Краіна пад назвай “Беларусь” мае месца ў гісторыі чалавецтва толькі
дзякуючы існаванню беларускага этнасу. Таму асноўная перыядызацыя гісторыі
гэтай краіны не можа быць нічым іншым як храналогіяй этнічнай гісторыі
беларусаў. Перыядызацыя, пакінутая нам у спадчыну савецкай гістарыяграфіяй,
сёння не можа быць прынятая, паколькі яна штучна прывязвала гісторыю беларусаў
да перыядызацыі расейскай гісторыі. Між тым да падзелаў Рэчы Паспалітай у 18
ст. гэтыя дзве краіны знаходзіліся ў розных гісторыка-культурных арэалах. У
адрозненне ад Расеі, якая да 18 ст. не належала да еўрапейскай
культурна-гаспадарчай сістэмы, Беларусь на працягу некалькіх стагоддзяў
выступала як складная частка еўрапейскай цывілізацыі.
Адсюль вынікаюць дзве высновы:
1.
Пры распрацоўцы новай
перыядызацыі гісторыі Беларусі неабходна выкарыстоўваць этнічны крытэрый;
2. Будаваць гэтую перыядызацыю патрэбна ў кантэксце гісторыі Еўропы.
На працягу
апошняга дзесяцігоддзя беларускія гісторыкі эмпірычна выкарыстоўваюць такія
падыходы пры падрыхтоўцы падручнікаў і сінтэзных прац. Пры гэтым выявілася
разбежнасць поглядаў, ад поўнай адаптацыі да еўрапейскай храналогіі (Георгі
Штыхаў) да спробаў асэнсавання беларускай спецыфікі (Генадзь Сагановіч, Захар
Шыбека).
У гісторыі нашай краіны першым і самым працяглым яе этапам быў даславянскі перыяд, які працягваўся ад
часу з’яўлення на яе тэрыторыі чалавека (каля 30 тыс. гадоў таму назад) і да 6
ст. н.э.
Этнічная гісторыя беларусаў пачынаецца ад 6 ст. н.э. з прыходам на балцкія
і вугра-фінскія землі Падняпроўя і Паддзвіння славянаў - носьбітаў пражскай
культуры. У гэтай гісторыі сярод іншых выдзяляюцца тры найважнейшыя храналагічныя
рубяжы, між якімі і належыць, на маю думку, будаваць перыядызацыю гісторыі
Беларусі:
1.
6
ст. н.э.
2.
Сярэдзіна
13 ст. (каля 1248 г.)
3.
25
сакавіка 1918 г.
Вельмі
важна, што падзеі і з’явы, звязаныя з гэтымі датамі, маюць пазітыўнае значэнне
ў гісторыі беларускага этнасу. Былі ў нашым мінулым таксама падзеі і з’явы,
меўшыя вялікі негатыўны ўплыў на этнічную гісторыю беларусаў. Ігнараванне
трагічных датаў і з’яваў з гісторыі народу недапушчальна з навуковага пункту
гледжання. Аднак недапушчальна ды і проста неразумна ставіць асноўныя вехі ў
гісторыі краіны на датах яе трагедыяў і паразаў. Краіна са збудаванай такім
чынам гісторыяй, напэўна, не мае перспектывы. Напрыклад, хіба самы важны ўплыў
на найноўшую гісторыі Беларусі мела вынішчэнне нацыянальнай эліты сталінскімі
рэпрэсіямі і другой усясветнай вайной. Але ці варта храналогію найноўшай
гісторыі Беларусі абапіраць на гэтых трагічных датах? Напэўна, не. Таму
беларускія гісторыкі выбіраюць асноўнай вехай 20 ст. – дэкларацыю незалежнай
беларускай дзяржавы 25 сакавіка 1918 г.
Першы рубеж – то ўпамянутае ўжо 6 ст. н.э. –
з’яўленне на Беларусі славянаў і пачатак працэсу балта-славянскіх кантактаў. Ён
працягваўся каля паўтары тысячы гадоў і ахапіў ўсю тэрыторыю краіны і
прылягаючыя раёны Украіны, Расеі, Латвіі, Летувы, Польшчы. Менавіта праз яго
стварыліся падставовыя этнічныя адметнасці беларускага народу. Мясцовае балцкае
насельніцтва паступова асімілёўвалася славянамі і ў сваю чаргу перадавала
апошнім шматлікія рысы сваёй культуры. На гэтай выснове грунтуецца
агульнапрынятая сёння т.зв. субстратная тэорыя этнагенезу беларусаў,
пачынальнікам якой з’яўляецца археолаг Валянцін Сядоў.
Адметнасцю
працэсу балта-славянскіх кантактаў з’яўлялася яго храналагічная
нераўнамернасць. На Падняпроўі і Паддзвінні ён быў у асноўным завершаны ў 12 -
13 ст. (стварыліся субэтнасы крывічоў, радзімічаў і дрыгавічоў), а на Панямонні
актыўна распачаўся ў канцы 10 ст. і працягваўся да сярэдзіны 20 ст. Але ўсюды
вынік быў аднолькавы - пашырэнне этнічнай беларускай тэрыторыі. Паводле храналагічнай
і геаграфічнай працягласці, па значэнню ў гісторыі беларускага народу
(стварэнне традыцыйнай беларускай культуры) працэс балта-славянскіх кантактаў
можна адназначна ацаніць як буйнейшую з’яву ў гісторыі краіны.
У 10 - 11
ст. на тэрыторыі Беларусі стварыліся першыя дзяржавы: Полацкае, Тураўскае,
Смаленскае, потым Гарадзенскае княствы. Гэтыя даты таксама з'яўляюцца важнымі
храналагічнымі рубяжамі. Па-першае, само з’яўленне дзяржавы азначае прагрэс ў
сацыяльна-грамадскім развіцці этнасу. Па-другое, нашыя першыя дзяржавы ўзнікалі
ў той самы час і падобным чынам да суседзяў з Цэнтральна-Усходняй Еўропы; г.зн.
мы не горшыя за суседзяў - палякаў, чэхаў, венграў, украінцаў, расейцаў.
Дзяржава
з'яўляецца больш эфектыўнай арганізацыяй жыццядзейнасці буйных чалавечых
супольнасцяў у параўнанні з арганізацыяй тэрытарыяльна-племянной. Аднак яна
заўжды будуецца на нейкай этнічнай аснове і такім чынам узмацняе і развівае
гэтую аснову, становіцца рухавіком, каталізатарам працэсу этнагенезу.
Рашаючую
ролю ў фармаванні беларускага этнасу адыграла Вялікае Княства Літоўскае –
дзяржава, якая ўзнікла ў сярэдзіне 13 ст. каля 1248 г. – другі рубеж. Амаль усе сённяшнія еўрапейскія народы сфармаваліся ў
эпоху сярэднявечча і пад моцным уплывам дзяржаўнай арганізацыі. Вялікае Княства
Літоўскае злучыла ў адзінае цэлае беларускія землі і тым самым паскорыла
стварэнне беларускага народу. У той самы час, напрыклад, французскія каралі
аб’ядноўвалі розныя этнічна і культурна землі пад сваёй уладай і стваралі
сучасны французскі народ.
Менавіта
ВКЛ праз наданне афіцыйнага статуса беларускай мове прыспешыла і забяспечыла
выніковы поспех працэсу фармавання беларускай мовы і культуры, а гэта значыць -
этнасу. Сёння даследчыкі звяртаюць ўвагу на дакладнае супадзенне палітычнай
мяжы Вялікага Княства Літоўскага (найперш на ўсходзе і поўдні) з этнічнай
беларускай мяжой[1].
Менавіта
супадзенне на пэўным этапе двух важнейшых чыннікаў этнагенезу беларусаў: працэсу балта-славянскіх кантактаў і дзейнасці дзяржаўнай арганізацыі ВКЛ
забяспечыла поспех у фармаванні беларускага народу, стварыла запас трываласці,
якога хапіла каб перажыць некалькі стагоддзяў крызісу да пачатку нацыянальнага
адраджэння. Таму момант гэтага супадзення – час узнікнення ВКЛ (каля 1248 г.)
з’яўляецца адной з важнейшых храналагічных вехаў у гісторыі беларусаў.
Балта-славянскае
ўзаемадзеянне стварыла этнічную аснову беларусаў, дапамагло выпрацаваць
адметныя этнавызначальныя рысы народу: мову, асаблівую матэрыяльную і духоўную
культуру. Дзяржаўная арганізацыя ВКЛ будавалася на гэтай новастворанай этнічнай
аснове і тым самым падтрымлівала і ўмацоўвала яе. Менавіта ў гэтай дзяржаве ад
другой паловы 13 ст. да сярэдзіны 16 ст. адбывалася найбольш актыўнае
фармаванне беларускага этнасу. Дзяржаўны статус беларускай мовы спрыяў стварэнню
ўласнай сацыяльнай эліты, у якую ўвайшлі таксама прадстаўнікі балцкіх родаў.
Адбывалася развіццё прафесійнай беларускай элітарнай культуры на аснове
культуры народнай. Беларуская культура ў гэты перыяд ахоплівала ўсе сацыяльныя
слаі грамадства, чаго пазней не ўдалося паўтарыць аж да нашага часу. Канец 15 -
16 ст. лічыцца “залатым векам” беларускага народу, калі ён меў магчымасць
паўнавартаснага культурна-дзяржаўнага развіцця. Менавіта ў гэты час беларускі
этнас набыў патэнцыял, які дазволіў яму выжываць на працягу некалькіх
стагоддзяў крызісу нават пасля страты нацыянальнай эліты, амаль цалкам
асіміляванай (спольшчанай ці зрушчанай). Гэты храналагічны перыяд дакладна
адпавядае храналогіі гісторыі астатняй Еўропы. Тут пасля крызісу 14 ст., які
дарэчы, меў месца і на Беларусі, у 15 – 16 ст. адбываўся працэс эканамічнага і
дэмаграфічнага ўздыму.
Палітычная
і, адпаведна, культурная арыентацыя Вялікага Княства Літоўскага на
заходнееўрапейскую цывілізацыю забяспечыла стварэнне асаблівай мадэлі
культурна-грамадскай арганізацыі на паграніччы ўсходнееўрапейскай і
заходнееўрапейскай цывілізацый. У гэтым наша адрозненне ад астатняй Еўропы і
адначасова - наш арыгінальны ўклад у яе гісторыю.
Важнай
вехай у гісторыі Беларусі была Люблінская унія 1569 г., якая знаменавала сабой
пачатак працяглала крызісу беларускага этнасу. Распачатая ад пачатку 16 ст.
серыя войнаў з Маскоўскай дзяржавай паставіла ВКЛ у цяжкае становішча. У гэтых
умовах кіраўніцтва дзяржавы было змушана пайсці на унію з Польскім каралеўствам
і стварэнне канфедэратыўнай дзяржавы Рэчы Паспалітай абодвух народаў. Магнатаў,
кіраваўшых дзяржавай, да вуніі змусіла шляхта - асноўная ваенная сіла дзяржавы,
якая імкнулася праз канфедэрацыю з Польшчай атрымаць правы і вольнасці польскай
шляхты. Адным з наступстваў уніі стала хуткая дабраахвотная паланізацыя
беларускай шляхты і як вынік страта беларускім этнасам сацыяльнай эліты - самай
моцнай матэрыяльна, самай актыўнай культурна і палітычна часткі грамадства.
Наступнай
важнай вехай крызісу сталі падзелы Рэчы Паспалітай і захоп Беларусі Расейскай
імперыяй. Да паланізацыі дадалася татальная русіфікацыя, асабліва ўзмоцненая
пасля паўстання 1863 г. У выніку беларускі этнас застаўся без інтэлігенцыі. Ён
не меў такіх культурных плацдармаў - “пьемонтаў”, як летувісы ў Прусіі (”Малая
Літва” - Клайпедскі край), а украінцы ў Аўстра-Венгрыі - Галіцыя), дзе
стварыліся пэўныя ўмовы для нацыянальна-культурнага жыцця, немагчымага ў
Расейскай імперыі.
Захавальнікам,
носьбітам беларускіх этнічных традыцый засталося сялянства. Патэнцыял гэтых
традыцый, назапашаны ў часы Вялікага Княства Літоўскага аказаўся дастатковым
каб перажыць паланізацыю і русіфікацыю і дажыць да 20 ст. Напэўна толькі
наяўнасцю гэтага патэнцыялу ды магутнай гістарычнай інерцыяй можна вытлумачыць
далейшую асіміляцыю беларускім сялянствам летувіскага, якую этнографы фіксавалі
яшчэ ў 19 і нават у сярэдзіне 20 ст.
Менавіта на
аснове традыцыйнай сялянскай культуры і мовы адбылося беларускае адраджэнне ў
другой палове 19 - пачатку 20 ст., а таксама спробы пабудовы беларускай
дзяржаўнасці і культуры. Трэці важнейшы
рубеж – 25 сакавіка 1918 г. – дэкларацыя незалежнай беларускай дзяржавы, не
толькі ў беларускай але і ў замежнай гістарыяграфіі, напрыклад, польскай,
успрымаецца як дзень нараджэння беларускай нацыі.
Заключэнне:
У развіцці
беларускага этнасу можна выдзеліць чатыры буйныя этапы: 1. пачатковы этап этнагенезу, фармаванне этнічнай асновы (канец
жалезнага веку, ранняе сярэднявечча – 6 - 12 ст.), 2. актыўная фаза этнагенезу, фармаванне сярэднявечнага народу (развітае
сярэднявечча – сярэдзіна 13 – першая палова 16 ст.), 3. этнічны крызіс (другая палова 16 - 19 ст.), 4. адраджэнне (другая палова 19 - пачатак 20 ст.). Перыядызацыя
гісторыі Беларусі 20 ст. найлепей распрацаваная ў працы Яўгена Мірановіча
”Навейшая гісторыя Беларусі”.
Галоўную
ролю ў стварэнні беларускага этнасу адыгралі дзве буйныя гістарычныя з’явы,
меўшыя месца ў сярэднявеччы: 1. працэс балта-славянскіх кантактаў; 2. дзейнасць
дзяржаўнай арганізацыі Вялікага Княства Літоўскага.
Пытанні да
А.Краўцэвіча
Святлана Куль-Сяльверстава
(Гародня): - Калі робіцца перыядызацыя, то што вылучаецца ў
якасці крытэрыя функцыянавання, існавання беларускага этнаса? Што ёсць этнас?
Што ёсць беларушчына ? і г.д. Я ўвесь час чую: мова, мова, мова. Учора ўжо было
пытанне наконт таго ці мова як такавая з’яўляецца
інструментам, адным з паказчыкаў існавання і развіцця этнасу. У мяне пытанне:
апрача мовы, што выносіцца ў крытэрый перыядызацыі?
Алег Іоў
(Менск): - У апошнія часы погляды Валянціна
Сядова вельмі змяніліся, і ці выкарыстоўваеш ты яго апошнія працы ў сваёй
рабоце? Гэта раней, калі нам нельга было публікаваць працы пра балцкі субстрат
у этнагенезе беларусаў, то мы заўсёды спасылаліся на Сядова. Маўляў, то ён у
Маскве гаворыць пра балцкі субстрат, ане мы ў Беларусі.
Адказы
А.Краўцэвіча
Адказ
С.Куль-Сяльверставай: - Мова ў этнічнай гісторыі не
з’яўляецца крытэрыем перыядызацыі,
яна з’яўляецца хутчэй індыкатарам
стану этнасу і, на маю думку, дастаткова надзейным. У добрым ці дрэнным стане
знаходзіцца этнас можна спраўдзіць па сферы ўжывання мовы, па сацыяльнай
структуры ўжывання. Гэты індыкатар можа быць ужыты як для сярэднявечча, так да
новага часу, так і для сённяшняга дня. А крытэрый - гэта іншыя падзеі жыцця
палітычнага, або іншага жыцця, якія мелі ўплыў на развіццё этнасу.
Адказ А.Іову: - Сапраўды, часам па інэрцыі навуковага мыслення мы
называем Сядова аўтарам, адэптам субстратнай канцэпцыі этнагенезу беларусаў. Ён
атрымліваецца ледзь не класікам. У апошніх працах Сядоў ад гэтых пазіцый
адышоў. І цалкам згодны з Алегам, што на Сядова спасылаліся таму, што ён працуе
ў Маскве. Што ў Маскве можна было гаварыць, тое не дазвалялася беларускім
гісторыкам і археолагам. Напэўна лепей спасылацца на апошняе выданне
чатырохтомнай ”Археалогіі Беларусі”, дзе на падставе навейшых даследванняў
беларускіх археолагаў вельмі выразна сфармулявана субстратная тэорыя фармавання
беларускага этнасу.
Дыскусія па дакладу А.Краўцэвіча
Генадзь
Семянчук (Гародня): Алесь гаворыць, што не можам
вытлумачыць феномена актывізацыі славянскай каланізацыі балцкага сялянства. Я
думаю, тлумачэнне гэтага фенамена відавочнае. Справа ў тым, што, на маю думку,
у сярэднявеччы носьбітам этнічнасці з’яўляліся менавіта сялянскія масы. Іншая
справа, што гэта не адлюстравана ў крыніцах. А палітычныя эліты былі касмапалітычнымі.
І паланізацыя альбо русіфікацыя эліты не магла спыніць працэс славянізацыі або
беларусізацыі менавіта сялянскіх мас. Трэба памятаць, што сялянскія масы ва
ўсёй Еўропе былі носьбітамі этнічнасці. Іншая справа, што мы не маем на
сённяшні дзень важных крыніц адносна Беларусі.
Алесь Агееў
(Магілёў): - Паводле распрацаванай
навукоўцамі ў 20 ст. шкалы ассіміляцыі спачатку мова зыходзіць з ваеннай сферы,
потым з іншых, і апошняй застаецца побытавая. У прынцыпе, калі з побыту выйшла
мова, то асіміляцыя адбылася. Праўда, потым у 50-я - 60-я г. даследчыкі сталі
спрачацца і дадаваць самаідынтыфікацыю людзей, браць пад увагу між іншым
ірландскі прыклад і вось наш. Але ў прынцыпе, мова адыгрывае вельмі важную
ролю. Я хацеў бы ў гэтым сэнсе падтрымаць Алеся.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"