Гісторыя беларускай дзяржавы разглядаецца звычайна разам з гісторыяй права Беларусі і выкладаецца паводле агульнай схемы: княствы (Полацкае ды іншыя), Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, Расейская імперыя, БНР, БССР і Рэспубліка Беларусь. У гэтай схеме нейкая беларуская дзяржава з’яўляецца толькі ў 20 ст.
У сваёй даследчыцкай працы я займаюся не гісторыяй дзяржавы і права Беларусі, а фармаваннем беларускай нацыі. Прытым нацыю разглядаю як ідэйную супольнасць. З такога пункту гледжання вельмі важнае само найменне нацыі, канкрэтна, чаму яна называецца менавіта беларускай, а не, скажам, ліцвінскай ці крывіцкай. Тое самае можна сказаць і пра назву дзяржавы гэтай нацыі, тым больш, што гэтая назва мае вялікую семантычную нагрузку. Гэта значыць, што карэнняў дзяржаўнасці Рэспублікі Беларусь можна шукаць у дзяржаўных інстытутах, якія мелі ў сваёй назве Беларусь (у такіх выпадках, калі гэтая назва несумненна тычылася тэрыторыі, або, прынамсі, часткі тэрыторыі, якую сёння лічым беларускай).
Свой невялічкі дослед-разважанне (у якім спасылаюся толькі на агульнавядомыя факты), прысвечаны гісторыі менавіта беларускай дзяржаўнасці, абстрагаванай з агульнай гісторыяй дзяржавы і права Беларусі, правяду метадам рэстраспекцыі.
Сённяшняя Рэспубліка Беларусь — законны і ідэйны спадкаемца Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі, „адноўленай” у 1920 г. Раней за БССР, у 1919 г. некалькі месяцаў існавала Сацыялістычная Рэспубліка Літвы і Беларусі. Апошняя ўзнікала са злучэння яшчэ больш кароткатрывалай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі з Літоўскай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай. Абвяшчэнне ССРБ было адказам на абвяшчэнне ў 1918 г. Беларускай Народнай Рэспублікі, якая парвала дзяржаўныя сувязі з Расейскай імперыяй.
На пачатку 20 ст. у Расейскай імперыі не існавала ніякая тэрытарыяльная форма беларускай дзяржаўнасці, але расейскі імператар меў тытул гаспадара (самадзержца) ўсяе Русі: Вялікай, Малой і Белай. Такім чынам існаваў дзяржаўны інстытут, які ў назве меў Беларусь.
У 1863 г. кароткі час існаваў паўстанскі Часовы Ўрад Літвы і Беларусі.
Да 1840 г. існавала тэрытарыяльна-адміністрацыйная адзінка - беларускае генерал-губернатарства (і намесніцтва), якое ахоплівала Віцебскую і Магілёўскую губерні.
У 1812 г. гэтай адзінкай кіравала з надання імператара французаў Напалеона Часовае польскае праўленне Беларусі. Ці гэтае праўленне абазначала форму дзяржаўнасці, няхай сабе і марыянетычнай, павінны выявіць спецыялісты.
Першым маскоўскім уладаром, які занёс Беларусь (у сённяшнім значэнні, прынамсі адносна вялікай часткі тэрыторыі) быў Аляксей Міхайлавіч. Прынята лічыць, што зрабіў ён гэта, узяўшы Вільню ў 1655 г. Аляксей Міхайлавіч выдаў тады указ, у якім гаворыцца: „Мы великий государь наше Царское Величество учинились, предков наших Великих Государей Князей Российских на Великом Княжестве Литовском и над Белою Россиею и на Волыни и Подолии Великим Государем”. Усё-такі няясна, ці пад Белай Расіяй падразумевалася сённяшняя (і ці выключна сённяшняя) Беларусь. У тытуле называецца Валынь і Падолія, якія Вялікаму Княству Літоўскаму не належалі. Дык, магчыма, што і назва Белая Расія не адносіцца да земляў ВКЛ, альбо не толькі да іх.
Раней Белай Руссю спарадычна называлася маскоўцамі ці то тэрыторыя, ці хутчэй за ўсё праваслаўнае рускае насельніцтва Рэчы Паспалітай, якое падтрымоўвала гетмана Багдана Хмяльніцкага. Сам Хмяльніцкі на Пераяслаўскай радзе называў краіну, якая аддавалася пад царскую апеку, Малой Руссю. Прытым дзяржва, якая заключыла Пераяслаўскую дамову з Масквой, называлася паводле Наталлі Якавенка, “Запарожскае войска”[1]. Пасля Рады Аляксей Міхайлавіч памяняў свой ранейшы спрадвечны тытул „государя и самодержаца всея Русии” на новы „Всея Великая и Малая Росии”. Назва Малая. Расія адносіцца, хутчэй за ўсё, не толькі да ўкраінскіх, але і да беларускіх земляў, на якія прэтэндавалі як Хмяльніцкі, так і Аляксей Міхайлавіч.
Аб унясенні Беларусі ў царскую тытулятуру несумненна можна гаварыць толькі з таго часу, калі цар стаў называцца гаспадаром і самадзержцам Вялікай, Малой і Белай Русі, г.зн. з часу, калі назвы Малой і Белай Русі замацаваліся канкрэтна за Украінай і Беларуссю. Безумоўна, зрабіў гэта Аляксей Міхайлавіч, а калі дакладна — трэба яшчэ высветліць.
Тое, што першым дзяржаўным інстытутам, у назве якога з’явілася Беларусь, было Расейскае самадзяржаўе, не абазначае, што гэтая назва была прынесеная маскоўцамі. Наадварот, то Масква падлягала ідэалагічным уплывам беларускай і ўкраінскай праваслаўнай эліты. Унясенне Малой і Белай Русі ў тытулятуру маскоўскіх цароў можна ацаніць не толькі як праяву захопніцтва. Гэтую ідэалагічную акцыю можам лічыць таксама прызнаннем новай этнічнай рэальнасці - падзелу ўсяе Русі на тры Русі, якія адпавядаюць сённяшнім рускаму, украінскаму і беларускаму народам, і фармальным задавальненнем дзяржаўных памкненняў двух апошніх.
З’яўленне Белай Русі між Прыпяццю, Дняпром і Дзвіною было, з аднаго боку, актам сепарацыі ад іншых Русяў, а з другога — сепарацыі гэтай жа Русі, якая дагэтуль была часткай Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага ад яго дзяржаўнай традыцыі, якая ўсё больш рабілася літоўскай і каталіцкай. Белая Русь у ідэйным сэнсе бачылася як адзін са спадкаемцаў даўняй, „кіеўскай” Русі.
Гэтая сепарацыя ў абодвух выпадках была толькі адноснай, паколькі Беларусь надалей заставалася адначасова і часткай Русі, і часткай Вялікага Княства Літоўскага. Тым не менш, быў зроблены першы крок на шляху да стварэння менавіта беларускай дзяржавы. На мой погляд, перыяд сярэдзіны 17 ст. павінен арганічна ўключацца ў выклад гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Інакш беларускі народ пазбаўляецца суб’ектнай ролі ў сваёй гісторыі, а яго дзяржава з’яўляецца „ex nihilo” толькі ў 20 ст.
Пытанні да А.Латышонка
Святлана Куль-Сяльверстава (Гародня): - Давайце карэктна падыходзіць да даных тапанімікі. Белая Русь у сярэднявеччы пісалася як назва, калі не памыляюся, у дачыненні да Масквы, Вязьмы і г.д. Пазней яна распаўсюджвалася і лакалізавалася на нейкіх іншых землях. Само паняцце “Белая Русь” вельмі хісткае. І тое, што ў тытулатуры Аляксея Міхайлавіча была назва “Белая Русь”, не абавязкова азначае, што гэтая “Белая Русь” беларуская. Раней, калі гаварылі аб Белай Русі, мелі на ўвазе Уладзімірскае княства. Я тут не спецыяліст і проста стаўлю пытанне, ці гэта так, ці не?
Валянцін Голубеў (Менск) - Мне здаецца, мы блытаем тэрміны “краіна” і “дзяржава”. Тэма дакладу - дзяржаўныя карані Рэспублікі Беларусь. Дзяржава, як апарат, сістэма кіравання і г.д. І мне здаецца, пытанні тэрытарыяльнасці, насельніцтва, гэта зусім іншыя пытанні. Дзякуй.
Валянцін Мазец (Менск): У Заходняй Беларусі, а менавіта ў Вільні, акупаванай падчас першай сусветнай вайны, яшчэ да 1918 г. гучала думка, якая сыходзіла ад братоў Луцкевічаў аб неабходнасці стварэння беларускай дзяржавы і яна была ўхвалена на студзеньскай канферэнцыі 1918 года. Ці гэта з’яўляецца доказам таго, што было імкненне да незалежнасці, да ўтварэння сваёй дзяржавы?
Адказы А.Латышонка
Адказ С.КульСяльверставай: - Назва “Белая Русь”
адносілася да Падняпроўя і Падзвіння, можна паставіць пад сумненне ці была ў Расеі “Белая Русь”. Я гавару пра канкрэтны перыяд, першую палову 17 ст. калі ўжо абываецца замацаванне гэтай назвы.
Адказ В.Голубеву: - Я гавару пра дзяржаву, не пра краіну. Краінаў “Белая Русь”, магло ў гісторыі быць больш, але я разглядаю выпадкі, калі якая-небудзь дзяржава мела назву “Беларусь”, прынамсі “Беларусь” была часткай гэтай назвы. Я не сумняваюся, што гетманат Багдана Хмяльніцкава быў дзяржавай, бо выконваў поўныя функцыі дзяржавы, і то была дзяржава, якая, прынамсі,прэтэндавала каб быць дзяржавай і ўкраінцаў, і беларусаў.
Адказ В.Мазцу: - Тэма майго выступлення вельмі вузкая, я не дыскутую ні пра характар гэтых дзяржаваў, ці яны былі сапраўдныя, ці марыянетачныя, а гляжу, што такая вось дзяржава была і так яна называлася.
Тут справа не толькі ў вызначэнні, якая дзяржаўнасць была першая беларуская, што гэта за беларуская нацыя, якія былі яе ідэалагічныя асновы. Я належу да тых, хто лічыць, што гэтая нацыя нараджалася менавіта як рэакцыя на літоўскае панаванне ў Вялікім Княстве Літоўскім. Тут згаджаюся з Яўгенам Мірановічам, які сцвярджаў сёння, што Вялікае Княства Літоўскае ў палітычным сэнсе не было беларускай дзяржавай. Лічу таксама, што прыняццё назвы “Беларусь” і пашырэнне яе з цягам часу на ўсю этнічную рускую тэрыторыю былога Вялікага Княства на, гэта якраз і ёсць ідэалагічная рэакцыя на літоўскае панаванне. Таксама, як маларуская на польскае. На Украіне ў палове 17 ст. гэтая ідэалагічная нацыя спрабуе стварыць сваю дзяржаву. Яна, безумоўна, слабая, безумоўна, яна ад самага пачатку ўзалежнена ад іншай дзяржавы, ці ад іншага этнасу. Але я не лічу хмялліччыну толькі ўкраінскай з’явай. Яна была больш шырокай. Мне здаецца, можна смела гаварыць, што тыя беларускія палкоўнікі - паклонскія ды мурашкі,- ў пэўнай ступені перадаюць нейкую беларускую дзяржаўную думку. Яны не гетманы, а палкоўнікі, што акрэслівае іх месца ў гетманаце. Але нешта такое ёсць.
Калі мы маем пісаць гісторыю беларускай дзяржавы, яе трэба пісаць з беларускага пункту гледжання. А тое, як дзяржава называлася, гэта на мой пункт гледжання, надзвычайна важна. Прытым, ніхто на гэта не звяртае ўвагі. Я яшчэ раз падкрэсліваю, у нашай гісторыі дзяржавы і права пішацца Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, Расея і невядома, адкуль бярэцца гэтая Беларусь.
Дыскусія па дакладу А. Латышонка
Сяргей Токць (Гародня): - Я ўзгадаў падчас выстуру Алега Латышонка, што калісьці будучы ў Кіеве паглядзеў толькі што выдадзены зборнік універсалаў Хмяльніцкага. Яны ўсе былі напісаныя на старабеларускай мове, шо падцвярджалася подпісам “пісана пісьмом беларускім”.
Аляксандар Краўцэвіч (Гародня): - Вельмі цікавы даклад Алега Латышонка сапраўды паказвае, адкуль узялася назва сённяшняй нашай краіны. Але ў мяне выклікае пярэчанне этнічнае супрацьпастаўленне дзяржаватворчых фактараў: ВКЛ - гэта літоўскае, а Русь ці Беларусь і Украіна - то беларускае. На падставе свайго вопыту вывучэння краіны ВКЛ мне здаецца, што трэба казаць хутчэй пра нейкія адмены дзяржаўных арганізацыяў, ці спробы стварэння такіх адменаў дзяржаўных арганізацыяў у рамках адной этнічнай прасторы.
Алег Латышонак: - Я падкрэсліў палітычны момант, а не этнічны, паколькі не сумняваюся, што Вялікае Княства Літоўскае ў этнічным сэнсе было таксама і беларускай дзяржавай. Але справа ў палітычнай дамінанце, хто дамінаваў і чыя найперш палітычная ідэалогія дамінавала. А ў Вялікім Княстве Літоўскім была нанова перапісана ўся гісторыя гэтага абшару якраз з літоўскага этнічнага пункту гледжання, рускія князі перайменаваліся на літоўскіх. Таксама акцэнтаваўся і каталіцызм, і сувязь з Рымам. І менавіта русіны, праваслаўныя мусілі супрацьпаставіць гэтай дзяржаўнай ідэалогіі Вялікага Княства нейкую сваю ідэалогію.
Нацыя для мяне - супольнасць ідэйная. Не народ, але нацыя, то ідэйная супольнасць. І тут дакранаюся палітыкі. Калі нацыя спярша ўтвараецца ў сэнсе культурным - ёсць народ, ёсць культура, то пасля выспяваюць нацыянальныя ідэі. На мой погляд добра відаць, як назва “Беларусь” спярша прымаецца як ідэалагічна-рэлігійная, а рэлігія тады была нераздзельна звязана і з нацыянальнай ідэалогіяй, і з палітыкай. Назва гэтая бярэцца на ўзбраенне, бо яна адпавядае патрэбам нейкага пласта насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага. Раней назва “беларусец”, Беларусь была супольнай для беларусаў і ўсходніх украінцаў, бо Вялікае Княства ўключала яшчэ Украіну. А тады, як падзялілі Вялікае Княства Літоўскае, частка русінаў трапіла пад Польшчу, тады ўжо адбываецца працэс як бы прымацавання назваў да канкрэтных этнасаў. У першай палове 17 ст. дапушчальна ўжо гаварыць, што маларусы - ўкраінцы маюць канкрэтны абшар і канкрэтную ідэалогію, а беларусы – слабейшую ідэалогію, але таксама ўжо да канкрэтнай зямлі прымацаваныя людзі.
Аляксандар Краўцэвіч: - Розніца ў нашых падыходах палягае на тым, што я лічу Вялікае Княства Літоўскае і ў палітычным сэнсе больш беларускай чым літоўскай дзяржавай. Але гэта тэма асобнай размовы і канферэнцыі.
1. У рэфераце, прадстаўленым на канферэнцыі ў Магілёве я памылкова палічыў, што Белая і Малая Русь належалі уласнай тытуляры гетмана Хмяльніцкага і выводзіў дзяржаўныя карані Рэспублікі Беларусь непасрэдна з Гетманату. Гэтае выказванне паўплывала на ход дыскусіі.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"