразу пазначыць, што два апошнія паняткі, уведзеныя ў
навуковы зварот дзякуючы савецкай гістарыяграфіі, не зусім адпавядаюць
гістарычнай аб’ектыўнасці, паколькі аніколі юрыдычна ў ваенны час не існавала
гэткіх назваў. Па сутнасці, паняткі “Армія Андэрса” і “Армія Берлінга”
паходзяць непасрэдным чынам ад прозвішчаў польскіх генералаў Уладзіслава
Андэрса і Зыгмунда Берлінга, якія адыгралі істотную ды кіроўную ролю ў
дзейнасці вышэйзгаданых фармаванняў. Надалей у дачыненні да гэтых умоўных
назваў фармаванняў мэтазгодна ў дачыненні да іх дапасоўваць паняткі з польскай
вайсковай гістарыяграфіі, адпаведна – Польскія ўзброеныя сілы на захадзе (ПУСЗ)
і Польскія ўзброеныя сілы на баку СССР.
У міжваенны час - з моманту заключэння Рыжскай дамовы 1921
г. і да пачатку Другой сусветнай вайны –праз шэрагі ўзброеных сілаў ІІ Рэчы
Паспалітай на падставе польскага грамадзянства штогадова праходзіла ня менш чым
10 тыс. беларусаў. Гэты перыяд характарызуецца паступовай мілітарызацыяй
польскімі ўладамі тэрыторыі “паўночна-ўсходніх крэсаў”, што было абумоўлена
знешнепалітычнымі абставінамі, у прыватнасці межаваннем з Савецкім Саюзам, з
якім на працягу ўсяго міжваеннага часу захоўваліся даволі напружаныя адносіны.
Асаблівая небяспека пачатку новай вайны з СССР, які дэманстраваў палітыку
“экспарту рэвалюцыі” і падтрымліваў антыпольскія рухі ў Заходняй Беларусі,
назіралася ў першай палове 20-х г. Гэткае становішча не магло не адлюстравацца
на вайсковым будаўніцтве Войска Польскага на тэрыторыі Заходняй Беларусі, а
таксама на стане яе жыхароў у шэрагах гэтай дзяржаўнае ўстановы. Так, у 1924 г.
дзеля забеспячэння бяспекі ўсходняй мяжы быў створаны Корпус аховы памежжа
(КАП), чатыры брыгады якога (“Гародня”, “Вільня”, “Наваградак”, “Палессе”)
кватаравалі на тэрыторыі Беларусі.
Першапачаткова, пераважная колькасць асабовага складу вышэйзгаданых адзінак
складалася з тутэйшага насельніцтва, якое выдатна ведала мясцовасць. Акрамя
памежнай варты ў міжваенны перыяд на тэрыторыі Заходняй Беларусі дыслакаваліся
камандаванні двух карпусоў – 3-ці (Гародня) і 9-ы (Бярэсце), сем пяхотных
дывізіяў (19 палкоў), чатыры брыгады кавалерыі (10 палкоў), полк вайсковага
лятунства (у Лідзе), палкі артылерыі. Да гэтага пераліку належыць дадаць дзьве
рэзервовыя пяхотныя дывізіі і брыгаду кавалерыі. Звыш 30 тыс. жыхароў Заходняй Беларусі былі
сябрамі ваенізаваных ды парамілітарных арганізацыяў і асяродкаў, накшталт
“Стральца”, Федэрацыі ўзброеных абаронцаў радзімы, ТУР і інш. Пераважная
большасць беларусаў адбывала чынную службу ў Войску Польскім у шыхтах пяхоты,
значна меней у кавалерыі і артылерыі, адзінкавыя выпадкі – ў лятунстве,
жандармерыі альбо чыгуначных войсках. Перадусім, гэта было абумоўлена адсутнасцю
адмысловай адукацыі. Паколькі беларусы былі трэцімі па колькасці сярод польскіх
вайскоўцаў пасля ўласна палякаў і ўкраінцаў, то адпаведныя паказчыкі меліся па
дэзэрцыі. Найвышэйшая колькасць выпадкаў ухілення ад вайсковага чыну сярод
нашых землякоў была адзначана ў 1923 г., калі дасягнула 1533 асобаў. Большасць беларусаў кіраваліся найперш
пабытовымі матывамі. Разам з гэтым, прысутнічалі і палітычная матывацыя. Так,
вядома, што ў 1921 - 1923 г. надзвычай запаволена адбываўся працэс вайсковых
пабораў на Гарадзеншчыне, паколькі пад уплывам заклікаў беларускіх нацыянальных
сілаў у Коўне, дзе акурат дзейнічалі беларускія вайсковыя аддзелы, назіраліся
пераходы на бок апошніх польскіх вайскоўцаў беларускага паходжання цэлымі
падраздзеламі. Таксама, ўжо ў сярэдзіне
30-х г. каля 11% дэзэртыраў-беларусаў абгрунтавалі свае ўчынкі ўплывам КПЗБ. Як
вядома, гэта палітычная сіла тады разгарнула шырокую працу сярод “паборавых”.
Ад канца 20 - пачатку 30-х г. тубыльцаў з “крэсаў
паўночна-ўсходніх” пасылалі адбываць вайсковую чыннасць як мага далей ад родных
мясцінаў. Акрамя таго, было прынятае рашэнне абмежаваць удзел нацыянальных
меншасцяў у войску да 30%. Усходнія ваяводствы лічыліся найбольш ненадзейнымі,
дзе мелася надзвычай спрыяльная глеба для дзейнасці разнастайных антыпольскіх і
прасавецкіх рухаў. У 1936 г. быў афіцыйна забаронены набор ў пад-афіцэрскія і
афіцэрскія вучэльні прэтэндэнтаў непалякаў.
Аднак нягледзячы на практычныя крокі польскіх урадаўцаў нават да канца 30-х г.
беларусы складалі большасць у 3-м ды 9-м карпусах, абшар дзеяння якіх прыпадаў
на Заходнюю Беларусь.
Да сярэдзіны 30-х г. у Войску Польскім захоўвалася пэўная
рэлігійная талерантнасць. Была вызначана чарга прыняцця прысягі ў залежнасці ад
веравызнання – рыма-каталікі, эвангелісты, праваслаўныя. Варта адзначыць, што
для апошніх з дазволу Міністэрства вайсковых справаў праводзілася праца па
друкаванні малітоўніка на беларускай мове. З 1938 г. Польская аўтакефальная
праваслаўная царква была спрычынена да працэсу апалячвання сярод вайскоўцаў, аб
чым сведчаць наданне япіскапскага сану вайсковым капеланам ў годнасці
палкоўнікаў - Цімафею і Мацвею.
Новым этапам прысутнасці беларусаў у шэрагах узброеных
сілаў Польшчы сталася вераснёвая (польская) кампанія 1939 г. Адразу належыць
зазначыць, што ў дадзенай падзеі ў шыхтах Войска Польскага брала ўдзел каля 100
тыс. нашых землякоў. З моманту прыняцця ў сакавіку 1939 г. аперацыйнага плану
“Захад” на тэрыторыі міжваеннай польскай дзяржавы, у тым ліку і ў Заходняй
Беларусі, адбывалася павольная мабілізацыя. 23 жніўня 1939 г. была абвешчана
частковая мабілізацыя, а праз тыдзень – ўсеагульная. Дзякуючы гэтым
мерапрыемствам, да заходняй мяжы ІІ Рэчы Паспалітай былі перакінутыя асноўныя
баяздольныя злучэнні і часці. На “крэсах усходніх” за гэтыя дні былі мабілізаваны
чатыры пяхотныя дывізіі – 33, 35, 36 і 38-я. Большасць цалкам укамплектаваных
за кошт мясцовага насельніцтва палкоў КАП былі далучаныя да арміяў “Лодзь” і
“Кракаў”. Нават частка цяжкіх гарматаў Пінскай
рачной флатыліі была адкамандзіравана пад Гдыню, дзеля ўзмацнення тамтэйшай
залогі, дзе акурат чакаўся нямецкі наступ.
Разам з тым, пэўная колькасць рэзервістаў з трох
паўночна-ўсходніх ваяводстваў так і не была перакінута на захад па прычыне
імклівага разгортавання баявых дзеянняў на нямецка-польскім фронце. Яскравым
прыкладам ёсць рэзервовая брыгада кавалерыі “Ваўкавыск”, якая была цалкам
сфармавана толькі ў сярэдзіне верасня 1939 г., калі ўжо стала відавочнай
пагроза з усходу, а менавіта пераход польскай мяжы войскамі Беларускага фронту.
У рэшце рэшт пасля паразы Польшчы большасць польскіх вайскоўцаў беларускага
паходжання апынулася ў нямецкім і савецкім палоне. Да ліку першых адносяцца
вайскоўцы-беларусы, якія на момант гітлераўскага нападу адбывалі чынную службу
ў Войску Польскім (да 15 тыс. чалавек), а таксама мабілізаваныя паводле загадаў
аб часковай мабілізацыі ад 23 жніўня і ўсеагульнае ад 31 жніўня 1939 г. Згодна
з дадзенымі беларускіх эмігрантаў у Нямеччыне ў лагерах ваеннапалонных –
Ламбіновічы, Рагозіца, Жадзін, Дабеднеў (усходняя Нямеччына) і інш. – ўвосень
1939 г. налічвалася да 70 тыс. чалавек.
У сваю чаргу іншая частка нашых землякоў патрапіла ў савецкі палон. Галоўным
чынам, гэта польскія вайскоўцы з ліку жаўнераў КАП, якія першымі сустрэлі
савецкія войскі на памежжы (звыш 12 тыс. чалавек), рэзервісты, закліканыя ў
резервовыя аддзелы альбо адзінкі Нарадовай абароны. Агулам 17 верасня войскам
Беларускага фронту супроцьстаяла да 45 тыс. польскіх вайскоўцаў, якія былі
толькі часткова ўзброеныя – парэшткі 1-й пяхотнай дывізіі легіёнаў (Вільня),
19-й (Ліда) і 29-й (Баранавічы)пяхотных дывізіяў, полк КАП “Баранавічы”,
паў-брыгада Нарадовай абароны “Дзісна”, шэраг рэзервовых злучэнняў і г.д.
План “Захад” не быў разлічаны на вайну на два франты, таму
вайсковыя часці каля ўсходніх межаў краіны былі не гатовыя да баявых дзеянняў.
Сярод нядаўна мабілізаваных асобаў назіраліся частыя выпадкі дэзэрцыі, асабліва
гэтая з’ява была пашырана ў шыхтах 20-й пяхотнай дывізіі (Слонім). Невядома колькі вайскоўцаў-беларусаў
апынулася ў савецкім палоне, бо нават канчаткова не высвятлены агульны лік
польскіх ваеннапалонных на савецкім баку – называюцца лічбы ад 140 да 452 тыс.
чалавек. На падставе ўскосных падлікаў можна сцвярджаць, што колькасць нашых
землякоў сярод палонных складала не менш за 30 тыс. чалавек. Акрамя таго на
працягу лістапада 1939 г. нямецкі бок перадаў сваім савецкім хаўруснікам 10 409
польскіх вайскоўцаў, якія стала пражывалі на тэрыторыі Палескага, Віленскага і
Наваградскага ваяводстваў даваеннай польскай дзяржавы. Яшчэ каля 5000 беларусаў знаходзілася
ў ліку польскіх вайсковых адзінак інтэрнаваных на тэрыторыі суседняй Літоўскай
рэспублікі.
Наступны перыяд у жыцці польскіх вайскоўцаў беларускага
паходжання, гэта гады нямецкага і савецкага палону (лістапад 1939 – чэрвень
1941 г.). Уключэнне Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны ў склад БССР і УССР
падрыхтавалі юрыдычную падставу для вызвалення з лагераў польскіх
ваеннапалонных ураджэнцаў вышэйзгаданых тэрыторыяў. Дарэчы, яшчэ 3 кастрычніка
1939 г. прагучала распараджэнне Л.Берыя і А.Мехліса згодна з якім беларусы і
ўкраінцы сярод польскіх ваеннапалонных мусілі аўтаматычна аслабаняцца з-пад
варты. На падставе гэтага дакументу, а таксама шэрагу іншых распараджэнняў, у
хуткім часе было вызвалена 42 400 чалавек, з якіх каля паловы складалі этнічныя
беларусы. Нягледзячы на гэта, у лагерах Наркамата чорнай металургіі на Украіне
і лагерах у Комі АССР да чэрвеня 1941 г. знаходзілася каля 10 000 польскіх
ваенапалонных беларускага паходжання.
Па іншаму склаўся лёс беларусаў у нямецкім палоне. Дзякуючы
руплівай дзейнасці беларускіх нацыянальных сілаў (Беларускага прадстаўніцтва і
Беларускага камітэту самапомачы) статус палонных-беларусаў паступова змяняўся
на стан вольных работнікаў поплеч з ваеннапалоннымі заходнееўрапейскіх краінаў.
Варта зазначыць, што акурат з верасня 1939 г. назіраўся імклівы рост беларускай
эміграцыі ў Нямеччыне, якая гуртавалася галоўным чынам вакол Беларускага
камітэту самапомачы, аддзелы якога дзейнічалі на амаль на ўсім абшары райху. Гэткім чынам яны назаўсёды скінулі
польскія мундуры, але вайна для іх далёка яшчэ не скончылася. Пазней масы гэтых
вайскоўцаў былі выкарыстаныя нямецкім бокам падчас фармавання ў Нямеччыне
беларускіх нацыянальных узброеных адзінак.
Асобнай бачынаю чыннага ўдзелу беларусаў у польскіх
рэгулярных вайсковых фармаваннях з’яўляецца масавая прысутнасць эмігрантаў з
Заходняй Беларусі ў Францыі ў шэрагах польскіх часцей у гэтай краіне на момант
нападу Нямеччыны ў траўні-чэрвені 1940 г. Паколькі на той час польскі
эмігранцкі ўрад знаходзіўся ў Парыжы, то ў польскія вайсковыя адзінкі пад
французскай камандаю пачалі заклікацца ўсе без вынятку былыя падданыя ІІ Рэчы
Паспалітай, у тым ліку і беларускія эмігранты. Гэтая мабілізацыя выклікала
хвалю абурэння дзеячаў “Беларускага Хаўрусу работнікаў у Францыі”, якія
дамагаліся фармавання асобнага беларускага батальёну ў складзе французскага
Іншаземнага легіёну. Нягледзячы на тое, што 1200 беларусаў згадзіліся да яго
ўступіць, польскія вайсковыя ўлады дамагліся ад французаў адмовіцца ад думкі
стварэння непольскіх вайсковых частак. У рэшце рэшт каля 6000 беларускіх
эмігрантаў у Францыі былі ўключаныя ў склад як уласна французскіх, гэтак і
польскіх вайсковых фармаванняў – асобную брыгаду стральцоў падхаландскіх і 10-ю
панцырную брыгаду, якія бралі ўдзел у баёх у Нарвегіі і Францыі ў 1940 г.
Тым часам, не абмінула беларускіх эмігрантаў у Францыі і
грамадзянская вайна ў Гішпаніі (1936-1939). Але паколькі сярод вялікай
колькасці інтэрнацыянальных брыгадаў на баку Рэспубліканскай арміі
ўласнабеларускіх аддзелаў не існавала, то нашым земляком даводзілася змагацца ў
складзе іншаземных адзінак. Так, у шэрагах Польскай брыгады імя Я.Дамброўскага
і іншых больш дробных польскіх фармаваннях агульнай колькасцю звыш 8000 чалавек
за гады вайны змагалася каля 2000 беларусаў, з якіх каля 300 загінула. Амаль
усе яны стала жылі ў Францыі, а з пачаткам вайны ў Гішпаніі перайшлі
франка-гішпанскую мяжу і далучыліся да войскаў рэспубліканцаў. Варта адзначыць,
што лёс гэтых людзей склаўся па-рознаму. Каля ста беларусаў апынулася ў лагерах
інтэрнаваных на тэрыторыі “вішскай” Францыі на поўдні гэтай краіны, астатнія
ўключыліся ў шэрагі французскага руху супраціву і аддзелаў макісаў альбо праз
Блізкі Ўсход дайшлі да СССР, дзе ўліліся да фармаваных там польскіх злучэнняў
генерала Зыгмунда Берлінга[3].
Наступны этап удзелу беларусаў у польскіх вайсковых
фармаваннях распачынаецца ўлетку 1941 г. і звязаны ён з польскімі
ваеннапалоннымі беларускага паходжання на тэрыторыі Савецкага Саюза. Становішча
зняволеных польскіх вайскоўцаў у СССР карэнным чынам змянілася пасля пачатку
нямецка-савецкай вайны ў чэрвені 1941 г. Вонкавая пагроза з боку колішняга
хаўрусніка прымусіла ўрад СССР пайсці на часовае замірэнне з польскім
эмігранцкім урадам генерала Уладзіслава Сікорскага. Паводле дэкрэту ВС СССР ад
12 жніўня 1941 г. польскія ваенапалонныя атрымалі амністыю, а з іх ліку
распачалося фармаванне Польскай арміі на тэрыторыі СССР на чале з генералам
У.Андэрсам. У выніку вялікага наплыву ахвотнікаў, савецкі бок каб залагодзіць
польскіх хаўруснікаў дазволіў у снежні 1941 г. заклік у Польскую армію жыхароў
Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны польскага паходжання. Гэта дало штуршок да
ўступлення ў ствараемыя вайсковыя адзінкі тысячам асобаў, гвалтоўна
дэпартаваных з заходніх абласцей БССР на працягу 1939-1941 г. Польскі бок,
кіруючыся прынцыпам прызнання сваёй усходняй мяжы на 1 верасня 1939 г., не
ладзіў сур’ёзных перашкодаў дзеля закліку ў армію Андэрса грамадзянаў СССР,
якія напярэдадні Другой сусветнай вайны жылі ва ўсходніх ваяводствах ІІ Рэчы
Паспалітай. Як вядома, да канца
1942 г. генерал Андэрс здолеў вывясці звыш 70 тыс. вайскоўцаў і каля 30 тыс.
цывільных асабаў у Іран, адкуль распачаўся шлях нашых землякоў ужо ў шэрагах
ПУСЗ – падпарадкаванне Брытанскаму камандаванню, перападрыхтоўка і перашкаленне
на брытанскі капыл на вучэбных базах на Сярэднім і Блізкім Усходзе, ахова
брытанскіх нафтавых сховішчаў у Іраку. Акурат на Блізкім і Сярэднім Усходзе
эвакуаваныя з Андэрсам вайскоўцы і цывільныя асобы, здольныя да трымання зброі,
былі перафармаваныныя ў выніку чаго частку накіравалі ў Англію, дзе
кватараваліся польскія авіяцыйныя і марскія адзінкі ў складзе брытанскага
войска і 1 Польскі корпус. Аднак большасць нядаўніх вязняў савецкіх лагераў
патрапіла ў склад 2 Польскага корпуса, які быў пераведзены ў Егіпет. Пасьля стварэння Польскіх узброеных сілаў на
захадзе (ПУСЗ) пад брытанскай камандай на пытанне нацыянальных меншасцяў у
гэтай вайсковай машыне не зважалася. Таму гэтая акалічначць абумовіла сітуацыю,
пры якой незалежна ад паходжання жаўнеры ПУСЗ былі накіраваныя ў разнастайныя
фармаванні, параскватараваныя на абшары ад Паўночнае Афрыкі да Брытанскіх
выспаў. На падставе апрацоўкі спісу палеглых польскіх вайскоўцаў у адпаведных
суадносінах да ацалелых магчыма назваць у адсотках наступныя лічбы
вайскоўцаў-беларусаў па асобных польскіх вайсковых часцях ды радох зброі:
Польская армія ў СССР (жнівень 1941-травень 1942) – 18%, эвакуацыйныя базы ў
Іране – 18,8%, і вайсковыя адзінкі на Сярэднім Усходзе (канец 1942 - канец
1943) – 12,8%, 1 Польскі корпус ( месца дыслакацыі – Вялікабрытанія; асноўны
склад – 1 асобная парашутная брыгада, 1 панцырная дывізія, дапаможныя аддзелы і
камандаванне) – 8,4%, 2 Польскі корпус на чале з генералам У.Андэрсам, які
змагаўся ў Італіі – 20,6%, Каралеўскія ваенна-паветраныя сілы (1940 - 1945) –
7,4%, Ваенна-марскі фрот – 12%. Да гэтай колькасці належыць дадаць некалькі
адсоткаў з ліку польскіх вайскоўцаў, якія дзейнічалі ўвесну-ўлетку 1940 г. пад
французскай вайсковай камандай, а таксама асобнай брыгады карпацкіх стральцоў.
Апошняя брала ўдзел у баях з нямецкімі войскамі ў 1941 г. на
паўночнаафрыканскім тэатры ваенных дзеянняў. Варта адзначыць, што на 1 ліпеня
1945 г., ПУСЗ, налічвалі 228 тыс. чал. З вышэйпададзеных лічбаў відаць, якім
чынам адбываўся вайсковы чын беларусаў у якасці жаўнераў ПУСЗ. Дарэчы, цікавая
акалічнасць, што на працягу 1942 - 1945 г. асабовы склад ПУСЗ папаўняўся былымі
польскімі грамадзянамі, ў тым ліку і беларусамі, за кошт эмігрантаў з краінаў
Паўднёвай Амерыкі, якія выехалі з ІІ Рэчы Паспалітай у міжваенны час, а таксама
нямецкіх вайскоўцаў польскага і беларускага паходжання, перайшоўшых на бок
альянтаў. Аднак гэта была найбольш нязначная частка папаўнення.
Тым часам, на тэрыторыі СССР зноўку ў Маскве пачынае
разыгравацца “польская карта”. Пры актыўным удзеле прасавецкага Саюза польскіх
патрыётаў (СПП) на Разаншчыне ў траўні 1943 г. фармуецца 1-я польская пяхотная
дывізія імя Тадэвуша Касцюшкі. Пазней на тэрыторыі СССР быў разгорнуты Польскі
корпус, а потым – 1-я Польская армія, якая ўлетку 1944 г. налічвала 110 тыс. чалавек.
Значная ейная частка фармавалася ў раёне Жытоміра. Як савецкі бок, гэтак і
сябры СПП разумелі, што асноўная частка палякаў з СССР эвакуявалася ў 1942 г. у
Іран, таму падчас вярбоўкі ўвага акцэнтавалася на жыхарах заходнебеларускіх і
заходнеўкраінскіх абшараў. Надзвычай моцна адчуваўся недахоп афіцэраў. Большая
частка палонных польскіх афіцэраў была знішчана органамі НКВД, а звыш 4 тыс.
выйшла з Андэрсам на Блізкі Усход. Таму афіцэрскі склад фармаваўся праз перавод
у польскія фармаванні афіцэраў РСЧА, якія мелі хоць нейкія ўскосныя дачыненні
да Польшчы. Перадусім, афіцэры-непалякі накіроўваліся ў тэхнічныя службы ды
аддзелы, дзе па-просту бракавала спецыялістаў, бо даваеннае Войска Польскае
была слаба матарызаванае. На сакавік 1944 г. у складзе Польскай арміі
знаходзілася 1475 савецкіх афіцэраў, з якіх беларусамі назваліся 141 чал.
(9,6%), а палякамі-ўраджэнцамі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны – 782 чал.
(53,4%). Наогул жа, за гады вайны ў шэрагах
народнага Войска Польскага змагалася каля 20 тыс. савецкіх афіцэраў, некаторыя
з якіх зрабілі выдатную вайковую кар’еру ў пасляваеннай Польшчы.
Сярод 1 278 палеглых падчас бітвы 12-13 кастрычніка 1943 г.
каля мястэчка Леніна на Магілёўшчыне вайскоўцаў 1-й польскай пяхотнай дывізіі
імя Т.Касцюшкі, 539 з’яўляліся ўраджэнцамі Заходняй Беларусі. Паводле ацэнкаў Польскага камітэту
нацыянальнага вызвалення (ПКНВ) пасля заняцця ўлетку 1944 г. часцямі савецкіх
войскаў тэрыторыі з гарадамі Беласток, Люблін, Аўгустоў і інш., на дадзеным
абшары мелася 136 тыс. мужчынаў прызыўнога ўзросту. Аднак суцэльная мабілізацыя
ва ўзброеныя сілы на тэрыторыі Польшчы ажно да пачатку 1945 г. суправаджалася
масавай дэзэрцыяй. Часткова да гэтага спрычынілася польскае нацыянальнае
падполле, якое падпарадкоўвалася эмігранцкаму ўраду ў Лондане. Польскі бок
разлічваў на колькасць да 50 тыс. чалавек, з якіх звыш 25 тыс. былі накіраваныя
ў польскія войскі (у асноўным у склад 2-й Польскай арміі народнага Войска
Польскага) яшчэ ў верасні 1944 г. У прыватнасці нацыянальнай стракатасцю адрозніваліся
5 і 6 пяхотныя дывізіі.
У першыя пасьляваенныя гады як у ПУСЗ, гэтак і ў 1 і 2
Арміях народнага Войска Польскага адбываўся працэс дэмабілізацыі асабовага
складу. У першым выпадку ўсе польскія вайсковыя адзінкі былі злучаныя ў Польскі
корпус падрыхтоўкі і размяшчэння (ПКПР) на тэрыторыі Вялікабрытаніі. З моманту
сканчэння баявых дзеянняў і да канца 40-х г. гэтая адзінка паступова
расфармоўвалася. Паводле брытанскага заканадаўства польскія вайскоўцы мелі
магчымасць застацца на Брытанскіх выспах і атрымаць грамадзянства. Варта
адзначць, што большасць (асабліва – афіцэрскі склад) гэтымі ўмовамі і
скарысталася, асцерагаючыся вяртання ў краіну, якая іх ужо аднойчы пасадзіла за
калючы дрот. Аднак вядома, што звыш 100 тыс. вайскоўцаў усё ж вярнуліся на радзіму
– ў ПНР і СССР, у тым ліку звыш тысячы – ў БССР і Віленскі край ЛітССР.
На жаль, адсутнасць адпаведных архіўных крыніцаў пакуль не
дазваляе назваць дакладныя лічбы. Іншая частка беларусаў пасля дэмабілізацыі
асела на пастаяннае месца жыхарства ў Англіі альбо іншых краінах заходняй
Еўропы і Амерыкі. Найбольш нацыянальна свядовыя прадстаўнікі беларусаў у
студзені 1947 г. сталі закладальнікамі Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі.
Сярод актывістаў варта ўзгадаць Пятро Сыча, Вінцэнта Жук-Грышкевіча, Юрку
Весялкоўскага, Кастуся Акулу, Віктара Сянкевіча і шмат іншых выбітных
грамадскіх, палітычных і царкоўных дзеячаў эміграцыі.
Пасля расфармавання 1 і 2 Арміяў народнага Войска Польскага
на іх аснове было распачатае стварэнне ўзброеных сілаў ПНР. Натуральна, што
значная частка асабовага складу 300-тысячнага народнага Войска Польскага была
звольненая і распушчаная па хатах. Гэта з’ява, перадусім, датычылася адкліканых
некалі з савецкіх войскаў афіцэраў-непалякаў, а таксама мабілізаваных
шэрагоўцаў з тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Нягледзячы на
гэта, як сцвярджаюць польскія даследчыкі, пасля вайны да верасня 1946 г. з
войскаў ПНР было адклікана каля 14 тыс. з 16,4 тыс. яшчэ застаўшыхся савецкіх
афіцэраў. Рэшта, ўбачыўшы
магчымасці добрай кар’еры ў Войску Польскім, вырашыла застацца ў ПНР. Сярод
найбольш вядомых землякоў магчыма назваць генерала Пятра Ярашэвіча з-пад
Нясвіжа, які ў пасляваеннай Польшчы быў віцэ-міністрам нацыянальнай абароны,
міністрам горнай прамысловасці, дэпутатам Сойму і г.д. Акрамя таго грамадзянамі
ПНР сталі тысячы беларусаў - ўраджэнцаў Беласточчыны, якія ўвосень 1944 г. былі
закліканы ў 1 і 2 Арміі народнага Войска Польскага менавіта з гэтых мясцінаў.
Нагадаем, што акурат буйныя прыймовыя і мабілізацыйныя кропкі размяшчаліся ў
Беластоку і Аўгустове.
Асноўная ж частка беларусаў па аб’ектыўных і суб’ектыўных абставінах вярнулася
на радзіму, дзе яны атрымалі статус удзельнікаў і ветэранаў вайны поплеч з
іншымі вайскоўцамі Чырвонай Арміі. Праўда, яшчэ 14 ліпеня 1944 г. выйшаў Указ
Прэзідаўма Вярхоўнага Савета СССР ад 22 чэрвеня 1944 г. “Аб праве пераходу ў
польскае грамадзянства вайскоўцам Польскай арміі, асобам, якія дапамагаюць ім,
іх сем’ям”, які дазваляў апошняе беларусам і ўкраінцам па паходжанні. Менавіта гэта катэгорыя жаўнераў
аддалі перавагу застацца ў ПНР.
Гэткім чынам, робячы падсумаванне вышэйзказанаму яшчэ раз
варта пералічыць этапы і прыступкі перыядызацыі ўдзелу беларусаў у польскіх
рэгулярных вайсковых фармаваннях з кароткай характарыстыкай: 1) беларусы ў
Войску Польскім – нацыянальная меншасць ва ўзброеных сілах іншаземнае краіны
(сярэдзіна 1921 - верасень 1939); 2) беларусы ў якасці польскіх ваеннапалонных
– адныя з перашых ахвяраў Другой сусветнай вайны (верасень 1939 - жнівень
1941); 3) беларусы ў часе працэсу фармавання Польскага войска на тэрыторыі
СССР. Нягледзячы на адсутнасць з польскага і савецкага бакоў пастаноўкі
ўласнабеларускага пытання, падчас дадзеных мабілізацыйных мерапрыемстваў
адбывалася даволі масавае папаўненне польскіх вайсковых адзінак за кошт
беларусаў; 4) баявы шлях беларусаў у складзе польскіх узброеных сілаў (1942 -
1945) – з аднаго боку ўдзел беларусаў у фармаванні ПУСЗ і баявых дзеяннях на
заходніх франтах Другой сусветнай вайны, з іншага – ўдзел беларусаў у
фармаванні і баявым шляху польскіх узброеных сілаў на баку савецкіх войскаў. 5)
час перафармавання і расфармавання польскіх частак часоў Другой сусветнай вайны
і дэмабілізацыі іх асабовага складу (1945 - 1947) – часткова беларусы вяртаюцца
на радзіму, іншыя застаюцца на чужыне, што тлумачыцца тымчасовым палітычным
становішчам.
Прасачыўшы удзел беларусаў у шэрагах польскіх рэгулярных
вайсковых фармаваннях, магчыма зрабіць выснову, што ў перыяд з 1921 па 1947 г.
сярод польскіх вайскоўцаў назіралася найбольш значная колькасць нашых землякоў,
нягледзячы на тое, што польскія ўлады далёка не заўсёды ўлічвалі інтарэсы
вайскоўцаў-непалякаў і нават імкнуліся прыхаваць іх бачную прысутнасць у
складзе сваіх узброеных сілаў. Прычыны гэткай насычанасці беларусаў у польскім
войску наступныя: шчыльныя беларуска-польскія гістарычныя ўзаемадачыненні на
пачатку 20 ст., падзел Беларусі паводле Рыжскай дамовы паміж польскім і
савецкім бакамі, адсутнасць самастойнага беларускага фактару ў польска-савецкіх
узаемадачыненнях падчас Другой сусветнай вайны.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"
|