Сацыяльна-эканамічнае развіццё Рэспублікі Беларусь на сучасным этапе
характарызуецца пошукам уласных і найбольш эфектыўных шляхоў рэфармавання і мадэрнізацыі
эканомікі краіны. Гістарычны досвед, які ёсць у гэтай галіне, паказвае, што
такія праблемы паўставалі перад уладамі і ў папярэднія перыяды.
Сярэдзіна 17 – 18 ст. для насельніцтва беларускай зямлі сталі часам цяжкіх
выпрабаванняў, звязаных са шматлікімі войнамі і іх наступствамі — людскімі
стратамі, эпідэміямі, гаспадарчым разбурэннем. Разам з тым, гэта быў час
барацьбы за сваю краіну, у якім народ выстаяў, адрадзіў і ўмацаваў эканоміку.
Аднак сталася так, што перыяд гісторыі Беларусі другой паловы 17 – 18 ст. у
расейскай, а потым і ў савецкай гістарыяграфіях адназначна ацэньваўся толькі
негатыўна, як час пастаянна прагрэсіруючага эканамічнага і палітычнага заняпаду
нашай краіны.
У другой палове 19 ст. у расейскай гістарыяграфіі склалася так званая
"государственная" школа, прадстаўнікі якой былі актыўнымі паборцамі
вялікадзяржаўнай палітыкі расейскага царызму. Іх работы ў многім былі
падпарадкаваны доказу пастулату аб выратаванні Расеяй насельніцтва Беларусі ад
польскага засілля ў канцы 18 ст. Пры гэтым навуковыя працы гісторыкаў
дзяржаўнай школы, прысвечаныя развіццю беларускіх земляў, тычыліся ў асноўным
перыяду канца 15 – сярэдзіны 16 ст. Спецыяльных жа даследаванняў па пытаннях
сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў другой палове 17 – 18 ст. не
рабілася. Дастаткова было канстатацыі факта заняпаду эканомікі Беларусі ў
выніку "непамыснай эксплуатацыі" сялянства з боку варожай
"польскай" дзяржаўнай улады і адпаведных феадальных уласнікаў, што
вяло да агульнага заняпаду гаспадаркі і немагчымасці існавання дзяржаўнасці
Рэчы Паспалітай[1].
Станаўленне нацыянальнай гістарычнай канцэпцыі ў пачатку 20 ст. было
звязана з вывучэннем пераважна палітычнай гісторыі і этапаў фармавання
беларускага этнасу. У працах Вацлава Ластоўскага ("Кароткая гісторыя Беларусі"
(1910)) і Усевалада Ігнатоўскага ("Кароткі нарыс гісторыі Беларусі"
(1919)) пытанні эканамічнай гісторыі практычна не закраналіся.
Палітыка беларусізацыі, якая праводзілася ў краіне ў 20-я г. мінулага
стагоддзя, значна паспрыяла рознабаковаму вывучэнню праблемаў беларускай
гісторыі. Але па-ранейшаму эканамічнае развіццё Беларусі ў другой палове 17 –
18 ст. не з'яўлялася прадметам спецыяльных гістарычных даследаванняў. Пры разглядзе
эканамічных пытанняў аўтары пераважнай большасці навуковых прац абмяжоўваліся
перыядам канца 15 – 16 ст., у асобных выпадках – пачатку 17 ст.
Сацыяльна-эканамічнаму стану беларускіх земляў у другой палове 17 – 18 ст.
даў ацэнку Мітрафан Доўнар-Запольскі. Глава ХІ яго манаграфіі "Гісторыя
Беларусі" называецца
"Структура народнай гаспадаркі 16 – 18 ст.", пры гэтым § 4 гэтай главы прысвечаны развіццю сялянскай гаспадаркі ў
16 ст., а § 5 - яе стану ў 18 ст. Практычна з даследавання цалкам выпала 17 ст. І хоць
аўтар не вылучаў спецыяльна перыяды эканамічнага развіцця, відавочна яго
сцвярджэнне, што пасля значнага росквіту гаспадаркі Беларусі ў 16 ст., наступіў
перыяд яе канчатковага заняпаду ў наступныя два стагоддзі.
Галоўную прычыну разбурэння сельскай гаспадаркі ў 17–18 ст. гісторык бачыў у
наяўнасці прыгоннага права і войнах сярэдзіны 17– пачатку 18 ст. На думку
вучонага, 17 ст. наогул было эпохай "паступовага заняпаду беларускага
гандлю". Адсутнасць
у тэксце спасылак на крыніцы, на падставе якіх былі зроблены дадзеныя высновы,
ускладняе сёння разуменне методыкі М.Доўнар-Запольскага. Хутчэй за ўсё, высновы
аб гаспадарчым развіцці беларускіх земляў, да якіх прыйшоў гісторык, былі
абумоўлены абмежаванай колькасцю дакументаў, якія да таго ж не мелі поўнай
храналагічнай адначасовасці[7].
Па сутнасці, такой жа думкі прытрымліваліся Уладзімір Пічэта,
Канстанцін Кернажыцкі[9].
Згортванне кароткачасовага перыяду лібералізацыі ў
пачатку 30-х г. прывяло да ўсталявання манаполіі марксісцка-ленінскай
метадалогіі ў спалучэнні з мадэрнізаванай расейскай вялікадзяржаўнай канцэпцыяй.
Аўтары манаграфій, артыкулаў і калектыўных гістарычных прац імкнуліся паказаць
розныя, у тым ліку і эканамічныя, тлумачэнні непазбежнасці падзення Рэчы
Паспалітай і прагрэсіўнасці ўключэння беларускіх земляў у склад Расейскай
імперыі.
Абсалютнай тэндэнцыйнасцю адрозніваецца артыкул А.П.П'янкова "Асноўныя рысы гаспадарчага развіцця Беларусі
ў 17–18 стагоддзях".
Ён выдзяляў другую палову 17 – 18 ст. у асобны перыяд беларускай гісторыі, які
характарызаваўся поўным панаваннем прыгоннага права і заняпадам феадальнага горада.
Эканамічнаму развіццю гэтага часу, на думку А.П.П'янкова, былі ўласцівыя слабасць унутранага гандлю,
дрэнныя шляхі зносінаў, шматлікія мытныя заставы і г.д..
Высновы гісторыка былі ў духу "лепшых" традыцый расейскай дзяржаўнай
школы другой паловы 19 – пачатку 20 ст.: да падзелаў Рэчы Паспалітай і "ўз'яднання беларускіх земляў з Расеяй" ні
прамысловасць, ні сельская гаспадарка Беларусі не мелі магчымасцей для
прагрэсіўнага развіцця[14].
Такімі ж поглядамі вылучаецца і артыкул Я.П.Шлосберга
"Да пытання аб змяненні феадальнай рэнты ў Беларусі 17 – 18 вякоў",
дзе аўтар прывёў некалькі сцвярджэнняў, якія не адпавядалі гістарычнай
рэчаіснасці, напрыклад, пра ліквідацыю сялянскай абшчыны ў 16 ст., пра
дамінаванне паншчыны на ўсёй тэрыторыі Беларусі ў пачатку 18 ст. і інш.
Высновы аб "заняпадзе" і пастаянным пагаршэнні
жыцця сялянаў і мяшчанаў звычайна не грунтаваліся на навуковых даследаваннях.
Па-ранейшаму не было спецыяльных прац, якія б вывучалі сацыяльна-эканамічнае
развіццё Беларусі ў 17–18 ст. Перавага аддавалася распрацоўцы пытання,
звязанага з так званай "борьбой белорусского народа за воссоединение с
Россией". У сувязі з гэтым папросту бяздоказна сцвярджалася, што да
ўключэння беларускіх земляў у склад Расейскай імперыі эканамічнае і палітычнае
становішча на гэтай тэрыторыі было вельмі дрэннае, і менавіта таму падзелы Рэчы
Паспалітай і анексія Беларусі былі быццам бы не толькі непазбежнай, але і
неабходнай, выратавальнай і нават "прагрэсіўнай" з'явай.
Якія ж былі прычыны таго, што з поля зроку беларускіх гісторыкаў амаль
поўнасцю "выпала" праблема эканамічнага развіцця Беларусі ў другой
палове 17 – 18 ст.?
Па-першае, складана (а то і небяспечна) было спрачацца з усталяваўшайся ў
расейскай і савецкай гістарыяграфіях ацэнкай адсталасці эканомікі Рэчы Паспалітай
у параўнанні з "прагрэсіўнай" эканомікай Расейскай імперыі. Зусім
верагодна, што пры больш глыбокім вывучэнні выяўляліся пытанні, якія не
ўпісваліся ў рамкі тагачаснай ідэалогіі, напрыклад, станоўчая роля феадальнай
дзяржавы Рэчы Паспалітай у працэсе адбудовы гаспадаркі пасля ваенных крызісаў
другой паловы 17 – першай паловы 18 ст., пастаянны пошук скарбам аптымальных
шляхоў для паляпшэння гаспадарчага стану краіны, становішча яе насельніцтва і
да т. п.
Па-другое, да нядаўніх часоў гаспадарчае развіццё Беларусі ў часы
феадалізму вывучалася ў асноўным з пункту гледжання інтарэсаў асноўнага
вытворцы - селяніна. Такі падыход мае права на існаванне. Але пры гэтым ён
свядома ігнаруе іншыя важныя фактары сацыяльна-эканамічнага і палітычнага жыцця
грамадства, і ў першую чаргу ролю феадальнага ўласніка ў вызначэнні шляхоў
эканамічнага развіцця. Натуральна, што такі падыход ствараў ненавуковую
аднабаковую, у многім сфальсіфікаваную карціну гаспадарчага развіцця Беларусі ў
другой палове 17 – 18 ст.
І трэцяй, не менш важнай прычынай слабога асвятлення праблем
сацыяльна-эканамічнага становішча беларускіх земляў у другой палове 17 –18 ст.
была недастатковая распрацоўка крыніцазнаўчай базы, цяжкасці ў выяўленні крыніц
па эканамічнай гісторыі, значная колькасць якіх знаходзіцца за межамі Беларусі.
У папярэдні перыяд былі і простыя тэхнічныя прычыны, а менавіта, недахоп
методык і тэхнікі для забеспячэння апрацоўкі вялікіх мностваў статыстычнага
матэрыялу.
Першыя станоўчыя ацэнкі эканамічнага развіцця ВКЛ і Беларусі ў яго складзе
ў другой палове 18 ст. прасочваецца ў працах Дзмітрыя Пахілевіча, хаця ён разам
з тым пастаянна падкрэсліваў эксплуататарскую сутнасць феадальнай дзяржавы[16].
Найбольш дакладныя звесткі аб тым, што эканоміка Беларусі паспяхова
развівалася і ў другой палове 18 ст., прывёў Васіль Мялешка. Уведзеныя ім у
навуковае абарачэнне ў канцы 60-х г. 20 ст. новыя архіўныя матэрыялы аб стане
імпартна-экспартнага баланса ў ВКЛ паказалі дынаміку вывазу за мяжу прадукцыі з
ВКЛ (і ў першую чаргу з беларускіх тэрыторый) і тым самым доказна абверглі
тэзіс аб нібыта існаваўшым у другой палове 18 ст. заняпадзе гандлю, а такім
чынам і эканомікі ВКЛ у цэлым[17].
Аналізу ж гаспадарчага стану Беларусі ў папярэдні перыяд (другая палова 17
– першая палова 18 ст.) не праводзілася, акрамя канстатацыі фактаў
пасляваеннага разбурэння і ў выніку пагаршэння сацыяльна-эканамічнага
становішча насельніцтва. Таму гэты перыяд сёння ў беларускай гістарыяграфіі
звычайна па-ранейшаму трактуецца толькі як агульны перыяд эканамічнага заняпаду[18].
Безумоўна, войны, якія ў гэты час пракаціліся па
беларускіх землях (казацка-сялянская 1648–1651 г., вайна Расеі з Рэччу
Паспалітай 1654 – 1667 г., Паўночная вайна 1700–1721 г.) нанеслі страшэнны ўрон
гаспадарцы Беларусі. Але ці азначала гэта, што эканоміка нашай краіны амаль сто
гадоў была ў крызісе?
У выніку даследавання эканамічнага развіцця дзяржаўных
уладанняў Беларусі ў другой палове 17 – 18 ст., сацыяльна-эканамічных крызісаў,
выкліканых вышэйадзначанымі войнамі, а таксама палітыкі дзяржаўнай улады па іх
пераадольванню, узнікла неабходнасць удакладнення перыядызацыі эканамічнай
гісторыі Беларусі другой паловы 17 – 18 ст.
Як паказала вывучэнне гаспадарчых
працэсаў у дзяржаўных уладаннях Беларусі, эканоміка краіны за згаданы перыяд
двойчы выходзіла з крызісаў. У значнай ступені каталізатарам структурных зменаў
у эканамічнай палітыцы дзяржавы стаў менавіта гаспадарчы крызіс пасля войнаў
сярэдзіны – другой паловы 17 ст. Вядома, што за згаданы перыяд страты
насельніцтва Беларусі склалі 53%.
Да таго ж, з-за недахопу людзей і цяглавай сілы запусцелі велізарныя зямельныя
плошчы: звыш 90% ворыўнай зямлі пуставала ў 1662 г. у Любашанскім старостве
Аршанскага павета,
72% — у Прапойскім старостве Рэчыцкага павета,
56% - у Брэсцкай эканоміі
і г. д. Асноўная вытворчая адзінка тагачаснага грамадства - сялянства настолькі
абяднела за час вайны, што не была ў стане не толькі выплочваць падаткі, але і
весці гаспадарку, дастатковую для простага існавання сялянскай сям'і.
Аднак другую палову 17 ст. нельга адназначна характарызаваць як
"эканамічны заняпад", паколькі галоўным зместам гэтага часу стаў
не гаспадарчы крызіс, выкліканы
войнамі, а магчымасць і здольнасць дзяржавы пошуку дзейсных шляхоў і механізмаў
па вываду эканомікі краіны з крызісу.
У сярэдзіне 17 ст. перад дзяржаўнай уладай паўстала праблема пошуку
кампрамісу паміж пастаяннай патрэбай у грошах і разуменнем неабходнасці
аднаўлення разбуранай вайной гаспадаркі. Дакументы даюць магчымасць сцвярджаць,
што пры правядзенні аграрных мерапрыемстваў у дзяржаўных уладаннях Беларусі
скарб у першую чаргу імкнуўся да ўзнаўлення вытворчага патэнцыялу сялянскай
гаспадаркі. Эканамічныя мерапрыемствы ў аднаўленчы перыяд насілі з боку
дзяржавы пераважна стымулюючы характар. Дзяржаўная палітыка па
падаткаабкладанню насельніцтва, у аснову якой была пакладзена ацэнка ўладамі
эканамічнага стану розных мясцовасцей, сведчыла пра зацікаўленасць улады не
столькі ў збіранні падаткаў, колькі ў імкненні стварыць умовы для нармальнага
эканамічнага развіцця.
Для ўвядзення ў гаспадарчае абарачэнне як мага большай плошчы земляў,
павелічэння колькасці насельніцтва і цяглавай жывёлы скарб распрацаваў
спецыяльную сістэму ільготных умоваў
гаспадарання, якая выявілася ў змяншэнні павіннасцей, пераводзе сялян сталовых
эканомій Беларусі з адпрацовачнай рэнты на грашовую, дазволе апрацоўваць
неабмежаваную колькасць дадатковай, або прыёмнай, зямлі за нязначныя падаткі,
увядзенні "слабод" з частковым або поўным вызваленнем ад феадальнай
рэнты на тэрмін ад пяці да пятнаццаці гадоў і інш.
Дзейсная эканамічная палітыка, якую праводзў скарб у дзяржаўных уладаннях,
часта станавілася прыкладам для ўладальнікаў прыватных маёнткаў у Беларусі. Так
было ў другой палове 16 ст. падчас правядзення дзяржавай валочнай памеры, так
здарылася і ў другой палове 17 ст. у дачыненні да палітыкі ачыншавання.
Перайманню гэтага вопыту шляхтай
садзейнічала аздараўленне фінансавай сістэмы Рэчы Паспалітай у другой
палове 17 – пачатку 18 ст. У гэты час спынілася эмісія грошай, рынкавыя
каціроўкі манет розных наміналаў выйшлі на ўзровень рэальнага ўтрымання ў іх
металу. Такім чынам, увядзенне чыншавай сістэмы рабіла псаванне грошай
дзяржавай невыгаднай ёй самой жа[24].
Як паказаў аналіз разнастайных дакументаў (пастановаў сеймаў, каралеўскіх
інструкцый, напамінальных лістоў, даравальных граматаў, інвентароў, кантрактаў
на арэнду дзяржаўных уладанняў і інш.),
мерапрыемствы дзяржаўнай улады па пераадольванню наступстваў вайны ў
дзяржаўных уладаннях з'яўляліся вынікам свядомай эканамічнай палітыкі скарба. Пры прыняцці
гаспадарчых рашэнняў дзяржава ўлічвала шматлікія фактары: ступень эканамічнага
разбурэння, шчыльнасць насельніцтва, геаграфічнае становішча і інш.
У выніку пэўная эканамічная свабода сялян садзейнічала паступоваму
аднаўленню эканомікі краіны ў цэлым. Сведчаннем гэтага з'яўляецца рост агульнай колькасці насельніцтва Беларусі,
якое, па падліках А.Карпачова і П.Казлоўскага, павялічылася ў 1700 г. да 2247
тыс. чалавек (у 1667–1673 гг. яна складала 1352 тыс. чалавек).
Аднак перыяд стабілізацыі эканамічнага жыцця ў ВКЛ працягваўся нядоўга.
Распачатая ў 1700 г. Паўночная вайна (1700–1721 гг.) ператварыла беларускія
землі щ асноўны тэатр ваенных дзеянняў напярэдадні Палтаўскай бітвы.
Такім чынам, другі раз за кароткі прамежак часу дзяржава апынулася перад
фактам неабходнасці адбудовы разбуранай вайной эканомікі. З аднаго боку,
аднаўленчы перыяд першай паловы 18 ст. павінен быў быць лягчэйшым, паколькі
скарбам ужо былі распрацаваны і ўжыты на практыцы рычагі і механізмы
гаспадарчай адбудовы ў другой палове 17 ст. Аднак, аб'ектыўныя эканамічныя цяжкасці, звязаныя з ваенным
ліхалеццем, ускладняліся яшчэ і тым, што ў пачатку 18 ст. разбурэнне напаткала
не поўнасцю адноўленую і ўмацаваную сельскую гаспадарку. Таму, разам з
выкарыстаннем ужо вядомых мер і льготаў, дзяржава вымушана была шукаць новыя
дзейсныя спосабы для эфектыўнага гаспадарчага ўзнаўлення.
Улады разумелі, што тэрмін адбудовы гаспадаркі залежаў у значнай ступені ад
наяўнасці ў дзяржаўных землях працоўных рук. У сувязі з гэтым вельмі важным
было прыняцце на сейме 1717 г. пастановы "Аб адыйшоўшых падданых, якія
павінны плаціць гіберну", у якой катэгарычна загадвалася каралеўскім
камісарам адшукваць дзяржаўных сялянfo, "якія аседласць сваю мелі і дамамі
жылі", без усялякага прамядлення[26].
Да таго ж, ізноў уведзеная скарбам у першай палове 18 ст. сістэма слабод,
прызначаная для "запамажэння" сялянству, не толькі станоўча ўплывала
на адбудову і ўзмацненне гаспадарак, але і спрыяла прытоку насельніцтва ў
пераважнай ступені ў дзяржаўныя ўладанні з суседняй Расеі. Узмацненне прыгонніцтва
ў Маскоўскай дзяржаве прымушала рускіх сялянаў шукаць лепшай долі за заходняй
мяжой, у першую чаргу, на землях Беларусі. Пры гэтым, скарб ВКЛ не скупіўся на
абяцанне вольнасцяў, ільготаў на многія гады, дапамогі на набыццё гаспадаркі. З
дапамогай такіх новапрышлых людзей павялічвалася колькасць насельніцтва краіны,
уводзілася ў гаспадарчае абарачэнне ўсё большая плошча ворыўных земляў і,
адпаведна, паскараўся працэс гаспадарчай адбудовы.
Вынікам дзяржаўнай палітыкі другой
паловы 17 – першай паловы 18 ст., накіраванай на стварэнне спрыяльных умоваў
для адбудовы ў першую чаргу сялянскай гаспадаркі, стала не толькі вяртанне ў
гаспадарчае абарачэнне значных масіваў раней запусцелай зямлі і павелічэнне
вытворчасці збожжа, але і хуткае ўмацаванне і развіццё ўнутранага рынку,
пашырэнне таварна-грашовых адносінаў. З сярэдзіны 18 ст., калі ў Еўропе
павялічыўся попыт на хлеб і выраслі кошты на зерне, Беларусь узмацніла сваю
прысутнасць і на еўрапейскім рынку[27].
Пры гэтым, другая палова 18 ст.
уяўляла сабой якасна новы ў параўнанні з папярэднім, перыяд у гаспадарчай
гісторыі Беларусі. Агульны парламентскі крызіс часоў Аўгуста ІІІ (1733–1763),
недасканаласць сістэмы кіравання дзяржаўнымі ўладаннямі, уплыў эканамічных і
палітычных зменаў, якія адбыліся ў той час у дзяржавах Заходняй Еўропы, яскрава
сведчылі пра неабходнасць мадэрнізацыі эканамічных адносінаў і на тэрыторыі
ВКЛ.
У 1764 г. была створана Скарбавая
камісія ВКЛ (Эканамічная Рада літоўскага скарбу) - спецыяльны дзяржаўны орган,
у кампетэнцыю якога ўваходзіла кіраванне фінансамі, кантроль за збіраннем
падаткаў, нагляд за гандлем і ўвогуле за эканамічным становішчам. Мерапрыемствы
дзяржаўнай улады па рэфармаванню падаткавай сістэмы, па ўніфікацыі мераў і вагі
на тэрыторыі ВКЛ і Кароны, па ліквідацыі ўнутраных мытных пошлін, па ўвядзенні
адзінага абавязковага для ўсіх саслоўяў мытнага падатку стварылі магчымасці як
для пашырэння ўнутранага рынку, так і для актывізацыі знешніх гандлёвых
аперацый
У другой палове 18 ст. з'яўляліся розныя, нават супрацьлеглыя праекты па
рэфармаванню сталовых эканомій, старостваў і дзяржаў, што сведчыла пра
існаванне шырокіх магчымасцяў для правядзення дзяржаўнай эканамічнай палітыкі
па павелічэнню даходаў каралеўскага скарбу. У іх абмеркаванні маглі прымаць
удзел розныя зацікаўленыя асобы, што паказвае пэўны дэмакратызм пры прыняцці
эканамічных рашэнняў у Рэчы Паспалітай.
Дзейнасць Скарбавай камісіі
спрыяла разгляду прапанаваных праектаў на дзяржаўным узроўні. У значнай ступені
на з'яўленне шматлікіх магчымых варыянтаў
гаспадарчых рэформаў аказвала ўплыў ідэалогія Асветніцтва і
распаўсюджаныя ў Заходняй Еўропе эканамічныя тэорыі, у першую чаргу, тэорыя
фізіякратаў.
З другога боку, розныя эканамічныя
праекты былі афармленнем тых ідэй, якія фармаваліся ў папярэдні перыяд — падчас
пошуку дзяржаўнай уладай і прыватнымі ўласнікамі магчымых дзейсных шляхоў па
пераадольванню эканамічных крызісаў.
Падсумоўваючы папярэднія тэзісы, неабходна адзначыць, што развіццё
дзяржаўных уладанняў у другой палове 17 – першай палове 18 ст. паказала, што
пэўная эканамічная свабода сялянства, сістэма льгот, разумнае рэгуляванне збору
падаткаў спрыялі ўсталяванню эканамічнай стабільнасці ў краіне. Рашэнне
адбудаваць эканоміку дзяржавы праз першасную адбудову гаспадаркі асноўнага
вытворцы - селяніна было адзіна правільным ва ўмовах эканамічных крызісаў
другой паловы 17 і першай паловы 18 ст. Спробы А.Тызенгаўза ў другой палове 18
ст. узмацніць ўціску сялянаў і вярнуцца да арганізацыі фальваркаў хоць і
прывялі спачатку да павелічэння даходаў, але выклікалі пратэст сялянства.
Дзяржаўная палітыка па пераводу сялян каралеўскіх сталовых эканомій на
адпрацовачную рэнту не стала прыкладам для ўладальнікаў прыватных маёнткаў, як
гэта было ў другой палове 16 ст. падчас правядзення валочнай памеры і ў другой
палове 17 і пачатку 18 ст. пры ўвядзенні разнастайных ільготаў і чыншу.
Наадварот, гаспадарчыя вынікі рэформы А.Тызенгаўза прымушалі прыватных
уласнікаў шукаць іншыя, больш эфектыўныя шляхі для павелічэння даходнасці сваіх
уладанняў. Зніжэнне агульных гаспадарчых паказчыкаў у развіцці каралеўскіх
сталовых эканомій пераканалі дзяржаву ў неабходнасці вяртання ў 80-х г. 18 ст.
да чыншавай сістэмы і нават да найму. Гэта сведчыла пра спад эфектыўнасці
паншчыннай працы, яе неадпаведнасць новым эканамічным умовам і страту далейшай
перспектывы эканамічнага развіцця па шляху ўзмацнення прыгонніцтва.
Такім чынам, у ходзе даследавання эканамічнага становішча дзяржаўных
уладанняў у другой палове 17 – 18 ст. намі былі вылучаны тры храналагічныя
перыяды, якія характарызуюцца пэўнымі зменамі ў гаспадарчай палітыцы скарба і
сацыяльна-эканамічным развіцці ўсяго грамадства:
1. 1648–1699 г. - характарызуецца выпрацоўкай дзяржавай
рычагоў і механізмаў па ліквідацыі наступстваў глыбокага эканамічнага крызіса,
выкліканага войнамі сярэдзіны – другой паловы 17 ст., і паступовым аднаўленнем
гаспадаркі да пачатку 18 ст. у асноўным праз перавод сталовых эканомій на
грашовую рэнту, увядзенне сістэмы льготаў і слабод, дазвол сялянам браць у
апрацоўку неабмежаваную колькасць зямлі на льготных умовах, вызваленне цэлых
рэгіёнаў ад выплаты падаткаў на пэўны тэрмін і да т.п.;
2. 1700–1763 г. - абумоўлены новым разбурэннем эканомікі
Беларусі ў сувязі з Паўночнай вайной і палітыкай дзяржаўнай улады, накіраванай
на стымуляванне і стабілізацыю эканамічнага развіцця праз ужыванне ўжо вядомых
гаспадарчых мерапрыемстваў. Разам з тым, недасканалая сістэма кіраўніцтва
дзяржаўнымі ўладаннямі ў апошнія дзесяцігоддзі гэтага перыяду стала перашкодай
на шляху гаспадарчай ініцыятывы насельніцтва, што сведчыла пра неабходнасць
адміністрацыйных і гаспадарчых рэформаў;
3. 1764–1795 г. - перыяд мадэрнізацыі эканомікі.
Характарызуецца правядзеннем гаспадарчых рэформаў, сярод якіх вылучаецца
стварэнне і дзейнасць Скарбавай камісіі ВКЛ, мерапрыемствы А.Тызенгаўза па
рэарганізацыі прамысловасці і сельскай гаспадаркі ў дзяржаўных уладаннях, з'яўленне альтэрнатыўных праектаў па арганізацыі
вытворчасці ў каралеўскіх эканоміях на тэрыторыі ВКЛ. Пошук скарбам дзейсных і
аптымальных шляхоў для вядзення гаспадаркі выяўляўся таксама ў актыўным
ужыванні наёмнай працы ў дзяржаўных уладаннях.
Падзел эканамічнай гісторыі
Беларусі другой паловы 17–18 ст. на азначаныя перыяды абумоўлены
своеасаблівасцямі сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы ў гэты час. Такі
падыход дазваляе правесці больш глыбокае даследаванне эканамічнай палітыкі
скарба, выявіць пэўныя тэндэнцыі і асаблівасці гаспадарчага жыцця краіны ў
цэлым.
Дыскусія па выступу І.Кітуркі
Генадзь
Семянчук (Гародня): - Каб разважаць аб наяўнасці альбо адсутнасці крызісу ў
гаспадарцы, мы спачатку мусім вызначыць дэфініцыю крызіса. Таксама трэба
ўлічваць, што ў першай палове 18 ст. крызіс быў агульнаеўрапейскі.
Ірына Кітурка: - Крызіс і
заняпад - гэта дзве розныя рэчы. У другой палове 17 ст. і ў першай палове 18
ст. нельга казаць, што меў месца суцэльны крызіс. Галоўны змест таго перыяду не
крызіс, а магчымасць выйсці з яго, здольнасць дзяржавы знайсці нейкія механізмы
для выхаду з гэтага крызісу. Так, у другой палове 18 ст. крызіс быў
агульнаеўрапейскі, звязаны з Паўночнай вайной. Але другая палова 18 ст. – то
эпоха Асветніцтва, час узнікнення розных эканамічных тэорый і школаў, як
напрыклад, школы фізіякратаў і інш. Мне здаецца, што менавіта падчас крызісаў і
знаходзіліся шляхі і механізмы, якія ў другой палове 18 ст. прывялі да мадэрнізацыі
ў эканоміцы.
Святлана
Куль-Сяльверстава (Гародня): - Не трэба злучаць з’явы ў
эканоміцы з развіццём чалавечай думкі. Гэта такая кандовая марксісцкая тэорыя пра базіс і надбудову.
Владимирский-Буданов М.Ф.
Немецкое право в Польше и Литве. Санкт-Петербург, 1868; Леонтович Ф. И.
Крестьянский двор в Литовско-Русском государстве. Санкт-Петербург, 1897;
Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского
государства ко времени издания первого Литовского статута 1529 г. Москва, 1892;
Мякотин В.А. Крестьянский вопрос в Польше в эпоху её разделов. Санкт-Петербург,
1889.
Доўнар-Запольскі М.В. Гісторыя
Беларусі. Мінск, 1994.
Пичета В. И. Аграрные реформы в
восточных областях Литовско-Русского государства во второй половине ХVІ в. и начале ХVІІ в. // Белоруссия и Литва ХV–ХVІ вв. Москва, 1961.
Кернажыцкі К. Гаспадарка
старостваў на Беларусі і экономічны стан іх насельніцтва ў другой палове ХVІІІ сталецьця // Запіскі аддзелу гуманітарных навук.
Працы клясы гісторыі. Кн. 3. Т. 2. Менск, 1928; Ён жа. Аграрная рэформа ў
Бабруйскім старостве і эканамічнае становішча яго насельіцтва з ХVІІ да пал. ХІХ ст. Менск, 1931.
Похилевич Д.Л. Перевод
государственных крестьян Великого княжества Литовского с отработочной ренты на
денежную в ХVІІ в. // Исторические записки, 1951. Т. 37. С. 144–168; Ён жа. Перевод
государственных крестьян Белоруссии и Литвы в середине ХVІІІ века с денежной ренты на отработочную // Исторические
записки, 1952. Т. 39. С. 121–158; Ён жа: Экономический и политический упадок
Речи Посполитой во второй половине ХVІІ – первой половине ХVІІІ в. // История Польши: В трёх томах / Под ред.
В.Д.Королюка, И.С.Миллера, П.Н.Третьякова. 2-е изд., доп. Москва, 1956. Т. 1.
С. 300–314 і інш.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"