|
Праблемы перыядызацыі гісторыі культуры Беларус
Святлана
Куль-Сяльверстава
(Гародня)
Метадалагічныя падставы
вывучэння айчыннай гісторыі культуры ў беларускай гістарычнай навуцы яшчэ
толькі пачынаюць закладвацца. Нягледзячы на тое, што факталагічны матэрыял
дзесяцігоддзямі назапашваецца спецыялістамі розных галін ведаў
(мастацтвазнаўцамі, гісторыкамі, літаратуразнаўцамі, гісторыкамі тэатра і
архітэктуры) ён пакуль што адвольна размяркоўваецца па перыядах і этапах. Айчынная навука не выпрацавала не толькі
агульную перыядызацыю нашай гісторыі культуры, але нават агульныя прынцыпы, па
якіх можна было бы падыходзіць да гэтай праблемы. У даследаваннях, прысвечаных
асобным галінам культуры і асобным яе з’явам, вектар часу разбіваецца на
адвольныя адрэзкі, назвы якіх і памер залежыць ад асабістага жадання
аўтара, ад таго, якую з найбольш
ужываных сярод нашых навукоўцаў тэрміналогію ці перыядызацыю ён лічыць карыснай
для мэтаў свайго даследавання.
Абагульняючы найчасцей
ужываныя у нашай навуковай практыцы падыходы да перыядызацыі гісторыі культуры
Беларусі, іх умоўна можна падзяліць на некалькі тыпаў. Першы з іх – падзел
гісторыі культуры на адрэзкі, адпаведныя пераломным этапам у
сацыяльна-эканамічнай ці палітычнай гісторыі Беларусі. Па гэтым прынцыпе часцей
за ўсё размяркоўваецца факталагічны матэрыял у падручніках, у абагульняючых
працах па гісторыі Беларусі, дзе гісторыя культуры адыгрывае падпарадкаваную
ролю ў стасунку да сацыяльна-эканамічнага і палітычнага жыцця. Такім чынам
з’яўляюцца азначэнні накшталт “Культура Беларусі ў 13-15 ст.”, “Культура
Беларусі ў часы ВКЛ” і г.д.
Як правіла, такая перыядызацыя мае эклектычны характар, бо у якасці межаў
перыядаў пазначаюцца адначасова і канкрэтныя стагоддзі ці гады (да, прыкладу,
першая палова 19 ст., 9 - 12 ст. і г.д.), і важныя палітычныя падзеі (міжваннае
двадцацігоддзе, падзелы Рэчы Паспалітай і г.д.). Ніякіх уяўленняў аб ходзе і
асаблівасцях уласна гісторыка-культурнага працэсу такая перыядызацыя не дае.
Больш таго, яна стварае падставы для разгляду культуры як падпарадкаванай,
другараднай галіны жыцця грамадства, якая носіць дыскрэтны характар і не мае
ўласнай логікі развіцця. Абранне ў якасці храналагічнай мяжы ў развіцці
культурных працэсаў палітычнай падзеі можа быць апраўданым толькі ў тым
выпадку, калі яна стварае цалкам новыя ўмовы развіцця культуры, уздзейнічае на
яе непасрэдна. Як правіла, такія з’явы вельмі рэдкія ў гісторыі. Прынамсі, у
гісторыі культуры Беларусі.
Яшчэ адзін падыход да
перыядызацыі гісторыі культуры, да каторага звяртаюцца айчынныя даследчыкі,
заснаваны на этнічных працэсах, якія адбываліся на нашых землях. У дадзеным
выпадку гісторыка-культурны працэс разглядаецца праз прызму фармавання толькі
адной, хаця і найбольш значнай плыні ў культуры беларускіх земляў – беларускай
культуры. Уладзімір Конан прапанаваў вылучыць у гісторыі беларускай культуры
перыяды нацыянальнага Адраджэння і заняпаду. Кожны з этапаў адраджэння паводле
ягоных распрацовак адрозніваецца крыніцамі фармавання (“штуршком“),
стваральнікамі і ідэйным зместам. Гэтая перыядызацыя ўключае раннехрысціянскае
адраджэнне (11-12 стст), рэнесансавае гуманістычнае (1517 г. - пачатак 17 ст.),
“рамантычнае“ (20-я - 60-я гады 19 ст.), сялянскае (канец 19 ст. - 1920 г. ),
перыяд беларусізацыі (1920-я г.).
На падставе падыходу, прапанаванага Ул.Конанам, можна было б вылучыць яшчэ і
г.зв. “інтэлігенцкае“ адраджэнне – сярэдзіна 1980-х - канец 1990-х г., у якім
асноўным рухавіком беларускага адраджэння з’яўлялася нацыянальна свядомая
інтэлігенцыя. Вышэй названая перыядызацыя можа быць прынята ў якасці схемы для
разгляду працэсаў, якія адбываліся ў беларускай культуры, але ўлічваючы, што
культурная прастора беларускіх земляў адрознівалася поліэтнічнасцю, яна не
будзе ўніверсальнай. Акрамя таго, яна стасуецца толькі да аднаго з працэсаў у
самой беларускай культуры. Акцэнт у ёй робіцца пераважна на перыядах уздыму.
Што ж датычыцца часоў паміж Адраджэннямі, то яны ў дадзенай схеме паўстаюць
толькі як дадатак да асноўнай вывучаемай з’явы.
У гэтым жа шэрагу стаіць
яшчэ адна перыядызацыя, якую ўжываюць даследчыкі айчыннай культуры, пераважна,
мова- і літаратуразнаўцы - падзел на старабеларускую і новую беларускую
культуру. За асноўны крытэрый тут бяруцца этапы развіцця беларускай мовы і
адпаведна вылучаюцца 13-18 ст. (перыяд існавання старабеларускай мовы) і
пачатак 19 ст. - сучаснасць (перыяд развіцця новай беларускай мовы). У межы
гэтых этапаў укладаюць і працэсы, якія
адбываліся ў іншых галінах культуры, не звязаных з вербальнымі спосабамі
пердачы інфармацыі.
Другі падыход да перыядызацыі
засноўваецца на працэсе змены ідэйна-стылявых накірункаў і часцей ўжываецца ў
спецыяльных працах, прысвечаных гісторыі асобных галін культуры, або ў
гісторыка-культурных даследаваннях. Паводле гэтага падзелу найбольш “асвоілася“
ў беларускай гісторыка-культурнай навуцы наступная схема: сярэднявечная
культура (уключаючы ранняе сярэднявечча – 9 - 15 стст.) – Рэнесанс (16 ст.) –
барока (17 - першая палова 18 ст.) – Асветніцтва (другая палова 18 - першыя
дзесяцігоддзі 19 ст.) –рамантызм (20 - 40-я г. 19 ст.). У такой перыядызацыі
ёсць сваё рацыянальнае зерне, але ёсць і значныя, найперш, метадалагічныя хібы.
Храналагічна дадзеная перыядызацыя у асноўным адпавядае галоўным этапам гісторыка-культурнага працэсу на беларускіх
землях. Праўда, дакладныя межы названых перыядаў нельга пазначаць з такой
катэгарычнасцю. Але аб гэтым будзе гаворка ніжэй. Найбольш недасканалай ў
дадзенай перыядызацыі можна лічыць тэрміналогію. Для азначэння перыядаў,
па-першае, абраны рознапарадкавыя з’явы. Рэнесанс і Асветніцтва – гэта тыпы культуры, ідэйныя плыні, якім
адпавядаюць стылявыя накірункі рэнесанс, класіцызм, сентыменталізм. Барока ж і
рамантызм (апошні з маленькай літары) з’яўляюцца толькі ідэйна-стылявымі накірункамі літаратуры і мастацтва ў акрэсленым
тыпе культуры. Гэтую неадпаведнасць заўважыў яшчэ ў 1982 г. Адам Мальдзіс у
стасунку да барока і Асветніцтва.
Акрамя таго, у дадзенай схеме ніяк не называюцца перыяды ў развіцці культуры,
якія прыходзяць услед за рамантызмам. Гаворка часцей за ўсё ідзе пра буржуазную
культуру, культуру паслярэвалюцыйную, культуру Савецкай Беларусі і г.д. За
выключэннем гэтых недарэчнасцяў названая вышэй перыядызацыя нядрэнна стасуецца
з тыпалагічным падыходам да гісторыка-культурнага працэсу, які у апошнія
дзесяцігоддзі усё больш шырока ўжываецца ў гісторыка-культурных даследаваннях.
На постсавецкай прасторы найбольш грунтоўна яго распрацоўвае культуралагічная
школа М.Кагана. Паводле
перыядызацыі, прапанаванай М.Каганам у ягонай праграмнай абагульняючай працы
“Філасофія культуры“, у сусветным
гісторыка-культурным працэсе вылучаюцца наступныя перыяды. Першым па часе быў
перыяд пераходу ад біялагічнага ладу жыцця да культурнага, які прывёў да
ўзнікнення першабытнай культуры. Часы антычнасці М.Каган далучае да пераходнага
перыяду ад першабытнасці да развітай цывілізацыі. Наступны этап, які
завяршаецца з пачаткам Рэнесансу, М.Каган характарызуе як феадальную або
Сярэднявечную культуру. Асветніцтва, як новы тып культуры, на думку
культуролага, пачынае сваё развіццё з 17 ст. і дасягае кульмінацыі ў 18 ст.,
каб ў пачатку 19 ст. саступіць месца Рамантызму. Услед за ім вылучаецца
Пазітывізм, а ў пачатку 20 ст. – Мадэрнізм, які з другой паловы гэтага
стагоддзя паступова выціскаецца Постмадэрнізмам.
М.Каган падкрэслівае, што часовыя межы ў дадзенай перыядызацыі ўмоўныя, іх
канкрэтнагістарычны змест з’яўляецца ідывідуальным для кожнага народа, кожнай
краіны і рэгіёна. Апрача таго, асобныя з названых ім этапаў у развіцці культуры
не былі агульнымі для ўсіх культур, у прыватнасці, на ягоную думку, расейская культура
не дазнала Рэнесансу.
Перыядызацыя, прапанаваная
М.Каганам, як падаецца, можа быць прынятая для характарыстыкі
гісторыка-культурнага працэсу на беларускіх землях. Але, безумоўна, яна
патрабуе адаптацыі. На працягу стагоддзяў Беларусь развівалася ў межах
еўрапейскай цывілізацыі і пражыла ў гісторыі сваёй культуры ўсе тыпы культуры,
характэрныя для еўрапейскага рэгіёну. Адметнасцю гісторыка-культурнага працэсу
тут была адносная запозненасць асобных гісторыка-культурных з’яваў або іх
невыразнасць. Характэрным прыкладам гэтага з’яўляецца эпоха Асветніцтва, якая
стала дамінуючай толькі ў другой палове 18 ст., а таксама Рамантызм, які
шчыльна пераплёўся на беларускіх землях з іншымі ідэйна-стылявымі накірункамі і
плынямі. Тыпы культуры, прапанаваныя ў перыядызацыі М.Кагана, маюць у гісторыі
культуры Беларусі наступную прыблізную “храналагічную прапіску“. Першабытная
культура - ад з’яўлення чалавека на тэрыторыі Беларусі да 8-9 ст.;
Сярэднявечная культура – 8-9 ст. - 15 стст.; Культура Рэнесансу – канец 15 ст.
– пачатак 17 ст.; Асветніцтва – другая палова 18 - 1820-я гады; Рамантызм –
1820-я - 1840-я гады; Пазітывізм – 1840-я – пачатак 20 ст.; Мадэрнізм – канец
19 ст.- 1980-я гады; Постмадернізм – сярэдзіна 1980 -х гадоў - сучаснасць.
У гісторыі культуры Беларусі
былі перыяды, калі з-за знешне- і ўнутры-палітычных абставінаў яна “выпадала“ з
агульнай схемы гісторыка-культурнага працэсу, прапанаванай М.Каганам. Гэта,
найперш, перыяд паміж Рэнесансам і Асветніцтвам. Асаблівасці гэтага перыяду, на
маю думку, былі звязаны, найперш, з сітуацыяй, якая склалася ў
сацыяльна-эканамічным жыцці беларускіх земляў. Шматлікія войны, найперш,
разбуральная вайна другой паловы 17 ст., прывялі да заняпаду гарадоў і, як
следства, гарадской культуры. Асветніцтва, якое ў Заходняй Еўропе мела сваім
падмуркам менавіта бюргерскую субкультуру, культуру трэццяга саслоўя, тут не
знаходзіла свайго апірышча. Можна ўзгадаць толькі некаторыя, асобныя праявы
гэтай плыні, якія выступалі нават не як тэндэнцыя, а толькі як асобны элемент
ці знак. М.Багуцка акрэслівае дадзены тып культуры як сармацкую культуру,
якая па сваёй інстытуцыянальнай пабудове, стваральніках, структуры, месцы і
ролі ў соцыюме, зместу моцна
адрознівалася ад культуры эпохі Асветніцтва. Генетычна яно была звязана з
Рэнесансам, а тыпалагічна – з сярэднявеччам і Рамантызмам.
Паняцце Сармацкай культуры, як асобнага тыпу культуры, добра распрацаванае
польскімі навукоўцамі, можа, на маю думку, быць выкарыстана і нашай
гісторыка-культурнай навукай. Пакуль што тэрмін “культура эпохі барока“, які
выкарыстоўваецца і айчыннымі гісторыкамі культуры, і замежнымі (у першую чаргу,
суседнімі – расійскімі і польскімі), пазначае дадзены перыяд толькі як
пераходны, які не меў свайго адметнага ідэйнага аблічча. Пэўна, павінны весціся тэрміналагічныя напрацоўкі,
каб зрабіць адэкватнае дадзенаму перыяду вызначэнне.
Безумоўна, асобнага разгляду
патрабуюць часы, калі беларускія землі уваходзілі ў склад СССР. Адкрытым
застаецца пакуль што пытанне, ці можна культуру савецкай Беларусі акрэсліваць
як тып культуры эпохі Мадэрна ці Постмадэрна, ці гэта праявы нейкага асобнага
тыпу культуры. Вырашыць гэтае пытанне ў дадзенай працы немагчыма, і, пэўна,
яшчэ доўгі час яно будзе выклікаць дыскусію. Згаданы ўжо В.Акудовіч, напрыклад,
прыходзіць да высновы, што праявы мадэрну ў беларускай літаратуры можна
назіраць ужо напачатку 20 ст., і лічыць, што з пэўнымі допускамі да мадэрнавай
літаратуры можна аднесці сацыялістычны рэалізм. Аднак канчаткова вырашыць гэтае
пытанне адносна беларускай літаратуры ён не бярэцца. На ягоную думку, 1985 г. –
амаль адзіная і рэдкая для гісторыі нашай літаратуры дакладная дата змены
ідэйна-стылявой плыні. Новыя палітычныя ўмовы выклікалі бурлівы рост
Постмадэрна на постсавецкай прасторы[10].
Перыядызацыя гісторыі культуры, у тым ліку, культуры Беларусі,
можа ўзяць за асноўны крытэрый і больш універсальныя падзеі ў інтэлектуальным
развіцці чалавецтва. Адным з варыянтам такога падыходу можа быць эвалюцыя
сродкаў захавання і перадачы інфармацыі – ад узнікнення пісьмовых крыніц да
з’яўлення электронных сродкаў і інш. Але прынцыповымі застаюцца некаторыя
моманты, якія павінны прысутнічаць ў любой перыядызацыі гісторыі культуры.
Гэта, найперш, неабходнасць стаўлення да гісторыі культуры як да асобнай галіны
чалавечай дзейнасці, хоць і звязанай з эканомікай, палітыкай, сацыяльнымі
працэсамі, але маючай уласную логіку развіцця і перыядызацыю. Апрача таго,
неабходна ўлічваць асаблівасці гісторыка-культурнага працэсу. Культура схільна
да эвалюцыйнага развіцця, рэвалюцыі ў ёй – з’явы ўнікальныя. Таму заканамерным
з’яўляецца адсутнасць у ёй сцісла вызначаных межаў. Асобныя культурныя плыні
часта пераплятаюцца, суіснуюць побач на адным адрэзку часу. Таму, напрыклад,
эпоху Рэнесанса мы пазначаем канцом 15 - пачаткам 17 ст., а эпоху барока –
канцом 16 - сярэдзінай 18 ст.
Пры напісанні падручнікаў і
абагульняючых прац па гісторыі Беларусі неабходна, каб улічваліся не толькі
падыходы да перыядызацыі сацыяльна-эканамічнай і палітычнай гісторыі, але і
прынцыпы перыядызацыі гісторыі культуры.
Пытані да С.Куль-Сяльверставай
Андрэй Кіштымаў (Менск):
Сучествует проблема,
которую можно назвать тиражированием культуры, то есть тиражированием
культурных явлений. Как она соотносится с Вашей периодизацией истории культуры?
Алесь Смалянчук (Гародня):
Што Вы наогул лічыце культурай? Перш чым пачынаць перыядызацыю трэба гэта
вырашыць, бо Вы і палітычнае жыццё лічыце часткай культуры.
Адказы С.Куль-Сяльверставай
Адказ А.Кіштымаву: Я, дарэчы, хацела ўзгадаць пра гэта ў
дакладзе. Справа ў тым, што можна зрабіць яшчэ адну перыядызацыю, каторая ў
далейшым, як мне падаецца, можа быць асноўнай, можа быць той, на каторую
пакладзецца ўвесь грунт. Гэта перыядызацыя гісторыі культуры будзе зыходзіць са
сродкаў захавання, тыражыравання, трансляцыі, рэпрадуцыравання інфармацыі.
Адказ А.Смалянчуку: -
Што такое культура? Я лічу, што гэта найперш інфармацыя. Ёсць вельмі шмат
азначэнняў культуры, але інфармацыя - гэта сукупнасць усяго таго, чым валодае
чалавечае грамадства. Гэта веды эканамічныя, веды аб стварэнні нейкай прылады
працы, веды з вобласці маралі і г.д. На аснове такой дэфініцыі можна зрабіць
наступную перыядызацыю: вынаходніцтва пісьма, як сродка захавання, перадачы
інфармацыі - гэта адзін узровень. Потым, кнігадрукаванне - гэта другі перыяд. І
трэці – сучасны - кампутарызацыя, СМІ і г.д.
Праблема
тыражыравання культуры мае таксама этнічны аспект, калі адбываецца сутыкненне
двух розных культураў. Мы ідзем да таго, што ў нас ствараецца адзінае
культурнае поле. Адбываецца размыванне межаў сацыяльных, этнічных, якіх заўгодна.
Этнічнасць, нацыянальнасць, культурнасць - застаюцца, але межы паміж імі
становяцца празрыстымі. Сёння для сучаснага маладога чалавека нармальна
карыстацца двума мовамі, скажам, ангельскай і беларускай. У часы рэнесансу
першадрук Скарыны ў Празе - пачатак гэтага працэсу. Для Скарыны нармальным было
паехаць у Прагу, таму, што там былі лепшыя ўмовы для друку. А, напрыклад,
Бернардоні нармальна было будаваць у Нясвіжы, таму што там добра плацілі.
Размыванне гэтых межаў абазначылася яшчэ тады. Культура асіміліруецца, ці не,
уносіцца іншы культурны ўплыў, становіцца ён іншародным целам, ці прыжываецца -
то ўжо справы кожнай культуры, кожнага асяроддзя.
Культура і
палітыка. Культура - гэта таксама палітыка, або яна можа стаць палітыкай.
Палітыка можа стаць культурай, калі мы гаворым пра палітычную культуру.
Безумоўна, у беларускай гісторыі палітыка так ці інакш ўплывала на культуру,
але і культура ўплывала на палітыку. Культурны ўзровень палітычных дзеячоў
акрэслівае палітыку, якую яны праводзілі. Тут працэс узаемазвязаны і,
напрыклад, забарона беларускай мовы ці закрыццё беларускіх школ, між іншым
паказвае ўзровень культурнасці людзей, якія гэта робяць.
Рэпліка-пытанне А.Кіштымава:
Как соотносятся между собой периодизация
политической истории и периодизация культуры?
Адказ А.Кіштымаву:
Давайце вызначымся. У працах па гісторыі культуры я буду выкарыстоўваць сваю
перыядызацыю, а вы – сваю. Але калі ў нас будзе перасячэнне, давайце будзем
дамаўляцца і шукаць нейкі кампраміс. Я, напрыклад, пакуль яго не бачу. Не ведаю,
давайце пашукаем, з чаго мы будзем сыходзіць. Калі па-ранейшаму культура будзе
выкладацца як факультатыў, то канешне, на першым месцы застанецца перыядызацыя
палітычная. А калі, наадварот, на факультатыў паставіцца гісторыя палітычная,
то вы ўжо вымушаныя будзеце выдзяляць эпоху Рэнесансу, Асветніцтва і г.д. Вось
у часы Асветніцтва, вы ведаеце, была такая справа як падзел Рэчы Паспалітай.
Дыскусія па дакладу С.Куль-Сяльверставай
Алег Латышонак (Беласток): -
Святлана спярша казала пра перыядызацыю палітычнай гісторыі, пасля пра
культуру, пасля стала падкрэсліваць, што гэта практычна адно і тое. І мне
здаецца, што неабавязкова супрацьстаўляць сабе тыя перыядызацыі. Нават да той
перыядызацыі, якую ты прадставіла сёння, можна, згодна тваім пастулатам, вельмі
свабодна дапасаваць палітычную гісторыю. Існуючая палітычная перыядызацыя
гісторыі Вялікага Княства, Рэчы Паспалітай, Расеі схематычна не адпавядае
беларускай рэальнасці, гістарычным рэаліям, гэта штамп, з якім даўно трэба
паконьчыць. І, думаю, што палітычная гісторыя ніяк не пярэчыць перыядызацыі
культуры.
Святлана Куль-Сяльверстава: -
Цікава пабачыць, як у нашых суседзяў выглядае перыядызацыя гісторыі культуры.
Напрыклад, у палякаў даследчыкі гісторыі культуры карыстаюцца мастацтвазнаўчай
перыядызацыяй. У іх таксама няма вызначанай перыядызацыі, якой б усе
прытрымліваліся.
У расейскай
гісторыі культуры сітуацыя таксама падобная да нашай. Гэта агульнаеўрапейская з’ява. Няма пакуль еўрапейскай перыядызацыі гісторыі
культуры. І я думаю, калі мы ў гэтым
накірунку зробім прарыў, то будзе вельмі добра.
Гл. напр. Гісторыя Беларусі: У 2-ч. Са старажытных часоў да канца XVIII ст.
Курс лекцый./ І.П.Крэнь, І. І. Коўкель, С.В.Марозава, С.Я.Сяльверстава,
І.А.Фёдараў. Мінск, 2000.
Конан Ул. Беларускае нацыянальнае адраджэнне ⁄⁄ Беларусіка=Albarutenika: Кн.1 ⁄Рэд. А. Мальдзіс і
інш. Мінск, 1993 С. 27.
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мінск, 1980.
Каган М.С. Философия культуры. Санкт-Петербург, 1998; Мыльников А.С. Основы
исторической типологии культуры Ленинград,
1979 і інш.
Каган М.С. Философия культуры . С. 331-336.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"
|